ЧЖОЎ,

назва эпохі ў гісторыі Стараж. Кітая і кіт. дынастыі, якая правіла ў 11—3 ст. да п.э. Падзялялася на Зах. Ч. (1122—771 да н.э., сталіца каля сучаснага г. Сіянь) і Усх. Ч. (770—221 да н.э., сталіца каля сучаснага г. Лаян).

Першапачаткова стараж.-кіт. племя Ч. залежала ад дзяржавы Інь. У 1122 да н.э. (паводле сучаснай гістарыяграфіі 1137—911 да н.э.) правадыр Ч. У-Ван разграміў Інь, аб’яднаў усе плямёны і стварыў дзяржаву на тэр. бас. рэк Хуанхэ і Янцзы. Зах. Ч. была нетрывалым дзярж. утварэннем. Яе правіцелі раздавалі ўдзелы сваякам, прыхільнікам і саюзнікам вана (цара). Удзелы мелі аўтаномію, а вярх. правіцелю плацілі даніну і аказвалі ваен. дапамогу. Барацьба ўдзелаў з цэнтр. уладай і паміж сабою прывяла ў 8 ст. да н.э. да распаду дзяржавы. Усх. Ч. дзялілася на перыяды: Чуньцю (770—481 да н. э.) і Чжаньго (481—221 да н.э.). У перыяд Чуньцю ўлада ванаў была аслаблена барацьбой за гегемонію паміж асобнымі ўладарамі (чжухоў), якія толькі намінальна прызнавалі вяршэнства цара. У перыяд Чжаньго ўзнікла некалькі буйных царстваў, якія змагаліся за панаванне над усім Кітаем. Апошні цар Ч. пазбаўлены ўлады ў 256/255 да н.э., але фактычна перыяд Ч. завяршыўся ў 221 да н.э., калі краіна аб’яднана пад уладай дынастыі Цынь. Пры Ч. пачалося пашырэнне жалеза, развівалася ірыгацыйнае земляробства, аформіліся асн. філас.-рэліг. школы: канфуцыянства, даасізм, легізм (фацзя) і інш.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)