галіна харчовай прамысловасці. Ажыццяўляе перапрацоўку рознай сыравіны расліннага і жывёльнага паходжання (агародніны, садавіны, ягад, грыбоў, малака, мяса, рыбы) у паўфабрыкаты і гатовыя да спажывання харч. прадукты, пераважна ў герметычнай тары. У залежнасці ад зыходнай сыравіны вылучаюць пладова-агароднінакансервавую, малочна-, мяса- і рыбакансервавую (рыбную) прам-сць.
Узнікла К.п. у пач. 19 ст. Развіта ў многіх краінах свету, найб. у ЗША, Германіі, Расіі. Францыі, Украіне, Вялікабрытаніі. У свеце пераважае вытв-сць агароднінных і пладова-агароднінных кансерваў. Мясных кансерваў найб. вырабляецца ў ЗША і Германіі, рыбных — у ЗША, Расіі, Японіі.
На Беларусі выраб кансерваў пачаты ў 1915 у Віцебску. На пач. 1997 было больш за 60 прадпрыемстваў, спецыялізаваных на вырабе розных відаў кансерваў. Пераважаюць пладова-агароднінакансервавыя прадпрыемствы (51). Найбольшыя: Глыбоцкі і Рагачоўскі малочнакансервавыя камбінаты, Аршанскі, Баранавіцкі і Бярозаўскі мясакансервавыя камбінаты, Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод, Ганцавіцкі эксперым. кансервава-агароднінасушыльны камбінат, Кобрынскі, Слуцкі, Полацкі, Барысаўскі, Глыбоцкі, Клецкі, Мінскі, Ляхавіцкі, Гарынскі, Бабруйскі, Гомельскі, Рэчыцкі кансервавыя і пладовакансервавыя з-ды. Па выпуску прадуктаў дзіцячага харчавання спецыялізуюцца Клецкі кансервавы завод і сумеснае прадпрыемства «Беллакт» у Ваўкавыску. Перапрацоўку рыбы ўласных вадаёмаў і марской ажыццяўляюць Мінскае доследнае рыбаперапрацоўчае комплекснае прадпрыемства, рыбазаводы ў Полацку, Нарачы, Браславе. Агульная вытв-сць кансерваў на Беларусі ў 1996 склала 317,4 млн. ўмоўных бляшанак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭХНІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна машынабудавання і металаапрацоўкі, якая вырабляе абсталяванне для радыёсувязі і тэлебачання, сродкі радыё- і правадной сувязі, шырокавяшчальныя радыёпрыёмнікі і тэлевізары, электронныя ўзмацняльнікі, электраакустычныя прыстасаванні, спец.тэхнал. абсталяванне. Найб. развітая Р.п. у ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Рэспубліцы Карэя, Кітаі, Нідэрландах. На Беларусі радыёпрыёмнікі выраблялі на Мінскім радыёзаводзе з 1940 (з 1950-х г.Мінскі прыборабудаўнічы завод, выпускаў радыёлу «Мінск Р-7»; з 1992 Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі). З 1951 працуе 2-і радыёзавод (у 1959 выпусціў першы ў СССР транзістарны радыёпрыёмнік «Мінск-Т»), з 1997 — Мінскае прадпрыемства «Завод Гарызонт». Як самастойная галіна Р.п. пачала фарміравацца з 1950-х г. У 1957 пабудаваны Віцебскі завод радыёдэталей; у 1976—78 — Віцебскі тэлевізійны з-д (з 1989 уваходзіць у Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь»). Працуе больш за 50 прадпрыемстваў Р.п. (2000). Сярод іх: Гродзенскае ВА «Хваля» (аўтамагнітолы, аднаканальныя і шматканальныя радыёстанцыі, радыёпрыёмнікі, тэлевізары), Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», радыёзавод «Спадарожнік» ў г. Маладзечна (стэрэамагнітолы і радыёпрыёмнікі для аўтамабіляў), завод «Зеніт» у Магілёве (тэлевіз. апаратура) і інш.; у Віцебску бел.-швейц. прадпрыемства «Euromedia» (каляровыя тэлевізары з камплектацыяй дэталей фірм «Toshiba», «Hitachi», «Philips». Выпушчана 195 тыс. радыёпрыёмнікаў, 516 тыс. тэлевізараў, у т. л. 433 тыс. каляровых (1999). Прадукцыя Р.п. экспартуецца ў многія краіны свету, у т. л. ў Расію, на Украіну і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРСЦЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна тэкстыльнай прамысловасці па перапрацоўцы шэрсці — натуральнай і ў спалучэнні з сінт. валокнамі. Асн. прадукцыя: камвольная, тонка- і грубасуконная тканіна, шарсцяная і паўшарсцяная пража, дываны, дывановыя вырабы, коўдры, шалі, хусткі і інш.Найб. развіта Ш.п. у Расіі, Вялікабрытаніі, Італіі, Японіі, Кітаі і інш.
На Беларусі першая суконная мануфактура працавала ў Нясвіжы з 1752. У 1760—80 пабудаваны суконныя мануфактуры ў вёсках (маёнтках) Паласна (Стаўбцоўскі р-н), Бабоўня (Капыльскі р-н), Гродзенскія каралеўскія мануфактуры. У канцы 18—пач. 19 ст. працавалі Слонімская суконная мануфактура (гл.Слонімскія мануфактуры), суконныя прадпрыемствы ў Ваўкавыску, Віцебску, Дуброўне. У сярэдзіне 19—пач. 20 ст. дзейнічалі Парэцкая суконная фабрыка і Ружанскія суконныя прадпрыемствы. У 1913 выраблена 37 тыс. пагонных метраў тканін. У 1920—30-я г. Ш.п. значна развілася. У 1940 вытв-сць шарсцяных тканін павялічылася ў параўнанні з 1913 у 7,2 раза. Найбольшая была Якаўлевіцкая суконная фабрыка. Пасля Вял.Айч. вайны аднаўляліся разбураныя, будаваліся новыя прадпрыемствы. Найбольшыя прадпрыемствы Ш.п. (2003): Брэсцкі дывановы камбінат (гл.«Дываны Брэста»), Віцебскі дывановы камбінат (гл.«Дываны Віцебска»), Мінскі тонкасуконны камбінат, Мінскі камвольны камбінат, Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка і інш. Выраблена шарсцяных тканін у 1999—46 млн.м², у 2000—9 млн.м², у 2001—6 млн.м², у 2002—5 млн.м².
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦУКРО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці па вырабе цукру. Сыравіна — цукр.буракі і цукровы трыснёг. Найб. развіта Ц.п. на Кубе, у Бразіліі, Францыі, Кітаі, Расіі, на Украіне, у Індыі, Аўстраліі, Мексіцы, ЗША.
На Беларусі першы цукр.з-д пабудаваны ў 1830 у маёнтку Моладава (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.). У 1860-я г. дзейнічалі 33 цукр. з-ды (найб. Парэцкі, Беліцкі і Іванскі). Не вытрымаўшы канкурэнцыі з цукр. з-дамі Украіны (цукар танней было прывозіць, чым вырабляць), да 1917 яны ўсе спынілі дзейнасць. Галіна пачала адраджацца пасля Вял.Айч. вайны. У 1947 пачаў будавацца Скідзельскі цукровы камбінат, які ў 1951 даў першую прадукцыю. З 1959 працуе Гарадзейскі цукровы камбінат, з 1963 — Жабінкаўскі цукровы завод, Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат. Яны вырабляюць цукар-пясок, цукар-рафінад, лімонную кіслату. У зімовы перыяд (з кастр. па люты) перапрацоўваюць мясц. сыравіну (цукр. буракі), у астатні час — прывазны цукар-сырэц. Адходы вытв-сці цукру (макуха, патака, фільтрацыйныя асадкі) выкарыстоўваюць як кармавыя дабаўкі і ўгнаенне. У 2002 у галіне 4 прадпрыемствы, вытв-сць цукру-пяску склала 654,4 тыс.т, у т. л. з цукр. буракоў 180,3 тыс.т. Экспарт цукру-пяску з Беларусі (2000) склаў 256,3 тыс.т (у Расію і Украіну). Імпарт у Беларусь — 443 тыс.т, у т. л. з Бразіліі — 134,1 тыс.т, Кубы — 212,4, Аргенціны — 29,6 тыс.т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна машынабудавання і металаапрацоўкі, прадпрыемствы якой вырабляюць прылады, прынцып дзеяння якіх засн. на выкарыстанні дасягненняў сучаснай электронікі. паўправадніковыя, электравакуумныя і п’езакварцавыя прылады; вырабы квантавай, крыягеннай і оптаэлектронікі, інтэгральнай оптыкі; рэзістары, кандэнсатары, інтэгральныя схемы; спец.тэхнал. абсталяванне. Прадукцыя Э.п. шырока выкарыстоўваецца ў вытв-сці сродкаў аўтаматызацыі тэхнал. працэсаў і сістэм кіравання, радыёсувязі, тэле- і радыёвяшчання, ЭВМ.
Узнікла ў 1920-х г., калі быў асвоены выпуск электронна-прамянёвых трубак і звышвысокачастотных прылад. Асабліва хутка развівалася пасля 2-й сусв. вайны. Найб. буйныя кампаніі Э.п. ў ЗША, Японіі, ФРГ, Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі. У СССР прадпрыемствы галіны пабудаваны ў многіх буйных гарадах; з 1965 існавала Мін-ва электроннай прам-сці.
На Беларусі першае прадпрыемства галіны — Віцебскі з-д радыёдэталей (з 1958). На яго базе і з-даў рэзістараў (з 1968) у Віцебску і «Лантан» у г.п. Арэхаўск Аршанскага р-на ў 1972 створана Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт» (шматслойныя і аднаслойныя керамічныя і плёначныя кандэнсатары, вырабы з п’езакерамікі і інш.). На 2003 на Беларусі працуе больш за 50 прадпрыемстваў Э.п. Найбуйнейшыя з іх: НВА«Інтэграл» (інтэгральныя мікрасхемы, паўправадніковыя прылады, вадкасна-крышт. экраны і панэлі, спец.тэхнал. абсталяванне і інш.), Маладзечанскае вытворчае аб’яднанне «Электрамодуль» (дыёды паўправадніковыя, дыёда-транзістарныя модулі, блокі агульнапрамысл. прызначэння і інш.), Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал» (карпусы інтэгральных схем, рэзанатары п’езаэлектрычныя і інш.). Прадукцыя экспартуецца гал.ч. у краіны СНД.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІКО́РМАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці, спецыялізаваная на выпуску камбікармоў і бялкова-вітамінных дабавак для с.-г. жывёл, птушак і рыбы. Неабходная для развіцця жывёлагадоўлі на прамысл. аснове. Найб. развіта К.п. у ЗША, Японіі, Расіі, Вялікабрытаніі, Украіне, Францыі, Германіі, Польшчы і інш.
На Беларусі К.п. развіваецца з сярэдзіны 20 ст. Першыя камбікормавыя цэхі пры млынкамбінатах створаны ў 1957 у Віцебску і Магілёве. Да 1960 пабудаваны 10 малагабарытных універсальных з-даў магутнасцю па 35 т у суткі і 2 камбікормавыя цэхі ў Слуцку і Лідзе — па 200 т у суткі кожны. На працягу 1966—75 здадзена ў эксплуатацыю 28 прадпрыемстваў: спецыялізаваныя камбікормавыя з-ды, цэхі амаль на ўсіх камбінатах хлебапрадуктаў; выпуск прадукцыі павялічыўся ў 8,1 раза.
Сучасная К.п. Беларусі налічвае больш за 2 тыс. прадпрыемстваў і вытв-сцей (у т. л. 17 спецыялізаваных з-даў), на якіх занята каля 10 тыс.чал. Найбольшыя прадпрыемствы: з-ды ў Глыбокім, Жабінцы, Драгічыне, Смаргоні; цэхі ў Віцебску, Магілёве, Мар’інай Горцы, Слуцку і інш. Шмат дробных вытв-сцей створана ў калгасах і саўгасах, на жывёлагадоўчых комплексах і фермах. Камбікорм звычайна выпускаецца грануляваны і брыкетаваны. Сыравінай для вытв-сці камбікармоў з’яўляюцца зерне збожжавых культур, жывёльныя і грубыя кармы, травяная і хвойная мука, прадукты хім. і мікрабіял. прам-сці, вітаміны, мікраэлементы, антыбіётыкі, амінакіслоты і інш.біял. рэчывы, што ўводзяцца ў камбікорм у выглядзе дамешкаў (прэміксаў). Асвоена вытв-сць камбікармоў для ўсіх відаў і полаўзроставых груп жывёлы. У 1995 выраблена 2059,6 тыс.т камбікармоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці па мех. і хім.-мех. апрацоўцы драўніны. Уключае 3 гал. групы вытв-сці: лесапільную; клееных матэрыялаў і пліт; вырабаў з драўніны. Асн. сыравінай для лесапільнай вытворчасці служаць бярвёны; асн. прадукцыя — піламатэрыялы, дадатковая — тэхнал. трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Асн. сыравінай клееных матэрыялаў і пліт служаць лясныя сартыменты, драўнінныя адходы і кляі; прадукцыя — клееныя паўфабрыкаты і вырабы (фанера, фанерныя пліты, клееныя буд. канструкцыі, драўнянаслаістыя пластыкі, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты і інш.). Для вырабаў з драўніны зыходная сыравіна — драўніна і драўнінныя матэрыялы, пластмасы, металы, шкло, тканіны, кляі, лакі і інш.; прадукцыя — сталярна-буд. вырабы, драўняныя дамы, мэбля, муз. інструменты, тара, спарт. інвентар, гасп. тавары, сувеніры, абсталяванне сродкаў транспарту і інш.
У Рас. імперыі Д.д. узнікла ў саматужнай і рамеснай форме ў пач. 18 ст. Інтэнсіўна развіваецца з 2-й пал. 19 ст.Удз. в. Беларусі ў агульным аб’ёме Д.д. Расіі ў 1913 складала 6,5%. Пераважала лесапілаванне (59,1% валавой прадукцыі). Лясная сыравіна і паўфабрыкаты ішлі ў асноўным за мяжу. Працавалі: Бабруйскі, Гомельскі і Мазырскі лесапільныя з-ды, запалкавыя і фанерныя прадпрыемствы ў Пінску, Барысаве, Гомелі і інш.
У СССР развіццё Д.п. было звязана з ростам капітальнага буд-ва, машынабудавання, вытв-сці тавараў шырокага ўжытку. У 1920—30-я г. працавалі: дрэваапр.з-д у Мінску, Гомельскія лесакамбінат (на базе лесапільных з-даў) і дрэваапр. камбінат, Бабруйскі лесакамбінат і Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Віцебскі фанерны з-д і інш. Да Айч. вайны ў Беларусі былі 3 дрэваапр. камбінаты, 26 леса- і 16 фанерных з-даў, 5 мэблевых, 4 запалкавыя ф-кі. Аб’ём выпуску прадукцыі ў 1940 больш як у 6,5 раза перавышаў узровень 1913. Выпуск клеенай фанеры склаў 34,8%, запалак — 28,6% агульнасаюзнага аб’ёму. Пасля вайны побач з адноўленымі пабудаваны новыя прадпрыемствы Д.п. Маючы 0,7% лясоў СССР, у канцы 1980-х г. Беларусь выпускала 10,6% фанеры, каля 8% драўнянавалакністых і 7% драўнянастружкавых пліт, 6% мэблі, 3,4% паперы ад усесаюзнага аб’ёму.
Найбольшымі і тэхнічна развітымі прадпрыемствамі з’яўляюцца Бабруйская мэблевая фабрыка, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка, «Мінскпраектмэбля», Пінская дрэваапрацоўча-фанерная фабрыка, «Івацэвічдрэў», Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, «Рэчыцадрэў» і інш., якія ўваходзяць у канцэрн «Беллеспаперапрам». У 1991—95 аб’ёмы выпуску прадукцыі паступова зніжаліся. Яе стабілізацыя пачалася з 2-й пал. 1990-х г. Да гэтага часу створана больш за 100 малых і сумесных прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, пераважна мэблевых; дзейнічаюць таксама прадпрыемствы ў сістэме лясной гаспадаркі, мясц. прам-сці, быт. абслугоўвання насельніцтва, буд-ва, с.-г. прадпрыемстваў і інш. Каля 70% усёй прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам». Значная частка ідзе на экспарт, пераважна ў Расію.
Д.п. шырока развіта ў многіх краінах свету, у т. л. ў ЗША, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Канадзе, з якіх шмат прадукцыі экспартуецца. Высокаразвітая Д.п. Германіі і Японіі ў асноўным працуе на прывазной сыравіне. Высокі ўзровень Д.п. ў Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Швейцарыі, Даніі, Бельгіі, Славеніі і інш., якія таксама імпартуюць сыравіну і паўфабрыкаты. Д.п. развіваецца ў Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Балгарыі, краінах Прыбалтыкі. З краін СНД найб. развітая ў Расіі, якая мае вял. запасы драўніны і забяспечвае ляснымі рэсурсамі многія краіны свету, на Украіне.
Тэхн. прагрэс у Д.п. цесна звязаны з н.-д. дзейнасцю, вывучэннем яе фізіка-мех. уласцівасцей, распрацоўкай новых матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання, канструяваннем мэблі і інш. вырабаў. Гэтыя работы выконваюцца ў Бел.дзярж.тэхнал. ун-це, НВА «Мінскпраектмэбля», буйнейшымі дрэваапр. аб’яднаннямі.
Літ.:
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Барташевич А.А., Богомазов В.В. Технология изделий из древесины. Мн., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРНАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна горназдабыўной прамысловасці, якая займаецца здабычай, першаснай перапрацоўкай і абагачэннем сыравіны (фасфатных, серных, борных, мыш’яковых, барыевых і барытавых руд, прыродных сульфату натрыю, калійных солей, соды і кухоннай солі), а таксама атрыманнем брому, ёду і інш. рэчываў. Засн. на комплексным выкарыстанні сыравіны з мэтай павышэння эфектыўнасці вытв-сці, прадухілення забруджвання навакольнага асяроддзя адходамі і недапушчэння агульнага адмоўнага ўплыву сваіх працэсаў. Прадпрыемствы горнахімічнай прамысловасці пераважна з’яўляюцца часткай адпаведных спецыялізаваных аб’яднанняў, што ўключаюць аб’екты здабычы, перапрацоўкі зыходнай сыравіны, атрымання спадарожных рэчываў і разнастайных матэрыялаў. У месцах развіцця горнахімічнай прамысловасці паявіліся цэлыя прамысл. комплексы, з гарадамі, якія іх абслугоўваюць.
Узнікненне горнахімічнай прамысловасці як самаст. галіны вытв-сці звязана з неабходнасцю забеспячэння сельскай гаспадаркі мінер. ўгнаеннямі. У 1913 прамыслова развітыя краіны здабывалі каля 10 млн.т горнахім. сыравіны, з якой на самародную серу, флюарыты, бараты, бром, ёд і хромавую руду прыпадала каля 1,15 млн.т, астатняе — фасфатная сыравіна і калійныя солі. У 1980 у краінах з рыначнай эканомікай здабывалася 165 млн.т горнахім. сыравіны. Буйнейшыя здабытчыкі і краіны-экспарцёры — ЗША і Марока, буйнейшыя імпарцёры — дзяржавы Зах. Еўропы, Японія і Канада. У б.СССР здабыча фасфарытных (Ягор’еўскае і Вяцка-Камскае радовішчы) і апатыта-нефелінавых (на Кольскім п-ве) руд і іх перапрацоўка пачалася ў 1928—30-я г.; у 1980 здабыта 155 млн.т горнахім. сыравіны.
У Беларусі развіццё горнахімічнай прамысловасці пачалося з адкрыцця ў 1949 Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей (буйнейшае ў свеце). На базе іх здабычы і перапрацоўкі ўзнік г. Салігорск з ВА«Беларуськалій».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛМА́ЗНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна горнай прам-сці па здабычы і апрацоўцы алмазаў, а таксама вытв-сці сінт. алмазаў.
Апрацоўка алмазаў існуе са старажытнасці. Алмазы былі вядомы ў Індыі з 8—7 ст. да н.э. У пач. 18 ст. яны знойдзены ў Бразіліі, у 1829 — у Расіі (на Урале), у 1866 — у Паўд. Афрыцы. З канца 19 — пач. 20 ст. Афрыка стала асн. алмазаздабыўным рэгіёнам свету. З 1955 пачалася прамысл. здабыча алмазаў у Якуціі. Аульныя запасы алмазнай сыравіны ацэньваюцца больш як у 2 млрд. каратаў (І кар — 200 мг), найб. ў Заіры, ПАР, Батсване, Анголе, Гане, Намібіі, Аўстраліі.
Па здабычы ювелірных алмазаў 1-е месца ў свеце займае Афрыка, каля палавіны тэхн. алмазаў здабываецца ў Аўстраліі. Асн. вытворцы ювелірных алмазаў — Паўд. Афрыка, Батсвана, Расія, Намібія і Ангола. Каля 80% сусв. здабычы алмазаў кантралюе найбуйнейшая ў галіне кампанія «Дэ Бірс кансалідэйтэд майнс». Збыт прыродных алмазаў на сусв. рынку ажыццяўляе манапаліст — Алмазны сіндыкат. Каля 100% ювелірнай сыравіны, якая паступае на рынак, перапрацоўваецца ў брыльянты. Ювелірныя алмазы апрацоўваюцца пераважна ў Амстэрдаме, Тэль-Авіве, Бамбеі, Нью-Йорку. Сінтэтычныя алмазы (памеры 0,01—1,2 мм) вырабляюць Расія і некат. краіны Усх. Еўропы, амер. кампанія «Джэнерал электрык», прадпрыемствы кампаніі «Дэ Бірс», у ПАР, Ірландыі і Швецыі, а таксама японскія, герм. і інш. фірмы. Сучасная штогадовая вытв-сцьсінт. алмазаў ацэньваецца ў 150 млн.кар; за іх кошт на 75% забяспечваецца выраб алмазнага інструменту. На Беларусі арг-цыямі ВА «Беларусьгеалогія» вядзецца пошук алмазаў. У 1980—90 выяўлены алмазаносныя кімберліт-лампраітавыя пароды на ПдУ рэспублікі. Знойдзены 3 крышталі алмазаў. На прывазной сыравіне наладжана апрацоўка алмазаў у Гомелі (прадпрыемства «Крышталь»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАРО́ННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, прадпрыемствы якой выпускаюць макаронныя вырабы. Каля 80% прадукцыі вырабляецца з мукі вышэйшых гатункаў, у некаторыя вырабы дадаюцца малочныя прадукты, яйкі і інш. Атрымала шырокае развіццё ў многіх краінах свету, паколькі макаронныя вырабы пажыўныя і высокакаларыйныя, добра зберагаюцца, хутка і проста гатуюцца. Найбуйнейшыя вытворцы макаронных вырабаў з’яўляюцца Італія (35 кг на 1 чал. за год), Японія (12 кг), Францыя (6 кг), Венгрыя, Германія, Расія, ЗША.
На Беларусі да 1920-х г.вытв-сць макаронных вырабаў вялася пераважна саматужным спосабам. Толькі ў Брэсце працавала паравая макаронная ф-ка (17 рабочых у 1908). Як самастойная галіна М.п. створана ў пач. 1920-х г. У 1931 у Барысаве, на базе дражджавога з-да пабудаваны макаронна-мукамольны камбінат (з 1944 макаронная ф-ка). На базе арцелі ўзнікла макаронная ф-ка ў Віцебску. У 1940 выпушчана 13,5 тыс. т макаронных вырабаў. У 1963 на базе арцелі створана Слуцкая макаронная ф-ка. У 1977 дзейнічала 14 аўтаматычных, 18 механізаваных паточных ліній, комплексна-механізаваны ўчастак; выпушчана 49,1 тыс. т макаронных вырабаў. У 1997 М.п. давала 0,9% валавой прадукцыі харч. прам-сці. У ёй занята 1,2% прамысл. персаналу харч. прам-сці. Вытв-сць макаронных вырабаў склала 41,5 тыс. т, што ў 1,5 раза менш, чым у 1990. Працуюць 57 прадпрыемстваў і вытв-сцей па выпуску макаронных вырабаў, найбуйнейшыя з іх Барысаўская макаронная фабрыка (адкрытае акц.т-ва «Барымак»), ф-кі ў Слуцку і Віцебску, цэх пры Магілёўскім хлебазаводзе. Створаны шэраг сумесных прадпрыемстваў, у т. л. чэшска-бел. прадпрыемства Pastaala у Нясвіжы, якое вырабляе 10 найменняў макаронных вырабаў.