АНТЫДАРВІНІ́ЗМ,

тэорыі, накіраваныя супраць дарвінізму. Антыдарвінізм або наогул адмаўляе развіццё ў прыродзе (крэацыянізм), або яго гал. фактары, у першую чаргу натуральны адбор як вядучы ў арган. эвалюцыі. Асн. цячэнні антыдарвінізму склаліся ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Да іх належаць розныя формы неаламаркізму, батмагенез, номагенез, трансфармізм і інш. Сучасныя антыдарвінісцкія канцэпцыі звычайна прэтэндуюць на вырашэнне праблемы макраэвалюцыі, недаступнай для прамой эксперым. праверкі. Шэраг канцэпцый антыдарвінізму ўключае ўяўленні аб наследаванні набытых прыкмет і інш.

т. 1, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАБ’ЁЎ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 10.1.1942, в. Люшнева Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. дзеяч самадзейнага мастацтва, балетмайстар. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Нар. арт. Беларусі (1987). Працаваў у розных творчых калектывах. З 1967 кіраўнік Брэсцкага нар. ансамбля танца «Радасць». Ажыццявіў шэраг харэаграфічных пастановак з выкарыстаннем бел. танц. фальклору («Палескае вяселле», «Радасць працы», «Свята на Палессі», «Дажынкі», «Валёнкі», «Сувенір» і інш.), падрыхтаваў больш за 20 канцэртных праграм. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.

П.​А.​Жмайлік.

т. 3, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТ-І́НДСКАЯ КАМПА́НІЯ Галандская

(галанд. West Indische Compagnie),

гандлёвая кампанія ў 1621—1791. Мела манапольнае права на гандаль і каланізацыю ў Амерыцы і Зах. Афрыцы (атрымала ад Генеральных штатаў). Служыла прыкрыццём для вядзення ваен.-пірацкіх і кантрабандных аперацый на акіянскіх камунікацыях, а таксама гандлю рабамі. Захапіла значную ч. Бразіліі, усх. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі, дзе быў заснаваны Новы Амстэрдам (пазней Нью-Йорк), шэраг астравоў Вест-Індыі. Пазней яе выцеснілі з Бразіліі партугальцы, з Паўн, Амерыкі — англічане.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́СЕНЬ,

чэрвепадобная лічынка лускакрылых насякомых. Развіваецца ў яйцы. Даўжыня сегментаванага цела ад некалькіх міліметраў (у молей) да 12 см (у пахучага дрэваточца). Мае некалькі пар ног, грызучы ротавы апарат. Інтэнсіўна жывіцца і праз шэраг лінек ператвараецца ў кукалку. Жывуць вусені ад некалькіх сут (у агнёвак) да 2 гадоў (у асобных дрэваточцаў). Многія вусені шкодзяць пладовым, палявым і лясным культурам (вусені совак, агнёвак, бялянак, лістакрутаў і інш.), асобныя (вусені шаўкапрадаў) вырабляюць каштоўныя для прамысл. перапрацоўкі ніці.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ДАМЦАЎ (Барыс Барысавіч) (н. 9.11.1926, г. Пенза, Расія),

расійскі фізік. Акад. Рас. АН (1970; чл.-кар. 1962). Скончыў Маскоўскі ун-т (1951). З 1956 у Рас. навук. цэнтры «Курчатаўскі ін-т». Навук. працы па фізіцы плазмы (устойлівасць, з’явы пераносу, тэрмаізаляцыі і інш.) і праблеме кіроўнага тэрмаядз. сінтэзу. Прадказаў жалабковую няўстойлівасць разрэджанай плазмы, тэарэтычна растлумачыў шэраг з’яў няўстойлівасці ў сістэмах для ўтрымання плазмы і прапанаваў метады яе стабілізацыі. Ленінская прэмія 1984, Дзярж. прэмія СССР 1970.

Б.Б.Кадамцаў.

т. 7, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́ШНІКАЎ (Міхаіл Цімафеевіч) (н. 10.11.1919, с. Кур’я Алтайскага краю, Расія),

савецкі канструктар аўтам. стралк. зброі. Д-р тэхн. н. (1971), ген.-м. (1994). Двойчы Герой Сац. Працы (1958, 1976). У Сав. Арміі з 1938. Ў Вял. Айч. вайну ўдзельнічаў у баях камандзірам танка (1941). З 1942 займаўся распрацоўкай аўтам. стралк. зброі. Стварыў шэраг аўтаматаў (АК, АКМ) і кулямётаў (ручны РПК, танкавы ПКТ, для бронетранспарцёраў ПКБ). Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 7, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЫМГАНСА́Н (ад кар. кымган — алмаз + сан — гара),

Алмазныя горы, у паўночнай частцы Усх.-Карэйскіх гор, у КНДР. Даўж. каля 80 км. Выш. да 1638 м. Шэраг паралельных моцна расчлянёных ланцугоў. Каля 12 тыс. пікаў, іголак, слупоў і вежаў, лабірынтападобная сетка каньёнаў і вузкіх цяснін з рэкамі, сотні вадаспадаў. Складзены пераважна з гранітаў. Радовішчы руд вальфраму, малібдэну, нікелю, медзі, жалеза. На схілах дубовыя і мяшаныя лясы. Курорты. Турызм. Помнікі даўніны (25 будыйскіх манастыроў і інш.).

т. 9, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ПЕС ПАРТЫ́ЛЬЁ ((López Portillo) Хасэ) (н. 16.6.1920, Мехіка),

мексіканскі дзярж. дзеяч. Д-р юрыд. н. Скончыў Нацыянальны аўт. ун-т Мексікі і Чылійскі ун-т у г. Сант’яга. Да 1958 на выкладчыцкай і навук. працы. З 1959 займаў шэраг урадавых пасад, у т. л. міністра фінансаў і дзярж. крэдыту (1973—75), уваходзіў у кіраўніцтва правячай інстытуцыйна-рэв. партыі. Прэзідэнт Мексікі ў 1976—82. Умацоўваў дзярж. сектар эканомікі, праводзіў незалежны міралюбівы знешнепаліт. курс.

т. 9, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СЕРШМІТ ((Messerschmitt) Вілі) (26.6.1898, г. Франкфург-на-Майне, Германія — 15.9.1978),

нямецкі авіяканструктар і прамысловец. Стварыў шэраг самалётаў, верталётаў, планёраў рознага прызначэння. Найб. вядомыя: Ме-109 — асн. знішчальнік ВПС Германіі ў 1935—45 (гл. іл. да арт. Авіяцыя), Ме-110 — самалёт шматмэтавага прызначэння, Ме-262 — адзін з першых рэактыўных знішчальнікаў. Пасля 2-й сусв. вайны эмігрыраваў у Іспанію; у 1959 вярнуўся ў ФРГ, аднавіў вытв-сць самалётаў і стаў саўладальнікам канцэрна «Месершміт—Бёлькаў—Блом».

т. 10, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРА́КСІН (Фёдар Мацвеевіч) (1661—10.11.1728),

расійскі ген.-адмірал (1708), адзін са стваральнікаў рас. флоту. З 1682 стольнік Пятра I, у 1693—96 дзвінскі ваявода і губернатар Архангельска. З 1700 гал. начальнік Адміралцейскага прыказа і азоўскі губернатар. У час Паўн. вайны 1700—21 атрымаў на моры шэраг перамог над шведамі. У 1712—23 кіраваў Эстляндыяй, Інгерманландыяй і Карэліяй. З 1718 прэзідэнт Адміралцействаў-калегіі. У час Перс. паходаў (1722—23) камандаваў Каспійскай флатыліяй, у 1723—26 — Балт. флотам.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)