старажытнарускі летапісны збор 14 ст. Перапісаны з больш даўняга спіса манахам Лаўрэнціем (адсюль назва), магчыма, у Ніжнім Ноўгарадзе або Уладзіміры. Збярогся ў пергаментным рукапісе 1377. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» (самы дасканалы тэкст) і летапісу 12—13 ст., прысвечанага гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Апошнія запісы датаваны 1305. Змяшчае таксама «Павучанне Уладзіміра Манамаха» (пад 1096), паданне пра Рагнеду Рагвалодаўну (пад. 1128), агіяграфічную аповесць «Жыццё Аляксандра Неўскага» (пад 1263). Данёс каштоўныя звесткі па гісторыі Русі і асобных яе зямель (Кіеўскай, Наўгародскай, Полацкай, Уладзіміра-Суздальскай), пра дзейнасць стараж.-рус. князёў, у т. л.Усяслава Брачыславіча, па гісторыі культуры і мастацтва ўсх. славян. Як літ. твор уяўляе сабой збор датаваных гіст. апавяданняў і дзелавых запісаў, размешчаных у храналагічнай паслядоўнасці, аб’яднаных агульнай тэмай (гісторыя Русі), спосабам летапіснага адлюстравання мінулага і пагадовай формай выкладу. Упершыню апубл. ў 1846 у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 1). Зберагаецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Літ.:
Лурье Я.С. Общерусские летописи XIV—XV вв. Л., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́ЧНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,
харчовыя прадукты з малака пераважна с.-г. жывёл. Падзяляюцца на натуральнамалочныя прадукты (пітное малако рознай тлустасці, абястлушчанае — адгон, бялковае, вітамінізаванае, адтопленае і інш.; вяршкі, кісламалочныя прадукты), масла (салодка- і кісласметанковае, топленае і інш.), сыры (сычужныя і кісламалочныя), малочныя кансервы (згушчаныя і сухія малако і вяршкі, сухія кісламалочныя прадукты, прэпараты для дзіцячага харчавання і інш.), марожанае, пабочныя прадукты вытв-сці сыру, тварагу (сыроватка) і масла (маслёнка). Атрымліваюць шляхам пастэрызацыі, сепарацыі, стэрылізацыі, збівання, кіпячэння, ператоплівання, згушчэння, сушкі, аднаўлення з малочных кансерваў, зброджвання з дапамогай дражджавых грыбкоў і малочнакіслых бактэрый, уздзеяння сычужным ферментам, унясення напаўняльнікаў (напр., цукру, вітамінаў, садавіны, спецый, араматызатараў) і інш. Маюць лёгказасваяльныя і каштоўныя для арганізма пажыўныя і біялагічна актыўныя рэчывы: бялкі (у т. л.казеін), тлушчы, вугляводы, мінер. солі (асабліва кальцый і фосфар), арган. к-ты, фасфатыды (у т. л. лецыцін), ферменты, вітаміны і інш. Больш стойкія пры захоўванні, чым малако. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці кандытарскіх вырабаў, хлебапячэнні, для выкормлівання маладняку с.-г. жывёл. Многія М.п. — дыетычныя прадукты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́МІЯ,
высахлы труп чалавека або жывёлы, які натуральным (пры спрыяльных умовах) ці штучным спосабам захаваўся ад гніення. Самы стараж. спосаб муміфікацыі зафіксаваны сярод рыбакоў племя чынчорас, што жылі на ўзбярэжжы Ціхага ак. паміж Іла (Перу) і Антафагастай (Чылі) больш за 6 тыс.г. назад. З 3-га тыс. да н.э. практыка стварэння М. бальзаміраваннем пашырылася ў Стараж. Егіпце, дзе целы нябожчыкаў апрацоўвалі пераважна прыроднай соллю (натронам), а шырокія льняныя палосы, якімі абгортвалі М., прамочвалі камеддзю і смоламі. Лічылася, што захаванне цела — адна з гал. умоў захавання душы. Пахаванні з М. звычайна маюць багаты пахавальны інвентар і даюць каштоўныя матэрыялы аб культуры, мастацтве, рэлігіі і побыце стараж. грамадстваў. Муміфікацыя была пашырана ў краінах Лац. Амерыкі і на Канарскіх а-вах. На Алтаі ў час раскопак Пазырыкскіх курганоў 5—4 ст. да н.э. знойдзены М. У шматлікіх хрысц. цэрквах захоўваюцца натуральныя М., т.зв. мошчы святых.
І.М.Язэпенка.
Галава муміі фараона Рамсеса II (1317—1251 да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРК КУЛЬТУ́РЫ І АДПАЧЫ́НКУ,
від парку ў населеным месцы, прызначаны для правядзення масавых культ.-асв., фізкультурна-аздараўленчых, спарт., забаўляльных і інш. мерапрыемстваў, для адпачынку насельніцтва. Уваходзіць у сістэму азеляненнянас. месцаў і ствараецца з улікам патрабаванняў зялёнага будаўніцтва.
Пры стварэнні такіх паркаў выкарыстоўваюць паркавыя масівы, у т. л.каштоўныя старадаўнія паркі, улічваюць іх наведвальнасць і ўмяшчальнасць, памеры і прызначэнне збудаванняў на іх, вылучаюць сектары культ.-асв. работы, спарт.-фізкультурных мерапрыемстваў, відовішчна-масавы, дзіцячы, ціхага адпачынку, адм.-гаспадарчы. Арганізуюць пры парках танц. і спарт. школы, тэатр. і муз. калектывы, праводзяць канцэрты, конкурсы, дыскатэкі, гульні, атракцыёны, нар. гулянні і інш. Для абслугоўвання наведвальнікаў ствараецца сетка пунктаў інфармацыі, харчавання, зацішкаў ад непагадзі. Зялёныя насаджэнні звычайна займаюць 70—75% плошчы парку.
На Беларусі першыя такія паркі арганізаваны ў 1930-я г. ў Рэчыцы, Слуцку, Оршы, найб. па плошчы паркі ў Мінску, абл. гарадах, а таксама ў Светлагорску, Кобрыне, Наваполацку, Калінкавічах, Бабруйску, Маладзечне, Баранавічах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЕ́ЖНЫ СРО́ДАК,
плацежныя дакументы (плацежныя даручэнні, плацежныя запатрабаванні, разліковыя чэкі і інш.), акрэдытывы, грошы, каштоўныя паперы, пры дапамозе якіх ажыццяўляюцца плацяжы. Плацежнае даручэнне — разліковы дакумент, які змяшчае даручэнне плацельшчыка банку аб пералічэнні (пераводзе) сродкаў з яго рахунку на рахунак атрымальніка. Пры дапамозе даручэнняў ажыццяўляюцца разлікі за атрыманыя тавары і аказаныя паслугі (выкананыя работы), разлікі па нетаварных аперацыях і інш.Плацежнае запатрабаванне — разліковы дакумент, які выкарыстоўваецца таксама пры безнаяўных разліках, калі атрымальнік сродкаў прадстаўляе ў банк патрабаванне да плацельшчыка аб уплаце выплаце* пэўнай сумы праз банк за таварна-матэрыяльныя каштоўнасці (работы, паслугі). Да запатрабавання можа дадавацца рахунак-фактура для расшыфроўкі характару патрабавання і сумы плацяжу. Разліковы чэк — пісьмовае распараджэнне ўладальніка разліковага або бягучага рахунку (чэкадаўца) банку аб уплаце выплаце* ў парадку безнаяўнага разліку пэўнай сумы грошай чэкатрымальніку. Бываюць неакцэптаваныя банкам і акцэптаваныя (сума чэка спісваецца банкам з рахунка чэкадаўца і дэпаніруецца на асобым рахунку для забеспячэння аплаты чэка), лімітаваныя (з указаннем пэўнай сумы сродкаў) і нелімітаваныя (без ліміту сродкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТЧ (Васіль Фёдаравіч) (28.10.1816—14.1.1870),
ваенны дзеяч, гісторык. Ген.-маёр (1860). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1837), дзе пазней выкладаў. З 1860 загадваў палігоннымі заняткамі артылерыі Асобнага гвардз. корпуса. З 1864 пам.нач. артылерыі Віленскай ваен. акругі; па даручэнні М.М.Мураўёва складаў «Звесткі пра польскі мяцеж 1863 г. ў Паўночна-Заходняй Расіі». Меў доступ да ўсіх сакрэтных следчых матэрыялаў і мог сам распытваць вязняў. У 1869 выйшаў у адстаўку і праца засталася незавершанай. У 1867—68 надрукаваны «Уводзіны» і 2 першыя тамы. Праца напісана ў афіцыёзным духу, змяшчала каштоўныя матэрыялы пра рэв. светапогляд і паліт. праграму К.Каліноўскага. Архіў Р., у т. л. неапублікаваныя фрагменты «Звестак...», захоўваецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Тв.:
Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т 1—2. Вильна, 1867—68;
З «Сведений» В.Ф.Ратча // Каліноўскі К. За нашую вольнасць: Тв., дак. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕТРАПАДО́БНЫЯ (Acipenseriformes),
атрад храстковых рыб. Вядомы з ніжняй юры, сучасныя прадстаўнікі — з верхняга мелу. 2 сям.: асятровыя (Acipenseridae) і весланосыя (Polycdontidea). 25 відаў у Паўн. паўшар’і. У рэках Беларусі вельмі рэдка трапляецца сцерлядзь, раней на нераст заходзілі асетр балтыйскі і асетр рускі, рабіліся спробы вырошчвання гібрыда сцерлядзі і бялугі — бесцера.
Даўж. ад 27 см да 9 м, маса да 2 т (бялуга). На целе 5 радоў рамбічных касцяных пласцінак (жучак) або скура голая. Хваставы плаўнік неаднолькава лопасцевы (гетэрацэркальны), аснова верхняй лопасці ўкрыта ганоіднай рамбічнай луской. Рыла выцягнутае, з вусікамі. Рот высоўны, ніжні, без зубоў. Аснова восевага шкілета — пруткая хорда (целаў у пазванкоў няма). Унутраны шкілет храстковы, на галаве скураныя косці. Прамяні шчэлепнай перапонкі адсутнічаюць. У сэрцы ёсць артэрыяльны конус, у кішэчніку — спіральны клапан. Каштоўныяпрамысл. рыбы. У нізоўях вял. рэк, дзе жывуць асетрападобныя, дзейнічаюць рыбагадавальнікі, якія штогод выпускаюць у вадаёмы малявак рыб. Некаторыя віды занесены ў Чырв. кнігі МСАП, інш. краін, сцерлядзь — у Чырв. кнігу Беларусі.
Да арт.Асетрападобныя: асетр рускі (зверху); асетр балтыйскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧЫ́СТКА СЦЁКАВЫХ ВО́ДАЎ,
выдаленне забруджвальных рэчываў, якія ёсць у сцёкавых водах і могуць неспрыяльна паўплываць на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе. Праводзіцца ў спец.ачышчальных збудаваннях пры падрыхтоўцы сцёкавых водаў да скідвання ў прыродныя вадаёмы або для паўторнага выкарыстання ў паўторнапаслядоўных сістэмах водакарыстання ці сістэмах зваротнага водакарыстання. Існуюць метады механічнай, фіз.-хім., біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў.
Пры механічнай ачыстцы нерастваральныя дамешкі выдаляюцца працэджваннем, адстойваннем, фільтраваннем, флатацыяй з дапамогай тлустых спіртоў, сернакіслага алюмінію або хлорнага жалеза, цэнтрабежнай сепарацыяй і інш. Пры фізіка-хімічнай ачыстцы выкарыстоўваюць: рэагентную каагуляцыю і працэс адгезіі (прыліпанне дамешкаў да паверхні інертных матэрыялаў); нейтралізацыю кіслот і шчолачаў вапнай; экстракцыю арган. растваральнікамі (бензол, бутылацэтат і інш.); перагонку з сухой парай (для выдалення фенолаў); сорбцыю праз актываваны вугаль; фільтрацыю праз іонаабменныя матэрыялы; апрацоўку хлорам (эл.-хім. акісленне); мокрае спальванне (для выдалення арган. рэчываў). Выдаленыя са сцёкавых водаў забруджвальныя рэчывы ў шэрагу выпадкаў — каштоўныя для нар. гаспадаркі прадукты, якія здабываюць з дапамогай спец.тэхнал. установак (гл.Утылізацыя забруджвальнікаў).
Літ.:
Технические записки по проблемам воды: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1983;
Очистка производственных сточных вод. 2 изд М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЛЕ́ТАПІС, Dzieje miasta Witebska, Аверкі і Панцырнага летапіс,
помнік гар. летапісання Беларусі 18 ст. на польск. мове. Завершаны ў 1768 жыхаром Віцебска С.Аверкам на аснове летапісу М.Панцырнага (звесткі датаваны 896—1709), кароткіх гіст. запісаў Чарноўскіх (1601—33) і Г.Аверкі (1733—57), матэрыялаў, сабраных аўтарам. Твор кампіляцыйны, кампазіцыйна рыхлы, яго часткі не аб’яднаны ў цэласны звод. Складаецца пераважна з кароткіх сухіх пагадовых запісаў-паведамленняў, размешчаных хаатычна. Звесткі па рус., польскай, сусветнай і літоўска-бел. гісторыі запазычаны пераважна з польскіх хронік і хранографаў, маюць шэраг недакладнасцей. Найб.каштоўныя арыгінальныя звесткі па гісторыі Беларусі і Віцебска, асабліва пра ваен.-паліт. падзеі канца 17 — пач. 18 ст. У канцы летапісу змешчаны спісы членаў віцебскага магістрата 1597, віцебскіх ваявод за 1516—1753 і інш.гіст.-дакументальныя матэрыялы. Упершыню апублікаваны А.П.Сапуновым у «Віцебскай даўніне» (т. 1, 1883) у перакладзе на рус. мову. Рукапіс захоўваецца ў Рас.нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу.
Публ.:
Полное собрание русских летописей. М., 1975. Т. 32. С. 193—205.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НКАЎСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ,
аперацыі, што ажыццяўляюць банкі пры выкананні сваіх функцый. Бываюць пасіўныя (па фарміраванні рэсурсаў банка), актыўныя (па размяшчэнні гэтых рэсурсаў) і пасрэдніцкія (камісійныя).
Найб. пашыраныя з банкаўскіх аперацый: дэпазітныя (па залучэнні грашовых сродкаў ва ўклады ў банк ці пераводзе наяўных сродкаў банка ва ўклады ў інш. банках), крэдытныя (па прадастаўленні крэдыторам пазыкі пазычальніку), разліковыя (паслугі па разліках, пераводах па даручэнні кліента, афармленні плацежных дакументаў, выпісак з рахункаў і інш.), валютныя (па афармленні здзелак з валютнымі каштоўнасцямі), эмісійна-касавыя (звязаныя з выпускам грошай, каштоўных папераў, арганізацыяй іх абарачэння, выдачай і прыёмам наяўных грошай), фондавыя (аперацыі з каштоўнымі паперамі), факторынгавыя (па набыцці грашовых запатрабаванняў, перадачы права банку на спагнанне даўгоў з плацельшчыка), траставыя, ці даверныя (па распараджэнні маёмасцю або грашовымі сродкамі кліента паводле яго даручэння), інвестыцыйныя (па доўгачасовым крэдытаванні прадпрыемстваў і насельніцтва, укладванні сродкаў у каштоўныя паперы, удзел у інвестыцыйнай дзейнасці юрыдычных асоб у ролі інвестараў, укладчыкаў, крэдытораў), лізінгавыя (калі банк выступае арэндадаўцам ці пасрэднікам паміж арэндадаўцам і арандатарам, крэдытуе лізінгадаўцу і выступае гарантам здзелкі), залогавыя (па крэдытаванні пад залог рухомай і нерухомай маёмасці, каштоўных папераў), міжбанкаўскія (аперацыі на дагаворнай аснове паміж банкамі).