ГАЗНЕВІ́ДЫ,

дынастыя цюркскага паходжання, якая правіла ў 10—12 ст. у Газневідскай дзяржаве на Сярэднім Усходзе (на тэр. Індыі і сучаснага Афганістана). Засн. ў 962 саманідскім палкаводцам Алп-Тэгінам. Найб. магутнасці дзяржава Газневідаў дасягнула ў часы Себук-Тэгіна [977—997], які ўвёў спадчыннасць улады, павялічыў дзяржаву за кошт Пешавара на Пд і Харасана на Пн, і яго сына Махмуда [998—1030]. Махмуд пашырыў тэр. дзяржавы ад Ірана і Каспійскага м. да р. Ганг і ад Аральскага м. да Раджпутаны, пры ім значнага росквіту дасягнулі навука і культура. Пры Масудзе I [1030—41] пачаўся распад дзяржавы Газневідаў. У канцы 1180-х г. Газневіды ліквідаваны Гурыдамі.

т. 4, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМАНА́ЛЬНАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,

рэгуляцыя жыццядзейнасці арганізма жывёл і чалавека або яго асобных сістэм, якая ажыццяўляецца з дапамогай гармонаў; адна з сістэм самарэгуляцыі функцый, цесна звязана з нерв. і гумаральнай сістэмамі рэгуляцыі і каардынацыі функцый. Гармоны выдзяляюцца ў кроў залозамі ўнутр. сакрэцыі, разносяцца па ўсім арганізме і ўплываюць на стан і дзейнасць розных органаў і тканак. Гарманальная рэгуляцыя абмену рэчываў забяспечвае нармальнае функцыянаванне органаў і тканак. Пры ўдзеле гарманальнай рэгуляцыі ў выпадку неабходнасці адбываецца мабілізацыя магчымасцей арганізма. Напр., пры небяспецы і мышачным напружанні ўзмацняецца паступленне ў кроў адрэналіну, які павышае ўзровень цукру ў крыві і павялічвае забеспячэнне крывёй сэрца і мозга.

т. 5, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ ПРАГРЭ́СІЯ,

паслядоўнасць лікаў, кожны з якіх атрымліваецца з папярэдняга множаннем на пастаянны лік q≠0 (назоўнік геаметрычнай прагрэсіі). Напр., 2, 8, 32, ..., q=4. Калі q>1 (q<1), геаметрычная прагрэсія наз. нарастальнай (спадальнай), пры q<0 — знакачаргавальнай. Агульны (n-ны) член вылічаецца па формуле an=a1q​n−1. Калі ўсе члены геаметрычнай прагрэсіі дадатныя, то кожны з іх (акрамя 1-га) роўны сярэдняму геаметрычнаму (адсюль назва) сваіх бліжэйшых суседзяў. Суму першых n членаў геаметрычнай прагрэсіі вылічаюць па формуле Sn=a1(1−q​n)/(1−q). Бясконцая геаметрычная прагрэсія пры |q|≥1 разбягаецца.

т. 5, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

запасы глыбіннага цяпла Зямлі, эксплуатацыя якіх эканамічна выгадная. Адрозніваюць гідрагеатэрмальныя (тэрмальныя воды) і петрагеатэрмальныя рэсурсы (акумуляваныя ў блоках горных парод, нагрэтых да 350 °C і больш). Практычнае значэнне маюць гідратэрмальныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюць для цеплазабеспячэння (пры т-ры ад 40 да 100—150 °C) і атрымання электраэнергіі на геатэрмальных электрастанцыях пры т-ры 150—300 °C. Прымеркаваны яны да трэшчынных воданапорных сістэм у раёнах сучаснага вулканізму, маладых складкавых гор, зон тэктанічных разломаў. Геатэрмальныя рэсурсы выкарыстоўваюць у ЗША (самае буйное ў свеце радовішча Вялікія Гейзеры), Італіі, Новай Зеландыі, Японіі, Мексіцы, Расіі, Ісландыі і інш.

т. 5, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАНХО́З,

інвазійная хвароба жвачных, пры якой пашкоджваецца сычуг. Да яе ўспрымальныя авечкі, козы, буйн. раг. жывёла, многія дзікія жывёлы, зрэдку грызуны і чалавек. Узбуджальнікам геманхозу з’яўляюцца нематоды з роду Haemonchus, якія развіваюцца без прамежкавага гаспадара. Найб. пашыраны Н. contortus паразітуе ў дробных жвачных, Н. plocei — у буйн. раг. жывёлы.

Найб. заражаюцца маладыя жывёлы, асабліва ягняты ў канцы лета і восенню пры заглынанні лічынак з кормам ці вадой. Паразіты пашкоджваюць слізістую абалонку сычуга і кормяцца крывёй гаспадара. Развіваецца прагрэсіруючая анемія, парушаецца работа органаў кроваўтварэння. У хворых жывёл назіраецца прыгнечанне, паносы, схудненне, можа павышацца т-ра. Маладыя жывёлы часта гінуць.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ПСАВАЯ ПАВЯ́ЗКА.

Выкарыстоўваецца пры лячэнні пашкоджанняў і хвароб апорна-рухальнага апарату. Для накладвання гіпсавай павязкі выкарыстоўваюць гіпсавыя бінты (марлевыя бінты з насыпаным гіпсавым парашком), якія апускаюць у ваду, адціскаюць і накладваюць непасрэдна на цела хворага (беспадкладачная) ці на падкладку з марлі і ваты (падкладачная). Накладваюць раўнамерна 6—12 слаёў, у месцах пералому — таўсцей. Віды гіпсавай павязкі: цыркулярная, мостападобная, аконная, этапная, шынная, лангетная, камбінаваная (з закруткай, шарнірная), карсеты, у выглядзе ложачка і інш. Пры парушэннях кровазвароту на канечнасцях (занадта сціснуты крывяносныя сасуды) гіпсавую павязку разразаюць ці выразаюць на іх адтуліну.

А.​У.​Руцкі.

т. 5, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБАСТАМЛЕ́ННЕ,

рэзкае зніжэнне ўрадлівасці глебы і ўраджайнасці с.-г. раслін пры вырошчванні монакультуры ці частай паўтаральнасці адной культуры ў севазвароце. Асн. прычыны глебастамлення: аднабаковае спусташэнне глебы, назапашванне фітапатагенных мікраарганізмаў (бактэрый, вірусаў, грыбоў), спецыфічных для кожнай культуры, развіццё беспазваночных жывёл-шкоднікаў і інш. Да асабліва моцнага глебастамлення вядзе працяглае культываванне лёну, канюшыны, цукр. буракоў і інш. Глебастамленне не ліквідуецца пры ўнясенні поўнага ўгнаення і захаванні фіз. уласцівасцей глебы. Не выклікае глебастамлення вырошчванне жыта, кукурузы, спаржы і некат. іншых раслін у монакультуры. Спосабы барацьбы з глебастамленнем: строгае захаванне севазвароту з улікам папярэднікаў, вырошчванне ўстойлівых сартоў раслін, апрацоўка пестыцыдамі і інш.

т. 5, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУТАТЫЁН, γ-L-глутаміл-L-цыстэінгліцын,

C10H17O6N3S, унутрыклетачны трыпептыд, складзены з астаткаў трох амінакіслот — глутамінавай, цыстэіну і гліцыну. Ёсць у высокіх канцэнтрацыях практычна ва ўсіх жывых клетках. Мае важнае значэнне для акісляльна-аднаўленчых рэакцый у сувязі са здольнасцю сульфгідрыльнай групы (-SH) цыстэіну акісляцца з утварэннем дысульфіднага мастка. Асн. функцыя глутатыёну — захаванне SH-групы бялкоў у адноўленым стане. Выконвае спецыфічную ролю пры разбурэнні таксічнага перакісу вадароду, аднаўленні акісленай формы аскарбінавай к-ты. Служыць кафактарам асобных ферментаў, асабліва пратэінаў, адыгрывае пэўную ролю ў транспарце амінакіслот праз клетачныя мембраны. Глутатыён атрымліваюць з дражджэй і сінтэтычна; выкарыстоўваюць пры біяхім. даследаваннях, кансерваванні крыві.

т. 5, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРАЎТВАРЭ́ННЕ, арагенез,

сукупнасць рэльефаўтваральных працэсаў, у выніку якіх узнікаюць горныя ўзняцці зямной паверхні. Выклікаецца тэктанічнымі рухамі пад уплывам эндагенных (унутраных) сіл Зямлі. Абумоўлена энергіяй, што выдзяляецца ў працэсе развіцця ўнутрызямных рэчываў пры ўплыве сілы цяжару і сіл, якія ўзнікаюць пры вярчэнні Зямлі. Гораўтварэнне можа быць тэктанічным, вулканічным і складаным. Гораўтварэнню супрацьстаяць экзагенныя (знешнія) працэсы. Сучасныя горы — вынік працяглага сумеснага дзеяння эндагенных і экзагенных з’яў з чаргаваннем перавагі ўзыходных працэсаў над дэнудацыяй. Гіпотэзы гораўтварэння розныя. Найноўшыя звязваюць з рухамі буйных літасферных пліт Зямлі. З працэсамі гораўтварэння звязана ўзнікненне пэўных карысных выкапняў.

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНЕ́ННЕ,

тэхніка апрацоўкі паверхні прыродных і сінт. мінералаў-самацветаў, каляровага і бясколернага шкла, хрусталю для ювелірных і тэхн. мэт, хрустальнага посуду (гл. Гранільная справа).

На Беларусі граненне шкла і хрусталю вядома з 18 ст. на мануфактурах ва Урэччы (Любанскі р-н) і Налібаках (Стаўбцоўскі р-н), у Крычаве, Ушаках (Чэрыкаўскі р-н), Ільі (Вілейскі р-н), Гродне і інш. Для дэкарыравання посуду выкарыстоўвалі розныя віды гранення: «у брыльянт», «зоркі», «ромбы», «сценкі» і інш. Граненнем карысталіся пры апрацоўцы люстэркаў, пры вырабе асвятляльнай арматуры з хрусталю. Цяпер на з-дах найб. папулярнае граненне — «алмазнае» і «шырокая грань».

М.​М.​Яніцкая.

т. 5, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)