ПЛАСТЫ́ЧНЫЯ ЗМА́ЗКІ, кансістэнтныя змазкі,

высакавязкія мазі, якія атрымліваюцца ўвядзеннем у вадкія нафтавыя ці сінт. маслы цвёрдага загушчальніка (мыла, парафіну, сілікагелю, сажы і інш.). Вызначаюцца высокай т-рай кроплепадзення, добрым прыліпаннем да паверхняў трэння, стабільнасцю ўласцівасцей. Найб. пашыраны: графітная і чыгуначная П.з., кансталін, літол, салідол і інш. Выкарыстоўваюць для змазвання вузлоў механізмаў (калі падача вадкай змазкі немагчыма), для кансервацыі розных дэталей і механізмаў пры іх працяглым захоўванні і транспартаванні.

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЖЭ́КТАР (англ. projector ад лац. projectus кінуты наперад),

асвятляльная прылада, якая канцэнтруе святло ў абмежаваным прасторавым вугле з дапамогай аптычнай сістэмы (люстэркаў або лінзаў). Крыніцы святла — спец. пражэктарныя лямпы напальвання, дугавыя вугальныя лямпы. Адрозніваюць П. далёкага дзеяння (выкарыстоўваюцца ў ваен. справе), заліваючага святла (для асвятлення фасадаў будынкаў, тэатр. сцэн) і сігнальныя (для перадачы інфармацыі).

Схемы пражэктараў: а — рэфлектарнага (люстранога); б — кандэнсарнага (лінзавага); 1 — аптычная сістэма; 2 — крыніца святла.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭ́ЙДЖЭР (англ. pager),

партатыўны радыёпрыёмнік з вадкакрышталічным экранам для прыёму моўнай інфармацыі і літарна-лічбавага тэксту, што адлюстроўваецца на экране. Мае блок памяці для запамінання і прагляду раней прынятых паведамленняў. Кожнаму П. прысвойваецца індывідуальны нумар (код адраса), па якім аператар сеткі пэйджынгавай радыёсувязі накіроўвае паведамленні пэўнаму абаненту. З дапамогай П. можна таксама перадаваць інфармацыю з камп’ютэра, ажыццяўляць двухбаковую сувязь, пасылаць паведамленні з аднаго П. на другі і інш.

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕПРАТЭ́КТАРЫ (ад радые... + лац. protector абаронца),

рэчывы, увядзенне якіх перад апрамяненнем у асяроддзе з біял. аб’ектамі, у арганізм жывёлы, чалавека зніжае шкоднае дзеянне іанізавальнага выпрамянення. Пераважна сінт. паходжання. Прызначаны для індывід. аховы арганізма ад знешняга апрамянення пры аварыях, у ваен. умовах, для аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Дзеянне Р. відаспецыфічнае, напр., некат. Р. ахоўваюць мікраарганізмы і клеткі ў культуры і не абараняюць млекакормячых.

Н.​А.​Арцёмава.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМО́ЎНІК,

даведачнае кніжнае выданне, прызначанае для зносін на замежных мовах у розных жыццёвых сітуацыях. Пабудаваны ў выглядзе тэматычна аб’яднаных рэплік рознага тыпу і найб. частотнай агульнаўжывальнай лексікі. Бывае двух- («Руска-беларускі размоўнік» А.​Я.​Міхневіча, 1991; «Англа-беларускі размоўнік» Міхневіча і Н.​М.​Навічэнка, 1992) і шматмоўны («Ілюстраваны англа-французска-нямецка-рускі размоўнік Сольмана», 1991). Можа выкарыстоўвацца ў якасці падручніка для першапачатковага вывучэння замежнай мовы.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РТУ́ЦІ СУЛЬФІ́Д,

злучэнне ртуці з серай, HgS. Існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях: чырв. і чорнай (у прыродзе адпаведна мінералы кінавар і метацынабарыт). Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Узаемадзейнічае з канцэнтраванымі растворамі сульфідаў шчолачных металаў, чым карыстаюцца для вылучэння ртуці з сульфідных руд. Прыродную кінавар выкарыстоўваюць у вытв-сці ртуці, штучную — як матэрыял для фотарэзістараў, пігмент, каталізатар. Таксічны, ГДК у вадзе 0,005 мг/л (у пераліку на ртуць).

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХА́Ч, рухальнік,

прыстасаванне для пераўтварэння энергіі рухавіка ці інш. крыніцы мех. энергіі ў работу, якая забяспечвае рух трансп. сродкаў. Функцыі Р. пры перамяшчэнні па сушы выконваюць кола, гусенічны ход, каток, шагальны механізм; па вадзе — грабны вінт, ветразі, грабное кола, вёслы, вадамёты; у паветры — паветраны вінт (прапелер), нясучы вінт (у верталёта), рэактыўнае сопла. Паветраны вінт выкарыстоўваецца таксама для перамяшчэння па вадзе (у глісерах, суднах на паветр. падушцы), на сушы (на аэрасанях).

т. 13, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАНЦЫ́,

прыродныя месцы, дзе на паверхню глебы выходзяць пласты грунту ці крыніцы, багатыя солямі натрыю; таксама штучныя прыстасаванні для мінер. падкормкі дзікіх жывёл. Патрэба ў мінер. рэчывах павялічваецца ў жывёл у перыяд гону, цяжарнасці, лактацыі, лінькі, росту рагоў і інш., напр., для лася сутачная патрэба ў солі — 7 г. Штучныя С. размяшчаюць на вял. адлегласцях, каб не ствараць вял. канцэнтрацыі жывёл у адных угоддзях. Каля С. праводзяць назіранні за жывёламі.

т. 14, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНСІБІЛІЗА́ТАР у фатаграфіі,

рэчыва, уведзенае ў фатаграфічную эмульсію для яе сенсібілізацыі. Пры гэтым фотаматэрыялы набываюць дадатковую адчувальнасць да той вобласці аптычнага спектра, дзе паглынае сам С.

Галагенасярэбраныя фатаграфічныя матэрыялы маюць натуральную адчувальнасць да сіне-фіялетавай вобласці аптычнага выпрамянення. З дапамогай С. ім надаюць адчувальнасць да доўгахвалевых абласцей (зялёнай, чырвонай і інфрачырвонай) ці павышаюць іх адчувальнасць у сіне-фіялетавай вобласці. Для сенсібілізацыі фотаслаёў у шырокай вобласці спектра выкарыстоўваюцца сумесі розных С.

т. 14, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАБРА́ НІТРА́Т,

неарганічнае хім. злучэнне, соль серабра, AgNO3. Бясколерныя крышталі, шчыльн. 4350 кг/м³, tпл 209,7 °C. Добра раствараецца ў вадзе, спіртах. Пад уздзеяннем арган. і неарган. аднаўляльнікаў, святла і пры награванні лёгка аднаўляецца да серабра. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем серабра з азотнай к-той. Выкарыстоўваюць для атрымання інш. злучэнняў серабра, для серабрэння люстраў, як вяжучы бактэрыцыдны сродак (ляпіс), у вытв-сці фатагр. эмульсій, аналіт. хіміі (рэагент у аргентаметрыі).

т. 14, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)