МО́ЛАТАЎ (сапр. Скрабін) Вячаслаў Міхайлавіч

(9.3. 1890, слабада Кукарка, цяпер у межах г. Савецк Кіраўскай вобл., Расія — 8.11.1986),

савецкі дзярж. і паліт. дзеяч, дыпламат. Герой Сац. Працы (1943). Вучыўся ў Пецярбургскім політэхн. ін-це (1911—12). Чл. КПСС з 1906, яе ЦК (1921—57), Палітбюро (Прэзідыума) ЦК (1926—57). У Кастр. рэвалюцыю 1917 чл. Петраградскага ВРК. З 1919 старшыня Ніжагародскага губвыканкома, сакратар Данецкага губкома РКП(б), сакратар ЦК Кампартыі Украіны. З 1921 сакратар ЦК ВКП(б). У 1930—41 старшыня СНК СССР. У 1941—57 1-ы нам. старшыні СНК (СМ) СССР, адначасова ў 1941—1945 нам. старшыні Дзярж. к-та абароны, у 1939—49 і 1953—56 міністр замежных спраў СССР. У сярэдзіне 1950-х г. выступіў супраць крытыкі культу асобы І.В.Сталіна. На чэрвеньскім (1957) пленуме ЦК КПСС выведзены са складу Прэзідыума ЦК і ЦК, у 1962 выключаны з партыі (адноўлены ў 1984). З 1957 пасол СССР у Манголіі, у 1960—62 кіраўнік сав. прадстаўніцтва пры Міжнар. агенцтве па атамнай энергіі. М. — адзін з арганізатараў рэпрэсій палітычных у СССР у 1930—50-я г. Ад імя сав. ўрада падпісаў сав.-герм. дагавор аб ненападзе ад 23.8.1939 (Пакт Рыбентропа—Молатава 1939), сав.-герм. дагавор аб дружбе і граніцы ад 28.9.1939, сакрэтныя пратаколы да іх. Удзельнік Маскоўскіх (1941, 1943, 1945) нарад, Тэгеранскай (1943), Крымскай і Патсдамскай (абедзве 1945) канферэнцый кіраўнікоў саюзных дзяржаў — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі.

Літ.:

Медведев Р.А. Они окружали Сталина. М., 1990.

т. 10, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬШАВІКІ́,

прадстаўнікі адной з дзвюх галоўных плыняў у Расійскай сацыял-дэмакратыі. Аформіліся як с.-д. фракцыя ў выніку барацьбы рас. рэв. марксістаў на чале з У.І.Леніным за стварэнне рэв. партыі. Тэрмін «бальшавікі» ўзнік у працэсе выбараў кіруючых органаў партыі на 2-м з’ездзе РСДРП (1903), дзе прыхільнікі Леніна атрымалі большасць галасоў, іх праціўнікі — меншасць (меншавікі). Аснова бальшавізму — ідэйныя, арганізац. і тактычныя прынцыпы, выпрацаваныя Леніным з улікам вопыту рас. і сусв. рэв. руху. Бальшавікі вызначаліся максімалізмам, які пашыраўся на ўсе бакі жыцця і вынікаў з пераканання ў перавазе рэвалюцыі ў параўнанні з эвалюцыйнымі і рэфармацыйнымі працэсамі. Гэта ішло ад упэўненасці, што ў Расіі на пач. 20 ст. з-за непрымірымасці супярэчнасцяў паміж капіталізмам і рэшткамі феадалізму, паліт. слабасці і рэакцыйнасці буржуазіі няма інш. магчымасці пераўтварыць грамадства як праз рэвалюцыю. Свае ідэі бальшавікі часткова апрабавалі ў гады рэвалюцыі 1905—07, у якой актыўна ўдзельнічалі. Гегемонію пралетарыяту яны разглядалі як умову макс. прасоўвання наперад па шляху бурж.-дэмакр. рэвалюцыі, значна далей мяжы, прымальнай для ліберальнай буржуазіі. Гэта дало б магчымасць цалкам выканаць праграму-мінімум РСДРП (звяржэнне самадзяржаўя, устанаўленне дэмакр. рэспублікі, увядзенне 8-гадзіннага рабочага дня, знішчэнне рэшткаў прыгонніцтва ў вёсцы) і, мінаючы этап канстытуцыйнай манархіі, перайсці да сацыяліст. рэвалюцыі — звяржэння капіталізму і ўстанаўлення дыктатуры пралетарыяту (праграма-максімум). Насуперак тэндэнцыі, якая існавала ў той час у с.-д. руху, бальшавікі адводзілі прыярытэтнае месца сярод уплывовых сіл грамадства суб’ектыўным фактарам, у першую чаргу партыі і ўстаноўленай ёю дыктатуры, што грунтавалася і ажыццяўлялася на прынцыпах т.зв. «рэвалюцыйнай мэтазгоднасці». Сваіх апанентаў бальшавікі абвінавачвалі ў апартунізме, які, на іх думку, адлюстроўваў інтарэсы буржуазіі. Паводле слоў лідэра і ідэолага бальшавізму Леніна, партыя — гэта цэнтралізаваная нелегальная арг-цыя, якая аб’ядноўвае перш за ўсё прафес. рэвалюцыянераў. Яе нешматлікасць і жалезная дысцыпліна — абавязковыя ўмовы паспяховай дзейнасці ў Расіі, дзе няма паліт. свабод. Асн. элементы гэтай мадэлі партыі бальшавікі захавалі і ва ўмовах, калі адкрыліся магчымасці легальнага існавання партыі, і пасля таго, як у выніку перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 яна стала кіруючай. Працэс выхаду бальшавікоў з аб’яднаных с.-д. арг-цый на Беларусі адбыўся пераважна ў 1917. Найб. буйныя былі арг-цыі бальшавікоў Гомеля, Віцебска, Полацка, Мінска. Да кастр. 1917 на Беларусі, як і ва ўсёй краіне, бальшавікі сталі самай уплывовай паліт. сілай і арганізацыйна аформіліся як партыя (гл. Паўночна-Заходняя абласная арганізацыя РКП(б), Камуністычная партыя Беларусі) У барацьбе за ўладу бальшавікі выкарысталі ўсе аб’ектыўныя фактары — нежаданне салдатаў ваяваць, бяссілле Часовага ўрада, адсутнасць у народа навыкаў дэмакратыі, максімалізм нар. мас у пошуках сац. праўды, веру ў асаблівы шлях Расіі і інш. Вялікую ролю адыгралі і абяцанні бальшавікоў у найкарацейшы тэрмін вырашыць самыя надзённыя праблемы — зямлі і міру, ажыццявіць ідэалы сац. справядлівасці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі была знішчана шматпартыйная сістэма. У адпаведнасці з ленінскім праектам партыі бальшавікоў была нададзена функцыя іерархічна арганізаванага авангарда, які вядзе за сабой не толькі клас, але ўсё грамадства. Непрымірымая барацьба з апазіцыяй і праявамі плюралізму, чысткі ў партыі, якія перакінуліся на чысткі ў грамадстве і перараслі ў масавыя рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна стварылі базу для таталітарнага рэжыму ў СССР. У 1917—52 слова «бальшавікі» ўваходзіла ў афіц. назву партыі: з вясны 1917 — РСДРП(б), з 1918 — РКП(б), з 1925 — ВКП(б); 19-ы з’езд (1952) прыняў назву Камуністычная партыя Савецкага Саюза.

Ідэалы бальшавікоў атрымалі папулярнасць у многіх краінах свету. Уплыў бальшавікоў на міжнар. рабочы і камуніст. рух ажыццяўляўся праз Камуністычны Інтэрнацыянал. Некаторыя ідэі бальшавізму выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці левыя паліт. сілы 1990-х г. на Беларусі, у Расіі і інш. краінах.

І.Ф.Раманоўскі.

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ БЕЛАРУ́СІ (КПБ),

да 1952 Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б], палітычная арганізацыя, састаўная частка Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (КПСС). Існавала ў 1918—91. Арганізацыйна аформілася на VI Паўн.-Зах. абл. канферэнцыі РКП(б) (30—31.12.1918, Смаленск). Пры яе стварэнні падкрэслівалася, што работу ўсіх парт. арг-цый узначальвае Цэнтр. бюро КП(б)Б (ЦБ), якое з’яўляецца «вярхоўным органам у рэспубліцы і верным вокам Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі ўсіх расійскіх савецкіх сацыялістычных рэспублік». Уся дзейнасць КП(б)Б рэгламентавалася праграмнымі і статутнымі палажэннямі РКП(б), указаннямі яе цэнтр. органаў і кіраўнікоў. Напачатку вядучую ролю ў цэнтр. органах КП(б)Б адыгрывалі кіраўнікі Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б). З 15 членаў ЦБ толькі З.Х.Жылуновіч і І.В.Лагун прадстаўлялі Беларускія секцыі РКП), старшынёй ЦБ КП(б)Б быў выбраны А.Ф.Мяснікоў. сакратаром В.Г.Жнорын. Цэнтр. друкаваным органам партыі стала газ. «Звязда». На VI Паўн.-Зах. абл. парт. канферэнцыі быў абвешчаны падрыхтаваны ў ЦК РКП(б) Маніфест аб стварэнні «самастойнай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (гл. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, БССР). 1.1.1919 абвешчаны і Маніфест Часовага рабоча-сял. сав. ўрада Беларусі аб утварэнні самастойнай Сацыяліст. Сав. Рэспублікі Беларусі (ССРБ). У адм.-гасп. адносінах тэр. Беларусі падзялялася на 7 раёнаў і 53 падраёны (паветы). Стваралася адпаведная структура парт. органаў: райкомы (губпарткомы), падрайкомы, валасныя і сельскія ячэйкі. У студз. Часовы ўрад і ЦБ КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне, паводле якога ў складзе РСФСР засталіся Віцебская і Магілёўская губ. Спробы членаў ЦБ КП(б)Б апеляваць да ЦК РКП(б) і зварот да старшыні СНК У.І.Леніна аб захаванні Беларусі ў яе этнічных межах станоўчых вынікаў не далі. У гэты ж перыяд узнік і Камуністычны саюз моладзі Беларусі. Галоўнымі ў дзейнасці КП(б)Б былі пытанні дзярж. будаўніцтва, умацавання і абароны сав. улады. I Усебел. з’езд Саветаў (2—3.2.1919) прыняў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, абраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР. Па прапанове старшыні ВЦВК і сакратара ЦК РКП(б) Я.М.Свярдлова з’езд прыняў рашэнне пра аб’яднанне Літвы і Беларусі ў адзіную Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). 4—6.3.1919 у Вільні адбыўся Аб’яднаўчы з’езд Кампартый Літвы і Беларусі, на якім старшынёй прэзідыума ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ] быў выбраны В.С.Міцкявічус-Капсукас, сакратаром — Кнорын. Сярод 15 членаў ЦК КП(б)ЛіБ не было ніводнага беларуса. Бел. камуністаў прадстаўлялі б. дзеячы Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б). Кіраўніцтва парт. арг-цыямі на Беларусі фактычна ажыццяўляў Мінскі губ. к-т КП(б)ЛіБ. Неаднаразова праводзіліся парт. мабілізацыі на франты грамадз. вайны, камуністы разам з прадстаўнікамі інш. партый удзельнічалі ў барацьбе супраць польскай акупацыі. У жн. 1920 у склад КП(б)ЛіБ увайшла Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА). Пасля вызвалення Беларусі ад польскіх акупантаў і абвяшчэння незалежнасці Літвы (май 1920) ЦК КП(б)ЛіБ 5.9.1920 прыняў пастанову пра стварэнне самаст. кампартый Беларусі і Літвы і асобных органаў іх кіраўніцтва. Пачалося аднаўленне структуры мясц. парт. органаў. III з’езд КП(б)Б (22—26.11.1920) адзначыў, што «КП(б)Б ёсць абласная арганізацыя РКП(б)... і ў агульным і цэлым падпарадкоўваецца дырэктывам ЦК РКП (бальшавікоў)». IV (25.2—2.3.1921), V (15—20.10.1921) і VI (15—19.3.1922) з’езды КП(б)Б асн. ўвагу звярталі на пытанні пераходу да сацыяліст. будаўніцтва, замену палітыкі «ваеннага камунізму» на новую эканамічную палітыку (нэп). Была падтрымана палітыка беларусізацыі, якая актыўна разгарнулася з 1924, значная ўвага аддавалася стварэнню сістэмы вышэйшай, сярэдняй спец. і агульнай адукацыі. У выніку чысткі ў партыі і абмену парт. дакументаў (15.8—20.10.1921) з КП(б)Б было выключана 1589 чал. (24,7%). У барацьбе супраць інш. паліт. партый (Бунд, эсэры і інш.) бальшавікі побач з ідэалаг. сродкамі выкарыстоўвалі дзярж. карны апарат Надзвычайнай камісіі (ЧК), потым Аб’яднанага дзярж. паліт. ўпраўлення (АДПУ). 16.9.1922 большасць членаў ЦБ КП(б)Б выказаліся за сталінскі праект «аўтанамізацыі» і ўключэнне ў склад БССР Віцебскай і Гомельскай губ. Пасля кастрычніцкага (1922) пленума ЦК РКП(б) кіраўніцтва КП(б)Б адобрыла план Леніна (у яго аснове ляжаў прынцып федэрацыі) па стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). VII з’езд КП(б)Б (20—26.3.1923) указаў на неабходнасць актыўнага ўдзелу бел. камуністаў у агульнасаюзным будаўніцтве, пашырэння тэр. Беларусі (гл. Узбуйненне БССР) і новага адм.-тэр. падзелу рэспублікі. У выніку аб’яўленага пасля смерці Леніна (21.1.1924) ленінскага прызыву ў КП(б)Б прынята 2007 чал., з іх больш за 98% рабочых. Пасля VIII з’езда КП(б)Б (12—14.5.1924) у сувязі з уключэннем у склад БССР тэр. Віцебскай і часткі Гомельскай губ. і зменамі ў адм.тэр. падзеле ў 1924 створана новая структура КП(б)Б: цэнтр. органы (ЦК, ЦКК, Рэвіз. камісія), 10 акруговых, 100 сельскіх і 9 гар. раённых к-таў партыі. Аператыўнае кіраўніцтва парт. і паліт. работай паміж з’ездамі КП(б)Б і пленумамі ЦК ажыццяўляла Бюро ЦК КП(б)Б. Парт. ячэйкі будаваліся паводле тэр.-вытв. прынцыпу. З’езды і пленумы 1920-х г. вял. ўвагу аддавалі пытанням эканам. і сац. развіцця, дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва. З канца 1925 пасяджэнні і пратаколы ЦК і акр. к-таў КП(б)Б вяліся на бел. мове. У выніку самаліквідацыі Бунда (сак. 1921) і ліквідацыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) (чэрв. 1924) у Беларусі трывала ўсталявалася аднапарт. паліт. сістэма. Кампартыя кантралявала дзейнасць усіх грамадска-паліт. арг-цый, прафсаюзы, камсамол і інш. 2-я пал. 1920-х г. характарызавалася зменамі ў палітыцы Камуніст. партыі: імкненнем да супрацоўніцтва з капіталіст. краінамі (у прыватнасці з Германіяй), паступовым адыходам ад прынцыпаў нэпа, пераходам да індустрыялізацыі і кааперацыі. Пад лозунгамі барацьбы з т. зв. ворагамі народа адбывалася згортванне ўнутрыпарт. дэмакратыі. У выніку чысткі (23—29.4.1929) з КП(б)Б выключана 3717 чал. Пачаліся рэпрэсіі палітычныя супраць парт., дзярж. і сав. работнікаў, бел. інтэлігенцыі. У 1930-я г. члены партыі актыўна ўдзельнічалі ў гасп. і культ. будаўніцтве, умацаванні абароны. Самаадданай працай народа былі дасягнуты значныя поспехі ў эканам. і сац. развіцці рэспублікі. З аграрнай яна ператварылася ў аграрна-індустрыяльную, ліквідавана беспрацоўе, разгортвалася жыллёвае і сац.-быт. будаўніцтва, у 1935—36 адменена картачная сістэма. Значнымі былі дасягненні ў развіцці адукацыі, навукі, культуры. Аднак побач з поспехамі ў сацыяліст. будаўніцтве складвалася паліт. сістэма, у якой мелі месца грубыя парушэнні дэмакр. прынцыпаў развіцця савецкага грамадства, якія абвяшчаліся ў праграмных дакументах ВКП(б), Канстытуцыях СССР і БССР. У працэсе калектывізацыі былі ліквідаваны альтэрнатыўныя шляхі развіцця сельскай гаспадаркі, рэпрэсіраваны многія сяляне. Невыкананне планаў у прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. галінах нярэдка тлумачылася дзейнасцю «нацдэмаў», «контррэвалюцыянераў» і «ворагаў народа».

Традыцыйнымі заставаліся рашэнні з’ездаў і пленумаў ЦК КП(б)Б пра неабходнасць павышэння класавай пільнасці і барацьбы з бел. бурж. нацыяналізмам. У 1931 у КП(б)Б прынята 15 981 чл. і 8273 канд. у чл. (самы высокі гадавы паказчык за перыяд 1919—58). У 1934 уведзена новая структура парт. органаў. У апараце ЦК КП(б)Б ствараліся аддзелы па асн. кірунках работы, у гаркомах і райкомах уводзіліся пасады інструктараў. У 1936 упершыню з часу існавання К.П(б)Б 1-м сакратаром быў абраны беларус В.Ф.Шаранговіч. У 1930-я г. НКУС БССР сфабрыкаваў шэраг спраў аб існаванні ў Беларусі «антысавецкіх, дыверсійна-шкодніцкіх, шпіёнскіх, тэрарыстычных і паўстанцкіх арганізацый» (гл. «Аб’яднанае антысавецкае падполле»). У 1933—36 у сувязі з чысткай у партыі, праверкай і абменам парт. дакументаў з КП(б)Б выключана 8246 чал. (21% усяго складу). Прыём у партыю ў гэты перыяд не праводзіўся (адноўлены ў ліст. 1936). З 1938 у паліт., навук. жыцці, ідэалаг. і культ. рабоце асн. сталі пастулаты «Кароткага курса гісторыі ВКП(б)». Ствараўся культ асобы Сталіна і яго паплечнікаў. Пленумы і сходы парт. арг-цый склікаліся нерэгулярна, выбары парт. органаў замяняліся кааптацыяй. У ходзе чыстак і паліт. рэпрэсій колькасць чл. і канд. у чл. КП(б)Б скарацілася з 75 238 у 1932 да 31 526 у 1938. У чэрв. 1938 Выканком Камінтэрна па ініцыятыве ЦК ВКП(б) распусціў Камуніст. партыі Польшчы, Зах. Беларусі (КПЗБ) і Зах. Украіны (гл. адпаведныя арт.). У 1939 адбылося ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. У зах. абласцях пачалося стварэнне парт. органаў і арг-цый КП(б)Б. На 1.6.1941 у 5337 пярвічных парт. арг-цыях і групах налічвалася 50 754 чл. і 24 297 канд. у чл. КП(б)Б; працавалі 10 абл., 14 гар., 12 раённых у гарадах і 187 сельскіх раённых к-таў партыі. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны 1941—45 асн. дзейнасць парт. органаў была скіравана на барацьбу з фашызмам. З вер. 1941 да снеж. 1943 ЦК КП(б)Б прыняў рашэнні больш чым па 130 пытаннях падп. і партыз. руху. У вер. 1942 створаны Беларускі штаб партызанскага руху. На акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічалі 10 абл., 193 міжраённыя, гар. і раённыя падп. к-ты КП(б)Б, больш за 1200 парт. арг-цый у партыз. фарміраваннях, 184 тэрытарыяльныя парт. арг-цыі, якія аб’ядноўвалі больш за 35 тыс. камуністаў [гл. Гарадскія падпольныя камітэты КП(б)Б, Міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, Раённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, Партызанскі рух, Патрыятычнае падполле]. Гераічная і самаадданая барацьба камуністаў з ворагам значна ўмацавала аўтарытэт Кампартыі сярод насельніцтва. У 1944 пасля вызвалення Беларусі ў ёй працавалі 12 абкомаў, 14 гаркомаў, 181 райком партыі; у пярвічных арг-цыях было 30 тыс. камуністаў. Пытанні аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі, сац. сферы, навукі, адукацыі і культуры разглядаліся на XIX (15—18.2.1949) і XX (20—23.9.1952) з’ездах КП(б)Б. XIX з’езд ВКП(б) (5—14.10.1952) прыняў новы Статут партыі і назву КПСС. КП(б)Б стала называцца КПБ. 1950-я г. характарызаваліся стварэннем прынцыпова новых галін прам-сці: хімічнай, машына- і станкабудавання, металаапрацоўкі, вытв-сці трактароў, аўтамабіляў і інш. Аднаўлялася калгасна-саўгасная сістэма, але адсутнасць пашпартоў у сялян і сістэма прапіскі ў гарадах надзейна прымацоўвалі іх да калгасаў і саўгасаў. У сярэдзіне 1950-х г. пачалася рэабілітацыя ахвяр паліт. рэпрэсій. Важнае значэнне мела пастанова ЦК КПСС ад 30.6.1956 «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». Пленум ЦК КПБ (28.7.1956) 2-і раз з часу існавання КПБ выбраў 1-м сакратаром ЦК беларуса К.Л.Мазурава. Аддавалася ўвага развіццю бел. нац. школы, мовы, л-ры і культуры. Аднак арыентацыя кіруючых парт.-дзярж. органаў на двухмоўе вяла да ўзмацнення ўплыву рус. мовы, асабліва сярод гар. насельніцтва. У 1956—60 штогод у чл.

КПБ прымалася 9—15 тыс. чал., канд.

у чл. — 11—18 тыс. XXV з’езд КПБ (26—28.9.1961) адобрыў праекты 3-й Праграмы і Статута КПСС. У 1963 па ўказанні ЦК КПСС праведзена рэарганізацыя кіруючых органаў КПБ: створаны Прэзідыум ЦК, Бюро ЦК па кіраўніцтве прам-сцю і будаўніцтвам, Бюро ЦК па кіраўніцтве сельскай гаспадаркай і адзіны кантрольны орган — К-т парт.-дзярж. кантролю ЦК КПБ і СМ БССР. У выніку падзелу мясц. парт. органаў арганізаваны 12 абкомаў, 25 гаркомаў і гар. райкомаў, 23 к-ты па прамысл. зонах і 77 па вытв. калгасна-саўгасных упраўленнях. Аднак пасля змяшчэння з парт. і дзярж. пасад М.С.Хрушчова і абрання 1-м сакратаром ЦК КПСС Л.І.Брэжнева ў ліст. 1964 адноўлены тэр.-вытв. прынцып пабудовы парт. органаў. У 1964 у КПБ прынята 22 348 чл. і 23 730 канд. у чл. (самы высокі гадавы прыём за ўвесь час існавання). XXVI (3—5.3.1966), XXVII (22—24.2.1971), XXVIII (4—6.2.1976), XXIX (27—29.1.1981) і XXX (30—31.1.1986) з’езды КПБ праходзілі па звычайнай схеме: абмяркоўваліся асн. кірункі эканам. і сац. развіцця, адабраліся дырэктывы па 5-гадовых планах, адзначаліся поспехі ў развіцці прам-сці, сельскай гаспадаркі, сац. сферы, навукі і культуры. Значная ўвага аддавалася новым галінам індустрыі: хім. і нафтахімічнай, радыёэлектроніцы і інш. На кожным з’ездзе адзначаліся традыц. недахопы: маруднае ўкараненне дасягненняў навукі, тэхнікі, перадавых тэхналогій, нізкая прадукцыйнасць працы і якасць прадукцыі, нерацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных і прыродных рэсурсаў і інш. У 1973—74 праведзены абмен парт. дакументаў, які разглядаўся як сродак умацавання парт. радоў і павышэння дзейнасці ўсіх парт. арг-цый. У 1961—66 канд. у чл. КПБ штогод прымалася ў сярэднім 21 тыс. чал. (прырост складаў 8,5%), у 1966—71—17 тыс. (4,1%), у 1971—76—16,6 тыс. (2,8%). З 1977 да 1990 прыём захоўваўся на ўзроўні амаль 21 тыс. чал. у год. Асн. ўвага скіроўвалася на рост КПБ за кошт рабочых, колькасць служачых абмяжоўвалася 27—28% ад усіх прымаемых. Паніжаўся працэнт калгаснікаў, якія жадалі ўступіць у партыю. У 1977 новая Канстытуцыя СССР (арт. 6) замацавала палажэнне аб кіруючай ролі КПСС у грамадстве, прадубліраванае ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978. З 1970-х г. усё больш выразна пачаў праяўляцца эканам. і паліт. крызіс сав. грамадства. Нежаданне парт. кіраўніцтва пачаць карэнную перабудову ў краіне, сказаць народу пра сапраўдныя прычыны крызісу курсу на пабудову камунізму сталі прычынай зніжэння аўтарытэту партыі. Асабліва яскрава гэта выявілася пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986. Хоць на Беларусі эканам. паказчыкі былі лепшыя, чым у інш. рэгіёнах СССР, мела месца паліт. стабільнасць, аднак змены адбываліся марудна, не закраналі асноў парт.-дзярж. адм. сістэмы. Паліт. гучанне набывалі пытанні нац. адраджэння, развіцця бел. мовы і культуры. Паводле пастановы Бюро ЦК КПБ ад 11.1.1988 створана Камісія Бюро ЦК па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, якія мелі месца ў перыяд 1930—40-х і пач. 1950-х г. 4.3.1990 пачаліся першыя за многія дзесяцігоддзі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў на альтэрнатыўнай аснове. Яны расцягнуліся да снеж. 1991 і праходзілі ў вострай паліт. барацьбе. Камуністы захавалі большасць у Вярх. Савеце Рэспублікі. Працягваўся рост парт. арг-цый. Да канца 1990 колькасць чл. і канд. у чл. КПБ дасягнула 697 608 чал. Але кіраўніцтва партыі пачало страчваць аўтарытэт. На XXXI з’ездзе КПБ (28.11—1.12.1990) упершыню вострая крытыка прагучала ў адрас ЦК КПСС і Ген. сакратара М.С.Гарбачова, узнята пытанне пра неабходнасць правядзення палітыкі, якая б адпавядала нац. інтарэсам. Аднак прычыны крызісу партыі глыбока не аналізаваліся. Упершыню выбары 1-га сакратара ЦК КПБ праведзены на альтэрнатыўнай аснове непасрэдна на з’ездзе. 27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 31.1.1991 набыў сілу Закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», што ўзмацніла працэс пераходу да шматпартыйнасці на Беларусі. 4-я сесія Вярх. Савета БССР (чэрв. 1990) прыняла рашэнне аб дэпартызацыі дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый. За 1990 з КПБ добраахвотна выйшлі 53 346 чал., у т. л. 31 168 рабочых, было выключана 22 218 чал., з іх 87,5% за парушэнне парт., дзярж. і працоўнай дысцыпліны. 25.8.1991 Вярх. Савет БССР прыняў пастанову «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПССКПБ на тэрыторыі Беларусі». Гэта азначала заканадаўчую забарону дзейнасці КПБ. 19.9.1991 БССР перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. 10.12.1991 паводле пастановы Вярх. Савета «Аб уласнасці КПССКПБ» уласнасць Кампартыі перададзена дзяржаве. Пасля дэнансацыі дагавора 1922 аб утварэнні СССР (гл. Белавежскія пагадненні 1991) існаванне КПБ як неад’емнай часткі КПСС страціла сэнс. Пераемніцай КПБ абвясціла сябе Партыя камуністаў беларуская (ПКБ, зарэгістравана 26.5.1992). У лют. 1993 Вярх. Савет адмяніў сваю пастанову ад 25.8.1991. Да гэтага часу парт. структура распалася. XXXII з’езд КПБ (нечарговы, май 1993) і II з’езд ПКБ прынялі рашэнне аб аб’яднанні. Але стварыць адзіную Кампартыю не ўдалося. 2.11.1996 адбыўся XXXIII (I аднаўленчы) з’езд КПБ. Старшынёй Савета партыі абраны Я.Я.Сакалоў, 1-м сакратаром ЦК — В.В.Чыкін. У пач. 1998 партыя налічвала больш за 7 тыс. членаў (гл. таксама арт. пра кожны з’езд КПБ). Кіруючыя органы КПБ узначальвалі А.Ф.Мяснікоў (1917—19), В.С.Міцкявічус-Капсукас (1919—20), В.Г.Кнорын (1920—22, 1927—28), В.А.Багуцкі (1922—24), А.М.Асаткін-Уладзімірскі (1924), А.І.Крыніцкі (1924—27), Я.Б.І’амарнік (1928—29), К.В.Іей (1930—32), М.Ф.Гікала (1932—37), В.Ф.Шаранговіч (1937), А.А.Волкаў (1937—38), П.К.Панамарэнка (1938—47), М.І.Гусараў (1947—50), М.С.Патолічаў (1950—56), К.Т.Мазураў (1956—65), П.М.Машэраў (1965—80), Ц.Я.Кісялёў (1980—83), М.М.Слюнькоў (1983—87), Я.Я.Сакалоў (1987—90), А.А.Малафееў (1990—93), Сакалоў і В.В.Чыкін (з 2.11.1996).

Літ.:

КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1. Мн., 1934;

Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 1. 2 изд Мн., 1968;

Ч. 2. Мн., 1967;

Хроника важнейших событий истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2—3. Мн., 1970—80;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3—5. Мн., 1973—75;

Машеров П.М. Избранные речи и статьи. Мн., 1982;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1—6. Мн., 1983—87;

По воле народа: Из истории образования БССР и создания Коммунистіческой партии Белоруссии: Док. и материалы. Мн., 1988;

Коммунистическая партия Белоруссии в цифрах, 1918—1988. 2 изд. Мн., 1988;

Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990;

Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945. Ч. 1. Мн., 1990;

Страницы истории Компартии Белоруссии;

суждения, аргументы, факты. Мн., 1990;

Чарвякоў АР. ...Я ніколі не быў ворагам: Выбр. арт. і прамовы;

Успаміны сучаснікаў. Мн., 1992;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.

В.Ф.Кушнер.

Даты і месца з’ездаў, колькасць прадстаўленых на з’ездзе камуністаў, колькасны склад Кампартыі Беларусі
З’езд, месца правядзення Дата правядзення Прадстаўлена на з’ездзе Колькасны склад партыі на 1 студз. адпаведнага года
чл. партыі канд. у чл. партыі чл. партыі канд. у чл. партыі
1 2 3 4 5 6
I з’езд КП(б)Б, Смаленск 30—31.12.1918 17 771 не было на снеж. 1918
17 771 не было
II з’езд КП(б)Б, Вільня 4—6.3.1919 17 636 не было на сак. 1919
7652 не было
III з’езд КП(б)Б, Мінск 22—26.11.1920 1700 не ўлічана на ліст. 1920
1700 не ўлічана
IV з’езд КП(б)Б, Мінск 25.2—1.3.1921 3000 не ўлічана звесткі не выяўлены звесткі не выяўлены
V з’езд КП(б), Мінск 15—20.10.1921 3325 не ўлічана на вер. 1921
2889 1360
VI з’езд КП(б)Б, Мінск 15—19.3.1922 5150 4445 1439
VII з’езд КП(б)Б, Мінск 20—26.3.1923 3850 з камуністамі вайсковых часцей
2890 600
VIII з’езд КП(б)Б​1, Мінск 12—14.5.1924 10 438 (разам з камуністамі вайсковых часцей 13 975) 2946 1052
IX з’езд КП(б)Б, Мінск 8—12.12.1925 8912 6163 на 1.1.1926
9458 7265
X з’езд КП(б)Б, Мінск 3—10.1.1927 16 170 (разам з камуністамі вайсковых часцей 30 955) 9455 16 170 9455
XI з’езд КП(б)Б, Мінск 22—29.11.1927 23 735 (разам з камуністамі вайсковых часцей) 11 392 на 1.1.1928​2
19 333 10 137
XII з’езд КП(б)Б, Мінск 5—16.2.1929 29 330 (разам з камуністамі вайсковых часцей 41 207) 11 877 23 950 9431
XII з’езд КП(б)Б, Мінск 30.5—12.6.1930 27 692 (разам з камуністамі вайсковых часцей 46 806) 11 564 27 011 9297
XIV з’езд КП(б)Б, Мінск 23—29.1.1932 46 958 (разам з камуністамі вайсковых часцей) 28 280 37 944 21 231
XV з’езд КП(б)Б​3, Мінск 16—22.1.1934 26 861 (разам з камуністамі вайсковых часцей і чыг. транспарту 65 119) 11 048 26 861 11 048
XVI з’езд КП(б)Б, Мінск 10—19.6.1937 24 549 9029 (разам з камуністамі вайсковых часцей і чыг. транспарту 47 000) 24 735​4 9093
XVII з’езд КП(б)Б, Мінск 10—18.6.1938 22 784 8742 22 990 8613
XVIII з’езд КП(б)Б, Мінск 15—20.5.1940 36 388 23 465 33 869 24 084
XIX з’езд КП(б)Б, Мінск 15—18.2.1949 91 554 18 652 90 976 19 134
XX з’езд КП(б)Б, Мінск 20—23.9.1952 107 252 20 184 на 1.1.1953
108 017 19 199
XXI з’езд КПБ, Мінск 10—13.2.1954 119 865 10 161 118 895 10 690
XXII з’езд КПБ, Мінск 24—27.1.1956 132 414 12 655 132 414 12 655
XXIII з’езд КПБ, Мінск 14—15.1.1959 168 716 19 193 168 716 19 193
XXIV з’езд КПБ, Мінск 17—19.2.1960 183 855 19 592 183 855 19 592
XXV з’езд КПБ, Мінск 26—28.9.1961 214 399 25 954 на 1.1.1962
223 699 25 969
XXVI з’езд КПБ, Мінск 3—5.3.1966 320 622 22 421 320 622 22 421
XXVII з’езд КПБ, Мінск 22—24.2.1971 412 873 21 654 412 873 21 654
XXVIII з’езд КПБ, Мінск 4—6.2.1976 485 671 20 558 485 671 20 558
XXIX з’езд КПБ, Мінск 27—29.1.1981 572 313 22 998 572 313 22 998
XXX з’езд КПБ, Мінск 30—31.1.1986 645 754 22 226 645 754 22 226
XXXI з’езд КПБ, Мінск 28.11—1.12.1990 больш за 600 000 685 270 12 338
XXXII з’езд КПБ (аб’яднаўчы з ПКБ) 29—30.5.1993 дакладных звестак няма дакладных звестак няма
XXXIII з’езд КПБ (I аднаўленчы) 2.11.1996 1160 каля 7000

1 На 1.1.1924 у тэрытарыяльных арг-цыях КП(б)Б налічвалася 2946 чл. і 1052 канд. ў чл. партыі (усяго 3998 чал.). На момант VIII з’езда КП(б)Б налічвала 10 438 чл. і канд. у чл. партыі.
2 На 1.1.1928 у тэрытарыяльных арг-цыях КП(б)Б налічвалася 29 470 камуністаў.
3 Звесткі пра колькасць прадстаўленых на з’ездзе дадзены без уліку камуністаў парт. арг-цый чыгуначнага транспарту і вайсковых часцей. На 1.1.1934 на ўлік у парт. арг-цыі чыгуначнага транспарту было перададзена 4589 чл. і канд. у чл. партыі.
4 Без уліку камуністаў чыгуначнага транспарту. На 1.6.1936 там працавалі 3294 камуністы.

т. 7, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГУБЕ́РНСКІ ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т,

вышэйшы надзвычайны орган сав. улады на тэр. Мінскай губ. ў 1918—20.

Створаны 10.12.1918 у Мінску па ініцыятыве Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б). Старшыня І.І.Рэйнгольд. Меў аддзелы: ваенны, фінансаў, зямельны, СНГ, працы, харчавання, асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння, юстыцыі, ЧК і інш. Вёў работу па стварэнні на вызваленай ад герм. акупантаў тэр. губерні рэўкомаў і Саветаў, устанаўліваў і падтрымліваў рэв. парадак і законнасць. 7.1.1919 скасаваны ў сувязі з утварэннем БССР, аддзелы зліліся з камісарыятамі рэспублікі. 25.2.1919 адноўлены паводле пастановы ЦВК БССР у сувязі з утварэннем Літ.-Бел. ССР. Дзейнасць пашырыў і на Вілейскі пав. Віленскай губ. Старшыня І.С.Саваціеў. Рыхтаваў скліканне з’езда Саветаў Мінскай губ. 29.4.1919 скасаваны ў сувязі з пераездам урада Літ.-Бел. ССР з Вільні ў Мінск, аддзелы зліліся з наркаматамі, функцыі перайшлі да Савета абароны, СНК і інш. цэнтр. органаў рэспублікі. 26.7.1919 зноў адноўлены у Бабруйску ў сувязі з акупацыяй большасці тэр. Беларусі польск. войскамі, скасаваннем Савета абароны і згортваннем работы СНК Літ.-Бел. ССР. Старшыня Р.В.Пікель. У жн. 1919 спыніў дзейнасць у сувязі з акупацыяй губерні польскімі войскамі. Створаны зноў 9.7.1920 у сувязі з пачаткам вызвалення Мінскай туб. ад польск. войск. Старшыня А.Р.Чарвякоў. Вёў работу па стварэнні органаў сав. улады на вызваленай тэр., забеспячэнні харчаваннем і абмундзіраваннем Чырв. Арміі, аднаўленні прам-сці і сельскай гаспадаркі, па нарыхтоўцы і размеркаванні харчавання, аказанні дапамогі сем’ям чырвонаармейцаў, рабіў захады да адкрыцця школ, наладжвання аховы здароўя. Спыніў існаванне ў сувязі з прыняццем 31.7.1920 Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь і ўтварэннем Ваен.-рэв. к-та БССР. На базе аддзелаў рэўкома створаны камісарыяты ВРК БССР.

М.І.Камінскі.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВЫЯ ЭСЭ́РЫ, левыя сацыялісты-рэвалюцыянеры (інтэрнацыяналісты),

партыя сацыяліст. кірунку ў Расіі ў 1917—23. З пач. 1-й сусв. вайны існавалі як плынь, з лета 1917 — як фракцыя ў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў); як самаст. партыя аформіліся на сваім 1-м з’ездзе 19—28.11(2—11.12).1917 у Петраградзе. Яе лідэры: Б.Д.Камкоў, М.А.Натансон, М.А.Спірыдонава і інш. Цэнтр. орган — газ. «Знамя труда» (1917—18). У ліп. 1918 80 тыс. чл. Выступалі за неадкладную перадачу зямлі сялянам, за выхад Расіі з 1-й сусв. вайны, супраць кааліцыі з кадэтамі. Удзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, галасавалі за дэкрэты 2-га Усерас. з’езда Саветаў, увайшлі ў ВЦВК (30 чл.), аднак адмовіліся ўвайсці ў сав. ўрад (СНК), патрабуючы стварыць кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў сацыяліст. партый. З ліст. 1917 на пазіцыі Л.э. перайшла большасць эсэраўскіх арг-цый Беларусі. У студз. 1918 Л.э. ўвайшлі ў СНК (7 чал.). Выступалі супраць Брэсцкага міру 1918, а пасля яго ратыфікацыі (сак. 1918) выйшлі з СНК. Асуджалі палітыку бальшавікоў у адносінах да сярэдняга і заможнага сялянства, на сваім 2-м з’ездзе (крас. 1918) афіцыйна заявілі аб разрыве з імі. Улетку 1918 адбыўся леваэсэраўскі мяцеж 1918 у Маскве (6—7 ліп.), выступленні ў інш. месцах, у т. л. ў Оршы і Сянне (5—6 жн.), якія былі падаўлены. 5-ы Усерас. з’езд Саветаў 9.7.1918 выключыў Л.э. са складу Саветаў, дзесяткі тыс. радавых чл. пакінулі партыю. У вер. 1918 з Л.э. вылучыліся партыі «народнікаў-камуністаў» і «рэв. камуністаў», якія ў 1920 увайшлі ў РКП(б). Большая ч. леваэсэраўскіх кіраўнікоў, у т. л. Спірыдонава, А.А.Ізмайловіч і інш. працягвалі змагацца супраць бальшавікоў у падполлі. Страціўшы ўплыў на масы, Л.э. ў 1923 самаліквідаваліся.

Літ.:

Литвин А.Л., Овруцкий Л.М. Левые эсеры: программа и тактика: (Некоторые вопр.). Казань, 1992;

Малашко А.М. К вопросу об оформлении однопартийной системы в СССР. Мн., 1969;

Фельштинский Ю. Крушение мировой революции. Брестский мир, октябрь 1917 — ноябрь 1918. М., 1992.

Э.А.Ліпецкі.

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУНД (ад ідыш der Bund саюз),

нацыянальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя яўрэйскіх рабочых у 1897—1939. Засн. ў Вільні як Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Расіі і Польшчы, з 1901 — Усеагульны яўрэйскі саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Будаваўся паводле нац. прынцыпу, адносіў сябе да самастойнай паліт. партыі яўр. пралетарыяту, прапагандаваў ідэю нац.-культ. аўтаноміі для яўрэяў. На І з’ездзе РСДРП (1898) увайшоў у партыю як аўтаномная арг-цыя. На II з’ездзе (1903) выйшаў з РСДРП і ўзмацніў барацьбу з яе мясц. арг-цыямі. Напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07 ішоў з меншавікамі, удзельнічаў у байкоце выбараў у 1-ю Дзярж. думу, заклікаў да ўзбр. паўстання супраць царызму. Пасля IV (Аб’яднаўчага) з’езда РСДРП (1906) зноў увайшоў у партыю, заклікаў свае арг-цыі весці ўнутрыпаліт. барацьбу за перабудову РСДРП на прынцыпах федэрацыі. На Беларусі ў 1910 налічвалася больш за 4 тыс. членаў Бунда, у 1914 было 40 арг-цый (10 у губ., 16 у пав. гарадах, 14 у мястэчках). На VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі (1912) Бунд выключаны з РСДРП. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 Бунд далучыўся да меншавікоў. Падтрымліваў унутр. і знешнюю палітыку Часовага ўрада, удзельнічаў у стварэнні мясц. саветаў, але выступаў за скліканне Устаноўчага сходу. Правыя чл. варожа паставіліся да Кастр. рэвалюцыі 1917, левыя былі схільныя падтрымаць яе, значная частка вагалася. У сувязі з роспускам бальшавікамі 18.1.1918 Устаноўчага сходу Бунд разам з інш. апазіц. сіламі ўдзельнічаў у паліт. забастоўцы ў Віцебску. Неадназначная была пазіцыя Бунда да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Напачатку Бунд падтрымаў ідэю БНР (прадстаўнікі Бунда ўвайшлі ў Раду і Нар. сакратарыят БНР), потым кіраўніцтва Бунда разглядала БНР як фактар магчымага ўціску яўрэяў. На пасяджэнні Рады БНР 25.3.1918 прадстаўнікі Бунда выказаліся супраць 3-й Устаўнай граматы БНР, якая абвяшчала пра разрыў дзярж. сувязей Беларусі з Расіяй. У маі 1919 Бунд выступаў за ўваходжанне БНР у Рас. федэрацыю. На сваёй XI канфер. (сак. 1919) Бунд заявіў аб прызнанні сав. улады, але застаўся «партыяй апазіцыі» да бальшавікоў. Прадстаўнікі Бунда ўваходзілі ў вышэйшыя органы ўлады Сав. Беларусі — ЦВК, выканкомы Віцебскага і Мінскага саветаў. У крас. 1920 Бунд заявіў пра далучэнне да РКП(б). Правыя бундаўцы не прызналі гэтага рашэння і аб’ядналіся ў Віцебску ў с.-д. Бунд. На пач. 1920-х г. Бунд у Сав. краіне знік з паліт. арэны. У 1923 самаліквідаваліся буйнейшыя арг-цыі Бунда ў Віцебску і Гомелі, многія з іх членаў уступілі ў РКП(б). Распадам і самаліквідацыяй спынілі сваё існаванне астатнія арг-цыі. У 1930-я г. былі рэпрэсіраваны б. лідэры Бунда А.Вайнштэйн, М.Рафес, М.Фрумкіна і інш.

У Заходняй Беларусі Бунд як самастойная партыя існаваў да вер. 1939. У 1922 левае крыло Бунда, што аб’ядноўвала каля 73 членаў і стаяла на радыкальных сацыяліст. пазіцыях, выдзелілася ў самастойную арг-цыю — Камуністычны Бунд (Камбунд), які ў 1923 увайшоў у Кампартыю Польшчы. Бунд зблізіўся з Польск. сацыяліст. партыяй (ППС), з 1930 уваходзіў у склад Сацыяліст. рабочага інтэрнацыянала. Бунд і яго друкаваны орган газ. «Фольксцайтунг» вялі ідэалаг. барацьбу супраць Кампартыі Польшчы, КПЗБ, КПЗУ. У 2-й пал. 1937 Бунд адмовіўся ўдзельнічаць у адзіным фронце барацьбы разам з КПП і КПЗБ. Адна з асн. прычын адмовы — паліт. рэпрэсіі ў СССР, якія Бунд асуджаў. Часта выступаў сумесна з «Паалей Цыёнам». Пад уплывам Бунда знаходзіўся шэраг каап., культ. і спарт. арг-цый, яўр. школьная арг-цыя, арг-цыя яўр. жанчын-работніц. Пад яго арганізац. і паліт. кіраўніцтвам знаходзілася маладзёжная арг-цыя Югенд-Бунд «Цукунфт». Бунд спыніў існаванне на тэр. Зах. Беларусі ў канцы 1939 пасля ўз’яднання з БССР, калі дзейнасць паліт. партый, акрамя камуністычнай, была забаронена.

Літ.:

Агурский С.Х. Еврейский рабочий в коммунистическом движении (1917—1921). Мн., 1926;

Бич М.О. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг. Мн., 1973;

Программы политических партий России, конец XIX — начало XX вв. М., 1995. С. 23—40.

У.А.Палуян (Бунд у Заходняй Беларусі).

т. 3, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ САВЕ́ЦКАГА САЮ́ЗА (КПСС),

палітычная арганізацыя, якая з кастр. 1917 была кіруючай у РСФСР, з 1922 да ліст. 1991 — у Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Яе сац. база — рабочы клас і бяднейшае (потым калгаснае) сялянства, тэарэт. аснова — марксізм-ленінізм. Бярэ пачатак з Першага з’езда РСДРП (13—15.3.1898, Мінск), фактычна — з узнікнення бальшавіцкай плыні ў РСДРП на II яе з’ездзе (30.7—23.8.1903, Брусель—Лондан). У бальшавізме сканцэнтравалася сутнасць таго марксізму, які аказаўся прымальным ва ўмовах Расіі. З канца 20-х г. ён стаў асаблівай якасцю, кодэксам паводзін, спосабам ажыццяўлення марксізму, што вызначыла такія яго рысы, як крайні цэнтралізм, аднадумства тэарэт. дагматызм, радыкальныя формы рэв. барацьбы. Арганізацыйна бальшавіцкая партыя аформілася на VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (18—30.1.1912). Поўнасцю і канчаткова выйшла з сумесных з меншавікамі арг-цый РСДРП пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. 1-я Праграма партыі, прыпятая на II з’ездзе РСДРП, складалася з праграмы-мінімум і праграмы-максімум, якія вызначылі бурж.-дэмакр. і сацыяліст. этапы рэв. барацьбы: звяржэнне самадзяржаўя, перарастанне бурж.-дэмакр. рэвалюцыі ў сацыялістычную, пабудова сацыяліст. грамадства — 1-й ступені камуніст. сац.-эканам. фармацыі. У ходзе рэвалюцыі 1905—07 у Расіі бальшавікі актыўна падтрымалі створаныя рэв. ініцыятывай іванава-вазнясенскіх рабочых Саветы рабочых дэпутатаў, выступілі за ператварэнне іх у органы ўзбр. паўстання, зародак новай рэв. улады. Памылкова спадзеючыся на рэв. ўздым, бальшавікі байкатавалі выбары ў 1-ю і 2-ю Дзяржаўную думу. З 1907 свой удзел у Думе яны разумелі як адну з форм выкрыцця царскага ўрада і палітыкі лібералізму. Пазадумская барацьба заставалася для бальшавікоў асноўнай. На V з’ездзе РСДРП (13.5—1.6.1907, Лондан) замест Цэнтр. к-та (ЦК) і Цэнтр. органа (ЦО) выбраны толькі ЦК (з 12 членаў ЦК было абрана 5 бальшавікоў і 7 меншавікоў). Пасля з’езда бальшавікі на сваёй нарадзе стварылі Бальшавіцкі цэнтр на чале з У.А.Леніным, які выпускаў газ. «Пролетарий» (1906—09). У канцы 1910 бальшавікі разам з меншавікамі-партыйцамі наладзілі выпуск у Расіі легальнай газ. «Звезда». 22.4(5.5).1912 выйшаў 1-ы нумар бальшавіцкай газ. «Правда». З пач. 1-й сусв. вайны (1.8.1914) бальшавікі заклікалі да ператварэння імперыяліст. вайны ў грамадзянскую, да дэмакр. рэвалюцыі ў Расіі. Адсюль вынікаў тактычны лозунг — паражэнне свайго ўрада ў вайне. У жн. 1915 Ленін прапанаваў замяніць марксісцкае палажэнне аб адначасовай перамозе сацыялізму ва ўсіх ці ў большасці капіталіст. краін новым палажэннем, паводле якога «магчыма перамога сацыялізму першапачаткова ў нямногіх або нават у адной, асобна ўзятай капіталістычнай краіне». У пач. 1917 у партыі бальшавікоў налічвалася каля 24 тыс. членаў. Бальшавікі мелі свае арг-цыі ва ўсерас. маштабе і адзіны цэнтр — Рус. бюро ЦК. Пасля перамогі 27 лют. (12 сак.) Лют. рэвалюцыі 1917 у Расіі ўзніклі 2 улады: Часовы ўрад і Петраградскі Савет, у выканкоме якога большасць склалі меншавікі. Вярнуўшыся з-за мяжы, Ленін на Красавіцкай канферэнцыі РСДРП бальшавікоў Петраграда прапанаваў праграму дзеянняў у новых умовах («Красавіцкія тэзісы»): пераход ад бурж.-дэмакр. да сацыяліст. этапу рэвалюцыі, стварэнне рэспублікі Саветаў, мірны пераход улады да Саветаў, братанне на фронце, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсіх зямель у краіне і інш. Петраградская канферэнцыя ўхваліла тэзісы. Супраць выступілі Л.Б.Каменеў і А.А.Рыкаў. VII (Красавіцкая) Усерас. канферэнцыя РСДРП(б) [24—29.4(7—12.5).1917, Петраград] па прапанове Леніна прыняла курс на сацыяліст. рэвалюцыю, разлічаны на пераход усёй дзярж. улады ў рукі Саветаў і ператварэнне іх у органы дыктатуры пралетарыяту. VI з’езд РСДРП(б)[26.7—3.8(8—16.8).1917, Петраград] пацвердзіў курс на сацыяліст. рэвалюцыю ў краіне праз узбр. паўстанне. 10(23) кастр. ў Петраградзе ЦК. прыняў рашэнне аб практычнай яго падрыхтоўцы. 16(29) кастр. пры Петраградскім Савеце быў створаны Ваен.-рэв. цэнтр з членаў ЦК. 24 кастр. (6 ліст.) Пецярбургскі к-т прыняў пастанову аб неадкладным звяржэнні Часовага ўрада і перадачы ўлады Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 25 кастр. (7 ліст.) Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 перамагла. У звароце «Да грамадзян Расіі!» Ленін выклаў праграму: дэмакр. мір, адмена памешчыцкай уласнасці на зямлю, рабочы кантроль над вытворчасцю, стварэнне Сав. ўрада. II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [25—27.10(7—9.11).1917, Петраград) выбраў Савет Народных Камісараў (СНК) з бальшавікоў на чале з Леніным, прыняў Дэкрэты аб міры і зямлі. Да вясны 1918 улада Саветаў усталявалася амаль усюды. VIII з’езд РКП(б) (18—23.3.1919, гэты і ўсе наступныя з’езды адбываліся ў Маскве) прыняў новую Праграму, у якой адзіным сродкам выхаду са створанага імперыялізмам тупіка і імперыяліст. вайны абвяшчалася толькі пралетарская, камуніст. рэвалюцыя. Рабілася стаўка на развіццё буйной прам-сці і с.-г. вытв-сці, пралетарскай дэмакратыі ў форме сав. улады як «вышэйшага тыпу дэмакратызму». X з’езд РКП(б) (8—16.3.1921) па ініцыятыве Леніна прыняў рашэнне аб пераходзе ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі (нэп), аб замене харчразвёрсткі харчпадаткам. З’езд забараніў у РКП(б) фракцыйную дзейнасць. Погляды апазіцыі павінны былі падпарадкоўвацца рашэнню большасці. У крас. 1922 пленум ЦК выбраў Ген. сакратаром ЦК партыі І.В.Сталіна. 6.10.1922 пленум ЦК РКП(б) прыняў рашэнне «прызнаць неабходным заключэнне дагавора паміж Украінай, Беларуссю, Федэрацыяй Закаўказскіх рэспублік і РСФСР аб аб’яднанні іх у «Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік», які быў створаны 30.12.1922 на I з’ездзе Саветаў СССР. У адпаведнасці з пастановай XII з’езда РКП(б) (17—25.4.1923) у краіне ўсталёўвалася дыктатура партыі, а да 1929 — сістэма наменклатуры ўліку і размеркавання пасад і кадраў. Апошняя стала ключавым звяном вяршэнства партыі над дзяржавай, фарміравання рэжыму асабістай улады Сталіна. З 1925 парт. органы прыступілі да выканання пастаўленай XIV з’ездам ВКП(б) (18—31.12.1925) задачы сацыяліст. індустрыялізацыі краіны з мэтай забеспячэння яе эканам. самастойнасці, умацавання абараназдольнасці, стварэння матэрыяльнай базы сацыялізму. На ліпеньскім (1928) пленуме ЦК ВКП(б) Сталін заявіў, што «па меры нашага руху наперад супраціўленне капіталістычных элементаў будзе ўзрастаць, класавая барацьба будзе абвастрацца». Гэты тэзіс стаў тэарэт. абгрунтаваннем масавых рэпрэсій палітычных, якія пачалі разгортвацца ў краіне. У пач. 1930-х г. планавалася завяршыць калектывізацыю сельскай гаспадаркі і ліквідаваць кулацтва як клас. Парт. органы сканцэнтравалі ў сваіх руках вырашэнне важнейшых пытанняў, увялі кантроль над усімі сферамі жыцця насельніцтва, устанавілі ідэалаг. дыктат камуніст. дактрыны. Да сярэдзіны 1920-х г. у СССР спынілі дзейнасць інш. паліт. партыі. Камуніст. партыя ператварылася ў ядро грамадскіх арг-цый і дзярж. улады, што было замацавана ў Канстытуцыі СССР 1936. XVIII з’езд ВКЛ(б) (10—21.3.1939) канстатаваў, што сацыялізм у краіне ў асноўным пабудаваны і СССР уступіў у паласу завяршэння будаўніцтва сацыяліст. грамадства. У маі 1941 Сталін, застаючыся сакратаром ЦК, прызначаны і Старшынёй СНК СССР. З першых дзён Вял. Айч. вайны парт. і дзярж. органы ўзначалілі барацьбу сав. народа супраць фаш. агрэсіі. Сакратар ЦК ВКП(б) Сталін прызначаны і Старшынёй Дзярж. к-та абароны і Вярх. Галоўнакамандуючым. Больш за палову членаў партыі змагаліся з ворагам у дзеючай арміі, 140 тыс. — у партыз. атрадах і брыгадах. У краіне сфарміравалася скаардынаваная сістэма аб’яднанага парт., дзярж., гасп. і ваен. кіраўніцтва. На XIX з’ездзе партыі (5—14.10.1952) ВКП(б) перайменавана ў КПСС. На вераснёўскім (1953) пленуме ЦК КПСС Першым сакратаром ЦК выбраны М.С.Хрушчоў. Па выніках даклада Хрушчова на закрытым пасяджэнні XX з’езда КПСС (14—25.2.1956) «Аб кульце асобы і яго выніках» ЦК КПСС 30.6.1956 прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». XXII з’езд КПСС (17—31.10.1961) прыняў 3-ю Праграму партыі — праграму будаўніцтва камунізму. На кастрычніцкім (1964) пленуме ЦК КПСС Хрушчоў вызвалены ад усіх пасад, першым сакратаром абраны Л.І.Брэжнеў. У 2-й пал. 1960-х г. КПСС прыняла і пачала праводзіць у жыццё эканам. рэформу, скіраваную на інтэнсіфікацыю эканомікі, паскарэнне навукова-тэхн. прагрэсу. У пач. 1970-х г. было адзначана, што ў СССР пабудавана развітое сацыяліст. грамадства. XXIII з’езд КПСС (29.3—8.4.1966) аднавіў пасаду Ген. сакратара ЦК КПСС, скасаваную ў 1953. У чэрв. 1977 Ген. сакратар ЦК КПСС Брэжнеў выбраны адначасова Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У ліст. 1982 Ген. сакратаром ЦК КЛСС выбраны Ю.У.Андропаў, у маі 1984 — К.У.Чарненка (з красавіка ён быў і Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У сак. 1985 Ген. сакратаром ЦК КПСС абраны М.С.Гарбачоў. Па яго ініцыятыве КПСС пачала перабудову парт., сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця. XXVII з’езд КПСС (26.2—6.3.1986) прыняў новую рэдакцыю Праграмы партыі — праграму планамернага і ўсебаковага ўдасканалення сацыялізму, у якой замацавана канцэпцыя, што КПСС дзейнічае ў рамках Канстытуцыі СССР. 17.6.1986 пленум ЦК зацвердзіў «Асноўныя палажэнні карэннай перабудовы кіравання эканомікай», якія прадугледжвалі перанясенне цэнтра цяжару з пераважна адміністрацыйных на пераважна эканам. метады кіраўніцтва, шырокую дэмакратызацыю грамадства. На XIX Усесаюзнай канферэнцыі КПСС (28.6—1.7.1988) прынята рашэнне аб раздзяленні функцый паміж партыяй і Саветамі. 29.7.1988 пленум ЦК утварыў камісію на чале з Гарбачовым для падрыхтоўкі прапаноў па рэформе паліт. сістэмы сав. грамадства. 25.5.1989 з’езд нар. дэпутатаў СССР выбраў Ген. сакратара Гарбачова Старшынёй Вярх. Савета СССР, а 15.3.1990 — Прэзідэнтам СССР. 3-і Нечарговы з’езд нар. дэпутатаў СССР (сак. 1990) выключыў з Канстытуцыі СССР артыкулы, якія вызначалі КПСС як ядро паліт. сістэмы СССР. У снеж. 1989 XX з’езд Кампартыі Літвы аб’явіў КПЛ самастойнай паліт. арг-цыяй, у крас. 1990 адбыўся Устаноўчы з’езд Кампартыі РСФСР. XXVIII з’езд КПСС (2—13.7.1990) прыняў пастанову аб падрыхтоўцы новай Праграмы КПСС. 25.7.1991 пленум ЦК КПСС зацвердзіў праект новай Праграмы КПСС «Сацыялізм, дэмакратыя, прагрэс» і прыняў рашэнне аб скліканні нечарговага XXIX з’езда партыі. Пасля выступлення 19—21.8.1991 Дзярж. к-та па надзвычайным становішчы Прэзідэнт РСФСР Б.М.Елыцын і Ген. сакратар ЦК КПСС Гарбачоў 6.11.1991 выдалі сумесны дакумент аб роспуску КПСС, і яна спыніла існаванне. Перастала існаваць як састаўная частка КПСС і Камуністычная партыя Беларусі. У далейшым у краінах СНД былі створаны камуністычныя партыі, якія лічаць сябе ідэйнымі пераемнікамі КПСС, у ліку іх КПБ, ПКБ, КПРФ, КПУ і інш.

Літ.:

История ВКП(б): Краткий курс [2 изд.]. М., 1945;

Джилас М. Новый класс: Анализ коммунистической системы: Пер. с англ. Нью-Йорк. 1958;

История Коммунистической партии Советского Союза: В 6 т. Т. 1—5. М., 1964—82;

Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК. Т. 1—15. 9 изд. М., 1983—89;

Страницы истории КПСС: Факты. Проблемы. Уроки. М., 1988;

Сграницы истории КПСС: Факгы. Проблемы. Уроки. М., 1989;

Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;

Восленский М. Номенклатура: Господствующий класс Советского Союза. М., 1991;

Рассел Б. Практика и теория большевизма: Пер. с англ. М., 1991;

История политических партий России. М., 1994;

Божанов В.А. Восхождение к абсолютной власти (большевики и советское государство в 20-е гг.). Мн., 1995.

У.А.Бажанаў.

т. 7, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕПЯШЫ́НСКІ (Панцеляймон Мікалаевіч) (12.3.1868, в. Студзянец Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 30.9.1944),

дзеяч рэв. руху, публіцыст, пісьменнік, педагог. Д-р гіст. навук. Скончыў Магілёўскую гімназію (1886). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1886—90), дзе узначальваў бел. зямляцтва. За ўдзел у рэв. руху выключаны (быў чл. нарадавольскага гуртка). Здаў экзамены экстэрнам у Кіеўскім ун-це і атрымаў дыплом настаўніка (1891). З 1894 кіраваў марксісцкім гуртком у Пецярбургу. У 1895 арыштаваны з інш. членамі «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа» і сасланы на 3 гады ў Енісейскую губ. Друкаваў артыкулы ў газ. «Сибирская жизнь», «Енисей». З 1900 агент «Искры» ў Пскове. У 1902 зноў арыштаваны і высланы ў Енісейскую губ., адкуль уцёк, з 1903 у Жэневе, далучыўся да бальшавікоў. Удзельнік падрыхтоўкі II i III з’ездаў РСДРП. Супрацоўнічаў у бальшавіцкіх газетах. У 1907—09 выкладаў у Аршанскім рэальным вучылішчы. На Аршанскім чыг. вузле разам з жонкай В.Б.Лепяшынскай аднавіў арг-цыю РСДРП. З 1909 у стат. бюро пры Маскоўскай гар. управе, уваходзіў у бальшавіцкую літ. групу. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 гар. галава ў Оршы, на пед., навуковай і журналісцкай рабоце ў Петраградзе і Маскве, заг. аддзела школы Наркамата асветы. У 1918 заснаваў ў Кармянскім р-не доследна-паказальную прац. Ліцвінавіцкую школу-камуну. У 1921—24 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камісіі па распрацоўцы гісторыі РКП(б) (Гістпарта), выкладаў у Маскоўскім ун-це і Камуністычнай акадэміі, адзін з ініцыятараў стварэння і 1-ы старшыня ЦК МОПР. З 1927 дырэктар Гіст. музея, у 1935—36 — Музея рэвалюцыі ў Маскве. Аўтар драмы «Чырвоным па чырвонаму» (1919), рамана «Барацьба і творчасць», аповесці «У зелянях» (1924), апавяданняў, успамінаў, навук. прац па пытаннях гісторыі, нар. асветы, пра А.Грыбаедава, М.Салтыкова-Шчадрына і інш. З 1967 устаноўлена Дзярж. прэмія Беларусі імя Л. за лепшы публіцыстычны твор.

Тв.:

На повороте. М., 1955;

Бел. пер. — Як узнікла Ленінская партыя. Мн., 1934.

Літ.:

Булацкий Г.В. Ленинской гвардии солдат. 2 изд. Мн., 1970;

Яго ж. П.Н.Лепешинский. Мн., 1973;

Садовский А.С. П.Н.Лепешинский: Страницы биогр. Мн., 1985.

І.П.Хаўратовіч.

П.М.Лепяшынскі.

т. 9, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т БУ́НДА,

арганізацыя Усеаг. яўр. рабочага саюза Літвы, Польшчы і Расіі (гл. Бунд) у Мінску ў 1897—1921. К-т утварыўся на аснове Мінскай яўр. с.-д. групы. У пач. 1898 ён займаўся тэхн. пытаннямі арганізацыі I з’езда РСДРП, на якім Бунд стаў часткай РСДРП. З 1899 вёў пераважна асв. прапаганду ў гуртках. У студз. 1901 к-т прыняў праграму падрыхтоўкі агітатараў, заснаваную на трэд-юніянісцкіх ідэях, і пачаў ствараць асобныя структуры для кіраўніцтва паліт. і эканам. барацьбой яўр. рабочых. Пасля II з’езда РСДРП к-т разам з усім Бундам выйшаў з партыі. У 1905—07 актыўна ўдзельнічаў у рэв. падзеях, уваходзіў у Мінскі кааліцыйны савет 1905, выдаваў газ. «Дэр Мінскер Арбайтэр» («Мінскі рабочы»), У 1906 (пасля IV з’езда РСДРП) Мінскі к-т Бунда зноў увайшоў у партыю. З пачаткам 1-й сусв. вайны к-т фактычна спыніў сваю дзейнасць. Пасля Лют. рэв. 1917 ён удзельнічаў у арганізацыі Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, супрацоўнічаў пераважна з меншавікамі. У чэрв. 1917 Мінскі к-т увайшоў у Паўн.-Зах. абл. арг-цыю Бунда, удзельнічаў у выбарах у Мінскую гар. думу ў адзіным с.-д. блоку. У вер.-кастр. 1917 у бундаўскай арг-цыі складаліся левая (на чале з М.Я.Эстэр і Фрумкінай-Віхман) і правая (на чале з Х.Я.Гельфандам) плыні. Левыя паступова збліжаліся з бальшавікамі, увайшлі ў выканком Мінскага Савета, за імі ішла большасць прафсаюзаў Мінска. Левыя і правыя выступалі супраць абвяшчэння БНР. У студз. 1919 на аснове Мінскіх арг-цый Бунда ўзнікла Яўр. камуніст. партыя Беларусі, якая праз месяц перайменавана ў Яўр. камуніст. саюз (ЯКС). У маі 1919 быў створаны 1-ы Мінскі батальён бундаўцаў і паалейцыяністаў, 500 бундаўцаў былі мабілізаваны ў Чырв. Армію. На XIII надзвычайнай канферэнцыі (крас. 1920) было абвешчана пра далучэнне ЯКС да РКП(б) на ўмовах Камінтэрна. Правыя не прызналі гэтага рашэння і аб’ядналіся ў т. зв. с.-д. Бунд (на чале з Гельфандам). 234 мінскія бундаўцы ўступілі ў пярвічныя арг-цыі КП(б)Б Мінска.

т. 10, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ДЗЯРЖА́ЎНАЕ РАЗМЕЖАВА́ННЕ САВЕ́ЦКІХ РЭСПУ́БЛІК СЯРЭ́ДНЯЙ А́ЗІІ Праводзілася ў 1924—25 Рас. камуніст. партыяй і сав. дзяржавай з мэтай удасканалення нац.-дзярж. структуры СССР у адпаведнасці з прынцыпам нац. і дзярж. самавызначэння народаў у складзе саюзнай дзяржавы. Сав. дзярж. ўтварэнні, што існавалі на кастр. 1924 на тэр. Сярэдняй Азіі і ч. Казахстана (Туркестанская АССР, Бухарская і Харэзмская сацыяліст. сав. рэспублікі) сфарміраваліся ў межах былых адм. утварэнняў Рас. імперыі (адпаведна Туркестанскага ген.губернатарства, Бухарскага эмірата і Хівінскага ханства), якія не супадалі з этнічнымі межамі сярэднеазіяцкіх народаў — узбекаў, казахаў, туркменаў, таджыкаў, кіргізаў і інш. Па ініцыятыве мясц. кампартый у 1924 пастаўлена пытанне пра нац.-дзярж. размежаванне. Пасля яго адабрэння Сярэднеазіяцкім бюро і Палітбюро ЦК РКП(б) (12.6.1924) разгарнулася растлумачальна-агітацыйная кампанія. Пасля абмеркавання на мясц. з’ездах і курултаях у 1924—25 на месцы скасаваных Туркестанскай АССР, Бухарскай і Харэзмскай сацыяліст. сав. рэспублік утвораны і размежаваны, у асн. паводле этн. прынцыпу, Узбекская ССР, Туркменская ССР (абедзве 27.10.1924), Таджыкская АССР (14.10.1924) у складзе Узбекскай ССР, Кара-Кіргізская аўт. вобласць (14.10.1924) у складзе РСФСР (25.5.1925 перайменавана ў Кіргізскую аўт. вобласць, 1.2.1926 у Кіргізскую АССР). Каракалпакская аўт. вобласць (утворана 16.2.1925) і раёны Туркестанскай АССР, населеныя казахамі, увайшлі ў Казахскую АССР (да крас. 1925 наз. Кіргізская АССР) у складзе РСФСР. У далейшым Таджыкская (у 1929), Казахская і Кіргізская АССР (абедзве ў 1936) пераўтвораны ў саюзныя сав. сацыяліст. рэспублікі, а Каракалпакская аўт. вобласць у Каракалпакскую АССР (у 1932) у складзе РСФСР, з 1936 — Узбекскай ССР. Этн. цераспалосіца ў Сярэдняй Азіі не заўсёды дазваляла дакладна вызначыць межы новых нац.-дзярж. і нац.-адм. утварэнняў, што стварыла ў рэгіёне крыніцу напружанасці і будучых канфліктаў. У той жа час у выніку нац.-дзярж. размежавання 1924—25 і наступных (да 1936) пераўтварэнняў асн. сярэднеазіяцкія нацыі — узбекі, казахі, туркмены, кіргізы, таджыкі, дагэтуль падзеленыя штучнымі межамі, набылі ўласную нац. дзяржаўнасць (у межах СССР), што стварыла перадумовы для ўтварэння пасля распаду СССР сучасных незалежных дзяржаў Сярэдняй Азіі.

Е.Ф.Саўчук.

т. 11, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)