ПЛАЗМО́Н,

адна з квазічасціц, якая апісвае ваганні электронаў адносна цяжкіх іонаў у плазме, у т. л. носьбітаў зараду ў цвёрдых целах. Флуктуацыі шчыльнасці эл. зараду ствараюць эл. поле, якое імкнецца аднавіць электранейтральнасць; з-за інерцыі носьбіты зараду «праскокваюць» становішча раўнавагі, у выніку чаго ўзнікаюць ваганні, узгодненыя з калектыўным рухам часціц. У сістэмах свабодных электронаў у металах і ў валентнай зоне паўправаднікоў энергія кванта плазменных ваганняў каля 15—20 эВ; спектр ваганняў залежыць ад зоннай структуры цвёрдага цела, наяўнасці межаў, магн. поля і інш.

т. 12, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАЗО́РКА (ад прата... + зорка),

умоўная назва цела, з якога фарміруецца зорка. Уяўляе сабой адасобленую з газапылавога воблака ў выніку яго гравітацыйнай няўстойлівасці шчыльную кандэнсацыю рэчыва, дзе яшчэ не дасягнуты т-ры, неабходныя для пачатку тэрмаядзерных рэакцый — асн. крыніцы энергіі зорак. Пры далейшым сцісканні (на працягу каля 20 млн. гадоў) рэчыва П. разаграваецца і т-ра ў яго нетрах узрастае да 10 млн. К і больш. Гэта стварае ўмовы для працякання рэакцый тэрмаядз. сінтэзу, пасля чаго сцісканне П. спыняецца — утвараецца зорка.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДУ́КЦЫЯ (ад лац. reductio вяртанне, адсоўванне назад),

спрашчэнне, звядзенне складанага працэсу да больш простага, даступнага аналізу або вырашэнню; змяншэнне, аслабленне чаго-н. Р. ў логіцы і матэматыцы — пераўтварэнне якой-н. задачы ў больш зручны стан, які лягчэй паддаецца аналізу і рашэнню. Р. ў мовазнаўстве — паслабленне і змяненне гучання гукаў. Р. ў тэхніцы — зніжэнне ціску вадкасцей, газаў у рухавіках, інш. устаноўках з дапамогай спец. прылад. Р. ў хіміі — аднаўленчы працэс, адваротны акісленню. Р. ў эканоміцы — зніжэнне валютнага курсу, вартасці каштоўных папер, кошту тавару.

т. 13, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПІРАНТУ́РА [ад лац. aspirans (aspirantis) які імкнецца да чаго-н.],

асноўная форма падрыхтоўкі навук. і навук.-пед. кадраў у некаторых краінах і на Беларусі. Арганізуецца пры ВНУ і н.-д. установах. У аспірантуру прымаюцца асобы з вышэйшай адукацыяй, якія выявілі здольнасць да навук.-пед. і н.-д. працы і вытрымалі ўступныя экзамены. На Беларусі існуе вочная (3 гады навучання) і завочная (4 гады). Асобы, якія праходзяць курс аспірантуры (аспіранты), здаюць кандыдацкія экзамены, рыхтуюць да абароны дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата навук.

І.​А.​Мельнічук.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТКА» ў Арле,

таварыства бел. бежанцаў 1-й сусв. вайны. Існавала ў 1917—18. Аб’ядноўвала беларусаў — жыхароў Арла і наваколля. Асн. задачы: абарона правоў і інтарэсаў беларусаў, матэрыяльная дапамога, культ.-асв. дзейнасць, абарона ідэі аўтаноміі Беларусі ў яе этнагр. межах. Вяла рэгістрацыю бел. бежанцаў у Арле і Арлоўскай губ., займалася дабрачыннай дзейнасцю, праводзіла культ.-асв. мерапрыемствы. Кантактавала з Бел. радай у Мінску і падзяляла яе ідэі. У чэрв. 1918 наладзіла сувязь з Беларускім нацыянальным камісарыятам. Увосень 1918 не зарэгістравана як ідэалагічна варожая, пасля чаго спыніла дзейнасць.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ ГАРА́ЧКА, алкагольны дэлірый,

найбольш частая форма вострых алкагольных псіхозаў. Узнікае пасля чарговага запою або калі раптоўна спыняюць прыём алкаголю. Пачынаецца з таго, што хворы дрэнна спіць, бачыць пакутлівыя сны, палахлівы. Пазней з’яўляюцца бяссонніца, зрокавыя і слыхавыя галюцынацыі. Хворым бачацца пачвары, чэрці, насякомыя, пацукі, мышы. Парушаецца свядомасць. Такія хворыя небяспечныя для сябе і тых, хто іх акружае. Іншы раз павышаюцца т-ра і крывяны ціск, дрыжаць рукі. Стан пагаршаецца пад вечар. Хвароба цягнецца 3—9 дзён, пасля чаго хворы звычайна ачуньвае. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

т. 3, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫМУТАГЕ́НЫ (ад анты... + мутагены),

хімічныя і фізічныя фактары, здольныя паніжаць або прадухіляць дзеянне мутагенаў, у выніку чаго змяншаецца частата мутацый.

Адкрыты ў 1950-я г. Натуральныя антымутагены забяспечваюць захаванне пэўнага ўзроўню спантанных мутацый. Сярод іх важнейшымі з’яўляюцца некаторыя ферментныя сістэмы і метабаліты, якія «выпраўляюць» папсаваныя мутагенам участкі храмасом або перашкаджаюць іх узнікненню. Пры штучным мутагенезе мутацыйны эфект можа быць паніжаны або зняты радыепратэктарамі (сульфгідрыльныя злучэнні, моцныя аднаўляльнікі тыпу Na2S2O3, некаторыя спірты і вуглякіслыя солі) або ўздзеяннем некаторых фіз. фактараў (святло, т-ра, ультрафіялетавыя прамяні) рознай інтэнсіўнасці.

т. 1, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕК,

1) тое, што стагоддзе.

2) Гіст. перыяд у развіцці чалавецтва, які вызначаецца пэўным узроўнем матэрыяльнай культуры (тып прылад працы, матэрыял, з якога яны вырабляюцца і інш.): каменны век, бронзавы век, жалезны век.

3) Жыццё, перыяд існавання каго-н. ці чаго-н.

4) У геалогіі — геахраналагічнае падраздзяленне геал. эпохі, адрэзак часу, за які ўтварыліся пароды пэўнага яруса. Мае тую ж назву, што і ярус (напр., апшэронскі век і апшэронскі ярус). Працягласць веку каля 10 млн. гадоў у палеазоі, каля 5—6 млн. гадоў і менш у мезазоі і кайназоі.

т. 4, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЕ́Т, В’ет (Viète) Франсуа (1540, г. Фантэнэ-ле-Конт, Францыя — 13.12.1603), французскі матэматык, адзін са стваральнікаў элементарнай алгебры. Атрымаў адукацыю юрыста. Увёў літарныя абазначэнні для невядомых велічынь і каэфіцыентаў ураўненняў, у выніку чаго ўпершыню стала магчымым выражэнне ўласцівасцей ураўненняў і іх каранёў агульнымі формуламі. Распрацаваў аднолькавы прыём рашэння ўраўненняў 2, 3 і 4-й ступеняў. Устанавіў залежнасць паміж каранямі і каэфіцыентамі ўраўненняў (формулы Віета). Вызначыў першы дакладны выраз для π у выглядзе бясконцага здабытку. У 1579 выдаў «Матэматычны канон» з табліцамі трыганаметрычных функцый.

Літ.:

История математики. Т. 1. М., 1970.

Ф.Віет.

т. 4, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРАФІЛЁЗЫ,

інвазійная хвароба няпарнакапытных жывёл, пры якой пашкоджваецца стрававальны шлях. Выклікаецца лічынкамі аваднёў з роду Gastrophilus. Пашыраны ўсюды. На Беларусі адзначаюцца ў коней. Развіваюцца авадні па тыпе поўнага ператварэння, на працягу года маюць адну генерацыю.

Жывёлы заражаюцца летам, пераважна на пашы. У яйцах, якія самкі аваднёў адкладваюць у поўсць жывёл, фарміруюцца лічынкі і пранікаюць у слізістую рота, дзе растуць і ліняюць, пасля чаго прымацоўваюцца ў страўнікава-кішачным тракце і паразітуюць 8—9 месяцаў. У хворых жывёл парушаецца страваванне, зніжаецца ўкормленасць і працаздольнасць; пры значнай інвазіі жывёла гіне.

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)