МІНЕРА́ЛЬНА-СЫРАВІ́ННЫЯ РЭСУ́РСЫ другасныя, адходы перапрацоўкі цвёрдых карысных выкапняў, якія могуць выкарыстоўвацца ў розных галінах. нар. гаспадаркі. Адходы горназдабыўной, хім. прам-сці, сланцаперапрацоўкі, буравугальнай вытв-сці, чорнай і каляровай металургіі — каштоўная сыравіна для прам-сці буд. матэрыялаў, мінер. угнаенняў і інш. Напр., пры перапрацоўцы сільвінітавых руд Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей штогод утвараецца каля 30 млн. т цвёрдых галітавых адходаў і 2,5 млн. т вадкіх глініста-салявых шламаў, якія могуць выкарыстоўвацца ў дарожна-эксплуатацыйнай, гарнаруднай прам-сці, пасля дадатковай апрацоўкі — для вытв-сці кухоннай, кармавой і тэхн. солей, хлору, соды. Гл. таксама Мінеральныя рэсурсы, Мінеральная сыравіна.

В.А.Ярмаленка.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)