ПРЫЧАРНАМО́РСКАЯ НІЗІ́НА.

На Пд Усх.-Еўрап. раўніны, на Украіне; прылягае да Чорнага і Азоўскага мораў, паміж дэльтай р. Дунай на З і. р. Кальміус на У. Плоская, крыху нахіленая на Пд раўніна. Выш. да 150 м. Складзена з вапнякоў, пяскоў і глін, якія перакрыты лёсамі і лёсападобнымі суглінкамі. Перасечана шырокімі далінамі рэк Дняпро, Паўд. Буг, Днестр і інш. Водападзелы плоскія. Берагавая паласа пераважна абрывістая, часта з апоўзнямі. Шмат ліманаў (Дняпроўскі, Днястроўскі і інш.) і пясчаных кос. Стэпы пераважна ўзараныя.

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЬКЕ́ВІЧ (Іван Кандратавіч) (6.3.1883, в. Варонічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.10.1960),

бел. мовазнавец. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1909), БДУ (1925). Настаўнічаў, працаваў у Наркамаце асветы Беларусі, дырэктарам Мсціслаўскага пед. тэхнікума, у Інбелкульце (з 1927). У 1930 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1960. Жыў у Расіі, на Украіне. Займаўся праблемамі культуры бел. літ. мовы. Аўтар «Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны» (1970) — самага вял. абл. слоўніка бел. мовы (каля 20 тыс. слоў).

Літ.:

Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 133—179.

т. 3, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАПЛА́Н ((Beauplan) Гіём Левасэр дэ) (каля 1600, Нармандыя, Францыя — 6.12.1673),

французскі інжынер-фартыфікатар, картограф. У 1630—48 служыў у арміі Рэчы Паспалітай у чыне капітана артылерыі. Пабудаваў шэраг крэпасцяў на Украіне (Крамянчуг, Бар і інш.). Сабраў і апублікаваў багаты гіст., геагр. і этнагр. матэрыял («Апісанне Украіны», Руан, 1650). Зробленыя ім карты (тэр. Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны) неаднаразова друкаваліся да сярэдзіны 18 ст. Склаў карту «Вялікае княства Літоўскае і Белая Русь», дзе ўпершыню назва «Беларусь» вынесена ў загаловак.

Л.​Р.​Казлоў.

т. 2, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТЧЫКАЎ (Генадзь Іванавіч) (10.3.1914, в. Міхееўка Кудымкарскага р-на Пермскай вобл., Расія — 10.12.1944),

удзельнік партыз. руху на Украіне і Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваен. школу сувязі (1936). У сак. 1943 на чале групы разведчыкаў закінуты ў тыл ворага, дзейнічаў у раёне Гомеля, Чарнігава, Шчорса, Ноўгарада-Северскага, са снеж. 1943 у Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозе, Ружанах; група перадала ў штаб 1-га Бел. фронту больш за 450 данясенняў. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯНЯ́ВА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся каля 80 родаў, у т. л. Белазоры, Длугашы, Ляшчынскія, Мэнжыкі. На залатым полі чорная галава зубра з залатым кальцом у ноздрах; клейнод — над прылбіцай з каронай палова залатога каранаванага льва з мячом у правай лапе. Вядомы з пач. 14 ст. У час знаходжання на троне караля польск. і вял. князя літ. Станіслава Ляшчынскага (1704—09, 1733) герб «Вянява» выкарыстоўваўся як элемент у дзярж. сімволіцы Рэчы Паспалітай.

Герб «Вянява».

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НА-ФРАНКО́ЎСК,

горад на Украіне, цэнтр Івана-Франкоўскай вобласці, у перадгор’ях Укр. Карпат. Засн. ў 1662. 234 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр., хім., лёгкая, харч., дрэваапр.; вытв-сць будматэрыялаў. 3 ВНУ. Тэатры: муз.-драм., лялек. Філармонія. Музеі: краязнаўчы, маст. і літ. Прыкарпацця. Замак Патоцкіх (17, 18 ст.). Ратуша (1695), езуіцкі касцёл і калегіум (1742), арм. царква (1762), касцёл і кляштар трынітарыяў (18 ст.), сінагога. Да 1962 горад наз. Станіслаў, перайменаваны ў гонар укр. пісьменніка І.Я.Франко.

т. 7, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РЧАНСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

усходняя частка Крымскага п-ва, на Украіне. Абмываецца на Пн Азоўскім м., на Пд Чорным м., на УКерчанскім пралівам. Пл. каля 3 тыс. км². Паўн.-ўсх. частка ўзгорыстая (выш. да 190 м г. Анук), паўд.-зах. — раўнінная. Гразевыя вулканы. Саляныя азёры-ліманы. На К.п. — Керчанскі жалезарудны басейн. Б. ч. тэрыторыі ўзарана (збожжавыя, тэхн., бахчавыя культуры і вінаграднікі). У Вял. Айч. вайну на К.п. праведзены Керчанска-Феадасійская аперацыя 1941—42 і Керчанска-Эльтыгенская аперацыя 1943. Найбуйнейшы горад і порт — Керч.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КІ́ЕЎСКАЯ КАЗА́ЧЧЫНА»,

масавы антыпрыгонніцкі рух сялян на Украіне ў 1855. Апублікаванне царскага маніфеста аб прызыве апалчэнцаў для ўдзелу ў Крымскай вайне 1853—56 садзейнічала распаўсюджванню сярод сялян чутак аб запісе ў апалчэнне (у казакі), каб вызваліць іх ад прыгону. Сяляне, патрабуючы пагалоўнага запісу ў казакі, спынілі працу. Хваляванні ахапілі 9 з 12 паветаў Кіеўскай губ. Супраць сялян былі накіраваны войскі. Сяляне вёсак Быкава Грэбля, Бярэзна, Бяседка, Сітнікі, мяст. Корсунь, Таганча аказалі ўпартае супраціўленне (забіта каля 60 чал., больш за 100 чал. паранена).

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСПРАМГА́С (лесапрамысловая гаспадарка),

прадпрыемства лесанарыхтоўчай прамысловасці; гаспадарчаразліковая арг-цыя, якая складаецца з лесанарыхтоўчых пунктаў і ўчасткаў, праводзіць нарыхтоўку, вываз, распрацоўку і адгрузку драўніны. У складзе Л. могуць быць і інш. вытворчасці — лесапілаванне, нарыхтоўка шпал, драўнянага вугалю, смолакурэнне, падсочка лесу і інш. Л. мае замацаваную ў доўгатэрміновае карыстанне лесасыравінную базу, сетку лесавозных дарог, склады, тэхн. і трансп. сродкі, вытв. памяшканні і інш. Існуюць на Беларусі, у Расіі, на Украіне. На Беларусі 5 Л. і 18 вытв. аб’яднанняў (1999), якія таксама займаюцца нарыхтоўкай драўніны.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЕ́ЛЕНЫ ПУНКТ, населенае месца, паселішча,

пастаяннае або часовае месца, дзе пражывае насельніцтва: звычайна мае геагр. назву (тапонім). Падзяляецца па нар.-гасп. функцыях, колькасці жыхароў, адм. статусе і інш. Вядучае месца сярод населеных пунктаў належыць гарадам. Вял. сельскія Н.п. ў Расіі і на Украіне называюць сёламі (часам і на Беларусі), на поўдні Расіі — станіцамі, у горных раёнах Каўказа, Сярэдняй Азіі і Казахстана — ауламі. На Беларусі акрамя гарадоў пашыраны вёскі, гарадскія пасёлкі, рабочыя пасёлкі, трапляюцца хутары, курортныя пасёлкі. Да 1930—40-х г. існавалі мястэчкі.

т. 11, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)