ДЖУРАКУ́ЛАЎ (Умаркул) (люты 1894, г. Самарканд, Узбекістан — 22.3.1973),

узбекскі майстар маст. керамікі; стваральнік школы сучаснай самаркандскай керамікі. Нар. мастак Узбекістана (1953). Фармоўцы вучыўся ў свайго бацькі Джуракула Кабулава, размалёўцы — у майстра У.​Умарава з г.Гіждуван. Пачаў працаваць у 1902. Аўтар аздобленых падглазурнай размалёўкай збаноў са складаным рэльефным узорам, разнастайных пасудзін у форме птушак або драконаў, фігурак жывёл.

т. 6, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́СЫ,

1) у чалавека (мужчын) валасы над верхняй губой (другасная палавая прыкмета).

2) У многіх наземных млекакормячых (напр., катоў) — вібрысы на верхняй губе. У бяззубых кітоў (кітовы вус) — рагавыя пласцінкі ў верхняй сківіцы, якія ўтвараюць цадзільны апарат, на рыле — адзіночныя валаскі для дотыку. У некаторых птушак (напр., у вусатых сініц) — шчацінкападобнае пер’е ў вуглах рота, якое выконвае функцыю дотыку.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМАГАМЕ́ТНАСЦЬ (ад гома... + гаметы),

характарыстыка арганізма (або групы арганізмаў), які мае ў храмасомным наборы пару або некалькі пар гамалагічных палавых храмасом і ўтварае аднолькавыя па наборы храмасом гаметы. Пол, прадстаўлены такімі асобінамі, наз. гомагаметным. У млекакормячых, рыб і некат. відаў раслін (каноплі, хмель, шчаўе) гомагаметнасць характэрна для жан. полу, у птушак, матылькоў і некат. відаў суніц — для мужчынскага.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАГЕ́Я (ад неа... + грэч. gē зямля),

біягеаграфічнае царства сушы, што займае Цэнтр. і Паўд. Амерыку і прылеглыя астравы. У Н. вылучаюць Карыбскую біягеаграфічную вобласць і Неатрапічную біягеаграфічную вобласць. Расліннасць разнастайная, ад вільготных трапічных лясоў (гілеі) да ксерафітаў у пустынях. Для фауны характэрна малая колькасць сумчатых і парнакапытных, вял. разнастайнасць птушак і плацэнтарных млекакормячых. Шмат эндэмічных сям. і родаў.

т. 11, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЎНІ,

участкі забалочаных поймаў у ніжнім цячэнні і дэльтах рэк, якія працяглы час заліваюцца паводкавымі водамі. Укрыты цяжкапраходнымі зараснікамі трыснягу, рагозу, асок, лазняку і інш. Выкарыстоўваюцца пераважна як сенажаці, пры асушэнні — пад пасевы рысу і інш. с.-г. культур. З’яўляюцца асноўным месцапражываннем вадаплаўных птушак. Пашыраны ў дэльтах рэк Дунай, Днестр, Дняпро, Дон, Кубань, Волга і інш.

т. 12, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗІ (Cygnus),

род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 7 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Афрыкі і Антарктыды На Беларусі 3 віды: Л.-шыпун (C. olor), Л.-клікун (C. cygnus) і Л. малы, або тундравы (C. bewickii). Жывуць на прэсных вадаёмах. Л.-шыпуна і Л. чорнага (C. atratus) гадуюць як дэкар. птушак. Л.-шыпун занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Л.-шыпун даўж. да 1,8 м, масай да 13 кг; дзюба чырв., з чорным нарастам. Л.-клікун даўж. да 1,6 м, масай да 12 кг; дзюба лімонна-жоўтая з чорным, без нарасту. Л. малы даўж. да 1,2 м, масай да 7 кг; дзюба чорная з жоўтымі плямамі па баках каля асновы. Апярэнне гэтых відаў белае. Добра плаваюць, ныраць не могуць з-за пнеўматызацыі шкілета. Кормяцца раслінамі і дробнымі беспазваночнымі. Манагамы. Гняздуюцца каля вады Нясуць 3—5 (зрэдку да 12) яец. На Беларусі паляванне на Л. забаронена.

Лебедзі: 1 — клікун; 2 — шыпун; 3 — чорны.

т. 9, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Качыныя (сям. птушак) 2/205; 3/526; 4/85; 5/215, 226; 6/135, 288

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯРЭХАЛАКА́ЦЫЯ (ад бія... + рэха + лакацыя),

выпрамяненне і ўспрыманне жывёламі высокачастотных гукавых сігналаў з мэтай выяўлення аб’ектаў (здабыча, перашкода і інш.) у прасторы, а таксама атрымання інфармацыі аб іх уласцівасцях і памерах; адзін са спосабаў арыентацыі жывёл. Развіта ў лятучых мышэй, дэльфінаў, некаторых птушак, землярыек і інш. Дзякуючы біярэхалакацыі кіты, напр., лёгка шукаюць згуртаванні планктону, дэльфіны лацыруюць чароды рыб на адлегласці да 3 км.

т. 3, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДГО́Н,

абястлушчанае малако пасля аддзялення вяршкоў ад цэльнага малака. Састаў адгону залежыць ад зыходнага саставу цэльнага малака і ступені яго абястлушчвання. Мае ў сярэднім каля 3,2% бялкоў, 4,8% малочнага цукру, 0,05% тлушчу, 0,7% мінер. рэчываў. Выкарыстоўваецца як харч. дыетычны прадукт, на прыгатаванне сухога і згушчанага малака, сыраквашы, кефіру, кумысу, сыру і інш., выраб казеіну, як корм для маладняку жывёлы і птушак.

т. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАГАЛО́СЫЯ (Clamatores, Tyranni),

падатр. птушак атр. вераб’інападобных. Пашыраны пераважна ў тропіках Амерыкі. 14 сям.: дрэвалазы (Dendrocolaptidae), печніковыя (Furnariidae), пітавыя (Pittidae) і інш. Каля 1100 відаў.

Даўж. цела да 30 см, маса да 120 г. Будова гартані прымітыўная (крычаць, але не пяюць). Пер’е яркае, стракатае. Гняздуюцца на дрэвах і на зямлі. Нясуць 1—6 яец. Кормяцца насякомымі і раслінамі. Маюць невялікае прамысл. значэнне.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)