будынак або збудаванне для захоўвання харчовага ці фуражнага збожжа і насеннага зерня. Бываюць напольныя (збожжасклады), засекавыя (бункерныя) і сіласныя. Для загрузкі і выгрузкі збожжа маюць норыі, транспарцёры (стужачныя, вібрацыйныя, шнэкавыя, скрабалкавыя), зернепагрузчыкі, зерняпульты, пнеўматранспарт, самацечныя зернеправоды і інш. Абсталёўваюцца зернеачышчальнымі машынамі, зернесушылкамі, вентылятарамі.
Падлогавыя З. — аднапавярховыя будынкі, звычайна з верхняй і ніжняй галерэямі, з гарыз. або нахіленай падлогай; для адначасовага захоўвання некалькіх розных партый зерня (у адсеках, адгароджаных разборнымі шчытамі). Засекавыя З. — склады, раздзеленыя пастаяннымі перагародкамі на засекі, або склады з бункерамі, якія маюць нахіленыя і конусныя днішчы; для захоўвання некалькіх партый (сартоў) збожжа. Сіласныя З. — ёмістасці выш. 25—30 м, круглыя, прама- або многавугольныя ў плане, з лейкападобнымі днішчамі ў выглядзе конусаў. Найб. дасканалыя з іх — элеватары. З., прызначаныя для захоўвання збожжа і насення насыпам, маюць прыстасаванні для прымусовай аэрацыі (аэраднішчы, аэражолабы і інш.), сіласныя — устаноўкі для аэравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКУРУ́ЗА, маіс (Zea mays),
кветкавая расліна сям. метлюжковых. Радзіма — Цэнтр. і Паўд. Амерыка. Уведзена ў культуру на тэр. сучаснай Мексікі каля 5200 да н.э., у Еўропе — з канца 15 ст. Вырошчваецца ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Паўд. і Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. і Усх. Афрыцы.
Аднагадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом выш. да 6 м. Каранёвая сістэма валасніковістая. Лісце шырокае, лінейна-ланцэтнае, хвалістае па краях. Кветкі аднаполыя. Мужчынскія суквецці — мяцёлкі на верхавінцы сцябла, жаночыя — катахі ў лісцепадобных абгортках у пазухах лісця. Плод — зярняўка. Па будове і марфалогіі насення К. падзяляецца на 9 бат. груп. Зерне, сцёблы, лісце, катахі выкарыстоўваюцца ў вытворчасці прадуктаў і вырабаў (напр., алей, кансервы, крупы, крухмал, кукурузныя шматкі, мёд, мука, папера, пластмаса і інш). Кармавая і харч. расліна.
Літ.:
Грушка Я. Монография о кукурузе: Пер. с чеш. М., 1965;
Шмараев Г.В. Кукуруза: (Филогения, классификация, селекция). М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПА (Tilia),
род кветкавых раслін сям. ліпавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. драбналістая, або сэрцалістая (T. cordata), і каля 30 інтрадукаваных відаў і форм: Л. амерыканская (T. americana), лямцавая, або венгерская, ці серабрыстая (T. tomentosa), еўрапейская (T. europaea), крымская (T. euchlora) і інш. Расце ў шыракалістых, часам хвойна-лісцевых лясах, утварае ліпавыя лясы.
Лістападныя дрэвы з шырокай раскідзістай кронай выш. да 40 м. Жывуць 300—400 гадоў. Кара гладкая, на старых дрэвах патрэсканая. Лісце круглавата-яйцападобнае, чаранковае, зубчастае. Кветкі двухполыя, жаўтаватыя, духмяныя, у шчыткападобных пазушных суквеццях. Плод — арэшак, ядомы. Мяккая драўніна ідзе на выраб муз. інструментаў, фанеры, мэблі, тары. З лубу вырабляюць вяроўкі, рагожы. З насення атрымліваюць харч. алей (нагадвае міндальны або персікавы). Высушаныя кветкі (ліпавы цвет) патагонны і гарачкапаніжальны сродак. Ліпавы мёд (ліпіца) — адзін з лепшых. Лясныя, лесамеліярац., глебаахоўныя, глебапаляпшальныя, дэкар., лубяныя, меданосныя, перганосныя, лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТАЗЕ́ЛЛЕ, пустазельныя расліны,
расліны, рост якіх на пэўных участках непажаданы. Пагаршае ўмовы росту і развіцця культ. раслін, зніжае іх ураджай, перашкаджае рабоце с.-г. машын, спрыяе пашырэнню шкоднікаў. Паводле месца росту П. падзяляецца на раллёвае (сегетальнае), смеццевае (рудэральнае) і П. прыродных угоддзяў.
Для П. характэрны высокая пладавітасць (напр., 1 расліна палыну звычайнага дае да 10,5 млн.насення), непатрабавальнасць да глебава-клімат. умоў. Многія пустазельныя расліны (васілёк сіні, куколь) па-за межамі аграбіяцэнозаў не трапляюцца. На палях, моцна засмечаных П. недабор зерня з 1 га дасягае 0,2—0,3 т, бульбы 2—5 т, агародніны 1,5—4 т, таксама ў прадукцыі памяншаецца колькасць бялкоў, цукру, крухмалу.
На Беларусі каля 300 відаў П., найб. пашыраныя з аднагадовага П. — лебяда белая, свінакроп палявы, брыца звычайная, пупок палявы, рэдзька дзікая, зоркаўка сярэдняя; са шматгадовага П. — пырнік паўзучы, шчаўе конскае, асот палявы, бярозка палявая, хвошч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРО́ЗІС (ад грэч. heteroiōsis змена, ператварэнне),
«гібрыдная сіла»; паскарэнне росту, павелічэнне памераў, павышэнне жыццяўстойлівасці і пладавітасці гібрыдаў першага пакалення ў параўнанні з бацькоўскімі формамі раслін або жывёл. У другім і наступных пакаленнях гетэрозіс звычайна затухае. Тэрмін «гетэрозіс» прапанаваў Дж.Шэл у 1914. Існуюць тэорыі гетэрозісу: дамінавання, або звышдамінавання (гетэразігота пераважае гомазіготу), узаемадзеяння дамінантных спрыяльных генаў — генетычны (генны, храмасомны) баланс. Гетэрозіс шырока выкарыстоўваюць як прыём павышэння ўраджайнасці с.-г. раслін і прадукцыйнасці свойскіх жывёл, напр. у жывёлагадоўлі пры міжвідавых, міжпародных і ўнутрыпародных скрыжаваннях, у птушкагадоўлі — для атрымання бройлераў, у раслінаводстве — гібрыднага насення кукурузы, жыта, памідораў, цыбулі, гуркоў і інш.
Адрозніваюць гетэрозіс натуральны — перавагу гібрыда па якой-небудзь прыкмеце над лепшым з бацькоў і гетэрозіс гіпатэтычны — перавагу гібрыда над сярэдняй велічынёй, характэрнай для абодвух бацькоў. У раслін гетэрозіс падзяляюць на рэпрадукцыйны (найб. развіццё рэпрадукцыйных органаў, павышаная здольнасць да размнажэння, ураджайнасць і інш.), саматычны (магутнае развіццё вегетатыўных частак раслін) і адаптыўны (павышэнне прыстасаванасці гібрыдных асобін да ўмоў асяроддзя, іх канкурэнтаздольнасці ў барацьбе за існаванне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕ́ННЕ (semen),
орган палавога размнажэння і рассялення раслін. Развіваецца з семязачатку (семязавязі) у завязі кветкавых раслін і знаходзіцца ў плодзе або адкрыта на мегаспарафіле ў голанасенных раслін. Часам развіваецца без апладнення (апаміксіс). Тыповае Н. мае: покрыва (скурка), утворанае 1—2 інтэгументамі, зародак, эндасперм і (або) перысперм.
Часам утвараецца некалькі зародкаў — поліэмбрыянія (напр., голанасенныя, складанакветныя). Сфарміраваны зародак мае зародкавы карэньчык, гіпакотыль, семядолі (семядолю), пупышачку. У некат. раслін канчатковае фарміраванне элементаў зародка адбываецца пасля стратыфікацыі насення або ў працэсе прарастання. Крыніца харчавання зародка — эндасперм, які ў адных відаў (напр., у бабовых) цалкам паглынаецца зародкам пры развіцці, у інш. (напр., у злакаў) — захоўваецца. Паверхня Н. часам мае розныя вырасты, што спрыяюць распаўсюджванню раслін. Покрывы захоўваюць змесціва Н. ў стане спачыну ад святла, высыхання і інш. Памеры і маса Н. ад 0,002 мг (некат. архідэі) да 20 кг (сейшэльская пальма). Паяўленне Н. ў эвалюцыі раслін спрыяла іх прыстасаванню да розных экалагічных умоў і пашырэнню ў раслінным покрыве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІ́ЛАЎ (Мікалай Іванавіч) (25.11.1887, Масква — 26.1.1943),
савецкі біёлаг, генетык, заснавальнік вучэнняў пра біял. асновы селекцыі і цэнтры паходжання культурных раслін. Акад.АНСССР (1929; чл.-кар. 1923). Акад. УАСГНІЛ (1929). Акад.АН Украіны (1929). Брат С.І.Вавілава. Скончыў Маскоўскі с.-г.ін-т (1911). Працаваў пад кіраўніцтвам Дз.М.Пранішнікава. З 1929 прэзідэнт, у 1935—40 віцэ-прэзідэнт УАСГНІЛ. З 1930 адначасова дырэктар Ін-та генетыкі АНСССР. Абгрунтаваў вучэнне пра імунітэт раслін (1919), адкрыў закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці арганізмаў (1920). Арганізатар і кіраўнік экспедыцый па вывучэнні сусв. раслінных рэсурсаў (1920—40). Вызначыў ачагі формаўтварэння культ. раслін. Сабраў найб. ў свеце калекцыю насеннякульт. раслін, заклаў асновы дзяржсортавыпрабавання палявых культур. Прэмія імя У.І.Леніна (1926), залаты медаль імя М.М.Пржавальскага АНСССР (1925). У 1968 АНСССР устаноўлены залаты медаль яго імя ў галіне сельскай гаспадаркі. У 1940 рэпрэсіраваны, памёр у турме (Саратаў), рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАЎЛЕ́ННЕ ЛЕ́СУ,
адбываецца пад полагам дрэвастою, на высечках, гарах і інш. участках, якія раней былі пад лесам. Бывае прыроднае, штучнае і камбінаванае. Прыроднае аднаўленне лесу — біял. самааднаўленне лесу самасевам, пнёвымі і каранёвымі парасткамі. Працякае больш эфектыўна, калі на высечках пакідаюць пэўную колькасць насенных дрэў, лесасекі ачышчаюць ад рэшткаў драўніны, а глебу на іх пэўным чынам апрацоўваюць. Фіз.-геагр. асяроддзе для прыроднага насеннага аднаўлення лесу больш спрыяльнае ў лясной зоне, асабліва ў тайзе, дзе менш падлеску і травяністай расліннасці; горш працякае ў лесастэпавай, стэпавай, паўпустыннай зонах і прытундравай падзоне. Часта пры прыродным аднаўленні лесу адбываецца змена парод і ўтварэнне т.зв. вытворных лясоў: бярэзнікаў, алешнікаў, грабнякоў, асіннікаў і да т.п. Штучнае аднаўленне лесу — пасевы насення, пасадка сеянцаў, саджанцаў, сцябловых і каранёвых чаранкоў. Праводзяць на ўчастках, дзе прыроднае аднаўленне лесу не дае добрых вынікаў. На тэр. Беларусі яно арыентавана пераважна на вырошчванне хвоі, елкі, дубу, лістоўніцы і інш. (у лясах дзярж. фонду штогод праводзіцца на пл. каля 34 тыс.га). Камбінаванае (мяшанае), спалучае прыроднае і штучнае аднаўленне лесу на адной і той жа плошчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЦЫЛЯ́ЦЫІ, флуктуацыі,
ваганне колькасці і прадукцыйнасці папуляцыі. Графічна паказваюцца ў выглядзе хвалепадобнай крывой. Падзяляюцца на рэлаксацыйныя (трыгерныя), спалучаныя, цыклічныя, асцыляцыі колькасці. Асцыляцыі рэлаксацыйныя (трыгерныя) — ваганні росту шчыльнасці папуляцый, пры якіх адбываецца поўны абмен энергіяй (павольнае падняцце і рэзкае апусканне крывой). Надыходзяць пасля экспаненцыяльнага росту шчыльнасці папуляцый да верхняй асімптоты пры раптоўным спыненні росту і зніжэнні шчыльнасці папуляцый, напрыклад, папуляцый аднаклетачных водарасцяў, аднагадовых раслін, некаторых насякомых і, магчыма, лемінгаў у тундры. Асцыляцыі спалучаныя — ваганне колькасці папуляцый, пры якіх цыклічныя змены шчыльнасці папуляцый абодвух відаў, што ўзаемадзейнічаюць, звязаны паміж сабой; напрыклад папуляцыі драпежніка і ахвяры; прадукцыя насення ў хваёвых лясах і колькасць птушак і інш. жывёл, якія імі кормяцца. Асцыляцыі цыклічныя — рэгулярныя ваганні колькасці папуляцый, напрыклад колькасць зайца-беляка, рысі, каўнерыкавага рабчыка, цецерука і інш. Асцыляцыі колькасці — ваганне колькасці папуляцый адносна сярэдняй велічыні з пакалення ў пакаленне. Для прыродных папуляцый характэрныя асцыляцыі сезонныя — змены колькасці папуляцый у залежнасці ад фактараў асяроддзя, і асцыляцыі гадавыя, абумоўленыя знешнімі фіз. фактарамі асяроддзя і звязаныя са зменай унутраных фактараў самой папуляцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРО́ВІЧ (Мікалай Дзмітрыевіч) (25.7.1903, в. Енцы Кармянскага р-на Гомельскай вобл. — 27.12.1984),
бел. вучоны ў галіне дэндралогіі. Акад.АН Беларусі (1956), д-рбіял.н. (1955), праф. (1956). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1931). З 1937 вучоны сакратар, заг. ад дзела Цэнтр.бат. сада, з 1940 заг. аддзела, нам. дырэктара, в.а. дырэктара Ін-та біялогіі АН Беларусі. З 1956 акад.-сакратар Аддзялення біял. навук і заг. аддзела Ін-та эксперым. батанікі АН Беларусі, з 1969 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. З 1973 навук. кансультант, з 1975 заг. лабараторыі Ін-та эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па інтрадукцыі і акліматызацыі дрэвавых раслін. Даследаваў марфалогію і біял. асаблівасці насення і пладоў, распрацаваў тэорыю і практыку раянавання тэр. Беларусі з мэтай інтрадукцыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Акклиматизация древесных растений в зеленом строительстве и лесном хозяйстве Белорусской ССР. Мн., 1950;
Интродуиированные деревья и кустарники в Белорусской ССР. Вып. 1—3. Мн., 1959—61 (у сааўт.);
Интродукционные районы и древесные растения для зеленого строительства в Белорусской ССР;