ЛІМІ́Т у матэматыцы,
адно з найважнейшых паняццяў матэматычнага аналізу. Л. функцыі дазваляе даследаваць аналітычныя ўласцівасці функцыі: неперарыўнасць, дыферэнцавальнасць, інтэгравальнасць.
Л. функцыі 𝑓(z) у пункце z = a ёсць лік A, да якога неабмежавана набліжаецца значэнне функцыі 𝑓(z), калі z імкнецца да α (запісваецца
).
Больш дакладна: лік A наз. Л. функцыі 𝑓(z) у пункце z = a, калі для адвольнага дадатнага ліку ε можна ўказаць такі дадатны лік δ, што для ўсіх значэнняў z, якія задавальняюць |z−a|<δ, і не супадаюць з a, выконваецца ўмова |𝑓(z)−A|<ε. Л. паслядоўнасці лікаў a1, a2, ... an, ... ёсць лік a, да якога неабмежавана набліжаюцца ўсе члены паслядоўнасці, пачынаючы з некаторага дастатковага вял. нумара (запісваецца
). Больш дакладна: лік a наз. Л. паслядоўнасці a1, a2, ... an, ..., калі для адвольнага дадатнага ліку ε можна ўказаць такі нумар N, што для ўсіх членаў паслядоўнасці з нумарам n>N мае месца ўмова |an−a|<ε. Паняцце Л. ўжываецца да дыскрэтных і пераменных паслядоўнасцей, якія мяняюцца неперарыўна.
А.А.Гусак.
т. 9, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА МО́ЎНАЯ,
сукупнасць варыянтаў моўных адзінак, якія прызнаюцца грамадствам найлепшымі для здзяйснення маўленчай камунікацыі. Выяўляецца на ўсіх узроўнях і ва ўсіх аспектах функцыянавання моўнай сістэмы: у фанетыцы (вымаўленне, інтанацыя), марфалогіі (словаўтварэнне і словазмяненне), лексіцы і фразеалогіі (выбар і ўжыванне слоў і іх эквівалентаў), сінтаксісе (спалучэнне слоў, пабудова сказа, парадак слоў), стылістыцы, арфаграфіі (пісьмо). Н.м. — вядучая адметная рыса літаратурнай мовы як сістэмы уніфікаваных і стабільных моўных сродкаў і правіл іх ужывання. Адначасова яна з’яўляецца сістэмна-структурнай і сацыялінгвістычнай катэгорыяй. Яе захаванне або парушэнне добра ўсведамляецца большасцю адукаваных людзей і адлюстроўваецца ў метамоўных ацэнках накшталт «правільна — няправільна», «дарэчна — недарэчна», «прыгожа — непрыгожа» і г.д. Н.м. кадыфікуюцца ў граматыках і слоўніках. Мае гістарычна зменлівы характар. Выступае істотным паказчыкам культуры мовы асобы і культуры грамадства ў цэлым. Унармаванне нацыянальнай мовы — адна з гал. задач мовазнаўства, моўнай педагогікі, творчай дзейнасці пісьменнікаў, журналістаў, прамоўцаў і інш.
Літ.:
Семенюк Н.Н. Норма // Общее языкознание. М., 1970;
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987;
Лепешаў І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн.. 1989.
А.Я.Міхневіч.
т. 11, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗДРАЖНЯ́ЛЬНАСЦЬ,
здольнасць жывых клетак, тканак або цэлага арганізма рэагаваць на вонкавыя і ўнутраныя ўздзеянні — раздражняльнікі; аснова прыстасаванасці да змен навакольнага асяроддзя. Праяўляецца на ўсіх узроўнях жыццядзейнасці ва ўсіх біял. сістэмах. Суправаджаецца комплексам неспецыфічных змен — зрухам абмену рэчываў, эл. патэнцыялу, стану пратаплазмы, а ў высокаарганізаваных жывёл звязана з выкананнем спецыфічных функцый (правядзенне нерв. імпульсу, скарачэнне мышцы, выдзяленне сакрэту залозістай тканкай і інш.). У жывёл, якія не маюць нерв. сістэмы, рэакцыя на раздражненне ахоплівае ўсю пратаплазму і выяўляецца пераважна ў выглядзе рухальных рэакцый (таксісаў). У мнагаклетачных жывёл нерв. і мышачная тканкі забяспечваюць хуткія і дакладныя рэакцыі ў адказ на раздражненне. Таксама развіваюцца формы апасродкаванай рэактыўнай сувязі з раздражняльнікам (рэфлекторна) праз вышэйшую нерв. дзейнасць і свядомасць. Здольнасць нерв. і мышачных клетак адказваць на раздражненне наз. ўзбудлівасцю. Часам мясц. рэакцыі тканак або клетак наз. рэактыўнасцю, а ўзнікненне працэсу, які хвалепадобна распаўсюджваецца — узбудлівасцю. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца і як сінонім узбудлівасці. У раслін Р. абумоўлена структурнымі і функцыян. зменамі клетачных мембран і з’яўляецца асновай іх рэгулятарнай сістэмы. Праяўляецца рэакцыяй на святло (фотатрапізм, фотаперыядызм), гравітацыйнае поле (геатрапізм), у рухальных рэакцыях (настыі) і інш.
А.С.Леанцюк.
т. 13, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ АДКЛА́ДЫ,
арганагенныя і мінеральныя асадкі, якія намнажаюцца ў балотах. Сярод балотных адкладаў пераважае торф. На балотах, што акрамя атм. ападкаў жывяцца грунтавымі водамі значнай мінералізацыі, утвараюцца мергелі, балотныя жал. руды, фасфатныя (вівіяніт) і інш. мінералы. Інтэнсіўна намнажаліся ў каменнавугальным, юрскім, палеагенавым і неагенавым перыядах гісторыі Зямлі, ад якіх захаваліся як паклады каменнага і бурага вугалю. Пашыраны на нізінах ва ўсіх прыродных зонах, акрамя палярных і пустынных абласцей, на Беларусі — усюды.
т. 2, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАКАНІ́ДЫ (Braconidae),
сямейства паразітычных насякомых атр. перапончатакрылых з групы наезнікаў. Больш за 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, пераважна ў цёплых і сухіх месцах. На Беларусі каля 20 відаў.
Даўж. 1—25 мм, цела жоўтае або карычнявата-жоўтае, з сцябліністым брушкам, у самкі з яйцакладам. Дарослыя кормяцца пераважна паддзю і нектарам раслін, самкі некаторых відаў — гемалімфай насякомых-гаспадароў. Большасць каштоўныя, некаторыя выкарыстоўваюць у біял. барацьбе са шкоднымі насякомымі.
т. 3, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМНІ́СТЫЯ (ад грэч. amnēstia забыццё, дараванне),
вызваленне ад крымін. адказнасці, замена назначанага судом пакарання больш мяккім або зняцце судзімасці. Ажыццяўляецца на аснове акта вышэйшага прадстаўнічага органа дзярж. улады ці кіраўніка дзяржавы. Можа быць агульнай для ўсіх асоб, засуджаных або прыцягнутых да крымін. адказнасці па шэрагу артыкулаў крымін. закону, або частковай (адносіцца да асоб, якія ўчынілі злачынствы толькі пэўнай катэгорыі). Права амністыі ў Рэспубліцы Беларусь мае Вярх. Савет. Ад амністыі адрозніваюць памілаванне.
т. 1, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́РДЖ ((George) Генры) (2.9.1839, г. Філадэльфія, ЗША — 29.10.1897),
амерыканскі эканаміст, публіцыст. Прапанаваў ідэю «адзінага зямельнага падатку» як сродку забеспячэння ўсеагульнага дастатку і сацыяльнага міру, якая па сутнасці азначала пакрыццё ўсіх дзярж. расходаў за кошт зямельнай рэнты. Даследаваў праблемы заработнай платы, капіталу, рэнты, эканам. крызісаў, даў адзін з варыянтаў фарміравання тэорыі гранічнай прадукцыйнасці.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. соч.: В 3 т. Т. 1. М., 1994.
т. 6, с. 90
т. 6, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРО́ЖДЖЫ КАРМАВЫ́Я,
від дражджэй, што атрымліваюць на корм с.-г. жывёле. Вырошчваюць іх на адходах драўніны, кукурузнай аснове, саломе, шалупінні сланечніку, а таксама на адходах сульфітна-цэлюлознай і спіртавой вытв-сці. Д.к. — каштоўны бялкова-вітамінны корм для с.-г. жывёлы ўсіх відаў, маюць вітаміны групы B, правітамін D (эргастэрын), мінер. рэчывы, ферменты, гармоны, якія садзейнічаюць засваенню бялкоў і вугляводаў. Скормліваюць іх з канцэнтраванымі кармамі або ўключаюць у склад камбікармоў.
т. 6, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ГОМЕЛЬШПАЛЕ́РЫ».
Засн. ў 1936 як з-д «Ізапліт», выпускаў драўнянавалакністыя пліты. З 1937 у складзе Навабеліцкага каніфольна-мыльнага з-да, выпускаў дадаткова каніфольнае мыла, шкіпінар. У 1941 эвакуіраваны на ўсход. У 1946 адноўлены у Гомелі. З 1953 Навабеліцкі лесахімкамбінат, з 1972 Гомельскі папярова-лесахім. камбінат, з 1976 Гомельскі палярова-лесахім. з-д. З 1993 адкрытае акц. т-ва «Гомельшпалеры». Асн. прадукцыя: шпалеры ўсіх відаў; тэкстурная і святлоадчувальная папера.
т. 5, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ВА (стараж.-яўр. Хава крыніца жыцця),
паводле Бібліі і Карана, жонка Адама. створаная Богам з адамавага рабра; першая жанчына на свеце і прамаці ўсіх людзей. Паводле падання, Е. першая парушыла боскае прадпісанне: паспытала ў Эдэме (раі) сама і ўгаварыла Адама паспытаць «забаронены плод з дрэва пазнання дабра і зла». За гэта яны былі пазбаўлены бессмяротнасці і выгнаны з раю. У хрысціянстве гэта паданне тлумачыцца як грэхападзенне або першародны грэх.
т. 6, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)