АНТЫГЕЛЬМІ́НТЫКІ, антыгельмінтныя сродкі, проціглісныя сродкі,

лекавыя сродкі, якія выкарыстоўваюцца для лячэння гельмінтозаў. Бываюць прыроднага паходжання (цытвора, экстракт мужчынскай папараці) і сінтэтычныя (хлаксіл, дытразін і інш.). Вынішчаюць гельмінтаў, разбураючы покрывы іх цела (фенасал, гептылрэзарцын), або ўздзейнічаюць на нерв.-мышачную сістэму, прыгнечваюць рухальную актыўнасць паразітаў і забяспечваюць выдаленне іх з арганізма (сантанін, дытразін, піперазін, нафтамон і інш.).

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІБРАТЭРАПІ́Я (ад вібра... + тэрапія),

выкарыстанне вібрацыі ў лек. мэтах; адзін з метадаў фізіятэрапіі. Ажыццяўляецца з дапамогай спец. апаратаў, пераважна ў форме вібрацыйнага масажу цела ці асобных яго ўчасткаў пры шэрагу захворванняў перыферычнай нерв. сістэмы, асептычных запаленчых працэсах і інш. Лячэбнае ўздзеянне рэалізуецца праз паляпшэнне кровазвароту, абмену рэчываў, стымуляцыю нейратрафічнай і інш. функцый арганізма.

т. 4, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАТАНІ́Я (ад гіпа... + грэч. tonos напружанне),

паніжэнне тонусу тканак арганізма і артэрыяльнага ціску крыві. Можа развівацца пасля вострых і хранічных інфекц. хвароб, вітаміннай недастатковасці, прафес. шкоднасцей, парушэнняў дзейнасці эндакрыннай і нерв. сістэм, страўнікава-кішачнага тракту. Прыкметы: хуткая стамляльнасць, слабасць, задышка, галавакружэнне. Лячэнне: правільны рэжым працы, адпачынку і харчавання, вітаміны, фізкультура, гармоны, курортатэрапія.

т. 5, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЗУРЫ́Я (ад дыз... + грэч. uron мача),

парушэнне мочаспускання. Звычайна праяўляецца балючасцю ці цяжкасцю вывядзення мачы з мачавога пузыра з прычыны сціскання мочаспускальнага канала гематомай, пухлінай, павялічанай прастатай, пры закупорцы камянямі і інш., а таксама ў выніку функцыян. расстройстваў пры хваробах нерв. сістэмы (спазма і інш.). Іншы раз да Д. адносяць балючыя і частыя мочаспусканні.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСГІДРО́З (ад дыс... + грэч. hidrōs пот + ...оз),

утварэнне на скуры ўнутры эпідэрмальных пухіркоў з прычыны закупоркі праток потавых залоз. Бывае ў людзей з высокай патлівасцю, пасля нерв. стрэсаў, хваляванняў, сполаху; лічыцца таксама праяўленнем алергічнай рэакцыі. Прыкметы: на скуры далоней, бакавых паверхняў пальцаў рук, на падэшве глыбокія празрыстыя пухіры, пякота ці сверб. Лячэнне: супрацьзапаленчая тэрапія.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКТАТЭРМІ́Я (ад лац. inductio навядзенне + грэч. thermē цяпло),

метад электралячэння, пры якім пэўныя ўчасткі цела хворага награваюцца пад уздзеяннем віхравых токаў, індуцыраваных высокачастотным эл.-магнітным полем. Пад уплывам токаў утвараецца цяпло ў месцах іх уздзеяння, паляпшаюцца кровазварот, умовы для рассысання запаленчых ачагоў, нармалізацыі нерв. і мышачных працэсаў, павышаецца абмен рэчываў, зніжаецца боль.

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́СТБАРН (Eastbourne),

горад і прыморскі кліматычны курорт у Вялікабрытаніі. На Пд ад Лондана і У ад Брайтана, на беразе прал. Ла-Манш. Вызначаецца мяккім марскім кліматам, спрыяльным для тэрапіі нерв. расстройстваў. Адзін з першых гарадоў у Вялікабрытаніі, дзе з 19 ст. пачалося эксперым. ландшафтнае буд-ва месца правядзення шматлікіх канферэнцый, у т. л. міжнародных.

т. 7, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫ АФО́Н,

кліматычны курорт у Абхазіі (Грузія), на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Пас. горнага тыпу, ж.-д. станцыя за 18 км на ПнЗ ад г. Сухумі. Засн. ў 1922. Асн. лячэбны фактар — субтрапічны мяккі клімат. Лечаць хваробы нерв., сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў дыхання нетуберкулёзнага характару і інш. Санаторый, пансіянаты, турбазы, лячэбны пляж. Кіпарысавыя алеі. Новаафонская пячора.

т. 11, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РГІЕЎСКІЯ МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

бальнеагразевы курорт у Расіі, за 12 км на Пн ад г. Сергіеўск Самарскай вобл. Адкрыты ў 1833. Асн. прыродныя лек. фактары: мінер. сульфатна-гідракарбанатныя кальцыева-магніевыя воды і сульфідная глеевая гразь. Лечаць захворванні органаў руху і апоры, кровазвароту, нерв. сістэмы, скуры і гінекалагічныя. Санаторый, бальнеа- і гразелячэбніцы, курортная паліклініка.

т. 14, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ХЦЕРАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (1.2.1857, в. Бехцерава Кіраўскай вобл., Расія — 24.12.1927),

расійскі неўрапатолаг, псіхіятр, псіхолаг і нейрафізіёлаг; заснавальнік навук. школы па рэфлексалогіі. Праф. (1893). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1878). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1881. У 1884 працаваў за мяжой у Э.Дзюбуа-Рэймона. З 1885 у Казанскім ун-це, з 1893 у Ваенна-мед. акадэміі, з 1897 у Жаночым мед. ін-це ў Пецярбургу. З 1908 заснавальнік і дырэктар Псіханеўралагічнага ін-та, з 1918 — Ін-та мозга і псіхічнай дзейнасці (цяпер Ін-т мозга імя У.​М.​Бехцерава). Фундаментальныя працы па анатоміі, фізіялогіі і паталогіі нерв. сістэмы. Залажыў асновы вучэння пра рэтыкулярную фармацыю галаўнога і спіннога мозга, стварыў вучэнне пра кампенсаторныя ўласцівасці мозга, упершыню вылучыў шэраг характэрных рэфлексаў, важных для дыягностыкі нерв. хвароб, апісаў шэраг хвароб і метады іх лячэння. Даследаваў лячэбнае выкарыстанне гіпнозу, у т. л. пры алкагалізме.

Літ.:

Мясищев В.Н. В.​М.​Бехтерев — замечательный ученый, врач, педагог, общественный деятель. Киров, 1956.

У.М.Бехцераў.

т. 3, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)