АВЕ́РС (франц. avers ад лац. adversus павернуты тварам),
правы (галоўны) бок манеты, медаля, банкноты. Аверсам манет, як правіла, лічыцца бок з партрэтам манарха, яго манаграмай або імем ці выявай інш. асобы (пры іх адсутнасці — з гербам або абазначэннем наміналу); на аверсе мемарыяльных манет змешчана сюжэтная выява; медалёў — паведамленне аб нагодзе выпуску; банкнот — герб і подпіс адказных асоб. Параўн. Рэверс.
т. 1, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЯР’Я́НАЎ (Мікалай Піліпавіч) (1912, в. Негаўка Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 5.10.1942),
герой Вял. Айч. вайны. З чэрв. 1941 на Зах., Данскім франтах. 5.10.1942 у баі каля хутара Хаванскі Серафімовіцкага р-на Сталінградскай вобл. першы падабраўся да дзота праціўніка і закідаў яго гранатамі. Пры блакіраванні другога дзота ў рашаючы момант бою закрыў амбразуру сваім целам.
т. 1, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛЕ́НСКІ (Яўген Пятровіч) (6.10.1796, г. Наваміргарад, Украіна — 26.2.1865),
дзекабрыст. Князь, сын тульскага губернатара. Паручнік лейб-гвардыі Фінляндскага палка. Чл. «Саюза працвітання». Адзін з заснавальнікаў Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, з 1823 чл. яго думы. Рэспубліканец. Нач. штаба паўстання на Сенацкай плошчы 14.12.1825. Прыгавораны да пажыццёвай катаргі. Пасля амністыі 1856 жыў у Калузе. Удзельнічаў у падрыхтоўцы сял. рэформы 1861. Аўтар «Успамінаў».
т. 1, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́Й БАБО́ЛЯ (1591—16.5.1657),
бел. святы, езуіцкі манах, прапаведнік. Прапагандаваў ідэі Брэсцкай уніі 1596 у Вільні, Бабруйску, Полацку, Ломжы і Пінску, за што празваны пінскім апосталам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 захоплены ў 1657 казакамі і пасля катаванняў забіты. Пахаваны ў Пінску. У 1827 яго мошчы перанесены ў Полацк Кананізаваны ў 1938 папам Піем IX.
т. 1, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДЭРСАН ((Anderson) Карл Дэвід) (3.9.1905, Нью-Йорк — 1991),
амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН (1938). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1927), дзе і працаваў (у 1939—78 — праф.). Навук. працы па фізіцы рэнтгенаўскіх і касм. прамянёў, элементарных часціц. Адкрыў пазітрон (1932), з’яву нараджэння электронна-пазітроннай пары з гама-кванта (1933), мюон (1936) і вызначыў яго масу. Нобелеўская прэмія 1936.
т. 1, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТВО́ЗЕРА,
возера ў Беларусі, у Гродзенскім р-не, у бас. р. Пыранка. За 23 км на ПдУ ад г. Гродна. Пл. 0,55 км². Даўж. 1,7 км, найб. шыр. 0,4 км. Даўж. берагавой лініі 3,9 км. Схілы выш. 5—12 м, парослыя лесам. Берагі зліваюцца са схіламі. Праз Антвозера цячэ р. Сламянка і злучае яго з воз. Зацкава.
т. 1, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВЫ́ АБАРО́Т прамысловага прадпрыемства,
сумарны кошт усіх відаў прадукцыі, вырабленай за справаздачны перыяд. Акрамя валавой прадукцыі ўключае ўнутрызаводскі абарот — вырабы і паўфабрыкаты, выкарыстаныя на вытворчасць гатовай прадукцыі ўнутры прадпрыемства. Афіц. статыстыкай не ўлічваецца. Выкарыстоўваецца на прадпрыемствах для ацэнкі вытв. дзейнасці, а найчасцей пры значных зменах унутр. структуры прадпрыемства — падзеле яго на некалькі самастойных ці аб’яднанні некалькіх прадпрыемстваў у адно.
т. 3, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ГА,
бел. традыцыйная страва; малочная поліўка (паранае малако, разведзенае вадой), з якой елі густы кісель. У пост або калі не было малака валогу рабілі з тоўчанага канаплянага семя. Яго залівалі вадой, шалупінне асядала на дно, а зверху адстойвалася валога — «бы малако». Валогу рабілі найчасцей у Цэнтр. Палессі. У некаторых раёнах Беларусі валога — закраса з масла (кашу «заваложвалі»).
т. 3, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАКО́МСКІ (Warakomski) Адам, польскі пісьменнік 1-й пал. 18 ст. Жыў на Віцебшчыне. Аўтар паэмы «Гісторыя пра блаславёных мучанікаў» (1738, рукапіс захоўваецца ў архіве С.-Пецярбургскага аддзялення Ін-та гісторыі Рас. АН) пра знаходжанне ў Полацку Пятра I, яго расправу з уніяцкім духавенствам; Пятра I у ёй параўноўваў з біблейскім царом Давідам. У мове твора сустракаюцца беларусізмы.
А.В.Мальдзіс.
т. 3, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЮ́,
у ведыйскай і індуісцкай міфалогіі бог ветру. Ваю народжаны двума светамі, з’яўляецца раніцай, запаўняе паветраную прастору. Ён тысячавокі, хуткі, як думка, у яго зіхатлівая калясніца і мноства коней, у калясніцы з ім бог грому Індра. Ваю шчодры, добразычлівы, узнагароджвае ахвяравальніка сынам, дае патомства, маёмасць, славу і інш. У слав. міфалогіі Ваю часткова адпавядае Вій.
А.В.Гурко.
т. 4, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)