ФОТАГРАММЕ́ТРЫЯ (ад фота... + грэч. gramma запіс + ...метрыя),

навука, якая вывучае метады вызначэння памераў, формы і становішча розных аб’ектаў у прасторы па іх адбітках на фотаздымках. Падзяляецца на ўласна Ф. (разглядае спосабы вызначэння памераў і формы аб’ектаў на плоскасці) і стэрэафотаграмметрыю (дадаткова вырашае задачы, звязаныя з пабудовай і вымярэннем стэрэаскапічных мадэлей аб’ектаў здымкі). Становішча сфатаграфаванага аб’екта вызначаюць па суадносінах паміж каардынатамі пунктаў на фотаздымку і аб’екта ў натуры. Выкарыстоўваецца ў геадэзіі, картаграфіі, касм. даследаваннях і інш.

т. 16, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)