пярэдні аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў поласці чэрапа; матэрыяльная аснова вышэйшай нервовай дзейнасці, галоўны рэгулятар усіх жыццёвых функцый арганізма і яго ўзаемаадносін з навакольным асяроддзем.
Філагенетычна галаўны мозг фарміраваўся па шляху ўскладнення будовы і функцый пярэдняга канца нервовай трубкі ў цеснай сувязі з развіццём органаў пачуццяў (гл. ў арт.Цэфалізацыя). У беспазваночных яго ролю выконвае галаўны ганглій, асабліва развіты ў вышэйшых насякомых і малюскаў. Прымітыўны галаўны мозг вылучаецца ў папярэдніка пазваночных — ланцэтніка. У пазваночных жывёл ён ускладняўся з дыферэнцыяцыяй на аддзелы. Сапраўдны галаўны мозг упершыню выявіўся ў кругларотых з падзелам яго на слабадыферэнцыраваны пярэдні мозг (забяспечвае функцыю нюху), сярэдні мозг (уключае вышэйшыя зрокавыя цэнтры), задні мозг (з пачатковай дыферэнцыяцыяй на прадаўгаваты мозг і мазжачок). У рыб інтэнсіўна развіваецца і мазжачок. Выхад пазваночных на сушу абумовіў пераразмеркаванне ролі асобных аддзелаў галаўнога мозга: у земнаводных і рэптылій аб’ёмная доля задняга мозга невялікая, у павялічаным сярэднім мозгу з’яўляюцца адпаведна двух- і чатырохбугор’е; у рэптылій пярэдні мозг дыферэнцыруецца на прамежкавы мозг і 2 паўшар’і канцавога мозга. У птушак развіваюцца глыбокія аддзелы пярэдняга мозга і мазжачок; у млекакормячых — кара вялікіх паўшар’яў (пярэдні і задні мозг дыферэнцыруецца). Антагенетычна галаўны мозг — вытворнае мазгавых пузыроў, поласці якіх развіваюцца ў жалудачкі мозга;эвалюцыйнае ўскладненне будовы галаўнога мозга прасочваецца ў працэсе эмбрыянальнага развіцця жывёл.
У чалавека галаўны мозг дасягнуў найвышэйшай ступені развіцця за кошт павелічэння масы, ускладнення будовы і функцый вял. паўшар’яў, марфал. і функцыян. злучаных пучком нерв. валокнаў — мазолістым целам. Ніжнія аддзелы галаўнога мозга ўтвараюць ствол мозга, які пераходзіць у спінны мозг. Вялікія паўшар’і, падзеленыя глыбокай шчылінай на правае і левае, утвараюць вялікі, або канцавы мозг — аддзел галаўнога мозга, большы за ўсе астатнія. Паверхня яго ў чалавека і буйных жывёл мае звіліны і барозны (у чалавека самыя глыбокія падзяляюць паўшар’і на долі — лобную, цемянную, скроневую, патылічную), у дробных — гладкая. Верхні слой вял. мозга складаецца з шэрага рэчыва (у чалавека таўшчыня слоя 1—5 мм, пераважна нерв. клеткі), ніжэй знаходзіцца белае рэчыва (пераважна нерв. валокны), у тоўшчы якога вылучаюцца падкоркавыя вузлы, або базальныя гангліі (важнейшыя — паласатае цела, бледны шар), утвораныя шэрым рэчывам. У склад усіх структур галаўнога мозга ўваходзіць нейраглія. Да функцыянальна важных утварэнняў галаўнога мозга належаць таламус, гіпаталамус, эпіталамус, лімбічная сістэма і інш. Зверху галаўны мозг пакрыты цвёрдай павуціннай і мяккай мазгавымі абалонкамі, прастора паміж якімі запоўнена цэрэбраспінальнай вадкасцю. Кровазабеспячэнне галаўнога мозга адбываецца праз пазваночныя і ўнутр.сонныя артэрыі. Адзін з асн. прынцыпаў работы галаўнога мозга — безумоўныя і ўмоўныя рэфлексы, якія рэалізуюцца з удзелам экстрапіраміднай сістэмы і піраміднай сістэмы (ёсць толькі ў млекакормячых, найб. развітая ў малпаў і чалавека). Паміж часткамі галаўнога мозга назіраецца двух- і шматбаковая сувязь. Аналіз і сінтэз, перапрацоўка, захоўванне і выдача атрыманай ад рэцэптараў інфармацыі ажыццяўляюцца ў канцавым мозгу (кара вял. паўшар’яў, падкоркавыя структуры). Ацэнка інфармацыі магчыма дзякуючы працэсам памяці. Праз зыходныя ўплывы галаўны мозг кантралюе ўзбуджальнасць рэфлекторных аддзелаў спіннога мозга (гл.Вегетатыўная нервовая сістэма). У кары галаўнога мозга знаходзяцца цэнтры кіравання складанымі рухальнымі актамі, у прадаўгаватым — дыхання, сардэчнай дзейнасці, сасударасшыральны, глытання, жавання, сакрэцыі стрававальных залоз, потавыдзялення, рэгуляцыі мышачнага тонусу, кашлю і інш.Нерв. цэнтры шэрага рэчыва экраннага тыпу працуюць па прынцыпе дывергенцыі, нерв. цэнтры стваловай часткі ядзернага тыпу — па прынцыпе канвергенцыі. Гіпаталамус — вышэйшы цэнтр рэгуляцыі вегетатыўных функцый, месца ўзаемадзеяння нерв. і эндакрыннай сістэм, эпіталамус — цыркадных рытмаў. Нармальная работа галаўнога мозга магчыма пры пэўным узроўні ўзбуджальнасці яго асн. аддзелаў, які падтрымліваецца праз рэтыкулярную фармацыю, сімпатычную нервовую сістэму, мазжачок і спецыфічныя шляхі, што ідуць ад органаў пачуццяў, праз механізмы самарэгуляцыі тонусу кары вял. паўшар’яў. Здольнасць галаўнога мозга перапрацоўваць інфармацыю і ўвасабляць яе ў пэўныя рэакцыі арганізма забяспечвае ўсе віды вышэйшай нерв. дзейнасці, у т. л.мысленне, свядомасць. Функцыі галаўнога мозга могуць парушацца пры шкодных уздзеяннях (мех., фіз., хім., радыяцыйных) на яго ў цэлым або на пэўны ўчастак. Значную ролю ва ўзнікненні паталогіі галаўнога мозга маюць заганы развіцця ці пашкоджанні нерв.сістэмы ў перыяд эмбрыягенезу, расстройствы мазгавога кровазвароту (пры інсультах, атэрасклерозе, гіпертанічнай хваробе, анеўрызмах), запаленчыя працэсы (пры абсцэсах, арахнаідыце, менінгіце, менінгаэнцэфаліце, энцэфаліце), інфекц. і паразітарныя фактары (пры цыстыцэркозе, сіфілісе, эхінакакозе і інш.), чэрапна-мазгавыя траўмы, функцыян. расстройствы, парушэнні працэсаў самарэгуляцыі галаўнога мозга (неўрозы, псіхічныя хваробы і расстройствы) і інш.
Па агульнай сярэдняй масе галаўны мозг дарослага чалавека (прыкладна 1500 г пры аб’ёме каля 1500 см³ і плошчы паверхні 1600—2000 см²) саступае толькі галаўному мозгу слана (каля 5700 т) і кіта (6000—7000 г). Адносная яго сярэдняя маса ў дачыненні да агульнай масы цела, т.зв. паказчык Рагінскага, у галаўнога мозга чалавека найвышэйшая — 32; у дэльфінаў — 16, у сланоў — 10,4, у малпаў — 2—4. Прамой залежнасці паміж памерамі галаўнога мозга і яго здольнасцямі да ажыццяўлення вышэйшай нерв. дзейнасці не ўстаноўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
дзяржаўнае прадпрыемства, перададзенае ў арэнду на аснове арэнднага дагавору паміж дзяржаўнымі органамі і арганізацыяй арандатараў, якая фарміруецца паводле рашэння працоўнага калектыву. Арганізацыя арандатараў з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходу, што збліжае работніка са сродкамі вытворчасці, павышае зацікаўленасць у росце эфектыўнасці прадпрыемства. Важным стымулам з’яўляецца таксама стварэнне на арэндным прадпрыемстве ўласнасці, якая належыць работнікам прадпрыемства на долевай аснове. Арэнда прадпрыемства выгадная і дзяржаве: павялічваюцца яе даходы ў выглядзе арэнднай платы, пашыраецца выпуск прадукцыі, умацоўваецца эканоміка. Арэнднае прадпрыемства з’яўляецца правапераемнікам маёмасных правоў і абавязкаў дзяржаўнага прадпрыемства: пэўны час яно павінна захоўваць вытворчы профіль, выконваць дзяржаўны заказ, заказы на рэалізацыю прадукцыі і інш. У астатнім арэнднаму прадпрыемству даецца самастойнасць: у адпаведнасці са сваім статутам самому выбіраць спосаб кіравання, размяркоўваць (пасля выплаты абавязковых плацяжоў) прыбытак, вызначаць формы і сістэмы аплаты працы, распарадак рабочага дня, парадак прадастаўлення выхадных дзён і адпачынкаў. На пачатку 1995 у розных галінах эканомікі Беларусі каля 3 тысяч арэндных прадпрыемстваў, на якіх працавала 378 тысяч чалавек. У аўтамабільным і рачным транспарце арэндныя прадпрыемствы давалі амаль палавіну, у будаўніцтве і бытавым абслугоўванні — каля 40% прадукцыі. У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд арэндныя прадпрыемствы ствараюць умовы для прыватызацыі пераўтварэннем іх у прадпрыемствы калектыўнай ці прыватнай уласнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЦЫЛО́ГРАФ (ад лац. oscillum ваганне + ...граф),
вымяральная прылада для графічнага назірання і запісу функцыянальных сувязяў паміж эл. велічынямі, што характарызуюць які-н. фізічны працэс. З дапамогай асцылографа вызначаюць змены сілы току і напружання ў часе, вымяраюць частату, зрух фазаў, характарыстыкі электравакуумных і паўправадніковых прылад, а з дапамогай спец. датчыкаў (напр., тэрмапары) неэл. велічыні: т-ру, ціск, паскарэнне і інш. Асцылографы бываюць нізка- (да 1 МГц) і высокачастотныя (да 100 МГц і вышэй), адна- і многапрамянёвыя, імпульсныя, запамінальныя, спец. тэлевізійныя і інш.
Святлопрамянёвы асцылограф складаецца з люстранага гальванометра (шлейфа), святлоаптычнай сістэмы і прыстасаванняў для працягвання святлоадчувальнага носьбіта запісу (напр., фотапаперы) і непасрэднага назірання, вызначальніка часу. Бывае з фатаграфічным, электраграфічным, ультрафіялетавым і камбінаваным запісам адхілення светлавога праменя, адбітага ад шлейфа, скорасць працягвання носьбіта запісу да 5000 мм/с. Можна адначасова даследаваць да 64 розных працэсаў, напрыклад пры вывучэнні вібрацый і дэфармацый у самалётах, турбінах. Электроннапрамянёвы асцылограф прызначаны для непасрэднага назірання і фатаграфавання эл. працэсаў на экране электронна-прамянёвай трубкі (ЭПТ). Сігнал падаецца на вертыкальна адхіляльныя пласціны (шпулі) ЭПТ, напружанне разгорткі пры назіранні часавай залежнасці — на гарызантальна адхіляльныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА,
рашучае сутыкненне буйных груповак войскаў (сіл) з мэтай дасягнення маштабных ваенна-паліт. вынікаў. Да 19 ст., калі рашучыя баявыя дзеянні адбываліся на абмежаванай прасторы, пры невял. колькасці войскаў, у адной Б. часам вырашаўся лёс дзяржавы, напр., Бітва каля Сініх вод 1362 паміж войскамі ВКЛ і аб’яднанымі войскамі некалькіх ордаў дала пачатак вызваленню ўсх.-слав. зямель ад ардынскага заняволення; Кулікоўская бітва 1380 азнаменавала канец мангола-татарскага панавання на Русі; Грунвальдская бітва 1410 спыніла агрэсію Тэўтонскага ордэна на ўсход і абумовіла яго заняпад як самаст. дзяржавы. Пазней тэрмін «бітва» пачалі выкарыстоўваць у значэнні сістэмы баёў і бітваў, аб’яднаных адной мэтай, напр., бітва пад Лясной 1708, Палтаўская бітва 1709, Аўстэрліцкая бітва 1805. У сувязі з вядзеннем працяглых ваен. дзеянняў у 19 ст. з’явілася новая катэгорыя — аперацыя, якая да пач. 20 ст. ўжывалася як сінонім бітвы. У 2-ю сусв. вайну тэрмін «бітва» абазначаў сукупнасць адначасовых і паслядоўных наступальных і абарончых аперацый гал.стратэг. сіл на важнейшых напрамках тэатра ваен. дзеянняў. Найбольшыя з іх: бітва за Атлантыку 1939—45, бітва за Англію 1940—41, Маскоўская бітва 1941—42, Сталінградская бітва 1942—43, Курская бітва 1943, бітва за Дняпро 1943, і інш. Працягласць бітвы — ад 30—40 дзён (Курская бітва) да 6 з лішнім гадоў (бітва за Атлантыку).
французскі пісьменнік і філосаф, адзін з прадстаўнікоў франц.Асветніцтва. Ранняя лірыка прасякнута эпікурэйскімі і антыклерыкальнымі матывамі. Сталая проза розная па тэмах і жанрах: філас. аповесці «Кандыд, або Аптымізм» (1759), «Прастадушны» (1767), трагедыі ў стылі класіцызму «Брут» (1731), «Танкрэд» (выд. 1761), сатырычная паэма «Арлеанская нявінніца» (1735, выд. 1755), публіцыстыка, гіст. творы. Светапогляд яго супярэчлівы. Выступаючы прыхільнікам механікі і фізікі Ньютана, ён прызнаваў існаванне Бога-творцы, схіляўся да атаясамлівання Бога («вялікага геаметра») і прыроды. Дзейнасць яго звязана з барацьбой супраць рэліг. нецярпімасці і цемрашальства, крытыкай феад.-абсалютысцкай сістэмы, заганаў цывілізацыі. Асн. творы: «Філасофскія пісьмы» (1733), «Трактат пра метафізіку» (1734), «Нарыс пра норавы і дух народаў...» (1756), «Філасофскі слоўнік» (1764—69). Яго творчасць значна паўплывала на развіццё сусветнай, у т. л. беларускай, філас. думкі. На Беларусі і ў Літве творы Вальтэра пачалі пашырацца з сярэдзіны 18 ст. ў франц. арыгіналах і ў перакладах. У тэатрах Вільні, Нясвіжа і інш. гарадоў ставіліся яго п’есы.
Тв.:
Рус.пер. — Орлеанская девственница;
Магомет: Филос. повести. М., 1971;
Философские сочинения. М., 1988.
Літ.:
Державин К.Н. Вольтер. М., 1946;
Вольтер: Ст. и материалы. М.; Л., 1948;
Кузнецов В.Н. Вольтер и философия французского просвещения XVIII в. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́ТАРЫў квантавай механіцы, матэматычныя аперацыі, якія выконваюцца над хвалевай функцыяй, што апісвае стан сістэмы. Служаць для супастаўлення з зададзенай хвалевай функцыяй (вектарам стану) ψ інш. функцыі
, дзе — аператар, якому адпавядае фіз. велічыня L. Напр., аператар множання , дзе — аператар каардынаты; дыферэнцавання
, дзе — аператар праекцыі імпульсу на вось х. Над аператарам можна выконваць алг. дзеянні, напр., здабытак азначае, што , калі і . Яўны выгляд аператара вызначаецца ўласцівасцямі пераўтварэнняў той сіметрыі, з якой звязана матэм. фармулёўка адпаведнага закону захавання (гл.Нётэр тэарэма). Уласцівасці аператара вызначаюцца ўраўненнем ; яго рашэнні ψn (уласныя функцыі) апісваюць квантавыя станы, у якіх фіз. велічыня L прымае значэнні Ln(уласныя значэнні аператара). Набор такіх значэнняў (спектр) выяўляе ўсе значэнні фіз. велічыні L, якія можна вызначыць эксперыментальна, бывае неперарыўным (напр., аператар каардынат, імпульсу), дыскрэтным (аператар праекцыі моманту імпульсу на каардынатную вось) і змешаным (аператар энергіі ў залежнасці ад характару сіл, што дзейнічаюць у сістэме; дыскрэтныя ўласныя значэнні аператара наз. ўзроўнямі энергіі). У квантавай механіцы карыстаюцца пераважна лінейнымі аператарамі і эрмітавымі аператарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,
машына для ўборкі бульбы. Выкопвае бульбу, аддзяляе клубні ад глебы, бацвіння, раслінных рэшткаў, збірае клубні ў бункер-накапляльнік і выгружае іх у трансп. сродкі. На Беларусі выкарыстоўваюцца пераважна розныя мадыфікацыі паўнавясных двухрадковых элеватарных бульбаўборачных камбайнаў, выпускаюцца («Лідсельмаш») аднарадковыя бульбаўборачныя камбайны Л-601 і двухрадковыя Л-605.
Камбайн Л-605 — паўнавясны, агрэгатуецца з трактарамі МТЗ-82, -102, прывод рабочых органаў ад вала адбору магутнасці трактара. З дапамогай лемяша, асн. і дапаможнага элеватараў, камякадавільніка, падоўжнай і папярочнай пальчыкавых горак, сістэмы транспарцёраў камбайн падразае пласт глебы з двух сумежных радкоў, рыхліць і сепарыруе глебу, аддзяляе і скідвае на поле бацвінне і раслінныя рэшткі, раздзяляе клубні і дамешкі. На пераборачных транспарцёрах уручную адбіраюць з патоку клубняў камяні і дамешкі, з патоку дамешкаў — клубні. Дамешкі скідваюцца на поле, клубні — у бункер (ёмістасць 2 т). Рабочая скорасць камбайна да 3,5 км/гадз, прадукцыйнасць 0,18—0,24 га/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАПРАМЫСЛО́ВЫ КО́МПЛЕКС (АПК),
сукупнасць галін нар. гаспадаркі, якія забяспечваюць вытв-сць прадуктаў харчавання і прамысл. вырабаў з с.-г. сыравіны, а. таксама рэалізацыю іх спажыўцам. Уключае: галіны, якія забяспечваюць АПК сродкамі вытв-сці (харч.прам-сць, трактарнае і с.-г. машынабудаванне, рамонт тэхнікі, вытв-сцьмінер. угнаенняў і хім. сродкаў аховы раслін, здабычу торфу для сельскай гаспадаркі, мікрабіялагічную прам-сць і капітальнае буд-ва); сельскую гаспадарку (у т. л.асабістую дапаможную гаспадарку насельніцтва) і лясную гаспадарку, галіны, што даводзяць с.-г. прадукцыю да спажыўца (нарыхтоўка, перапрацоўка, захаванне, транспарціроўка, рэалізацыя). У аграпрамысловай вытв-сці вылучаюць: вытв-сць сродкаў вытв-сці для ўсёй сістэмыАПК; с.-г.вытв-сць; вытв-сць прадуктаў харчавання і прамысл. вырабаў з с.-г. сыравіны; рэалізацыю канчатковай прадукцыі; вытв.-тэхн. і тэхнал. абслугоўванне ўсіх стадый аднаўленчага цыкла. Да АПК адносяць таксама с.-г. навуку і сістэму падрыхтоўкі кадраў для ўсіх сфераў. На долю галін, якія ўваходзяць у АПК Рэспублікі Беларусь, прыпадае больш за 40% валавога грамадскага прадукту, каля 45% асн.вытв. фондаў і 36% колькасці працоўных усёй нар. гаспадаркі (1992). Асноўнае звяно АПК — сельская гаспадарка, у якой сканцэнтравана больш за 70% асн.вытв. фондаў АПК, каля 70% працаўнікоў і вырабляецца больш за 45% валавой прадукцыі (1992).
сям’я ЭВМ агульнага прызначэння малой, сярэдняй і вялікай прадукцыйнасці, якая характарызуецца праграмнай сумяшчальнасцю; адносіцца да 3-га пакалення электронных вылічальных машын. Пабудавана па модульным прынцыпе на аснове стандартнай сістэмы сувязяў паміж прыстасаваннямі. Распрацавана супольна краінамі — членамі СЭУ.
У склад перыферыйнага абсталявання ўваходзяць запамінальныя прыстасаванні на магн. барабанах (ёмістасць да 16 Мбайт), пастаянных магн. дысках (да 100 Мбайт), зменных магн. дысках (да 29 Мбайт), магн. стужках (да 40 Мбайт) і інш.; прыстасаванні ўводу-вываду інфармацыі на перфастужках, перфакартах, алфавітна-лічбавыя друкавальныя прыстасаванні, планшэтныя і рулонныя графапабудавальнікі; прыстасаванні непасрэднай сувязі чалавек—ЭВМ: алфавітна-лічбавыя і графічныя дысплеі, эл. друкавальныя машынкі і інш. Асобную групу складаюць прыстасаванні і прылады для падрыхтоўкі даных. Для стварэння выліч. сістэм калект. карыстання ў склад АС ЭВМ уключаны сродкі тэлеапрацоўкі і перадачы даных (мадэмы, прыстасаванні для аховы ад памылак, выклікальныя), прыстасаванні спалучэння каналаў з апаратурай перадачы даных, абаненцкія пункты (тэрміналы), забяспечаныя прыстасаваннямі ўводу-вываду інфармацыі і яе адлюстравання. На Мінскім вытв. аб’яднанні выліч. тэхнікі асвоены выпуск ЭВМЕС-1020 (1971), ЕС-1022 (1975), ЕС-1035 (1977), ЕС-1060 (1978). За распрацоўку, асваенне і ўкараненне аперацыйных сістэм АС ЭВМ супрацоўнікам Мінскага з-да выліч. машын і НДІЭВМ прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
клас фарбавальнікаў, у малекуле якіх адна ці некалькі азагруп -N=N-, звязаных з радыкаламі арган. злучэнняў (араматычных, гетэраараматычных, з актыўнымі CH2-групамі). У склад малекулы ўваходзяць таксама замяшчальныя і незамяшчальныя аміна- і гідраксігрупы, сульфакіслотная група SO3H, нітратная NO3, карбаксільная COOH і інш. Сінтэз азафарбавальнікаў заснаваны пераважна на рэакцыі азаспалучэння. Па колькасці азагруп адрозніваюць мона-, ды- і поліазафарбавальнікі.
Колер монаазафарбавальнікаў залежыць ад хім. будовы радыкалаў, звязаных з азагрупай, колькасці і месцазнаходжання замяшчальнікаў у іх. Прасцейшыя азафарбавальнікі звычайна жоўтага, аранжавага ці чырв. колеру. Паглыбленне колеру звязана з колькасцю аміна-, гідраксі- і азагруп, велічынёй сістэмы спалучэння малекулы азафарбавальнікаў, яе палярызацыяй, наяўнасцю спалучэння паміж азагрупамі. Паводле хім. будовы, асаблівасцяў узаемадзеяння з матэрыяламі азафарбавальнікі падзяляюцца на: пігменты; дысперсныя азафарбавальнікі (нерастваральныя ў вадзе, растваральныя ў арган. растваральніках і палімерах); асноўныя фарбавальнікі; кіслотныя фарбавальнікі; лакі (звычайна нерастваральныя ў вадзе солі барыю ці кальцыю кіслотных фарбавальнікаў); пратраўныя фарбавальнікі, прамыя фарбавальнікі; актыўныя фарбавальнікі (уступаюць ў хім. рэакцыі з малекуламі матэрыялаў); азагены; металазмяшчальныя комплексныя злучэнні азафарбавальнікаў. Уключаюць фарбавальнікі ўсіх колераў і адценняў, усіх груп па тэхнал. выкарыстанні. На долю азафарбавальнікаў прыпадае больш за палову вытв-сці фарбавальнікаў. Выкарыстоўваюцца на фарбаванне прыродных і сінт. валокнаў, скуры, паперы, гумы, пластмас, як пігменты для лакаў, фарбаў, пры вытв-сці каляровых алоўкаў і інш.
Літ.:
Аналитическая химия синтетических красителей: Пер. с англ.Л., 1979.