астранамічная прылада для вызначэння экватарыяльных каардынат нябесных свяціл (гл.Нябесныя каардынаты). Мае падзорную трубу, што можа паварочвацца ў плоскасці мерыдыяна вакол гарыз. восі, на якую насаджаны кругі са шкаламі для вымярэнняў вуглоў. Пры навядзенні трубы на зорку, якая кульмініруе, па паказаннях кругоў вызначаюць зенітную адлегласць свяціла і вылічваюць схіленне. М.к. выкарыстоўваецца таксама для рэгістрацыі момантаў праходжання нябесных свяціл праз мерыдыян.
Схема мерыдыяннага круга: AB — падзорная труба; вось вярчэння WE размешчана гарызантальна па лініі Усход-Захад; CD — круг з дзяленнямі; M — мікраметр для адліку дзяленняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕЛЕПІ́ПЕД (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач + epipedon плоскасць),
шасціграннік, процілеглыя грані якога папарна паралельныя; прызма, аснова якой паралелаграм. Усе грані П. — паралелаграмы. П. мае 8 вяршынь, 12 рэбраў; процілеглыя грані роўныя паміж сабой, усе 4 дыяганалі П. перасякаюцца ў 1 пункце і дзеляцца ім папалам. П. наз. прамым, калі яго бакавыя рэбры перпендыкулярныя да плоскасці асновы; прамавугольным, калі П. прамы і асновай служыць прамавугольнік (ці ўсе грані — прамавугольнікі). П., у якога ўсе грані квадраты, наз. кубам. Аб’ём П. роўны здабытку плошчы яго асновы на вышыню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫСКО́П (ад грэч. periskopeo гляджу вакол),
1) аптычная прылада для назірання за мясцовасцю з укрыццяў, траншэй, рубак, браніраваных машын (танкаў), падводных лодак і інш. З дапамогай П. вымяраюць гарыз. і верт. вуглы на мясцовасці і вызначаюць адлегласць да аб’ектаў, за якімі назіраюць.
2) Фатаграфічны аб’ектыў, які складаецца з дзвюх выпукла-ўвагнутых лінзаў, сіметрычна размешчаных адносна плоскасці дыяфрагмы, пастаўленай паміж імі. Выкарыстоўваюць у простых фотаапаратах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕКТЫ́ЎНАЯ МЕ́ТРЫКА,
спосаб вымярэння адлегласцей (даўжынь адрэзкаў) і вуглоў сродкамі праектыўнай геаметрыі.
Сутнасць спосабу ў замацаванні некаторай фігуры ў якасці абсалюта, які вызначае дадзеную метрычную геаметрыю, і ў вылучэнні з групы праектыўных пераўтварэнняў такіх, якія адлюстроўваюць абсалют у сябе і ствараюць такім чынам адпаведную групу рухаў. Напр., метрыка плоскасці Лабачэўскага атрымліваецца, калі за абсалют прыняць нераспадальную рэчаісную лінію 2-га парадку. Тады даўжыня адрэзка AB роўная (ABPQ), дзе P і Q — пункты перасячэння прамой AB з абсалютам, — пастаянная, аднолькавая для ўсіх адрэзкаў, (ABPQ) — падвойны стасунак (гл.Праектыўнае пераўтварэнне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел геаметрыі, у якім уласцівасці геаметрычных аб’ектаў (пунктаў, ліній, паверхняў) даследуюцца сродкамі алгебры на падставе метаду каардынат (праз вывучэнне ўласцівасцяў ураўненняў, графікамі якіх гэтыя аб’екты з’яўляюцца).
Узнікненне метаду каардынат звязана з развіццём у 17 ст. астраноміі, механікі, тэхнікі. Асновы аналітычнай геаметрыі заклалі Р.Дэкарт (1637) і П.Ферма (1629); далейшае развіццё звязана з працамі Г.Лейбніца, І.Ньютана, Л.Эйлера, Ж.Лагранжа, Г.Монжа, С.Лакруа і інш.Асн. задача аналітычнай геаметрыі на плоскасці — даследаванне ліній 1-га (прамыя) і 2-га (эліпс, гіпербала, парабала) парадку, якія ў дэкартавых каардынатах вызначаюцца алг. ўраўненнямі адпаведна 1-й і 2-й ступені. Аналітычная геаметрыя ў прасторы даследуе паверхні 1-га (плоскасці) і 2-га (эліпсоід, гіпербалоід, парабалоід, конус, цыліндр) парадку, якія вызначаюцца алг. ўраўненнямі адносна дэкартавых каардынат адпаведна 1-й і 2-й ступені.
Метад даследавання і класіфікацый ліній і паверхняў прадугледжвае адшуканне такой прамавугольнай сістэмы каардынат, у якой адпаведнае ўраўненне набывае найб. просты выгляд. Метадамі аналітычнай геаметрыі карыстаюцца ў матэматыцы, фізіцы, механіцы, тэхніцы і інш. На Беларусі значны ўклад у развіццё аналітычнай геаметрыі зрабілі У.К.Дыдырка («Цыркулярныя крывыя 3-га парадку» — 1-я на Беларусі матэм. манаграфія, 1928) і І.К.Богаяўленскі («Аналітычная геаметрыя» — 1-ы беларускамоўны падручнік па вышэйшай матэматыцы, 1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́СТЭРА ЗАКО́Н,
суадносіны паміж паказчыкам пераламлення n дыэлектрыка і такім вуглом падзення (φ светлавога праменя, пры якім адбітае ад паверхні дыэлектрыка натуральнае (непалярызаванае) святло поўнасцю палярызуецца. Адкрыты ў 1815 Д.Брустэрам. Паводле Брустэра закона tg φ = n, дзе φ — вугал Брустэра. Пры выкананні Брустэра закона вугал паміж адбітым і пераломленым прамянямі складае 90°. Брустэра закон пакладзены ў аснову работы прылад аптычнай апрацоўкі інфармацыі, інтэгральнай оптыкі. Гл. таксама Палярызацыя святла.
Да арт.Брустэра закон. Ход прамянёў на мяжы падзелу двух асяроддзяў пры падзенні святла пад вуглом Брустэра φ: E1 — складальная электрычнага вектара, якая ляжыць у плоскасці падзення, E2 — перпендыкулярная да яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬФА-СПЕКТРО́МЕТР,
прылада для вымярэння энергетычнага размеркавання альфа-часціц. У магнітным альфа-спектрометры α-часціцы праходзяць у вакууме праз магн. поле, перпендыкулярнае напрамку іх руху, адхіляюцца на розныя вуглы ў залежнасці ад іх энергіі і збіраюцца ў розных месцах калектара. Маюць высокую раздзяляльную здольнасць і малую святласілу; выкарыстоўваюцца для даследавання ядраў з перыядам паўраспаду T1/2 < 105 ÷ 106 гадоў. Іанізацыйны альфа-спектрометр — іанізацыйная камера; выкарыстоўваецца для даследавання ядраў з T1/2 < 106 гадоў і ядраў новых элементаў.
Схема руху альфа-часціц з рознай энергіяй у магнітным альфа-спектрометры (магнітнае поле перпендыкулярнае плоскасці чарцяжа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІНАУРА́ЛЬНЫ ЭФЕ́КТ,
здольнасць чалавека і жывёл вызначаць напрамак на крыніцу гуку, абумоўленая наяўнасцю 2 гукапрыёмнікаў. З-за таго, што вушы размешчаны на некаторай адлегласці адно ад аднаго, гукі, якія даходзяць да іх, адрозніваюцца па фазе і інтэнсіўнасці. Напрамак на крыніцу гуку з частатой да 1500 Гц выяўляецца найб. дакладна (дакладнасць у гарызантальнай плоскасці да 3°). Бінауральны эфект павялічваецца з павелічэннем адлегласці паміж прыёмнікамі, што дасягаецца з дапамогай гукаўлоўнікаў. Пры наяўнасці некалькіх разнесеных у прасторы крыніц гуку бінауральны эфект забяспечвае незалежнае ўспрыманне гуку ад кожнай з іх (напр., ад асобнага інструмента ў аркестры) і павялічвае гэтым перашкодаўстойлівасць слыхавога ўспрымання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАЛАГІ́ЧНЫ РАЗРЭ́З, геалагічны профіль,
графічнае адлюстраванне геал. будовы тэрыторыі, тэктанічнай структуры, радовішча і інш. аб’ектаў у вертыкальнай плоскасці. Паказвае склад горных парод, іх узрост і ўмовы залягання ўздоўж умоўнай лініі пэўнай працягласці (ад дзесяткаў метраў да соцень і тысяч кіламетраў) на паверхні Зямлі. Складаецца паводле матэрыялаў вывучэння свідравін, выхадаў горных парод на паверхню, горных вырабатак, геафізічных даследаванняў, часам на падставе геал. картаў; паказваецца на геал. картах і ў дакументацыі. На выяве геалагічнага разрэзу вертыкальны маштаб звычайна значна большы за гарызантальны. Геалагічным разрэзам называюць таксама апісанне ці графічны паказ стратыграфічнай паслядоўнасці і літалагічнага складу горных парод у пункце назіранняў.