МЕ́ЛАС (грэч. melos),

1) у Стараж. Грэцыі — напеў, мелодыя. У муз.-тэарэт. трактатах М. разумелі як уласна муз. бок песні (у адрозненне ад вершаў і танц. руху). Складаецца з гукаў, інтэрвалаў і працягласцей. М. называлі таксама лірычны верш, прызначаны для спеваў.

2) Абагульненае паняцце меладычнага, песеннага пачатку ў музыцы. Першакрыніцы М. — цякучасць, працягласць, энергія і сіла меладычнай плыні. У рас. музыказнаўстве канцэпцыю М. абгрунтаваў Б.Асаф’еў.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІНТЭ́Т (італьян. quintetto ад лац. quintus пяты),

1) ансамбль з 5 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Інстр. К. можа складацца з аднародных або разнародных інструментаў. Пашыраны К. смыковы (смыковы квартэт і 2-я віяланчэль або 2-і альт), фп. (смыковы квартэт і фп.), духавых інструментаў (квартэт драўляных духавых і валторна).

2) Муз. твор для 5 інструментаў або пеўчых галасоў. Інстр. К. як жанр камернай музыкі склаўся ў творчасці І.​Гайдна і В.​А.​Моцарта. Звычайна пішацца ў санатнай цыклічнай форме. У музыцы 19—20 ст. значна пашыраны фп. К., для якога характэрна кантрастнае супастаўленне тэмбраў фп. і стр. смыковых інструментаў. У сусв. муз. класіку ўвайшлі фп. квінтэты Ф.​Шуберта, Р.​Шумана, І.​Брамса, С.​Франка, С.​Танеева, Дз.​Шастаковіча. У бел. музыцы пачынальнік жанру М.​Аладаў (2 К., 1-ы ў 1925). Фп. К. пісалі таксама П.​Падкавыраў, У.​Чараднічэнка. К. для інш. складаў стварылі У.​Дамарацкі («Партыта» для К. медных духавых), У.​Каральчук (К. для 2 труб, валторны, трамбона і тубы), А.​Літвіноўскі (п’еса для стр. К. «U1»). Вакальныя К. звычайна ўваходзяць у оперы.

Р.​М.​Аладава.

т. 8, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́СТАВАНГАРД (ад пост... + авангард),

неаавангард, у музыцы ўмоўная назва розных плыней сучаснага зах.-еўрапейскага муз. мастацтва, для якіх характэрна адмаўленне ад эстэт. установак авангарда. Тэрмін зацвердзіўся ў канцы 1960-х г. Выявіўся ў змешванні розных стыляў (гл. Полістылістыка), тэхнік пісьма ў адным творы (напр., «Атмасферы» Дз.Лігеці). Разрыў паміж пераўскладненай авангарднай музыкай і ўспрыманнем яе публікай прывёў да ўзнікнення музыкі мінімалістаў з культам прастаты, звароту да традыц. музыкі ўсх. культур з іх запаволеным успрыманнем часу. Для П. характэрны пошук новых уласцівасцей гуку (у галіне санорыкі, мікрахраматыкі, электроннай музыкі), панаванне т.зв. афармальнай музыкі: «адкрытых» твораў, ці якія «развіваюцца» (усе віды алеаторыкі, «момантавая музыка», «жывая электронная музыка», «музыка дзеяння» і інш., у якіх муз. твор прадстаўлены не як вынік творчай дзейнасці, а як працэс). Яскравыя вынаходніцтвы П. — формульная, мультыформульная і суперформульная кампазіцыі. Рысы П. найб. уласцівы творчасці кампазітараў Л.Берыо, Г.​Генцэ, К.Штокгаўзена, П.Булеза, Л.​Нона. У бел. музыцы П. у чыстым выглядзе не знайшоў увасаблення, пэўныя яго прыёмы выкарыстоўваюць А.​Сонін («Прысвячэнне Сапфо»), Дз.​Смольскі («Актафонія») і інш.

Літ.:

Соколов А.С. Музыкальная композиция XX в.: Диалектика творчества. М., 1992.

В.​С.​Клакоцкая.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДЖАЛІ́НІ ((Angiolini) Даменіка Марыа Гаспара) (9.2.1731, Фларэнцыя — 5.2.1803),

італьянскі балетмайстар, артыст, лібрэтыст і кампазітар. Адзін з заснавальнікаў дзейснага балета. Падзяляў балетныя жанры на 4 групы: гратэск, камічны, паўхарактарны і высокі. Важнейшае месца ў балеце адводзіў музыцы. На аснове камедый Мальера стварыў новае для муз. т-ра відовішча. Працаваў у Італіі, Германіі, Аўстрыі, у 1766—86 (з перапынкамі) у Пецярбургу і Маскве. Паставіў шэраг балетаў, у т. л. на ўласную музыку.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́НА, Алена Прыгожая,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка Зеўса і Леды, жонка цара Спарты Менелая, якая лічылася надзвычайнай прыгажуняй. Паводле міфаў, сын траянскага цара Прыяма Парыс з дапамогай Афрадыты выкраў Алену, што стала зачэпкай Траянскай вайны. Міф пра Алену — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, фрэскі, карціны Я.​Тынтарэта, Ж.​Л.​Давіда), л-ры (Гамер, Эўрыпід, І.​В.​Гётэ), музыцы (К.​В.​Глюк, К.​Сен-Санс, Р.​Штраус) і інш.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЛІЦЭ́Й МАСТА́ЦТВА.

Створаны ў 1962 у Мінску як рэспубліканская школа-інтэрнат па музыцы і выяўл. мастацтве, з 1991 — ліцэй. Мае аддзяленні: музычнае (фартэпіяна, аркестравае, харавое дырыжыраванне; тэрмін навучання 12 гадоў — 1—12-ы класы) і выяўл. мастацтва (жывапіс, скульптура і дэкар.-прыкладное мастацтва; тэрмін навучання 7 гадоў — 5—12-ы класы). Пасля заканчэння выпускнікі атрымліваюць дыплом выкладчыка ў пач. класах агульнаадук. школ і ў студыях.

Н.​В.​Шаранговіч.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗО́РКІ»,

дзіцячы часопіс. Выдаваўся з лютага 1921 да чэрв. 1922 штомесячна ў Мінску на бел. мове. Рэдактар З.​Бядуля. Публікаваў маст. творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Бядулі, Я.​Журбы, М.​Чарота і інш., матэрыялы пра жывёльны і раслінны свет, па мастацтве і музыцы. У рубрыцы «Для маленькіх дзетак» змяшчаў пазнавальныя матэрыялы (апісанне гульняў, загадкі, песні з нотамі і інш.), у рубрыцы «Дзіцячая творчасць» — вершы, малюнкі, карэспандэнцыі чытачоў. Выйшла 10 нумароў.

т. 7, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎТО́Н у музыцы,

найменшы інтэрвал 12-ступеннага тэмпераванага муз. строя; ​1/12 частка актавы. П. паміж 2 суседнімі ступенямі гукарада (мі—фа, соль—ля-бемоль, соль—фа-дыез) наз. дыятанічным (інтэрвал малая секунда), паміж асн. ступенню гукарада і яе павышэннем (рэ—рэ-дыез) ці паніжэннем (рэ—рэ-бемоль) — храматычным (інтэрвал павялічаная ці паменшаная прыма). Усе паўтонавыя інтэрвалы энгарманічна роўныя. Гл. таксама Дыятоніка, Лад, Тэмперацыя, Храматызм, Энгарманізм.

Т.​А.​Дубкова.

т. 12, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кампазіцыямузыцы і літаратуры) 4/430; 5/312—313; 10/157

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКА́ЛЬНА-СІМФАНІ́ЧНАЯ ПАЭ́МА,

буйны музычны твор (часцей адначасткавы), звязаны з літаратурным тэкстам. Прызначаны пераважна для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра. Узаемадзеянне музыкі са словам абумоўлівае яе праграмнасць (гл. Праграмная музыка), характэрную тэндэнцыю да ўзаемадзеяння розных формаў і жанраў. Ад кантаты і араторыі адрозніваюцца большай цэласнасцю (значнай роляй скразнога сімф. развіцця, выкарыстаннем прынцыпаў монатэматызму і інш.). У некаторых з іх выкарыстоўваюцца прынцыпы тэатралізацыі, элементы сцэн. дзеяння. Вытокі вакальна-сімфанічнай паэмы ў прынцыпах паэмнага сімфанізму Ф.​Ліста (гл. Сімфанічная паэма). У рус. музыцы 19—20 ст. вядомыя вак.-сімф. паэмы «Званы» С.​Рахманінава, «Паэма памяці С.​Ясеніна» Г.​Свірыдава і інш. Пачатак бел. вакальна-сімфанічнай паэмы паклалі М.​Аладаў («Над ракой Арэсай», 1933), Багатыроў («Паэма-казка пра Мядзведзіху», 1937). Да гэтага жанру ў бел. музыцы належаць «Буравеснік» Я.​Цікоцкага (1944), «Попел» С.​Картэса (1966), «Два твары зямлі» Дз.​Смольскага (1969), «Вечна жывыя» (1959) і «Героям Брэста» (1975) Г.​Вагнера, «Янка Купала» В.​Помазава (1983). Сярод вакальна-сімфанічных паэм 1980—90-х г. — «Радуйся, Францыск Скарына» Э.​Наско, «Зямля» Э.​Казачкова, «Памяці маці» У.​Кур’яна, «Настальгія» Г.​Ермачэнкава і інш.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)