(Маскоўская вобл.). Бярэ пачатак са збораў кінадакументаў Маскоўскага і Петраградскага кінакамітэтаў пры Наркамасветы РСФСР (з 1918). Фотадакументы з 1919 канцэнтраваліся ў 8-й секцыі Адзінага дзярж. архіўнага фонду ў іканаграфічным аддзеле Архіва Кастр. рэвалюцыі. У 1926 створаны Цэнтр. архіў кінафотадакументаў РСФСР, з 1934 — Цэнтр. фотафонакінаархіў СССР, з 1941 Цэнтр.дзярж. архіў кінафотафонадакументаў СССР, з 1967 Цэнтр.дзярж. архіў кінафотадакументаў СССР, з 1992 сучасная назва. У 1978 у г. Уладзімір створаны Цэнтр.дзярж. архіў кінафотадакументаў РСФСР, які ў 1992 падпарадкаваны як філіял архіва ў Краснагорску; у 1998 спыніў існаванне ў сувязі з перамяшчэннем дакументаў у Краснагорск. Захоўвае 38 806 адзінак уліку (назваў),
што складае 217 982 адзінкі захоўвання (скрыні) кінадакументаў з 1896 да нашага часу; 1 018 140 адзінак захоўвання фотадакументаў з 1855; 217 адзінак захоўвання відэафанаграм з 1988. Зберагае хроніка-дакумент. фільмы і фотаздымкі, якія асвятляюць гісторыю Расіі і СССР з сярэдзіны 19 ст., у т. л. Крымскую, рус.-японскую, 1-ю сусв., грамадз., сав.-фінл. войны, Вял.Айч. вайну (больш за 80 500 фотаздымкаў); ваен. вучэнні, парады; паліт. падзеі і мерапрыемствы (жыццё імператарскага двара, пратакольныя прыёмы, з’езды, паліт. працэсы і інш.); новабудоўлі, асваенне космасу, развіццё навукі. Асн. крыніцы камплектавання архіва: Цэнтр. студыя дакумент. фільмаў, акц.т-ва «Фармат», кінастудыі «Бацькаўшчына», «Юнацтва», «Сучаснік» і інш., агенцтва Фота—ІТАР—ТАСС, Рас.інфарм. агенцтва «Весці», «Фатаграфія» Упраўлення справамі Прэзідэнта Рас. Федэрацыі, Дырэкцыя Міжнар. фотавыставак, рэдакцыі рас. газет і часопісаў і інш. Кінафотадакументы архіва асвятляюць і гісторыю Беларусі 1920—80-х г. У пач. 1990-х г.бел. ўлады выкупілі ў архіва шэраг кінафільмаў і сюжэтаў з кіначасопісаў пра падзеі на Беларусі ў пач. — сярэдзіне 20 ст.
Літ.:
Российский государственный архив кинофотодокументов: (Краткий док. обзор). Красногорск, 1994;
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 190—195.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ЭКАНО́МІКІў Маскве.
Засн. ў 1961 як Цэнтр.дзярж. архіў нар. гаспадаркі СССР шляхам вылучэння з Цэнтр.дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі СССР фондаў устаноў агульнасаюзнага значэння, якія займаліся эканомікай СССР; з 1992 сучасная назва. 2027 фондаў, амаль 4 млн. адзінак захоўвання за 1917—91 (асобныя дакументы з пач. 19 ст. і да 1994). Зберагае фонды цэнтр. органаў кіравання эканомікай СССР: ВСНГ РСФСР (1917—22) і СССР (1923—32), Дзярж. планавага к-таСССР (1921—91), Дзярж. банка СССР (1921—9), нар. камісарыятаў, мін-ваў, дзярж. к-таў і іх гал. упраўленняў, Дзяржплана і ЦСУ СССР (1918—87); вытв.-гасп. арг-цый: усесаюзных трэстаў, аб’яднанняў, глаўкаў, акц. т-ваў; н.-д. устаноў, між- і ўнутрыгаліновых усесаюзных арг-цый: Усесаюзнай акадэміі с.-г. навук імя Леніна, Акадэміі буд-ва і архітэктуры, галіновых НДІ, гідраметэаслужбы і інш.; фонды цэнтр. органаў кіравання арг-цыямі прамысл. і спажывецкай кааперацыі: Савета Усерас.каап. з’ездаў, Цэнтр.каап. савета, галіновых усерас. і ўсесаюзных цэнтраў с.-г. кааперацыі. Сярод фондаў асабістага паходжання фонды кіруючых асоб дзяржапарата Г.М.Кржыжаноўскага, Р.Г.Арджанікідзе, дзеячаў навукі і тэхнікі К.Э.Цыялкоўскага, М.Дз.Кандрацьева, А.В.Чаянава і інш. Сярод дакументаў архіва матэрыялы па падрыхтоўцы планаў сац.-эканам. развіцця Беларусі, вынікі іх выканання, стат. звесткі пра стан людскіх і матэрыяльных рэсурсаў Беларусі. Комплексы дакументаў асвятляюць нацыяналізацыю прам-сці ў Беларусі ў 1918—20, далучэнне Зах. Беларусі да СССР у 1939, дзейнасць акупац. улад на тэр. Беларусі ў 1941—44, пасляваен. адбудову гаспадаркі і інш.
Літ.:
Российский государственный архив экономики: Путеводитель: В 4 т. Вып. 1—2. М., 1994—96;
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 168—171;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ВАЕ́ННЫ АРХІ́Ўу Маскве.
Засн. ў 1920 як Архіў Чырв. Арміі пры Ваен.-гіст. камісіі Усерас.Гал. штаба ў якасці ведамаснага архіва. У 1921 перададзены ваен.-марской секцыі Адзінага дзярж. архіўнага фонду, з 1925 самастойны дзярж. архіў, з 1933 Цэнтр. архіў Чырв. Арміі, з 1941 Цэнтр.дзярж. архіў Чырв. Арміі, з 1958 Цэнтр.дзярж. архіў Сав. Арміі, з 1992 сучасная назва. 32 817 фондаў, З 393 110 адзінак захоўвання за 1917—91 (асобныя дакументы з 1877). Зберагае матэрыялы па гісторыі стварэння і дзейнасці сав.узбр. сіл за гады грамадз. вайны і да 1940, пагранічных і ўнутр. войск за 1918—91, асабістыя фонды вядомых ваен. дзеячаў. Захоўвае фонды Наркамата па ваен. справах (1917—18), Штаба Вышэйшага ваен. савета (1918), Усерас.гал. штаба (1918—21), РВССССР (1918—30), Штаба РСЧА (1920—24), Палявога штаба Рэўваенсавета РСФСР (1917—21), Канцылярыі галоўнакамандуючага Ўзбр. сіламі (1918—24), Усерас. бюро ваен. камісараў (1917—20), Паліт. ўпраўлення пры Рэўваенсавеце (1918—30), упраўленняў Зах., Паўд.-Зах., Паўн., Туркестанскага, Усх. і Паўд. франтоў і падначаленых ім армій, стралк. і кав. карпусоў, дывізій, дакументы фарміраванняў белай арміі. Гісторыя войск спец. прызначэння прадстаўлена ў фондах Усерас. Надзвычайнай Камісіі, Наркамата ўнутр. спраў, Мін-ваўнутр. спраў, Мін-вадзярж. бяспекі за 1918—91 і пагранічных войск з 1918. Захоўвае фонды Гал. ўпраўлення ваен.-навуч. устаноў (1917—24), ваен. акадэмій, школ і курсаў, упраўленняў ваен. акруг, у т. л. Мінскай (1918), Зах. (1918—20, 1940), Бел. (1926—40), Наркамата па ваен. справах БССР (1920—24) і Бел.ваен. камісарыята (1924—25); вайск. аб’яднанняў, злучэнняў, камандаванняў арм. карпусоў, дывізій і часцей Чырв. Арміі за 1918—41 і інш.
Літ.:
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 176—179;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЖА (ням. Börse ад грэч. byrsa кашалёк),
форма рэгулярна дзеючага аптовага рынку заменных тавараў, каштоўных папер і замежнай валюты. Адпаведна бываюць таварныя біржы, фондавыя біржы і валютныя біржы. Сама біржа не выступае ў якасці аднаго з бакоў у гандл. аперацыях, а толькі забяспечвае найб. спрыяльныя ўмовы для гэтых аперацый: устанаўлівае для ўсіх удзельнікаў агульныя прынцыпы заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння кантрактаў і прадастаўляе месца для іх заключэння ў пэўны час. Членамі біржы могуць быць толькі пэўныя асобы, у т. л. давераныя прадстаўнікі кампаній. Кіруе біржай савет дырэктараў, якому падначалены розныя камітэты (фін., арбітражны і інш.). Пасрэднікам паміж пакупнікамі і прадаўцамі выступаюць брокеры — пэўныя асобы ці фірмы (брокерскія канторы). Біржавыя органы ажыццяўляюць біржавую каціроўку — рэгіструюць курс валют і каштоўных папер, цэнаў на тавары, што стыхійна склаліся на біржы. Кожная біржа вядзе ўлік і сістэматызацыю такіх каціровак і публікуе іх у спец. бюлетэнях. Біржавая каціроўка — адзін з паказчыкаў біржавай кан’юнктуры, індыкатар дзелавой актыўнасці ў розных сектарах эканомікі.
Зачаткі таварнай і вэксальнай (валютнай) біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у гарадах Італіі (Венецыя, Генуя, Фларэнцыя). Важнымі этапамі ў развіцці біржавага гандлю стала заснаванне Антверпенскай (1531) і Амстэрдамскай (1608) біржаў. У Расіі першая біржа засн. ў 1705 у Санкт-Пецярбургу. Росквіт біржавай дзейнасці прыпадае на 2-ю пал. 19 ст. і звязаны з развіццём капіталіст. вытв-сці, транспарту, сувязі, гандлю і акц. т-ваў. На сучасным этапе пераважная частка біржавага абароту сканцэнтравана ў вядучых гандл. і фін. цэнтрах ЗША, Вялікабрытаніі і Японіі (больш за 90% аб’ёму біржавых здзелак з таварамі ў вартасным выражэнні, з іх больш за 80% прыпадае на ЗША, дзе знаходзіцца гіганцкая фондавая біржа ў Нью-Йорку).
На Беларусі ў пач. 20 ст. існавалі 2 біржы, якія спынілі дзейнасць у 1-ю сусв. вайну. У 1920-я г. біржавы гандаль аднавіўся, але ў 1927 ліквідаваны. Аднаўленне біржы як адной з найважнейшых структур рыначнай эканомікі пачалося ў 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯДЗВІ́НСКІ РАЁН,
на ПнЗ Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924 як Дрысенскі раён (да 1962). Пл. 2,1 тыс.км². Нас. 33,2 тыс.чал. (1996), гарадскога 32%. Сярэдняя шчыльн. 15,6 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Верхнядзвінск, г.п.Асвея, 275 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 12 сельсаветаў: Асвейскі, Бігосаўскі, Боркавіцкі, Валынецкі, Голубаўскі, Дзёрнавіцкі, Жоўнінскі, Каханавіцкі, Сар’янскі, Сенькаўскі, Чапаеўскі, Шайцераўскі.
Большая ч. раёна ў межах Полацкай нізіны, на ПнЗ — Асвейская града. Паверхня пераважна плоскараўнінная, выш. да 150 м; найвыш. пункт 191,8 (на Пн ад в. Гарадзілавічы). Карысныя выкапні: торф, гліны, даламіты, пясчаны матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 586 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Рака Зах. Дзвіна з прытокамі Сар’янка, Ужыца, Росіца, Дрыса (са Свольнаю). 25 азёр, самыя вялікія Асвейскае, Лісна, Белае, Цятна, Ізубрыца, Стралкоўскае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Пад лясамі 27% тэр. раёна; лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя і яловыя. Балоты займаюць 6% (11,4 тыс.гатэр.); асн. балотныя масівы — Асвейскае, Крупец, Цятна, Крэўнікі і інш.Біял. заказнік Асвейскі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 89,6 тыс.га, з іх асушана 27,8 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 17 калгасаў і 9 саўгасаў, 2 с.-г. кааператывы. Лясгас. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочная, мясная жывёлагадоўля і льнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла), паліўнай (торфабрыкет), харч., лёгкай (швейныя вырабы, перапрацоўка лёну), дрэваапр. (піламатэрыялы) і металаапр. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Полацк—Верхнядзвінск—Даўгаўпілс (Латвія), аўтадарогі Верхнядзвінск—Невель і Полацк—Санкт-Пецярбург. У раёне 12 сярэдніх, 10 базавых, 11 пач. школ, 2 школы-інтэрнаты, ПТВ № 170, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 26 дашкольных устаноў, 34 клубы, 46 б-к, 6 бальніц. Помнікі архітэктуры: манастырскі шпіталь сярэдзіны 18 ст. ў г.п. Асвея; парк 18 ст. на беразе воз. Асвейскае; чыг. вакзал (1924—26) у в. Бігосава; сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Вопытная; Троіцкі касцёл пач. 20 ст. ў в. Росіца; касцёл (1852—57) і парк 19 ст. ў в. Сар’я. Выдаецца газ. «Дзвінская праўда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПАЛ (італьян. cupola купал, скляпенне ад лац. cupula бочачка) у архітэктуры, прасторавая апорная канструкцыя пакрыццяў (або само пакрыццё), форма якой блізкая да паўсферы ці іншай паверхні вярчэння. Перакрывае без апор значныя па памерах памяшканні пераважна круглыя, шматвугольныя, эліптычныя ў плане.
Вядомы са старажытнасці, першапачаткова ў выглядзе т. зв. несапраўдных К., дзе гарыз. рады муроўкі навісалі адзін над адным і не перадавалі сценам намаганняў распору (будынкі ў г. Эшнуна ў Двухрэччы, цяпер Ірак, пач. 3-га тыс. да н.э.). Удасканалены ў архітэктуры Стараж. Рыма (Пантэон, каля 125), Візантыі, Еўропы, Каўказа (паявіліся знешнія абалонкі, канфігурацыя якіх адрознівалася ад уласна К.). Быў пашыраны ў рус. сярэдневяковай архітэктуры, у збудаваннях Сярэдняй Азіі (маўзалей Гур-Эмір у Самаркандзе, 1404). Сярод выдатных купальных збудаванняў — сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі (1420—36, арх. Ф.Брунелескі), царква Сан-Ларэнца ў Турыне (абодва Італія; 1668—87, арх. Г.Гварыні), Казанскі сабор у Санкт-Пецярбургу (1801—11, арх. А.Вараніхін) і інш.
На Беларусі вядомы з 11—12 ст. Ужываліся ў крыжова-купальных храмах (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Благавешчанская царква ў Віцебску). Пашыраны ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока, дзе адыгрывалі важную ролю ў інтэр’еры і вонкавым выглядзе збудаванняў. Ставілі К. над сяродкрыжжам крыжова-купальных базілік (касцёлы езуітаў у Нясвіжы і Гродне, Успенскі сабор у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). З канца 18 ст. шырока выкарыстоўваліся ў культавай і грамадз. архітэктуры класіцызму (палац і Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі). Купальныя вярхі былі пашыраны і ў драўляным дойлідстве 18—19 ст. (Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У 20 ст. з развіццём маналітнага і зборнага жалезабетону, танкасценных скляпенняў-абалонак і метал. канструкцый павялічылася разнастайнасць структур і форм К.: рабрыстыя, рабрыста-кальцавыя, сеткавыя, з хвалістай унутр. паверхняй, «геадэзічныя» (утвораныя са стандартных шматвугольных элементаў), зборныя і інш. Жалезабетоннымі К. накрыты будынкі цыркаў у Мінску і Гомелі. Ствараюцца новыя тыпы К. з палімерных матэрыялаў, з падвойнай надзіманай абалонкай і інш.
Літ.:
Кузнецов А.В. Тектоника и конструкция центрических зданий. М., 1951;
Гохарь-Хармандарян И.Г. Большепролетные купольные здания. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЕ́НЦТВА ДРУ́КУ,
арганізацыя, якая займаецца зборам, перапрацоўкай і забеспячэннем інфармацыяй перыяд. выданняў, радыё, тэлебачання, урадавых структур, грамадскіх арг-цый і прыватных асоб. Агенцтвы друку збіраюць інфармацыю без абмежавання тэматыкі, характару і спосабу пераказу, у т. л. фота- і кінаінфармацыю, або маюць акрэслены профіль паводле віду інфармацыі (інфармацыйныя, публіцыстычныя, рэкламныя, фотаагенцтвы), тэматыкі (эканам., навуковыя, фінанс., спарт. і інш.) ці прыналежнасці да пэўных слаёў грамадства (маладзёжныя, жаночыя і інш.). Падзяляюцца на міжнар., рэгіянальныя, нац. і мясцовыя. Большасць нац. агенцтваў друку з’яўляюцца афіцыйнымі (прадстаўляюць пункт гледжання ўрада), паўафіцыйнымі (прадстаўляюць пункт гледжання колаў, набліжаных да ўрада), незалежнымі (звязаныя з рознымі паліт.эканам. групоўкамі).
Узніклі з развіццём перыяд. друку і ўдасканаленнем тэхнікі сувязі. Першыя агенцтвы друку заснавалі Ш.Авас (1835, Парыж), Б.Вольф (1894, Берлін) і П.Рэйтэр (Лондан). У 1870 агенцтвы Аваса, Рэйтэра і Вольфа падзялілі сферы ўплыву. У канцы 19 ст. вырасла значэнне амер. агенцтва Асашыэйтэд Прэс (АП). У 1904 створана Санкт-Пецярбургскае тэлегр. агенцтва. У 1-й чвэрці 20 ст. ўзніклі нац. агенцтвы ў краінах Цэнтр. і Усх. Еўропы: Тэлеграфнае агенцтва Савецкага Саюза (ТАСС), ЧТК у Чэхаславакіі, ПТА у Польшчы і інш. З выкарыстаннем радыётэлеграфа (1919) і тэлетайпа (1929) колькасць агенцтваў друку павялічылася. У 1945 існавалі 55 агенцтваў друку ў 30 краінах, у 1991 — каля 220 агенцтваў у 140 краінах. Узрасло значэнне амер. агенцтва АП і Юнайтэд Прэс Інтэрнэшанал (ЮПІ). У Францыі створана агенцтва Франс Прэс (АФП, 1944), у Германіі — Дойчэ Прэсэагентур (ДПА). Усе яны, разам з італьян. АНСА, ісп. ЭФЭ і яп.Кіода Цусіннайб. вядомыя на сусв. рынку інфарм. агенцтваў. У незалежных дзяржавах б.СССР дзейнічаюць агенцтвы друку: РІА — Навіны, ІТАР—ТАСС, Інтэрфакс, Пастфактум (Расія), ЭЛЬТА (Літва), ЭТА (Эстонія), Укрінфарм (Украіна), Азерінфарм (Азербайджан), Армянпрэс (Арменія) і інш.
На Беларусі дзейнічаюць афіц.дзярж.Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА, з 1931; у 1991 — кастр. 1995 Беларускае інфармацыйнае агенцтва, БелІНФАРМ) і таксама недзярж. інфарм. службы Беларускае прыватнае агенцтва навін (БелаПАН), агенцтва «Павет», Рэклама, інфармацыя, дайджэст (РІД).
Апрача ўжо агульнавядомых тэхн. сродкаў перадачы інфармацыі (тэлекс, радыётэлефон, тэлефакс і інш.) усё большае выкарыстанне знаходзяць электронныя сродкі (тэлетэкст, дыстанцыйны набор, сістэма аўтам. кіравання і апрацоўкі інфармацыі). З 1970 агенцтвы друку выкарыстоўваюць спадарожнікавую сувязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНДРА́РЫЙ (ад грэч. dendron дрэва),
дэндралагічны сад, калекцыі дрэвавых раслін адкрытага грунту, высаджаных паводле пэўнага прынцыпу (сістэматычнага, геаграфічнага, экалагічнага, дэкаратыўнага і інш.). Можа быць самастойным ці ўваходзіць у склад батанічнага сада. Займае пл. ад некалькіх да соцень га. Д. мае навуковае, вучэбнае, культ.-асветнае, доследна-вытв. значэнне: паказвае багацце і разнастайнасць дрэвавай сусв. ці рэгіянальнай флоры, з’яўляецца базай для н.-д. работы па інтрадукцыі, акліматызацыі і селекцыі дрэвава-кустовых раслін, спрыяе пашырэнню рэдкіх і гасп.-каштоўных відаў. Старэйшыя Д. на тэр. СНД у Грузіі ў Тбілісі (1625), у Расіі ў Маскве (1706) і Санкт-Пецярбургу (1714), на Украіне ва Умані (1714; «Сафіеўка»), Белай Царкве (1793—97; «Александрыя»), Харкаве (1804) і Ялце (1812; Нікіцкі батанічны сад), а таксама ў Эстоніі ў Тарту (1803) і інш. Буйны Д. — у Гал.бат. садзе АН Расіі (Масква). На Беларусі самы вял. Д. у Цэнтральным батанічным садзеНац.АН Беларусі. Пл. 95,8 га. Закладзены ў 1932 паводле батаніка-геагр. прынцыпу: Беларусь, Д. Усход і Усх. Азія, Паўн. Амерыка, Еўропа і Сібір, Каўказ і Крым, Сярэдняя Азія. Складаецца з геагр. і лесапаркавай тэрыторый. У калекцыях каля 1500 відаў і форм дрэў, кустоў, павойных раслін. Другі па колькасці відаў Д. Бел.с.-г. акадэміі. Пл. каля 15 га. Закладзены ў 1884 як дрэвавы гадавальнік (з канца 1950-х г. дэндралагічны сад). У калекцыях каля 400 відаў дрэў і кустоў. Д. Жорнаўскай лясной доследнай станцыі (Асіповіцкі р-н) створаны ў пач. 20 ст. У калекцыі каля 200 відаў хвойных і лісцевых парод. Віцебскі Д. закладзены ў 1919 паводле геагр. прынцыпу. Збераглося каля 80 відаў. У калекцыях Д. Бел. ун-та (в. Шчомысліца Мінскага р-на), які закладзены ў 1933, каля 330 відаў і форм дрэвавых парод.
Д. Бел.тэхнал. ун-та (г.п. Негарэлае Дзяржынскага р-на) закладзены ў 1954 паводле геагр. прынцыпу. У калекцыях больш за 500 відаў і форм дрэвавых парод. Д. Глыбоцкага лясгаса закладзены ў 1968. Мае пл. 8,2 га і калекцыю з 530 відаў дрэвавых раслін. Школьныя Д. ў г.п. Ружаны Пружанскага і в. Валеўка Навагрудскага р-наў. У Д. вывучаецца відавы склад, біял. асаблівасці, развіццё, плоданашэнне, экалогія мясц. і інтрадукаваных парод, вызначаецца асартымент інтрадукаваных відаў для зялёнага буд-ва і лясной гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁЗНЕНСКІ РАЁН.
На У Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 22,3 тыс.чал. (1998), гарадскога 34,1%. Сярэдняя шчыльн. 16 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Лёзна. 171 сельскі нас. пункт. 9 сельсаветаў: Бабінавіцкі, Веляшковіцкі, Горбаўскі, Дабрамыслінскі, Кавалёўскі, Крынкаўскі, Лёзненскі, Стасеўскі, Яськаўшчынскі.
Паўн. ч. раёна ў межах Віцебскага ўзвышша, паўд. — у межах Лучоскай нізіны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная з агульным нахілам з Пн на Пд. Амаль 80% тэрыторыі вышэй за 180 м, найвыш. пункт 296 м (Гаршэва гара). Карысныя выкапні: пясок, пясчана-жвіровая сумесь, жвір, гліна, даламіт, торф, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -8,2 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 613 мм за год. Вегетац. перыяд 183 сут. Найбольшыя рэкі: Лучоса (у верхнім цячэнні Вярхіта) з прытокамі Чарніца (з Мошнай) і Сухадроўка Азёры: Зелянское, Шэлахава, Буёўскае, Сітнянскае, Міхалінава і інш. На р. Чарніца Дабрамысленскае вадасх. Глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя (48%), дзярнова-падзолісты забалочаныя (39,4%) і інш. Пад лесам 26% тэрыторыі, найб. масівы на Пд, пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя, чорна- і шэраальховыя. Балоты займаюць 3,6 тыс.га (2,6%), найб. балота Карпілаўскі Мох. Рэсп. ландшафтны заказнік Бабінавіцкі, мясцовыя: біял. Адаменскі Гай, Бор, Дабрамыслінскі; гідралагічныя Радзіма Гушчына, Сцяпанаўскі Барок.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 62,8 тыс.га, з іх асушаных 18,8 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 5 саўгасаў, 18 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, раслінаводства. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, зернебабовыя, лён, бульбу, рапс, буракі і інш. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў (цэгла), харч. (кансервавыя, малочныя, мясныя і хлебныя прадукты) і першаснай апрацоўкі лёну. Працуе доследна-прамысловае прадпрыемства «Завольша» па перапрацоўцы другасных нафтапрадуктаў (в. Завольша), Лёзненскае буд.-эксплуатацыйнае прадпрыемства водагаспадарчых і меліярацыйных сістэм і ГЭС (в. Дабрамыслі). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Віцебск—Смаленск і аўтадарогі Рыга—Арол і Санкт-Пецярбург—Адэса. У раёне 10 сярэдніх, 4 базавыя, 13 пач. школ, дапаможная школа-інтэрнат, вячэрняя і спарт. школы, 27 дашкольных устаноў, 25 дамоў культуры і клубаў, 31 б-ка. 4 бальніцы, 3 паліклінікі, 16 фельч.-ак. пунктаў. У в. Бабінавічы стараж. цэнтр ганчарнага рамяства (гл.Бабінавіцкая кераміка). Выдаецца газ. «Сцяг перамогі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́Й II (18.5.1868, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 17.7.1918),
апошні расійскі імператар [1894—17]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Аляксандра III. Ганаровы чл.Пецярб.АН (1878). Палкоўнік. Яго праўленне супала з імклівым прамысл.-эканам.
развіццём краіны. Як прыхільнік непарушнасці самаўладдзя ва ўнутр. палітыцы рабіў стаўку на спалучэнне рэпрэсіўнай дзейнасці з «паліцэйскім сацыялізмам» (гл.Зубатаўшчына). Пры ім у 1895—97 праведзена грашовая рэформа (гл. ў арт.Вітэ С.Ю.), у 1897 — усерасійскі перапіс насельніцтва; у 1896 Расія атрымала канцэсію на буд-ва і эксплуатацыю кітайскай усх. чыгункі, у 1898 — на 25 гадоў парты Порт-Артур, Таліенван. Рус.-яп. вайна 1904—05 скончылася паражэннем Расіі, што стала адной з прычын рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У ходзе рэвалюцыі прыняты Маніфест 17 кастрычніка 1905, дзе былі абвешчаны паліт. свабоды, дазвалялася ствараць паліт. партыі. Былі ўтвораны заканадаўчая Дзяржаўная дума, урадавы орган — Савет Міністраў. М. II санкцыяніраваў правядзенне шэрагу рэформ, у т. л.Сталыпінскай аграрнай рэформы. У 1911 у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай губ. і на Правабярэжнай Украіне ўведзены земствы (земская рэформа ў Віленскай і Гродзенскай губ. адкладвалася з-за боязі ўзмацнення тут уплыву польскіх землеўладальнікаў). Урад М. II не перашкаджаў распальванню нацыяналізму і шавінізму (гл.«Саюз рускага народа», «Саюз Міхаіла Архангела»). Знешняя палітыка арыентавалася на саюз з Германіяй (гл.Б’ёркскі дагавор). У 1907 Расія стала чл.Антанты, у складзе якой уступіла ў 1-ю сусв. вайну 1914—18. У жн. 1915 М. II узяў на сябе вярх. галоўнакамандаванне ўзбр. сіламі Расіі і выехаў у Стаўку (размяшчалася ў Магілёве). У час Лютаўскай рэвалюцыі 1917 15 сак. М. II адрокся ад трона, 21 сак. арыштаваны Часовым урадам і адпраўлены ў Табольск, пасля Кастр.рэв. 1917 — у Екацярынбург. Паводле пастановы прэзідыума Уральскага абл. Савета ў ноч на 17.7.1918 разам з усёй сям’ёй і слугамі расстраляны чэкістамі. У 1998 астанкі М. II і яго сям’і перапахаваны ў Петрапаўлаўскім саборы Санкт-Пецярбурга.
Літ.:
Бьюкенен Дж. Мемуары дипломата: Пер. с англ. 2 изд. М., 1991;
Воейков В.Н. С царем и без царя: Воспоминания последнего дворцового коменданта государя императора Николая II. М., 1995;
Ольденбург С.С. Царствование императора Николая II. М., 1992;