МЕГАЛО́ПАЛІС [ад грэч. megas (megalu) вялікі + polis горад; паходзіць ад назвы стараж.-грэч. горада Мегалопаль, які ўзнік ад зліцця больш як 35 паселішчаў Аркадыі],
найбуйнейшая форма рассялення, якая ўтвараецца ў выніку зліцця суседніх гарадскіх агламерацый. Звычайна М. выцягнуты ўздоўж трансп. магістралей, але суцэльнай гар. забудовы не мае; прыкладна 9/10 яго плошчы займаюць адкрытыя прасторы. Найбольшыя М.: на Атлантычным узбярэжжы ЗША паміж Бостанам і Вашынгтонам, у Каліфорніі; на Ціхаакіянскім узбярэжжы в-ва Хонсю — ад Токіо да Осакі (Японія), у раёне ніжняга і сярэдняга Рэйна (Нідэрланды — Германія), ад Лондана да Ліверпуля (Вялікабрытанія), у раёне Вял. азёр (ЗША — Канада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎГІДРАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах перыядычнага празмернага ўвільгатнення (больш за 15—20 сут за год) паверхневымі ці грунтавымі водамі. Прысутнічаюць прыкметы агляення глебы. Асаблівасці паўгідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы, падзолаўтварэнне, інтэнсіўны вынас спалучэнняў жалеза, паніжэнне акісляльна-аднаўленчага патэнцыялу, лесіваж. Марфалагічны профіль характарызуецца наяўнасцю шызых і белаватых плям з іржавымі пражылкамі, афарбоўка якіх залежыць ад ступені акіслення іонаў жалеза. На Беларусі да П.г. адносяцца дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы, дзярновыя забалочаныя глебы, падзолістыя забалочаныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя і інш. Займаюць больш за 30% плошчыс.-г. угоддзяў. Для с.-г. выкарыстання П.г. патрабуюць рэгулявання вільготнага рэжыму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРМАВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца вырошчваннем кармавых культур, нарыхтоўкай, перапрацоўкай і захаваннем кармоў для забеспячэння грамадскай жывёлагадоўлі. Складаецца з палявой. лугавой і прамысловай К. Уключае вытв-сць кармоў з натуральных і сеяных сенажацей, пасевы палявых кармавых культур на сена, сянаж, сілас, фуражнае зерне, зялёны і сакавіты корм, адходы сельскай гаспадаркі (салома, бацвінне караняплодаў, мякіна і інш.), мукамольнай, алейнай, цукровай, піваварнай, спіртавой і гарэлачнай, крухмала-патачнай, рыбнай, мясной, малочнай і інш. галін прам-сці, кармы прамысл. вытв-сці (камбікорм і інш.).
Палявая К. забяспечвае атрыманне найб. колькасці кармоў з кожнага гектара пасяўной плошчы. Аснову яе складаюць збожжавыя і кармавыя культуры. Лугавая К. паляпшае натуральныя і стварае культурныя сенажаці і пашы, укараняе новыя сарты кармавых культур з вял. колькасцю кармавога бялку (пратэіну), удасканальвае структуру кармавых культур і кармоў. Прамысловая К. забяспечвае жывёлагадоўлю камбікармамі (гл.Камбікормавая прамысловасць), мінер. і бялкова-вітаміннымі дабаўкамі, кармавымі дражджамі, антыбіётыкамі, стымулятарамі і інш. У краінах з развітой жывёлагадоўляй (Данія, Нідэрланды, Германія, Вялікабрытанія і інш.) аснова К. — кармы, што атрымліваюць на ворнай зямлі і культурнай пашы, у Аўстраліі, шэрагу краін Афрыкі, Азіі і Паўд. Амерыкі — кармы натуральнай пашы. На Беларусі ў грамадскіх гаспадарках нарыхтоўваецца (1997) 8,6 млн.т кармоў, у т. л. травяных 4,9 млн.т кармавых адзінак (к. а.). У разліку на 1 умоўную галаву атрымана да 20,4 ц к. а. Для К. выкарыстоўваецца ад 65 да 80% плошчыс.-г. угоддзяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ,
гідралагічны заказнік у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Створаны ў 1979 як азёрны заказнік з мэтай захавання эталоннага па чысціні возера і яго насельнікаў. Пл. 950 га (1995). Размешчаны на ПнУ Свянцянскіх град, на водападзеле Балтыйскага і Чорнага мораў. Уключае воз. Белае ў бас.р. Шоша і прылеглую тэрыторыю ў межах вадазборнай плошчы. У возеры водзяцца лешч, судак, шчупак, акунь, краснапёрка, верхаводка; па берагах пасяленні баброў. Пашыраны мох фантыналіс — адзін з рэдкіх для Беларусі відаў воднай флоры (утварае плаваючыя дзярнінкі). На Пд пераважна хваёвыя лясы, на ПдЗ і З трапляюцца ельнікі. Лясістасць 90%. На ПнУ асобныя ўчасткі хваёва-яловых лясоў, уздоўж азёрнага берага курціны шэраалешнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НАВЫЯ ЛЯСЫ́, асіннікі,
драбналістыя лясы, аснову дрэвастою ў якіх складае асіна. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, гал. чынам у Еўропе і Азіі. На Беларусі сустракаюцца часцей на ПнУ, радзей на ПдЗ; агульная пл. 151,7 тыс.га (1,96% лесапакрытай плошчы, 1994). Тут яны з’яўляюцца вытворнымі лясамі, якія растуць на месцы высечак дубовых, радзей ялова-хваёвых і хваёвых лясоў. Займаюць пераважна багатыя супясчаныя і сугліністыя глебы нармальнага ўвільгатнення. Вылучаюць асіннікі: бруснічны, імшысты, арляковы, кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы, прыручайна-травяны, чарнічны, даўгамошны. Асінавыя лясы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы. Пасля высечак асінавыя лясы выкарыстоўваюць для аднаўлення хваёвых, яловых і дубовых лясоў. Асіннікі — кармавыя ўгоддзі для лася, аленя, зубра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСІ́Й II (да пастрыжэння ў манахі Рыдзігер Аляксей Міхайлавіч; н. 23.2.1929, г. Талін),
патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. Скончыў ленінградскія духоўную семінарыю (1949) і духоўную акадэмію (1953) са ступенню кандыдата багаслоўя. З 1950 свяшчэннік і настаяцель царквы ў г. Іыхві Талінскай епархіі, з 1957 настаяцель Успенскага сабора г. Тарту. У 1961 пастрыжаны ў манахі, узведзены ў сан архімандрыта, потым епіскапа Талінскага і Эстонскага. З 1964 архіепіскап, з 1968 мітрапаліт. З 1964 кіраўнік справамі Маскоўскай патрыярхіі, з 1986 мітрапаліт Ленінградскі і Наўгародскі. У 1990 выбраны патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́СЕР (франц. glisseur ад glisser слізгаць),
лёгкае быстраходнае судна. Мае днішча адмысловай формы (з папярочнымі ўступамі — рэданамі — для змяншэння плошчы сутыкнення з вадой). У час руху пры абцяканні такога днішча ўзнікае гідрадынамічная сіла, якая падымае насавую частку і выклікае агульнае ўсплыванне судна (яно быццам бы слізгае па паверхні вады — глісіруе).
Глісер прыводзіцца ў рух грабнымі (часам паветранымі) вінтамі ад рухавікоў унутр. згарання (скорасць больш за 200 км/гадз). Бываюць з рэактыўнымі рухавікамі (скорасць больш за 300 км/гадз). Пашыраны ў спорце (гоначныя глісеры, напр.скутэр), ваенна-марскім (тарпедныя і ракетныя катэры) і пасажырскім флоце (паштова-пасажырскія катэры, аварыйна-выратавальныя судны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРНАТЭХНІ́ЧНАЯ РЭКУЛЬТЫВА́ЦЫЯ,
комплекс горнатэхн. работ па аднаўленні прыроднага ландшафту, змененага ў выніку адкрытай распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў; адзін з этапаў рэкультывацыі зямель. Задача горнатэхнічнай рэкультывацыі — падрыхтоўка парушаных зямель да правядзення мерапрыемстваў па аднаўленні ўрадлівасці, с.-г. і лесагаспадарчых работ, а таксама работ па асваенні вадаёмаў. Асн. аб’екты горнатэхнічнай рэкультывацыі: адвалы раскрыўных парод і выпрацаваныя плошчы кар’ераў. Горнатэхнічная рэкультывацыя ўключае: зняцце і складаванне ўрадлівага пласта глебы; распрацоўку і складанне парод раскрыўкі; наладжванне дрэнажнай сеткі для папярэджання забалочвання; буд-ва дарог на адвалах; планіроўку паверхні адвалаў; зніжэнне і сплошчанне, тэрасаванне і стабілізацыю адкосаў; меліярац. мерапрыемствы (вапнаванне, гіпсаванне); стварэнне рэчышча і берагоў вадаёмаў; накрыванне паверхні ўрадлівым слоем глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫ ПРО́МЫСЕЛ,
тэхналагічны комплекс для здабычы і збору прыроднага газу з плошчы радовішча, апрацоўкі газу і кандэнсату для падрыхтоўкі іх да транспарціроўкі. Камунікацыі і збудаванні газавага промыслу падзяляюць на асноўныя (эксплуатацыйныя, назіральныя і разведачныя свідравіны, газазборныя калектары, кампрэсарныя станцыі і інш.) і дапаможныя (энергет. гаспадарка, водазабеспячэнне, сувязь, майстэрні і інш.). Колькасць, характар і магутнасць збудаванняў газавага промыслу залежаць ад геолага-эксплуатацыйнай характарыстыкі радовішча. На Беларусі газавы промысел (на тэр. Гомельскай вобл.) прызначаны для спадарожнай здабычы і транспарціроўкі газу; створана закрытая (герметызаваная) сістэма нафтагазазбору (мінімізуе страты і забруджванне навакольнага асяроддзя). Перапрацоўку газу ажыццяўляе Беларускі газаперапрацоўчы завод у г. Рэчыца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ-ФОЛС (Victoria Falls),
нацыянальны парк у Зімбабве, у бас.р. Замбезі. Засн. ў 1952 (з 1931 рэзерват, з 1939 запаведнік). Пл. 1900 тыс.га. Гал. аб’ект аховы — ландшафты вакол вадаспада Вікторыя. Размешчаны на прылеглай да вадаспада плошчы ўздоўж цячэння р. Замбезі, у паўн.ч. змыкаецца з нац. паркам Мосі-Оа-Тунья (Замбія). Расліннасць — дажджавыя і галерэйныя лясы, што складаюцца пераважна з розных відаў пальмаў, бамбуку, дрэвападобных папарацей, а таксама пустынная расліннасць Паўн. Калахары. Для фауны звычайныя слон, бегемот, афр. буйвал, жырафа, антылопы, малпы, кракадзіл, леў, леапард, гіены, насарог, зебры; больш як 200 відаў птушак; шматлікія яшчаркі, змеі; пашыраны розныя віды мурашак і тэрмітаў. Цэнтр турызму.