«МАШЫ́НА ЧА́СУ»,
расійская рок-група. Створана ў 1979 у Маскве (працавала з 1968). Арганізатар і кіраўнік А.Макарэвіч. Напачатку адчуваўся ўплыў вак. квартэта «Бітлз», пераважалі песні на англ. мове, пазней характар музыкі і прыёмы аранжыроўкі мяняліся ад хард-рока і белага блюза да джаз- і арт-рока, стылістыкі «новай хвалі»; з сярэдзіны 1970-х г. у рэпертуары пераважна рускамоўныя песні. У першым складзе «М.ч.» выступалі: Макарэвіч (гітара, вакал), І.Мазаеў і П.Рубен (бас-гітара), А.Дваноў (рытм-гітара), Ю.Барзоў (ударныя); пазней — А.Зайцаў, М.Капітаноўскі, А.Куцікаў, Я.Маргуліс, П.Падгарадзецкі, В.Яфрэмаў і інш. Сярод грампласцінак з запісамі «М.ч.»: «Паляўнічыя на ўдачу», «Рэкі і масты», «У добры час», «Праз 10 гадоў», «У крузе святла», «Песні пад гітару» (сольны альбом Макарэвіча), «Машыне часу» 20 гадоў»; аўдыёкасеты — «Сонечны востраў», «Чужыя сярод чужых», «Рыбка ў бляшанцы» і інш. Музыка ў выкананні «М.ч.» выкарыстана ў кінафільмах «Душа», «Пачні з пачатку», «Скорасць», «Прарыў», «Без мундзіра», «Рок і фартуна» і інш.
Літ.:
Житинский А. Путешествие рок-дилетанта. Л., 1990.
В.С.Палякова.
т. 10, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1636—32 у Оршы. Засн. Андрэем і Крысцінай Млоцкімі, якія выдзелілі пад кляштар пляц і 6 маргоў зямлі. Мураваныя будынкі касцёла і 2-павярховага жылога корпуса пастаўлены ў 2-й пал. 18 ст. на ахвяраванні жыхароў. Касцёл, пашкоджаны паводкай 1760, пазней заняты пад ваенны склад, у 1817—19 адрамантаваны і вернуты духавенству. Пасля закрыцця кляштара жылы корпус заняты пад шпіталь. Касцёл не ўцалеў.
А.А.Ярашэвіч.
т. 1, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТ-І́НДСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ, Карыбская федэрацыя (Britich Caribbean Federation). Існавала ў 1958—62 у складзе астраўных уладанняў Вялікабрытаніі ў Карыбскім моры. Уваходзілі Ямайка, Трынідад і Табага, Барбадас, Антыгуа, Мантсерат, Сент-Кітс—Невіс—Ангілья, Дамініка, Грэнада, Сент-Люсія, Сент-Вінсент. Была няўдалай спробай Вялікабрытаніі стрымаць у сваіх калоніях уздым нац.-вызв. руху і рост уплыву ЗША у гэтым рэгіёне. У год распаду федэрацыі незалежнасць атрымалі Ямайка, Трынідад і Табага, пазней — Барбадас і інш.
т. 4, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЛАСА́КСЫ,
агульная назва германскіх плямёнаў — англаў, саксаў, ютаў і фрызаў, якія заваявалі ў 5—6 ст. кельцкую Брытанію (гл. Кельты). У 7—10 ст. у працэсе змяшання гэтых плямёнаў склалася англасаксонская народнасць, што ўвабрала і кельцкія элементы. Пазней англасаксы змешваліся з датчанамі і нарвежцамі, якія пасяліліся на ПнУ і У Англіі, і пасля Нармандскага заваявання Англіі 1066 з выхадцамі з Францыі, што стала пачаткам фарміравання англ. народнасці (гл. Англічане).
т. 1, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЕДЭ́ЦІ МІКЕЛА́НДЖЭЛІ ((Benedetti Michelangeli) Артура) (н. 5.1.1920, г. Брэшыя, Італія),
італьянскі піяніст, педагог; адзін з найбуйнейшых піяністаў сучаснасці. Праф. Балонскай і Венецыянскай кансерваторый. Яго выкананне адметнае віртуознай тэхнікай, стрыманай прыгажосцю, бездакорнай падпарадкаванасцю аўтарскаму тэксту. На пачатку творчасці ў рэпертуары пераважала музыка сучасных кампазітараў, пазней — творы фп. класікі. 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе музыкантаў-выканаўцаў (Жэнева, 1939).
Літ.:
Kaiser J. Große Pianisten in unserer Zeit. 3 Aufl. München, 1977.
т. 3, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛІ ІБН АБІ́ ТА́ЛІБ (604 ?, Мекка — 24.1.661),
чацвёрты праведны халіф [656—661], стрыечны брат і зяць прарока Мухамеда, адзін з першых паслядоўнікаў і сакратар прарока; духоўны галава шыітаў. Абвешчаны халіфам у Медыне пасля забойства яго папярэдніка Асмана. У «вярблюджай бітве» пад Басрай (снеж. 656) разбіў асн. сілы праціўніка. У 657 з-за нерашучасці ў барацьбе з сірыйскім намеснікам Муавіяй 12 тыс. воінаў, якія сталі звацца харыджытамі, пакінулі, а пазней забілі Алі.
т. 1, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬБУС (лац. denarius albus белы дэнарый),
высакапробная сярэбраная манета, якая з 2-й пал. 14 ст. выпускалася ў дзяржавах Ніжняга Рэйна, пазней у інш. ням. дзяржавах. Назва ад колеру металу. Першапачатковая агульная маса 3,9 г, чыстага серабра 3,4 г. Да пашырэння талера была асн. грашовай адзінкаю на тэр. Германіі. У канцы 17 ст. стаў разменнай манетай. На слав. землях, у т. л. на Беларусі, вядомы як «белы пенязь».
т. 1, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАМА́ЦЫЯ (ад лац. declamatio практыкаванне ў красамоўстве),
мастацтва выразна чытаць вершы ці прозу. Узнікла ў Стараж. Рыме як частка красамоўніцкага мастацтва. Прынятая ў 17—18 ст. класіцысцкім т-рам прыўзнятая, напеўная, умоўная Д. замянілася ў канцы 18 — пач. 19 ст. жыццёва праўдзівай, індывідуалізаванай мовай, якую ўвёў рамант. і асабліва рэаліст. т-р. Тэрмін Д. ўжываўся для вызначэння канцэртнага чытання вершаў з эстрады (пазней заменены тэрмінам мастацкае чытанне). Разнавіднасць эстраднай Д. — меладэкламацыя.
т. 6, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖБО́Г,
язычніцкае бажаство ўсх. славян, бог сонца і агню; пазней бог земляробства, урадлівасці, дабрабыту. Сын Сварога. У Кіеўскай Русі Д. пакланяліся (яго ідал быў пастаўлены побач з Перуном і інш. багамі на капішчы за церамным дваром у Кіеве). Як сімвалічны вобраз трапляецца ў стараж.-рус. л-ры (першае ўпамінанне ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 980). У «Слове аб палку Ігаравым» Д. выступае як продак і апякун Русі і стараж.-рус. народа.
т. 6, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАЙНІХО́Н СІ»
(«Гісторыя вялікай Японіі»),
калектыўны шматтомны гіст. яп. твор. Складзены ў асноўным у 1657—1720 у княстве Міто па даручэнні кн. Міцукуні Такугава [1628—1700), завершаны ў 1906. Асвятляе паліт. гісторыю Японіі ад старажытнасці да 15 ст. (барацьбу князёў супраць сёгунаў з дынастыі Такугава за вяртанне ўлады імператару). У 1-м выданні змешчаны 243 кнігі (73 тэксты і 170 біяграфій), пазней дапоўнены табліцамі і матэрыяламі (153 кнігі). Неаднаразова перавыдаваўся.
т. 6, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)