ПАЛАВЫ́Я О́РГАНЫ, геніталіі,

органы палавога размнажэння жывёл і чалавека. З’яўляюцца першаснымі палавымі прыкметамі. Большасць відаў жывёл аднаполыя, мужчынскія і жан. П.о. падзяляюць на вонкавыя і ўнутр. (розныя па будове, але гамалагічныя па супольнасці іх эмбрыянальных зачаткаў). Звязаны з органамі выдзялення. Да П.о. адносяць палавыя залозы (семяннікі, яечнікі, гермафрадытныя залозы), палавыя пратокі (семяправоды, яйцаводы), дадатковыя органы (залозы, сакрэт якіх узмацняе актыўнасць сперматазоідаў, а ў самак служыць для ўтварэння абалонак яец, рэзервуары для захоўвання семя), капулятыўныя органы (пры ўнутр. апладненні). У жывародных жывёл да П.о. адносяць прыстасаванні для выношвання дзіцянят (напр., вывадкавая сумка ў сумчатых). П.о. раслін наз. генератыўнымі органамі. У чалавека дыферэнцыроўка П.о. на мужч. і жан. працягваецца да 8-га тыдня развіцця плода.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЕ́НІКІ,

палонныя ў ВКЛ, адзін з відаў чэлядзі нявольнай. Выконвалі паншчыну і інш. работы, жылі пры дварах феадалаў, некат. мелі сваё жыллё і ўчасткі зямлі. Паступова палон як крыніца папаўнення чэлядзі нявольнай страціў сваё значэнне. П. часта выкуплялі і як феадальна-залежных сялян саджалі на зямлю, ператвараючы іх у агароднікаў. Заканадаўства ВКЛ 16 ст. было накіравана на памяншэнне колькасці чэлядзі нявольнай, ператварэнне яе ў сялян, якія займаюцца апрацоўкай зямлі. Статут ВКЛ 1588 адмяняў назву «чэлядь неволная» і ўказваў, што ў далейшым гэта катэгорыя насельніцтва будзе называцца «челедью дворною отчызною материстою купленою або полонениками». Збеглых П., як і інш. чэлядзь, належала шукаць і вяртаць з усёй сям’ёй і маёмасцю феадалу. П. нельга было завяшчаць маёмасць, не падараваўшы ім спачатку волю.

Т.​І.​Доўнар.

т. 11, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ І ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ (МСАП; International Union for Conservation of Nature and Natural Resources). Засн. ў 1948. Уключае больш за 500 устаноў з 130 дзяржаў і 24 міжнар. арг-цыі. Задачы МСАП: наладжванне міжнар. кантролю за станам аб’ектаў прыроды і выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, улік і ахова рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін (Міжнар. Чырв. кніга), каардынацыя міжнар. супрацоўніцтва па ахове прыроды. Супрацоўнічае з ЮНЕСКА (праграма «Чалавек і біясфера»), Сусв. фондам аховы дзікай прыроды і інш. Вышэйшы орган МСАПГен. асамблея, якая склікаецца раз у 3 гады. Штаб-кватэра ў Швейцарыі (г. Моржэ). МСАП прыняў удзел у арганізацыі і правядзенні 1-га Міжнар. кангрэса па біясферных запаведніках у Мінску (1983).

М.​М.​Пікулік.

т. 10, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЛЕ́ДАВАННЕ,

перадача генетычнай інфармацыі ад аднаго пакалення арганізмаў другому. Знешне наследуюцца адзнакі (на самай справе гены), што іх вызначаюць. Адрозніваюць Н. ядзернае (гены ў храмасомах) і Н. цытаплазматычнае (гены ў ДНК арганоідаў). Ядзернае бывае аўтасомнае (гены ў аўтасомах) і счэпленае з полам ’(гены ў палавых храмасомах). Адрозніваюць таксама Н., залежнае ад полу (адзнакі праяўляюцца па-рознаму ў асобін рознага полу), і Н., што кантралюецца полам (адзнакі праяўляюцца ў асобін аднаго полу). Працэс Н. забяспечвае матэрыяльную пераемнасць паміж пакаленнямі арганізмаў на Зямлі. Аналіз Н. адзнак з’яўляецца зыходным і неабходным этапам усіх генет. даследаванняў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне пры медыка-генет. кансультаванні для вызначэння рызыкі нараджэння дзіцяці са спадчыннай хваробай, у селекцыі для выбрання метадаў адбору і гібрыдызацыі гасп. карысных відаў.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́КАР, мукор (Mucor),

род зігаміцэтавых грыбоў сям. мукаравых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды. Трапляюцца ў верхнім слоі глебы. На Беларусі найб. вядомыя М.: свінцова-шэры (M. plumbus), галоўчаты (M. mucedo), зімуючы (M. hiemalis), раманіянавы (M. ramannianus), шэра-вохрысты (M. griseoochraceus). Развіваюцца на раслінных рэштках, харч. прадуктах, выклікаюць цвіль кармоў, пладоў і караняплодаў пры захоўванні.

Міцэлій бясколерны, галінасты, расце ўнутры і на паверхні субстрату, пераважна няклетачны, часам распадаецца на асобныя клеткі, здольныя да пачкавання. Спарангіі круглаватыя, у выглядзе галовак са шматлікімі спорамі. Некат. віды выкарыстоўваюць як закваску («кітайскія дрожджы») для атрымання зброджаных харч. прадуктаў («соевы сыр»), спірту з бульбы і інш. Культура М. раманіянавага дае антыбіётык раміцын, некат. віды выклікаюць захворванні (мукарамікозы) чалавека і с.-г. жывёл.

С.​І.​Бельская.

т. 11, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РАВА,

геалагічнае агаленне на правым беразе р. Бярэзіна (за 30 км ніжэй г. Барысаў, паміж вёскамі Мурава Бярэзінскага і Пабярэжжа Барысаўскага р-наў Мінскай вобл.); помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Лінзы адкладаў муравінскага міжледавікоўя ўскрываюцца ў 2 ярах і на ўскраіне в. Мурава. Найб. тыповыя — у вяршыні невял. яра Чортаў Куст (Мурава 2) за 20 м ад вады. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (ліставатыя тарфы, гумусаваныя супескі) 4,7 м, даўж. каля 15 м. Па пылку, спорах, насенні, пладах, шышках і хвоі, ствалах дрэў вызначана каля 100 відаў дрэвавых, кустовых і травяністых раслін (граб звычайны, клён раўнінны, ліпа буйналістая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх і інш.). З’яўляецца стрататыпам муравінскага міжледавікоўя на тэр. Беларусі.

Г.​І.​Літвінюк.

Геалагічнае агаленне Мурава.

т. 11, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ЛЬНІК,

сапанарыя (Saponaria), род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 2 віды: М. лекавы — мыльны корань, ці сабачае мыла (S. officinalis), і інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН — М. базілікападобны (S. ocymoides). Трапляецца ў хмызняках, на лясных палянах, па берагах рэк.

Адна-, двух- і шматгадовыя травы. Сцёблы голыя ці апушаныя, прамастойныя, ляжачыя або прыўзнятыя. Карані пры расціранні ў вадзе мыляцца і даюць пену (адсюль назва). Лісце шырокалінейнае ці лопасцевае. Кветкі двухполыя ў мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях. Плод — каробачка. Карэнішча і карані М. лекавага (т.зв. чырв. мыльны корань) маюць сапаніны, слізь і выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі, для мыцця шэрсці і шоўку, вырабу халвы, шыпучых напіткаў, піва. У кветкаводстве вырошчваюць махровыя формы.

Мыльнік лекавы.

т. 11, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШАЛО́ВЫ (Circus),

род птушак сям ястрабіных атр. сокалападобных. 9 (12) відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі 4 віды: М. балотны, або чаротны (нар. назва балотны шуляк) — C. aeruginosus; М. лугавы — C. pygargus; М. палявы — C. cyaneus; М. стэпавы — C. macrourus. Трымаюцца адкрытых ландшафтаў, паблізу вадаёмаў. М. стэпавы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела 40—60 см, маса 230—1000 г. Афарбоўка ў маладых самцоў і самак амаль аднолькавая, у дарослых адрозніваецца. Па баках галавы падабенства тваравага дыска, характэрнага для соў. Крылы і хвост доўгія, прыстасаваны да павольнага бясшумнага палёту нізка над зямлёй, калі М. высочваюць здабычу. Кормяцца пераважна мышападобнымі грызунамі (адсюль назва), дробнымі вадаплаўнымі птушкамі, жабамі, насякомымі.

Мышаловы: 1 — палявы; 2 — лугавы; 3 — стэпавы; 4 — балотны (а — самец, б самка).

т. 11, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІДЫЯ́ЛЬНЫЯ ГРЫБЫ́, базідыяміцэты (Basidiomycetes),

клас вышэйшых грыбоў з асаблівымі органамі размнажэння — базідыямі. У эвалюц. развіцці — сістэматычная група, паралельная сумчатым грыбам. У аснове класіфікацыі базідыяльных грыбоў асаблівасці будовы базідый і пладовых цел. Уключаюць 3 падкласы (гетэрабазідыяміцэты, тэліяспораміцэты, холабазідыяміцэты), 2 групы парадкаў (гастэраміцэты і гіменаміцэты), 20 парадкаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 2 тыс. відаў з 12 парадкаў (агарыкальныя, аўрыкулярыяльныя, афілафаральныя, галаўнёвыя грыбы, гіменагастральныя, дакрыміцэтальныя, дрыжалкавыя, іржаўныя грыбы, нідулярыяльныя, лікапердальныя, склерадэрматальныя, фаляльныя). Да базідыяльных грыбоў належаць мікраскапічныя формы і грыбы з буйнымі пладовымі целамі — макраміцэты. Большасць базідыяльных грыбоў — сапратрофы, мікарызаўтваральнікі, многія — паразіты раслін, узбуджальнікі хвароб с.-г. культур (галаўнёвыя і іржаўныя грыбы), гнілі драўніны (губавыя грыбы, дамавыя грыбы), ёсць ядомыя (апенька, баравік, масляк, падасінавік, сыраежка і інш.), лек. (чага, вясёлка) і ядавітыя (мухаморы). Некаторыя віды (шампіньёны, дрэўнавушка і інш.) уведзены ў прамысл. культываванне.

Для базідыяльных грыбоў характэрна поўная страта спецыялізаваных палавых клетак. Канідыяльнае (бясполае) споранашэнне трапляецца рэдка; палавое споранашэнне — базідыяспоры. Палавы працэс ідзе па тыпе саматагаміі праз зліццё дзвюх вегетатыўных (саматычных) клетак гаплоіднага міцэлію, што вырастае з базідыяспораў. Характэрная марфалагічная асаблівасць базідыяльных грыбоў — наяўнасць спражак — дугападобных структур каля папярочных перагародак, што падзяляюць клеткі гіфы. На дыкарыятычным міцэліі ў большасці базідыяміцэтаў фарміруюцца пладовыя целы, на паверхні або ўнутры якіх утвараюцца базідыі. Пладовыя целы базідыяльных грыбоў розных тыпаў: гіменіяльныя (спараносны слой — гіменій — на паверхні цела) і гастэральныя (гіменій унутры цела, замкнёнага да поўнага выспявання базідыяспораў); формы — плоскія, канічныя, капытападобныя, плеўкавыя, распасцёртыя на субстраце, падзеленыя на шапку і ножку; кансістэнцыі — мясістыя, дравяністыя, шчыльналямцавыя, скурыстыя.

А.​М.​Капіч.

Базідыяльныя грыбы: 1 — развіццё холабазідый і базідыяспораў (а — холабазідыя; б — базідыяспора); 2 — тыпы базідый (а — холабазідыя; б, в, г — гетэрабазідыі, д — фрагмабазідыя); 3 — цыкл развіцця шапкавага грыба (а — базідыяспоры, б — гаплоідны міцэлій, в — дыкарыяфітны міцэлій, г — пладовае цела, д — базідыя з базідыяспорамі); 4 — гіменій (а — цыстыда, б — парафіза, в — базідыя з базідыяспорамі).

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац. Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т. л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).

Г.​У.​Вынаеў.

Ахоўныя расліны Беларусі: 1 — гарычка веснавая; 2 — тлушчанка звычайная; 3 — венерын чаравічак сапраўдны; 4 — пярэсна еўрапейская; 5 — купальнік горны; 6 — ятрышнік дрэмлік; 7 — ятрышнік мужчынскі; 8 — чараўнік двухлісты; 9 — наперстаўка буйнакветная; 10 — пылкагалоўнік даўгалісты; 11 — пылкагалоўнік чырвоны; 12 — кураслеп лясны; 13 — сон шыракалісты (сон-трава); 14 — цыбуля мядзведжая (чарамша); 15 — лілея кучаравая (царскія кучары); 16 — луннік ажываючы; 17 — лінея паўночная; 18 — неатыянта клабучковая; 19 — каменяломнік зярністы; 20 — астранцыя вялікая.
Ахоўныя расліны Беларусі: 1 — лабелія Дортмана: 2 — раўнаплоднік пылюшнікавы; 3 — альдраванда пухіраватая; 4 — сальвінія плывучая; 5 — гайнік цёмна-чырвоны; 6 — кадзіла сармацкае; 7 — зубніца клубняносная; 8 — плюшч звычайны; 9 — вадзяны арэх плывучы; 10 — шпажнік чарапіцавы; 11 — рададэндран жоўты; 12 — званочак шыракалісты; 13 — рагулькі высокія; 14 — касач бязлісты; 15 — гарлачык белы; 16 — першацвет веснавы; 17 — пералеска высакародная (пячоначніца звычайная); 18 — валжанка двухдомная; 19 — палушнік азёрны; 20 — ворлікі звычайныя.

т. 2, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)