ГЕАФІЗІКА
Геафізічныя даследаванні на Беларусі пачаліся ў 1928, калі былі праведзены магнітная і маятнікавая гравіметрычныя здымкі (Я.У.Сіротрын, А.А.Строна і інш.). У 1937—41 Украінскі геал. трэст (І.А.Балабушэвіч, У.С.Завістоўскі) і Цэнтр. н.-д. геал. ін-т Мін-ва нафтавай прам-сці СССР (М.С.Закашанскі) праводзілі на ПдУ Беларусі гравія-, магнітна- і сейсмаразведачныя работы; устанавілі глыбіню залягання крышт. фундаменту і працяг на тэр. Беларусі Дняпроўска-Данецкай упадзіны; вылучылі Шацілкаўскую і Ельскую дэпрэсіі, Мазырскае і Давыдаўска-Каранёўскае падняцці. Як навука геафізіка развіваецца з 1947 у Ін-це геал. навук АН Беларусі, дзе яго дырэктар А.М.Аўксенцьеў стварыў навук. геафізічную групу (з 1957 лабараторыя; Б.В.Бандарэнка, А.Ц.Данабедаў, С.І.Рынг, Ж.П.Хацько). У 1951 створана карта магнітных анамалій тэр. Беларусі.
У 1963 геафіз. лабараторыя пераўтворана ў аддзел геафізікі (узначаліў Б.В.Бандарэнка), з 1970 у складзе Бел. н.-д. геолагаразведачнага ін-та (распрацоўваў праблемы прыкладной геафізікі); і сектар фізікі Зямлі (узначаліў Ж.П.Хацько) у складзе Лабараторыі геахім. праблем, на базе якой і Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі ў 1971 створаны Ін-т геахіміі і геафізікі АН Беларусі (з 1993 Ін-т геал. навук Нац. АН Беларусі), які вывучаў праблемы фундаментальнай геафізікі.
У 1970—80-я г. ў Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це пад кіраўніцтвам Б.В.Бандарэнкі ў нафтавай геафізіцы ўдасканальваліся метады карціравання міжсалявых і падсалявых адкладаў Прыпяцкага прагіну і звязаных з імі зон выкліньвання і стратыграфічнай нязгоднасці; распрацоўваліся сейсмічныя метады пошукаў і разведкі газанафтавых пастак (С.В.Клушын і інш.). У выніку развілася сейсмічная стратыграфія (К.І.Левашоў і інш.), даследуюцца літафізічныя ўласцівасці пластоў у газанафтавых свідравінах (Н.З.Заляеў, В.В.Масюкоў). У руднай геафізіцы (Г.Дз.Агафонаў і інш.) вывучаюцца пераходныя працэсы электрамагнітнага поля, магчымасці метадаў частковага здабывання металаў, падмагнічвання на жалезарудных аб’ектах. Укаранёны ядзерна-геафіз. метады даследавання свідравін (А.Ш.Хайбулін і інш.), распрацаваны матэматычныя метады комплекснай інтэрпрэтацыі геафіз. палёў і геал. прагназіравання (Г.І.Каратаеў і інш.). У 1978 створана універсальная аўтаматызаваная сістэма «Прыпяць» для прагнозу нафтагазаноснасці і руданоснасці і вырашэння задач структурнай, руднай, рэгіянальнай геалогіі і геафізікі. У Геафіз. экспедыцыі РУП «Белгеалогія» С.В.Галабокаў удасканаліў гэту сістэму і прыстасаваў да сучасных камп’ютэраў. З 1987 камп’ютэрная апрацоўка сейсмічных даных вядзецца пад кіраўніцтвам Р.В.Тадзеева.
Даследаванні ў галіне фундаментальнай геафізікі пачалі праводзіцца з 1957 у Ін-це геал. навук АН Беларусі (Я.Р.Есіповіч, С.І.Рынг). У Валожыне створана станцыя зямных токаў, якая ўдзельнічала ў праграме Міжнар. геафіз. года (1.7.1957—31.12.1958). У 1960 па ініцыятыве І.А.Балабушэвіча, Б.В.Бандарэнкі і Ж.П.Хацько створана Плешчаніцкая геафіз. абсерваторыя, дзе вядуцца бесперапынныя сейсмічныя і геамагнітныя назіранні. З 1971 пачаты сейсмалагічныя назіранні ў раёне воз. Нарач, дзе пабудавана абсерваторыя «Нарач». Паводле Праекта верхняй мантыі ў 1963—71 вывучаліся змены электраправоднасці зямной кары і верхняй мантыі з глыбінёй. З 1961 такія даследаванні ажыццяўляліся магнітатэлурычнымі метадамі ў Плешчаніцкай абсерваторыі (Ю.М.Кузняцоў, Ж.П.Хацько) сумесна з Ін-там фізікі Зямлі АН СССР (Н.У.Ліпская) пад кіраўніцтвам А.М.Ціханава (Ін-т матэматыкі АН СССР).
У 1978 у Ін-це геахіміі і геафізікі АН Беларусі створана Доследна-метадычная сейсмічная партыя пад кіраўніцтвам А.П.Емяльянава, якая праводзіла сейсмічнае раянаванне зах. часткі Усх.-Еўрапейскай платформы па матэрыялах гіст. землетрасенняў (А.М.Бабарыкін і інш.) і па інстр. назіраннях на сейсмічных станцыях (у 2001 партыя пераўтворана ў Цэнтр геафіз. маніторынгу Нац. АН Беларусі, які ўзначальвае А.Г.Аронаў). Пад кіраўніцтвам Р.Г.Гарэцкага створана карта сейсмічнага раянавання тэр. захаду Усх.-Еўрапейскай платформы.
З 1987 на тэр. Беларусі і Прыбалтыкі праводзяцца глыбінныя сейсмічныя і магнітатэлурычныя зандзіраванні для вывучэння будовы зямной кары і мантыі. Створаны Беларуска-Прыбалтыйскі геадынамічны палігон, на якім даследуюцца анамаліі векавога ходу гравітацыйнага і магнітнага палёў, абумоўленыя працэсамі ў тэктанасферы. Фундаментальныя геафіз. даследаванні накіраваны таксама на высвятленне праблем экалагічнай геафізікі (уздзеянне геафіз. палёў на жыццядзейнасць чалавека, уплыў гаспадарчай дзейнасці на геафіз. палі і інш.).
Літ.:
Геофизические методы поисков и разведки нефти и газа в Припятской впадине. Мн., 1970;
Хотько Ж.П., Кузнецов Ю.Н. Геофизическая обсерватория Плещеницы (Минск). Мн., 1993;
Тектоносфера Беларуси: Глубинное строение и закономерности размещения полез. ископаемых. Мн., 2001;
Геофизические поля и динамика тектоносферы Беларуси. Мн., 2002.
Г.І.Каратаеў.
т. 18, кн. 2, с. 557