ПЛУТАНІ́ЗМ (ад грэч. Pluton Плутон, бог падземнага царства),
геалагічная канцэпцыя канца 18 — пач. 19 ст. пра вядучую ролю ўнутраных сіл у геал. гісторыі Зямлі. Надаваў гал. значэнне дзеянню эндагенных працэсаў (асабліва глыбіннаму магматызму і вулканізму) у фарміраванні і пераўтварэнні парод зямной кары. Канцэпцыя распрацавана шатл. геолагам Дж.Гетанам («Тэорыя Зямлі», 1795). Развіццё П. адбывалася ў супрацьпастаўленні нептунізму. Уяўленне пра ўтварэнне асадкавых горных парод было памылковым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЭ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944—45,
контрнаступленне ням. армій у раёне Ардэнаў (Бельгія) 16.12.1944—28.1.1945 з мэтай разграміць амер.-англ. войскі і дасягнуць пералому ў 2-й сусв. вайне на карысць Германіі. 16 снеж.ням. 6-я танк. армія СС і 5-я танк. армія, аб’яднаныя ў групу армій «Б» (фельдмаршал В.Модэль) пачалі наступленне ў раёне «Зігфрыда лініі». 4 амер. дывізіі, якія абараняліся на фронце працягласцю ў 115 км, панеслі вял. страты і адступілі. Да канцаснеж.ням. войскі пашырылі прарыў да 90 км і прасунуліся да 100 км углыб. Саюзнае камандаванне перакінула да месца прарыву буйныя сілы войскаў і авіяцыі. У выніку паспяховага контрудару 3-й амер. арміі наступленне герм. войскаў было прыпынена, аднак становішча саюзнікаў заставалася напружаным. 12 студз. па іх просьбе сав. войскі пачалі (на 8 дзён раней запланаванага тэрміну) Вісла-Одэрскую аперацыю 1945. Ням. камандаванне вымушана было адмовіцца ад наступлення на захадзе і перакінуць 7 дывізій на сав.-герм. фронт. Да канцастудз. саюзнікі аднавілі становішча на Зах. фронце. Іх страты ў гэтай аперацыі склалі каля 77 тыс.чал., страты ням. войскаў — каля 93 тыс.чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Данбас,
на тэр. Днепрапятроўскай, Данецкай, Луганскай абласцей Украіны і Растоўскай вобл. Расіі; адна з важнейшых паліўна-энергет. баз Еўропы. Пл. каля 60 тыс.км² (выцягнуты на 650 км у шыротным напрамку, пры макс.шыр. 200 км). Ахоплівае слабаўзвышаную стэпавую раўніну паміж р. Северскі Данец і Азоўскім м. У цэнтр.ч. басейна размешчаны Данецкі краж. Данбас складзены пераважна з асадкавых парод палеазою, мезазою і кайназою, якія залягаюць на крышт. пародах дакембрыйскага фундамента. Пласты і праслоі вуглёў характэрны для ўсяго разрэзу каменнавугальных адкладаў. Агульныя запасы вугалю да глыб. 1800 м — 140,8 млрд.т.
Звесткі пра каменны вугаль у Данбасе вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Сістэматычныя даследаванні з 1820-х г., прамысл. асваенне з канца 19 ст. Сярэдняя магутнасць рабочых пластоў 0,6—1,2 м. Колькасць пластоў у вугляноснай тоўшчы да 300. Вуглі каменныя (антрацыты, газавыя, каксавальныя, бедныя). Цеплыня згарання 21,2—26,1 МДж/кг. Здабыча вядзецца на глыб. 400—800 м, некат. шахты маюць глыб. 1 км і больш. Асн. цэнтры здабычы — гарады Данецк, Макееўка, Горлаўка, Лісічанск, Краматорск, Шахты, Паўлаград і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМІЛЯ́РНАЯ СФЕ́РА (ад лац. armilla бранзалет, кольца),
старадаўні астранамічны інструмент для вызначэння экватарыяльных або экліптычных каардынатаў нябесных свяціл. Вядомы з 3 ст. да н.э., выкарыстоўваўся да канца 16 ст. Складаецца з некалькіх метал. кольцаў з дзяленнямі, якія маюць дыёптры і могуць паварочвацца вакол свайго цэнтр. пункта. З’яўляецца мадэллю нябеснай сферы з яе найважнейшымі пунктамі і кругамі: полюсамі і воссю свету, мерыдыянам, гарызонтам, нябесным экватарам і экліптыкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАФІ́ТЫ (ад антрапа... + ...фіт(ы)], расліны, якія не звязаны з прыродным развіццём мясц. флоры (у адрозненне ад апафітаў) і ўвайшлі ў яе ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Падзяляюцца на археафіты (віды, якія трапілі ў флору да канца 15 ст.) і кенафіты (ад пач. 16 ст. і да цяперашняга часу). Да археафітаў належыць большасць пустазелля, да кенафітаў — адвентыўныя расліны і інтрадукаваныя расліны. У флоры Беларусі антрапафітаў больш за 400 відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДА́ШАЎ (Павел Мікалаевіч) (4.12.1865 — пасля 1923),
расійскі гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1889). Праф. Юр’еўскага (з 1901), Кіеўскага (з 1903) і Сімферопальскага (з 1921) ун-таў. З 1923 выкладаў у Віцебскім пед. ін-це. Гал. праца «Правінцыяльная адміністрацыя ў Францыі ў апошнюю пару старога парадку 1774—89. Правінцыяльныя інтэнданты» (т. 1—3, 1900—06) змяшчае нявыдадзеную адм. перапіску, якая асвятляе парадкі ў Францыі напярэдадні рэвалюцыі канца 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМУЛЕ́Н ((Desmoulins) Каміль) (2.3.1760, Гіз, каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 5.4.1794),
дзеяч франц. рэвалюцыі канца 18 ст., адвакат і журналіст. Напярэдадні паўстання 14.7.1789 заклікаў народ да ўзбр. барацьбы супраць манархіі. Рэдагаваў шэраг дэмакр. газет. У Канвенце выступаў супраць жырандыстаў, прыхільнік Ж.Ж.Дантона. У канцы 1793 — пач. 1794 выдаваў час. «Le Vieux Cordelier» («Стары кардэльер»), у якім патрабаваў адмены закону аб максімуме, змякчэння рэв. тэрору, крытыкаваў палітыку М.Рабесп’ера. Паводле рашэння рэв. трыбунала гільяцінаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУХМІ́СТАР,
пасада ў Польскім каралеўстве і ВКЛ (з канца 15 ст.). Першапачаткова К. загадваў прыдворнай кухняй і кухарамі. Ва ўрачыстых выпадках (элекцыя, прыём паслоў і інш.) асісціраваў за сталом каралю, вял. князю, распавядаючы пра стравы, што падаваліся. Намінальна кіраваў стольнікам, падстолім, крайчым, чашнікам, падчашым і піўнічым. Да 17 ст. пасада К. ператварылася ў дыгнітарскую, намінальную. У Рэчы Паспалітай да 1795 існавалі асобныя К. ВКЛ і Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАЎПАРАДКАВА́ННЕ,
сістэма мерапрыемстваў па арганізацыі ляснога фонду і рацыянальным лесакарыстанні, На Беларусі пачата ў 1921. Уключае: арганізацыю тэрыторый лесагасп. прадпрыемства; вызначэнне лясных рэсурсаў, катэгорый ахоўных лясоў; праектаванне лесагасп., лесааднаўленчых, лесамеліярац. і інш. работ. Праводзіцца Бел. лесаўпарадкавальным ВА «Белдзяржлес» кожныя 10 гадоў (у 1945—96—5 разоў). З канца 1990-х г. — т.зв. бесперапыннае Л. (змяненні ў стане ляснога фонду фіксуюцца штогод). Адначасова з Л. могуць весціся глебава-тыпалагічныя абследаванні і паляўніцтваўпарадкаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЙЦАР (ням. Kreuzer),
дробная нямецкая манета ў 15—19 ст. Выраб яе з серабра пачаўся ў Аўстрыі ў 1458—60. З 16 ст. К. — білонная манета, з 18 ст. — медная. На працягу 16 ст. чаканка К. пашырылася на Пд і часткова на Пн Германіі. У абарачэнні да канца 19 ст. У Рэчы Паспалітай ў 1615—18 для гандлю з Сілезіяй выпускалі трайны К., т. зв. «бём» (ад ням. Böhm грош).