ПРЫ́ПЯЦКА-ДАНЕ́ЦКІ АЎЛАКАГЕ́Н,

пахаваны палеазойскі рыфт. Уключае Данецкі рыфт, Брагінска-Лоеўскую седлавіну і Прыпяцкі рыфт. Даўж. 1200 км, шыр. 70—170 км. Сфарміраваўся ў герцынскі тэктанічны этап, пераважна ў познім дэвоне. У паўн.-зах. напрамку глыбока ўразаецца ва Усх.-Еўрап. платформу з боку яе паўд. складкавага абрамлення і заканчваецца на ўсх. схіле Палескай седлавіны. На ПнУ аўлакаген адмежаваны ад Беларускай і Варонежскай антэкліз Баранавіцка-Астраханскім, а на ПдЗ ад Украінскага шчыта — Палеска-Маныцкім глыбіннымі мантыйнымі разломамі. Запоўнены магутнай тоўшчай вулканагенна-асадкавых парод рыфею, венду і дэвону; адклады карбону, пярмі, трыясу, юры, мелу, палеагену, неагену і антрапагену складаюць накладзеную на рыфт Прыпяцка-Дняпроўскую сінеклізу. Магутнасць асадкавага чахла павялічваецца ад 1—6 км на ПнЗ да 12 км, магчыма да 24 км на ПдУ.

В.​С.​Конішчаў.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́БІНС (Robbins) Джэром (11.10.1918, Нью-Йорк, ЗША — 1998),

амерыканскі артыст балета, балетмайстар. Творчую дзейнасць пачаў у 1937 як драм. артыст. З 1940 артыст, з 1944 балетмайстар у трупе «Амерыканскі тэатр балета» (у 1949—63 адначасова нам. маст. кіраўніка). З 1969 у трупе Нью-Йоркскі гарадскі балет (з 1983 яе кіраўнік). Напачатку ставіў жанравыя балеты, у 1970-я г. развіваў творчы прынцып бессюжэтных балетаў Дж.​Баланчына, пазней ствараў сучасныя па духу балеты на аснове класічнай музыкі. Сярод лепшых пастановак: «Век трывог» на муз. Л.​Бернстайна (1950), «Канцэрт» на муз. Ф.​Шапэна (1956), «Вяселейка» на муз. І.​Стравінскага (1965), «Вячэрнія вальсы» на муз. С.​Пракоф’ева (1973), «Чатыры сезоны» на муз. Дж.​Вердзі (1979) і інш. Ставіў мюзіклы (лепшы «Вестсайдская гісторыя» Бернстайна, 1957; экранізаваны ў 1962).

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТМІСТРАЎ Павел Аляксеевіч (6.7.1901, в. Скаварова Селіжараўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 6.4.1982),

савецкі ваенны дзеяч, гал. маршал бранятанк. войск (1962), Герой Сав. Саюза (1965). Д-р ваен. н. (1956), праф. (1958). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1931), Генштаба (1953). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. 1918—20, сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўн.-Зах., Калінінскім, Сталінградскім, Варонежскім, Сцяпным, Паўд.Зах., 2-м Укр. і 3-м Бел. франтах. У час Беларускай аперацыі 1944 5-я танк. армія на чале з Р. удзельнічала ў вызваленні Барысава і Мінска. Пасля вайны на камандных пасадах у арміі, на выкладчыцкай рабоце, з 1964 у Мін-ве абароны СССР. Аўтар кн. «Час і танкі» (1972), «Танкі на вайне» (4-е выд., 1975) і інш.

П.А.Ротмістраў.

т. 13, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДАЎ Веньямін Сямёнавіч (17.12.1914, с. Долінскае Ананьеўскага р-на Адэскай вобл., Украіна — 25.6.1999),

бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшую афіцэрскую школу пагран. войск (1946). Вучыўся ў Азербайджанскім ун-це (1.949—53). У 1936—62 у Сав. Арміі. З 1965 на Бел. радыё, у 1970—77 у газ. «Вячэрні Мінск». Друкаваўся з 1954. Пісаў на рус. мове. Першая аповесць «Прыгода на N-скай заставе» (1957; на ўкр. мове). Пра жыццё пагранічнікаў раман «Чорная Ганча» (1973), аповесці «Мабілізаваны партыяй» (з П.​Емяльянавым, 1970), «Завіруха» (1977). Раман «Чужыя вятры» (1969) пра падзеі ў Зах. Украіне ў канцы Вял. Айч. вайны. Аўтар раманаў «Скрыжаванне» (1978), «Пераправа» (1988), «На кругі свае» (нап. 1999), аповесцей «Вішнёвая люлька» (1959), «Цьмянае золата» (1961), апавяданняў, нарысаў і інш.

Тв.:

Капкан. Мн., 1984;

Временно исполняющий: Роман и док. повесть. М., 1988.

т. 13, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВА́Н,

возера ў Арменіі, адно з найбуйнейшых на Каўказе. Размешчана на Армянскім нагор’і на выш. 1900 м. Пл. 1240 км², сярэдняя глыб. 28,5 м, найб. 83 м. Займае цэнтр. ч. міжгорнай упадзіны, абкружанай горнымі хрыбтамі. Двума мысамі возера падзяляецца на Малы С. і Вялікі С., злучаных пралівам (шыр. да 8 км). У возера ўпадае 28 невял. рэк, выцякае р. Раздан. Былы в-аў Севан з-за спуску часткі вады ў сувязі с з буд-вам на р. Раздан ГЭС злучыўся з сушай. З мэтай павелічэння водных рэсурсаў С. і Севана-Разданскага каскада ГЭС пабудаваны падземны тунэль Арпа—Севан (даўж. 49 км) для перакідвання вод р. Арпа. Замярзае С. толькі ў самыя халодныя зімы. Рыбалоўства. Возера ў складзе аднайм. нац. парку. На беразе С. — г. Севан.

Возера Севан.

т. 14, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭРЭАСКАПІ́ЧНАЕ КІНО́, стэрэакіно,

від кінематографа, метады і тэхн. сродкі якога дазваляюць стварыць у гледача ўражанне аб’ёмнасці (стэрэаскапічнасці) відарысаў, што назіраюцца на экране.

Уражанне аб’ёмнасці відарысаў дасягаецца спец. стэрэакіназдымкай, пры якой аб’ект (сцэну) здымаюць адначасова з 2 пунктаў так, каб на кінастужцы атрымаліся стэрэапары. Каб 2 відарысы стэрэапары пры іх праектаванні на экран успрымаліся гледачом, як аб’ёмны відарыс (гл. Бінакулярны зрок), неабходна забяспечыць праекцыю на сятчатку кожнага вока прызначанага яму відарыса. Такое раздзяленне відарысаў стэрэапары дасягаецца з дапамогай спец. акуляраў (акулярная сістэма) з палярызацыйнымі святлафільтрамі (паляроідамі) або выкарыстаннем растравага экрана (безакулярная сістэма). Існуюць таксама сістэмы С.к. на аснове галаграфіі (гл. Галаграфічнае кіно). У СССР безакулярная сістэма С.к. прапанавана С.​П.​Івановым (1935; пробная дэманстрацыя 1937). З 1939 распаўсюдзілася акулярная сістэма. На Беларусі стэрэафільмы па сістэме «СТЭРЭА-79» дэманструюцца з 1978 (Мінск).

т. 15, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕКІРАВА́ННЕ,

кіраванне аб’ектамі на адлегласці з дапамогай спец. тэлемех. сродкаў; састаўная частка тэлемеханікі. Выкарыстоўваецца ў прам-сці, на транспарце, у энергетыцы, ваен. справе і інш.

Найб. пашыраны сістэмы Т. з перадачай дыскрэтных двух- (напр., тыпу «ўключана» — «выключана») і шматпазіцыйных каманд, а таксама з перадачай неперарыўных каманд (тэлерэгуляванне; напр., Т. касм. апаратамі). На дыспетчарскім пункце сістэмы Т. ўстаноўлены органы аўтам. ці ручнога кіравання аб’ектамі, кадзіравальнае і перадавальнае прыстасаванні. На аб’екце кіравання — прыёмнае і дэкадзіравальнае прыстасаванні, выхадны сігнал з якіх праз пераўтваральнік уздзейнічае на адпаведны выхадны ланцуг. Т. суправаджаецца кантролем выканання каманд сродкамі тэлесігналізацыі і тэлевымярэння. Сістэма Т. ў спалучэнні са сродкамі аўтаматыкі дае магчымасць ажыццяўляць аўтам. кіраванне на адлегласці машынамі і ўстаноўкамі без дзяжурнага персаналу і ствараць вытв. комплексы з цэнтралізаваным кіраваннем. Гл. таксама Тэлекантроль.

Я.​Г.​Анацкі, М.​І.​Сарока.

т. 16, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСО́МЛЯ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 14 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. больш за 2 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 1,7 км, найб. глыбіня 3,2 м, даўж. берагавой лініі 7 км, пл. вадазбору 8,6 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 7—9 м (на Пн 3—5 м), разараныя, на Пд пад лесам і хмызняком. Берагі пераважна нізкія, пясчаныя, на У і Пд сплавінныя (шыр. сплавіны 10—150 м), на ПнЗ і ПдУ стромкія, абразійныя. Востраў пл. 0,3 га. Дно да глыб. 1,3—2 м выслана пяском і апясчаненым ілам, глыбей сапрапелем. Зарастае ў прыбярэжнай зоне на шыр. 15—170 м, да глыб. 1,4 м. Мінералізацыя вады да 130 мг/л, празрыстасць 0,3 м. Эўтрофнае. Выцякае ручай у воз. Канашы.

т. 16, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЁРАЎ Іван Андрэевіч (24.3.1905, в. Двурэчкі Ліпецкай вобл., Расія — 7.10.1941),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Ваен. акадэмію імя Дзяржынскага (1941). У Чырв. Арміі з 1932. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну капітан Ф. камандзір асобнага мінамётнага дывізіёна рэактыўнай артылерыі на чале першай у Чырв. Арміі эксперыментальнай батарэі, якая 14.7.1941 упершыню нанесла ўдары па ворагу з рэактыўных установак БМ-13 («кацюш») на чыг. ст. Орша і па пераправах цераз Дняпро і Аршыцу. Трапіўшы ў акружэнне, дывізіён з баямі прайшоў больш за 200 км па тылах ворага, але ў ноч на 7 кастр. ў час няроўнага бою на Смаленшчыне сав. воіны, расстраляўшы ўвесь боезапас, падарвалі сакрэтную зброю. У г. Орша створаны мемар. комплекс «Кацюша», у в. Пішчалава Аршанскага р-на пастаўлены помнік.

т. 16, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́БЛЫНЕВАЯ ПЛАДАЖЭ́РКА (Laspeyresia pomonella),

матыль сям. ліставёртак, найб. небяспечны шкоднік яблыні. Пашкоджвае таксама плады грушы, слівы, персіка, айвы, абрыкоса, грэцкага арэха. Пашырана ў раёнах культывавання яблыні, у т. л. на Беларусі.

Крылы ў размаху 14—21 мм, пярэднія — падоўжаныя, цёмна-попельныя з папярочнымі хвалістымі палосамі і карычнева-бурай з бронзавым адценнем плямай на вонкавым краі. заднія — шаравата-карычневыя, па краі махрыстыя. Вусені даўж. да 18 мм. ружаватыя з карычневай галавой і пярэднегрудным шчытком. Зімуюць у шчыльных коканах на ствалах і шкілетных галінах яблынь, у трэшчынах кары дрэў, радзей у глебе на глыб. 1—3 см і на яе паверхні пад смеццем. Матылі вылятаюць у перыяд цвіцення яблыні, яйцы адкладваюць па аднаму на плады, лісце, маладыя парасткі. Вусені адраджаюцца праз 2—3 тыдні, кормяцца мякаццю і насеннем пладоў.

Яблыневая пладажэрка.

т. 18, кн. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)