УЛАДЗІ́МІР АНДРЭ́ЕВІЧ ХРА́БРЫ (15.7.1353—1410),
ваен. і дзярж. дзеяч Маскоўскага княства. Удзельны князь серпухаўскі [1358—1410] і бароўскі [1386—1410]. Унук Івана I Каліты, стрыечны брат і паплечнік Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Неаднаразова ваяваў з паліт. праціўнікамі Масквы і з ВКЛ (1370, 1379). У час Кулікоўскай бітвы 1380 разам з кн. Дз.М.Баброк-Валынскім камандаваў засадным палком, які вырашыў зыход бітвы (за гэта празваны Храбрым). У 1382 каля г. Волак Ламскі разбіў перадавы атрад хана Залатой Арды Тахтамыша, чым паскорыў яго адыход з Русі. У 1408 кіраваў абаронай Масквы ад войск хана Едыгея, якога прымусіў адступіць.
т. 16, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́ПЕЛІ́Н (Zeppelin) Фердынанд (8.7.1838, г. Канстанц, Германія — 8.3.1917),
нямецкі канструктар дырыжабляў. Граф, генерал. Скончыў ваен. акадэмію ў Людвігсбургу (1854). Прымаў удзел у грамадзянскай вайне ў ЗША 1861—65 (на баку паўн. штатаў), аўстра-прускай (1866) і франка-прускай (1870—71) войнах. Распрацаваў канструкцыю дырыжабля жорсткай сістэмы з метал. каркасам, абцягненым тканінай. Унутры корпуса ў адсеках знаходзіліся балоны з газам. Першы яго дырыжабль (аб’ёмам 11 300 м³) здзейсніў палёт у 1900; да 1914 пабудавана 25 дырыжабляў («цэпелінаў»), у т. л. 6 пасажырскіх. Ваен. дырыжаблі Ц. выкарыстоўвалі ў час 1-й сусв. вайны.
т. 17, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ч,
дваццаць шостая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Ч («чэрв»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія дапамагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гук «ч» («тысяча», «часъ»). Мела лічбавае значэнне «дзевяноста». У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумны глухі злітны пярэднеязычны зацвярдзелы зычны гук «ч» («чабор», «чачотка»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.
А.М.Булыка.
т. 17, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАБАЛІ́Н Аляксандр Андрэевіч (н. 15.7.1938, в. Пухавічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. публіцыст, празаік. Засл. дз. культ. Беларусі (2000). Скончыў БДУ (1970). Працаваў у перыяд. друку, апараце ЦК КПБ. У 1978—2003 гал. рэдактар час. «Беларусь». Друкуецца з 1958. Аўтар кніг публіцыстыкі «Мы жывём у вёсцы» (1974, з С.Барадоўскім), «Уладзімір Кавалёнак» (1983), «Дыялогі пра мараль» (1983). Піша апавяданні. Адзін з аўтараў сцэнарыяў дакумент. тэлевізійных і маст. фільмаў «Твой дом на зямлі» (1973), «Людзі, людзі — высокія зоркі...» (1975), «Хто сёння адсутны» (1988) і інш.
Л.С.Савік.
т. 17, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНКА́РТ, банкарт (ням. Bankart),
назва пазашлюбнага дзіцяці на Беларусі ў 16 — 1-й пал. 19 ст. Прававое становішча банкарта рэгулявалася Статутамі ВКЛ. Банкарты не мелі права быць спадкаемцамі бацькі, атрымліваць у спадчыну шляхецкія правы, аднак маглі быць спадкаемцамі маці, што адпавядала норме рымскага права. Пры ўмове, калі бацька банкарта возьме законны шлюб з яго маці, правы банкарта падлягалі легітымацыі (узаконенню). Гэта норма была анулявана ў час праўлення Стафана Баторыя [1575—86], аднак на практыцы ажыццяўлялася праз набілітацыю.
т. 3, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН МАН (45 да н.э. — 6.10.23 н.э.),
старажытнакітайскі дзярж. дзеяч, імператар (9—23 н.э.). У 8 да н.э. стаў вышэйшым саноўнікам («да сы ма») імперыі Хань. Ажыццявіўшы ў снеж. 8 н.э. дварцовы пераварот, абвясціў сябе імператарам новай дынастыі Сінь. Правёў рэформы: ліквідаваў прыватную ўласнасць на зямлю, забараніў куплю-продаж зямлі і рабоў і інш. Аднак пад націскам багатых землеўладальнікаў вымушаны быў іх адмяніць. Забіты ў час нар. паўстання, якое пачалося ў краіне ў 15 н.э.
т. 3, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФОНД КУЛЬТУ́РЫ (БФК),
добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана ў крас. 1987 у Мінску з мэтай адраджэння і развіцця нац. традыцый, мовы, краязнаўчага руху. Фінансуе стварэнне помнікаў, выданне беларускамоўных кніг. Арганізуе і фінансуе выстаўкі, дабрачынныя вечарыны, фалькл. святы, навук.-практычныя канферэнцыі па праблемах культуры і гісторыі Беларусі. Аказвае дапамогу суполкам беларусаў за мяжой. Пры фондзе працуюць камісія «Вяртанне», культ.-асв. аб’яднанні, маст. і бібліятэчны саветы. Сумесна з Мін-вам культуры Беларусі выдае час. «Спадчына».
т. 2, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬМСЛЕЎ (Hjelmslev) Луі Троль (3.10.1899, Капенгаген — 30.5.1965),
дацкі мовазнавец. Праф. Капенгагенскага ун-та (з 1937). У 1931 разам з В.Брэндалем заснаваў Капенгагенскі лінгвістычны гурток (гл. ў арт. Структурная лінгвістыка), які ўзначальваў да 1965. Рэдактар час. «Acta Linguistica» («Лінгвістычныя справы»). Разам з Х.Ё.Ульдалем распрацаваў арыгінальную лінгвістычную тэорыю — гласематыку («Пралегомены да тэорыі мовы», 1943); прапанаваў агульную тэорыю склону («Катэгорыя склону. Даследаванне па агульнай граматыцы», 1935). Аўтар працы «Мова» (1963).
А.А.Кожынава.
т. 6, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́РНІКІ,
катэгорыя вольных і прыгонных людзей на Беларусі ў 16—19 ст. без уласнага двара і зямлі. Наймалі ў іншых жыллё (адсюль назвы падсуседзі, кутнікі, сябры, бабылі), зямлю (агароднікі) за грошы, натуральнае ўтрыманне і паднявольную працу ў якасці парабкаў. Займаліся таксама дробным гандлем і рамяством. Зліліся з асн. масай прыгонных па меры ўкаранення падушных рэвізій, забароны вольных пераходаў, надзялення зямлёй у час абавязковай інвентарызацыі маёнткаў царскім урадам (1840—50-я г.).
Я.К.Анішчанка.
т. 7, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕРВА́ТЫ́ЎНАЯ СІСТЭ́МА,
механічная сістэма, у час руху якой сума яе патэнцыяльнай і кінетычнай энергій застаецца пастаяннай (выконваецца закон захавання поўнай мех. энергіі). К. с. будзе кожная мех. сістэма, калі знешнія сілы, што дзейнічаюць на яе, не мяняюцца з цягам часу і з’яўляюцца патэнцыяльнымі (кансерватыўнымі), а ўсе ўнутр. сілы таксама патэнцыяльныя. Прыкладам К.с. можа быць матэм. маятнік, калі сіла трэння ў падвесе і сіла супраціўлення паветра (асяроддзя) зведзены да мінімальна магчымага значэння. Гл. таксама Дысіпатыўная сістэма.
т. 7, с. 591
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)