ГО́РКІ,

дзве стаянкі позняга мезаліту (6—5 тыс. да н.э.) каля в. Горкі Чэрыкаўскага р-на. Знойдзена шмат крамянёвых вырабаў, сярод якіх прылады працы, палявання, нуклеусы, трапецыі.

Літ.:

Копытин В.Ф. Мезолитическое поселение Горки в Посожье // Краткие сообщения Ин-та археологии АН СССР. М., 1979. Вып. 157.

т. 5, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПРАБІЁНТЫ (ад грэч. kopros памёт, кал + біёнт),

дарослыя арганізмы або іх лічынкі, для якіх прыродным асяроддзем пастаяннага або часовага жыхарства і жыўлення з’яўляюцца фекаліі, гной і інш. Сярод беспазваночных К. — многія алігахеты, жукі (карапузікі, магільшчыкі, стафіліны, гразевікі, гнаевікі, гнаявыя вадалюбы, трупаеды, трупнікі), некаторыя мухі, кляшчы-арыбатыды.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЭНО́ІД (ад лац. catena ланцуг + eidos выгляд),

паверхня, утвораная вярчэннем ланцуговай лініі. Належыць да мінімальных паверхняў (сярод усіх паверхняў, абмежаваных зададзенай крывой, маюць найменшую плошчу). Форму К. набывае мыльная плёнка, «нацягнутая» на 2 драцяныя кругі, плоскасці якіх перпендыкулярныя да лініі, што злучае іх цэнтры.

Да арт. Катэноід.

т. 8, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЧА́ЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА У Старадарожскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Пціч, за 15 км на Пн ад г. Старыя Дарогі. Пл. 0,45 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 670 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Катлавіна рэшткавага тыпу, сярод балота. Схілы катлавіны невыразныя. Берагі сплавінныя, забалочаныя.

т. 14, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ (Ігар Дзмітрыевіч) (н. 28.3.1925, С.-Пецярбург),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1966). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1943), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1957). З 1943 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Гал. балетмайстар ленінградскіх Малога т-ра оперы і балета (з 1962), т-ра імя Кірава (з 1973), мюзік-хола (1979—92). З 1946 выкладчык Ленінградскага харэагр. вучылішча, з 1966 Ленінградскай (цяпер С.-Пецярбургскай) кансерваторыі, з 1992 маст. кіраўнік Акадэміі рускага балета. Сярод лепшых партый: Шурале («Шурале» Ф.​Яруліна), Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Эспада («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса). Паставіў балеты «Бераг надзеі» А.​Пятрова, «Канёк-Гарбунок» Р.​Шчадрына, «Ленінградскую сімфонію» і «Адзінаццатую сімфонію» на муз. Дз.​Шастаковіча, «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага і інш. Сярод вучняў В.Елізар’еў, Г.Маёраў, Р.Нурыеў, М.Барышнікаў. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 3, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Уладзімір Віктаравіч) (н. 18.4.1940, Масква),

рускі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў Маскоўскае харэагр. вучылішча (1958). У 1958—88 саліст Вял. т-ра, з 1995 яго маст. кіраўнік — дырэктар. Творчасць Васільева вылучаецца сілай і прыгажосцю скачкоў і вярчэнняў, чысцінёй ліній, пластычнай дасканаласцю. Сярод партый: Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Пятрушка («Пятрушка» І.​Стравінскага), Шчаўкунок-Прынц» («Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага); першы выканаўца партыі Спартака («Спартак» А.​Хачатурана»; Ленінская прэмія 1970) і інш. Пастаянны партнёр К.Максімавай (жонка Васільева). Сярод пастановак: «Макбет» К.​Малчанава (1980, і выканаўца гал. партыі), «Папялушка» С.​Пракоф’ева (1991), опера «Травіята» Дж.​Вердзі (рэжысёр-пастаноўшчык; 1996). Першыя прэміі міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Вене (1959) і Варне (1964, Балгарыя), прэмія В.​Ф.​Ніжынскага (Парыж, 1964). З 1980-х г. выступае за рубяжом у спектаклях балетмайстраў М.Бежара, Р.Пці і інш.

У.Васільеў у ролі Спартака.

т. 4, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕМЕ́НЦІ ((Clementi) Муцыо) (23.1.1752, Рым — 10.3.1832),

англійскі піяніст-віртуоз, кампазітар, педагог; заснавальнік т.зв. лонданскай школы піянізму. З 1766 жыў у Вялікабрытаніі (з 1773 у Лондане). Канцэртаваў у Еўропе (у 1781 у Вене спаборнічаў з В.​А.​Моцартам). Заснавальнік і саўладальнік шэрагу муз.-выдавецкіх прадпрыемстваў і ф-к муз. інструментаў. Адзін з заснавальнікаў і дырыжор (1813—24) Філарманічнага т-ва ў Лондане. Зрабіў значны ўклад у развіццё фп. мастацтва (празваны «бацькам фп. музыкі»), садзейнічаў зацвярджэнню класічнага цыкла санаты. Сярод твораў: араторыя; каля 15 сімфоній (зберагліся 4); уверцюры; канцэрт для фп. з аркестрам; творы для фп. (найб. вядомы зб. эцюдаў «Шлях да Парнаса», 1817—26). Свой выканальніцкі і пед. вопыт абагульніў у працы «Методыка ігры на фартэпіяна» (1801). Сярод яго вучняў: Ф.​Калькбрэнер, І.Б.Крамер, І.Мошэлес, Дж. Філд.

Літ.:

Николаев А.А. Муцио Клементи. М., 1983.

т. 8, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГА́Т (Мікалай Густававіч) (27.12.1869, Масква — 24.1.1937),

расійскі артыст балета, педагог, балетмайстар. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1888), выкладаў у ім у 1896—1914. З 1888 вядучы класічны танцоўшчык, з 1910 гал. балетмайстар Марыінскага т-ра. Валодаў бездакорнай тэхнікай і акцёрскім дараваннем. Сярод партый: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.​Глазунова), Арлекін, Лука («Арлекінада», «Чароўная флейта» Р.​Дрыга), Франц («Капелія» Л.​Дэліба). З 1922 у эміграцыі. Выкладаў у трупе Рускі балет Дзягілева (1925—26). Адкрыў школу ў Лондане (1923). Сярод вучняў: Г.Паўлава, М.Фокін, Т.Карсавіна, В.Ніжынскі, А.Ваганава, Ф.Лапухоў, М.Фантэйн і інш. Аўтар кн. «Апавяданне пра рускую школу» (1932), альбома «Рускі балет у карыкатурах» (1903, з С.​Легатам).

Літ.:

Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч. 1]. Хореографы. Л., 1971;

Кшесинская М. Воспоминания. М., 1992.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАРЖЫ́НСКІ (Іван Сяргеевіч) (3.3.1896, с. Петра-Свістунова Вясёлаўскага р-на Запарожскай вобл., Украіна — 22.2.1960),

украінскі спявак (бас), педагог; адзін з заснавальнікаў укр. вак. школы. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Екацярынаслаўскую кансерваторыю (1922). З 1925 саліст Харкаўскага, з 1935 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. З 1946 праф. Кіеўскай кансерваторыі. Валодаў моцным, гнуткім, выразным голасам аксамітнага тэмбру, вял. артыстызмам. Сярод партый: Карась («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Выбарны, Тарас Бульба («Наталка Палтаўка», «Тарас Бульба» М.​Лысенкі), Гаўрыла («Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча), Чуб («Ноч перад калядамі» М.​Рымскага-Корсакава), Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Сярод вучняў: Дз.Гнацюк, А.​Кікаць, Я.Чарванюк і інш. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Літ.:

И.​С.​Паторжинский. М., 1976.

т. 12, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ВАНДРО́ЎНЫ ТЭА́ТР БССР.

Існаваў у 1929—35 з асн. базай у Мінску. Створаны з удзельнікаў тэатр. гуртка польскай моладзі пры клубе імя Р.​Люксембург. З 11.7.1932 называўся Дзярж. польскі тэатр БССР імя 11 ліпеня; меў стацыянарную базу ў будынку Чырвонага касцёла. Маст. кіраўнік Э.​Багінскі, з 1933 Я.​Танальскі. У першыя гады пры т-ры працавалі кароткатэрміновыя драм. курсы. Напачатку ў рэпертуары пераважалі аднаактовыя п’есы, скетчы, канцэртныя праграмы. Сярод пастановак: «Недаростак» Дз.​Фанвізіна (1931), «Армія міру» Ю.​Нікуліна (1932), «Мараль пані Дульскай» Г.​Запольскай (1933), «Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава, «Гібель эскадры» А.​Карнейчука (абедзве 1934), «Карчмарка» К.​Гальдоні, «Сям’я Варанцоў» В.​Кавальскага (абедзве 1935). Сярод акцёраў І.​Багінская, Ю.​Галавач, В.​Окалаў, А.​Ротар, З.​Стома, К.​Стэцкі, К.​Мацкевіч, В.​Татаржыцкая, В.​Тышкевіч, І.​Худніцкі.

М.​А.​Каладзінскі.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)