ФІЛІ́ПСКІХ Яўген Фёдаравіч (28.6.1914, г. Марыупаль Данецкай вобл., Украіна — 14.6.1953),
адзін з арганізатараў партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў трансп. тэхнікум (1935), 4 курсы Данецкага індустр. ін-та (1939), ВПШ пры ЦККПБ (1948). У Чырв. Арміі ў 1939—49. У Вял.Айч. вайну з вер. 1941 у партызанах: камандзір групы, атрада, з 1943 брыгад «За Радзіму», «Полымя», адначасова чл.падп. Пухавіцкага райкома КП(б)Б. Партызаны брыгады на чале з Ф. у час «рэйкавай вайны» падарвалі больш за 1,5 тыс. рэек, у ліп. 1944 сумесна з воінамі Чырв. Арміі вызвалілі г. Мар’іна Горка. Пасля вайны на парт. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЛКО́ВА-ШЭЛЕГАЎСКІ БОЙ 1943,
бой партыз. брыгады «Смерць фашызму» з ням. фашыстамі ў вёсках Шалкова і Шэлегаўка Полацкага р-на Віцебскай вобл. 10.5.1943 у Вял.Айч. вайну. У час падрыхтоўкі да карнай аперацыі супраць партызан 624-ы ахоўны батальён гітлераўцаў выселіў з названых вёсак усіх жыхароў і размясціўся ў іх. Кіраўніцтва партыз. брыгады (камандзір У.В.Мельнікаў) распрацавала план знішчэння карнікаў. У ноч на 10 мая штурмавыя групы партызан атакавалі фаш. гарнізоны ў гэтых вёсках. У выніку баёў партызаны знішчылі больш за 100 гітлераўцаў, іх склады з боепрыпасамі і харчаваннем, захапілі штабныя дакументы, кулямёты, аўтаматы, вінтоўкі, амуніцыю, коней і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ШАРАВА́Я МАЛА́НКА»
(«Kugelblitz»),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан і мясц. насельніцтва Суражскай партыз. зоны 14.2—19.3.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 201-й ахоўнай дывізіі, 2-га матарыз. палка 3-й танк. арміі, 3 мясц. паліцэйскіх фарміраванняў, артыл., сапёрных, контрразведвальных падраздзяленняў 825-га «ост-мусульманскага» батальёна (усяго 36 тыс. салдат і афіцэраў) з падтрымкай бронецягніка і 10 бронемашын. Мэта аперацыі — акружыць і знішчыць партызан у трохвугольніку Гарадок—Сураж—Мяжа, захапіць працаздольнае насельніцтва для вывазу ў Германію, забяспечыць бяспеку руху па чыгунцы на ўчастку Віцебск—Гарадок—Невель, перашкодзіць баявому ўзаемадзеянню партызан з часцямі Чырв. Арміі. Да 14 лютага партызаны вялі бой, каб перашкодзіць праціўніку сканцэнтраваць сілы і захапіць плацдарм па берагах рэк вакол партыз. зоны. Гітлераўцы не здолелі ўварвацца ў партыз. зону і з 18 лют. пачалі сістэматычны абстрэл і бамбардзіроўку пярэдняга краю партыз. абароны. 11, 15, 20—24 лют.сав. самалёты ў дапамогу партызанам даставілі ў зону боепрыпасы і зброю, у т. л. 700 кг толу. У ноч на 23 лют. на бок партызан амаль у поўным складзе перайшоў «ост-мусульманскі» батальён. Партызаны пазбягалі зацяжных баёў, прабіваючыся невял. групамі праз шчыльныя ланцугі карнікаў. Да 20 сак. гітлераўцы адышлі ў Віцебск, Гарадок, Сураж. Фашысты «праверылі» 169 вёсак, «прафільтравалі» 3583 чал. і перадалі іх 9-й эйнзацкамандзе СД, 1456 чал. з іх расстралялі, 804 чал. даставілі на зборны лагер для адпраўкі на прымусовыя работы. У палон узята 260 партызан, з якімі па-зверску расправіліся — жанчын і дзяцей знішчалі гранатамі, злоўленых у лесе жыхароў жывымі спальвалі ва ўцалелых пабудовах. У баях гітлераўцы страцілі каля 500 забітымі і параненымі, амаль поўнасцю знішчаны бронедывізіён вермахта. Працягам «Ш.м.» стала карная аперацыя «Грамавы ўдар».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГО́МЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў ліп. 1941 — вер. 1942 на тэр. Бягомльскага р-на Мінскай вобл. Мела 2 групы (каля 20 чал.): маладзёжную ў в. Нябышына (кіраўнік А.Ф.Фрол) і групу ў г.п. Бягомль (арганізавана ў жн. 1941, кіраўнік Я.А.Шаўцоў). Падпольшчыкі мелі сувязь з партызанамі, для якіх збіралі і перадавалі зброю, боепрыпасы, разведданыя, харчы, здабывалі бланкі дакументаў, удзельнічалі ў сумесных баявых аперацыях, запісвалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро. У маі 1942 фашыстамі была раскрыта група ў Бягомлі, многія падпольшчыкі пакараны смерцю. У вер. 1942 палова нябышынскай групы пайшла ў партызаны, астатнія былі сувязнымі партыз. брыгады «Жалязняк» да вызвалення раёна ад ням.-фаш. захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ НАРО́ДНАГА ТА́НЦА РАСІ́І,
адзін з буйнейшых харэагр. калектываў Расіі. Створаны ў 1937 у Маскве, да 1991 наз. Ансамбль нар. танца СССР, з 1965 акадэмічны. Арганізатар і маст. кіраўнік І.Майсееў.
У рэпертуары танцы народаў свету, у т. л.бел. («Лявоніха», «Бульба», «Юрачка», «Янка»), канцэртныя мініяцюры, харэагр. сюіты, фалькл. цыклы («Партызаны», «Руская сюіта», малд. сюіта «Жок», укр. сюіта «Вяснянкі», «Карцінкі мінулага», «Танцы славянскіх народаў», «Па краінах свету», праграма «Дарога да танца» і інш.), што сталі ўзорамі ў галіне мастацтва нар. танца і з’яўляюцца вынікам зліцця самабытнай нар. творчасці з акад. асновай танца. Выступае ў суправаджэнні малога сімф. аркестра, у складзе якога трупа нар. інструментаў. Пры ансамблі працуе школа-студыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала з вер. 1941 да ліп. 1944 у Дзятлаўскім і Казлоўшчынскім р-нах Гродзенскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Аб’ядноўвала больш за 30 чал., 2 групы: у в. Явар (20 чал., кіраўнікі С.І.Белы, Б.І.Белы), в. Зачэпічы (М.П.Сніціч, Н.П.Сніціч). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, прадукты; вясной 1942 пашкодзілі тэлеф. сувязь паміж вёскамі Нясілавічы і Гезгалы; здабылі звесткі пра размяшчэнне варожага гарнізона ў г.п. Казлоўшчына, з іх дапамогай партызаны восенню 1942 разграмілі гарнізон; з групай партызан праводзілі дыверсіі на чыгунцы, падпалілі склады на ст. Наваельня. У канцы 1943 большасць падпольшчыкаў пайшла да партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́БРУШСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1943. Аб’ядноўвала 6 груп, больш за 70 чал. Кіраўнік Н.С.Кулікоў, намеснік Дз.М.Гладышаў. Групы сфарміраваны з рабочых і навучэнцаў Добруша, былых ваеннаслужачых, работнікаў Добрушскага лясніцтва, з жыхароў Добруша і в. Камень. Падпольшчыкі знішчалі абсталяванне папяровай ф-кі, гаручае на Добрушскай МТС, арганізавалі выбух каля чыг. ст. Закапыцце, у выніку якога знішчана вял. колькасць ням. ваеннаслужачых. У маі 1943 на ўчастку чыг. Гомель—Бранск пушчаны пад адхон 3 эшалоны. У ліп. і вер. 1943 партызаны з дапамогай падпольшчыкаў знішчылі электрастанцыю, спалілі аўтарамонтную майстэрню, 2 цэхі, узарвалі пілараму і артыл. склад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КШЫЦКА-КРУЛЁЎШЧЫНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943.
Праведзена 16—17.8.1943 1-й Антыфаш. партыз. брыгадай ва ўзаемадзеянні з партыз. брыгадай «Жалязняк».
Вечарам 16 жн.партызаны акружылі Докшыцы і ачапілі ўсе ваен. аб’екты гарнізона. У 6 гадз раніцы 17 жн. штурмавыя групы абяззброілі і знішчылі 38 і ўзялі ў палон 60 гітлераўцаў. 1-я Антыфаш. брыгада зрабіла пераход да ст. Крулеўшчына. Да вечара 17 жн. Докшыцы і ст. Крулеўшчына былі поўнасцю ачышчаны ад праціўніка. У выніку бою разбураны ўсе станцыйныя збудаванні, узарваны 4 масты, паравознае дэпо, нафтабаза, склад з боепрыпасамі, гараж з аўтамашынамі і інш., на суткі выведзены са строю ўчастак чыгункі Крулеўшчына—Параф’янава. У Крулеўшчыне ў гонар баявой аперацыі партызан пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІВАНО́Ў»
(«Iwanow»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан Бярэзінскага, Бялыніцкага і Клічаўскага р-наў Магілёўскай вобл. 25—26.8.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 700-га ахоўнага палка, узводаў жандармерыі, сапёрнага і музычнага, аператыўнай групы, спец. аўтакалоны для вывазу нарабаванай маёмасці і с.-г. прадукцыі. Мэта аперацыі: разгром партыз. фарміраванняў у раёне в. Дулебы, захоп ураджаю і вываз насельніцтва з вёсак Баравіца, Дулебы, Заброддзе, Задор’е, Курганне, Несцяроўка, Печы, Рубеж, Уюноўка, размешчаных на Пд ад шашы Беразіно—Бялынічы. У ходзе аперацыі сустрэчнымі баямі партыз. атрады палкоў 113, 121 і 208-га разграмілі аўтакалону, нанеслі адчувальныя страты карнікам. Аперацыя правалілася, партызаны абаранілі насельніцтва ад рабавання і знішчэння.