лёгкія выязныя сані ў беларусаў і інш.слав. народаў. Вядомы са стараж. часоў. Знешні выгляд і форма вазка залежалі ад заможнасці і сац. прыналежнасці іх уладальнікаў. Утульны, дэкаратыўна аздоблены кузаў меў звычайна козлы для вазніцы, яго абшывалі лубам або тонкімі дошкамі, у заможнай шляхты абівалі знутры сукном, высцілалі футрам, часам вазок быў з закрытым ці паўзакрытым верхам. Сяляне нярэдка замест вазка выкарыстоўвалі развалкі, паверх якіх у задняй частцы мацавалі трохбаковую рашотчатую спінку («драбінку») або плецены паўкош. У сельскай мясцовасці карыстаюцца і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫННЫ СУД,
суд феадала над залежнымі ад яго людзьмі — прыгоннымі сялянамі ў Расіі і ВКЛ у 15 — 1-й пал. 19 ст. Дзейнічаў на аснове стараж.звычаёвага права. Паводле вотчыннага права юрысдыкцыі феадала падлягалі не толькі залежныя сяляне, але і інш. асобы, што пражывалі на яго землях (гл.Вотчына). Судаводства ў вотчынным судзе ажыццяўляў сам феадал ці службовыя асобы яго дваровай адміністрацыі (соцкія, старосты і інш.). Меры пакарання (цялесныя ці інш.) феадал часам вызначаў адвольна. Фактычна існаваў да адмены прыгоннага права ў 1861.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫНЕ́ВІЧ (Тамаш Міхайлавіч) (1815 — 28.7.1863),
кіраўнік атрада ў час паўстання 1863—64. Уладальнік маёнтка Верхняя Тошчыца ў Рагачоўскім пав. У 1834—44 на ваен. службе. Выйшаў у адстаўку ў чыне штабс-ротмістра і пасяліўся на радзіме. У крас. 1863 арганізаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад у Рагачоўскім пав. Атрад не паспеў разгарнуць актыўных дзеянняў, быў рассеяны паблізу в. Верхняя Тошчыца войскамі, якім дапамагалі сяляне. Паводле прыгавору суда, зацверджанага М.М.Мураўёвым, публічна расстраляны ў Рагачове. Прататып Усяслава Грынкевіча ў рамане У.Караткевіча «Нельга забыць».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА ПАЎЛЮКА́»,
ананімны вершаваны твор бел. л-ры 19 ст. Запісана фалькларыстам П.П.Дземідовічам у пач. 1890-х г. у Слуцкім пав. і ўпершыню апубл. ім (пад псеўд. Беларус) у газ. «Виленский вестник» (1898. № 173). У аснове твора маналог селяніна Паўлюка, накіраваны супраць царскіх улад і памешчыкаў, якія спойваюць народ. У «Гутарцы...» моцна адчуваюцца дыдактычныя матывы («хто хоча з богам жыць, няхай пакіне гарэлку піць»). У маналог уключаны ўстаўкі, у якіх тлумачыцца, чаму сяляне цягнуцца да гарэлкі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1648—50,
выступленне сялян і гараджан у вызваленчую вайну ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Пачалося 13.10.1648 выступленнямі сялян вёсак Будымлі, Бухлічы, Варані, Векаровічы, Старое Сяло, Струга, гараджан Давыд-Гарадка, мяст. Гарадзец. Паўстанцы на чале з войтам Давыд-Гарадка І.Багдашэвічам (выбраны палкоўнікам) стваралі атрады на казацкі ўзор. У кастр. — снеж. 1648 паўстанне ахапіла ўсю Давыд-Гарадоцкую вол. і суседнюю ч. Пінскага пав.Сяляне грамілі маёнткі феадалаў, знішчалі дакументы на правы іх уладанняў і інш. Паўстанне працягвалася больш за 2 гады, задушана войскамі Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІНДЗЕ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1903,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне народаў Македоніі супраць тур. панавання. Пачалося 2.8.1903 на Ільін дзень (адсюль назва). Ахапіла пераважна паўд.-зах. Македонію, у інш. раёнах дзейнічалі партыз. атрады. Паўстанцы, у асноўным сяляне, захапілі шэраг населеных пунктаў, 4 жн. — г. Крушава і абвясцілі рэспубліку. 19 жн., калі паўстанне пайшло на спад, ва ўсх. Фракіі ўспыхнула т.зв. Праабражэнскае паўстанне балгар, якія таксама абвясцілі рэспубліку ў г. Малка-Тырнава. У вер. 200-тысячная тур. армія жорстка задушыла паўстанне, тысячы паўстанцаў загінулі ў баях, расстраляны, 30 тыс. эмігрыравала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАЕ́ДЗІЦА,
старадаўняе бел. свята язычніцкага паходжання, водгалас пакланення мядзведзю. Звязана з татэмізмам. Спраўлялі ў пач. вясны, калі заканчвалася спячка мядзведзя і ён вылазіў з бярлогі. На К. гатавалі камы (адсюль і назва), сушаны рэпнік, аўсяны кісель, якія лічыліся любімай ежай мядзведзя і былі абрадавымі стравамі святочнага абеду; пасля сяляне клаліся на палаці і пераварочваліся з боку на бок, імітуючы звычкі мядзведзя. У 19 ст. К. адзначалі ў сакавіку перад Дабравешчаннем; паступова страціла першапачатковы сэнс і стала традыц. забавай. У канцы 19 ст. знікла з побыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНЕ́ВІЧ (Фелікс) (1802, Мазыршчына — 1863),
удзельнік паўстання 1830—31. Вучыўся ў Віленскім ун-це. У маі 1831 узначаліў паўстанне ў Мазырскім пав. У створаны ім паўстанцкі атрад уваходзілі сяляне, шляхта, чыноўнікі. У чэрв. 1831 пасля няўдалай спробы захапіць Мазыр, атрад вымушаны быў перанесці дзеянні ў Рэчыцкі пав. Пасля паражэння паўстання эмігрыраваў у Галіцыю. У 1833 у Францыі. Удзельнічаў у паліт. жыцці польскай эміграцыі. Паводле некат. звестак у 1835—39, 1844—46 быў эмісарам на Палессі, у Галіцыі, на Валыні, у Коўне. У 1857, скарыстаўшы амністыю, вярнуўся ў Мазыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗАРЭ́ЎСКІ (Аляксандр Мацвеевіч) (20.6.1834, с. Гірэўка, цяпер Шаўчэнкава Канатопскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 13.4.1902),
украінскі гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1858). Служыў у суд. установах на Украіне. Аўтар даследаванняў па гісторыі сялянства і агр. адносін на Левабярэжнай Украіне ў 17—18 ст. [«Маларасійскія паспалітыя сяляне (1648—1783)», 1866; «Людзі старой Маларосіі», 1882—88; «Апісанне старой Маларосіі», 1888—1902, і інш.], пра ўкр. гетманаў («Павел Палуботак», 1880; «Нататкі пра Мазепу», 1898) і інш. Увёў у навук. ўжытак шэраг каштоўных гіст. крыніц, у т. л. «Генеральнае апісанне Маларосіі» 1765—69.