ТО́ФЛЕР (Toffler) Алвін (н. 4.10.1928, Нью-Йорк),

амерыканскі філосаф, сацыёлаг, футуролаг. З 1969 праф. Корнелскага ун-та, потым Новай школы сац. даследаванняў у Нью-Йорку, дзе выкладаў сацыялогію будучыні (вёў адзін з першых такіх семінараў у свеце). У працах «Шок будучыні» (1970), «Трэцяя хваля» (1980), «Метамарфозы ўлады» (1990) прааналізаваў тэндэнцыі і супярэчнасці гіст. эвалюцыі. Паводле Т., у развіцці чалавецтва вылучаюцца 3 цывілізацыйныя хвалі: даіндустрыяльная — аграрная цывілізацыя (да 1650—1750), заснаваная на простым падзеле працы, класавай структуры грамадства, аўтарытарнай уладзе і дэцэнтралізаванай эканоміцы; індустрыяльная — прамысл. цывілізацыя, якая прывяла да канфлікту паміж прыроднымі і сацыякульт. аспектамі чалавечага існавання, шматлікіх рэвалюцый, контррэвалюцый і войнаў 2-й пал. 18—20 ст.; постіндустрыяльная — камп’ютэрна-інфармацыйная цывілізацыя (з 2-й пал. 20 ст.), якая выклікана нарастаючым і паўсюдным выкарыстаннем камп’ютэраў, лазернай тэхнікі, біятэхналогіі, геннай інжынерыі, электронікі, тэле- і відэакамунікацый, пастаянным абнаўленнем энергет. рэсурсаў і інтэлектуальнага патэнцыялу грамадства. Да контураў гэтай новай, «першай сапраўды гуманнай цывілізацыі ў вядомай нам гісторыі» Т. адносіць таксама шырокае выкарыстанне інфарм. (гнуткіх) тэхналогій, дэмакратыю і плюралізм як аснову функцыянавання ўсіх сфер жыццядзейнасці людзей, пераход ад нац.-дзярж. замкнёнасці і самаўзвышэння да агульных рынкаў са свабодным перамяшчэннем тавараў, людзей, ідэй, культуры. На яго думку, у інфарм. грамадстве веды становяцца не толькі найважнейшым рэсурсам перадавой эканомікі, але і найб. эфектыўнай крыніцай і інструментам улады; пераразмеркаванне ведаў і інтэлектуальных рэсурсаў — неабходная перадумова жыццяздольнасці сучаснай цывілізацыі. Многія прагнозы Т. на бліжэйшую перспектыву спраўдзіліся, напр., прадказанні пра ўзмацненне процістаяння паміж багатымі і беднымі рэгіёнамі свету (Поўнач—Поўдзень, Амерыка—Азія), абвастрэнне праблем урбанізацыі, расавых, міжнац. і міжрэліг. канфліктаў і інш. Аўтар прац «Культурныя спажыўцы» (1973), «Даклад аб экаспазме» (1975), «Папярэднія нататкі і перспектывы» (1983), «Успрымальная карпарацыя» (1985) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Третья волна. М., 1999;

Метаморфозы власти: Знание, богатство и сила на пороге XXI в. М., 2002;

Шок будущего. М., 2002.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 15, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́БЕРМАС, Габермас (Habermas) Юрген (н. 18.6.1929, г. Дзюсельдорф, Германія), нямецкі філосаф і сацыёлаг. Праф. Гайдэльбергскага (1962—64) і Франкфурцкага (1964—71, 1983—94) ун-таў. У 1971—83 садырэктар Ін-та даследаванняў жыццёвых умоў навук.-тэхн. свету (г. Штэрнберг). Аўтар прац «Структурныя змены грамадскасці» (1962), «Пазнанне і інтарэс», «Тэорыя і практыка» (абедзве 1963), «Тэорыя камунікатыўнага дзеяння» (т. 1—2, 1981), «Запозненая рэвалюцыя» (1990) і інш. Ранні перыяд у эвалюцыі яго поглядаў характарызуецца ўплывам неамарксізму і франкфурцкай школы, позні — набліжэннем да традыц. лібералізму і гуманізму. Распрацаваў тэорыю камунікатыўнага дзеяння, пад якім разумеў моўнае ўзаемадзеянне індывідаў, што ўпарадкоўваецца паводле абавязковых норм і накіроўваецца на дасягненне згоды ў фармальных і нефармальных структурах грамадства. Камунікатыўнае дзеянне адрозніваў ад інструментальнага ці стратэгічнага, якое характэрна для сферы працы і адпавядае тэхн. нормам і правілам рацыянальнага выбару. Адрозніваў таксама нармалізаванае дзеянне, звязанае з устанаўленнем прававых норм і забеспячэннем іх выканання з выкарыстаннем уладных паўнамоцтваў, і экспрэсіўнае («драматургічнае»), звязанае са стварэннем і разуменнем твораў мастацтва. Ядром грамадзянскай супольнасці лічыў сац. ўтварэнні, што ўзнікаюць па-за межамі дзейнасці дзяржавы і эканомікі (культ. асацыяцыі, царква, спарт. клубы, сродкі масавай інфармацыі, паліт. партыі і інш.), задача якіх — пашырэнне сац. роўнасці і свабоды, перабудова і дэмакратызацыя дзяржавы. Выступаў за стварэнне агульнаеўрап. канстытуцыі, якая б забяспечыла фарміраванне агульнаеўрап. грамадзянскай супольнасці, паліт. культуры і грамадз. салідарнасці.

Тв.:

Рус. пер. — Демократия. Разум. Нравственность: Московские лекции и интервью. 2 изд. М., 1995;

Моральное сознание и коммуникативное действие. СПб., 2000;

Вовлечение Другого: Очерки полит. теории. СПб., 2001;

Почему Европе нужна конституция? // Социология. 2001. № 4. Философия как местоблюститель и интерпретатор // Путь в философию: Антология. СПб., 2001.

Літ.:

Фурс В.Н. Философия незавершенного модерна Юргена Хабермаса. Мн., 2000;

Современная западная теоретическая социология. Вып. 1. Юрген Хабермас. М., 1992;

Современные социологические теории общества. М., 1996.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІДА́РНАСЦЬ,

сацыяльна-філасофскае паняцце, якое азначае агульнасць інтарэсаў, адзінае разуменне асн. прынцыпаў светапогляду, сумесныя практычныя дзеянні дзеля станоўчага вырашэння важных грамадскіх праблем, сумесную адказнасць за стан дзяржавы і грамадства. Канцэпцыі С. займаюць цэнтр. месца ў сістэме сацыяліст. ідэй, нац. і нацыяналіст. ідэалогіях, ідэйна-паліт. праграмах сац., нац.-вызв., рэфарматарскіх і інш. масавых рухаў, што імкнуцца мабілізаваць энергію людзей і накіраваць яе на дасягненне агульных праграмных ідэй. Паводле франц. філосафа А.​Конта, С. з’яўляецца вынікам падзелу працы. Франц. сацыёлаг Э.​Дзюркгейм адрозніваў механічную С., характэрную для неразвітых архаічных грамадстваў, і арганічную, характэрную для развітога грамадства з дасканалай сістэмай падзелу працы. С. — цэнтр. катэгорыя рус. філасофіі народніцтва, прадстаўнікі якога лічылі С. найважнейшым крытэрыем развіцця грамадства: яе нарастанне прыводзіць да прагрэсу і ўсеагульнага дабрабыту, а зніжэнне выклікае барацьбу за існаванне, беднасць і абвастрэнне сац. канфліктаў (М.​А.​Бакунін, П.​А.​Крапоткін, П.​Л.​Лаўроў, Л.​І.​Мечнікаў, М.​К.​Міхайлоўскі і інш.). Вышэйшы сэнс С. народнікі бачылі ва ўзгадненні матэрыяльных і нематэрыяльных інтарэсаў кожнай асобы з яе грамадскімі абавязкамі. Лаўроў, Мечнікаў экстрапаліравалі паняцце С. па-за межы чалавечага грамадства, лічылі яе якасцю ўсяго арган. свету, у якім узаемная падтрымка забяспечвае выжыванне пэўнага віду ў барацьбе з інш. і служыць фактарам яго развіцця. На іх думку, С. у грамадстве разбураецца пад уплывам рыначных адносін, індывідуалізму. Паводле Лаўрова, перадумовай С. з’яўляецца ліквідацыя эканам. канкурэнцыі. Мечнікаў разглядаў С. як гал. фактар гіст. працэсу, а прагрэс у грамадстве звязваў з узроўнем развіцця кааперацыі і паслядоўнай зменай яе форм: паднявольныя саюзы, якія трымаюцца на знешнім прымусе, саступаюць месца падпарадкаваным саюзам, якія залежаць ад падзелу працы; канчатковай і вышэйшай формай кааперацыі з’яўляецца свабодны саюз індывідаў, у якім С. усталёўваецца ў выніку свабоднага волевыяўлення.

Літ.:

Лавров П.Л. Философия и социология: Избр. произв. Т. 2. М., 1965;

Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр. М., 1996;

Мечников Л.И. Цивилизация и великие исторические реки. Статьи. М., 1995.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́КІН (Sorokin) Піцірым Аляксандравіч (21.1.1889, г.п. Жэшарт, Комі, Расія — 10.2.1968),

руска-амерыканскі сацыёлаг. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1914). Лідэр правага крыла эсэраў. З 1917 гал. рэдактар газ. «Воля народа», сакратар А.​Ф.​Керанскага. З 1920 праф. Петраградскага ун-та. У 1922 эмігрыраваў у Прагу. З 1923 у ЗША. З 1924 праф. Мінесоцкага, у 1930—59 — Гарвардскага ун-таў. З 1964 старшыня Амер. сацыялагічнай асацыяцыі. Сацыялагічная канцэпцыя С. фарміравалася пад уплывам Я.​В.​Раберці, М.​М.​Кавалеўскага, Л.​І.​Петражыцкага, Э.​Дзюркгейма і інш. Характарызаваў сістэму сваіх сацыялагічных поглядаў як «разнавіднасць эмпірычнага неапазітывізму ці крытычнага рэалізму». Сацыялогію як навуку прадстаўляў у выглядзе 4 раздзелаў: агульнае вучэнне пра грамадства; сац. механіка (вывучэнне заканамернасцей і механізмаў грамадскага жыцця); сац. генетыка (даследаванне паходжання і развіцця грамадства і грамадскіх ін-таў); сац. палітыка (канцэпцыі прагрэсу грамадства і прапановы пэўных сродкаў для паляпшэння грамадскага жыцця). У анталагічным аспекце разглядаў грамадства як «сац. душу», «свет каштоўнасцей». Гіст. працэс уяўляў як цыклічную флуктуацыю пэўных тыпаў культур. Сярод асн. тыпаў культур вылучаў пачуццёвы (характарызуецца перабольшваннем значэння пачуццёвага ўспрымання свету); ідэацыянальны (вызначаецца дамінантай рацыянальнага мыслення); ідэалістычны (звязаны з інтуітыўным пазнаннем рэчаіснасці). Крызісны стан зах. грамадства 20 ст., на думку С., абумоўлены набліжэннем да пачуццёвага тыпу культуры. Выхад з крызісу бачыў у адмове ад спажывецкай псіхалогіі і імкненні да ідэацыянальнага тыпу культуры. Адзін са стваральнікаў тэорыі мабільнасці сацыяльнай і сацыяльнай стратыфікацыі. Адзін з заснавальнікаў канвергенцыі тэорыі. Будучыню цывілізацыі звязваў з інтэгральным тыпам грамадскага ладу, які пераадолее негатыўныя і аб’яднае лепшыя бакі капіталізму і сацыялізму.

Тв.:

Рус. пер. — Дальняя дорога: Автобиогр. М., 1992;

Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;

Система социологии. Т. 1—2. М., 1993;

Общедоступный учебник социологии;

Статьи разных лет. М., 1994;

Главные тенденции нашего времени. М., 1997;

Преступление и кара, подвиг и награда: Социол. этюд об основных формах обществ. поведения и морали. СПб., 1999.

Літ.:

Канев С.Н. Путь Питирима Сорокина. Сыктывкар, 1990;

Голосенко И.А.

Питирим Сорокин: Судьба и труды. Сыктывкар, 1991.

Т.​І.​Адула.

П.А.Сарокін.

т. 14, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮРАКРА́ТЫЯ (франц. bureaucratie ад bureau бюро, канцылярыя + грэч. kratos, улада, панаванне; літар. панаванне канцылярыі),

іерархічная арганізацыя, якая ў сваёй дзейнасці падпарадкоўваецца пэўным правілам, абапіраецца на вызначаныя ў кантракце адносіны службовай залежнасці паміж кіраўніком і падначаленымі і персанал якой атрымлівае сталае грашовае ўзнагароджанне. Тэрмін «бюракратыя» ўзнік у 18 ст. ў Францыі, з 19 ст. выкарыстоўваецца ў дачыненні да дзярж. адміністрацыі. Пачатковыя формы бюракратыі склаліся ў стараж. імперыях (Егіпет, Рым, Кітай), што было абумоўлена неабходнасцю мабілізацыі на вайсковыя мэты (ваенная бюракратыя), для выканання будаўнічых, ірыгацыйных і інш. работ, а таксама на збор падаткаў (фіскальная бюракратыя). Персанал падатковай адміністрацыі найчасцей набіралі з тых груп насельніцтва, якія не належалі да прывілеяваных слаёў грамадства, а знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад свайго ўладара, які выкарыстоўваў бюракратыю для ўмацавання ўласнага становішча, у супрацьстаянні з арыстакратыяй. Функцыянаванне бюракратыі спрыяла рацыяналізацыі дзярж. улады (узнікненне законаў) і эканам. прагрэсу (дзярж. палітыка набывала ўсё больш прадказальны характар).

Пачатак сучаснай бюракратыі паклалі змены, што адбыліся ў сярэдневяковай Еўропе, і найперш узнікненне абсалютных манархій. Яе фарміраванню папярэднічалі працяглыя па часе працэсы: спецыялізацыя адм. функцый на каралеўскіх і княжацкіх дварах, а пазней аддзяленне гэтых функцый ад двара; замяшчэнне адм. пасад высокакваліфікаванымі юрыстамі; пераход адм. функцый ад ваен. кіраўнікоў да цывільных чыноўнікаў. Усё гэта ўзмацняла тэндэнцыі рацыяналізацыі бюракратычнага апарата. Найбольш поўны аналіз сучаснай бюракратыі даў ням. сацыёлаг М.​Вебер, які сфармуляваў т.зв. ідэальны тып бюракратыі. Ён лічыў яе адным з галоўных элементаў еўрап. цывілізацыі. На яго думку, выкарыстанне арганізацыі падобнага тыпу ў палітыцы і эканоміцы забяспечыла перавагу Еўропы і яе цывілізацыйнага асяроддзя. Амер. вучоныя Р.​Майкелсан, Ф.​Селзнік, Т.​Парсанс, Р.​Мертан паказалі, што ў натуральнай сістэме бюракратыі разам з рацыянальнымі момантамі існуюць ірацыянальныя, а ў выніку яе разладжвання сродкі дасягнення мэты (іерархізацыя ўлады, строгая дысцыпліна, няўхільнае выкананне правіл, інструкцый і г.д.) ператвараюцца ў самамэту. А.​Гоўлднер лічыў, што існуюць 2 тыпы бюракратыі — прадстаўнічая, для якой характэрна ўлада, што абапіраецца на веды і ўменне, і аўтарытарная, што выкарыстоўвае для ўмацавання сваёй улады розныя санкцыі; апошні тып бюракратыі ўзнікае, калі падпарадкаванне робіцца самамэтай, а ўлада ўзаконьваецца самім фактам знаходжання на пасадзе. У больш вузкім значэнні тэрмін «бюракратыя» абазначае няўмелыя, безвыніковыя дзеянні дзярж. адміністрацыі, празмерную зафармалізаванасць і марудлівасць у вырашэнні спраў.

Літ.:

Weber M. The theory of social and economic organization. London; New York, 1947; Bureaucracy as a social problem. Greenwich (Conn.), 1983; Bürokratie als Schicksal? Opladen, 1985.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУ́ВЭ Пётр Бернгардавіч (26.1.1870, г. Перм, Расія — 26.2.1944),

расійскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, грамадскі і паліт. дзеяч. Унук В.​Я.​Струвэ. Ганаровы чл. Рас. АН (1917). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1895). Рэдагаваў марксісцкія час. «Новое слово» (з 1897), «Начало» (з 1899). У 1898 удзельнічаў у складанні «Маніфеста I з’езда РСДРП» (надрук. ў г. Бабруйск), ад якога ў далейшым адрокся. З 1902 рэдагаваў час. «Освобождение». З 1905 адзін з арганізатараў і лідэраў канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі. З 1907 дэп. 2-й Дзярж. думы. З 1906 выкладаў у Пецярбургскім політэхн. ін-це, адначасова з 1910 — на Бястужаўскіх жаночых курсах, у 1917 абараніў доктарскую дысертацыю. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 дырэктар эканам. дэпартамента Мін-ва замежных спраў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 удзельнік антысав. руху, член урада П.​М.​Урангеля. З 1920 у эміграцыі (Прага, Берлін, Бялград, Парыж), займаўся выкладчыцкай, навук. і паліт.-публіцыстычнай дзейнасцю. У эвалюцыі яго філас. поглядаў вылучаюць 3 перыяды: прытрымліванне «легальнага марксізму», адмаўленне тэорыі К.​Маркса і пераход да неакантыянства, схіленне да плюралістычнага светапогляду. У цэнтры яго сінт. філасофіі — праблемы належнага і існага, свабоды і неабходнасці. Шляхам аналізу гэтых паняццяў прыйшоў да высновы, што існуе асобны свет з’яў, недаступны чалавечаму вопыту. Абгрунтаваў неабходнасць пераходу ад эмпірычнага вопыту да метафізікі, якая спалучае пазітыўныя веды і спасціжэнне тайны быцця. Адстойваў прынцыпы хрысціянска-дэмакр. маралі, заснаваныя на духоўнай роўнасці і свабодзе людзей. Сусв. парадак уяўляў як суму першасных, вечных, творчых матэрыяльных і духоўных элементаў. У аснове яго сац. поглядаў — ідэі ірацыянальнасці грамадства і гіст. працэсу і ўвасаблення рацыянальнага пачатку ў дзяржаве. Лічыў, што дзяржава мае містычную, звышразумовую прыроду. У якасці сац. ідэалу разглядаў ліберальную нац. дзяржаву. Сцвярджаў, што ў ідэальнай дзяржаве інтарэсы асобных грамадзян, сац. груп і класаў аб’ядноўваюцца на глебе нац. ідэі і служаць найвышэйшаму дзярж. інтарэсу. Крытыкаваў псіхалогію «дзяржаўнага адшчапенства», у якой абвінавачваў прадстаўнікоў дэмакр. інтэлігенцыі. Эканам. погляды С. грунтуюцца на ідэі здольнасці капіталізму да неабмежаванага прагрэсу і гарманізацыі розных сац.-класавых інтарэсаў. Заклікаў да перагляду эканам. палажэнняў марксісцкай тэорыі (тэорый вартасці, прыбавачнай вартасці, узнаўлення і інш.).

Тв.:

Patriotica: Политика, культура, религия, социализм: [Сб.]. М., 1997;

Избр. соч. М., 1999;

Patriotica: Россия. Родина. Чужбина: [Сб. ст.]. СПб., 2000.

Літ.:

Афанасьев М. Либеральная экономика Петра Струве // Вопр. экономики. 1994. № 12;

Гнатюк О.Л. Консервативный либерализм и философско-социологическая методология «основного дуализма» П.​Б.​Струве // Социол. исслед. 1998. № 7.

В.​І.​Боўш.

П.Б.Струвэ.

т. 15, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСІ́ЛЛЕ,

выкарыстанне сілы або пагрозы сілай якім-н. сац. суб’ектам (асобай, групай, супольнасцю, арг-цыяй, партыяй, дзяржавай і да т.п.) з мэтай прымусу людзей да пэўных паводзін, набыцця або захавання эканам. і паліт. панавання, заваёвы пэўных правоў, прывілеяў або тэрыторый. Н. як адзін з канстытуіруючых кампанентаў гіст. працэсу адыграла істотную ролю ў працэсах утварэння дзяржаў, імперый, заваёў, паўстанняў, рэвалюцый, войнаў, сцвярджэння рэлігіі, у рэалізацыі рэпрэсіўных стратэгій пануючымі дзярж. структурамі. Мэтамі Н. могуць быць: захоп, захаванне, умацаванне, змена ўлады, перамены ў ажыццяўленні палітыкі, заваёва. інш. народаў, тэрыторый і краін, эканам. ўзбагачэнне, задушэнне апазіцыі, іншадумства і да т.п. Паводле маштабаў бывае адзінкавае (асобныя адзінкавыя дзеянні), групавое ці абмежаванае (у адносінах да пэўных сац., этн., паліт., рэліг. груп), масавае (масавыя рэпрэсіі, тэрор, вайна і інш.). Асн. віды і формы Н.: агрэсія, унутрыдзярж. (грамадзянская), міждзярж., сусв. войны, рэвалюцыя, паўстанне, бунт, пераварот, путч, тэрор, забойства, збіванне, згвалтаванне, замбіраванне. Вылучаюць таксама Н. інструментальнае, якое мае канкрэтную мэту (напр., захоп улады), і сімвалічнае, якое арыентавана на засваенне створанага прапагандай пэўнага ўзору (напр., прапагандаванага ў фаш. Германіі вобраза «сапраўднага арыйца»). У сучасным свеце шырока ўжываецца ўскоснае, псіхал. Н. ў выглядзе навязвання скажонай інфармацыі, сац. міфаў, маніпуліравання свядомасцю людзей.

Існуе некалькі тэорый Н. напр., Я.​Дзюрынг лічыў, што прычынай паяўлення ў грамадстве проціборствуючых класаў з’яўляецца менавіта Н. Абапіраючыся на яго тэорыю, аўстр. сацыёлаг Л.​Гумпловіч, тэарэтык сацыял-дэмакратыі К.​Каўцкі лічылі выкарыстанне Н. вырашальнай прычынай узнікнення класаў і дзяржавы. К.​Маркс, а ўслед за ім У.​І.​Ленін разглядалі Н. як характар сац. прагрэсу, асабліва перабольшвалася роля рэв. Н. ў стварэнні новых, больш прагрэс., сацыяліст. форм грамадскага ладу. Буйнамаштабныя формы выкарыстання масавага Н. ў 20 ст. (2 сусв. вайны, сац. рэвалюцыі, масавы тэрор, які ажыццяўляўся таталітарнымі паліт. рэжымамі і інш.) паказалі абмежаванасць, аднабаковасць толькі сац.-класавай трактоўкі Н. і зноў прыцягнулі ўвагу да пошукаў вытокаў Н. ў асаблівасцях чалавечай прыроды, што бярэ пачатак у канцэпцыях Т.​Гобса, Ф.​Ніцшэ і З.​Фрэйда. Аўстр. філосаф К.​Лорэнц лічыў уласцівую чалавеку агрэсіўнасць, звязаную з Н., ахоўнай рэакцыяй арганізма на неспрыяльнае ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Э.​Фром, даследуючы «анатомію чалавечай дэструктыўнасці», якая выяўлялася ў розных формах Н. над сабой і інш. (садызм, мазахізм, імкненне ўладарнічаць, падпарадкоўваць), паказаў, што ўсе яе праяўленні абумоўлены сац. фактарамі «хворага грамадства», якое адчувае неабходнасць у лячэнні на аснове «гуманістычнага псіхааналізу». У гісторыі грамадска-паліт., філас. і рэліг. думкі існавала мноства канцэпцый, якія абвяргалі неабходнасць выкарыстання Н. Ідэя ненасілля зарадзілася ў стараж.-ўсх. рэліг. культах індуізму, будызму і канфуцыянства, знайшла ўвасабленне ў стараж.-грэч. традыцыі і ў раннім хрысціянстве. Прынцып цярплівасці і звязаных з ім ненасільных дзеянняў знайшоў адлюстраванне ў філас. працах Вальтэра, Ж.​Ж.​Русо, Дж.​Лока, І.​Канта. У найноўшы час прынцып ненасілля атрымаў яркае ўвасабленне ў вучэнні аб непраціўленні злу насіллем Л.​М.​Талстога, аб ненасільных дзеяннях у паліт. сферы М.​Гандзі, у імкненні М.​Л.​Кінга выкарыстоўваць ненасілле ў барацьбе з расавым прыгнётам. Гэтыя прынцыпы ў сучасных умовах выкарыстоўваюцца ў міжнар. адносінах.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 11, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУТУРАЛО́ГІЯ (ад лац. futurum будучыня + ...логія),

у шырокім сэнсе — агульная канцэпцыя будучыні Зямлі і чалавецтва; у вузкім сэнсе — галіна навук. ведаў, якая вывучае перспектывы сац. працэсаў, сінонім прагназіравання і прагностыкі. Тэрмін «Ф.» для абазначэння філасофіі будучыні прапанаваў у 1943 ням. сацыёлаг О.​Флехтхейм. Асновы Ф. закладзены ў творах вучоных і пісьменнікаў аб розных аспектах будучыні чалавецтва (Ш.​Рышэ, Э.​Говард, Дз.​І.​Мендзялееў, К.​Э.​Цыялкоўскі, Г.​Уэлс і інш.). Радыкальныя сац. змены і крызісы 20 ст., бурнае развіццё эканомікі, навукі і тэхнікі, глабалізацыя сусв. тэндэнцый і новыя геапаліт. зрухі выклікалі патрэбнасць у тлумачэнні ходу і перспектыў гіст. працэсу, прагназіраванні яго вынікаў. У 1960—70-я г. распрацаваны асн. канцэпцыі будучыні: індустрыяльнага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, інфармацыйнага грамадства, «тэхнатроннай эры», «квітнеючага», «арганізаванага», «асветнага» і інш. грамадстваў. Футуралагічная арыентацыя грамадазнаўства прывяла да стварэння канцэпцый сац. змен у сацыялогіі (Т.​Парсанс, Р.​Мертан, А.​Турэн, П.​Штомпке і інш.), тэорый росту (эканам., сац., культ. і інш.), сац. развіцця і фарміравання новых сусв. сістэм (тэорыі новага сусв. парадку). З канца 1980-х г. на Захадзе тэрмін «Ф.» выцясняецца паняццем «даследаванне будучыні», але адначасова захоўвае сэнс сіноніма прагназіравання і прагностыкі, састаўной часткі сац., паліт., эканам. кіравання на аснове сучасных метадаў збору і апрацоўкі інфармацыі і прыняцця на іх аснове навукова апраўданых рашэнняў. У працах М.​М.​Майсеева, В.​А.​Коўды, М.​У.​Цімафеева-Расоўскага, М.​М.​Багалюбава і інш. паказваецца бесперспектыўнасць выкарыстання ядзернай зброі, несумяшчальнасць НТР з яе сац.-эканам. вынікамі. На першы план вылучаюцца праблемы экалогіі, гарманізацыі паліўна-энергет., матэрыяльна-сыравіннай, харч., дэмаграфічнай і інш. сфер (Д.​Медаўс, Дж.​Форэстэр і інш.). У 1970—80-я г. ў Ф. актыўна распрацоўваліся праблемы «новай цывілізацыі», вяліся пошукі новай парадыгмы сусв. тэорыі адаптацыі да сац. змен, шляхоў вырашэння сучасных глабальных праблем (А.​Тофлер, Э.​Шумахер і інш.). З канца 20 ст. вылучаюць 2 асн. кірункі футуралагічных даследаванняў: аптымістычны і песімістычны (тэорыі крызісаў і катастроф), якія падзяляюцца на шэраг школ і тэндэнцый: Ф. «паваротнай будучыні» (Т.​Джонс, Б.​Фулер, Г.​Кан і інш.); Ф. гуманістычна арыентаваных прыродазнаўцаў (Д.​Габар, К.Ф. фон Вайцзэкер), праектаванне мадэлей сусв. развіцця (С.​С.​Мендэловац, Дж.​Бхагваці, А.​Мазруі, Р.​Катары, Р.​Фальк); гуманіст. група — Рымскі клуб (Б. дэ Жувенель і інш.); амер. аптымістычны кірунак (Фулер, Дж.​Макчэйл); сцыентычны прагнастычны кірунак (Кан, О.​Хелмер, Г.​Гордан), Камісія-2000 (пад кіраўніцтвам Д.​Бела) і інш.

Літ.:

Бестужев-Лада И.В. Прогнозное обоснование социальных нововведений. М., 1993;

Яго ж Нормативное социальное прогнозирование: возможные пути реализации целей общества: Опыт систематизации. М., 1987;

Белл Д. Грядущее постиндустриальное общество: Пер. с англ. М., 1999;

Антонович И.И. После современности: Очерк цивилизации модернизма и постмодернизма. Мн., 1997;

Тоффлер Э. Футурошок: Пер. с англ. СПб., 1997;

Яго ж. Третья волна: Пер. с англ. М., 2002;

Новая постиндустриальная волна на Западе: Антология. М., 1999;

Валлерстайн И. Анализ мировых систем и ситуация в современном мире: Пер. с англ. СПб., 2001;

Данилов А.Н. Социология власти: Теория и практика глобализма. Мн., 2001.

А.​М.​Данілаў.

т. 16, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)