ЗАБО́РСКІ (Пётр Іванаў) (?—1665),

майстар-цаніннік, чаканшчык і ювелір. Паходзіў з Беларусі. У 1658—65 узначальваў арцель бел. майстроў (І.Максімаў, С.Палубес, Ф.​Чука і інш.), якія стварылі вонкавае ўбранства і аздабленне інтэр’ера Васкрасенскага сабора Нова-Іерусалімскага манастыра (каля г. Істра Маскоўскай вобл.) шматкаляровымі паліванымі кафлямі.

т. 6, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙВАЗО́ЎСКІ (Гайвазоўскі) Іван Канстанцінавіч

(29.7.1817, г. Феадосія — 2.5.1900),

расійскі мастак. Марыніст. У 1833—37 вучыўся ў Пецярбургскай АМ, з 1887 яе ганаровы член. З 1845 жыў у Феадосіі. Творы Айвазоўскага вылучаюцца рамантычным бачаннем, багатай колеравай гамай, паказам складаных і эфектных з’яў прыроды, імкненнем да гераізацыі. Аўтар каля 6 тыс. карцін, малюнкаў, акварэляў, у т. л. «Дзевяты вал» (1850), «Бура на Паўночным моры» (1865), «Вясёлка» (1873), «Сярод хваляў» (1898) і інш. Пісаў таксама батальныя кампазіцыі: «Чэсменскі бой», «Наварынскі бой» (абедзве 1843); жанравыя палотны («Вяселле на Украіне», 1891); партрэты [А.​М.​Айвазоўская, 1882, «Развітанне Пушкіна з морам» (з І.​Рэпіным), 1887] і інш. У 1880 заснаваў карцінную галерэю ў Феадосіі. У Нац. мастацкім музеі Беларусі зберагаюцца «Пётр I каля Краснай Горкі» (1846), «Ноч на востраве Родас» (1850), «Бура» (1852), «Месячны пейзаж» (1855), «Раніца на моры» (1883) і інш.

Б.​А.​Лазука.

І.К.Айвазоўскі.
І.Айвазоўскі. Пётр I каля Краснай Горкі... 1846. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЯЛО́ЎСКІЯ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Агончык». Паходзілі з Польшчы, дзе неаднаразова займалі сенатарскія пасады, з 1780 графы «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У ВКЛ перасяліўся абозны каронны Пётр (1482—1556), які стаў старостам мсцібаўскім і мяцельскім; ад жонкі атрымаў у пасаг Беласток. Пётр (?—1620), сын Пятра. Каралеўскі сакратар, падскарбі надворны ВКЛ з 1590, маршалак надворны з 1598, маршалак вялікі з 1615. На яго сынах Крыштофе і Мікалаю перарвалася галіна роду на Беларусі і ў Літве. Крыштоф (?—19.4.1637), падстолі ВКЛ з 1600, стольнік з 1604, крайчы з 1620, маршалак надворны з 1622, маршалак вялікі з 1635. Удзельнічаў у войнах з туркамі і шведамі. Разам з жонкай А.​М.​Сабескай заснаваў Гродзенскі кляштар брыгітак. Мікалай (?—19.10.1634), кухмістр ВКЛ з 1611, стольнік з 1623, крайчы з 1626, падчашы з 1630, кашталян жмудскі з 1633.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУЦЫЁНАК (Пётр Антонавіч) (25.4.1922, г.п. Шуміліна Віцебскай вобл. — 15.10.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). З ліп. 1941 у знішчальным атрадзе па барацьбе з фаш. лазутчыкамі і дыверсантамі. З ліп. 1943 на фронце, удзельнік Курскай бітвы. Вызначыўся ў кастр. 1943 пры фарсіраванні Дняпра каля г.п. Лоеў Гомельскай вобл. Загінуў у баі.

т. 1, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУК (Пётр Савельевіч) (29.6.1896, Вільня — 28.5.1968),

бел. скрыпач. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыў Ленінградскі муз. тэхнікум імя А.​Барадзіна (1925). З 1914 працаваў у кінатэатрах, сімф. аркестрах, оперных т-рах Вільні, Віцебска, Смаленска, Ленінграда і інш. гарадоў. У 1937—62 (з перапынкам) канцэртмайстар аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі.

т. 8, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАШНІЧЭ́НКА (Пётр Апанасавіч) (26.11.1922, с. Запселле Краснапольскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 1.1.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Камандзір узвода разведкі лейт. М. вызначыўся пры вызваленні Гомельскай вобл.: у цяжкім баі каля в. Печышчы Парыцкага р-на сваім целам закрыў амбразуру варожага дзота.

П.А.Мірашнічэнка.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЛІЯ Пётр Аляксандравіч Пётр Аляксеевіч

(н. 23.1.1920, г. Махачкала, Дагестан),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Вучыўся ў Маск. вучылішчы памяці 1905 г. (1938—39). Працуе ў розных відах выяўл. мастацтва. Яго пейзажы вылучаюцца эмацыянальным успрыманнем прыроды. рамант. прыўзнятасцю: «Плывуць аблокі» (1957), «Дзень» (1965), «Беларуская мелодыя» (1972), «Восеньскія карункі» (1978), «Пачуццё сустрэчы» (1982), «Абуджэнне» (1988), «Дзень, які сыходзіць» (1990), «Палеская ўсмешка» (1996) і інш. Выканаў манум. размалёўкі для палацаў культуры ў Пінску — «Мастацтва акрыляе» (1976) і ў в. Клейнікі (Брэсцкая вобл.) — «Мірная Брэстчына» (1984), для адм. будынка Брэсцкага хім. камбіната — «Палеская песня» (1980). Аўтар памятных медалёў да 20-годдзя абароны Брэсцкай крэпасці (1961), 950-годдзя Брэста (1969) і інш., помніка-бюста дзеяча рэв. руху ў Зах. Беларусі С.​Я.​Багданчуку (1970) у пас. Мухавец Брэсцкай вобл. Іл. гл. таксама ў арт. Багданчук С.Я.

Г.​А.​Фатыхава.

П.Данелія. Пачуццё сустрэчы. 1982.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАНЕ́Г Пётр, бел. дойлід 12 ст. Прадстаўнік Гродзенскай школы дойлідства. Ім узведзены шэраг манум. будынкаў у Гродне (верагодна, Ніжняя, Барысаглебская і Прачысценская цэрквы, княжацкія палаты і мураваныя абарончыя сцены). У пач. 12 ст. быў асабістым дойлідам кіеўскага кн. Рурыка. Яго прозвішча зафіксавана ў Іпацьеўскім летапісе пад 1119 пры сведчанні пра ўзвядзенне ў Выдубіцкім манастыры пад Кіевам мураванай падпорнай сценкі з боку р. Дняпро (адначасова з’яўлялася агляднай пляцоўкай). На заказ князя М. пабудаваў цэрквы св. Васіля ў Оўручы, св. Апосталаў у Белгарадзе і Пятніцкую ў Чарнігаве. У гэтых помніках відавочны традыцыі гродзенскай архітэктуры, што дазваляе даследчыкам меркаваць пра аўтарства М.: у сцены ўмураваны каляровыя шліфаваныя камяні і паліваныя керамічныя пліткі, скошаныя вонкавыя вуглы, аналагічныя падпорныя і аглядныя сцены Выдубіцкага манастыра і на мысе Гродзенскага дзядзінца.

Літ.:

Рапапорт П. Пётр Міланег — гродзенскі дойлід XII ст. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1987. № 4.

т. 10, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХО́НКА Пётр Мікалаевіч (12.7.1906, г. Добруш Гомельскай вобл. — 5.2.1944, Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Сапёр Бухонка вызначыўся 26.9.1943 пры фарсіраванні Дняпра на тэр. Украіны: у час пераправы паранены Бухонка закрыў прабоіны ў лодцы, чым выратаваў байцоў і даставіў іх на правы бераг. Памёр ад ран.

П.М.Бухонка.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТАРПЫ (Gottorp),

Гольштэйн-Готарпы, каралеўская дынастыя ў Швецыі ў 1751—1818. У 1761 готарпскі герцаг Карл Пётр Ульрых стаў рус. царом пад імем Пятра III (правіў у 1761—62). У 1773 сын Кацярыны II і Пятра III готарпскі герцаг Павел I абмяняў уладанні Готарпаў у Шлезвіг-Гольштэйне на Ольдэнбург і Дэльменгорст, якія належалі Даніі.

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)