«ДАКУМЕ́НТЫ ПА́ПСКІХ НУ́НЦЫЯЎ ПА ГІСТО́РЫІ УКРАІ́НЫ І БЕЛАРУ́СІ»
[«Litterae nuntiorum Apostolicorum (in Polonia, Austria, Venetiis etc.) historiam Ucrainae et Bielarussjae illustrantes», vol 1—13 (1550—1683)],
серыйнае рымскае выданне дакумент. матэрыялаў, складзеных папскімі нунцыямі (пасламі) у Польшчы (з 1569 — Рэчы Паспалітай). Распачаў яго ў 1959 (1-ы том ахоплівае матэрыялы 1550—93) укр. археограф, протаархімандрыт ордэнабазыльян Анастасій (Грыгорый) Вялікі, працягваюць інш. ватыканскія гісторыкі; выйшла 14 тамоў. Большая частка дакументаў на лац. і італьянскай мовах. Змяшчае справаздачы і пасланні нунцыяў у Рым, іх перапіску з царк. дзеячамі і інш. дакументы з Ватыканскага архіва.
З’яўляецца важнай крыніцай для вывучэння гісторыі каталіцкай царквы на землях Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Брэсцкай уніі 1596.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Мікалай Іванавіч) (12.4.1840, с. Вазнясенскае Макар’еўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 20.6.1921),
украінскі гісторык, літаратуразнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1916), акад.АН УССР (1919). Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1865), з 1876 яе прафесар. Аўтар «Нарысаў гісторыі ўкраінскай літаратуры XIX ст.» (1884) і «Нарысаў з гісторыі ўкраінскай літаратуры XVII—XVIII стст.» (1911). Даследаваў праблемы слав. літаратур («Аб уплыве заходнееўрапейскай літаратуры на старажытнарускую», 1872, «Гістарычны погляд на ўзаемныя адносіны паміж сербамі і рускімі ў адукацыі і літаратуры», 1876, «Заходнярускія палемічныя сачыненні» 1894), гісторыі тэатра («Драматычныя сачыненні Георгія Каніскага», 1878, «Стары паўднёварускі тэатр і ў асаблівасці вертэп», 1882), гісторыі царквы («Нарыс гісторыі базыльянскага ордэна», 1870), гісторыі Беларусі («Беларусь і Літва», 1890). Яму належаць працы па археалогіі, этнаграфіі, музейнай справе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
помнік архітэктуры, горадабудаўнічы ансамбль 18—19 ст. у г. Полацк Віцебскай вобл.Засн. ў 1580 П.Скаргам як сярэдняя навуч. ўстанова ордэна езуітаў. На в-ве Зах. Дзвіны былі пастаўлены драўляныя будынкі калегіума. Пасля пажару ў 1-й пал. 17 ст. на новым месцы паміж Верхнім замкам і горадам пабудаваны драўляныя касцёл св. Стафана, будынкі келляў і вучылішча. Пасля пажару ў 1738 на месцы драўлянага ўзведзены мураваны касцёл Звеставання Прасвятой Дзевы Марыі ў стылі барока.
3-нефавая крыжова-купальная базіліка з 2-вежавым (выш. да 60 м) фасадам. Афармленне інтэр’ера завершана ў 1765 (алтар, маст. С.Чаховіч; арганы, майстар Д.А.Каспарыні; карціны італьян. мастака Разаці, пасля 1800). Агульны выгляд касцёла адлюстраваны на малюнку Н.Орды 19 ст.
У 1830 касцёл перададзены праваслаўным, перабудаваны і перайменаваны ў Мікалаеўскі сабор. Перад касцёлам сфарміравалася гал. плошча горада — Полацкая Парадная плошча. У 1749 побач з касцёлам узведзены мураваны 3-павярховы гал. будынак калегіума, які злучыўся з ім.
Е-падобны ў плане будынак гал. падоўжным фасадам быў арыентаваны на Пд, на Зах. Дзвіну. У ім размяшчаліся 105 вучэбных памяшканняў, трапезная, б-ка, музей. Будынак абаграваўся «цёплай» (з хадамі для цяпла) падлогай. У сценах меліся вентыляцыйныя хады, у падвалах — развітая сістэма падземных вадасцёкаў. Захавалася паўд.ч. корпуса і зах. крыло.
У 1778 паралельна будынку касцёла ўзведзены 3-павярховы корпус, у якім размясціліся кнігарня, вучылішча, потым Полацкая друкарня, Полацкі школьны тэатр. З паўн. боку ад касцёла прыбудаваны 2-павярховы Г-падобны ў плане флігель для ксяндзоў, які аб’яднаў касцёл з гал. корпусам. У 1780 пабудаваны 1- і 2-павярховыя карпусы гасп. прызначэння (бровар, медаварня, піваварня, пякарня, кузня, майстэрні і інш.; не захаваліся); яны абмяжоўвалі тэр. калегіума з Пн і З і замыкаліся 2-павярховым будынкам з брамай. Побач размяшчалася аптэка з лабараторыяй і сушыльняй для траў. У 1785 пасля прыезду ў Полацк у якасці генерала ордэнаарх. Г.Грубера пабудаваны корпус, які злучыў 3-павярховы і гал. карпусы. У новым корпусе размяшчаліся карцінная галерэя, музей, абсерваторыя, хім. лабараторыя, вучэбныя кабінеты (не захаваліся). На Пд ад аптэкі пабудаваны 2 флігелі — памяшканні для семінарыстаў і багадзельні. Паўд. схіл узгорка, на якім стаяў гал. корпус калегіума, быў умацаваны падпорнай сцяной (захавалася), на створанай тэрасе разбіты пладовы сад. У 1812 калегіум пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію. З 1822 калегіум займалі манахі ордэна піяраў. З 1835 у будынках калегіума размяшчаўся Полацкі кадэцкі корпус. У 1830—35 рэканструяваны старыя і пабудаваны новыя карпусы: кадэцкі (прыбудаваны да зах. крыла гал. корпуса б. калегіума), дом дырэктара і 5 будынкаў службовага прызначэння (арх. А.Порта, захаваліся часткова). У 1964 сабор разбураны, на яго месцы ўзведзены жылы дом. Рэшткі калегіума ўваходзяць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Т.І.Чарняўская.
Полацкі езуіцкі калегіум. Агульны выгляд касцёла. З малюнка Н.Орды 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМО́ЙЦЬ, Жэмайція, Жмудзь, Самагіція,
гістарычная і этнагр. вобласць на З Літвы. З 1260-х г. у складзе ВКЛ (акрамя прыморскага ўзбярэжжа разам з Клайпедай). На працягу 2-й пал. 13 — пач. 15 ст.вял. князі ВКЛ выкарыстоўвалі Ж. як сродак для вырашэння сваіх знешнепаліт. задач у адносінах з Тэўтонскім ордэнам. Паводле Дубіскіх (1382), Салінскага (1398) і Рацыёнжскага (1404) дагавораў вял. князі ВКЛ Ягайла, а пасля Вітаўт саступалі Ж. Тэўтонскаму ордэну. У выніку паўстанняў 1401 і 1409 Ж. вызвалілася з-пад улады ордэна. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 і Мельнскага дагавора 1422 канчаткова далучана да ВКЛ. У 1411—1795 існавала асобнае Жамойцкае староства. З 1413 пачалося хрышчэнне Ж. з язычніцтва ў каталіцкае веравызнанне. З 1795 у складзе Літоўскай, з 1801 — Віленскай, 1843 — Ковенскай губ.Рас. імперыі, з 1918 у складзе Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІ́СТР (ад лац. magister начальнік, настаўнік),
1) у Стараж. Рыме тытул некаторых службовых асоб (М. конніцы).
2) У Візантыі — высокі прыдворны тытул.
3) У сярэдневяковай Зах. Еўропе — кіраўнік духоўна-рыцарскага каталіцкага ордэна (часцей Вялікі М.); выкладчык т. зв. сямі свабодных мастацтваў (гуманіт. навук).
4) У Расіі 19 — пач. 20 ст. ніжэйшая вучоная ступень.
5) У некаторых краінах вучоная ступень сярэдняя паміж бакалаўрам і доктарам навук. Прысуджаецца асобам, якія скончылі ун-т або прыраўнаваную да яго навуч. ўстанову, маюць ступень бакалаўра, прайшлі дадатковы курс навучання (1—2 гады), здалі спец. экзамены і абаранілі магістэрскую дысертацыю. На Беларусі ўведзена ў 1995 з тэрмінам навучання 1,5—2 гады на базе вышэйшай адукацыі; папярэднічае званню кандыдата навук. Рыхтуюць М. магістратуры пры Нац. ін-це адукацыі, ун-тах і інш.ВНУ універсітэцкага тыпу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСТЫ́РСКІЯ СЯЛЯ́НЕ,
сяляне, якія жылі і працавалі на зямлі, што належала манастыру, былі ўласнасцю пэўнага манаскага ордэна або манастыра. Былі часткай царк. сялян. Уласнасцю манастыроў яны станавіліся ў выніку падараванняў манастырам вял. князямі, магнатамі і шляхтай зямельных надзелаў разам з сялянамі. На Беларусі М.с. з’явіліся, верагодна, у 12 ст. разам з заснаваннем першых правасл. манастыроў. Колькасць М.с. пачала рэзка павялічвацца з 15 ст., калі на тэр.ВКЛ стала адкрывацца шмат каталіцкіх манастыроў, пачаўся рост манастырскіх уладанняў. Адзінай сістэмы падаткаабкладання ў манастырах не існавала. У пэўных выпадках манастыр дапамагаў сялянам умацаваць сваю гаспадарку, але часам адбывалася рэзкае павелічэнне павіннаснага ўціску, каб выправіць цяжкае эканам. становішча манастыра або атрымаць прыбытак. У манастырах, дзе было ўведзена правіла складаць інвентары і ўставы, сяляне звычайна выконвалі толькі вызначаныя ў іх павіннасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́БЕР (Gruber, Grueber) Габрыель (6.5.1740, Вена — 7.4.1805), аўстрыйскі вучоны-энцыклапедыст, мастак, архітэктар. Скончыў Венскі ун-т са ступенню д-ра медыцыны. Выкладаў архітэктуру і гідраўліку ў езуіцкім калегіуме ў Любляне (Славенія), кіраваў буд-вам суднаў у Трыесце (Італія), асушэннем балот у Славеніі. Выкладаў прыродазнаўчыя і матэм. дысцыпліны ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1784). Паводле яго праектаў пры Полацкім калегіуме пабудаваны 3-павярховы будынак для музея (аздоблены фрэскамі Грубера і яго вучняў), б-кі, карціннай галерэі і т-ра; у 1787 адкрыў тут друкарню. З 1800 1-ы рэктар Пецярбургскага, езуіцкага калегіума, з 1802 генерал ордэна езуітаў. У Рас. імперыі аўтар карцін на рэліг. тэмы, партрэтаў, краявідаў Полацка і яго ваколіц, тэатр. дэкарацый, мініяцюр са слановай косці. Пасля смерці Грубера частка яго карцін з Полацка і Пецярбурга перавезена езуітамі ў Джорджтаўн (ЗША), лёс іншых невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМЕЛІ́ТЫ,
манахі каталіцкага жабрацкага ордэна, заснаванага ў 1155 св. Бертольдам у Палесціне. Назва ад гары Кармель, дзе быў першы скіт К. Ордэн зацверджаны папам рымскім у 1247. Манахі павінны былі жыць у асобных келлях, не мець уласнасці, працаваць фізічна, строга захоўваць пасты, быць маўклівымі і г.д. У 13 ст. К. перабраліся на Кіпр, у Сіцылію, Англію і інш. краіны Зах. Еўропы. З канца 14 ст. сталі пашырацца ў Польшчы, адкуль праніклі ў ВКЛ. У 1452 зацверджаны і жаночы ордэн кармелітак. Мужчынскія кляштары К. існавалі ў Ружанах (цяпер Пружанскі р-н; з 1617), Мсціславе (з 1618), Вільні (з 1628), Глыбокім (з 1639), Гродне (з 1676), Мінску (з 1704), Пінску (з 1734), Гудагаі (Астравецкі р-н; з 1764) і інш. У 19 ст. ўсе кармеліцкія кляштары зачынены. У 1990-я г. пачала аднаўляцца дзейнасць К. у Мядзеле і Гудагаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́МБАРАЎСКІЯ ЦЫСТЭРЦЫЯ́НСКІЯ КЛЯ́ШТАРЫ,
мужчынскі і жаночы кляштары каталіцкага манаскага ордэна цыстэрцыянцаў у Кімбараўцы (прыгарад Мазыра, цяпер у межах горада). Мужчынскі кляштар у пач. 18 ст. заснаваны навагрудскім кашталянам А.Аскеркам. У далейшым ахвяраванні на кляштар рабілі інш. прадстаўнікі гэтага роду, каралі Рэчы Паспалітай Аўгуст II і Аўгуст III. У 1825 манахі мелі юрыдыку ў Кімбараўцы, вёскі Навікі і Юхнаўку, 24 валокі зямлі. Пры кляштары працавала школа (у 1819—10 вучняў), у б-цы было 850 тамоў. У 1864 кляштар скасаваны, касцёл пераабсталяваны ў царкву. Жаночы кляштар існаваў у 1744—1888. Засн. па ініцыятыве прыёра мужчынскага кляштара Б.Ражанскага, кн. К.Сапега падараваў 30 тыс. злотых. У 1809 у школе пры кляштары вучылася 28 дзяўчат. Захаваліся будынкі касцёла і частка жылога корпуса.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары. Агульны выгляд касцёла цыстэрцыянак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛЯ́НДСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА, Курляндскае і Земгальскае герцагства,
васальная Рэчы Паспалітай (да 1569 ВКЛ) дзяржава на тэр. Латвіі (гіст. вобласці Курляндыя і Земгале) у 16—18 ст. Сталіца — г. Мітава (цяпер Елгава). Утворана ў 1561—62 пасля распаду Лівонскага ордэна апошнім яго магістрам Г.Кетлерам, які прызнаў сюзерэнітэт вял. князя ВКЛ Жыгімонта III (гл.Жыгімонт II). Да 1737 тут правілі нашчадкі Кетлера, потым — дынастыя Біронаў (гл. таксама Біронаўшчына, Ганна Іванаўна). У 1617—1795 дзярж. лад герцагства вызначалі Курляндскія статуты. Найб. магутнасці дасягнула пры герцагу Якабе [1640—82], калі герцагства мела значны ваен. і гандл. флот, валодала калоніямі ў Вест-Індыі (Табага; 1645—65) і Зах. Афрыцы (Гамбія: 1651—65). Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) далучана да Рас. імперыі, у 1796—1917 яго тэрыторыя ўваходзіла ў Курляндскую губ.
Літ.:
Стродс Х. Курляндский вопрос в XVIII в. Ч. 1—2. Рига, 1993.