ДЭШЫФРА́ТАР (ад франц. dēchiffrer разбіраць, разгадваць),
прылада для аўтам. расшыфроўкі кода (дэкадзіравання) паведамленняў. Пераўтварае даныя ў зыходную форму, якую яны мелі да кадзіравання (шыфравання).
Інфармацыя. што паступае на ўваходы Д., пераўтвараецца і на адпаведным выхадзе (ці групе выхадаў) вылучаецца сігнал, які паказвае прыкмету (або змест) уваходнага сігналу, напр. код прынятага ліку пераўтварае ў сігнал кіравання пэўным каналам сувязі (калі лік мае n двайковых разрадаў, Д. можа мець да 2n выхадаў), код аперацыі — у кіроўны сігнал, код адраса — у сігнал выбаркі адпаведнай ячэйкі памяці запамінальнага прыстасавання ЭВМ і інш. Бываюць патэнцыяльныя, імпульсныя і патэнцыяльна-імпульсныя; паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць паралельныя, паслядоўныя і паралельна-паслядоўныя, паводле будовы — лінейныя, пірамідальныя і прамавугольныя. Выкарыстоўваюцца ў радыё-, выліч. і вымяральнай тэхніцы, тэлеф. і тэлегр. сувязі, тэлекіраванні і інш.Гл. таксама Дэкодэр, Дэтэктар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ХРЫСЦІ́ЦЕЛЬ (каля 8 да н.э. — каля 28 н.э.),
біблейскі прарок і аскет. У 27—28 пачаў прапаведаваць у пустыні каля р. Іардан: абвяшчаў надыход «царства божага», заклікаў да пакаяння і даваў воднае хрышчэнне. Сярод ахрышчаных быў Ісус Хрыстос, на якога І.Х. указаў як на чаканага месію; яго вучні Андрэй, Сымон, Якаў і Іаан сталі вучнямі Ісуса. За публічнае асуджэнне сувязі цара Галілеі Ірада Антыпы з Ірадыядай зняволены і абезгалоўлены. Пра смерць І.Х. згадвае яўр. гісторык Іосіф Флавій. Памяці І.Х. прысвечана самая стараж. базіліка Рыма — Латэранская. Выявы І.Х. вельмі пашыраны ў сярэдневяковым мастацтве (жывапіс у баптыстэрыях, скульптуры ў Ам’енскім, Шартрскім, Рэймскім саборах) і новага часу (Данатэла, Л.Гіберці, Анджэліка, Д.Гірландайо, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Эль Грэка, М.Караваджа, Рэмбрант, Б.Э.Мурыльё, Н.Пусэн).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТКО́ВА (Святлана Сяргееўна) (н. 16.8.1941, в. Абросаўка Краснаармейскага р-на Самарскай вобл., Расія),
бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва і жывапісец. Дачка С.П.Каткова. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). З 1968 працуе на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. Алегарычнай ёмістасцю вобразаў, выразнасцю колераў вызначаюцца размалёўкі ў кінатэатры «Вільнюс» (1976), Палацы культуры чыгуначнікаў (1978, абедзве з З.Літвінавай), рэстаране «Планета» (1980) у Мінску, Палацы культуры камбіната нярудных матэрыялаў у р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на (1982), актавай зале тэхн. вучылішча харчавікоў у Слуцку («Купалле», 1984). Дэкаратыўнасць колеру і кампазіцыйнай будовы ўласцівы станковым творам: «Зялёны май. Перамога» (1973), «Палявыя кветкі» (1974), «Летняя ноч» (1975), «Сярэбраныя травы» (1977), «Жніво» (1982), «Дзень памяці» (1984), цыклы «Поры года», «Народныя святы. Калядкі», «Італія. Карнавал» (усе 1995—98). Іл.гл. да арт.Васковы жывапіс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРА́ЎЦАЎ (Анатоль Іванавіч) (н. 1.1.1947, в. Усць-Дзёміна Ельнінскага р-на Смаленскай вобл., Расія),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у прэсе (у 1972—77 адказны сакратар газ. «Вячэрні Мінск»), з 1977 гал. рэдактар творчага аб’яднання «Летапіс», у 1982—85 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1964. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар зб. публіцыстыкі «Мінск і мінчане» (1973), кніг апавяд. і аповесцей «Бяссонніца» (1990), дарожных нататак «Марскі дзённік сухапутнага чалавека» (1992), п’ес «Іван» (1982), «Іван і Мадонна» (паст. 1985), «Мар’я» (паст. 1986), «Як цары жылі» (паст. 1989), «Суд» (паст. 1990), «Донаці прамазала» (1990) і інш., у якіх тэма нар.памяці, моц нар. маралі, праблемы ўзаемаадносін людзей, добразычлівы гумар і іронія. Аўтар сцэнарыяў маст. і дакумент. фільмаў.
Тв.:
Иван и другие жители деревни Сос: Избранное. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАХУЦІ́ (Абулькасім Ахмедзадэ) (31.12.1887, г. Керманшах, Іран — 16.3.1957),
таджыкскі паэт; адзін з заснавальнікаў тадж. паэзіі. Па паходжанні перс. З 1922 y СССР. Друкаваўся з 1907. Развіваў традыцыі перс. і тадж. прытчы-алегорыі (масал), уводзіў у паэзію новыя страфічныя формы, памеры, пабудаваныя на фалькл. аснове. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Дыван Лахуці» (кн. 1—2, 1938—40), «Таджыкістанскія вершы» (1940), «Узброеныя песні» (1942), «Падарунак фронту» (1944), «Покліч жыцця» (1956). Для яго паэзіі характэрна ўмоўна-алегарычная манера пісьма, спалучэнне лірызму з грамадз. і публіцыстычным пафасам. Быў знаёмы з Я.Купалам, прысвяціў яму верш і арт. «Памяці Купалы» (1942). На бел. мову паасобныя вершы Л. пераклалі П.Броўка, К.Кірэенка, Т.Кляшторны, Ю.Лявонны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛІКАЎ (Арыф Джангіравіч) (н. 13.9.1933, Баку),
азербайджанскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Азербайджана (1965). Нар.арт.СССР (1986). Скончыў Азерб. кансерваторыю (1958, клас К.Караева), з 1958 выкладае ў ёй (з 1979 праф.). Сярод твораў: балеты «Легенда пра каханне» паводле Назыма Хікмета (паст. 1961), «Двое» (паст. 1969), «Паэма двух сэрцаў» (паст. 1982); аперэта «Хвалі» (паст. 1967); кантата «Голас зямлі» (1972), вак.-сімф. паэма «Радзіма» (1964); 6 сімфоній (1958—85); сімф. сюіты; сімф. паэмы (1957—86, у т. л. «Казка», «Памяці М.Фізулі», «Метамарфозы», «Апошні перавал», «Гераічная паэма»), «Сімфанічныя карціны» (1985); сюіты для арк.нар. інструментаў; 2 цыклы рамансаў на словы Назыма Хікмета (1962, 1984); саната для скрыпкі; песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Азербайджана 1986.
Літ.:
Алекперова Н. А.Меликов: Страницы жизни и творчества. Баку, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАЎ (Сяргей Рыгоравіч) (17.9.1914, Масква — 11.1.2001),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1940). Працаваў у галінах станковай і кніжнай графікі. Творы прысвечаны Вял.Айч. вайне [«У партызанскай зямлянцы», 1943; «Прывялі «языка», «Бой у гарнізоне «Рэкта», абодва 1944; «Герой Савецкага Саюза М.П.Шмыроў (Бацька Мінай)», 1948, «Бой з танкамі», «Подзвіг Мікалая Гастэлы», абодва 1975; «Партызанская застава», 1978; серыі «Партызаны Беларусі», 1952; «Народ і партызаны», 1972)], гісторыка-рэв. тэматыцы (серыі «Рэвалюцыйны Мінск», 1957; «Забастоўка гомельскіх рабочых», 1978; лісты «Падзел панскай зямлі. 1939 год», «Вясковая бібліятэка», абодва 1968, і інш.), мірнаму жыццю і працы («На Палескай цаліне», 1954; «Спартыўны Мінск», 1970; серыя партрэтаў рабочых МТЗ; 1976—77). Сярод жывапісных работ: «У пошуках сына» (1945), «Беларускі вакзал. Масква. 41-ы год» (1982), «Прывал пад Быхавам» (1985). Аформіў кнігі П.Броўкі, У.Карпава, Я.Коласа, Я.Купалы, Л.Талстога, М.Танка, А.Якімовіча і інш. Ствараў плакаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 29.8.1939, в. Гародна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. графік і жывапісец. Скончыў Харкаўскі маст.-прамысл.ін-т (1971). Сярод ранніх твораў пераважаюць графічныя кампазіцыі, выкананыя ў традыц. жанрах: серыі літаграфіі «Зямля» (1977—79) і пастэлей «Горад майго дзяцінства» (1982). Трагічны лёс вёскі, узаемаадносіны чалавека і навакольнага асяроддзя, пытанні экалогіі ў творах «Чырвоны спрут» (1974), «Рытмы хіміі» (1976), «Вячэра на траве» (1979), «Трывожны сон птушкі» (1981), серыя «Мёртвая вёска» (1991—92). Успаміны аб вайне — у аснове кампазіцый «Памяці партызана» (1975), «Вяртанне. Прысвячаецца бацьку» (1985), стараж. Віцебску прысвечаны серыя «Мой горад» (1981), трыпціх «Сцёртыя рысы твару» (1985), «Стары горад» (1991). У творах 1990-х г. дамінуючае месца занялі ідэі хрысц. маралі, праблемы духоўнасці, клопат аб захаванні спадчыны, увасобленыя ў складаныя метафарычныя вобразы («Памяць», «Шлях да храма», «Прысвячэнне», «Паклон зямлі», «Пераможаны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУЛЬФІЯ́ (сапр.Ісраілава Зульфія; н. 14.3.1915, Ташкент),
узбекская паэтэса. Нар. паэтэса Узбекістана (1965). Герой Сац. Працы (1984). У паэт. зб-ках «Старонкі жыцця» (1932), «Блізкія сэрцу майму» (1958), «Сэрца ў дарозе» (1966), «Спатканне» (1972), «Радкі памяці» (1974; Дзярж. прэмія СССР 1976), «Роздум і пачуцці» (1982) і інш. вострае адчуванне сучаснасці, услаўленне жанчыны-працаўніцы, гуманістычны пафас. Змест кн. «Размова з сяброўкамі» (1953) — асэнсаванне ролі ўзб. жанчыны ў сям’і і ў грамадскім жыцці. Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1970, Міжнар. прэміі імя Дж.Нэру 1968 і «Лотас» 1970. Пераклала на ўзб. мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка, Э.Агняцвет, Е.Лось. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі Э.Агняцвет, Р.Барадулін, А.Вярцінскі, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, В.Іпатава, А.Лойка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПРЫ́НЦЫНГ (англ. imprinting ад imprint пакідаць след, запамінаць),
у біялогіі — працэс фарміравання ў раннім перыядзе развіцця арганізма ўстойлівай індывід. выбіральнасці да знешніх стымулаў, а таксама спец. форма навучання жывёл, фіксацыя ў іх памяці адметных прыкмет аб’ектаў, некат. прыроджаных паводзінскіх актаў. Асновы навук. канцэпцыі І. заклаў у 1930-я г.аўстр. біёлаг К.Лорэнц. Фарміраванне І. магчыма толькі на позніх этапах эмбрыянальнага і на ранніх этапах постэмбрыянальнага развіцця, на працягу фіксаваных крытычных, або адчувальных, перыядаў. Ад звычайных відаў навучання адрозніваецца хуткасцю ўзнікнення і працягласцю дзеяння. Напр., рэакцыя руху ў вывадкавых птушак неабарачальна замацоўваецца (запамінаецца) у першыя дні жыцця. Прыроджаная рэакцыя навучання дазваляе жывёлам рухацца за бацькамі і адзін за адным, «пазнаваць» іх. У птушак і млекакормячых вядома таксама з’ява палавога І. (ідэнтыфікацыя асобінай сваёй відавой прыналежнасці). У псіхалогіі І. называюць утварэнне ўстойлівых слядоў у псіхіцы чалавека пасля аднаразовага перажывання.