ГУ́МАВАГА АБУ́ТКУ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

падгаліна гумаазбеставай прамысловасці для вырабу абутку з натуральнага або сінт. каўчуку з выкарыстаннем тэкст. матэрыялаў. У залежнасці ад прызначэння гумавы абутак падзяляюць на бытавы, спарт. і тэхн.; апошні прызначаны для аховы ног чалавека ад уздзеяння вады, агрэсіўных асяроддзяў (кіслот, шчолачаў і інш.), нізкіх т-р, удараў і інш. (напр., боты для рыбакоў, шахцёраў, рабочых хім. вытв-сцей і інш.). Абутак падзяляецца па відах тэхналогіі стварэння: клеены (на канвеерах — склейваннем папярэдне падрыхтаваных дэталей), штампаваны (штампуюць на спец. прэсах з наступнымі лакіраваннем і вулканізацыяй), фармаваны (прасуюць у формах з адначасовай вулканізацыяй). Гэта вытв-сць развіта ў многіх краінах свету, асабліва ў ЗША, Германіі, Японіі, Расіі, краінах Еўропы. На Беларусі гумавага абутку вытворчасць развіваецца з 1950-х г. Дзейнічаюць Гомельскі завод хімічных вырабаў, Капыльскі завод гумава-тэхнічных вырабаў, Крычаўскі завод гумавых вырабаў.

т. 5, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ННЫ ЗАГАРАДЖА́ЛЬНІК,

1) баявы карабель, прызначаны для пастаноўкі мінных загарод. Падзяляюцца на надводныя і падводныя. Надводныя бываюць марскія, рачныя, спец. пабудовы і пераабсталяваныя з караблёў, трансп. і дапаможных суднаў. Водазмяшчэнне да 3200 т, скорасць да 20 вузлоў (37 км/гадз). Узбраенне — марскія (рачныя) міны, для самаабароны — зенітна-артыл. зброя. Шырока выкарыстоўваліся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны.

На Беларусі ў 1940—41 у складзе Пінскай ваеннай флатыліі быў рачны М.з. «Піна» (б. колавы буксірны параход), які ў пач. Вял. Айч. вайны ўдзельнічаў у баях на Дняпроўска-Бугскім канале і Прыпяці. Патануў 28.8.1941.

2) Сродак інж. ўзбраення для хуткай мех. устаноўкі мін у грунт.

Літ.:

Шершов А.П. История военного кораблестроения: С древнейших времен до наших дней. СПб., 1994;

Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУРА́Н»,

савецкі крылаты арбітальны карабель шматразовага выкарыстання. Адзіны беспілотны палёт з пасадкай у аўтаматычным рэжыме здзейснены 15.11.1988. Прызначаны для вывядзення на арбіту складаных касм. аб’ектаў і іх абслугоўвання, дастаўкі на Зямлю прадукцыі касм. вытв-сцяў і выканання грузапасажырскіх перавозак па маршруце Зямля — космас — Зямля.

Сканструяваны па самалётнай схеме тыпу «бясхвостка» з нізкаразмешчаным крылом падвойнай стрэлападобнасці. У насавым адсеку знаходзіцца герметычная кабіна для экіпажа (2—4 чал.) і пасажыраў (да 6 чал.), агрэгаты дыстанцыйнага кіравання і паліўныя бакі. Агульная стартавая маса да 105 т, даўж. 36,4 м, выш. 16,5 м, размах крыла каля 24 м, грузападымальнасць да 30 т. Старт карабля выконваецца з дапамогай ракеты-носьбіта «Энергія», спуск і пасадка — па «самалётным» рэжыме. Гл. «Спэйс Шатл».

Да арт. «Буран»: 1 — ракета-носьбіт «Энергія»; 2 — касмічны карабель «Буран».

т. 3, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУЛЯ́Р (ад лац. ocularis вочны),

частка аптычнай прылады (мікраскопа, тэлескопа і інш.), накіраваная да вока назіральніка. Прызначаны для разглядання павялічанага відарыса, створанага аб’ектывам або абарачальнай сістэмай. Асн. характарыстыкі: фокусная адлегласць, якая вызначае павелічэнне ўсей аптычнай сістэмы; адлегласць да выхадной зрэнкі (ад апошняй паверхні акуляра да відарыса, створанага акулярам); вугал поля зроку. Асн. тыпы простых акуляраў: Гюйгенса (17 ст.) і Рамсдэна (18 ст.). У складаных акулярах за кошт павелічэння колькасці лінзаў і выкарыстання несферычных (напр., парабалічных) паверхняў вугал зроку даводзіцца да 90—100°.

Да арт. Акуляр: a — акуляр Гюйгенса; b — акуляр Рамсдэна; Л1, Л2 — лінзы; Д — дыяфрагма; F — пярэдняя факальная плоскасць; В — вока.

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЖАЛКАВЫЯ РЫ́БНЫЯ ГАСПАДА́РКІ.

Гадуюць рыбу ў сажалках або прыстасаваных натуральных вадаёмах. Сажалкі абсталяваны прыстасаваннямі для запаўнення вадой з рэк і азёр, падтрымання яе ўзроўню ў час вегетац. сезону і спуску для адлову рыбы. Поўнасістэмныя С.р.г. маюць нераставыя (прызначаны для нерасту рыбы і развіцця малявак да 2—3 тыднёвага ўзросту), выроставыя (для гадоўлі сяголеткаў), нагульныя (для вырошчвання таварнай рыбы), зімавальныя (зімоўка рыбы), матачныя (утрыманне вытворнікаў), каранцінныя (для ізаляцыі хворай рыбы) сажалкі; маюць цэхі інкубацыйныя, кармавыя і па перапрацоўцы таварнай рыбы. Экстэнсіўныя С.р.г. гадуюць рыбу на натуральнай харч. базе. Больш эфектыўныя інтэнсіўныя С.р.г., у якіх выхад прадукцыі павялічваецца шляхам меліярацыі, угнаення вадаёмаў, штучным кармленнем рыбы. На Беларусі 18 С.р.г. сумарнай пл. нагульных сажалак 21,86 тыс. га, найб. буйныя — «Чырвоная Слабада» (2450 га) Салігорскага, «Лактышы» (2253 га) Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл., «Сялец» (2246 га) Бярэзінскага, «Любань» (2238 га) Любанскага р-наў Мінскай вобл. Гл. таксама Рыбаводства, Рыбныя гаспадаркі.

Да арт. Сажалкавыя рыбныя гаспадаркі: панарама сажалак (злева); схема размяшчэння вадаёмаў (а — выроставыя, б — нераставыя, в — зімавальныя сажалкі).

т. 14, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРТАВЫ́ КАРАБЕ́ЛЬ,

надводны баявы карабель, прызначаны для нясення дазорнай службы, аховы буйных караблёў і транспартаў ад раптоўных атак падводных лодак, самалётаў і катэраў на пераходзе морам і пры стаянках на адкрытых рэйдах. Выкарыстоўваецца таксама для нясення дазорнай службы на падыходах да сваіх ваенна-марскіх баз і партоў, аховы марской граніцы (пагранічны вартавы карабель). З’явіліся ў 1-ю сусв. вайну для барацьбы з падводнымі лодкамі. Шырока выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну, захаваліся ў большасці ваен. флатоў. Сучасныя вартавыя караблі (у некаторых флатах да іх адносяць таксама карветы і фрэгаты) маюць водазмяшчэнне 600—4000 т, скорасць да 35 вузлоў (65 км/гадз), узброены 1—4 універсальнымі 76—127-мм гарматамі, 20—40-мм зенітнымі аўтаматамі (да 10), тарпеднымі апаратамі, рэактыўнымі процілодачнымі бамбамётамі, процілодачнымі ракетамі (могуць несці таксама ракетныя комплексы і процілодачныя верталёты), аснашчаны радыёлакацыйнай і гідраакустычнай апаратурай, сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, сувязі і інш.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКЦЫ́ЙНАЯ ПЕЧ,

электратэрмічная ўстаноўка для плаўкі металаў і сплаваў індукцыйным нагрэвам. У прам-сці выкарыстоўваюцца пераважна тыгельныя і канальныя печы.

Тыгельная І. п. складаецца з індуктара (саленоіда) і плавільнага тыгля. Сілкуецца эл. токам прамысл. (50 Гц), сярэдняй (да 10 кГц) і высокай (больш як 10 кГц) частаты (гл. Высокачастотная печ). Выкарыстоўваюцца звычайна для плаўкі сталі і чыгуну. Канальныя І. п. маюць стальны асяродак, які праходзіць праз унутр. поласць індуктара. Сілкуюцца токам прамысл. частаты. Прызначаны пераважна для выплаўкі каляровых металаў і сплаваў. Ёмістасць І.п. да некалькіх соцень тон. Вызначаюцца высокай скорасцю нагрэву, чысцінёй атрыманага прадукту, лёгкасцю рэгулявання т-ры, малым угарам металу, магчымасцю вядзення плаўкі ў ахоўным газавым асяроддзі або вакууме (гл. Вакуумная печ).

Індукцыйныя печы: а — канальная са стрыжнем (1 — кальцавы жолаб з расплаўленым металам, 2 — стрыжань-магнітаправод, 3 — абмотка індуктара); б — вакуумная з нахільным тыглем (1 — тыгель, 2 — абмотка, 3 — расплаўлены метал, 4 — уліўніца).

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРУ́ЗЧЫК,

самаходная (гусенічная або колавая) пад’ёмна-транспартная машына для пагрузкі сыпкіх, дробнакавалкавых і штучных грузаў у трансп. сродкі, перамяшчэння іх на невял. адлегласці, укладкі ў штабелі ці адвалы. Бываюць бесперапыннага дзеяння (маюць ланцуговыя ці скрабалкавыя канвееры, на якія груз падаецца заграбнымі лапамі, вінтавымі або ротарнымі сілкавальнікамі) і цыклічнага дзеяння (аснашчаны вілачнымі захопамі, каўшамі, боднямі і інш.); аўтапагрузчыкі і электрапагрузчыкі.

П. агульнага прызначэння (універсальныя) выкарыстоўваюцца ў розных галінах нар. гаспадаркі для пагрузкі разнастайных грузаў. Абсталёўваюцца рознага тыпу грузазахопнымі прыстасаваннямі і зменным абсталяваннем (П.-бульдозеры, -экскаватары, грэйферныя, адна- і многакаўшовыя). П. спецыяльныя прызначаны для работы з грузамі абмежаванай наменклатуры або ў асаблівых умовах (горныя пагрузачныя машыны, с.-г. зернепагрузчыкі, загрузчыкі кармоў, П.-капавозы, -стагакіды, снегапагрузчыкі і інш.).

На Беларусі аднакаўшовыя П. выпускае аб’яднанне «Амкадор», аўтапагрузчыкі — Магілёўскі аўтамаб. з-д.

І.​І.​Леановіч.

Пагрузчыкі акцыянернага таварыства «Амкадор»: 1 — аднакаўшовы франтальны колавы; 2 неперарыўнага дзеяння з фрэзерным сілкавальнікам і паваротным транспарцёрам.

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУБЕ́ЦКІ Андрэй Паўлавіч (1892, в. Сухмяні Гродзенскай вобл. — пасля 1944),

бел. грамадска-паліт. дзеяч, вайсковец. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1912), настаўнічаў. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча. Удзельнік 1-й сусв. вайны, у лют. 1918 дэмабілізаваны ў чыне капітана. У ліст. 1918 увайшоў у Бел. партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, адзін з ініцыятараў склікання Гродзенскага бел. сял. з’езда 1918, старшыня створанай з’ездам Гродзенскай павятовай рады. У ліп. 1919 абраны ў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны, кааптаваны ў Беларускую вайсковую камісію (БВК) і прызначаны нам. старшыні камісіі. Восенню 1920 у Лодзі аднавіў дзейнасць БВК і стаў яе старшынёй, у кастр. ў Гродне займаўся вярбоўкай жыхароў у склад бел. вайск. фарміраванняў. У ліст. 1920 з групай бел. афіцэраў выехаў у мяст. Семежава Слуцкага пав. для падтрымкі Слуцкага паўстання 1920. Найвышэйшай радай БНР прызначаны «галоўнакамандуючым узброенымі сіламі Рэспублікі». Пасля ліквідацыі паўстання — у Вільні. У лют. 1922 у ліку 33 бел. і літ. нац. дзеячаў высланы польскімі ўладамі з Вільні ў Літ. Рэспубліку. З мая 1922 у Латвіі, выкладаў у Дзвінскай бел. гімназіі, удзельнічаў у працы мясц. бел. грамадскіх арг-цый, супрацоўнічаў з бел. музеем імя І.​Луцкевіча ў Вільні. Быў абвінавачаны ў антыўрадавых дзеяннях у час суд. працэсаў над бел. нац. актывамі ў Латвіі, апраўданы судом. У час 2-й сусв. вайны кіраваў Дзвінскім аддзяленнем Бел. нац. аб’яднання ў Латвіі. Пасля 1944 лёс невядомы.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 18, кн. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТРАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,

устаноўка для пераўтварэння энергіі ветру ў эл. энергію. Складаецца з быстраходнага ветрарухавіка, электрычнага генератара, аўтам. прылад кіравання імі, збудаванняў для іх устаноўкі і абслугоўвання. На некаторых ветраэлектрычных станцыях ёсць рэзервовы цеплавы рухавік, які выкарыстоўваецца ў перыяд бязветранасці.

Магутнасць ветраэлектрычнай станцыі да некалькіх мегават, ккдз ветрарухавікоў, якія выкарыстоўваюцца ў ветраэлектрычнай станцыі, да 48%. Маламагутныя ветраэлектрычныя станцыі (да 3 кВт) прызначаны пераважна для зарадкі акумулятараў, больш магутныя — для сілкавання электрарухавікоў і асвятлення памяшканняў. Ветраэлектрычныя станцыі выкарыстоўваюцца ў мясцовасцях, дзе сярэднегадавая скорасць ветру перавышае 5 м/с і якія аддалены ад сетак цэнтралізаванага энергазабеспячэння (у сельскіх і горных раёнах, у стэпавых, паўпустынных, арктычных і да т.п. зонах). Перспектыўныя і як нетрадыцыйныя крыніцы энергіі ў вял. энергетыцы — для энергазабеспячэння (гл. Ветраэнергетыка). Праблему электразабеспячэння за кошт энергіі ветру распрацоўвалі У.​П.​Вятчынкін, А.​Г.​Уфімцаў і інш. На аснове іх работ пабудаваны першыя ў б. СССР ветраэлектрычныя станцыі магутнасцю 8 кВт (1930, каля Курска) і 100 кВт (1931, каля Севастопаля).

Паўаўтаматычная ветраэлектрычная станцыя з цеплавым рэзервовым рухавіком.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)