СКАНДЫНА́ЎСКІ ПАЎВО́СТРАЎ Самы вялікі ў Еўропе, на ПнЗ мацерыка. Даўж. каля 1900 км, шыр. да 800 км, пл. каля 800 тыс.км². Абмываецца Баранцавым, Нарвежскім, Паўн., Балт. морамі, іх залівамі і пралівамі. Зах. і паўн. берагі высокія, стромкія, фіёрдавага тыпу, усх. і паўд. — нізкія, пераважна скалістыя, шхернага тыпу, на асобных участках плоскія, пясчаныя; моцна парэзаныя. Уздоўж узбярэжжаў — шматлікія астравы і скалы. Зах. і цэнтр. часткі паўвострава займаюць Скандынаўскія горы (г. Гальхёпіген, 2469 м), усх. схілы якіх пераходзяць у плато Норланд выш. 400—700 м. Уздоўж Балт.м. размешчана Сярэдняшведская нізіна з вял. азёрамі, марэннымі і озавымі падняццямі; на Пд — купалападобнае ўзв. Смоланд (выш. да 377 м), прыморскія нізіны. У геал. адносінах С.п. належыць да Балтыйскага шчыта і зоны каледонскай складкавасці. У плейстацэне С.п. быў цэнтрам зледзянення Еўропы. Захаваліся шматлікія марэнныя грады, друмліны, озы і інш. формы ледавіковага рэльефу, у высакагор’ях — ледавікі. Карысныя выкапні: жал., малібдэнавыя, тытанавыя, медныя, уранавыя, марганцавыя руды, поліметалы. Клімат С.п. пераважна ўмераны, на Пн — субарктычны; на яго ўздзейнічае Паўн.-Атл. цёплае цячэнне. На З клімат умераны марскі з мяккай зімой (сярэдняя т-растудз. ад -4 °C да 2 °C на Пд) і халаднаватым летам (ад 10 °C на Пн да 14 °C на Пд), вялікай вільготнасцю (1000—3000 мм за год). На У клімат пераходны да кантынентальнага. Зіма марозная (-15 °C на Пн, -5 °C на Пд), лета ўмерана цёплае (да 17 °C у ліп. на Пд). Ападкаў ад 400 да 800 мм за год. Рачная сетка С.п. густая. Рэкі кароткія, з парогамі і вадаспадамі, багатыя гідраэнергет. рэсурсамі; найб. буйныя — Глома, Торніяёкі, Далельвен, Онгерманельвен, Кларэльвен. Шматлікія азёры тэктанічнага, ледавіковага і змешанага паходжання: Венерн, Ветэрн, Меларэн, Ельмарэн. У раслінным покрыве пераважаюць хваёвыя лясы. На крайняй Пн — зона тундраў; Пд паўвострава — у зоне мяшаных лясоў (пераважае бук). На зах. узбярэжжы і схілах верасоўнікі і тарфянікі. У гарах вышынная пояснасць: хваёвыя лясы падымаюцца да 400 м на Пн і 900 м на Пд, ад 900 да 1100 м — пояс бярозавага крывалесся, вышэй — горная тундра. Жывёльны свет прадстаўлены тундравымі і ляснымі формамі. На ўзбярэжжах — птушыныя базары, прыбярэжныя воды багатыя рыбай. На С.п. размешчаны Швецыя, Нарвегія, паўн.-зах.ч. Фінляндыі. Буйныя гарады: Стакгольм, Гётэбарг (Швецыя), Осла (Нарвегія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕ́ТЫ,
індаеўрапейскі народ, які ў канцы 3-га тыс. да н.э. — 8 ст. да н.э. насяляў цэнтр. частку М.Азіі. Некат. вучоныя лічаць, што Х. перасяліліся ў М.Азію праз Каўказ ці праз Балканскі п-аў, іншыя — што яны належалі да стараж. насельніцтва М.Азіі. На мяжы 3-га — 2-га тыс. да н.э. знаходзіліся на стадыі распаду родавага ладу. Займаліся жывёлагадоўляй, садаводствам і вінаробствам. Х. адкрылі спосаб плаўкі сталі. У 18 ст. да н.э.засн.Хецкае царства. Каля 1595 да н.э. захапілі і разрабавалі Вавілон, у пач. 14 ст. падпарадкавалі дзяржаву Мітані. Перасяленне на У«народаў мора» стала штуршком, да падзення дзяржавы Х. Пазней яны растварыліся сярод фрыгійцаў і арамеяў. Гісторыю і матэрыяльную культуру Х. вывучае хеталогія.
Х. стварылі высокую культуру, якая спалучала традыцыі мясц. малаазійскія, стараж.-егіп. і шумера-вавілонскія (гл.Вавілона-асірыйская культура), паўплывала на мастацтва краін-суседзяў (Асірыя, Сірыя, Урарту). У буд-ве яны выкарыстоўвалі грубаапрацаваны камень, масіўныя каменныя блокі, шчыльна злучаныя насуха (цыклапічная муроўка). Іх буйныя паселішчы ўключалі цытадэль (на вяршыні скалы ці ўзгорка), былі абкружаны сценамі. Найб. значны помнік горадабудаўніцтва і архітэктуры — Хатусас (гл.Багазкёй). Сярод помнікаў Позняга перыяду — гарады Самаль і Кархемыш з палацавымі будынкамі тыпу «біт-хілані». Для афармлення гар. сцен выкарыстоўвалі высокія і плоскія рэльефы (паўфігуры львоў і сфінксаў на варотах крапасных сцен у Хатусасе), для абліцоўкі палацаў — артастаты — выявы божастваў, жывёл, сцэны з прыдворнага жыцця. На скалах высякалі сцэны працэсій божастваў. Рэльефы 2-га тыс. да н.э. падначалены ўмоўнаму канону: галава і ногі — у профіль, плечы і вока — у фас. Вядома і круглая скульптура (статуі божастваў) з рысамі асірыйскага і арамейскага мастацтва. Высокага ўзроўню дасягнула маст. апрацоўка металу (штандары-эмблемы, статуэткі божастваў), т.зв. кападакійская кераміка (паліхромныя і размаляваныя пасудзіны, манахромная, чорна- і чырвонаглянцаваная, збаны, чашы, пасудзіны з арнаментам, выявамі галоў жывёл), былі пашыраны чырвонаглянцаваныя пасудзіны, выкананыя на ганчарным крузе. У перыяд Новага Хецкага царства пераважала размаляваная паліхромная кераміка, пакрытая палівай, вял. парадныя пасудзіны з рэльефнымі выявамі. Характэрны таксама пячаткі ў форме круглага штэмпеля з сім. кампазіцыямі з іерагліфічных і сімвалічных выяў.
Літ.:
Гарни О.Р. Хепы: Разрушители Вавилона: Пер. с англ.М., 2002.
Да арт.Хеты. «Ільвіныя» вароты крапасной сцяны Хатусаса. Фрагмент.Да арт.Хеты. Наверша штандара ў выглядзе аленя з Аладжа-Хююк.Да арт.Хеты. Керамічная пасудзіна з Кюль-Тэпе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМАРФАЛАГІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ.
Па асаблівасцях прасторавай дыферэнцыяцыі будовы зямной паверхні на тэр. Беларусі вылучаны 4 геамарфалагічныя вобласці: Беларускае Паазер’е, Цэнтральнабеларускія ўзвышшы і грады, раўніны і нізіны Перадпалесся, Палеская нізіна.
Вобласць Беларускага Паазер’я вызначаецца пашырэннем плоскіх забалочаных азёрна-ледавіковых нізін і раўнін, мноствам азёр і бяссцёкавых катлавін. Паверхня рэгіёна ў цэлым мае катлавінападобную форму, а ўзнятыя краі створаны ледавіковымі градамі і ўзвышшамі паазерскага зледзянення, якія цягнуцца і па-за межы Беларусі — на тэр. Расіі і Літвы. Паўд. мяжа вобласці ў асноўным супадае з мяжой пашырэння апошняга ледавіковага покрыва. Абсалютныя адзнакі вышынь у цэнтр. частцы 120—160 м, па далінах рэк — 100—125 м. Больш узвышаная ўсх. частка (вышэй за 150 м). Краявыя грады і ўзвышшы дасягаюць 200—260 м над узроўнем мора, а на Віцебскім узвышшы — амаль 300 м. Даволі шырока прадстаўлены формы краявога ледавіковага рэльефу — грады, увалы, узгоркі; найб. вялікія з іх Браслаўскае, Гарадоцкае, Віцебскае ўзвышшы і Свянцянскія грады. Палосы краявога рэльефу падзелены азёрна-ледавіковымі, флювіягляцыяльнымі і марэннымі нізінамі і раўнінамі. Азёрна-ледавіковыя нізіны і раўніны пашыраны ўздоўж даліны Зах. Дзвіны і ў басейне р. Лучоса. Іх паверхня найб. паніжана на З. Знешнюю аднастайнасць азёрна-ледавіковых нізін парушаюць камавыя ўзгоркі вышынёй 7—8 м, зрэдку 15—20 м, озавыя грады вышынёй 10 м, зрэдку да 30 м. Характэрны таксама ўзгоркава-дзюнныя масівы вышынёй да 20 м. Да краявых частак былых прыледавіковых басейнаў прымеркаваны плоскія абразійныя пляцоўкі шырынёй да 5—7 км з дакладна выяўленым уступам. Па перыферыі Полацкага і Лучоскага прыледавіковых азёр і іншых вадаёмаў у межах паазерскага ледавіка пашыраны флювіягляцыяльныя дэльты вышынёй 2—10 м. Каля берагавых зон сустракаюцца своеасаблівыя кальцавыя формы рэльефу — пінго (гідралакаліты, булгуняхі). Тэр. Беларускага Паазер’я дрэніруецца густой сеткай рэк, якія належаць да басейнаў Зах. Дзвіны і Нёмана. Рачныя даліны маладыя, вузкія і глыбокія. Паазер’е налічвае каля 3 тыс. азёр. Катлавіны іх маюць разнастайнае паходжанне (падпруднае, лагчыннае, экзарацыйнае, тэрмакарставае, эразійнае і складанае) і дасягаюць максімальных для Беларусі памераў.
Вобласць Цэнтральнабеларускіх узвышшаў і град характарызуецца развіццём найб. магутных краявых ледавіковых утварэнняў сожскага ўзросту. Пераважае дэнудацыйны градава-ўзгоркавы рэльеф са спадзістымі вяршынямі і глыбокім эразійным расчляненнем. На краявых утварэннях часта сустракаюцца лёсападобныя адклады, з якімі звязана пашырэнне яроў і суфазійных западзін. Даліны рэк выпрацаваныя, але сустракаюцца вузкія і глыбокія, з камяністым дном і парогамі. Абсалютныя адзнакі вышынь дасягаюць 200—250 м. Самыя высокія — г. Дзяржынская (345 м), г. Лысая (342 м). Паводле будовы рэльефу вобласць падзяляецца на падвобласці: Заходне-Беларускую (характэрны найбольшыя абсалютныя і адносныя вышыні, разнастайнасць ледавіковых форм, шматлікія гляцыядыслакацыі) і Усходне-Беларускую (рэльеф пераважна платопадобны, зніжаюцца абсалютныя вышыні і памяншаецца гарызантальная і вертыкальная расчлянёнасць). Асноўная прычына — розніца ў тэктанічнай будове. Зах. частка вобласці прымеркавана да Беларускай антэклізы, усх. — да Аршанскай упадзіны, што выявілася ў асаблівасцях даледавіковага і ледавіковага рэльефу і дынаміцы ледавікоў. Найб. абсалютныя вышыні звязаны з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (Мінскае, Навагрудскае, Слонімскае, Ваўкавыскае, Гродзенскае і інш. ўзвышшы, Капыльскія, Ашмянскія грады). Амаль для ўсіх краявых узвышшаў характэрны развіццё гляцыядыслакацый, адорвеняў мелавых і іншых парод. Асабліва вялізныя гляцыядыслакацыі выяўлены ў межах Гродзенскага, Ваўкавыскага і Мінскага ўзвышшаў. Значныя плошчы заняты марэннымі раўнінамі з абсалютнымі вышынямі 145—190 м. Рэльеф пераважна спадзіста-хвалісты, зрэдку дробнаўзгоркавы, сустракаюцца тэрмакарставыя западзіны, лагчыны сцёку талых вод, якія месцамі наследуюцца невялікімі рэкамі, камы, озы і краявыя грады вышынёй да 10—12 м. На марэннай раўніне ва ўсх. частцы Беларусі нярэдка залягае покрыва лёсападобных адкладаў, што абумовіла шырокае развіццё яроў, лагчын, прамывін, урэзаных на глыбіню да 20—30 м, суфазійных западзін дыяметрам 100—200 м і глыбінёй да 2—3 м. Ніжэй марэннай раўніны амаль усюды пашыраны ўчасткі флювіягляцыяльных паверхняў з абсалютнымі вышынямі 135—170 м і ваганнямі адносных — 3—5 м. На асобных участках захаваліся забалочаныя і зарастаючыя азёрныя катлавіны. Характэрнымі элементамі рэльефу з’яўляюцца эолавыя грады і ўзгоркі, лагчыны сцёку, месцамі моцна забалочаныя. Самы нізкі гіпсаметрычны ўзровень у межах вобласці займаюць ледавіковыя і азёрна-алювіяльныя нізіны і раўніны, плошчы якіх невялікія. Гідрасетка адносіцца да басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. Азёр на тэр. вобласці параўнальна мала.
Вобласць раўнін і нізін Перадпалесся з’яўляецца пераходнай араграфічнай ступенню паміж узвышшамі цэнтр. Беларусі і Палескай нізінай. Сучасны рэльеф утварыўся ў выніку акумулятыўнай, экзарацыйнай і дыслацыруючай дзейнасці ледавікоў у сожскі і дняпроўскі час. Пашыраны зандравыя (флювіягляцыяльныя) раўніны, якія акаймоўваюць з Пд пояс буйнейшых на тэр. краіны ўзвышшаў і град. Краявыя комплексы пашыраны на невялікіх плошчах і маюць абсалютныя адзнакі вышынь 170—200 м, радзей 210—220 м. Ніжэй размешчаны ўчасткі марэнных раўнін з абсалютнымі вышынямі 160—180 м. Іх рэльеф спадзістахвалісты з ваганнямі адносных вышынь да 2—3 м, зрэдку дробнаўзгорысты з ваганнямі вышынь да 5—7 м. Ва ўсх. частцы вобласці марэнная паверхня часта перакрываецца лёсападобнымі адкладамі, на якіх развіваюцца суфазійныя западзіны і ярыста-лагчынная сетка. Паўсюдна трапляюцца тэрмакарставыя і карставыя западзіны, лагчыны сцёку талых вод. Ніжэй марэннай раўніны — участкі флювіягляцыяльных (зандравых) раўнін, якія на тэр. Перадпалесся з’яўляюцца пераважнымі. Іх спадзістахвалістая паверхня мае абсалютныя вышыні 140—180 м, часта моцна забалочаная. Сустракаюцца асобныя грады краявога рэльефу, камы і озы вышынёй да 5—7 м. Дадатныя формы рэльефу таксама утвораны эолавымі працэсамі (вышыня град і дзюн не перавышае 10 м). Ва ўсх. частцы вобласці водна-ледавіковыя адклады перакрыты лёсападобнымі, у сувязі з чым тут пашыраны суфазійныя западзіны, ярыста-лагчынныя сістэмы. Паўсюдна трапляюцца тэрмакарставыя западзіны і затарфаваныя лагчыны сцёку. Многія лагчыны ўнаследаваны рэкамі. Ніжэй флювіягляцыяльных раўнін і нізін паўсюдна сустракаюцца плоскія, спадзістахвалістыя, моцна забалочаныя азёрна-алювіяльныя паверхні з абсалютнымі вышынямі 130—160 м. Шмат рэшткавых зарастаючых азёр, зрэдку трапляюцца эолавыя грады і ўзгоркі вышынёй да 5 м. Тэр. Перадпалесся дрэніруецца густой сеткай рэк, якія адносяцца да басейнаў Прыпяці, Бярэзіны, Дняпра, Сажа, у меншай ступені Зах. Буга і Нёмана. Рачныя даліны выпрацаваныя, шырокія і асіметрычныя. Азёр мала.
Вобласць Палескай нізіны вызначаецца шырокім развіццём моцна забалочаных алювіяльных, азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін з разнастайнымі формамі эолавай акумуляцыі. Узвышаныя ўчасткі краявых ледавіковых утварэнняў, марэнных і водна-ледавіковых раўнін (за выключэннем Мазырскага ўзвышша і Загароддзя) маюць абмежаванае пашырэнне, але ўтвараюць выцягнутыя ў субшыротным напрамку палосы, якія надаюць рэльефу Палесся хвалісты характар. Рачныя даліны шырокія, поймы дасягаюць значных памераў. Паводле тэктанічнай будовы вобласць падзяляюць на 2 падвобласці: Беларускае Палессе (сфарміравалася пераважна на тэр. з адносна глыбокім заляганнем крышталічных парод) і Украінскае Палессе (характарызуецца больш высокім заляганнем крышталічнага фундаменту). Каркас рэльефу, яго хвалістасць створаны ў асноўным ледавіковымі працэсамі дняпроўскага часу; ва ўтварэнні паўн. краю нізіны прымаў удзел ледавік сожскага часу, паўднёвага — тэктанічныя рухі. Максімальныя абсалютныя вышыні звязаны з краявымі ўтварэннямі, сярод якіх вылучаюцца Мазырскае ўзвышша і Загароддзе. У межах Мазырскага ўзвышша абсалютныя вышыні дасягаюць максімальных для Палесся адзнак — 220,7 м (каля в. Булаўкі Мазырскага р-на), а адносныя вышыні — да 80 м. Характэрная асаблівасць Мазырскага ўзвышша — інтэнсіўная расчлянёнасць ярыста-лагчыннай сеткай (20—30 шт./км²). Найбуйнейшыя лагчыны маюць даўжыню да 3 км і глыбіню ўрэзу да 70 м. Для краявых ледавіковых утварэнняў Загароддзя характэрны градавы рэльеф з плоскімі вяршынямі і спадзістымі схіламі. Пераважаюць абсалютныя вышыні 140—175 м, адносныя — 10—15 м. Ніжэй краявых ледавіковых утварэнняў размешчаны спадзістахвалістыя марэнныя раўніны з абсалютнымі вышынямі 150—160 м (распаўсюджаны абмежавана). Ярусам ніжэй (125—150 м) пашыраны спадзістахвалістыя і плоскія, часта забалочаныя водна-ледавіковыя раўніны і нізіны. На флювіягляцыяльных паверхнях шмат эолавых узгоркаў, град, дзюн вышынёй да 10 м, палёў перавеяных пяскоў. Найб. нізкі ярус займае плоская, участкамі слабахвалістая паверхня азёрных і азёрна-алювіяльных забалочаных нізін, сярод якіх размешчаны зарастаючыя азёры, затарфаваныя лагчыны і катлавіны былых азёр. Тэр. Палескай нізіны дрэніруецца пераважна рэкамі басейна Прыпяці і ў меншай ступені прытокамі Сажа, Дняпра і Буга.
Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990;
Геология Беларуси. Мн., 2001;
Палеогеография кайнозоя Беларуси. Мн., 2002.
А.В.Мацвееў, Л.А.Нечыпарэнка.
Лагчынна-градавы рэльеф Свірскай грады.Мінскае ўзвышша.Мелавы кар’ер каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага раёна.Градава-лагчынны рэльеф Лагойскага ўзвышша.Прыбугская раўніна.Пясчаныя дзюны на тэрасах р. Прыпяць.Пясчаны пляж на пойме р. Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-СІБІ́РСКАЯ РАЎНІ́НА (нізіна),
у Азіі на тэр. Расійскай Федэрацыі, адна з самых вял. нізінных акумуляцыйных раўнін на зямным шары. Размешчана паміж Карскім м. на Пн, Тургайскім плато, Казахскім драбнасопачнікам і перадгор’ямі Алтая на Пд, Уральскімі гарамі на З і Сярэднесібірскім пласкагор’ем на У. Працягнулася з Пн на Пд на 2500 км, з З на У ад 1000 км (на Пн) да 1900 км (на Пд). Пл. каля 3 млн.км².
З.р. прымеркавана да Заходне-Сібірскай пліты эпігерцынскай платформы, якая перакрыта магутнымі (больш за 1000 м) мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі (гліны, пясчанікі, мергелі). У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 200 м) пашыраны ледавіковыя і марскія (на Пн), алювіяльныя і азёрныя (на Пд) пароды. Карысныя выкапні: нафта і газ (гл.Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), жал. руда, торф, буд. матэрыялы. Рэльеф раўнінны, слабарасчлянёны. Самыя нізкія ўчасткі ў цэнтры і на Пн (выш. 50—150 м), уздоўж зах., паўд. і ўсх. ускраін невял. (200—250 м) узвышшы. Пераважаюць шырокія плоскія міжрэччы, вельмі забалочаныя, месцамі з марэннымі пагоркамі і градамі (на Пн) або пясчанымі грывамі (на Пд). Вылучаюцца Васюганская раўніна, Барабінскі, Ішымскі, Кулундзінскі стэпы. У сярэдняй ч. раўніны ад Урала да Енісея цягнуцца Сібірскія Увалы (выш. да 285 м). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -28 °C на Пн да -16 °C на Пд, ліп. ад 4 °C да 22 °C. Гадавая сума ападкаў ад 200 мм у тундравай і стэпавай зонах да 600 мм у лясной. На тэр. раўніны больш за 2000 рэк (агульная даўж. 250 тыс.км). Гал. рэкі — Енісей, Об, Іртыш — суднаходныя і сплаўныя. Шмат азёр рознага паходжання (Чаны, Убінскае, Кулундзінскае), у т. л. салёных і горка-салёных (на Пд). У глебава-раслінным покрыве выразна праяўляецца занальнасць. Паўн.ч. занята тундрай (глебы глеевыя і глеявата-падзолістыя) з арктычнымі, імховымі, лішайнікавымі і хмызняковымі ландшафтамі. Паступова тундра пераходзіць у лесатундру (глебы падзоліста-глеевыя), дзе пашыраны комплексы ландшафтаў хмызняковай тундры, ялова-лістоўнічных рэдкалессяў, сфагнавых і нізінных балот. Большая ч. раўніны належыць да лясной зоны (глебы падзолістыя), дзе пераважае забалочаная хвойная тайга (елка, піхта, кедр, хвоя, сіб. лістоўніца). На Пд лесастэп (глебы чарназёмныя) з асінава-бярозавымі гаямі пераходзіць у стэп (глебы чарназёмныя і каштанавыя), пераважна разараныя. Для ўсіх зон характэрна пашыранасць балотных ландшафтаў (каля 50 % тэр. лясной зоны забалочана), якія на Пд змяняюцца саланцамі і саланчакамі. Жывёльны свет разнастайны: паўн. алень, пясец, лемінг, заяц-бяляк, буры мядзведзь, рысь, расамаха, куніца, выдра, собаль, вавёрка, бурундук, андатра, сіб. казуля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НСКІ СТЫЛЬ,
стыль сярэдневяковага мастацтва. Склаўся ў 10—13 ст. пад уплывам традыцый стараж.-рым. і візант. мастацтва. Вызначальныя рысы архітэктуры Р.с.: урачыстая суровасць і крапасны характар (замкі-крэпасці з данжонамі, кляштарныя комплексы, храмы, гар. дамы); тэктанічная сістэма, якой уласцівы сукупнасць набліжаных адзін да аднаго аб’ёмаў рознай вышыні, канструкцыйна аб’яднаных узаемазвязанасцю апор, перакрыццяў і ўраўнаважаных вежай-ліхтаром ці купалам над сяродкрыжжам. У ранні перыяд у будынках рабілі плоскія драўляныя перакрыцці, пазней цыліндрычныя і асабліва характэрныя Р.с. — крыжовыя. Раманскі храм — базіліка (пераважна 3-нефавая), крыжападобная ў плане ў Зах. Еўропе, круглая ў плане (ратонда) у Цэнтр. Еўропе. Для іх характэрны масіўнасць сцен і вежаў, магутныя апоры, што ўспрымаюць цяжар скляпенняў, паўкруглыя аркі і завяршэнні парталаў, перавага гарызанталей. Адметная ўсх.ч. базілікі — хор, размешчаны паміж апсідай і трансептам, які выдаецца з аб’ёму будынка, што надае яму план лац. крыжа. Пры роўнай вышыні і шырыні цэнтр. нефа і трансепта месца іх перасячэння (сяродкрыжжа) мае форму квадрата і становіцца модулем плана: у цэнтры сяродкрыжжа размяшчаецца алтар, пад ім — крыпта з рэліквіямі. На высокіх арках, што абмяжоўвалі сяродкрыжжа, на ветразях і тромпах узводзілі купал, над якім звонку ўзвышалася вежа. Цэнтр. неф быў шырэйшы і вышэйшы за бакавыя. На Пд і ПдЗ Францыі будавалі купальныя базілікі. У арх. дэкоры пераважаў скульпт.-арнаментальны рэльеф, у фрэсках — лапідарнасць малюнка, статычны арнаментальна-плоскасны характар кампазіцыі, умоўная трактоўка фігур. Манум. жывапіс і скульптура непарыўна звязаны з архітэктурай Р.с., падначалены яе формам і рытмам, ажыўляюць яе магутнасцю пластыкі і гучнай колеравай гамай (размалёўкі, рэльефы, вітражы). Р.с. ярка выявіўся ў мастацтве мініяцюры, у ліцці, чаканцы, эмалі, дыванаткацтве, разьбе па дрэве і косці.
Яркія ўзоры Р.с. створаны ў Германіі (саборы ў Шпаеры, 11 — пач. 13 ст., Вормсе, 12—13 ст.), Францыі (касцёл Нотр-Дам у Пуацье, 12 ст.), Італіі (касцёл Сан-Мікеле ў Павіі, 12 ст.) і інш. Раманскія манум. будынкі складалі адзіны ансамбль з прыродай, часта размяшчаліся на ўзвышшах, берагах рэк, панавалі ў наваколлі як падабенства «горада божага», увасабленне магутнасці каталіцкага ордэна ці феадала.
На Беларусі Р.с. праявіўся ў архітэктуры раннехрысц. храмаў, быў абумоўлены некат. падабенствам ідэйна-маст. задач (Віцебская Благавешчанская царква, Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра). Рысы Р.с. паявіліся ў замкавым дойлідстве 13—14 ст. (Камянецкая вежа, Крэўскі замак, Лідскі замак, Навагрудскія замкі).
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.;
М., 1966;
Swiechowski Z. Sztuka romańska w Polsce. Warszawa, 1990.
А.М.Кулагін.
Да арт.Раманскі стыль. Інтэр’ер сабора ў г. Шпаер. Германія. 11 — пач. 13 ст.Да арт.Раманскі стыль. Сабор у г. Вормс. Германія. 12—13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́МКА МАСТА́ЦКАЯ,
плеценыя мастацкія вырабы з саломы; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вядома ў многіх земляробчых народаў Еўропы, на Беларусі пашырана з даўніх часоў. З саламяных жгутоў, перавітых лазой, выраблялі разнастайныя ёмістасці для збожжа, мукі, адзення, каштоўных рэчаў, а таксама пчаліныя вуллі (саламянікі). Іх маст. аблічча стваралася выразнымі формамі, своеасаблівым дыяганальным дэкорам, утвораным кантрастным спалучэннем карычневых дубцоў з залацістымі жгутамі саломы. Унікальная з’ява ў сусв. мастацтве — выкарыстанне саломы ў вырашэнні манум.-дэкар. задач, для аздаблення інтэр’ераў палескіх цэркваў, пераважна іканастасаў. Захаваліся іх фрагменты — царскія вароты канца 18 — пач. 19 ст. з вёсак Лемяшэвічы Пінскага р-на і Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., усе арнаментальныя матывы якіх цалкам сплецены з саломы і замацаваны на драўляных каркасах. Аснова іх дэкору — традыц. вітая пляцёнка і чатырохгранныя плоскія і выпуклыя ўстаўкі. У такой жа тэхніцы выраблялі шкатулкі, куфэркі, фруктоўніцы і інш. Са стужак, сплеценых з 4—8 саломінак, сшывалі брылі. Магічную і дэкар. ролю ў сял. хатах выконваў павук, своеасаблівая кінетычная прасторавая канструкцыя з саломінак, якую падвешвалі да столі ў покуці. З саламяных пучкоў, часам з дабаўленнем нітак, стужак, абрэзкаў тканін плялі аграрна-абрадавую атрыбутыку ў выглядзе фігур чалавека, жывёл, птушак, дзіцячыя цацкі, вырабы дэкар. пластыкі (жаваранкі, галубы, лялькі, коні і інш.). Яны вызначаліся абагульненымі, умоўнымі формамі, адсутнасцю дэкору. У сярэдзіне 20 ст. з заняпадам ручнога жніва традыцыі многіх відаў пляцення з саломы сталі забывацца. С.м. адрадзілася ў 1960-я г. для стварэння сувенірных і маст. вырабаў. Вырасла іх дэкаратыўнасць, ускладніліся і ўзбагаціліся спалучэннем разнастайных тэхнік пляцення формы, павялічылася жанравая і тэматычная разнастайнасць. Найб. пашырылася саламяная пластыка ў выглядзе фігур жывёл, птушак, людзей, а таксама кампазіцыі і жанравыя сцэнкі на фальк., літ., быт. тэмы. Утылітарна-бытавыя вырабы з саломкі (шкатулкі, куфэркі, фруктоўніцы, кошыкі, хлебніцы і інш.), сувенірную пластыку, галаўныя ўборы, кветкі, біжутэрыю, ёлачныя цацкі вырабляюць на фабрыках маст. вырабаў; сярод вядучых майстроў Т.Агафоненка, К.Арцёменка, К.Асташэвіч, Л.Блохава, Л.Главацкая, Г.Іванова, Н.Кузняцова, Л.Лось, Н.Панцялеева, Г. і Я.Саламянкі, Г.Саланінка, В.Салдатава, Г.Сапун, Т.Хадановіч і інш. У 1997 праведзена 1-е Рэсп. свята-конкурс саломапляцення «Саламяны цуд».
Да арт.Саломка мастацкая. Г. і Я. Саламянкі. Шкатулка і паднос. 1970-я г.Да арт.Саломка мастацкая. Царскія вароты. Майстар з в. Вавулічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 18 ст.Да арт.Саломка мастацкая. Т.Агафоненка. Конь. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́МСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУЗах. Сібіры, у Рас. Федэрацыі. Утворана 13.8.1944. Пл. 316,9 тыс.км². Нас. 1068 тыс.чал. (2000), гарадскога 66,9%. Найб. шчыльна заселены паўд. і паўд.-ўсх. раёны. Цэнтр — г.Томск. Найб. гарады: Северск, Стражавой, Асіна, Калпашава.
Паверхня раўнінная, пераважаюць плоскія, забалочаныя тэр.Зах.-Сіб. раўніны. На ПнУ Кецка-Тымская, на ПдЗ Васюганская раўніны, на ПдУ адгалінаванні Кузнецкага Алатау (выш. да 211 м). Цэнтр ч. занята шырокай далінай р. Об, якая падзяляе тэр. на балоцістае левабярэжжа і ўзвышанае правабярэжжа. Карысныя выкапні: 75 радовішчаў нафты, 15 нафта- і 7 газакандэнсатных (Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя). 12 радовішчаў метал. руд (жал., тытанавых, рэдказямельных і інш.), торф, буры вугаль, буд. матэрыялы. Вял. запасы артэзіянскай пітной вады, тэрмальных і мінер. вод (бромістых, ёдзістых, серавадародных, радонавых). Клімат кантынентальны. Зіма суровая і працяглая, лета цёплае і кароткае. Сярэдняя т-растудз. ад -19 °C да -21 °C, ліп. 17—18 °C. Ападкаў 400—550 мм за год, пераважна летам. Гал.р. Об з прытокамі Том, Чулым, Кець, Тым (справа), Чая, Парабель, Васюган (злева). Шмат азёр. Каля 30% тэр. забалочана. Глебы дзярнова-падзолістыя і тарфянабалотныя, на Пд і ПдУ — шэрыя лясныя і чарназёмныя. Пад лесам 63% тэр., пераважаюць хвойныя пароды (сіб. кедр, лістоўніца, піхта, елка, хвоя), растуць бяроза, асіна.
Т.в. — індустр.-аграрны рэгіён Расіі. На долю прам-сці прыпадае каля 60% валавога ўнутр. прадукту. Гал. галіны прам-сці (паводле кошту прадукцыі); паліўная (51%), хім. (21%), маш.-буд. (17%), электраэнергетыка (9%), харчовая (7%). Штогадовая здабыча нафты 6—7 млн.т, прыроднага газу 5—6 млрд.м³. Хім. (вытв-сць плутонію для АЭС, медпрэпаратаў, гумавага абутку), маш.-буд. (вытв-сць электрарухавікоў, горна-шахтавага абсталявання, кабелю, электралямпаў, падшыпнікаў, металарэзных інструментаў, мед. тэхнікі і інш.), лясная і дрэваапр. (піламатэрыялы, мэбля, алоўкі, запалкі) прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ. Харч. (мукамольная, масларобная, мясная, рыбакансервавая і інш.) і лёгкая (швейная, трыкат.) не забяспечваюць мясц. патрэбы. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і цяплічным агародніцтве. С.-г. ўгоддзі займаюць 1,4 млн.га, у т. л. ворныя землі 0,6 млн.га. Асн. збожжавыя культуры (пшаніца, жыта, ячмень) сеюць на Пд і ПдУ. Вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя культуры. На долю жывёлагадоўлі прыпадае 70% валавога аб’ёму с.-г. прадукцыі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, вакол г. Томск жывёлагадоўчыя комплексы па прамысл. вытв-сці свініны, мяса птушкі і яек, цяплічныя гаспадаркі. Пушны промысел і зверагадоўля. Рыбалоўства. Асн. віды транспарту — водны і аўтамабільны. Суднаходства па рэках Об, Чулым, Том, Кець, Чая, Парабель, Васюган. Гал. рачныя парты: Томск, Аляксандраўскае, Асіна, Калпашава. Даўж. аўтадарог 4,5 тыс.км. Чыгунка Тайга—Томск—Асіна—Белы Яр (402 км) злучае Т.в. з Транссібірскай магістраллю. 8 аэрапортаў. Нафтаправод Аляксандраўскае—Анжэра-Суджанск, газаправод Мыльджына—Кузбас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫБЕ́ЦКІ АЎТАНО́МНЫ РАЁН, Тыбет (кіт. Сіцзан-Цзычжыюй),
нацыянальна-адм. адзінка Кітая ў межах Тыбецкага нагор’я. Пл. 1221 тыс.км². Нас. каля 2,6 млн.чал. (2001), жывуць тыбетцы і кітайцы. Адм. ц. — г.Лхаса. У рэльефе пераважаюць слабаўзгорыстыя або плоскія раўніны і адносна кароткія горныя хрыбты пераважна шыротнага або субшыротнага напрамку (выш. да 6 тыс.м) з шырокімі і плоскімі водападзеламі, з пакатымі схіламі. Праяўленні вулканізму і сейсмізму. Ёсць радовішчы золата, касітэрыту, поліметал. руд, каменнага вугалю, соды і інш. Клімат суровы і сухі. На ўскраінах вытокі Хуанхэ, Янцзы, Меконга, Салуіна, Брахмапутры, Інда. Шмат бяссцёкавых салёных азёр. Пераважаюць ландшафты высакагорных халодных пустынь і паўпустынь. Характэрна нізкарослая зрэджаная травяністая і паўхмызняковая расліннасць. З галін эканомікі пераважае сельская гаспадарка. У далінах і на горных схілах сеюць галазёрны ячмень, авёс, гарох, грэчку. Меншае значэнне маюць пшаніца і рыс (на ПдУ), бульба, рэпа, бручка, цыбуля. Садоўніцтва (яблыня, груша). Адгонная жывёлагадоўля (які, авечкі, козы, коні, аслы, мулы). У земляробчых раёнах гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Невял. здабыча кам. вугалю, солі, золата. Некалькі ГЭС. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, лесапільныя, цагельныя, фармацэўтычныя, тэкстыльныя. Транспарт пераважна аўтамаб. і ўючны.
Гісторыя. Ядро тыбецкага народа — плямёны цянаў, якія ў 6—5 ст. да н.э. перасяліліся ў Тыбет, дзе змяшаліся з абарыгенамі. У пач. 7 ст.н.э. адзін з князёў — Намры аб’яднаў пад сваёй уладай б.ч. тыбецкіх плямён. Яго сын Сранцзангамба стварыў адзіную Тыбецкую дзяржаву, якая дасягнула найб. росквіту пры Тысангдэцэне (755—791). У 787 дзярж. рэлігіяй стаў будызм. У сярэдзіне 9 ст. Тыбецкая дзяржава распалася на шэраг княстваў, у якіх узмацніўся ўплыў будыйскіх манастыроў і духавенства (лам). У канцы 14 — пач. 15 ст. манах Цзанкаба заснаваў секту Гэлуг-ба (жоўтакапялюшнікаў), з якой вылучылася асобная плынь у будызме — ламаізм. Кіраўнік секты Гэлут-ба з 16 ст. носіць тытул далай-лама. У сярэдзіне 17 ст. 5-ы далай-лама пры дапамозе войск Айрацкага ханства ўсталяваў уладу над усім Тыбетам і стварыў тэакратычную дзяржаву. у якой далай-ламы мелі духоўную і свецкую ўладу. У 1732 дынастыя Цын, якая кіравала ў Кітаі, прымусіла далай-ламу прызнаць вярх. сюзерэнітэт Кітая. У жн. 1904 экспедыцыйны брыт. атрад захапіў сталіцу Тыбета г. Лхаса і кіт. ўрад быў вымушаны прызнаць Тыбет зонай уплыву Вялікабрытаніі. У час Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 Тыбет стаў фактычна незалежным ад цэнтр.кіт. улад. Пасля ўтварэння Кіт.Нар. Рэспублікі (КНР, 1949) вял. сход прадстаўнікоў Тыбета абвясціў 4.11.1949 незалежнасць Тыбета. Але ўрад КНР не пагадзіўся з гэтым і ў 1950 пачаў прасоўванне ўглыб Тыбета. 23.5.1951 прадстаўнікі 14-га далай-ламы (Тэндзін Г’ятсо) падпісалі з уладамі КНР пагадненне пра пераход Тыбета пад юрысдыкцыю КНР пры захаванні яго аўтаноміі. У 1954 Індыя адмовілася ад усіх правоў і прывілеяў у Тыбеце. Палітыка кіт. улад у Тыбеце выклікала ў 1959 паўстанне, якое падаўлена кіт. войскамі. Далай-лама уцёк у Індыю, дзе стварыў урад Тыбета ў выгнанні. У 1965 створаны Тыбецкі аўт. раён.
Літ.:
Богословский В.А. Очерк истории тибетского народа. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РЫКАЎСКІ РАЁН.
Размешчаны на У Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 16.9.1959, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1 тыс.км². Нас. 17,1 тыс.чал. (2003), гарадскога 49,7%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Чэрыкаў. Раён уключае 96 сельскіх нас. пунктаў, 5 сельсаветаў: Вепрынскі, Верамейкаўскі, Рэчыцкі, Сормаўскі, Язёрскі. Раён значна пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, уся яго тэр. забруджана радыенуклідамі, пераважна 1—15 Ku/км², на асобных участках да 40 Ku/км² і больш.
Тэр. раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны і Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, на Пд — плоскія або дробнаўзгорыстыя ўчасткі; 57% яе на выш. 150—170 м, 30% ніжэй за 150 м і 13% вышэй за 170 м. Найвыш. пункт 189 м (каля в. Новая Беліца). Агульны нахіл паверхні з ПнУ на ПдЗ. Карысныя выкапні: мел, мергель, гліна цэментавая, буд. пяскі, гліны і суглінкі цагельныя, торф. Сярэдняя т-растудз. -7,9 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 633 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб.р. Сож (перасякае раён з ПнУ на ПдЗ) з прытокамі Волчас з Яленкай, Вудага з Малой Вудажкай і Казлом, Лобчанка, Сянна з Рэктай і Домашняй. Азёры: Язёрскае, Галоўчыцкае, Рэчыцкае, Камароўскае. Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (54,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (25%), поймавыя (10,9%) і інш. Лясы займаюць 45,8% плошчы, пашыраны ўсюды, але найб. лясістасць на Пд. Пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, чорнаальховыя, дубовыя лясы; трапляюцца ясянёвыя. Штучныя насаджэнні (16,4%) пераважна хваёвыя. Пад балотамі 1,9% тэрыторыі. На тэр. раёна помнікі прыроды рэсп. значэння: дуброва ў Вепрынскім лясніцтве, агаленне «Чэрыкаў» у г. Чэрыкаў.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 39 тыс.га, з іх асушаных 7,5 тыс.га. На 1.7.2003 у раёне 6 с.-г.вытв. кааператываў, 5 дзяржгасаў, 7 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, конегадоўлі, вырошчванні збожжавых (жыта, пшаніца, трыцікале, ячмень, авёс), кармавых (кукуруза, караняплоды, аднагадовыя і шматгадовыя травы) і тэхн. (рапс) культур, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (цэльнамалочныя прадукты, сыр, казеін тэхн., плодаагароднінныя, таматныя і фруктовыя кансервы, мінер. вада «Сож» і інш.), каап. (хлебабулачныя, кандытарскія, каўбасныя і рыбныя вырабы, штучны мёд), дрэваапр. (піламатэрыялы); лясгас (драўніна, піламатэрыялы). Па тэр. раёна праходзяць: чыгунка Магілёў—Крычаў, аўтадарогі Івацэвічы—граніца Рас. Федэрацыі, Магілёў—Чэрыкаў, Чэрыкаў—Краснаполле і інш. У раёне 9 сярэдніх (у т. л. 1 комплекс школа-сад), 1 базавая, 1 пач., 1 вячэрняя агульнаадук. школа, кулінарнае ПТВ, вучэбна-вытв. камбінат, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, цэнтралізаваная дзіцячая школа мастацтваў і 2 яе філіялы, спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімп. рэзерву, дзіцячы дом змешанага тыпу «Пралеска», база юных турыстаў, 12 дашкольных устаноў, 19 клубаў і дамоў культуры, 16 б-к, 1 бальніца, 1 паліклініка, 2 амбулаторыі, 11 фельч.-ак. пунктаў. Чэрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, нар. краязнаўчы музей у сярэдняй школе в. Верамейкі. Помнікі архітэктуры: паркі ў в. Верамейкі (2-я пал. 19 ст.) і в. Юдаўка (пач. 20 ст.), паштовая станцыя (19 ст.) у в. Сакалоўка. Выдаецца газ. «Заклік Ільіча».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ ТЭО́РЫЯ ПО́ЛЯ,
рэлятывісцкая квантавая тэорыя элементарных часціц і іх узаемадзеянняў; адзін з асн. раздзелаў тэарэт. фізікі, у якім вывучаюцца агульныя законы будовы матэрыі на мікраўзроўні. У К.т.п. кожнаму тыпу элементарных часціц як першасных крыніц і пераносчыкаў фундаментальных узаемадзеянняў ставіцца ў адпаведнасць сваё другасна-квантаванае поле (гл.Другаснае квантаванне), якое апісваецца аператарнай хвалевай функцыяй Ψ (гл.Аператары, Хвалевая функцыя). Кампаненты Ψ пры замене каардынат прасторы—часу згодна з патрабаваннямі спец.адноснасці тэорыі пераўтвараюцца паводле прадстаўленняў групы Лорэнца (гл.Лорэнца пераўтварэнні). Функцыі свабодных палёў Ψ0 раскладаюцца на плоскіяхвалі дэ Бройля, якія апісваюць станы з вызначанай энергіяй і імпульсам:
, дзе K = p/h, p — 4-мерны вектар энергіі-імпульсу часціцы, h — Планка пастаянная, x — вектар каардынат-часу, Cn і — аператары паглынання і выпрамянення часціц у нейкім n-м стане. Аператары задавальняюць перастановачным суадносінам камутацыі (антыкамутацыі) і адпавядаюць часціцам цэлага (паўцэлага) спіна — базонам (ферміёнам), якія падпарадкоўваюцца Бозе—Эйнштэйна (Фермі—Дзірака) статыстыцы. У К.т.п. кожнай часціцы адпавядае антычасціца, а квантаванае поле з’яўляецца сістэмай часціц і антычасціц. Тут няма закону захавання ліку часціц: пры ўзаемадзеянні яны могуць узаемна пераўтварацца адны ў другія (адны часціцы паглынаюцца, другія нараджаюцца). Стан квантаванага поля, у якім колькасць рэальных часціц роўная нулю, наз. вакуумам (гл.Вакуум у квантавай тэорыі поля).
Першай К.т.п. стала квантавая электрадынаміка. Яе ідэі і метады былі распаўсюджаны на ўсе элементарныя часціцы і выкарыстаны пры пабудове квантавапалявых тэорый слабага (Э.Фермі, 1934) і моцнага (І.Я.Там, Дз.Дз.Іваненка, Х.Юкава, 1932—35) узаемадзеянняў, якія, аднак, не вытрымалі выпрабавання часам. Таму значнае развіццё атрымалі аксіяматычны і іншыя падыходы ў К.т.п. Аднак толькі на падставе універсальнага дынамічнага прынцыпу калібровачнай інварыянтнасці пабудаваны сучасныя калібровачныя квантавапалявыя тэорыі электраслабага ўзаемадзеяння (С.Вайнберг, Ш.Глэшаў, А.Салам, 1967—71) і моцнага ўзаемадзеяння — квантавая хромадынаміка (М.Гел-Ман, Вайнберг, Салам і інш., 1973), якія забяспечылі дастаткова добрую згоду тэорыі эксперыментам. Першаснымі крыніцамі гэтых узаемадзеянняў сталі лептоны і кваркі, а іх пераносчыкамі — кванты адпаведных калібровачных палёў: фатон, 3 слабыя вектарныя базоны і 8 глюонаў. Далейшае развіццё К.т.п. звязваецца з канцэпцыяй адзінай тэорыі поля, суперсіметрыі, рашотак, струн, мембран і інш. Метады К.т.п. шырока выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, тэорыі цвёрдага цела, оптыцы і спектраскапіі, квантавай электроніцы і інш.
На Беларусі пытанні К.т.п. распрацоўваюцца з 1944 у БДУ, пазней у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі (да пач. 1990-х г. пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава). Пабудавана агульная каварыянтная тэорыя рэлятывісцкіх хвалевых ураўненняў 1-га парадку, распрацаваны метад праекцыйных аператараў, з дапамогай уведзенай вектарнай параметрызацыі групы Лорэнца вырашаны многія пытанні рэлятывісцкай кінематыкі (Фёдараў, А.А.Богуш, Ю.А.Курачкін і інш.).
Літ.:
Боголюбов Н.Н., Ширков Д.В. Введение в теорию квантованных полей. М., 1957;
Федоров Ф.И. Проективные операторы в теории элементарных частиц // Журн. эксперимент. и теорет. физики. 1958. Т. 35, вып. 2;
Яго ж. Группа Лоренца. М., 1979;
Швебер С. Введение в релятивистскую квантовую теорию поля: Пер. с англ.М., 1963;
Ченг Т.-П., Л и Л.-Ф. Калибровочные теории в физике элементарных частиц: Пер. с англ.М., 1987.