асобыя, адносна непрацяглыя па часе перыяды ў жыцці чалавека, якія характарызуюцца рэзкімі псіхал. зменамі. Узнікаюць пры пераходзе чалавека ад адной узроставай ступені да другой і звязаны з якаснымі пераўтварэннямі ў сферы яго сац. адносін, дзейнасці і свядомасці. У дзіцячым узросце вучоныя вылучаюць крызісы: нованароджанасці, першага года жыцця, 3 гадоў, 6—7 гадоў, падлеткавы (11—12 гадоў) і юнацкі (15—16 гадоў). К.ў. абумоўлены супярэчнасцю паміж хуткім ростам фіз. і разумовых магчымасцей дзіцяці і раней сфарміраванымі відамі дзейнасці, стэрэатыпамі яго свядомасці і паводзін, формамі ўзаемаадносін з іншымі людзьмі, прыёмамі пед. ўздзеяння. Дзіцячыя К.ў. часта суправаджаюцца негатывізмам, павышанай канфліктнасцю, упартасцю, агрэсіўнасцю, аслабленнем цікавасці да вучобы і г.д. Некаторыя даследчыкі лічаць К.у. заканамерным працэсам, які абумоўлены логікай асабістага развіцця і неабходнасцю вырашэння асн. узроставых супярэчнасцей (З.Фрэйд, Э.Эрыксон, Л.Выгоцкі, Л.Бажовіч, Д.Эльконін), іншыя бачаць у К.ў. праяўленне дэвіянтных паводзін (С.Рубінштэйн, А.Запарожац). У параўнанні з дзіцячымі К.ў. паваротныя пункты ў жыцці дарослых узнікаюць значна радзей і звычайна вызначаюцца больш спакойным, прыхаваным характарам. Асобныя даследчыкі вылучаюць крызіс 40 гадоў, хаця наяўнасць яго эксперыментальна не даказана.
Літ.:
Выготский Л.С. Избранные психологические исследования. М., 1956;
Обухова Л.Ф. Детская (возрастная) психология. М., 1996;
Эльконин Б.Д. Введение в психологию развития. М., 1994;
Эриксон Э. Идентичность: юность и кризис: Пер. с англ.М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУТЭ́НІЙ (лац. Ruthenium),
Ru, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 44, ат. м. 101,07; адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 96, 98—102, 104. У зямной кары 5∙10−7% па масе. Уласныя мінералы, напр., лаўрыт (дысульфід RuS2), рутэнарсенід (RuAs) трапляюцца вельмі рэдка; ізаморфная прымесь у плаціне самароднай і медна-нікелевых рудах. Значная колькасць Р. ўтвараецца пры рабоце ядз. рэактараў АЭС. Адкрыты ў 1844 рус. хімікам К.К.Клаўсам; назва ад сярэдневяковага лац. Ruthenia — Расія.
Бліскучы серабрысты метал, tпл 2334 °C, tкіп 4077 °C, шчыльн. 12 450 кг/м³. Вельмі крохкі (лёгка расціраецца ў парашок). Кампактны Р. устойлівы да ўздзеяння мінер. кіслот, у т. л. царскай гарэлкі, і раствораў шчолачаў, у паветры не акісляецца да 930 °C, дробнадысперсны (чэрнь) — самаадвольна ўзрываецца. Парашкападобны пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, фосфарам. Сплаўляецца з многімі металамі; з пераходнымі металамі ўтварае цвёрдыя растворы. Сплавы Р. вызначаюцца высокай цвёрдасцю, тэрмічна- і зносаўстойлівыя. Выкарыстоўваюць Р. для нанясення ахоўных пакрыццяў на эл. кантакты; сплавы Р. з плацінай і родыем для вырабу фільер у вытв-сці шкловалакна і віскозы, з ірыдыем для высокатэмпературных тэрмапар (да 2000 °C), з плацінай і паладыем для вырабу зносаўстойлівых дэталей вымяральных прыбораў, электракантактаў, ювелірных вырабаў, з паладыем як каталізатары ў арган. сінтэзе; радыеактыўныя 103Ru і 106Ru (перыяды паўраспаду 39,8 сут і 1 гадз адпаведна) як ізатопныя індыкатары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНЕТЫ́ЧНЫЯ ЗАКО́НЫ,
канстатацыя рэгулярных гукавых змен, якія адбываюцца ў адной мове ў розныя перыяды развіцця або паралельна ў некалькіх роднасных мовах. Першыя Ф.з. сфармулявалі заснавальнікі параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Ф.з. распрацавалі ў 1870-я г. младаграматыкі, якія лічылі, што Ф.з. дзейнічаюць без выключэння, калі на іх не ўплываюць інш. Ф.з. або аналогія. Ф.з. не маюць абсалютнага характару. Вынікі дзеяння адных і тых жа Ф.з. у роднасных мовах могуць быць не толькі аднолькавымі, але і рознымі. Напр., змяненне «к», «г», «х» у спалучэнні з j у «ч», «ж», «ш» мела адны і тыя ж вынікі ва ўсіх слав. мовах, а змяненне спалучэнняў «т» і «д» з j дало розныя вынікі ў розных слав. мовах. У выніку дзеяння Ф.з. выдзеліліся ўсх.-слав. мовы. Кожная з іх мае спецыфіку ў рэалізацыі Ф.з., напр., пераход «е» ў «о» вядомы ўсім усх.-слав. мовам, але ў бел. мове ён не адбываецца перад шыпячымі («цешча», «таежны»). Узнікненне рэгулярных гукавых змен у мове звычайна тлумачыцца ўнутр. тэндэнцыямі развіцця мовы або ўплывам інш. моў і дыялектаў.
Літ.:
Шухардт Г. О фонетических законах // Шухардт Г. Избранные статьи по языкознанию: Пер. с нем. М., 1950;
Бодуэн де Куртенэ И.А. «Фонетические законы» // Бодуэн де Куртенэ И.А. Избранные труды по общему языкознанию. М., 1963. Т. 2;
Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАСА́Д (франц. faęade. італьян. facciata ад faccia твар) у архітэктуры, вонкавы бок будынка, збудавання. Адрозніваюць Ф. галоўны, бакавы, дваровы, вулічны, паркавы і інш. Кампазіцыя Ф. характарызуецца яго элементамі (завяршэнне, франтоны, вежы, порцікі і інш.), прапорцыямі і дэкорам; залежыць ад прызначэння формы і канструкцыі будынка. У кампазіцыйным вырашэнні ён адлюстроўвае тыпалагічныя рысы будынка (жылы дом, школа, т-р і інш.), горадабуд. патрабаванні маштабнасці, ансамблевай падпарадкаванасці, стылявога адзінства і інш. Выразнасць Ф. дасягаецца спалучэннем сродкаў архітэктуры, сінтэзам мастацтваў, каларыстыкай, узаемасувяззю збудавання з навакольным асяроддзем. Ф. можа быць падпарадкаваны агульнай кампазіцыі будынка і адлюстроўваць яго ўнутр. структуру. У горадабудаўніцтве Ф. — важны элемент кампазіцыі ў якасці акцэнту на плошчы ці заканчэнні відовішчнай восі.
У асобныя гіст.перыяды Ф. будынка разглядаўся як самаст. галіна арх.-маст. творчасці, часам не звязаная з прызначэннем будынка, яго ўнутр. структурай і канстр. асновай. У архітэктуры рэнесансу, барока і ракако гал. Ф. меў вял. значэнне як самаст. элемент будынка. У перыяд класіцызму характарызаваўся больш лаканічнымі вырашэннямі з адначасовым павелічэннем значнасці бакавых Ф. У сучасным буд-ве звычайна ўсе Ф. маюць аднолькава важнае значэнне. Часам Ф. ствараецца на прынцыпах, якія зрокава скажаюць унутр. структуру кампазіцыі, не ўвасабляюць тыпалагічныя асаблівасці будынка (дэканструктывізм).
С.А.Сергачоў.
Галоўны (уверсе) і бакавы фасады архірэйскага палаца ў Магілёве. Чарцёж. 2-я пал. 18 ст.Бакавы фасад Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў у Мінску.Фасад царквы Сент-Эцьен-дзю-Мон у Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЖОЎ,
назва эпохі ў гісторыі Стараж. Кітая і кіт. дынастыі, якая правіла ў 11—3 ст. да п.э. Падзялялася на Зах. Ч. (1122—771 да н.э., сталіца каля сучаснага г. Сіянь) і Усх. Ч. (770—221 да н.э., сталіца каля сучаснага г. Лаян).
Першапачаткова стараж.-кіт. племя Ч. залежала ад дзяржавы Інь. У 1122 да н.э. (паводле сучаснай гістарыяграфіі 1137—911 да н.э.) правадыр Ч. У-Ван разграміў Інь, аб’яднаў усе плямёны і стварыў дзяржаву на тэр.бас. рэк Хуанхэ і Янцзы. Зах. Ч. была нетрывалым дзярж. утварэннем. Яе правіцелі раздавалі ўдзелы сваякам, прыхільнікам і саюзнікам вана (цара). Удзелы мелі аўтаномію, а вярх. правіцелю плацілі даніну і аказвалі ваен. дапамогу. Барацьба ўдзелаў з цэнтр. уладай і паміж сабою прывяла ў 8 ст. да н.э. да распаду дзяржавы. Усх. Ч. дзялілася на перыяды: Чуньцю (770—481 да н. э.) і Чжаньго (481—221 да н.э.). У перыяд Чуньцю ўлада ванаў была аслаблена барацьбой за гегемонію паміж асобнымі ўладарамі (чжухоў), якія толькі намінальна прызнавалі вяршэнства цара. У перыяд Чжаньго ўзнікла некалькі буйных царстваў, якія змагаліся за панаванне над усім Кітаем. Апошні цар Ч. пазбаўлены ўлады ў 256/255 да н.э., але фактычна перыяд Ч. завяршыўся ў 221 да н.э., калі краіна аб’яднана пад уладай дынастыі Цынь. Пры Ч. пачалося пашырэнне жалеза, развівалася ірыгацыйнае земляробства, аформіліся асн.філас.-рэліг. школы: канфуцыянства, даасізм, легізм (фацзя) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Я́НКА КУПА́ЛА»,
першая на Беларусі аднатомная персанальная энцыклапедыя. Падрыхтавана і выдадзена ў 1986 у Мінску выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. Асвятляе асн.перыяды жыцця і творчасці Я.Купалы. Ва ўступным нарысе раскрываецца духоўны і творчы воблік паэта, сац.-гіст. ўмовы станаўлення яго таленту. У арт. пра творы паэта апрача іх зместу, тэматычнай і сюжэтнай накіраванасці, аналізу выяўл. сродкаў, даецца інфармацыя пра першую іх публікацыю, пераклады. Частку матэрыялаў складаюць артыкулы пра творчасць Я.Купалы — лірыку, драматургію, публіцыстыку, крытыку і інш. паасобныя жанры, вобразы, найб. пашыраныя ў яго паэзіі, творчы метад паэта, грамадска-паліт., гіст., філас., эстэт. погляды, сувязь Я.Купалы з л-рамі інш. народаў, літ.-знаўчыя тэрміны, звязаныя з творчасцю паэта. Уключаны артыкулы пра мясціны, дзе ён жыў, працаваў, вучыўся, пабываў; пра перыяд. выданні, якія друкавалі яго творы або матэрыялы пра яго; пра мастакоў, скульптараў, кампазітараў, артыстаў, дзярж. і грамадскіх дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, крытыкаў, літ.-знаўцаў, якія ў сваёй творчасці звярталіся да вобраза паэта, яго твораў або з якімі ён быў асабіста знаёмы; пра сваякоў і знаёмых Я.Купалы. У выданні апублікавана шмат новых ці мала вядомых чытачу дакументаў і матэрыялаў пра жыццёвы і творчы шлях Я.Купалы, факсіміле рукапісаў яго твораў, шмат ілюстрацый, фотаздымкаў і інш. У кнізе змешчаны кароткі летапіс жыцця і творчасці Я.Купалы, бібліяграфія з галіны купалазнаўства, імянны паказальнік і інш.
Засн. 4.8.1945 ва ўрочышчы Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл., дзе на дачы ў 1935—41 жыў і працаваў Я.Купала. Тут паэт напісаў т.зв. ляўкоўскі цыкл вершаў («Алеся», «Хлопчык і лётчык», «Лён» і інш.). Размешчаны ў будынку б. канторы Копыскага лясніцтва (літ. экспазіцыя) і дачы паэта (мемар. экспазіцыя). Устаноўлена мемар. дошка (1972). У 1962—72 філіял працаваў на грамадскіх пачатках. У 1977 і 1982 яго экспазіцыя абноўлена і значна пашырана, у яе склад уключана дача паэта (адноўлена ў 1981). Уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Агульная пл. экспазіцыі 246 м², каля 550 экспанатаў, у т. л. 287 асн. фонду. У гісторыка-літ. частцы адлюстраваны дарэв. і найб. шырока сав.перыяды жыцця і творчасці паэта, прадстаўлены копіі архіўных дакументаў, фотаздымкі, выданні твораў Я.Купалы, успаміны пра яго, вершы, прысвечаныя Ляўкам. Экспануюцца творы жывапісу мастакоў І.Давідовіча, А.Кроля, Х.Ліўшыца, Я.Ціхановіча, графіка Э.Агуновіча, М.Басалыгі, А.Кашкурэвіча, Г.Паплаўскага, Л.Рана, В.Шаранговіча, скульптура У.Летуна, С.Селіханава. У мемар. экспазіцыі адноўлены інтэр’ер пакоя, у якім жыў паэт, зберагаюцца яго рэчы. Ляўкам прысвяцілі свае творы паэты П.Броўка, К.Камейша, Г.Каржанеўская, Г.Пашкоў, Я.Сіпакоў і інш., укр. паэт Т.Масэнка, мастакі А.Волкаў, А.Кашкурэвіч, Ю.Пучынскі, Я.Ціхановіч, А.Шаўчэнка і інш. Тут праводзяцца святы бел. паэзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНАЕ СУІСНАВА́ННЕ,
тып узаемаадносін паміж дзяржавамі, які прадугледжвае ўзаемную адмову ад выкарыстання сілы і пагрозы сілай, недатыкальнасць дзярж. межаў, неўмяшанне ва ўнутр. справы, павагу да правоў і асн. свабод чалавека, раўнапраўе і правы народаў выбіраць шлях свайго развіцця, супрацоўніцтва паміж дзяржавамі на аснове ўзаемнай выгады, добрасумленнае выкананне абавязацельстваў па міжнар. праве. З’яўляецца формай суіснавання дзяржаў у пераходныя гіст.перыяды, калі ў некат. краінах адбываецца змена сац.-паліт. ладу грамадства. Паліт. сутнасць М.с. характарызуе паліт. кампраміс, у адпаведнасці з якім ажыццяўляюцца міждзярж. падыходы да міжнар. праблем (напр., агульная зацікаўленасць у развіцці эканам. і гандл. сувязей, паліт. кантактаў, абмежаванні гонкі ўзбраенняў, неабходнасць абароны ад агульнага ворага і г.д.) Гал. сэнс палітыкі М.с. — пошук і ўсталяванне балансу сумесных жыццёвых інтарэсаў дзяржаў. Бандунгская канферэнцыя 1955 абвясціла 5 прынцыпаў М.с. (хіндзі «панча шыла») як аснову Праграмы мірнага супрацоўніцтва дзяржаў Азіі і Афрыкі незалежна ад сац., эканам. і паліт. ладу. Аднак захоўваюцца асн.гіст. прычыны неабходнасці М.с. — імкненне народаў і дзяржаў да сцвярджэння свайго права на сац., цывілізацыйную і культ. своеасаблівасць. Існуе таксама пункт погляду, паводле якога М.с. разглядаецца як асаблівая форма класавай барацьбы пралетарыяту ў міжнар. адносінах, што вяліся шляхам мірнага спаборніцтва ў эканоміцы, палітыцы і інш. сферах грамадства, акрамя ідэалогіі, дзе кампрамісы і супрацоўніцтва паміж антаганістычнымі сістэмамі выключаліся. Міжнар.-прававы падмурак М.с. ў сучасных умовах складаюць Статут ААН, Дэкларацыя 1970 аб прынцыпах міжнар. права, Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 1975 і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І МУ́ЗЫКІ.
Створаны 1.10.1944 з выпускнікоў Маскоўскага гар.тэатр. вучылішча (курс У.Гатоўцава). З кастр. 1945 у Брэсце як абл.драм.т-р імя Ленінскага камсамола Беларусі, у 1992—94 т-р драмы. Сучасная назва з 1995.
Творчае аблічча т-ра ў 1940—50-я г. вызначалі спектаклі героіка-рамантычнага кірунку, сярод якіх «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча (1953, прэмія Ленінскага камсамола 1967), «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Юнацтва бацькоў» Б.Гарбатава, «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева, «Як гартавалася сталь» паводле М.Астроўскага, «Авадзень» паводле Э.Л.Войніч, «Любоў Яравая» К.Транёва, «Сапраўдны чалавек» паводле Б.Палявога, «Людзі, якіх я бачыў» Б.Смірнова. Гал. тэма творчасці т-ра на працягу ўсяго існавання — станаўленне і фарміраванне асобы сучасніка. Вызначальныя ў розныя перыяды творчасці былі спектаклі маральна-этычнай праблематыкі: «Машачка» А.Афінагенава, «Старонка жыцця», «У добры час» і «У пошуках радасці» В.Розава, «Фабрычнае дзяўчо» А.Валодзіна, «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава, «Ленінградскі праспект» І.Штока, «Арганаўты» Ю.Эдліса, «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева, «Характары» паводле В.Шукшына і інш.
Значнае месца ў рэпертуары займае бел. драматургія: «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Ірынка» К.Чорнага, «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Хамуціус» паводле А.Куляшова, «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна і яго п’еса «І змоўклі птушкі», «Апраўданне крыві» паводле І.Чыгрынава, «Салаўі спяваюць на волі» Я.Рамановіча паводле аповесці З.Бядулі «Салавей», «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Папараць-кветка» І.Козела, «Людзі і камяні» і «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Выбачайце, калі ласка», «Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Верачка», «Таблетку пад язык» і «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.Макаёнка, «Разумная дачка» У.Караткевіча паводле бел.нар. казак, «Апошняя інстанцыя», «Нашчадак», «Махляр паняволі» М.Матукоўскага, «Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча, «Парог» і «Вечар» А.Дударава, «Чатыры крыжы на сонцы» («Выклік багам»), «Грэшнае каханне», «Аукцыён» («Прадаецца муж») А.Дзялендзіка, «Ціхі прыстанак» А.Паповай, «Лейтэнанты» і «Самы шчаслівы чалавек» А.Пінчука, «Добрая памяць па сходнай цане» («Добрая памяць — за наяўныя») В.Іпатавай, «Машэка» М.Арахоўскага і інш. Прыкметнае месца ў творчасці калектыву займаюць пастаноўкі класічных рус. і замежных твораў: «Не ўсё кату масленіца», «Беспасажніца» і «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага, «Дваранскае гняздо» паводле І.Тургенева, «Жывы труп» Л.Талстога, «Чайка» і «Тры сястры» А.Чэхава, «Звычайная гісторыя» паводле І.Ганчарова, «Ветрык, вей!» Я.Райніса, «Дон Сезар дэ Базан» Ф.Дзюмануара і А.Дэнеры, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Пігмаліён» Б.Шоу, «Атэла» У.Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі — «Дрэвы паміраюць стоячы» А.Касоны, «Від з моста» А.Мілера, «Лаліта» Э.Олбі (паводле У.Набокава), «Гісторыя кахання» Э.Сігла, «Маркіза дэ Сад» Ю.Місіма, «Калі конь траціць прытомнасць» Ф.Саган. Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Ю.Арынянскага, А.Міронскага, І.Папова.
У розны час у т-ры працавалі: акцёры — нар.арт.СССР Я.Палосін; нар. артысты Беларусі Т.Заранок, А.Логінаў, Г.Маркіна; засл. артысты Беларусі М.Абрамаў, Т.Аляксеева, А.Асторына, Н.Ганчарэнка, Л.Весніна, У.Говар-Бандарэнка, В.Захарава, Т.Канавалава, Г.Качаткова, З.Курдзянок, П.Маркін, А.Самараў, Л.Сторажава, Б.Уксусаў, Б.Уладамірскі, Ю.Уласаў, С.Юркевіч; засл. дз. культуры Беларусі Л.Валчэцкі (дырэктар т-ра). У трупе т-ра (1996): засл. артысты Беларусі С.Яўдошанка, К.Перапяліца, Г.Токараў. Гал. рэжысёр Я.Натапаў (з 1996), гал. мастак В.Лесін (з 1980). У 1963—67 пры т-ры дзейнічала лялечная група, на базе якой створаны Брэсцкі абласны тэатр лялек. У 1995 у склад т-ра ўключаны сімфанічны аркестр.
Літ.:
Волчецкий Л.П. Годы, спектакли, роли... Мн., 1974.
Р.М.Бакіевіч.
Да арт.Брэсцкі тэатр драмы і музыкі. Сцэна са спектакля «Хамуціус» паводле А.Куляшова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮК (Gluck) Крыстаф Вілібальд (2.7.1714, Эрасбах, цяпер у межах г. Берхінг, Германія — 15.11.1787),
нямецкі кампазітар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў муз. класіцызму, рэфарматар оперы 18 ст.Найб. важныя перыяды творчасці звязаны з Венай і Парыжам. Разумеючы неабходнасць рэфармаваць абцяжараную ўмоўнасцямі, далёкую ад рэальнасці традыц.італьян. оперу, ён пачаў гэтую працу ў оперы «Арфей і Эўрыдыка» (1762). Найб. паслядоўна рэфарматарскія прынцыпы ўвасоблены ў «Альцэсце» (1767) і «Парысе і Алене» (1770). У вядомых гісторыка-легендарных сюжэтах акцэнтаваў этычны пачатак. Імкнучыся да прастаты і натуральнай выразнасці ў оперы, да больш цеснага зліцця музыкі з драмай і паэт. словам, гал. элементам муз.-драм. дзеяння ён зрабіў рэчытатыў, узмацніў функцыі аркестра, аднавіў значэнне хору і балетных нумароў, стварыў оперу з яснай структурай. Найважнейшыя палажэнні рэформы сфармуляваў у прадмове да партытуры «Альцэсты». У Парыжы ён напісаў свае лепшыя творы: «Іфігенія ў Аўлідзе» (1774), «Арміда» (1777), «Іфігенія ў Таўрыдзе» (1779), новыя рэд. «Арфея і Эўрыдыкі» (1774) і «Альцэсты» (1776), пастаноўка якіх завяршыла яго оперную рэформу. Напісаў таксама 5 балетаў, у т. л. «Дон Жуан» (1761), «Аляксандр» і «Семіраміда» (абодва 1765), оды і песні на словы Ф.Г.Клопштака. На творчасць Глюка, прадстаўніка асветніцкага класіцызму, паўплывала ідэалогія «трэцяга саслоўя». Яго рэформа зрабіла вял. ўплыў на муз.т-р 19—20 ст. (Л.Бетховен, Г.Берліёз, Р.Вагнер, Л.Керубіні, Э.Мегюль і інш.).
Літ.:
Рыцарев С.А. Кристоф Виллибальд Глюк. М., 1987;
Роллан Р. Глюк: По поводу «Альцесты» // Роллан Р. Музыкально-историческое наследие: Пер. с фр.М., 1988. Вып. 3;
Querelle des Gluckistes et de Piccinnistes. Genève, 1984.