КАЛО́ ((Collot) Мары Ан) (1748, Парыж — 23.2.1821),

французскі скульптар. Прадстаўнік класіцызму. З 1764 вучылася ў Э.М.Фальканэ, у 1766—78 працавала разам з ім у Расіі. З 1767 чл. Пецярбургскай АМ. Аўтар шматлікіх партрэтных бюстаў, якія вылучаюцца жывасцю характарыстык (Вальтэра, каля 1770; Д.​Дзідро, 1772; Фальканэ, 1773, і інш.). Каля 1773 вылепіла мадэль галавы Пятра I для помніка яму работы Фальканэ ў Пецярбургу.

т. 7, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАШЭ́ВІЧ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 11.2.1949, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аўтатрактарабудавання. Д-р тэхн. н. (1993), праф. (1994). Скончыў БСГА (1971), дзе і працуе (з 1996 першы прарэктар). Навук. працы па паляпшэнні эксплуатацыйных характарыстык рухавікоў унутр. згарання, па актуальных праблемах аграрнай адукацыі. Распрацаваў сістэмы аховы рухавікоў ад цеплавых і мех. перагрузак, прынцыпы павышэння экалагічных і эканам. паказчыкаў работы дызеляў.

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ВАРД-ПЛАН (Howard Plan),

сістэма арганізацыі навуч.-выхаваўчай работы, заснаваная на прынцыпе індывідуальнага навучання. Упершыню выкарыстана ў 1920 у Говардскай жаночай сярэдняй школе ў Лондане (адсюль і назва). Паводле Говард-Плана расклад заняткаў і выбар навуч. курсаў прыстасаваны да «індывідуальных запытаў» вучняў пры захаванні абавязковага мінімуму навуч. прадметаў. З-за празмернай індывідуалізацыі навучання, арганізацыйнай складанасці і высокай платы вял. пашырэння не атрымала.

т. 5, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ МАЙСТЭ́РНІ (Ateliers nationaux),

форма арганізацыі грамадскіх прац для беспрацоўных у Францыі ў 18—19 ст. Першыя Н.м. існавалі ў 1786, 1788 і 1789—91. Адноўлены пасля лют. рэвалюцыі 1848. Мелі напаўваенны характар, выконвалася непрадукцыйная праца. У чэрв. 1848 урад закрыў частку Н.м., пачаў мабілізацыю рабочых у армію і на зямельныя работы ў правінцыі, што выклікала ліпеньскае паўстанне 1848. 3.7.1848 Н.м. распушчаны.

т. 11, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГУ́ТНАСЦЬ,

фізічная велічыня, што вымяраецца адносінамі работы да прамежку часу, за які яна выконваецца. Сярэдняя М. вызначаецца формулай: N = A/t, дзе A — работа, якая выконваецца за час t. У агульным выпадку N = dA/dt. У СІ М. вымяраецца ў ватах (часам выкарыстоўваюць пазасістэмную адзінку — конскую сілу). М. — найважнейшая энергет. характарыстыка розных сістэм і машын (рухавікоў, генератараў, кампрэсараў і інш.).

т. 9, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФІЛА́КТЫКА,

(грэч. prophylaktikos засцерагальны) у тэхніцы, мерапрыемствы планава-папераджальнага характару для падтрымкі ў спраўным стане з зададзеным узроўнем надзейнасці тэхн. прыстасаванняў, механізмаў і вырабаў. Заключаецца ў абследаванні вырабу, замене ці рамонце асобных яго дэталей і вузлоў, у чыстцы, змазцы, рэгуліроўцы і інш. Папярэджвае магчымасць нечаканага спынення работы прыстасавання з прычыны зносу яго элементаў, забруджвання эл. кантактаў і інш. Ажыццяўляецца ў прадугледжаныя тэрміны.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМЕРКАВА́ЛЬНЫ ВА́Л,

размеркавальная дэталь механізма машын, прылад, апаратаў, якая забяспечвае пэўны парадак выканання аперацый і цыклічнасць работы. У рухавіках унутр. згарання ўваходзіць у сістэму газаразмеркавання, мае колькасць кулачкоў, адпаведную колькасці цыліндраў, забяспечвае ўзгодненую работу клапанаў і поршняў. Атрымлівае вярчэнне праз перадатачны механізм ад каленчатага вала. Уваходзіць таксама ў сістэмы кіравання тэхнал. і рабочымі працэсамі розных аўтаматаў.

Размеркавальны вал шасціцыліндравага рухавіка.

т. 13, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТНАЯ СТУПЕ́НЬ, ступень ракеты,

частка шматступеньчатай ракеты, якая забяспечвае яе палёт на пэўным этапе актыўнага ўчастка траекторыі. Складаецца з ракетнага рухавіка, паліўнага адсека з запасам паліва, органаў і апаратуры кіравання, сістэмы раздзялення ступеней і інш. Пасля расходавання паліва і спынення работы рухавіка Р.с. аддзяляецца ад наступных ступеняў, якія працягваюць палёт. Апошняя Р.с. нясе карысны груз (галаўную частку, касм. апарат і інш.).

т. 13, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭО́МЕТР (ад грэчаскага araios няшчыльны, вадкі + ...метр),

прылада для вымярэння шчыльнасці вадкасцяў і цвёрдых целаў. Прынцып работы арэометра заснаваны на Архімеда законе. Бываюць шкляныя (найбольш пашыраныя) і металічныя (для вымярэння шчыльнасці вадкасці пры высокіх тэмпературах). Паводле прызначэння адрозніваюць дэнсіметры і арэометры для вымярэння канцэнтрацыі раствораў (лактадэнсіметры, спіртамеры, цукрамеры). Шчыльнасць цвёрдых целаў вымяраюць арэометры пастаяннага аб’ёму (гл. Гідрастатычнае ўзважванне).

Арэометр: D — шкала адліку шчыльнасці вадкасці.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСФАЛЬТАВА́ННЕ,

размеркаванне на цвёрдай трывалай аснове асфальту і асфальтабетону. Асн. сферы прымянення — буд-ва дарог, аэрадромаў, гідраізаляцыйныя работы і інш. Робіцца асфальтабетонаўкладчыкам у 1—2 (3—4) слоі таўшчынёй ад 3—4 да 7—9 см. Асфальтабетонная сумесь утрамбоўваецца лёгкімі, потым цяжкімі каткамі. На Беларусі асфальтаванне вуліц пачалося ў 2-й пал. 19 ст. літым асфальтабетонам. На пач. 1995 працягласць заасфальтаваных дарог складала 77 тыс. км.

т. 2, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)