Існавала ў Віцебску ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1761 па фундацыі Тадэвуша Агінскага на месцы старой царквы, вядомай па інвентарах з 1618. Вырашана ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пяцізрубны храм крыжовацэнтрычнай кампазіцыі. Цэнтральны 8-гранны зруб быў завершаны светлавым васьмерыком і накрыты пакатым шатром, які пераходзіў у невял. купалок з галоўкай, 4 прамавугольныя ў плане зрубы, арыентаваныя па баках свету, былі накрыты 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Да царквы прылягалі вял. шматгранная ў плане абходная галерэя, 2-ярусная званіца і невял. рызніца па баках алтарнага зруба. Знесена ў 1920-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫНЯ́НСКІ (Юрый Андрэевіч) (нарадзіўся 27.11.1906, Баку),
беларускі акцёр і рэжысёр. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1961). Скончыў Цэнтральны тэхнікум тэатральнага мастацтва ў Маскве (1928). З 1939 акцёр і рэжысёр Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР, рэжысёр Гродзенскага, абласнога драматычнага тэатра, з 1958 галоўны рэжысёр абласнога Брэсцкага (да 1962) і Гомельскага (да 1966) драматычнага тэатраў. Лепшыя пастаноўкі Арынянскага вызначаліся ансамблевасцю, дакладнасцю і канкрэтнасцю характарыстык вобразаў: «Від з моста» А.Мілера (1959), «Тры сястры» А.Чэхава (1960), «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна (Арынянскі і аўтар інсцэніроўкі, 1965), «Выклік багам» А.Дзялендзіка (1966) і іншыя. Сярод роляў: Мілер («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Прозараў («Тры сястры»), Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Лабыш («Папараць-кветка» І.Козела).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎРЫН (Юрый Васілевіч) (н. 17.1.1943, г.п. Зіядзін Самаркандскай вобл., Узбекістан),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1966), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). Працуе ў галіне манум.-дэкар. мастацтва і жывапісу. Выканаў вітражы для т-ра імя Я.Коласа ў Віцебску (1988), кінатэатра «Цэнтральны» ў Мінску (1990), будынкаў Прамбудбанка і Нац. банка ў Гомелі (1989), Мін-ва абароны Расіі ў Маскве (1993), размалёўку з рэльефам «Медыцына» для Мінскага мед. ін-та (1996). Жывапісныя творы вылучаюцца арыгінальнасцю сюжэтаў, кампазіцыйнай завершанасцю, лірычнасцю: «Аўтапартрэт» (1976), «Батлейка» (1981), «Песня пра Нёман» (1982), «Ля роднага дома» (1985), «Дыялог» (1989), «Памяці Максіма Багдановіча», «Піраміды ў Гізе» (1991), серыя «Белы бераг» (1995—96) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦК КП(б)ЛіБ, гл.Цэнтральны Камітэт КП(б)Літвы і Беларусі
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАС (італьян. basso літар. нізкі),
1) самы нізкі мужчынскі голас. Вылучаюць высокі, або пявучы, і нізкі, або глыбокі, у оперы таксама характарны, камічны буфонны бас. Высокі бас бывае лірычны, больш мяккі, з дыяпазонам G—f1, і драматычны, больш моцны, з дыяпазонам F—e1. Для высокага баса характэрныя сіла і моц на верхніх гуках і больш слабае гучанне нізкіх гукаў. Нізкі (цэнтральны) бас вылучаецца глыбокім, поўным гучаннем у нізкім рэгістры і напружаным — у верхнім, дыяпазон (C, D) E — d1 (e1). Самы нізкі від баса — т.зв. бас-актавіст, дыяпазон (A1) B1 — a (c1).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭО́Н (ад грэч. osteon косць),
гаверсава сістэма, структурная адзінка кампактнага губкаватага рэчыва касцей пазваночных жывёл і чалавека. Утвараецца пры замяшчэнні храсткоў касцявой тканкай, што суправаджаецца іх разбурэннем, урастаннем у іх крывяносных сасудаў і адкладаннем вакол іх астэабластамі міжклетачнага рэчыва, якое пасля мінералізуецца. У выніку фарміруецца сістэма з 5—20 касцявых пласцінак, складзеных з калагенавых валокнаў, рознанакіраваных (пад вуглом) у кожнай з сумежных пласцінак, што надае косці высокую мех. трываласць. Пласцінкі канцэнтрычна акружаюць цэнтральны (гаверсаў) канал, праз які праходзяць крывяносны сасуд і нерв. валокны. У поласці паміж пласцінкамі месцяцца астэацыты. Сістэма рацыянальных трафічных канальцаў у астэоне забяспечвае жыўленне косці і сувязь (апастамоз) цэнтр. крывяносных сасудаў астэона з сасудамі надкосніцы і касцявога мозга. Паміж суседнімі астэонамі ёсць т.зв. ўставачныя, або прамежкавыя, касцявыя пласцінкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЯ́РДЗІ, Джылярдзі (Gilardi) Даменіка
[Дзяменцій Іванавіч; 4.6.1785 (або 1788), Мантаньёла, каля г. Лугана, Швейцарыя — 28.2.1845],
архітэктар. Прадстаўнік рускага ампіру. Ганаровы чл.Пецярб.АМ (з 1830). Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў свайго бацькі архітэктара, потым у Міланскай АМ (1804—06). У 1810—32 працаваў у Расіі. Пасля пажару 1812 у Маскве аднавіў будынак ун-та (1817—19), перабудаваў будынкі Екацярынінскага ін-та (цяпер Цэнтральны дом Рас. Арміі), Апякунскага савета (цяпер АМН), жылы дом С.С.Гагарына (цяпер Ін-тсусв. л-ры імя Горкага), падмаскоўную сядзібу князёў Галіцыных Кузьмінкі (усе 1820-я г.) і інш. Архітэктура будынкаў вызначаецца манументальнасцю, урачыстай параднасцю. Майстар садова-паркавага мастацтва.
Літ.:
Белецкая Е.А., Покровская З.К. Д.И.Жилярди. М., 1980.
Д.Жылярдзі. Дом Луніных. Фрагмент фасада галоўнага корпуса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЎСКАЯ (Алена Іванаўна) (25.12.1904, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 29.8.1981),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1952). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—70 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Выканаўца вострахарактарных роляў, майстар эпізоду. Глыбокая народнасць нац. вобразаў найб. ярка выявілася ў бел. рэпертуары: Марыля, Альжбета («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.Купалы), бабка Мар’я («Навальніца будзе» паводле Я.Коласа), Аўдоцця Захараўна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Наста («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Агата («Цэнтральны ход» К.Губарэвіча і І.Дорскага). Сярод роляў у класічным рэпертуары: Пашлёпкіна («Рэвізор» М.Гогаля), Фяона («Мінулася кату масленіца» А.Астроўскага), Варвара і Квашня («Ягор Булычоў і іншыя» і «На дне» М.Горкага), Карміцелька («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АЛЯКСА́НДРАЎСКІ ПАЛА́Ц, дом Пасекавай. Існаваў у канцы 18—19 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў 1780 у стылі класіцызму як рэзідэнцыя Кацярыны II (у Магілёве адбылася яе сустрэча з аўстр. імператарам Іосіфам II). Драўляны 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з паўпадвальным паверхам, накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад быў багата аздоблены: вял. прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі і сандрыкамі, яго вылучалі 3 рызаліты: цэнтральны завяршаўся франтонам, бакавыя ўпрыгожаны пілястрамі дарычнага ордэра, прафіляваным карнізам з трыгліфным фрызам. У 1808 палац заняпаў. У 1815 зроблены яго натурны чарцёж (захавалася тагачаснае хадайніцтва аб перадачы будынка Віленскаму ун-ту і стварэнні ў ім губ. гімназіі). Палац пазначаны на генплане горада 1842.
В.Ф.Марозаў.
Магілёўскі Аляксандраўскі палац. Чарцёж галоўнага фасада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮРО́ ЦК КПЗБ,
цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1929—38. Створана паводле рашэння Першага з’езда КПЗБ. Выбіралася на пленумах ЦККПЗБ, складалася з 3—5 членаў. Падпарадкоўвалася Палітбюро ЦК КПП. Знаходзілася пераважна па-за межамі Польшчы (у Гданьску, Берліне, Капенгагене, Мінску). Кіравала Краявым сакратарыятам ЦККПЗБ, Прадстаўніцтвам ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б, Мінскай школай КПЗБ, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі, займалася агульнапаліт., арганізац., бягучымі і інш. пытаннямі. У розны час членамі Бюро ЦККПЗБ былі А.А.Альшэўскі, М.С.Арэхва, М.А.Блінчыкаў, Ю.Брун, С.І.Будзінскі, Р.Д.Вольф, А.У.Канчэўскі, П.Корчык (І.К.Лагіновіч), С.А.Мертэнс, С.Т.Мілер, А.М.Розеншайн, А.С.Славінскі, Е.І.Шоламаў і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з неабгрунтаваным роспускам КПП, КПЗБ і КПЗУ.