АМАТАРСКАЯ МАСТАЦКАЯ ТВОРЧАСЦЬ

Аматарская мастацкая творчасць з’яўляецца састаўной часткай духоўнай культуры грамадства, якая спрыяе яе ўзбагачэнню і дэмакратызацыі, фарміраванню сістэмы вытворчасці і распаўсюджванню маст.-эстэт. каштоўнасцей.

Маст. творчая дзейнасць народа ўключае ў сябе розныя віды і жанры аматарскай маст. дзейнасці. Паводле асн. жанравых кірункаў адрозніваюць калектывы тэатральныя (драматычны, муз., лялечны т-р, т-р паэзіі, пантамімы, мініяцюр і інш.), вакальна-харавыя (хор, ансамбль з акадэмічнай, нар. і эстраднай манерай выканання і інш.), харэаграфічныя (нар., класічны, бальны, эстрадны танец і інш.), муз.-інструментальныя (аркестры, ансамблі нар. інструментаў, духавой, эстраднай, джазавай музыкі і інш.), дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага кірункаў (студыі жывапісу, лоза- і саломапляцення, керамікі, вышыўкі, ткацтва, фларыстыкі, апрацоўкі дрэва, скуры і інш.), фальклорныя, цыркавыя, фота-, слайд-, кіна-, відэастудыі, аматарскія аб’яднанні і інш.

Развіццю аматарскай маст. творчасці на Беларусі папярэднічалі культурна-асветныя арганізацыі «Пралеткульта» (1917). Тагачасная аматарская маст. творчасць набыла масавы і арганізаваны характар; агульнае кіраўніцтва ажыццяўлялася праз Наркамасветы Галоўпалітасветы БССР. У 1926—27 на Беларусі існавалі хаты-чытальні, чырвоныя куткі, нар. дамы, пры якіх ствараліся тэатр., харавыя, муз. гурткі. У 1930-я г. для актывізацыі дзейнасці аматарскіх калектываў створаны дамы нар. творчасці, з 1939 дзейнічаюць абл. дамы нар. творчасці, праводзяцца рэсп. алімпіяды і агляды. Развіццю аматарскіх калектываў розных жанраў спрыяла правядзенне усебел. алімпіяд рабоча-калгаснай маст. самадзейнасці (1935, 1936—37, 1938, 1939), алімпіяд чырвонаармейскай маст. самадзейнасці (1935), дзіцячай творчасці (1940), аглядаў самадзейнасці калгасаў, саўгасаў і МТС (1939). Павышэнню маст.-эстэт. ўзроўню выканальніцкага майстэрства садзейнічала правядзенне Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940) і Усесаюзнага агляду маст. самадзейнасці (1940—41). Развіццю аматарскай творчасці садзейнічалі вядомыя дзеячы прафес. мастацтва, у т. л. Е.​Міровіч, У.​Галубок, Р.​Шырма, Г.​Цітовіч. У Вял. Айч. вайну існавалі франтавыя ансамблі і агітбрыгады, партыз. маст. самадзейнасць. Развіццё аматарскай творчасці пасля вайны пашырылася. У 1945 працавалі 2148 гурткоў (35,4 тыс. ўдзельнікаў), праводзіліся раённыя, абл. і рэсп. агляды маст. самадзейнасці. З сярэдзіны 1950-х г. рэгулярна праводзіліся агляды самадз. маст. творчасці. Мэтанакіравана праводзіліся агляды-конкурсы маст. творчасці: у 1949 — чыгуначнікаў і прамкааперацыі, у 1950 — драм. калектываў Мінска; у 1951 — навук. устаноў, прац. рэзерваў, прамысл. кааперацыі, рабочых, служачых і сельскай самадзейнасці; у 1953, 1960 — прамысл. кааперацыі, у 1963 — прадпрыемстваў мясц. прамысловасці.

У 1960 існавала 12,6 тыс. гурткоў аматарскай маст. творчасці ў клубных установах Міністэрства культуры БССР і сістэмы прафсаюзаў (191 тыс. чал.); з 1960 паявіліся самадз. цыркавыя калектывы. Лепшым калектывам аматарскай маст. творчасці надаецца ганаровае найменне «народны» (з 1960), дзіцячым — «узорны» (з 1978). Развіццю аматарскага мастацтва, росту майстэрства калектываў і асобных выканаўцаў садзейнічалі 3-я рэсп. дэкада нар. творчасці (1965), рэсп. фестывалі тэатр. самадз. мастацтва. У 1980-я г. амаль удвая вырасла колькасць гурткоў аматарскай маст. творчасці (у 1985—34,5 тыс. калектываў, 507 тыс. чал.). Усесаюзны агляд самадз. маст. творчасці 1983—85 вылучыў 227 маст. калектываў Беларусі, якія сталі яго лаўрэатамі.

З 1990-х г. у сучаснай аматарскай творчасці назіраецца зварот да этнарэгіянальных традыцый і звычаяў бел. і інш. народаў Беларусі, што садзейнічае перадачы з пакалення ў пакаленне ўстойлівых форм нац. культуры (мовы, традыцый, абрадаў, звычаяў, этнічнай самасвядомасці і інш.). Значная колькасць аматарскіх калектываў належыць клубным установам сістэмы Міністэрства культуры Беларусі (у 2004—18 044 калектывы, у т. л. 15 248 у вёсках), установам культуры клубнага тыпу інш. ведамстваў, якія з’яўляюцца цэнтрамі развіцця аматарскай творчасці і сац.-культ. ініцыятыў, а таксама ўстановам культуры сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (каля 1500) і навуч. установам краіны. Найменні «народны» і «ўзорны» нададзены больш як 1600 аматарскім калектывам, у т. л. ва ўстановах клубнага тыпу сістэмы Міністэрства культуры Беларусі функцыянуе каля 1090 такіх аматарскіх калектываў, з іх 187 на вёсцы (на канец 2002 каля 260 маст. калектываў сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і 230 аматарскіх фарміраванняў сістэмы Міністэрства адукацыі маюць ганаровыя найменні). Сваю дзейнасць калектывы аматарскай маст. творчасці ажыццяўляюць на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных устаноў культуры, вышэйшых, сярэдніх спец., сярэдніх навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, вайск. часцей, прадпрыемстваў розных форм уласнасці, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. Ствараюцца па ініцыятыве грамадзян, грамадскіх аб’яднанняў, устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў, дзярж. органаў, а таксама органаў грамадскага самакіравання.

З мэтай стымулявання аматарскай маст. творчасці і далучэння да маст.-эстэт. каштоўнасцей розных груп насельніцтва праводзяцца святы, канцэрты, конкурсы, агляды і інш. сац.-культ. акцыі. Важным у стымуляванні і развіцці аматарскай творчасці з’яўляюцца міжнар., рэсп. і рэгіянальныя фестывалі. Гал. аглядам стану аматарскай творчасці з’явіўся Першы фестываль нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня» (1997—1998), у мерапрыемствах якога прынялі ўдзел больш за 30 тыс. калектываў розных ведамстваў (500 тыс. чалавек), з якіх лаўрэатамі фестывалю сталі 95 калектываў і 55 выканаўцаў, 47 нар. майстроў.

Дасягненні аматарскай творчасці дэманструюцца на абл. і рэсп. аглядах, алімпіядах, конкурсах, выстаўках, фестывалях, дэкадах: міжнар. фестывалі нар. музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» і юных талентаў «Зямля пад белымі крыламі» і «Сожскі карагод», рэсп. фестывалі духавой музыкі «Беларускія фанфары», фалькл. мастацтва «Берагіня», тэатр. мастацтва «Тэатральныя скрыжаванні», усебел. фестывалі нар. гумару «Аўцюкі», міжнар. харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод», нац. культур, у якім прымаюць удзел маст. калектывы і выканаўцы розных жанраў аматарскай творчасці і інш.

Дзейнасць аматарскіх калектываў рэгулюецца Законам «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь», «Палажэннем аб самадзейным калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь», «Палажэннем аб народным (узорным) самадзейным калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь» (абодва 1999), пастановай «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь» (аб парадку надання звання, 2001). Агульнае інфармацыйна-метадычнае кіраўніцтва аматарскай маст. творчасцю забяспечваюць абл. навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці, раённыя арганізац.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асветнай работы. Бел. ін-т праблем культуры і Бел. ун-т культуры і мастацтваў праводзяць спец. даследаванні па праблемах бытавання розных відаў і жанраў аматарскай творчасці, даследуюць яе ўнутрыжанравую праблематыку і пытанні арганізацыі канцэртна-творчай дзейнасці, падрыхтоўку кадраў і інфармацыйна-метадычнай падтрымкі аматарскай маст. творчасці, распрацоўкі фестывальных тэхналогій і праблемы рэпертуару.

А.​А.​Макарава.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва развіваецца ва ўмовах традыц. нар. творчасці або акад. мастацтва ў працэсах спантаннай творчай актыўнасці чалавека ці арганізаванага грамадска-культ. руху. З 1910-х г. на Беларусі ствараліся гурткі і студыі пры заводах і фабрыках, установах, ваенных часцях, што паўплывала на агітацыйна-прапагандысцкую накіраванасць твораў. З 1920-х г. ствараліся студыі выяўл. мастацтва ў Мінску, Гомелі, Оршы, Полацку, Гарадку. З відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў 1920—30-я г. развіваліся пераважна разьба па дрэве, аплікацыя саломкай, размалёўка, вышыўка, лозапляценне, кераміка. Рэгулярна праводзіліся выстаўкі твораў. У гады Вял. Айч. вайны мастакі-аматары ўдзельнічалі ў афармленні падп. перыядычных выданняў. Пасля вайны арганізацыяй самадзейных майстроў займаліся дамы нар. творчасці, з 1960-х г. — дамы маст. самадзейнасці. Рэгулярныя выстаўкі дэманстравалі разнастайнасць тэматыкі і новыя творчыя пошукі. У 1970-я г. аматарскае мастацтва дасягнула даволі высокага ўзроўню ў галіне жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў творчасці І.​Абраўца, Т.​Агафоненкі, В.​Альшэўскага, В.​Аляксеенкі, Л.​Галаенкі, Ф.​Генкіна, П.​Гольцава, Ф.​Дудо, М.​Ерафеева, М.​Засінца, І.​Кішкурна, М.​Корабава, Г.​Ганчаронка, С.​Какшынскага, А.​Пупко, В.​Гаўрылюк, Дз.​Цубера, Г.​Асіпковай, Дз.​Крупені, М.​Міхеенкі, Ф.​Сухавілы, С.​Шаўрова, Б.​Тарасенкі, С.​Быка, Л.​Трахалёвай, К.​Арцёменкі і інш., творы якіх экспанаваліся не толькі на Радзіме, але і за яе межамі. Вялікае пашырэнне мелі студыі фотамастацтва. З пач. 1990-х г. пачала фарміравацца сетка новых тыпаў устаноў культуры, дзейнасць якіх накіравана на захаванне і засваенне розных відаў традыцыйнай культуры. Сярод іх вылучаюцца аднапрофільныя ўстановы — дамы (цэнтры) рамёстваў і школы нар. творчасці. Асн. мэта іх існавання — падтрымка і стварэнне ўмоў для натуральнага існавання рамесніцкіх традыцый, адраджэнне унікальных тэхналогій, вытв-сць вырабаў паводле мясц. узораў. Функцыянуе (2003) больш за 60 дамоў (цэнтраў) рамёстваў, у т. л. больш за 20 у Віцебскай вобл., якія акрамя практычнай выканаўча-творчай дзейнасці праводзяць навукова-даследчую, пошукавую (этнаграфічныя экспедыцыі), прапагандысцка-асветную (лекцыі, экскурсіі) работу. Калектывы аматарскай маст. творчасці ажыццяўляюць сваю дзейнасць на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных дамоў культуры, навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, вайск. часцей, прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. У кожнай вобласці Беларусі дамы рамёстваў працуюць па асабістых кірунках і праграмах, але адзіным і гал. з’яўляецца далучэнне моладзі да вывучэння нац. культ. спадчыны. Пад уздзеяннем сродкаў масавай інфармацыі развіваюцца віды аматарскай дзейнасці, звязаныя з сучаснай тэхнікай, камп’ютэрам. Пашырыліся студыі жывапісу, лоза- і саломапляцення, керамікі, вышыўкі і ткацтва, фларыстыкі, фотамастацтва, апрацоўкі дрэва і скуры і інш.

А.​А.​Макарава, Р.​Ф.​Шаура.

Музычная творчасць. Уключае розныя віды і жанры аматарскай муз. дзейнасці: дзіцячую, сямейную, студэнцкую самадзейнасць, аматарскія калектывы і асобных выканаўцаў, аб’яднанні і гурткі па захапленнях і інш. Бярэ пачатак у быт. і абрадавых карагодах і гульнях, калядных, валачобных, скамарохавых, батлеечных, вясельных і інш. выступленнях гуртоў, якія рыхтаваліся загадзя. Формы муз. самадз. мастацтва з’явіліся ў 19 ст. ў гар. асяроддзі, пазней — і на вёсцы. Пашыралася аматарскае музіцыраванне, ставіліся муз. спектаклі, у т. л. вадэвілі, муз. камедыі (С.​Манюшкі і інш.) і інш. З 2-й пал. 19 ст. яно набыло арганізаваныя формы (хары настаўніцкіх семінарый, муз. т-вы), этапам у яго развіцці сталі Бел. вечарынкі (з 1905). У 1930-я г. для актывізацыі дзейнасці калектываў ствараліся дамы нар. творчасці (з 1937 рэсп., з 1939 абл.), праводзіліся рэсп. алімпіяды і агляды. У гады Вял. Айч. вайны існавалі франтавыя і партызанскія ансамблі і агітбрыгады. У пасляваенны перыяд разам з ансамблямі песні і танца, харамі, з’явіліся аркестры, інстр. ансамблі, оперныя студыі. Метадычную і практычную дапамогу ім аказвалі дамы нар. творчасці (з 1979 навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы), рэсп. (1968) і абл. дамы самадзейнасці (з 1978 дамы аматарскай творчасці). У 1980-я г. амаль удвая павялічылася колькасць калектываў у параўнанні з 1960, іх колькасць у 1985 дасягнула 34,5 тыс. калектываў (507 тыс. чал.). Па выніках Усесаюзнага агляду самадз. маст. творчасці 1983 лаўрэатамі яго сталі 85 227 маст. калектываў Беларусі.

З 1990-х г. у аматарскай муз. творчасці назіраецца зварот да этнарэгіянальных традыцый і звычаяў бел. і інш. народаў Беларусі, да здабыткаў акад. відаў і жанраў муз. мастацтва; характэрны ўплывы і сродкаў масавай інфармацыі (пераважна тэлебачання), пашыраюцца віды аматарскай дзейнасці, звязаныя з сучаснай тэхнікай, у т. л. камп’ютэрам (рок-музыка, дыска-клубы, камп’ютэрная графіка); адчувальныя ўплывы шоу-бізнесу і індустрыі масавага муз. забаўляння, што забяспечвае ёй шматмернасць, шматузроўневасць, дынамізм, з адначасовым уплывам гіст., этнарэгіянальных, эстэт., сац.-псіхалагічных, эканам. і інш. фактараў. Дынаміка развіцця розных відаў і жанраў аматарскай муз. творчасці адбываецца неаднолькава і абумоўлена рэгіянальнымі (гар. і вясковая культура) асаблівасцямі.

Дзейнічаюць аматарскія муз. калектывы на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных устаноў культуры, вышэйшых, сярэдніх спец. і навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, вайсковых часцей, прадпрыемстваў розных форм уласнасці, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. Для іх характэрна жанравая разнастайнасць аб’яднанняў (клубы самадз. песні, класічнай музыкі, нар. песні, самадз. кампазітараў і паэтаў, арт- і джаз-клубы і інш.), якія ажыццяўляюць культ.-творчую і канцэртна-відовішчную дзейнасць.

Лепшыя аматарскія муз. калектывы адзначаюцца ганаровым найменнем «народны» (з 1960), дзіцячыя — «узорны» (з 1978). З 2001 самабытным аматарскім калектывам надаецца найменне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Яго атрымалі (2004) нар. — ансамбль вак.-харэагр. «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры, фалькл. ансамбль «Крупіцкія музыкі» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на, ансамбль бел. песні «Церніца» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў, фалькл. ансамбль «Паазер’е» выкладчыкаў Пастаўскай дзіцячай муз. школы, ансамбль бел. песні «Медуніца» Палаца культуры і тэхнікі рэсп. унітарнага прадпрыемства «Магілёўскае вытв. аб’яднанне «Хімвалакно», ансамбль нар. музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага цэнтра культуры і нар. традыцый, ансамбль песні і танца «Спадчына» Палаца культуры г. Маладзечна, камерны аркестр «Рычэркар» і хар. капэла Рэсп. палаца культуры прафсаюзаў, фалькл. гурт «Журавінка» Слабадскога сельскага Дома культуры Лельчыцкага р-на, драм. т-р «Відарыс» Барысаўскага гар. Палаца культуры і інш. Рэпертуар аматарскіх муз. калектываў складаецца пераважна з апрацовак бел. нар. песень, найгрышаў, мясцовага фальклору, а таксама твораў бел. кампазітараў.

На 2004 у дзярж. установах культуры Беларусі 7913 вак.-хар. калектываў (у т. л. 2746 дзіцячых), 956 інструментальных (з іх 299 дзіцячых): у Брэсцкай вобл. — 1896 вак.-хар., 265 інструментальных, у Віцебскай — 1702 вак.-хар., 131 інструментальны, у Гомельскай — 1180 вак.-хар., 140 інструментальных, у Гродзенскай — 1277 вак.-хар., 106 інструментальных, у Магілёўскай — 1177 вак.-хар., 95 інструментальных, у Мінскай — 1281 вак.-хар., 219 інструментальных.

На Беларусі праводзяцца шматлікія святы, конкурсы, агляды і інш. сац.-культ. акцыі, а таксама міжнар., рэсп. і рэгіянальныя фестывалі аматарскага муз. мастацтва. Працэс фарміравання фестывальных традыцый аматарскай муз. творчасці ідзе на рэсп. і мясц. узроўнях. Штогод праводзіцца каля 50 фестываляў: міжнар. нар. музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» (г. Паставы), юных талентаў «Зямля пад белымі крыламі» (г. Мазыр), харэагр. мастацтва «Сожскі карагод» (г. Гомель), рэсп. — «Берагіня», нар. гумару «Аўцюкі» (абодва Гомельская вобл.), нац. культур (г. Гродна), Усебел. фестываль нар. мастацтва «Беларусь — мая песня», рэгіянальныя фестывалі эстр. музыкі і спеваў, хар. мастацтва «Пеўчае поле», бардаўскай песні, сямейнай муз. творчасці і інш.

Навуковыя даследаванні бытавання розных відаў і жанраў аматарскай творчасці, унутрыжанравай праблематыкі, пытанні арганізацыі канцэртна-творчай дзейнасці, падрыхтоўкі кадраў і інфармацыйна-метадычнай падтрымкі аматарскай маст. творчасці, распрацоўка фестывальных тэхналогій і рэпертуару — сфера дзейнасці бел. ін-та праблем культуры і ун-та культуры. Інфармацыйна-метадычную падтрымку забяспечваюць абл. навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і раён. арганізацыйна-метадычныя цэнтры культурна-асветнай работы. Падрыхтоўку кіраўнікоў і арганізатараў аматарскіх муз. калектываў ажыццяўляюць бел. ун-т культуры і мастацтваў, акадэмія музыкі, пед. ун-т, муз. вучылішчы, вучылішчы культуры і мастацтваў.

А.​А.​Макарава.

Ансамбль народнай музыкі і песні «Палешукі» Іванаўскага раёна.
Фальклорны ансамбль «Паазер’е» педагагічнага калектыву Пастаўскай дзіцячай музычнай школы.
Народны камерны аркестр «Рычэркар» Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў.

Харэаграфічнае мастацтва. Да 20 ст. аматарскае харэаграфічнае мастацтва развівалася ў рэчышчы музычнага і тэатральнага аматарства. У 1900—20-я г. нар. танцы ў выкананні аматараў уключаліся ў праграмы бел. вечарынак. Вял. значэнне мела дзейнасць Першай бел. трупы І.​Буйніцкага, у канцэртных праграмах якой выконваліся і нар. танцы. З 1920-х г. развіццё танц. аматарства звязана з пачаткам сістэматычнага вывучэння і практычнага выкарыстання нац. танц. фальклору ў прафес. і аматарскіх калектывах. Напачатку танц. гурткі ўключалі ў свой рэпертуар папулярныя у народзе танцы, у якіх асноўныя выразныя сродкі, сюжэты і манера выканання захоўваліся ў першапачатковым выглядзе, без трансфармацыі.

Паступова выпрацоўваліся спосабы і метады сцэн. інтэрпрэтацыі ўзораў харэаграфічнага фальклору. У 1926 арганізаваны адзін з першых аматарскіх калектываў Беларусі — ансамбль танца Мінскага клуба КІМ пад кіраўніцтвам К.​Алексютовіча, у рэпертуары якога былі нар. танцы «Крыжачок», «Лявоніха», «Лянок», «Мікіта», «Мяцеліца», «Таўкачыкі» і інш., па-мастацку апрацаваныя і трансфармаваныя па законах сцэны. У 1930-я г. на Беларусі ўзнікла шмат аматарскіх калектываў, рэпертуар якіх будаваўся на аснове нар. танцаў у сцэн. апрацоўцы. Уклад у працэс фарміравання асн. кірункаў інтэрпрэтацыі ўзораў нар. харэаграфіі зрабіў ансамбль танца Гомельскага палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў (з 1936, кіраўнік А.​Рыбальчанка). У яго рэпертуары былі бел. нар. танцы «Мяцеліца», «Лявоніха», «Юрачка», «Чарот» і інш.; створана і шмат сцэн. твораў на тагачасную тэматыку: «Камсамол на будоўлі», «Новая вёска», «Калгасная полька», «Беларускія трактарысты» (балетмайстар К.​Алексютовіч). У многіх калектывах працавалі прафес. харэографы, якія адыгралі станоўчую ролю ў творчым развіцці танц. аматарства і павышэнні ўзроўню рэпертуару. У даваенны перыяд быў закладзены фундамент для плённай дзейнасці аматарскіх танц. калектываў.

У пасляваенны перыяд ішло аднаўленне раней створаных і фарміраванне новых калектываў, сярод якіх нар. ансамбль танца «Крыжачок» БДУ (з 1945), узорны ансамбль песні і танца «Прыбужжа» СШ № 5 (Брэст; з 1954), нар. ансамбль танца «Вясёлка» Рэсп. Палаца культуры прафсаюзаў (з 1956), узорныя ансамблі танца «Равеснік» Рэсп. Палаца культуры прафсаюзаў і «Лянок» Палаца культуры Мінскага трактарнага з-да (з 1958), узорны вак.-харэагр. ансамбль «Зорка» культурна-дзелавога цэнтра «КІМ» (Віцебск; з 1961). Узніклі таксама студыі і ансамблі класічнага, бальнага, гіст.-быт. і эстр. танца, у т. л. нар. студыя сучаснага бальнага танца «Мара» Палаца культуры Мінскага трактарнага завода (з 1966). У 1960—70-я г. з’явіліся новыя самабытныя танц. калектывы, расла іх масавасць, узмацнялася арыентацыя на збліжэнне з прафес. мастацтвам, павышаўся ўзровень танц. культуры. У гэты перыяд у балетмайстарскай практыцы ствараліся таксама аўтарскія творы ў межах традыцыі бел. танца, тэматычныя кампазіцыі сюітнага тыпу, фалькл. танцы, апрацаваныя ў эстр. стылі. З 1960 лепшым дарослым калектывам надаецца ганаровае найменне «народны», а з 1978 дзіцячым — «узорны».

Уклад у развіццё тагачаснага аматарскага харэаграфічнага мастацтва Беларусі зрабілі нар. артысты Беларусі М.​Бяльзацкая, А.​Вараб’ёў, А.​Нікалаева, А.​Рыбальчанка, Я.​Штоп; засл. артысты Беларусі М. і Р. Красоўскія; засл. дз. культуры Беларусі С.​Грабеншчыкоў, Н.​Залеўская, М.​Кіракозаў, Л.​Ляшэнка, В.​Партной, І.​Серыкаў, М.​Чысцякоў; засл. работнікі культуры Беларусі Л.​Барадулька, Ч.​Клячко, Л.​Лазарава, М.​Лапша, І.​Смірноў, Р.​Чарахоўская, В.​Ямінскі; а таксама А.​Быковіч, Л.​Тушынскі, З.​Чарняўскі і інш.

З 1980-х г. у самадз. мастацтве з’явіліся танц. калектывы розных жанраў з арыгінальным рэпертуарам: нар. ансамблі танца «Крупіца» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на (кіраўнік Г.​Чорны), «Белая Русь» Нац. цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (кіраўнік А.​Карповіч), «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў (кіраўнік В.​Жыльцоў); «Гарадзенскія карункі» Гродзенскага каледжа мастацтваў (кіраўнік Н.​Парахневіч); вак.-харэаграфічны — «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры (кіраўнік П.​Свярдлоў); харэаграфічны — «Рунь» Дома культуры тэкстыльшчыкаў Магілёўскага прадпрыемства «Магатэкс» (кіраўнік В.​Папоў); ансамбль-майстэрня абрадавай творчасці «Спас» Мінскага каледжа мастацтваў (кіраўнік В.​Гарэлава) і інш.

Адметная рыса творчай дзейнасці лепшых аматарскіх калектываў — выкарыстанне нац. харэаграфічнага фальклору ў самых розных формах сцэн. інтэрпрэтацыі: ад традыцыйнай у жанры нар.-сцэн. харэаграфіі да фольк-мадэрна, пошук новых форм і прыёмаў. Характэрная рыса сучаснага перыяду — плённае развіццё дзіцячай самадзейнасці: масавае адкрыццё дзіцячых харэаграфічных школ і школ мастацтваў. Сярод лепшых дзіцячых калектываў Беларусі: узорны вак.-харэаграфічны ансамбль «Камарыкі» Палаца культуры вытв. аб’яднання «Нафтан» (Наваполацк; з 1970, кіраўнік Ч.​Клячко); узорныя ансамблі танца «Светлячок» Палаца культуры энергетыкаў (Новалукомль; з 1977, кіраўнік Н. і А. Тамашавы), «Лялечкі» Абухаўскага Палаца культуры Гродзенскага р-на (з 1978, кіраўнік Н.​Урукіна), «Весялушка» Мінскай дзіцячай харэаграфічнай школы (з 1981, кіраўнікі І. і С. Дарохіны), «Зубраня» Палаца культуры «Аўтазаводзец» (Мінск; з 1983, кіраўнік Я.​Гутман), «Жавароначкі» Палаца культуры «Сукно» (Мінск; з 1985, кіраўнік С.​Аляксандраў), «Чабарок» Мінскага Палаца дзяцей і моладзі (з 1987, кіраўнік Н.​Дзягель), «Весялушкі» Палаца культуры чыгуначнікаў (Орша; кіраўнік І.​Стамінская); узорны харэагр. ансамбль «Раўніца» (абодва з 1993, кіраўнікі А.​Цюцюноў і Н.​Русакевіч) і інш. Значных поспехаў дасягнулі ансамблі эстр. танца, у т. л. «Гарэзлівыя агеньчыкі» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў (з 1979, кіраўнік В.​Буры), «Антрэ» (з 1992, кіраўнік С.​Манзалеўскі), узорны т-р эстр.-спарт. танца «Каскад» Слонімскага раённага Дома культуры (з 1993, кіраўнік З.​Пятроўская).

Сучаснае аматарскае харэаграфічнае мастацтва — шматжанравая галіна маст. культуры. Яна ўключае фалькл.-этнаграфічныя ансамблі, ансамблі нар. танца, ансамблі і студыі класічнага, бальнага, эстр. і сучаснага танца. На 1.1.2003 у сістэме Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь 2496 харэаграфічных калектываў (з іх 2007 дзіцячых). На 2004 ганаровыя найменні «народны» і «ўзорны» маюць 66 калектываў у Мінску і Мінскай вобл., 39 у Брэсцкай вобл., 23 у Віцебскай, 47 у Гомельскай, 22 у Гродзенскай, 36 у Магілёўскай вобл.

Папулярызацыі танц. мастацтва, выяўленню самабытных калектываў і выканаўцаў, павышэнню маст. ўзроўню іх рэпертуару садзейнічаюць фестывалі і конкурсы ў галіне харэагр. мастацтва, якія стымулююць развіццё існуючых і стварэнне новых калектываў розных жанраў: міжнар. фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» у Гомелі, дзіцячай творчасці «Барысаўскі прыстанак» у Барысаве; абл. фестываль «Свята танца» ў Гродне, фестываль фальклору «Пінскі карагод», фестываль дзіцячых і юнацкіх танц. калектываў «Танцуючы фламінга» ў Гомелі і інш. Агляды аматарскіх харэаграфічных калектываў рэгулярна адбываюцца ў межах форумаў, прысвечаных нар. творчасці. Бел. танц. калектывы ўдзельнічаюць і ў фестывалях фальклору за мяжой. Кіраўнікоў харэаграфічных калектываў рыхтуюць у вучылішчах мастацтваў Беларусі, на кафедры харэаграфіі Бел. ун-та культуры і мастацтваў.

С.​В.​Гуткоўская.

Народны ансамбль танца «Гарадзенскія карункі» Гродзенскага каледжа мастацтваў.
Узорны ансамбль танца «Весялушка» дзіцячай харэаграфічнай школы г. Мінска.
Узорны ансамбль танца «Чабарок» Мінскага Палаца дзяцей і моладзі.

Аматарскі тэатр. Існаваў з сярэдзіны 18 ст. пры дварах магнатаў Радзівілаў, Сапегаў, ва ўладаннях С.​Зорыча, Чарнышова, дзе наладжваліся сцэнічныя паказы з нагоды свят, сямейных урачыстасцей, прыезду ганаровых гасцей. У пач. 19 ст. аматарскі тэатр быў пашыраны ў гарадах сярод гар. шляхты, спектаклі мелі публічны характар, нярэдка наладжваліся з дабрачыннымі мэтамі. У 1850-я г. ў арганізацыі аматарскіх спектакляў прымалі ўдзел разначынцы, дэмакратычныя слаі насельніцтва. Ставіліся п’есы А.​Фрэдра, Ю.​Кажанёўскага, М.​Гогаля, А.​Грыбаедава, В.​Дуніна-Марцінкевіча і інш. У 2-й пал. 19 ст. існавала сетка аматарскіх калектываў, якая ахоплівала ўсе бел. губерні. Створаны буйныя аматарскія аб’яднанні: Мінскае муз.-літ. т-ва (1880), Гродзенскае літ.-муз. т-ва (1883), Полацкі (1884), Брэсцкі (1885), Гомельскі (1891) і Бабруйскі (1892) муз.-драм. гурткі, Магілёўскае муз.-драм. т-ва (1886), Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў (1898), Гомельскае муз.-драм. т-ва (1908) і інш. У пач. 20 ст. існавалі драм. калектывы пры «нар. дамах» (Магілёўскі аматарскі тэатр, 1900—04) і чайных Т-ваў папячыцельства нар. цвярозасці, дзейнасць якіх мела культ.-асв. характар. Пад уздзеяннем нац.-вызв. руху наладжваліся бел. вечарынкі, тэатр. паказы на бел. мове ў Радашковічах, на хутары Пятроўшчына, в. Станькава на Міншчыне, у Карэлічах, в. Кленікі на Гродзеншчыне, Гродне, Капылі, Давыд-Гарадку і інш. У гісторыі аматарскага тэатра пакінулі след Гродзенскі гурток бел. моладзі, Бел. навукова-літ. гурток студэнтаў у Пецярбургу, шматлікія вучнёўскія і студэнцкія гурткі. Вял. ролю ў развіцці аматарскага тэатра адыграла газ. «Наша ніва», у якой даваліся парады бел. аматарам, асвятлялася іх дзейнасць, друкаваўся рэпертуар. Пасля Кастр. рэвалюцыі развіццю аматарскага тэатра садзейнічалі культ.-асв. арганізацыі пралеткульта, якія наладжвалі тэатр. паказы на рэв. тэмы, стварылі сетку тэатр. гурткоў, нар. тэатраў, рабочых клубаў, студый, агітпунктаў. Клубы творчай інтэлігенцыі існавалі ў Мінску («Беларуская хатка»), Гомелі, Навагрудку, Міры (Карэліцкі раён), Дзісне, Радашковічах, Будславе (Мядзельскі раён), в. Хаценчыцы (Вілейскі раён) і інш.; аматарскія калектывы дзейнічалі ў Мінску (маладзёжны гурток «Вянок», Бел. вучнёўская грамада з драм. секцыяй, гурток бел. моладзі імя С.​Булата), Мазыры, Капылі, Дукоры, в. Блонь (Пухавіцкі раён), Мікалаўешчыне (Стаўбцоўскі раён). Развівалася сельская тэатр. самадзейнасць. Ажывілася дзейнасць аматарскіх тэатраў на прадпрыемствах буйных гарадоў, у т. л. Аршанскага нар. тэатра Дома культуры чыгуначнікаў. У сярэдзіне 1920-х г. пашырыліся тэатралізаваныя прадстаўленні — «жывая газета», на базе якой створаны агіттэатр «Сіняя блуза», традыцыі якой працягвалі тэатры рабочай моладзі. Аматарскае мастацтва падтрымлівалі дзеячы прафесійнага мастацтва (У.​Галубок, Е.​Міровіч і інш.). Развіццю аматарскага тэатра садзейнічалі створаныя ў канцы 1930-х г. дамы нар. творчасці (з 1979 навукова-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы). Росту майстэрства калектываў спрыялі агляды аматарскага мастацтва: Усебел. алімпіяды рабоча-калгаснай маст. самадзейнасці (1935—39), алімпіяды чырвонаармейскай маст. самадзейнасці (1935), дзіцячай творчасці (1940), агляд самадзейнасці калгасаў, саўгасаў і МТС (1939), рэсп. агляд аматарскай творчасці ў перыяд падрыхтоўкі да Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940), Усесаюзны агляд маст. самадзейнасці (1940—41). У 1920—30-я г. прыкметнага росту дасягнуў аматарскі тэатр у Зах. Беларусі. У Вільні дзейнічалі Бел. муз.-драм. гурток, Бел. драм. майстроўня, тэатр. гурток бел. гімназіі. Існавалі аматарскія калектывы ў Навагрудку, Слоніме, Івянцы, вёсках Нягневічы (Навагрудскі раён), Загор’е і Заполле (Карэліцкі раён), т-ва працаўнікоў бел. тэатра ў Беластоку.

У Вял. Айч. вайну тэатр. гурткі дзейнічалі ў партыз. атрадах і брыгадах, сярод насельніцтва партыз. зон. У пасляваенны час аднавілі дзейнасць даваенныя гурткі, ствараліся новыя. У сак. 1945 адбыўся 1-ы пасляваенны рэсп. агляд аматарскага мастацтва. Праводзіліся спецыялізаваныя агляды маст. самадзейнасці. У 2-й пал. 1960-х г. створаны дамы маст. самадзейнасці (з 1978 міжсаюзныя дамы самадзейнай творчасці). Развіццю аматарскага тэатра садзейнічалі Дэкада самадзейнага тэатр. мастацтва Беларусі (1958), 3-я Рэсп. дэкада нар. творчасці, рэсп. фестывалі тэатр. самадзейнага мастацтва (1967—73), 1-ы Усесаюзны фестываль самадзейнай маст. творчасці працоўных (1975—77), Рэсп. конкурс нар. самадзейных драм. калектываў на лепшы спектакль сезона (1980), Рэсп. агляд-конкурс нар. і ўзорных самадзейных драм. калектываў, агітбрыгад і агіттэатраў, тэатраў чытальніка і індывідуальных чытальнікаў-выканаўцаў, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа (1982), Усесаюзны агляд самадзейнай маст. творчасці, прысвечаны 40-годдзю Перамогі ў Вял. Айч. вайне (1983—85), фестывалі Прыбалтыйскіх рэспублік і Беларусі «Рампа дружбы» (з 1978), рэсп. фестывалі аматарскага тэатр. мастацтва: прысвечаны А.​Макаёнку (Мазыр, 1993), «Гасціны ў Галубка» (Баранавічы, 1995), «Беларусь — мая песня» (з 1998, па абласцях), «Тэатральныя скрыжаванні» (з 2000). На 2004 у сістэме Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь 3444 тэатр,драм. гурткі, у т. л. 2054 — дзіцячыя; 256 драм. тэатраў, тэатраў лялек, мініяцюр, пантамімы і інш. маюць ганаровае найменне «народны» ці «ўзорны», нар. тэатру «Відарыс» (г. Барысаў) нададзена найменне «заслужаны». З іх 130 тэатраў функцыянуюць у сістэме Мін-ва культуры, 50 — у Федэрацыі прафсаюзаў, 76 — у сістэме адукацыі.

Ю.​А.​Пашкін, І.​В.​Пыж.

Сцэна са спектакля «NN» паводле Т.​Уільямса Мінскага народнага тэатра-студыі «На балконе».
Сцэна са спектакля «Дванаццаць месяцаў» С.​Маршака Рэчыцкага народнага тэатра гарадскога Дома культуры.

Аматарскае кіно. З канца 1950-х г. аматарскія кінастудыі ствараліся пры палацах культуры, клубах, прадпрыемствах, у навуч. установах, калгасах і саўгасах. У 1962 пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі створана секцыя па працы з кінааматарамі. Больш актыўна аматарскае кіно развівалася ў 1960-я г. Сярод найб. значных кінастудый мінскіх заводаў — «МАЗ-фільм» аўтамабільнага, «Трактар» трактарнага, «Мікрахолад» (пазней «Сапфір») халадзільнікаў; «Маналіт» інтэрната Мінскага камбіната індустрыяльнага домабудаўніцтва (усім у 1970-я г. нададзена ганаровае найменне народных). Кінастудыі існавалі пры Мінскім мотавелазаводзе, Светлагорскім заводзе штучнага валакна, шклозаводзе «Залессе» Вілейскага раёна, Віцебскім дывановым камбінаце, «Мінскпраекце», БПІ, Гродзенскім пед. ін-це, Акруговым Доме афіцэраў, а таксама пры гарадскіх і раённых палацах культуры, дамах нар. творчасці, палацах і дамах піянераў, сельскіх клубах (у некаторых як фотакінагурткі). Найб. вядомыя з іх: кінастудыя «Летапіс» раённага Дома культуры г. Талачын (з 1965), кінастудыі Магілёўскага Дома культуры чыгуначнікаў, Бел. палаца культуры прафсаюзаў, Мінскага Палаца піянераў і інш. Здымалі стужкі пра гісторыю і дзейнасць сваіх прадпрыемстваў, навучальныя, відавыя, турысцкія, асобныя ігравыя і анімацыйныя фільмы. Бел. кінааматары ўдзельнічалі ва Усесаюзных (з 1959) і рэсп. (1960—88) фестывалях аматарскіх фільмаў. У 1970-я г. на Бел. тэлебачанні існавала перадача «Мы і наша кінакамера» (вядучы — рэж. А.​Канеўскі). Некаторыя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі (В.​Рубінчык, В.​Дудзін, В.​Каралёў). У 2-й пал. 1980-х г. рух аматарскага кіно знізіўся. Некаторыя аматарскія кінастудыі пераўтварыліся ў рэкламныя і інфармацыйныя службы, большасць — у аматарскія відэа- і тэлестудыі. На 1.1.2004 дзейнічаюць студыі: «МАЗ-фільм», «Кадр» Рэсп. цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў, сярэдняй школы № 4 і «Сінема» (усе ў Мінску), Барысаўскага завода агрэгатаў, «Летапіс» Талачынскага гар. Дома культуры, «Нэкст» і тэлестудыя «Вектар ТБ» у г. Наваполацк, «Белая Русь» у г. Светлагорск, у г. Слонім; Магілёўскага абласнога навук.-метадычнага цэнтра нар. творчасці і культ.-асветнай працы, «Эксперымент» у г. Крычаў. Перыядычна працуюць індывідуальныя кінааматары. Па ініцыятыве незалежнай відэакінастудыі «Таццяна» разам з Бел. саюзам кінематаграфістаў у 1996—2004 праведзены 8 нац. кінафестываляў аматарскіх фільмаў.

А.​П.​Бабкова.

Літ.:

Шаура Р.Ф. Самадзейнае выяўленчае мастацтва Беларусі: Жывапіс, графіка, скульптура. Мн., 1995;

Макарава А., Сівурава Л. Аб шляхах фарміравання фестывальных традыцый у самадзейнай мастацкай творчасці // Весн. Бел. дзярж. ін-та праблем культуры за 1998 г.: Навукова-метад. зб. Мн., 1999;

Скараходаў У.П., Пыж І.В. Сацыякультурныя працэсы ў народнай мастацкай творчасці // Беларуская культура сёння. Мн., 2003;

Статыстычны партрэт культуры Беларусі: Агляд тэатр.-відовішчных і культ.-асветніцкіх устаноў сістэмы М-ва культуры Рэсп. Беларусь. Мн., 2003;

Алексютович Л.К. Балетмейстер Константин Алексютович. Мн., 1984;

Чурко Ю.М. Белорусский сценический танец. Мн., 1969;

Яе ж. Белорусский народный танец. Мн., 1972;

Яе ж. Белорусский хореографический фольклор. Мн., 1990;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—2. Мн., 1983—85;

Пятровіч С.А. Народныя тэатры Беларусі. Мн., 1966;

Яго ж. Тэатральная самадзейнасць Савецкай Беларусі. Мн., 1972;

Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980.

т. 18, кн. 2, с. 691

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬ,

горад, цэнтр Гомельскай вобл. і раёна. За 301 км ад Мінска. Вузел чыгунак (напрамкі на Жлобін, Калінкавічы, Чарнігаў, Шчорс, Навазыбкаў) і аўтадарог. Порт на р. Сож. Аэрапорт. 501 тыс. ж. (1997).

Гісторыя. Летапісныя назвы Гомель, Гомій, Гомін, Гомь, Гомье. Узнік у канцы 1-га тыс. н. э. пры ўпадзенні р. Гомій (Гамяюк) у Сож на зямлі радзімічаў. Археал. раскопкамі тут выяўлены матэрыялы эпохі неаліту і бронзавага веку, мілаградскай, зарубінецкай, калочынскай культур, гар. ўмацаванні 9—11 ст., рэчы 10—13 ст. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142 як уладанне чарнігаўскага князя. У 12 ст. барацьбу за Гомель вялі чарнігаўскія, кіеўскія і ноўгарад-северскія князі. З 1161 уладанне Ольгавічаў. У 1-й пал. 13 ст., магчыма, спалены мангола-татарамі. Каля 1335 далучаны да ВКЛ, уладанне Патрыкія Нарымунтавіча і яго нашчадкаў. У канцы 14 ст. ўпамінаецца сярод кіеўскіх гарадоў. У 1406—19 Гомелем кіравалі велікакняжацкія намеснікі, пазней належаў кн. Свідрыгайлу, беглым серпухаўскаму і бароўскаму кн. Васілю Яраславічу і мажайскаму кн. Івану Андрэевічу, з 1483 сыну апошняга. У вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500 — 03 заняты рус. войскамі, якія ўмацавалі горад і Гомельскі замак. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 зноў у ВКЛ, цэнтр Гомельскага староства (гл. Гомельская воласць). З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У сярэдзіне 16 ст. адыгрываў важную ролю ў абароне паўд.-ўсх. зямель ВКЛ ад набегаў крымскіх татар. У Лівонскую вайну 1558—83 Гомель ненадоўга заняты войскамі Івана IV Грознага, у маі 1581 вытрымаў аблогу царскіх войск, у 1595 захоплены атрадам паўстанцаў С.​Налівайкі. У час вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54, антыфеадальнай вайны 1548—51 казацкія атрады Галавацкага і М.​Нябабы пры падтрымцы мясц. жыхароў у 1648 і 1649 займалі Гомель. У 1651 зноў абложаны казакамі (гл. Гомеля аблога 1651). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 заняты казацкім войскам І.​Н.​Залатарэнкі. З 1667 у складзе Рэчы Паспалітай, належаў М.​К.​Радзівілу, потым Чартарыйскім. У 1670 атрымаў магдэбургскае права. У час Паўн. вайны 1700—21 у Гомелі размяшчаліся рус. войскі пад камандаваннем А.​Д.​Меншыкава (1706). З 1772 у Рас. імперыі. З 1773 цэнтр Гомельскага павета Рагачоўскай правінцыі, з 1777 мястэчка Беліцкага павета, з 1852 горад, цэнтр павета Магілёўскай губ. Належаў П.​А.​Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 І.​Ф.​Паскевічу-Эрыванскаму. У 1775 — 5 тыс. ж., у 1858 — 14 тыс. ж. У 1854 да Гомеля далучаны заштатны горад Новая Беліца як прадмесце. У 1856 зацверджаны гар. герб: у верхняй частцы выява двухгаловага арла, у ніжняй — рысі на блакітным полі. У 1897 — 36,8 тыс. ж. У 1890-я г. ўзнік першы ў горадзе с.-д. гурток. Напярэдадні рэвалюцыі 1905—07 аформіліся гомельскія арг-цыі РСДРП, Бунда, Гомельскі к-т партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Па маштабах рэв. руху Гомель займаў адно з першых месцаў у царскай Расіі. У снеж. 1905 дзейнічаў Гомельскі камітэт дэлегатаў. У 1-ю сусв. вайну адбылося Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. 19.3.1917 утвораны Гомельскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1.3.1918 да 14.1.1919 акупіраваны ням. войскамі. Паводле дагавора Укр. цэнтр. рады з герм. камандаваннем Гомель уключаны ў склад новаўтворанай Палескай губ. Украіны; ваен. ўлада належала герм. камендатуры, Цывільная — камісару Укр. цэнтр. рады, павятоваму старасту, з 17.12.1918 — Гомельскай дырэкторыі. Пасля Гомельскай забастоўкі 1918—19 (гл. Гомельскія забастоўкі 1918—19) улада 6.1.1919 перададзена ВРК. У сак. 1919 у горадзе адбыўся стракапытаўскі мяцеж 1919. З крас. 1919 Гомель — цэнтр Гомельскай губерні ў складзе РСФСР, з 1926 у БССР; у 1926—31 і з 1937 цэнтр Гомельскага раёна, у 1926—30 — Гомельскай акругі, з 15.1.1938 — Гомельскай вобласці. У першыя дні Вял. Айч. вайны створаны Гомельскі полк народнага апалчэння (гл. Гомеля абарона 1941). З 19.8.1941 да 26.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў гар. турмах, 5 лагерах смерці і 4 гета больш за 100 тыс. чал. Дзейнічала Гомельскае патрыятычнае падполле і Гомельскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Вызвалены ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. Пасля вызвалення ў Гомель пераехалі ЦК КП(б)Б, СНК БССР. У 1959 — 168 тыс. ж., у 1979 — 383 тыс. ж. У сувязі з невырашэннем праблем, звязаных з Чарнобыльскай катастрофай 1986, адбылася Гомельская забастоўка 1990.

Гаспадарка. У 1-й пал. 19 ст. Гомель стаў набываць прамысл. аблічча. Дзейнічалі з-д па вырабе свечак, шкляная мануфактура, 2 ткацкія ф-кі, цукр. з-д Паскевіча (1839), сальна-свечачны з-д Школьнікава (1840), крупадзёрка (1853), некалькі канатна-вяровачных і лесапільных прадпрыемстваў. У 1850 праз Гомель пракладзена шаша Пецярбург—Кіеў і першая ў Расіі тэлегр. лінія Пецярбург—Севастопаль. Пракладзены чыг. лініі Гомель—Бабруйск (1873) і Гомель—Рамны (1874) Лібава-Роменскай чыгункі, лініі Гомель—Лунінец (1886) і Гомель—Бранск (1887) Палескіх чыгунак. У выніку Гомель стаў важным чыг. вузлом, звязаным з Украінай, Польшчай, Прыбалтыкай, Масквой, Пецярбургам і інш. прамысл. цэнтрамі Расіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. Гомель — буйны прамысл. цэнтр Беларусі. Тут існавала больш за 40 прадпрыемстваў, асн. частка іх перапрацоўвала мясц. сыравіну: 9 лесапільных ф-к (гл. Гомельскія лесапільныя фабрыкі), запалкавая ф-ка «Везувій» (400 рабочых у 1913, гл. Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат), 4 маслабойныя прадпрыемствы, з-ды спіртаачышчальны, цукровы, піваварны, канатны, 2 мукамольныя, швейная ф-кі і інш. Дзейнічалі металаапр. прадпрыемствы: з-ды ліцейна-мех. Фрумкіна і сыноў, ліцейна-мех. з-д «Рухавік» (гл. Гомельскі завод «Стромаўталінія»), гал. мех. майстэрні (абслугоўвалі Лібава-Роменскую чыгунку, 1220 рабочых у 1913; гл. Гомельскі вагонарамонтны завод) і малыя рамонтныя майстэрні (абслугоўвалі Палескія чыгункі, 145 рабочых у 1913), якія выконвалі функцыі паравозавагонарамонтных з-даў, а таксама лакафарбавае прадпрыемства, 5 друкарняў, Гомельскія рагожныя мануфактуры, электрастанцыі і інш. Пачалося паравое суднаходства па р. Сож. Важнае месца ў эканам. жыцці горада займаў гандаль лесам, лёнам, пянькой; гандл. абарот у канцы 1870 — пач. 1890-х г. каля 5,5 млн. руб. Штогод у Гомелі праводзіліся 3 кірмашы. Пасля рэформы 1861 г. ў Гомелі адкрыты гар. грамадскі банк, у пач. 1890-х г. — аддз. (агенцтвы) Віленскага і Мінскага камерц. банкаў; у пач. 20 ст. — аддз. Арлоўскага, Паўн., Аб’яднанага, Руска-Азіяцкага камера банкаў. Пасля 1-й сусв. і грамадз. войнаў пачалося аднаўленне прам-сці і транспарту. У 1920 адноўлена работа ф-кі «Везувій», чыгуналіцейных майстэрняў, цагельных з-даў. Уведзены ў дзеянне ф-ка «Палесдрук» (гл. Гомельская фабрыка «Палесдрук»), у 1922—24 абутковая ф-ка «Праца», хлебакамбінат, электрастанцыя, у 1928 Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання «Гомсельмаш». У 1930-я г. рэканструяваны «Гомсельмаш», пабудаваны станкабуд. з-д імя Кірава, шклозавод імя Ламаносава, ф-кі «Камінтэрн» (гл. Гомельскае акцыянернае таварыства «Камінтэрн»), «8 Сакавіка» (гл. Гомельская прамыслова-гандлёвая фірма «8 Сакавіка»), «Спартак» (гл. Гомельскае адкрытае акцыянернае таварыства «Спартак»), тлушчакамбінат і інш. На пач. 1940 у Гомелі 264 прамысл. прадпрыемствы (3-е месца ў БССР па аб’ёме прамысл. прадукцыі). Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў адноўлены чыг. вузел, да канца 1944 — 25 прадпрыемстваў. Да 1950 адноўлены ўсе даваен. і пабудаваны новыя прадпрыемствы. У 1950—60-я г. ўведзены ў дзеянне з-ды «Гідраапаратура» (гл. Гомельскі завод «Гідрапрывод»), Гомельскі завод пускавых рухавікоў, сан.-тэхн. абсталявання (гл. Гомельскі завод «Эмальпосуд»), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт». У 1961 горад атрымаў прыродны газ, у 1962 пушчаны першы тралейбус. Вырашэнне сац. і эканам. праблем вельмі ўскладнілася ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай 1986. Створаны філіялы НДІ с.-г. радыялогіі і НДІ радыелагічнай медыцыны. Гомель — адзін з буйнейшых прамысл. цэнтраў Беларусі. Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Гомельскі завод вымяральных прылад, Гомельскі падшыпнікавы завод, Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», Гомельскі электратэхнічны завод, Гомельскі завод «Электраапаратура», Гомельскі кабельны завод, Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод і інш.), хім. (Гомельскі хімічны завод, Гомельскі завод хімічных вырабаў, Гомельскі завод пластмасавых вырабаў), лясной, цэлюлозна-папяровай, лёгкай (Гомельская фабрыка мастацкіх вырабаў), буд. матэрыялаў (Гомельскае акцыянернае таварыства «Гомельшпалеры», Гомельскі шклозавод), дрэваапр. (Гомельскае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднанне «Гомельдрэў»), харч. (Гомельскі тлушчавы камбінат) прам-сці.

Асвета і культура. У 1781 у Гомель засн. правасл. духоўнае вучылішча (з 1840 павятовае духоўнае вучылішча). У 1818 пры ўдзеле М.​П.​Румянцава адчынена пач. школа Бел-Ланкастэрскай сістэмы навучання. У 19 ст. ствараюцца ніжэйшыя і сярэднія навуч. ўстановы. У 1841 на базе Беліцкага пав. вучылішча (засн. ў 1790 як дамініканскае, з 1833 свецкае прыходскае) створана 3-класнае пав. нар. вучылішча, на базе якога ў 1866 у Гомелі засн. 4-класная прагімназія (з 1877 — 6-класная гімназія, з 1897 — 8-класная). У 1878 на сродкі Лібава-Роменскай чыгункі засн. тэхн. чыг. вучылішча (гл. Гомельскі тэхнікум чыгуначнага транспарту), адчынена пач. аднакласнае яўр. вучылішча з падрыхтоўчым класам. У 1882 на базе жаночага 3-класнага прыватнага пансіёна створана жаночая 4-класная прагімназія (з 1897 — урадавая гімназія). У 1903, 1907 створаны прыватныя муз. школы. З 1906 дзейнічала прыватная школа павітух, з 1907 — гімназіі: жаночая В.​А.​Копіш і яўр. мужчынская А.​Е.​Ратнера; з 1911 жаночая прагімназія М.​А.​Табалевіч-Федароўскай (гл. Гомельскія гімназіі). У 1911 у Гомелі 32 навуч. ўстановы, у т. л. 5 сярэдніх, 24 ніжэйшыя і пач., 3 падрыхтоўчыя, 45 яўр. вучылішчаў рознага тыпу. З 1915 у Гомелі працавала настаўніцкая семінарыя (у 1919 пераўтворана ў пед. курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў школ 1-й ступені). У 1919 створаны курсы буд. дзесятнікаў, бухгалтараў, рахункаводаў, школы паліграф. справы, майстроў для швейнай прам-сці і інш. У 1926 у Гомелі працавалі 3 тэхнікумы — пед. агульны (з 1937 пед. вучылішча), яўр. педагагічны, шляхоў зносін; 15 школ 1-й ступені, 13 школ сямігодак, 9-годка, 4 школы 2-й ступені; 8 дзіцячых дамоў. У 1930 у Гомелі засн. ін-ты механіка-машынабуд., лесатэхн. (у 1945 пераведзены ў Мінск, гл. Беларускі тэхналагічны універсітэт), Гомельскі аграпедагагічны інстытут (з 1933 пед. ін-т); Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум. У 1932 адчынена мед. вучылішча і муз. тэхнікум (з 1939 муз. вучылішча). У 1936 пры пед. ін-це створаны Гомельскі настаўніцкі інстытут. У час Вял. Айч. вайны спалены 2 ін-ты, пед. вучылішча, 24 школы. У 1944 аднавілі работу пед., настаўніцкі, лесатэхн. ін-ты, пед. вучылішча, 2 сярэднія, 7 няпоўных сярэдніх і 4 пач. школы, адчынены тэхнікумы рачны, фіз. культуры, Гомельскі кааператыўны тэхнікум, у 1946 — Гомельскі політэхнічны тэхнікум. У 1953 засн. Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (гл. Беларускі універсітэт транспарту). У 1955 адчынены Гомельскі машынабудаўнічы тэхнікум, у 1956 — Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум. У 1996/97 навуч. г. ў Гомелі 154 дашкольныя ўстановы, у т. л. дашкольная гімназія, цэнтр развіцця дзіцяці, 4 дашкольныя ўстановы з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), 8 устаноў санаторнага тыпу, сад для дзяцей з рознымі дэфектамі, сад для глухіх і з недахопамі слыху. У дашкольных установах выхоўвалася каля 25 тыс. дзяцей. Дзейнічала 80 агульнаадук. школ (больш за 70 тыс. вучняў), у т. л. ліцэй, бел.-слав. гімназія імя І.​Мележа, спец. школа з паглыбленым вывучэннем англ. мовы (навучанне з 5 гадоў), 3 пач. школы, школа-сад для дзяцей з парушэннямі зроку, 1 яўр. школа-сад, спец. школа для глухіх і з недахопамі слыху дзяцей, 4 школы-інтэрнаты (2 для разумова адсталых дзяцей, базавая для дзяцей хворых на скаліёз, 1 для сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі), 4 зменныя школы (адна з іх на тэр. жаночай калоніі для непаўналетніх дзяўчынак). Акрамя таго ў Гомелі ёсць прыватная гімназія і абласны ліцэй, 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў, у якіх займалася больш за 8 тыс. навучэнцаў, 11 сярэдніх спец. навуч. устаноў (каля 10 тыс. студэнтаў), у т. л. мед. вучылішча, каледж мастацтва, муз.-пед. каледж і інш. У Гомелі 5 дзярж. ВНУ: Гомельскі універсітэт, Гомельскі політэхнічны інстытут, Гомельскі медыцынскі інстытут, Гомельскі кааператыўны інстытут, Беларускі універсітэт транспарту, а таксама Гомельскі філіял Міжнар. недзярж. ін-та працоўных і сац. адносін. У Гомелі 18 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, а таксама Гомельская абласная б-ка з дзіцячым аддзяленнем (гл. Бібліятэкі абласныя Беларусі, Бібліятэка дзіцячая). Працуе Гомельскі абласны краязнаўчы музей.

Архітэктура. У 14 ст. аснову Гомеля складаў драўляны замак, пабудаваны на месцы дзядзінца. Горад забудоўваўся хаатычна. Да сярэдзіны 18 ст. ён уяўляў сабой шэраг слабод і вёсак, якія групаваліся вакол замка. У канцы 18 ст. пачалася перапланіроўка — на месцы стараж. замка створаны Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор; на тэр. Спасавай слабады — Гомельская Ільінская царква. 3-прамянёвая сістэма планіроўкі прадугледжвала арыентацыю гал. магістралей — вуліц Румянцаўскай (цяпер Савецкая, асн. вось кампазіцыі горада), Замкавай (праспект Леніна), Фельдмаршальскай (Пралетарская) — на палац. Гэты прынцып захоўваўся і пры наступных рэканструкцыях. Усе будынкі на Румянцаўскай вул. былі створаны ў стылі класіцызму (Гомельскай ланкастэрскай школы будынак і інш.). На вул. Мільённай (цяпер Бялецкага) размяшчаліся Гомельскі «паляўнічы домік», летні дом Румянцава (у 1819 пераабсталяваны пад Гомельскага духоўнага вучылішча будынак). Да ліку лепшых пабудоў канца 19 — пач. 20 ст. належаць Гомельскай гарадской думы будынак, Гомельскага камерцыйнага банка будынак, Гомельскага філіяла Руска-Азіяцкага банка будынак, будынкі мужчынскай і жаночай гімназій, тэхн. вучылішча (гл. адпаведныя артыкулы), асобныя жылыя дамы. У маст. вырашэнні фасадаў гэтых будынкаў выкарыстаны элементы стылізатарска-эклектычнага кірунку і стылю мадэрн. У культавых пабудовах панаваў неарускі стыль: цэрквы Георгіеўская (1904, не захавалася), Праабражэнская (захавалася часткова), Гомельская капліца. Значны ўклад у забудову Гомеля гарадскога арх. С.​Шабунеўскага. У 1920—30-я г. пачалося масавае жыллёвае і прамысл. буд-ва: пабудаваны першыя секцыйныя шматкватэрныя жылыя дамы для чыгуначнікаў, Гомельскі дом-камуна, Палац культуры чыгуначнікаў з кінатэатрам, настаўніцкі ін-т і інш. Паблізу прамысл. прадпрыемстваў узніклі рабочыя пасёлкі: Залінейны, Сельмашаўскі, Касцюкоўка. У 1946 распрацаваны праект аднаўлення і рэканструкцыі Гомеля («Белдзяржпраект», арх. І.​Сяргееў, Т.​Сяргеева, інж. Г.​М.​Ішчанка, І.​Дзесятнікаў, І.​Бардукоў) з захаваннем асн. прамянёвых магістралей, што склаліся гістарычна. Паводле генплана 1964 (Гомельскі філіял «Белдзяржпраекта»; арх. М.​Сундукоў, К.​Усцюгоў, Б.​Барысаў, А.​Касякоў, інж. М.​Найшулер і інш.) радыяльныя напрамкі вуліц паступова ператвараліся ў лінейныя. На гал. магістралях пабудаваны Дом спорту (арх. І.​Спірын, С.​Паўлаў), рэстаран «Беларусь» (арх. Л.​Тамкоў), будынкі абл. б-кі (арх. В.​Бурлака), абл. драм. т-ра (арх. А.​Тарасенка), пешаходны мост цераз Сож і інш. Аб’екты, пабудаваныя ў 1970—80-я г. змянілі арх. аблічча Гомеля: будынкі Дома сувязі (арх. Р.​Ціхаў), трэста «Гомельсаўгасбуд», цэнтра навук.-тэхн. інфармацыі, гал. корпус ун-та, праектнага ін-та «Дзіпражыўмаш» (усіх арх. С.​Пеўны), Гомельскі цырк, Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (арх. Тамкоў), Гомельскі лёгкаатлетычны манеж, кінатэатр «Юбілейны» (арх. В.​Ціхава), аэравакзальны комплекс, гасцініца «Турыст», шпіталь для інвалідаў Вял. Айч. вайны, комплекс фізкультурна-аздараўленчага камбіната (усіх арх. В.​Бяспалаў) і інш. Створаны шэраг мікрараёнаў у паўд.-зах. (арх. Л.​Стукачоў, А.​Лебедзеў, С.​Крывашэеў), паўн.-зах. і левабярэжнай частках (арх. Я.​Казлоў, Лебедзеў), раёнах «Аэрадром» (арх. Казлоў) і «Гомсельмаш» (арх. Стукачоў, Л.​Патапаў). Паводле генплана 1977 («Гомельграмадзянпраект»; арх. Паўлаў, Крывашэеў, А.​Падабедаў, інж. І.​Дубаў, Л.​Калашнікаў, Найшулер) планіровачная структура горада фарміруецца з 5 комплексных планіровачных раёнаў (Цэнтральнага, Паўночна-Усходняга, Паўднёва-Заходняга, Сельмашаўскага, Навабеліцкага) і развіваецца ў паўн.-ўсх., паўд.-зах. і паўд. напрамках; агульнагарадскі цэнтр развіваецца ўздоўж р. Сож. У 1980-я г. у Гомелі пачалося асваенне поймы р. Сож пад жыллёва-грамадзянскае буд-ва (аўтары інж. Дубаў, А.​Карамышаў, Найшулер). На гідранамыўных поймавых тэрыторыях забудаваны вял. жылыя масівы Волатава (арх. Крывашэеў, Казлоў, Лебедзеў), Паўднёвы і інш. Сярод значных пабудоў 1990-х г.: прыгарадны чыг. вузел (арх. Л.​Гоер), гал. корпус політэхн. ін-та (арх. Пеўны), ін-та «Гомельпраект» (арх. Ціхаў), Палац моладзі (арх. Г.​Комар). У Гомелі брацкія магілы: сав. воінаў, ахвяр фашызму, сав. воінаў і партызан; камунараў; падпольшчыкаў; сав. воінаў і ахвяр фашызму; сав. воінаў і падпольшчыкаў; магілы ахвяр фашызму; магіла гомельскіх апалчэнцаў; брацкія могілкі сав. воінаў. Курган Славы. Помнікі: Вызвалення, П.​Я.​Галавачову, гомельскім апалчэнцам, А.​А.​Грамыку, П.​А.​Румянцаву, П.​В.​Сухому, у гонар войск Бел. фронту, якія вызвалілі Гомель, і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Пачатак кнігадрукавання ў Гомелі звязаны з друкарняй Ш.​А.​Фрыдланда (1887—1912). На пач. 20 ст. ў Гомелі выдаваліся газеты рознай грамадска-паліт. і тэматычнай арыентацыі: «Полесский листок» (1904—05), «Труд» (1906), «Гомельский вестник» (1908—09), «Полесская жизнь» (1909—11), «Гомельская мысль» (1913—14), «Белорусский голос» (1910), «Гомельское слово» (1911—12), «Гомельская жизнь» (1911—19; да 1917 «Гомельская копейка»), «Гомельский театрально-музыкальный вестник» (1914), «Виленский вестник» (1915—16), «Рабочая мысль» (1917), «Голос народа» (1917—18), «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов» (з 1917, мяняла назвы, з 1930 на бел. мове, з 1938 «Гомельская праўда») і інш. Літ.-маст. час. «Зарницы» (1911—12) друкаваў творы маладых літаратараў. З 1919 пачалі выдавацца шматтыражныя ведамасныя газеты [«Проблески», «Путь пролетария» (у 1920—21 «Сигнал»), «Рабочая жизнь» (у 1921—22 «Молот») і інш.], а таксама штотыднёвікі («Жизнь — творчество»), У 1920—30-я г. выдаваліся газеты: «Новая деревня» (1919—28), «Бюллетень Гомельского губкома РКП» (1920), «Власть Советов» (1922), «Набат молодёжи» (1922—26), «Искра Ильича» (1924—27), «Камсамолец Гомельшчыны» (1931—35), «Сталінскі сцяг» (з 1938; з 1956 «Трыбуна хлебароба», з 1962 «Маяк», раённая); часопісы «Полесский коммунар» (1919—26), «Коммунистическое просвещение» (1920—21), «Вереск» (1922), «Агитатор» (1922—23), «Рабочий досуг» (1925—26) і «Дэр камунісцішэр вэг» («Камуністычны шлях», 1926, на яўр. мове). У 1922—24 у Гомелі выдаваліся 24 шматтыражныя газеты (большасць з іх праіснавала нядоўга). У 1930-я г. колькасць іх павялічылася, у т. л. «За высокую якасць» ф-кі «Везувій» (1928—41), «Ратацыя» ф-кі «Палесдрук» (1928—41), «Рачнік Беларусі» (1929—41; 1944—53; 1957—63, мяняла назвы) і інш. У Вял. Айч. вайну ў Гомелі выходзіла рэсп. газета «Звязда» (да 13.8.1941), выдадзены 1-ы нумар сатыр. выдання «Раздавім фашысцкую гадзіну». У гады акупацыі ў Гомелі падпольна выдаваліся газеты «Гомельская праўда» і «Партызан Гомельшчыны» (1943). Пасля вызвалення ў Гомелі працавалі рэдакцыі газет «Советская Белоруссия» (снеж. 1943 — ліп. 1944), «Чырвоная змена» (сак. 1944), адноўлена выданне абласной, раённай і шматтыражных газет, пачалі выдавацца новыя.

Выходзяць газеты: «Гомельская праўда», «Рабочае слова» (абл., з 1990), «Агронеделя» (абл. з 1991), «Гомельскія ведамасці» (гар., з 1991), «Вячэрні Гомель» (гар., з 1991); шматтыражныя «Сельмашавец» (з 1930), «Гомельскі універсітэт» (з 1969) і інш.

Літаратура. Літ. жыццё ў Гомелі актывізавалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў сувязі з дзейнасцю тут мецэната, збіральніка кніг і рукапісаў М.​П.​Румянцава. Бел. гісторык і археограф І.І.Грыгаровіч працаваў у Гомелі над «Беларускім архівам старажытных грамат» — першым зборнікам дакументаў па гісторыі Беларусі (выд. 1824 у Маскве на сродкі Румянцава). Літ. лекцыі, дыспуты, сходы наладжвала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства (1908—14). Горад наведвалі пісьменнікі К.​І.​Чукоўскі (1913), А.​А.​Блок (1916), У.​У.​Маякоўскі (1924). У 1925—27 дзейнічала Гомельская філія «Маладняк» (створана пры ўдзеле Я.​Пушчы і Н.​Чарнушэвіча), якая арганізоўвала літ. гурткі і студыі, наладжвала вучобу творчай моладзі, праводзіла літ. вечары з удзелам бел. пісьменнікаў (М.​Зарэцкі, А.​Гурло, А.​Дудар і інш.); у 1927 і 1930 у Гомель прыязджаў Я.​Купала, у 1934 і 1936 — Я.​Колас, у 1937 ён прысутнічаў на спектаклі па сваёй п’есе «Вайна вайне» ў пастаноўцы БДТ-2. У 1934 выдадзены альманах «Літаратурны Гомель». Пасля вайны пры газ. «Гомельская праўда» працавала літ. аб’яднанне, выдадзены альманах «Літаратурны Гомель» (1958), праводзіліся абл. нарады маладых пісьменнікаў. З 1967 дзейнічае Гомельскае абл. аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У горадзе праводзяцца літ. вечары, канферэнцыі, сустрэчы з пісьменнікамі, дні л-ры, семінары маладых пісьменнікаў, літ. свята «Над Дняпром, Дзясной і Сожам» з удзелам пісьменнікаў Мінска, Чарнігава і Бранска. Шырока адзначалася ў Гомелі 80-, 90-, 100-годдзе з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа. У 1971 брыгада пісьменнікаў (І.​Мележ і інш.) удзельнічала ў днях бел. л-ры на Гомельшчыне. У розны час у Гомелі жылі пісьменнікі У.​Галубок, П.​Трус, Р.​Сабаленка, Л.​Гаўрылкін, А.​Грачанікаў, А.​Капусцін, Я.​Каршукоў, І.​Кірэйчык, М.​Кусянкоў, Б.​Спрынчан, У.​Дзюба, С.​Дубавец і інш. Тут пачыналі сваю творчую дзейнасць Л.​Гаўрылаў, Дз.​Кавалёў, К.​Кірэенка, С.​Кухараў, П.​Прануза, М.​Сурначоў, І.​Шамякін; тут жывуць і працуюць пісьменнікі Г.​Афанасьеў, М.​Даніленка, А.​Бароўскі, Т.​Мельчанка, А.​Сопат, І.​Сяркоў, В.​Ткачоў, В.​Ярац. Гомельскі ун-т скончылі пісьменнікі Э.​Акулін, І.​Багдановіч, А.​Казлоў, В.​Куртаніч, А.​Сыс, Л.​Раманава і інш. Выдаецца альманах «Магістраль» (з 1992), час. «Палессе» (з 1996). Працуе абл. літ. аб’яднанне «Магістраль» імя А.​Грачанікава.

Мастацкае жыццё. У 10—15 ст. у Гомелі былі пашыраны разнастайныя рамёствы і маст. промыслы, у т. л. ганчарства, ткацтва, ювелірна-бронзаліцейная справа, апрацоўка косці, скуры, дрэва. Пры маст. апрацоўцы прадметаў побыту, рэліг. культу, працы і зброі выкарыстоўвалі коўку, ліццё, чаканку, гравіроўку, інкрустацыю і інш.

У 16 ст. пачалася вытв-сць пячной кафлі. У сярэдзіне 17 — канцы 18 ст. з’явіліся прадпрыемствы па вытв-сці шклянога посуду (келіхі, штофы, бутэлькі), які вылучаўся высокім майстэрствам выканання, мудрагелістай арнаментыкай. Мясц. майстры размалёўвалі вырабы на фаянсавай ф-цы. Разнастайнымі вытканымі і набіванымі ўзорамі аздаблялі баваўняныя тканіны на хустачнай мануфактуры, талеснай ф-цы. Рэзчыкі па дрэве, спалучаючы традыц. арнаментальныя матывы з элементамі тагачасных маст. стыляў, аздаблялі фасады дамоў, мэблю, прадметы побыту праразной карункавай і мудрагелістай аб’ёмнай разьбой. У пач. 20 ст. працавалі прыватная маст. школа Школьнікава, студыя Камінскага, Гомельская мастацкая студыя, жывапісна-малярныя майстэрні Н.​Гурэвіч і Х.​Рахліна, філіялы маст.-плакатнай майстэрні Усерас. арг-цыі працаўнікоў мастацтва, жывапісная майстэрня «Арцель», выдаваліся плакаты «Гомель-РОСТА». У 1920-я г. дзейнічала маст. школа пад кіраўніцтвам Я.​Краўчанкі, у 1924—27 — маст. студыя (кіраўнік С.​Каўроўскі), у якой займаліся К.​Максімцаў, Б. і Т.​Несцярэнкі, М.​Сімкоўскі, Н.​Тарасікаў і інш. У 1930-я г. існавалі курсы клубных мастакоў, дзе выкладалі А.​Бембель, А.​Шаўчэнка, А.​Шыфрын. У маст. школе выкладаў М.​Русецкі. У 1927—32 дзейнічала абл. аддзяленне «Усебеларускай асацыяцыі мастакоў». У 1939 адбылася 1-я абл. маст. выстаўка, у 1941 — перасоўная выстаўка графікі, 3-я абл. маст. выстаўка. Пры Палацы чыгуначнікаў працавала студыя выяўл. мастацтва (кіраўнікі М.​Малец, Б.​Звінагродскі). З 1966 дзейнічае Гомельская абл. арг-цыя Саюза мастакоў Беларусі. Вял. ролю ў прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтва адыграла адкрыццё выставачнай залы (1968), дзе адбываюцца персанальныя і тэматычныя выстаўкі. Цяпер у Гомелі працуюць засл. дз. маст. Беларусі Дз.​Алейнік і М.​Казакевіч, жывапісцы В.​Дзенісенка, С.​Дзьяканаў, У.​Еўтухоў, В.​Казачэнка, П.​Лук’яненка, М.​Палянкоў, І.​Сямека, В. і М.​Ягоравы, графікі В.​Дземянчук, У.​Лосеў, А.​Отчык, М.​Шкляраў, скульптары Г.​Гарбанёў, Дз.​Папоў, мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва У.​Андрыянаў, І.​Данілава, А.​Дваранін, М.​Кляцкоў, А. і Г.​Осіпавы, П. і В.​Феі, А.​Чудзін, мастацтвазнавец А.​Шныпаркоў і інш. У творчы калектыў прыйшлі маладыя мастакі: Л.​Зуева, А.​Крылоў, С.​Курашова, С.​Наздрын-Платніцкая, М.​Няхайчык, І.​Папоў.

Тэатральнае жыццё. Вядома, што ў Гомелі адбываліся нар. тэатр. паказы. Бел. фалькларыст Е.​Раманаў адзначаў выкананне тут на Каляды нар. драм «Цар Максімілян» і «Трон». У канцы 18 ст. ў маёнтку графа П.​А.​Румянцава дзейнічаў т-р. Актывізацыя тэатр. жыцця ў 2-й пал. 19 ст. звязана са з’яўленнем у Гомелі прыватнага тэатр. памяшкання (1852) і зімовага т-ра на 400 месцаў (1887—1900). У 19 — пач. 20 ст. ў горадзе выступалі польска-рускія трупы К.​Фядзецкага, Ю.​Кондрата, С.​Навакоўскага і В.​Вяжбіцкага; працавалі рус. тэатр. калектывы: антрэпрызы І.​Славянскага (1869; у складзе трупы В.​Далматаў, М.​Мяшкоў-Траяпольскі, Г.​Страмлянаў), Ліпоўскай (1881—82), Я.​Бяляева (1903), Л.​Балоцінай і І.​Арлова (1909); т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам Е.​Свіршчэўскага (1893—94), на чале з Г.​Фядотавай (1898), Далматавым (1898; у складзе трупы акцёры пецярб. Александрынскага т-ра В.​Істоміна, І.​Ставінская, М.​Ходатаў), Пісаравым (1910; у складзе трупы П.​Арленеў), М.​Волкавым (1917) і інш.; украінскія трупы пад кіраўніцтвам Б.​Замоўскага (1909, 1911), Н.​Запарожца (1917) і інш.; яўрэйскія пад кіраўніцтвам І.​Канеўскага (1912), А.​Ф.​Фішзона (1914); яўрэйска-нямецкая Ш.​Жоржа і Ф.​Бекера (1914). Поспехам карысталіся спектаклі па п’есах М.​Гогаля, А.​Астроўскага, М.​Горкага, А.​Чэхава, Г.​Ібсена, інсцэніроўкі па творах Ф.​Дастаеўскага, Л.​Талстога, І.​Тургенева. Прыкметную ролю ў культ. жыцці горада адыгрывалі аматары, якія наладжвалі вечары, канцэрты, ставілі спектаклі. У 1914 выходзіў «Гомельский театрально-музыкальный вестник». У 1918 у горадзе дзейнічала тэатр. аматарскае т-ва «Вянок». У пач. 1919 арганізавана пралетарская муз.-драм. студыя, якая рыхтавала канцэртныя праграмы, муз.-драм. пастаноўкі. У 1919—20 па ініцыятыве Пралеткульта створана шырокая сетка тэатр. гурткоў пры клубах і рабочых арг-цыях. У 1922 у Гомелі было 8 драм. гурткоў (найб. значны клуба чыгуначнікаў), самадзейны т-р навучэнцаў; выдаваўся часопіс т-ра, л-ры і мастацтва «Вереск». У пач. 1920-х г. у горадзе гастраліравалі бел. тэатр. калектывы, а таксама прафес. калектывы з Расіі і Украіны. У 1920-я г. дзейнічаў калектыў «Сіняй блузы». У 1930 на базе гуртка чыгуначнікаў створаны т-р рабочай моладзі, рэарганізаваны ў 1935 у калгасна-саўгасны т-р (існаваў да 1937). У 1932—37 Гомель быў базай Беларускага трэцяга дзяржаўнага тэатра. У 1938 у Гомелі пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі, у 1939 — Гомельскі абласны рускі драматычны тэатр. Пасля Айч. вайны аднавілі дзейнасць т-р лялек (працаваў да мая 1949) і абл. рус. драм. т-р (у 1946 пераведзены ў Магілёў). З 1954 цэнтрам культ. жыцця горада з’яўляецца Гомельскі абласны драматычны тэатр. З 1968 працуе Гомельскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць шматлікія самадз. драм. калектывы, нар. т-ры.

Музычнае жыццё. З часу прыняцця хрысціянства тут пераважала царкоўная музыка, асабліва спевы. У муз. культуры Гомеля 18 ст. асобае месца займае творчасць старавераў (захаваліся іх рукапісныя нотныя зборнікі). У 1-й пал. 19 ст. пераважала хатняе музіцыраванне, выкладаліся муз. дысцыпліны ў асобных прыватных навуч. установах, у т. л. ў жаночым пансіёне А.​Петрашэнь. Пасля 1852 пачалося развіццё муз. культуры гар. тыпу. У 1870—90-я г. на Гомельшчыне збіралі ўзоры песеннага фальклору муз. этнографы (З.Радчанка і інш.). Спевы і музыку выкладалі ў мужчынскіх і жаночых гімназіях, у тэхн. чыгуначным вучылішчы, настаўніцкай семінарыі. У 1903 адкрыта муз. школа С.​Валовіча, у 1907 — С.​Захарына, у 1908 — фартэпіянныя класы Б.​Розенблюма. У 1908—14 дзейнічала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства. Да 1917 пры гомельскіх храмах існавалі шматлікія хары, у т. л. мужчынскі пры Георгіеўскай царкве, дзявочы пры Петрапаўлаўскім саборы (арганізатар А.​Паскевіч). У 1908—17 у Гомелі гастраліравалі «Кааператыўнае т-ва» рус. оперы, вядомыя вакалісты, піяністы, скрыпачы (Л.Аўэр і інш.), рус. і польскія тэатр. трупы, якія ставілі муз. спектаклі. Пасля 1917 створаны шматлікія харавыя студыі і гурткі, у т. л. муз.-харавая студыя пры Гомельскім пралет. ун-це (кіраўнік Шубін), пры рабочым клубе на станцыі Палескай чыгункі (кіраўнік Р.Пукст), муз.-хар. студыя на Палессі імя Н.​Брусавай (кіраўнік М.​Назараў), студыі пры культ. аддзеле губ. савета прафсаюзаў (кіраўнік Р.​Розенблюм) і запалкавай ф-цы «Везувій» (кіраўнік А.Туранкоў). Самадзейным хар. калектывам дапамагалі кампазітары Туранкоў, Пукст, піяніст і хормайстар Г.Пятроў. У ліп. 1919 адкрыта нар. кансерваторыя, якая стала цэнтрам муз. жыцця горада. У 1920 яна рэарганізавана ў дзярж. муз. школу 1-й і 2-й ступеней, у 1921 на яе базе створаны муз. тэхнікум і спец. муз. школа. У вер. 1920 адбылася 1-я Гомельская канферэнцыя работнікаў мастацтваў. Пры губ. аддзеле нар. адукацыі быў створаны пастаянны сімф. аркестр (50 музыкантаў у ліп. 1921; дырыжоры Назараў, Захарын). У канцы 1921 адкрыта 2-я дзярж. муз. школа (у 1923 аб’яднана з 1-й, з 1940 муз. дзіцячая школа-сямігодка № 1 імя П.​Чайкоўскага). Муз. мастацтва прапагандавалі педагогі і навучэнцы тэхнікума і школы. У 1920-я г. ў Гомелі гастраліравалі шматлікія муз.-тэатр. трупы (у т. л. У.​Галубка), аркестры, асобныя выканаўцы, у т. л. А.Дункан, У.Горавіц, М.​Эрдэнка і інш. У 1930-я г. шырока развівалася маст. самадзейнасць, цэнтрам якой быў клуб чыгуначнікаў (цяпер Гомельскі Палац культуры і тэхнікі чыгуначнікаў), дзе працавалі муз., харавы, струнны і інш. гурткі. Музыку да пастановак Гомельскага трама пісалі Туранкоў і Пукст. Дзіцячым аркестрам і хорам (170 чал.) кіравалі К.​Карнілаў і Пукст, танц. калектывам, створаным у 1936, — А.Рыбальчанка. У суправаджэнні Дзярж. ансамбля бел. нар. інструментаў (кіраўнік Дз.Захар) выступала Л.Александроўская. Бел. нар. песні выконвала І.Яўнзем. Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў 30.12.1943 у Навабеліцы адбыўся святочны канцэрт з удзелам Бел. дзярж. ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы. З 1967 вял. канцэртна-лекцыйную працу вядзе Гомельская абласная філармонія, пры якой пачыналі сваю дзейнасць вак.-інстр. ансамблі «Лявоны» (з 1967; цяпер «Песняры») і «Сябры» (з 1974). Тут жыў і працаваў рэгент Петрапаўлаўскага сабора (да 1961), кампазітар М.​Бутома, царк. музыка якога шырока выконвалася ў бел. храмах і за межамі Беларусі. У 1970—80-я г. выступалі шматлікія бел. і інш. муз.-тэатр., харавыя, аркестравыя, харэаграфічныя калектывы, вак.-інстр. групы і ансамблі, калектывы з Польшчы, Венгрыі, Югаславіі. У 1978—93 у Гомелі працаваў фальклорны драм.-муз. т-р «Жалейка» (з 1985 народны, з 1989 прафесійны). У 1997 працуюць 3 муз. школы, 5 школ мастацтваў з аддзяленнямі муз. і харэаграфічным, муз. каледж імя Н.​Сакалоўскага, муз.-пед. каледж, абл. аддзяленне Саюза муз. дзеячаў Беларусі (з 1987). Больш за 30 самадзейных калектываў маюць званні народных і ўзорных.

Літ.:

Лебедев Г. Гомель: (Ист.-экон. очерк). 2 изд. Мн., 1962;

Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гомельская вобл. Мн., 1985;

Гомель: Энцикл. справ. Мн., 1991;

Мальцаў У. Тэатральная геаграфія Гомеля // Мастацтва. 1993. №11.

В.​М.​Лебедзева, А.​А.​Макушнікаў (гісторыя), М.​І.​Ліс, А.​Ф.​Самусік (асвета і культура), М.​А.​Найшулер, С.​Ф.​Самбук (архітэктура), Т.​А.​Меляшкевіч (друк), Т.​Ф.​Літвінава, Л.​Дз.​Налівайка (маст. жыццё), У.​В.​Мальцаў (тэатр. жыццё).

Праспект Леніна ў Гомелі.

т. 5, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКВА́,

федэральны горад, сталіца Расійскай Федэрацыі, цэнтр. Маскоўскай вобл. Найбуйнейшы ў краіне прамысл., фін., навук. і культ. цэнтр. Горад-герой (1965). Размешчаны ў міжрэччы Волгі і Акі, на ўскраіне Мяшчорскай нізіны. Па тэр. М. працякае каля 150 рэчак, большасць з якіх у падземных трубах; самая вял. р. Масква з прытокамі Яўза і Сетунь. Агульная пл. 1071 км² (пад жылымі кварталамі 367 км², пад прамысл. зонай 151 км², зялёнымі насаджэннямі 104 км², водныя аб’екты 24 км²). У межы М. ўключаны б. гарады Бабушкін, Любліно, Кунцава, Пярова, Тушына і інш. нас. пункты. Падзяляецца на 10 адм. акруг. 8,7 млн. ж. (1999). Вузел чыгунак, аўтамаб., водных і паветр. шляхоў зносін, рачны порт. Ад М. адыходзяць 11 электрыфікаваных напрамкаў чыгункі, 13 шашэйных дарог. 9 чыг. вакзалаў, 3 рачныя парты, 4 пасажырскія аэрапорты (Дамадзедава, Шарамецьева, Унукава, Быкова). Метрапалітэн (працягласць 255,7 км, 158 станцый). М. — адзін з найб. у свеце індустр. цэнтраў; вырабляе каля 5% прадукцыі прам-сці Расіі. У структуры прамысл. прадукцыі (1995, %) вылучаюцца электраэнергетыка — 17, машынабудаванне — 24, прам-сць буд. матэрыялаў — 8, харч. — 23, інш. — 28. Шмат прадпрыемстваў ваенна-прамысл. комплексу, вядучыя прадпрыемствы авіяц., ракетна-касм., радыёэлектроннай, прыладабуд. прам-сці. Вядучае месца займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л. станкаінстр., эл.-тэхн., аўтамаб. прам-сць, вытв-сць халадзільнага, кампрэсарнага і пад’ёмнага абсталявання, падшыпнікаў, гадзіннікаў. Найб. маш.-буд. прадпрыемствы: «ЗІЛ», АЗЛК, «Маскоўскі падшыпнік», авіяц. вытв. аб’яднанне імя Дзяменцьева, вытв. аб’яднанне «Энергія», з-ды імя Хрунічава, «Калібр», «Метраном», «Чырвоны пралетарый» і інш. Развіта хім. прам-сць, у т. л. вытв-сць аўтамаб. шын, гумава-тэхн., пластмасавых, фармацэўтычных, парфумерных вырабаў, фарбаў, тавараў быт. хіміі. Прадпрыемствы чорнай металургіі, нафтаперапр. з-д. М. — традыц. цэнтр тэкст. і швейнай прам-сці. Развіты харч. (кандытарская ф-ка «Чырв. Кастрычнік», Астанкінскі і Чаркізаўскі мясаперапрацоўчыя камбінаты, акц. т-вы «Ферэйн», «Царыцына», «Бабаеўскае» і інш.), паліграф., гарбарная, абутковая, футравая прам-сць. М. — цэнтр кнігавыдавецтва і кнігадрукавання. Кінапрамысловасць. У М. сканцэнтраваны буйныя прадпрыемствы буд. індустрыі. Фін. і інвестыцыйны цэнтр краіны (банкі, біржы). 92 плавальныя басейны, 18 палацаў спорту, 96 стадыёнаў.

Гісторыя. У канцы 1-га тыс. н.э. асновай насельніцтва М. былі вяцічы. У канцы 11 ст. М. — невял. горад з умацаваным цэнтрам і рамесна-гандл. пасадам. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1147 як уладанне суздальскага князя Юрыя Далгарукага. На мяжы 12—13 ст. значны горад Уладзіміра-Суздальскага княства. У 1237—38 разбурана мангола-татарамі. З канца 13 ст. цэнтр самаст. княства; пачынальнікам дынастыі маск. князёў быў Даніла Аляксандравіч, сын Аляксандра Неўскага. З 14 ст. цэнтр Маскоўскага вялікага княства. Каля 1326 пры Іване I з Уладзіміра ў М. перанесена рэзідэнцыя мітрапалітаў рус. правасл. царквы. У 1368 і 1370 войскі Дзмітрыя Іванавіча Данскога адбілі напады на М. вял. князя ВКЛ Альгерда. У М. фарміравалася рус. войска, якое ўдзельнічала ў Кулікоўскай бітве 1380. У 1382 горад абрабаваў і спаліў хан Тахтамыш (гл. таксама Маскоўскае паўстанне 1382). З канца 15 ст. М. — сталіца Расіі, у сувязі з чым у 15—16 ст. павялічылася эканам. значэнне горада (вытв-сць зброі, тканін, скураных, ганчарных і ювелірных вырабаў), засн. Гарматны двор, Парахавы (канец 15 ст.) і Манетны (1534) двары. У сак. 1564 І.Фёдараў (Федаровіч) і П.Мсціславец выдалі ў М. першую друкаваную рус. кнігу («Апостал»). Горад моцна пацярпеў у часы апрычніны (1565—72, 1575—76), у 1571 спалены (акрамя Крамля) войскам крымскага хана Даўлет-Гірэя. У 1610 акупіраваны войскамі Рэчы Паспалітай, вызвалены нар. апалчэннем пад кіраўніцтвам К.​М.​Мініна і Дз.​М.​Пажарскага. З 17 ст. М. — усерас. цэнтр рамеснай вытв-сці і гандлю (у канцы 1630-х г. у горадзе было каля 2 тыс. рамеснікаў), узніклі парахавыя млыны, папяровыя мануфактуры, Гранатны двор і інш. У 1687 засн. Славяна-грэка-лацінская акадэмія (з 1682 Маск. духоўная акадэмія). У 1682 (гл. Маскоўскае паўстанне 1682) і 1698 у М. адбыліся бунты стральцоў. З 1708 цэнтр Маскоўскай губ., рэзідэнцыя ген.-губернатарства. Пасля пераносу ў 1712 сталіцы Расіі ў Пецярбург М. засталася важнейшым эканам., гандл. і культ. цэнтрам краіны. У 18 ст. развівалася тэкст. вытв-сць (палатняныя, шаўковыя мануфактуры, Суконны двор). Паводле перапісу 1701 у М. 16 358 двароў. Пачалося брукаванне вуліц, у 1730 з’явілася вулічнае асвятленне, у 1781—1804 пабудаваны першы ў Расіі водаправод. У 1699 засн. Бурмістрава палата (пазней Ратуша, з 1720 Магістрат), у 1785 — Гар. дума. Засн. Артыл. (1707) і Інж. (1712) школы, у 1755 — Маскоўскі універсітэт. У вайну 1812 М. — цэнтр агульнарас. супраціўлення, на ​2/3 спалена войскамі Напалеона 1. У 1814 тут дзейнічала больш за 250 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст. М. — найбуйнейшы чыг. цэнтр краіны. У канцы 1840-х г. у горадзе з’явіўся першы грамадскі транспарт — «лінейкі», у 1899 — трамвай. У пач. 20 ст. М. — буйны сусв. крэдытна-фін. цэнтр. Адзін з цэнтраў рэвалюцыі 1905—07 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі. З 1918 М. — сталіца РСФСР, у 1922—91 — СССР. У Вял. Айч. вайну адбылася Маскоўская бітва 1941—42, масквічы сфарміравалі 16 дывізій нар. апалчэння; тут знаходзіліся Дзярж. к-т абароны і Стаўка Вярх. галоўнакамандавання. У 1980 месца правядзення ХХП летніх Алімп. гульняў. У 1990 у М. абвешчаны дзярж. суверэнітэт Рас. Федэрацыі. З 1992 М. — сталіца Рас. Федэрацыі, горад федэральнага значэння — суб’ект Рас. Федэрацыі.

Архітэктура. Гіст. ядро М. — Крэмль Маскоўскі (узнік у 11—12 ст. у сутоках Масквы-ракі і р. Няглінная), Красная плошча (з 15 ст.) з Васіля Блажэннага храмам (1555—90). У аснове радыяльна-кальцавога плана М. вуліцы, што разыходзіліся ад Крамля, і 3 поясы крапасных умацаванняў: Кітай-горада (1535—38, захаваліся фрагменты), Белага горада (1585—93, дойлід Ф.​Конь, цяпер Бульварнае кальцо) і Землянога горада (1591, 1641 і 1659, цяпер Садовае кальцо). У 13—16 ст. на гал. падыходах да М. ўзведзены ўмацаваныя манастыры: Андронікаў манастыр, Данскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Данілаў (засн. ў 1282, цяпер манастыр-рэзідэнцыя патрыярха Маскоўскага) і інш. Забудова горада была пераважна драўляная. У 14 ст. складваецца Маскоўская школа дойлідства. Пачалі будаваць каменныя пасадскія храмы, у т. л. бесстаўповыя, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі (царква Зачацця Ганны, што ў Вугле, 1478—93). У 16 ст. будавалі цэрквы стоўпападобныя шатровыя (царква Ушэсця ў Каломенскім, 1532), манум. 5-купальныя (царква Адсячэння галавы Іаана Прадцечы ў Дзякаўскім, 1547). У 17 ст. Крэмль страціў крапасное значэнне, яго вежы ўпрыгожылі дэкар. шатрамі; культавыя і грамадз. збудаванні набылі свецкі характар, ускладніўся сілуэт, з’явіліся ўзорыстая цагляная муроўка, белакаменная разьба, каляровая кафля (царква ў Хамоўніках, 1679—80). З канца 17 ст. будавалі ў духу т.зв. нарышкінскага барока: цэрквы Уваскрэсення ў Кадашах (1687—1713, перабудавана ў 1860), Тройцы ў Хахлоўскім завулку (1696, каляровая кафля бел. цанінніка Палубеса), Тройцы ў Троіцкім-Лыкаве (1698—1704, прыпісваецца Я.​Бухвоставу), каменныя жылыя дамы (палаты дзяка Аверкія Кірылава, 1657, перабудаваны ў 18 ст.). Многія храмы і палацы М. аздаблялі бел. рэзчыкі (гл. Беларуская рэзь). З канца 17 — пач. 18 ст. былі спробы рэгулявання планіроўкі гар. кварталаў, складзены першы геад. план М. (1731—39, арх. І.​Мічурын, І.​Мардвінаў). Будавалі ў традыц. формах 17 ст. з выкарыстаннем ордэра, склаўся стыль барока (царква Архангела Гаўрыіла, т.зв. Меншыкава вежа, пачата ў 1701, у 1704—07 — арх. І.​Зарудны; дом Апраксіных, 1766—69). У 2-й пал. 18 ст. ў М. пашырана буд-ва ў формах класіцызму: будынкі Шляхетнага сходу (да 1775, перабудаваны ў 1784—90; цяпер Дом Саюзаў), Сената ў Крамлі (1776—88; цяпер рэзідэнцыя прэзідэнта Рас. Федэрацыі), Галіцынскага шпіталя (1796—1801), царква Філіпа Мітрапаліта (1777—88), дамы Дзямідава (1779—91), Барышнікава (1797—1802; усе арх. М.​Казакоў), Пашкова (1784—96, арх. В.​Бажэнаў, цяпер корпус Рас. дзярж. б-кі). У канцы 18 ст. на месцы Белага горада закладзены бульвары (першы — Цвярскі, 1796). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. склаліся ансамблі падмаскоўных сядзіб — Астанкіна, Кускова, Царыцына і інш. На ўскрайках М. сяліліся рамеснікі і рабочыя. Пасля пажару 1812 (зруйнавана больш за ​2/3 будынкаў) створана «Камісія для адбудовы Масквы» (1813—43, адзін з кіраўнікоў арх. В.​Бавэ), праводзіліся вял. горадабуд. работы, створаны ансамблі Краснай і Тэатральнай плошчаў, разбіты Аляксандраўскі сад, узведзены будынкі манежа (1817, Л.​Карбанье, А.​Бетанкур, Бавэ), Вялікага тэатра Расіі (1824), перабудаваны ун-т (1817—19, арх. Д.​Жылярдзі). Аблічча М. вызначала жылая забудова невял. асабнякамі (майстар А.​Грыгор’еў). Найб. значныя збудаванні 1-й трэці 19 ст. ў стылі ампір: Удовін дом (1809—11, арх. Дж.​Жылярдзі, перабудаваны ў 1818, арх. Д.​Жылярдзі), сядзібы кн. Галіцыных (Кузьмінкі, 1820-я г.), Усачовых-Найдзёнавых (1829—31, абедзве арх. Д.​Жылярдзі), Правіянцкія склады (1821—35, арх. В.​Стасаў, Ф.​Шастакоў), Трыумфальныя вароты (1827—34, арх. Бавэ). Пабудовы 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі і стылю мадэрн: храм Хрыста Збавіцеля ў памяць вайны 1812 (1837—83, знесены ў 1930-я г., адноўлены ў 1990-я г.), Мікалаеўскі вакзал (цяпер Ленінградскі; 1849, абодва арх. К.​Тон, рус.-візант. стыль), Гістарычны музей (1875—81), Музей выяўленчых мастацтваў імя А.​С.​Пушкіна (1898—1912), будынак МХАТ імя А.​П.​Чэхава (1902), асабняк Рабушынскага (1902—06, абодва арх. Ф.​Шэхтэль, мадэрн), гал. фасад Траццякоўскай галерэі (1906). План «Новая Масква» (1918—25, калектыў архітэктараў пад кіраўніцтвам А.​Шчусева і І.​Жалтоўскага) прадугледжваў добраўпарадкаванне цэнтр. і перыферычных раёнаў М., буд-ва жылых кварталаў са свабоднай расстаноўкай будынкаў, багатым азеляненнем (раёны Усачоўкі, Дангаўэраўкі і інш.). Грамадскія будынкі 1920—30-х г. у духу канструктывізму: радыёвежа на Шабалаўцы (1921, інж. У.​Шухаў), дом газ. «Известия» (1925—27, арх. Р.​Бархін), клуб імя І.​Русакова (1927—29, арх. К.​Мельнікаў). Цэнтр. стат. ўпраўленне (1928—35, арх. Ле Карбюзье, з удзелам арх. М.​Колі; цяпер Дзяржкамстат Расіі), камбінат газ. «Правда» (1929—35, арх. П.​Голасаў), Палац культуры аўтазавода «АМО» (1930—34, арх. браты Весніны) і інш. У ансамблі Краснай пл. маўзалей У.​І.​Леніна (1929, арх. Шчусеў). У 1930-я г. пачалося буд-ва метрапалітэна, здадзена ў эксплуатацыю першая тралейбусная лінія, пабудаваны канал імя Масквы. У працэсе рэалізацыі плана рэканструкцыі М. 1935 (арх. У.​Сямёнаў, С.​Чарнышоў і інш.) створана Манежная пл., пабудаваны гасцініца «Масква» (арх. Шчусеў, А.​Стапран, Л.​Савельеў), будынак Дзяржплана (абодва 1932—38, арх. А.​Лангман), рэканструяваны гал. гар. магістралі — вул. Горкага (цяпер Цвярская), Мажайская шаша (цяпер ч. Кутузаўскага праспекта) і інш. У 1936—39 цалкам перабудаваны масты, у т. л. Маскварэцкі (арх. Шчусеў, інж. В.​Кірылаў), вісячы Крымскі (арх. А.​Уласаў, інж. В.​Канстанцінаў), створана Усесаюзная с.-г. выстаўка (перабудавана ў 1954, цяпер Усерас. выставачны цэнтр). У канцы 1940-х—60-я г. ўзводзілі вышынныя будынкі: Маскоўскі ун-т на Вараб’ёвых гарах (1949—53), жылыя дамы на вул. Паўстання (арх. М.​Пасохін, А.​Мндаянц і інш.), гасцініца «Украіна» (1957, арх. А.​Мардвінаў). З 1950-х г. на свабодных землях ствараліся буйныя гар. раёны, падзеленыя на мікрараёны (Паўд. Захад, Новыя Чаромушкі, Паўн. Ізмайлава і інш.); забудова вялася паводле тыпавых праектаў 5-павярховымі дамамі, з сярэдзіны 1960-х г. — дамамі ў 9 і больш паверхаў. У цэнтры пракладзены і забудаваны новыя праспекты — Камсамольскі (1958—65), Калінінскі (1964—69, цяпер Новы Арбат), Навакіраўскі (1980—90-я г., цяпер праспект А.​Дз.​Сахарава) і інш. Сярод значных збудаванняў у формах сучаснай архітэктуры: комплекс Цэнтр. стадыёна ў Лужніках (1955—56), кінаканцэртная зала «Кастрычнік» (1967), тэлецэнтр у Астанкіне (вежа — 1967, выш. 533 м, будынак — 1968), будынак СЭУ на Новым Арбаце (1969, цяпер Маск. мэрыя), комплекс гасцініцы «Расія» (1967—70) з Цэнтр. канцэртнай залай (1974); Курскі вакзал (1972), Дом урада Рас. Федэрацыі («Белы дом», 1981), камфартабельныя гасцініцы («Балчуг-Кемпінскі», «Прэзідэнт-атэль») і жыллёвыя комплексы (1990-я г.). У выніку рэканструкцыі 1992—96 Манежная пл. пераўтворана ў гандл.-рэстаранны цэнтр; уздоўж агароджы Аляксандраўскага сада адкрыта штучнае рэчышча (імітацыя вадацёку р. Няглінная), дэкарыраванае балюстрадамі і скульпт. групамі на тэмы рус. казак (скульпт. З.​Цэрэтэлі). Паркі: Цэнтр. культуры і адпачынку імя М.​Горкага, Ізмайлаўскі, Сакольніцкі і інш. Помнікі: А.​С.​Пушкіну (1880), «Героям Плеўны» (1887), І.​Фёдараву (1909), М.​Горкаму (1951), Ю.​Далгарукаму, П.​І.​Чайкоўскаму (абодва 1954), М.​Ю.​Лермантаву (1965), «Невядомаму салдату» (1967), М.​І.​Кутузаву (1973), маршалу Г.​К.​Жукаву (1996) і інш. Крэмль і ансамбль Краснай пл. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Культурна-асветныя ўстановы. У М. знаходзяцца расійскія АН, АМ, акадэмія мед. навук і інш. галіновыя акадэміі; каля 1 тыс. НДІ і канструктарскіх бюро; каля 80 ВНУ, у т. л. Маскоўскі універсітэт, маскоўскія тэхн. ун-т, лінгвістычны ун-т, кансерваторыя, расійскія ун-т дружбы народаў, мед. ун-т, акадэміі: мед., с.-х., ветэрынарная, нафты і газу, эканам., кіравання, музыкі імя Гнесіных, хар. мастацтва імя Свешнікава, тэатр. мастацтва, харэаграфічная, фіз. культуры; ін-т кінематаграфіі, тэатр. і муз. вучылішчы. Буйнейшыя б-кі: Рас. дзяржаўная, гіст., замежнай л-ры, Маскоўскага ун-та і інш. Больш за 70 музеяў, у т. л. музейнае аб’яднанне «Траццякоўская галерэя», выяўл. мастацтваў імя Пушкіна, Гістарычны, Політэхн., Аружэйная палата, архітэктуры імя Шчусева, гісторыі М., Тэатральны імя Бахрушына, Літаратурны; дамы-музеі В.​Васняцова, М.​Горкага, М.​Лермантава, Л.​Талстога, М.​Цвятаевай, А.​Чэхава, Ф.​Шаляпіна і інш.; маст. галерэі і выставачныя залы. Каля 60 прафес. тэатраў, у т. л. Вялікі, муз. імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, аперэты, Малы, МХАТ імя Чэхава, МХАТ імя Горкага, імя Вахтангава, імя Маякоўскага, імя Массавета, імя Ярмолавай, «Ленком», на Таганцы, на Малой Броннай, «Сучаснік», Сатыры, лялек імя Абразцова і інш.; тэатры-студыі. 2 цыркі. Канцэртная зала імя Чайкоўскага, Вял. і Малая залы кансерваторыі, Калонная зала Дома Саюзаў, Цэнтр. канцэртная зала «Расія» і інш. Кінаканцэрн «Масфільм» і інш. кінастудыі. Тэлецэнтр «Астанкіна».

У М. адбываюцца Міжнар. конкурс артыстаў балета (з 1969), Міжнар. конкурс імя Чайкоўскага (з 1958), Маскоўскі міжнар. кінафестываль (у 1935, з 1959 раз у 2 гады), муз. фестывалі «Маскоўскія зоркі», «Руская зіма», «Маскоўская восень», фестываль музыкі і жывапісу «Снежаньскія вечары» і інш.

Беларусы ў Маскве. З бел. зямель ВКЛ у М. перасяляліся пакрыўджаныя ці незадаволеныя палітыкай вял. князёў прадстаўнікі вышэйшага феад. саслоўя (князі Бельскія, Вяземскія, Глінскія і інш.), выводзіліся захопленыя ў час войнаў палонныя — шляхта, сяляне, рамеснікі. У 1-й пал. 16 ст. вял. кн. маскоўскі Васіль III набраў сабе атрад целаахоўнікаў пераважна з выхадцаў з ВКЛ і пасяліў іх асобна ў створанай для іх слабадзе Налі (Наліўкі, Налейка). У пач. 17 ст. засн. яшчэ 2 вайск. слабады, населеныя ў асн. беларусамі — Старапанская (Іншаземная) у раёне Варанцова поля (у 1638 былі 52 двары) і Панская (абедзве асіміляваны да канца 17 ст.). Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 каля ​1/5 насельніцтва М. складалі палонныя беларусы, якія сяліліся па розных слабодах (найб. у Броннай і Ганчарнай). У 1672 для іх створана новая іншаземная Мяшчанская слабада, дзе ў 1684 у 477 дварах жыло 612 сем’яў (жыхары Мяшчанскай слабады асіміляваны ў пач. 18 ст.). З 15 ст. ў М. існаваў Літ. купецкі двор, дзе спыняліся купцы з ВКЛ (двор размяшчаўся ў раёне Варварскага крыжа; цяпер вул. Разіна), у канцы 16 ст. перанесены на Лубянскую плошчу, дзе праіснаваў да 2-й пал. 17 ст. З 16 ст. ў М. існаваў дыпламат. двор, прызначаны для пражывання пасольстваў ВКЛ — на Успенскім яры (з 1530), Пакроўцы (з 1560-х г.), Ільінцы ў Кітай-горадзе (пач. 17 ст.); дыпламат. двор ліквідаваны ў сярэдзіне 17 ст. паводле ўказа цара Міхаіла Фёдаравіча. Значны ўплыў на развіццё грамадскай думкі, культуры, асветы, кнігадрукавання ў Расіі 16—18 ст. зрабілі выхадцы з Беларусі, у т. л. П.​Мсціславец, І.​Фёдараў (Федароўскі), а таксама тыя, што жылі ў М.: І.С.Перасветаў, І.Ф.Капіевіч, А.Х.Белабоцкі, Сімяон Полацкі і інш. Трупа першага рус. (прыдворнага) тэатра (1672—76) амаль цалкам складалася з беларусаў Мяшчанскай слабады. У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі беларусаў працавалі на Друкарскім двары, у Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, цэрквы і манастыры М. Яны прывезлі новыя рамёствы, тэхніку беларускай рэзі, вырабу шматколернай кафлі і інш. У 1800 у М. перасялілі музыкантаў Шклоўскага тэатра Зорыча. У 19 — пач. 20 ст. у М. працавалі мастакі С.К.Заранка, С.Ю.Жукоўскі, В.К.Бялыніцкі-Біруля, вучоныя А.А.Кавалеўскі, В.К.Цэраскі, А.С.Будзіловіч і інш. У першыя дзесяцігоддзі 20 ст. ў М. існавалі бел. паліт. і культ.-асв. арг-цыі: Беларуская сацыялістычная грамада, Беларуская народная грамада, бел. секцыя пры ЦК партыі левых эсэраў, Цэнтр. бюро бел. секцый РКП(б), Беларускі нацыянальны камісарыят, Беларускі народны універсітэт, Беларускае навукова-культурнае таварыства, клуб «Беларус», Беларуская чыгуначная грамада і інш. У 1920—1-й пал. 1930-х г. у М. дзейнічалі Беларускае Цэнтральнае бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР, Цэнтр. бюро бел. студэнцкіх арг-цый, Беларускае пралетарскае студэнцкае зямляцтва, Т-ва паліт. эмігрантаў з Зах. Беларусі, Беларуская культурна-навуковая асацыяцыя, Беларускі клуб, Беларуская драматычная студыя, Беларуская песенная камісія, бел. секцыя Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. прыток беларусаў у М. значна павялічыўся: калі ў 1926 у М. было 13 тыс. чал. беларусаў, то ў 1959—34 370, у 1970—50 257, у 1989—73 005. Многія беларусы і ўраджэнцы Беларусі 20 ст. сталі ў М. вядомымі дзярж., грамадскімі і культ. дзеячамі, вучонымі: А.М.Адамовіч, Ж.А.Алфёраў, І.Р.Брайцаў, В.А.Гальданскі, А.А.Грамыка, Я.Б.Зяльдовіч, Л.Іларыёнава, А.К.Каўка, К.Т.Мазураў, Я.А.Мандэльштам, А.Б.Мігдал, П.В.Сухі, М.М.Улашчык, Ф.Л.Шапіра, О.Ю.Шміт, Я.​Шыраеў, касманаўты У.В.Кавалёнак і П.А.Клімук. З канца 1980-х г. у М. зноў ствараюцца бел. культ.-асв. і грамадска-паліт. арг-цыі: Т-ва бел. культуры імя Ф.​Скарыны, аб’яднанне беларусаў М. «Бацькаўшчына», студэнцкая суполка «Пагоня», бел. каталіцкая і уніяцкая суполкі і інш. У кастр. 1999 створана бел. нац.-культ. аўтаномія «Беларусы Масквы». Выдаецца бюлетэнь «Шляхам Скарыны». Прадстаўнікі маск. бел. арг-цый удзельнічалі ў сходзе беларусаў блізкага замежжа (1992), з’ездах беларусаў свету (1993, 1997). У М. размешчаны сядзібы Міжрэгіянальнага аб’яднання беларусаў Расіі і федэральнай нац.культ. аўтаноміі «Беларусы Расіі».

Літ.:

Москва: Энцикл. М., 1998;

Забелин И. История города Москвы: Репринт. воспр. изд. 1905 г. М., 1990;

По Москве: Репринт. воспр. изд. 1917 г. М., 1991;

Молокова Т.А., Фролов В.П. История Москвы в памятниках культуры: К 850-летию столицы. М., 1997;

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;

Брага С. [Тумаш В.] Доктар Скарына ў Маскве. Мн., 1993;

Прыбытка Г. Міласцю прыроднаю майстры: Бел. слабоды ў Маскве // Бел. мінуўшчына. 1993. № 3/4;

Москва: Памятники архитектуры XIV—XVII вв.: [Альбом]. М., 1973;

Москва: Памятники архитектуры XVIII — первой трети XIX в. Кн. 1—2. М., 1975;

Кириченко Е. Москва: Памятники архитектуры 1830—1910 хт. М., 1977.

Г.​С.​Смалякоў (геаграфія, эканоміка), Г.​В.​Прыбытка (гісторыя), Р.​Л.​Раманаў (архітэктура), Г.​В.​Прыбытка, Г.​Г.​Сяргеева (беларусы ў Маскве).

Да арт. Масква. Від на Маскву-раку.
Да арт. Масква. Вуліца С.​Разіна.
Да арт. Масква. Пасольскі двор. Малюнак І.-Р.​Сторна для кнігі А.​Меерберга «Вандраванне ў Масковію». 1661—62.
Да арт. Масква. У заваяванай Маскве. (Падпальшчыкі). Мастак В.​В.​Верашчагін. 1897—98.
Да арт. Масква. Царква Зачацця Ганны, што ў Вугле. 1478—93.
План Масквы 1610 («Жыгімонтаў план»), Складзены І.​Г.​Абелінам. Гравюра Л.​Кіліяна.
Помнік Г.​К.​Жукаву ў Маскве. 1996.
Да арт. Масква. Універсітэт імя М.​В.​Ламаносава.
Да арт. Масква. Жыллёвы комплекс на Мажайскай шашы. 1999.
Да арт. Масква. Гасцініца «Расія». 1967—70.

т. 10, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕБАЧАННЕ

Гісторыя развіцця. Бел. тэлебачанне выйшла ў эфір 1.1.1956. Рэгулярныя перадачы вяліся ў Мінскай тэлестудыі, якая напачатку выконвала пераважна функцыі транслятара твораў мастацтва (кінематографа, тэатра, музыкі). Тэлепраграмы складаліся з канцэртных нумароў і тэлеспектакляў на кінаплёнцы, што дасылаліся з Масквы, а таксама кінафільмаў і кіначасопісаў з мясц. пракату. Перадачы дэманстраваліся не кожны дзень, аб’ём вяшчання складаў 2—3 гадз у суткі. Са студзеня 1956 выступленнямі бел. паэтаў П.​Броўкі і П.​Глебкі пачаліся першыя дакумент. перадачы. У красавіку 1956 убачыў свет першы тэлечасопіс «Піянерскі касцёр», працягвалася работа над тэлечасопісамі «Мастацтва», «Фізкультура і спорт», «Веды», «Для вас, жанчыны». Да канца 1956 арыгінальнае вяшчанне Мінскай тэлестудыі склала 130 гадз. У Мінску на той час мелася каля 6 тыс. тэлевізараў.

У чэрвені 1957 пры Савеце Міністраў БССР створаны Камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні. У ліпені 1957 на Мінскай тэлестудыі ўпершыню выкарыстана перасоўная тэлестанцыя, што дазволіла весці прамую трансляцыю з месца падзей (урачыстых сходаў, спарт. спаборніцтваў, муз. і тэатральных прадстаўленняў). Напр., у маі 1958 адбылася прамая трансляцыя з Мінскага трактарнага завода пра выпуск 100-тысячнага трактара «Беларусь». Маст. жыццё тэлетэатра пачалося з асваення аднаактовай драматургіі і экранізацыі невялікіх апавяданняў. Рэпертуар тэлетэатра пашыраўся за кошт эпічных твораў бел., рус. і замежнай літаратуры: «Брат мой, вораг мой» паводле М.​Уілсана, «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» паводле Ф.​Дастаеўскага (абодва 1956), «Песня музыкі» паводле Я.​Коласа (1958, рэж. усіх У.​Кухта), «Суд» У.​Галубка (1958, рэж. М.​Моін), «Млын на Сініх Вірах» У.​Караткевіча, «Якаў Багамолаў» М.​Горкага (абодва 1959, рэж. В.​Карпілаў) і інш. Прэм’еры тэлеспектакляў на мінскіх экранах адбываліся амаль кожны месяц.

Для пашырэння зоны прыёму перадач Мінскага тэлецэнтра пабудаваны рэтрансляцыйныя станцыі ў Баранавічах, Гродне, Магілёве, Віцебску, Бабруйску; у Гомелі ў 1958 пачаў перадачы ўласны тэлецэнтр. У 1956 перадачы Мінскай студыі тэлебачання прымалі 4500 чал., у 1960 — каля 1 млн. жыхароў Беларусі (мелася 30 тыс. тэлевізараў). Рост аўдыторыі гледачоў выклікаў патрэбу ў дыферэнцыяцыі праграм, арыентаваных на інтарэсы розных сац.-дэмаграфічных груп. Пачаліся перадачы для дзяцей, моладзі, жанчын, работнікаў прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Практыкаваліся выступленні знакамітых людзей краіны, вучоных, грамадскіх дзеячаў. Узніклі новыя кірункі вяшчання: навукова-папулярныя перадачы, кінапраграмы, служба інфармацыі. Інфармацыя грамадска-паліт. характару падавалася ў кіначасопісе «Навіны дня», са жніўня 1958 — ва ўласных тэлевыпусках апошніх паведамленняў пра жыццё Беларусі і інш. краін. Узнікненне на тэлебачанні кінавытворчасці дазваляла ўключаць у інфарм. выпускі па 1—2 сюжэты, знятыя кінахранікёрамі. Аператыўнасць такой інфармацыі была нізкая, таму інфарм. каштоўнасць тэленавін павышалі «жывыя» сюжэты: выступленні і інтэрв’ю ў студыі, прамыя рэпартажы з сустрэч, з вытворчасці.

Больш дынамічна Бел. тэлебачанне развівалася ў 1960—70-я г. У 1960—68 уведзены ў дзеянне тэлецэнтры ў Віцебску, Брэсце, Гродне, пабудаваны моцныя рэтрансляцыйныя станцыі ў Магілёве, Слоніме, Ушачах, 10 рэтранслятараў малой магутнасці ў інш. гарадах. Гэта дазволіла ахапіць тэлевяшчаннем больш за палавіну тэр. Беларусі (мелася 79 тыс. тэлевізараў). У 1961 Мінская тэлестудыя і Камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні аб’яднаны ў адзіны творчы калектыў, які ў сакавіку 1964 перайменаваны ў Студыю Бел. тэлебачання. Радыёрэлейная лінія, якая злучыла Мінск і Маскву, дала магчымасць выхаду бел. перадач за межы рэспублікі; на Беларусі пачала трансліравацца 1-я праграма Цэнтр. тэлебачання. Тэлестудыі Мінска, Гомеля, Брэста, Віцебска абменьваліся праграмамі з інш. гарадамі СССР і праз сістэму Інтэрбачання знаёмілі жыхароў суседніх краін Усх. Еўропы з жыццём рэспублікі. У 1962 Бел. тэлебачанне ўпершыню выйшла на Інтэрбачанне з праграмай-тэлепрагулкай па сталіцы Беларусі. З жыццём і культурай бел. народа жыхароў Польшчы, Чэхаславакіі, Балгарыі, Венгрыі і інш. краін знаёмілі перадачы «Беларускі балет», «Беларуская лірычная», «Спявае Зіновій Бабій», «20 мірных гадоў», дакумент. тэлефільмы «Сустрэча з горадам» (рэж. І.​Пікман), «Ёсць такі Салігорск» (рэж. А.​Браілоўскі; абодва 1967) і інш. На Цэнтр. тэлебачанні з Мінска паказвалі папулярныя праграмы «Блакітны агеньчык», «Эстафета навін», «Пошук». Міжнар. і ўсесаюзны поспех прыйшоў з каляровым кароткаметражным фільмам «Зімовы дуб» (1963, рэж. М.​Кожын), які быў адзначаны «Залатой німфай» на фестывалях тэлефільмаў у гарадах Мюнхен (Германія), Прага і Монтэ-Карла (Манака). Папулярнымі былі бел. тэлеспектаклі «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа (1965, рэж. А.​Гутковіч) і «Крах» па п’есе А.​Талстога і П.​Шчогалева «Змова імператрыцы» (1966, рэж. В.​Карпілаў).

У структуры бел. тэлепраграмы значна павялічыліся дакумент. перадачы. Грамадска-паліт. праграмы займалі да 50% аб’ёму вяшчання. Сістэматычна выходзілі ў эфір цыклы «Вуліцы і плошчы расказваюць», «Колас», «Літаратурная Беларусь», «Народны кантроль», «Трыбуна прапагандыста» і інш. Бягучую інфармацыю аператыўна перадавалі выпускі тэлевізійных навін (ТН).

З сярэдзіны 1960-х г. Бел. тэлебачанне стала асноўнай крыніцай інфармавання насельніцтва пра паліт., эканам. і культурнае жыццё краіны. Аб’ём уласнага вяшчання склаў 718 гадз у год, што ў 5,5 раза больш у параўнанні з 1956. Пераважалі жанры і формы прамога тэлеэфіру, нягледзячы на недахоп перасоўных станцый і іх тэхн. недасканаласць. У 1965 рэдакцыя кінапраграм і кіназдымак пераўтворана ў галоўную рэдакцыю «Тэлефільм», якая спалучыла ў сабе магчымасці кінатворчасці і спецыфіку эфірных перадач. У 1960—70-я г. яна выпусціла 40 маст. і дакумент. фільмаў, сярод якіх вылучыліся дакумент. стужкі «Чалавек нараджаецца для шчасця» (рэж. С.​Фрыд, дыплом 1-й ступені на 1-м Усесаюзным фестывалі ў Кіеве), «Апавяданне пра зялёны дом» (рэж. С.​Браўдэ, прыз «Малы бурштын» на фестывалі ў Рызе за лепшы фільм аб прыродзе роднага краю), маст. фільм «Запруда» (рэж. У.​Карасёў, прыз Дзяржтэлерадыё СССР за лепшы маст. фільм на 2-м Усесаюзным фестывалі «Чалавек і мора» ва Уладзівастоку) і інш. Значнай падзеяй стала работа над 6-серыйным дакумент. тэлефільмам «Біяграфія маёй рэспублікі» (1968, рэж. І.​Рудамётаў, В.​Карпілаў, І.​Вейняровіч, У.​Станкевіч, А.​Ястрабаў). Адначасова ўдасканальвалася структура тэлевізійнага тэатра: рэпрадукцыйная — зберажэнне і распаўсюджванне лепшых тэатральных спектакляў у выглядзе трансляцый з тэатральнай залы і экраннай транскрыпцыі сцэнічных твораў; прадукцыйная — рэалізацыя ўласных тэлевізійных твораў, што сінтэзавалі традыцыйнае сцэнічнае мастацтва (майстэрства акцёра і рэжысёра) і якасці тэлебачання (праграмнасць, цыклічнасць, наяўнасць масавай аўдыторыі): тэлеспектаклі «Прымакі» Я.​Купалы (1967, рэж. Ю.​Сурыкаў), «Трывожнае шчасце» паводле І.​Шамякіна (1968, рэж. А.​Гутковіч), «Ткачы» Г.​Гаўптмана (1969, рэж. В.​Карпілаў) і інш. Выкарыстанне тэхналогіі відэазапісу і відэамантажу дазволіла весці здымкі значна большай працягласці, чым кінакамерай, і адбіраць патрэбныя кадры з большай колькасці матэрыялаў.

У 1970-я г. тэлевяшчаннем было ахоплена 95% тэр. Беларусі. У насельніцтва быў 1 млн. 585 тыс. тэлевізараў; тэлепрыёмнікі мелі кожныя 70 сем’яў са 100. З верасня 1974 Студыя Бел. тэлебачання стала рэгулярна ўключаць у праграму каляровыя перадачы ўласнай вытворчасці. Здача ў эксплуатацыю ў 1978 новага апаратна-студыйнага комплексу Бел. радыётэлецэнтра з абноўленым абсталяваннем дала магчымасць палепшыць якасць перадач у каляровым адлюстраванні. Галоўная тэндэнцыя бел. вяшчання гэтага перыяду — вобразна-эмацыянальны паказ вытворчых працэсаў. Праграмы «Вышыня», «ТэлеАТК», «Народныя чытанні», «Перспектывы», «Дзелавыя сустрэчы» і інш. асвятлялі работу на палях і заводах, актуальныя пытанні жыцця. Фарміраваўся новы кірунак у рабоце з гіст. матэрыялам. Падзеі мінулага знайшлі мастацкае публіцыстычнае ўвасабленне на тэлеэкране ў цыкле перадач «У сузор’і роўныя», праграме «Памяць», 6-серыйным дакумент. відэафільме «Этапы вялікіх здзяйсненняў» (1976). Характэрным для Бел. тэлебачання 1970-х г. было стварэнне шматсерыйных маст. твораў, у т. л. 3-серыйнага маст. тэлефільма «Уся каралеўская раць» (1970, рэж. Н.​Ардашнікаў і А.​Гутковіч), і маст. відэафільмаў. Тэлевізійны тэатр набыў новыя эстэтычныя арыенціры. Вядучае месца заняў паэтыка-сімвалічны кірунак, які вызначаўся яркай метафарычнасцю і адкрыта ўмоўнай мовай рэжысуры. У рэпертуары бел. тэлетэатра пераважалі паэтычныя творы. Найбольш цікавыя ў гэтых адносінах тэлеспектаклі паводле твораў Я.​Купалы «Па шчасце, па сонца» (1971, рэж. В.​Раеўскі) і «На Куццю» (1982, рэж. Н.​Арцімовіч). Засваенне тэлевізійным дакумент. кіно жанраў маст. публіцыстыкі найперш выявілася ў замалёўках і нарысах. Напр., партрэтны нарыс «Тварам да вас» (1978, рэж. В.​Шавялевіч) пра дырыжора Бел. тэатра оперы і балета Т.​Каламійцаву — лепшая публіцыстычная работа Усесаюзнага тэлеэкрана.

У 1980-я г. Бел. тэлебачанне выйшла на вядучыя пазіцыі ў галіне асвятлення культурнага жыцця Беларусі. Удасканальвалася структура тэлепраграм. У студз. 1981 на 6-м канале пачала выходзіць самастойная бел. праграма, якая не перакрывалася праграмамі з Масквы. Па аб’ёме ўласнай прадукцыі яна займала 6-е месца ў СССР, а яе перадачы глядзелі 86% насельніцтва Беларусі. Штодзённая тэлепраграма складалася з 3 блокаў вяшчання: інфармацыйна-публіцыстычнага, навукова-пазнавальнага і мастацкага. Ствараліся перадачы для дзяцей, моладзі, сельскіх жыхароў, навучальныя цыклы. Паказчыкам росту аб’ёму аператыўнай інфармацыі з’яўляўся пастаянны выхад на працягу дня 4 выпускаў навін замест 2. У абл. тэлестудыях мясц. выпускі далучаліся да вядучай праграмы «Панарама» і ішлі адзіным інфарм. блокам; агульны аб’ём тэлеінфармацыі павялічыўся да 60 мін у суткі. Выкарыстанне візуальнага матэрыялу, сінхронных (адначасовы запіс карцінкі і гуку) кінавідэасюжэтаў рабіла інфармацыю больш дакладнай. У штодзённай праграме «Наш каментарый» на працягу 5 мін паліт. аглядальнікі звярталіся да хвалюючых пытанняў жыцця краіны. У эфір выходзілі перадачы ў форме прамых прэс-канферэнцый з выкарыстаннем тэлефона: «Вам адказвае міністр», «Шчырая размова», «Служба вашага настрою» і т.зв. праблемныя: «Арыфметыка беражлівасці», «Што хаваецца за дэфіцытам?». Лепшымі рубрыкамі маст. вяшчання былі віктарына «Пра музыку ад «А да Я», тэлерадыёконкурс «Песню бярыце з сабой», забаўляльная праграма «Дыскатэка» і інш. Папулярнасцю карысталіся перадачы «Роднае слова», «Камертон», «Экран: праблемы, героі», «У святле рампы», «У свеце жывапісу, графікі і скульптуры». Новая тэхніка вывела праграмы на сучасны ўзровень: узніклі камп’ютэрная графіка, тэлесуфлёры, новыя віды сувязі. Аб’ём маст. вяшчання павялічыўся з 26,6% у 1975 да 31,9% у 1985.

У сярэдзіне 1980-х г. павялічыўся выхад на рэсп. экран перадач абл. тэлестудый. Абавязковымі ў публіцыст. праграмах «Шчырая размова», «Факты і меркаванні», «У інтарэсах грамадства» сталі камеры і мікрафоны, якія ўсталёўваліся на вуліцах, што дазваляла любому жыхару выказвацца па вострых паліт. пытаннях. Жывы дыялог «Тэлебачанне — глядач» характарызаваў цыклы «Пульс», «Акцэнты», «Аўтарытэт закона», «Трыбуна». Узніклі новыя формы вяшчання — тэлемасты, тэледэбаты, прамыя лініі, а таксама новыя тыпы праграм — інфармацыйна-муз. («Сустрэнемся пасля 11»), мастацка-публіцыстычныя (тэлестудыя «Ліра»), дакумент. драма («На ваш суд»), відэаканал для моладзі «Крок», якія збліжалі дакумент. і маст. блокі.

У канцы 1980-х г. на Беларусі існавала адзіная сістэма дзярж. тэлебачання, якая ўключала 6 тэлецэнтраў, 50 перадатчыкаў, больш за 2 тыс. радыёрэлейных ліній сувязі. Бел. тэлебачанне дубліравала перадачы з Масквы і дапаўняла ўсесаюзную тэматыку мясц. матэрыяламі. Сярэднясутачны аб’ём тэлеперадач складаў 204 гадз, у т. л. рэтрансляцыя маскоўскіх праграм — 184 гадз, рэсп. і абл. — 14,5 гадз. Такое становішча Бел. тэлебачання ў сістэме Дзяржтэлерадыё СССР не задавальняла патрэбы і густы розных сац. груп насельніцтва Беларусі і іх свабоду выбару. Адзіна магчымым шляхам далейшага развіцця рэсп. вяшчання стала поўная дэцэнтралізацыя тэлебачання. У пач. 1990-х г. яно перапрафілявала сваю праграму на больш моцны 1-ы канал сувязі (замест 6-га) і на рэалізацыю ўласных творчых намаганняў і магчымасцей.

Сучасны стан тэлебачання. Пасля 1991 Бел. тэлебачанне трапіла ў цэнтр трансфармацыі бел. грамадства і адначасова апынулася ў цэнтры тэхналагічнай рэвалюцыі ў сферы інфармацыі і камунікацыі. Зыходзячы з рэалій нац. пераходнага перыяду, тэлебачанне стала на шлях фундаментальных пераўтварэнняў сваёй дзейнасці, якая рэгулюецца нормамі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (ад 13.1.1995) і спец. нарматыўнымі актамі. На Беларусі зарэгістраваны і дзейнічаюць дзярж. (Рэспубліканская студыя тэлебачання, 5 абл. тэлестудый) і недзярж. (камерцыйныя 8-ы, Мінскі кабельны каналы, тэлепраграмы па кабельных сетках) тэлестанцыі. Іх з’яўленне ў інфарм. прасторы краіны — адна з умоў фарміравання новай сістэмы тэлекамунікацыі і шматпраграмнасці вяшчання. З 1.1.1993 Дзяржтэлерадыё Беларусі стала правадзейным членам Еўрапейскага вяшчальнага саюза. 5.8.1994 Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на базе Дзярж. камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні створана Нацыянальная дзярж. тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, а 28.9.1994 зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзярж. тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.

У пач. 1990-х г. на тэлебачанні захоўваліся традыцыйныя прыёмы паказу перадач і адначасова выкарыстоўваліся новыя інфарм. тэхналогіі і мадэлі вяшчання. Пры падрыхтоўцы перадач значная ўвага звернута на дынамічнасць дзеяння, стыльны дызайн, вобраз-імідж вядучага. Большасць рубрык мела свае адметныя застаўкі, прадугледжвала выбар студыйнага інтэр’ера, пластыку кадра. У авангардзе пошуку новых тэм і больш сучасных прыёмаў тэлевыразнасці былі незалежныя тэлекампаніі «ФІТ», «Сваё кола» і іх перадачы «Эканамікст», «Галерэя», «Абібок», «Праспект». Тэлебачанне працавала ў новых формах ток-шоу, відовішча, гульні: «Пяць зорак», «Карамболь», «У джазе толькі дзяўчаты», «Вяршыні свету», «Оскар». Павялічылася колькасць, вырас творчы ўзровень музычна-забаўляльных праграм: «Каралеўскае паляванне», «Акалада», «Аксамітавы сезон». У новым культурным кантэксце пададзены дзеячы бел. літаратуры, тэатра, кіно, мастацтва ў цыклах «Творцы», «Майстэрня», «Тэлевізійны дом кіно», «Музыка без межаў», «Музычны салон», «Тэлевізійны артклуб». Нац. адраджэнню краіны прысвечаны перадачы «Беларускі дом», «Спадчына», «Галасы мінуўшчыны». Значнай падзеяй з’явіўся выхад на тэлеэкраны цыкла дакументальна-маст. фільмаў пра гісторыю Беларусі, у іх ліку дылогія «Пастка для зубра. Ягайла» і «Пастка для зубра. Вітаўт» (1995, рэж. В.​Шавялевіч). Творчае аб’яднанне «Тэлефільм» стварыла першы ў краіне 33-серыйны маст. тэлефільм «Пракляты ўтульны дом» (1998, рэж. У.​Арлоў). Тэма нац. гісторыі была вядучай і ў пошуках тэлетэатра: структура тэлеспектакля змянілася ад апавядальнасці да палемічнасці. Аднавіў работу літ. тэатр, дзе пісьменніцкае слова загучала ў арганічным маст. сінтэзе з выяўленчымі сродкамі («Кахаю цябе» паводле Н.​Мацяш, «Сон душы» паводле М.​Стральцова). У праграму тэлебачання ўключаны навучальныя перадачы для сярэдняй школы па бел. літаратуры, гісторыі і геаграфіі, а таксама рубрыка «Педагагічны экран» і відэакурсы для тых, хто вывучае замежныя мовы. Для паляпшэння інфармавання насельніцтва створана Агенцтва тэлевізійных навін (АТН) — асноўны інфарматар і інтэрпрэтатар падзей у краіне і па-за яе межамі. Паралельна ішоў працэс урастання тэлебачання ў рыначную гаспадарку, павялічыўся аб’ём розных форм рэкламы.

З сярэдзіны 1990-х г. праграмная палітыка Бел. тэлебачання будавалася паводле сістэмы «інфармацыя—спорт—музыка», а з 2000 уведзены 4 прыярытэтныя кірункі: інфармацыйны, грамадска-паліт., мастацкі і спартыўны. Камерцыялізацыя эфіру садзейнічала пэўнай уніфікацыі праграм у бок забаў і відовішчаў. Зацвердзілася новая фігура тэлевытворчасці — прадзюсар. Пашырыла межы сфера тэлевізійнага менеджменту з мэтай павышэння эфектыўнасці вяшчання і павелічэння прыбытку.

У 2004 Бел. тэлебачанне вядзе перадачы па «Першым нацыянальным тэлеканале» (БТ-1), сямейным тэлеканале «Лад», тэлеканалах «Агульнанацыянальнае тэлебачанне» (АНТ; «Другі нацыянальны канал»), «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ). Тэлеканалы БТ-1 і «Лад» працуюць у складзе Белтэлерадыёкампаніі. Закрытыя акцыянерныя таварыствы «Другі нацыянальны канал» і «Сталічнае тэлебачанне» ў складзе сваіх акцыянераў маюць прыватныя арганізацыі, сукупны акцыянерны пакет якіх складае каля 49%. Дзярж. сістэма тэлевяшчання абслугоўвае практычна ўсё насельніцтва Беларусі (98%).

БТ-1 вядзе перадачы на ўсёй тэр. Беларусі (аб’ём вяшчання 19,5 гадз у суткі), пазіцыяніруе сябе як галоўны інфарм. канал краіны і мае свой гімн і лагатып. Вядучае яго структурнае падраздзяленне — Агенцтва тэлевізійных навін. З верасня 2003 яно выдае штогадзінны блок «Навін» (14 інфарм. выпускаў за суткі) і 40—50-мінутны інфарм. канал «Панарама». Штотыднёва выходзяць аналітычны агляд міжнар. падзей «Вакол планеты», інфармацыйна-аналітычная праграма «У цэнтры ўвагі», пабудаваная на інтэрактыўным галасаванні гледачоў у рэжыме он-лайн (прамога эфіру), праграма «Сфера інтарэсаў» з аналізам падзей у эканоміцы. Рубрыка «Спецыяльны рэпартаж» у форме журналісцкага расследавання закранае вострыя тэмы паліт., эканам. і сац. жыцця Беларусі і замежжа. У сферы спарт. вяшчання БТ-1 паказвае эксклюзіўныя трансляцыі, прэстыжныя сусв. спаборніцтвы, значныя спарт. падзеі. Аб’ём спарт. праграм на тэлеканале ў агульным вяшчанні складае 5% (еўрастандарт — 3%). Тэлеканал працуе з поўнасцю ліцэнзаваным кіно і арыентацыяй на папулярызацыю лепшых узораў сусв. кінамастацтва. Выпуск яго ўласнай прадукцыі складае 5 гадз вяшчання ў суткі і, акрамя перадач АТН, уключае ранішні інфармацыйна-муз. блок «Добрай раніцы, Беларусь», праграму для моладзі «5×5», часопіс для жанчын «Шпілька», ток-шоу «Мая краіна», серыю дакумент. фільмаў «Асноўная версія» (пра гіст. падзеі), і серыю праграм «Партрэты сучаснікаў», праект «Новая калекцыя» (пра культурныя падзеі), спарт. агляд «Час спорту», рэпартажы з правінцыі «Падарожжа дылетанта», крымінальную хроніку «Зона X», забаўляльныя праграмы «На скрыжаваннях Еўропы», «Усё нармальна, мама!», «Кухня КВЗ», «Кліп-абойма», «Сузор’е надзей», ліцэнзійны праект «Аднакласнікі» і інш. БТ-1 мае перасоўную перадавальную спадарожнікавую станцыю, якая дазваляе выходзіць у эфір з навінамі з любога пункта краіны і ў рэжыме он-лайн. Высокую якасць паказу і гуку забяспечвае сучаснае электроннае абсталяванне. Пры фарміраванні сеткі вяшчання ўлічваюцца запатрабаванні розных катэгорый гледачоў і рэйтынг перадач БТ-1, а таксама інш. каналаў вяшчання на тэр. Беларусі. Сярэднясутачнае вяшчанне канала ў параўнанні з 1990 павялічылася ў 2 разы.

«Лад» — першы сямейны канал на Беларусі (аб’ём вяшчання 14 гадз у суткі). Пачаў перадачы з кастрычніка 2003 на базе абл. тэлерадыёкампаній. У Мінску вяшчанне ажыццяўляецца на частаце расійскага канала «Культура», у абласцях — на частотах, якія вылучаны для вяшчання абл. тэлестудый. Прыярытэтны кірунак — інфармацыя мясц. значэння. На працягу дня АТН рыхтуе 3 выпускі навін для Мінска і Мінскай вобл. пра падзеі ў рэгіёне і штотыднёва інфармацыйна-аналітычную праграму «Рэгіён» з аглядам найбольш значных і цікавых падзей тыдня. У рэжыме он-лайн на працягу дня выходзяць 2 выпускі перадачы «Звычайны незвычайны дзень», у вячэрні час — праграма «Справы сямейныя», пабудаваная на зваротнай сувязі з аўдыторыяй і часткова на інтэрактыве. 30% эфірнага часу адведзена пад арыгінальныя перадачы, якія прысвечаны пытанням культуры, выхавання, адукацыі, духоўнага ўдасканальвання. Некаторыя з іх раней трансліраваліся па БТ-1 («Святло далёкай зоркі», «Здароўе», «Есць толькі імгненне», «Сад мары», «Калыханка», «Тэлебарометр», «Не пазяхай!»), іншыя рыхтуюць абл. тэлестудыі, у т. л. «Правінцыяльныя гісторыі» (Гродна), «Росчырк часу» (Гомель). Тэлеканал закупляе ліцэнзаваныя перадачы. Аснову праграмнага забеспячэння складае фільматэка: дэманструюцца сав., еўрап. і амер. фільмы розных жанраў і кірункаў. З 6.30 да 8.00 гадз канал трансліруе EuroNews («Еўрапейскія навіны»), АНТ працуе з мая 2002 на частотах «Грамадскага расійскага тэлебачання» (ГРТ). Аб’ём уласнай прадукцыі спачатку складаў 1 гадз вяшчання ў суткі. Адначасова на Беларусі трансліруюцца найбольш рэйтынгавыя праграмы ГРТ. З чэрвеня 2002 выходзіць у эфір інфарм. праграма «Нашы навіны» — 7 выпускаў на працягу дня і 30-мінутны вячэрні інфарм. выпуск; па яго завяршэнні даецца 5-мінутны каментарый «Асобная думка». Штотыднёва рыхтуецца інфарм. праект «Контуры» са спец. рэпартажамі тэлежурналістаў пра асноўныя падзеі тыдня, выступленнямі гасцей праграмы; праграма «Выбар» — інтэрактыўнае шоу з удзелам гасцей студыі і тэлегледачоў; інфармацыйна-аналітычная праграма «Не толькі пра футбол», якая асвятляе міжнар. і рэсп. спарт. спаборніцтвы, расказвае пра дасягненні бел. спартсменаў; цыкл праграм «Без тэрміну даўніны» — пра гучныя крымінальныя справы, сакрэтныя аперацыі бел. спецслужбаў, работу праваахоўных органаў. Большасць матэрыялаў падаецца ў форме аўтарскага рэпартажу, частка падзей рэканструюецца акцёрамі, іншыя будуюцца на аснове расказу ўдзельнікаў, каментарыяў спецыялістаў. На канале сумесна са шведскай кампаніяй «STRIX» («Стрыкс») падрыхтавана першае на Беларусі шоу ў рэжыме рэальнага часу — «Нашы ў Галандыі». Створаны ўласны тэлесерыял «Атэль здзяйснення жаданняў» (2003, рэж. І.​Васільева, С.​Арланаў, С.​Талыбаў). Канал мае перасоўную мабільную тэлестанцыю, якая дазваляе весці рэпартаж на хаду і працаваць ад адлюстраванага сігналу. Дзейнічаюць 5 карэспандэнцкіх пунктаў у абл. цэнтрах, карэспандэнцкая сетка ў 20 краінах далёкага і блізкага замежжа. Уведзена ў дзеянне «гарачая лінія».

СТБ працуе са студзеня 2001 (аб’ём вяшчання 14,5 гадз у суткі сумесна з каналам REN TV). Выйшла ў эфір на 8-м частотным канале. Яго заснавальнікі — дзярж. прадпрыемства «Агенцтва друку «Мінск-навіны» (71% акцый) і сумеснае прадпрыемства «Космас-ТБ» (29%). З 2003 СТБ памяняла імідж чыста сталічнага тэлеканала і пачаў трансліравацца па тэр. Беларусі. Дзейнічае як паўнавартасны канал, на інфармацыі якога завязаны ўсе астатнія праграмы. Асноўная ўвага аддаецца інфарм. вяшчанню: на працягу дня выходзяць 5 інфарм. выпускаў па 20 мін кожны пад агульнай назвай «24 гадзіны»; для Мінскай вобл. — штодзённыя два 10-мінутныя выпускі навін «Міншчына. Людзі, падзеі, факты». У эфіры канала пастаянныя публіцыст. праграма «Тэма дня», штотыднёвы агляд сталічных падзей «168 гадзін», а таксама «Навіны СНД», ток-шоу «Асабісты інтарэс», аўтарскія праграмы «Залатая дзесятка беларускай оперы», «Пакуль гарыць свечка», «Лёсу свайго гаспадыня», «Планета людзей», «Хіт-момант» і інш. СТБ арыентавана на пашыраны паказ лепшых еўрап. і сав. кінафільмаў.

З сакавіка 2002 у Мінску вядзе перадачы «Першы музычны канал», які дэманструе ліцэнзійныя муз. кліпы, робіць уласныя праграмы. З 2003 аднавіў вяшчанне 8-ы тэлеканал.

У гарадах абл. падпарадкавання і ў невялікіх населеных пунктах працуюць рэгіянальныя тэлекампаніі. Сярэднясутачны аб’ём вяшчання — 30—40 мін. Змест перадач мае інфарм. характар, галоўная іх функцыя — паведамляць пра падзеі ў рэгіёнах.

На 1.1.2004 на Беларусі 52 тэлестанцыі, у т. л. 26 рэгіянальных, і 98 аператараў кабельнага тэлебачання. Перадачы Бел. тэлебачання ахопліваюць 100% насельніцтва краіны.

Літ.:

Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;

Нечай О.Ф. Развитие белорусского телевидения. Мн., 1983;

Плавник А.А., Шилова Л.Ф., Фрольцова Н.Т. История белорусского телевидения. Ч. 1—2. Мн., 1988—89;

Дубовік С.В. СМІ постсацыяліетычнай Беларусі: Пошук новай рацыянальнасці. Мн., 2003.

Л.​Ф.​Шылава.

Запіс выступлення вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» ў студыі Беларускага тэлебачання. 1970-я г.
Прамы эфір у студыі Беларускага тэлебачання.
Будынак тэлеканалаў «Сталічнае тэлебачанне» і «Агульнанацыянальнае тэлебачанне». Мінск.

т. 18, кн. 2, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСК,

горад, цэнтр Віцебскай вобл. і Віцебскага р-на, на Зах. Дзвіне, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. За 300 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Маскву, С.-Пецярбург, Оршу, Полацк і аўтадарог. Порт на Зах. Дзвіне. Аэрапорт. 356,4 тыс. ж. (1996).

Гісторыя. Археал. даследаванні сведчаць, што першыя пасяленні чалавека на тэр. горада адносяцца да каменнага веку. Паводле падання, зафіксаванага ў Віцебскім летапісе 18 ст., Віцебск (летапісны Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск) заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974. Назву атрымаў ад р. Віцьба. Займаў важнае месца на шляху «з варагаў у грэкі» У 1021 вял. кіеўскі кн. Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму кн. Брачыславу Ізяславічу. Пасля смерці полацкага кн. Усяслава Брачыславіча (1101) — цэнтр удзельнага Віцебскага княства. З 1320 у складзе ВКЛ. Да 1351 у Віцебску закончана буд-ва мураваных Верхняга і Ніжняга замкаў (гл. Віцебскія замкі), княжацкага палаца. З 14 ст. Віцебск — цэнтр Віцебскага павета. У 15—16 ст. буйны гандлёвы і рамесны цэнтр. У 1441 названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Адным са сведчанняў яго гандл. сувязей з замежжам з’яўляецца Віцебскі скарб. З 1506 цэнтр Віцебскага ваяводства. У 1597 гораду дадзена магдэбургскае права, ён атрымаў уласны герб — у блакітным полі пагрудная мужчынская выява, пад якой чырвоны меч. Паводле магдэбургскага прывілея Віцебску дазвалялася мець сваю пячатку, ратушу (гл. Віцебская ратуша), гасціны двор. Органам гар. самакіравання стаў магістрат, што складаўся з радцаў і лаўнікаў на чале з войтам. У выніку ваен. падзей пач. 16—18 ст. горад неаднаразова быў разбураны і спалены. 12.11.1623 у Віцебску ўспыхнуў бунт супраць полацкага уніяцкага архіепіскапа І.​Кунцэвіча (гл. Віцебскае паўстанне 1623). Бунт быў задушаны каралеўскім войскам, а горад пазбаўлены магдэбургскага права (вернута ў 1654). У 17 ст. Віцебск — значны гандл. і рамесніцкі цэнтр (больш за 1 тыс. дамоў, дрэва- і металаапрацоўчая, гарбарная, ганчарная, васкабойная, мылаварная вытв-сці, апрацоўка футра, піва- і мёдаварэнне). У 2-й пал. 18 ст. стаў 2-м па велічыні горадам Беларусі (пасля Магілёва). З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1772—77 цэнтр Віцебскай правінцыі. Як павятовы горад уваходзіў у Пскоўскую, з 1776 у Полацкую губ., з 1796 цэнтр Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. З 1777 пачало дзейнічаць першае прамысл. прадпрыемства — гарбарнае. У 1781 зацверджаны новы герб Віцебска з выявай «Пагоні». У 1785 у Віцебску 10,5 тыс. ж. У 1826 створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, у 1834 — Віцебскае таварыства ўрачоў, з 1838 выдавалася газ. «Витебские губернские ведомости», у 1845 пачаў працаваць гар. тэатр. Паводле перапісу 1887 у Віцебску 65 871 ж., каля 2800 дамоў, 31 навуч. ўстанова, 3 друкарні, 2 бальніцы. Развіццё рэв. руху ў Віцебску звязана з дзейнасцю разначынцаў-народнікаў. У 1892 узнік марксісцкі гурток, у 1896—97 — рабочая арг-цыя, з 1897 — сац.-дэмакр. к-т Бунда, з 1903 — арг-цыя РСДРП. У рэвалюцыю 1905—07 адбыліся масавыя выступленні гараджан, існаваў Віцебскі кааліцыйны камітэт, які выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. У 1-ю сусв. вайну з восені Віцебск стаў прыфрантавым горадам, куды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, ваен. ўстановы, шпіталі; гарнізон горада ў 1916 налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Лют. рэвалюцыя 1917 актывізавала паліт. жыццё. У Віцебску сфарміраваны мясц. органы Часовага ўрада, арганізаваны Віцебскі грамадскі к-т, 20.3(2.4). 1917 створаны Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Каля 20 розных партый і рухаў уключыліся ў барацьбу за ўладу і ўплыў на насельніцтва горада і губерні. 27.10(9.11).1917 Віцебскі ВРК узяў уладу ў горадзе ў свае рукі. З 2.2.1919 Віцебск у складзе РСФСР. 3.3.1924 вернуты БССР, стаў цэнтрам Віцебскага раёна і Віцебскай акругі. У 1933 — 125,3 тыс. ж. У 1930-я г. горад ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. З 15.1.1938 цэнтр Віцебскай вобласці, з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання.

У 1940 — 180 тыс. ж. 11.7.1941 Віцебск акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Для абароны горада было сфарміравана Віцебскае народнае апалчэнне 1941. З першых дзён акупацыі ў горадзе дзейнічала Віцебскае патрыятычнае падполле. За час акупацыі гітлераўцы загубілі ў Віцебску і наваколлі 76 тыс. ваеннапалонных і каля 62 тыс. мірных грамадзян. 26.6.1944 горад вызвалены ў выніку Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. За пасляваен. гады нанава адбудаваны.

Гаспадарка. У 1825 у Віцебску было 10 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст. сац.-эканам. стан горада адметны развіццём капіталіст. адносін. У 1866 праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыг. лініі звязалі горад з Пецярбургам, Масквой, Брэстам і Кіевам. У 1882 заснаваны Віцебскі чыгуналіцейна-машынабудаўнічы завод, у 1883 — Віцебская тытунёва-махорачная фабрыка, у 1889 — Віцебская папярова-кардонная фабрыка, у 1892 — Віцебская акулярная фабрыка, развіваліся шчацінная, шкляная, васкабойная, гарбарная, па вырабе карабельных канатаў і інш. галіны вытворчасці. У 1897 на 102 фабрычна-заводскіх прадпрыемствах было занята каля 1,5 тыс. рабочых, на 1795 саматужных прадпрыемствах — каля 5 тыс. рамеснікаў. Бельгійскае акц. т-ва пабудавала ў Віцебску ў 1897 электрастанцыю (гл. Віцебская электрастанцыя), у 1898 — трамвайную лінію (першую на Беларусі) з эл. цягай; у цэнтры горада — водаправод. Да буйных акц. прадпрыемстваў належалі Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна» і Віцебскі піваварны завод акц. т-ва «Левенбрэй». У 1913 Віцебск меў высокі ўзровень канцэнтрацыі прам-сці: дзейнічала 45 ф-к і з-даў; працавала каля 8 тыс. чал., з іх 40% у тэкстыльнай і каля 20% у металаапр. галінах. У 1920-я г. Віцебск ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр рэспублікі. У 1923 пачала працаваць абутковая ф-ка (гл. Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік»). Да канца 1925 у Віцебску ўведзены ў дзеянне з-ды машынабудаўнічы «Чырвоны металіст», гарбарны і інш. У 1927 у горадзе працавала 36 прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці (7036 рабочых). У 1928—33 пабудаваны швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», фанерны з-д (гл. «Віцебскдрэў»), арцель «8 Сакавіка» (гл. Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава»), ф-кі панчошна-трыкатажная (гл. Віцебскае панчошна-трыкатажнае аб’яднанне «КІМ»), кардонная, шчацінна-шчотачны камбінат, элеватар, заводы маслабойны, цагельныя, кафляны, вапнавы. У 1933—37 рэканструяваны інсуючыя, створаны новыя прадпрыемствы. У 1938 у Віцебску дзейнічала 209 прадпрыемстваў (разам з арцелямі). Выпускалася 28% прамысл. прадукцыі, працавала 81 тыс. рабочых. У 1940 заснаваны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна. Пасля вызвалення Віцебска ад ням.-фаш. захопнікаў першымі былі адноўлены станкабудаўнічыя з-ды; заснаваны Віцебскі завод заточных станкоў. У 1948—50 створаны мэблевая ф-ка (гл. «Віцебскмэбля»), дывановы камбінат (гл. «Віцебскія дываны»). З 1951 працуе з-д Металмаш (гл. Віцебскі прыладабудаўнічы завод), з 1955 — Віцебская шаўкаткацкая ф-ка (гл. Віцебскі камбінат шаўковых тканін), з-д зборнага жалезабетону, буйнапанэльнага домабудавання, з 1960 — Віцебскі завод трактарных запасных частак. Індустрыяльнае развіццё актывізавалася ў 1960—70-я г. Зараз Віцебск — буйны прамысл. і культ. цэнтр, дае каля ​1/3 валавой прадукцыі вобласці. Развіта машынабудаванне і металаапрацоўка (Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.​М.​Кірава, Віцебскі завод тэхналагічнага абсталявання «Эвістар», «Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт» і інш.), лёгкая (Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Віцебскае тэкстыльнае вытворчае аб’яднанне, «Белвест» і інш.), харчовая (мясакамбінат, кандытарскі камбінат «Віцьба», з-ды алейнаэкстракцыйны, кансервавы, макаронная ф-ка, піваварны завод і інш.); дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў (з-ды буйнапанэльнага жалезабетону, дрэнажных труб, керамзітавага жвіру) прам-сць.

Асвета. У 10—11 ст. у Віцебску пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах ствараліся школы, у якіх па царк. кнігах вучылі дзяцей маёмных класаў. Паводле знойдзенай пры раскопках берасцяной граматы, у 13—14 ст. у школах Віцебска вучыліся дзеці купцоў і рамеснікаў. У 14—18 ст. пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах існавалі школы, езуіцкі (гл. Віцебскі езуіцкі калегіум) і піярскі (1775) калегіумы, дзейнічалі правасл. брацтвы і базыльянскія школы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. рымска-каталіцкія ордэны адкрывалі жаночыя школы і пансіянаты. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ў Віцебску былі адкрыты рус. школы, вучылішчы, гімназіі. Першая рус. школа адкрыта ў канцы 1770-х г. (у 1784 у ёй навучалася 76 дзяцей). Першая мужчынская гімназія (гл. Віцебская мужчынская гімназія) адкрыта ў 1808, у 1834 — Віцебская настаўніцкая семінарыя, у 1870 — Віцебская Марыінская жаночая гімназія. Мед. работнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавала з 1872 Віцебская фельчарская школа. У 1906—13 існавала прыватная Віцебская фельчарска-акушэрская школа. У 1890 1856 адкрыта духоўная семінарыя, а ў 1902 — епархіяльнае жаночае вучылішча. У 1891 у Віцебску 22 навуч. ўстановы, у якіх займалася каля 3500 навучэнцаў, у т. л. павятовыя вучылішчы: двухкласнае (145 навучэнцаў) і аднакласнае (148 навучэнцаў), прыходскае (60 навучэнцаў); 5 б-к, чытальня. У 1910 адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі ін-т (гл. Віцебскі настаўніцкі інстытут), пераўтвораны ў 1918 у пед. ін-т, Віцебскае рэальнае вучылішча. У 1911 створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1920 засн. механіка-буд. тэхнікум, у 1921 — вышэйшы с.-г. тэхнікум (з 1924 ветэрынарны ін-т), маст. вучылішча. У 1940 у Віцебску 29 ясляў, 53 дзіцячыя сады, 43 агульнаадук. школы, 15 сярэдніх спец. навуч. устаноў, 4 ВНУ, 2 н.-д. ўстановы, 19 дамоў культуры і клубаў. У 1996/97 навуч. г. ў Віцебску 110 дашкольных устаноў, у т. л. дашкольная гімназія, 2 цэнтры развіцця дзіцяці, 7 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, бел. мова, эстэтыка і інш.) і 2 санаторнага тыпу, 4 кампенсуючыя дашкольныя ўстановы, дзіцячы дашкольны дом. Дзейнічаюць 44 агульнаадук. школы (48 317 вучняў, у т. л. 1 ліцэй, 2 гімназіі), школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху і школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіх. развіцця; 14 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 9 сярэдніх спец. навуч. устаноў, у т. л. Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум, Віцебскі політэхнічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум, Віцебскі філіял Вышэйшага каледжа сувязі. У Віцебску 4 дзярж. ВНУ: Віцебскі універсітэт, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Віцебскі медыцынскі інстытут, Віцебскі тэхналагічны універсітэт, а таксама Віцебскі філіял Міжнароднага недзяржаўнага інстытута працоўных і сацыяльных адносін.

Архітэктура. Старажытны цэнтр горада — гарадзішча (Замкавая гара) на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку, вакол якога ў 9 — пач. 10 ст. ўзніклі 3 паселішчы. У 10—13 ст. Віцебск — умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся вакольны горад (пасад). Са збудаванняў таго часу вядома Віцебская Благавешчанская царква. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. сфарміраваліся Верхні (б. дзядзінец) і Ніжні (б. пасад), у 16 ст. — Узгорскі замкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. Уяўленне пра планіроўку і забудову горада дае унікальны графічны дакумент — «Чарцёж» Віцебска 1664. Сярод будынкаў 17 ст. Віцебскі гасціны двор, Віцебская Святадухаўская царква, Віцебская Сімяонаўская царква, Віцебская Спаса-Праабражэнская царква, Віцебская Увядзенская царква, Віцебскі палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфарміравалася Віцебская школа дойлідства. Рэгулярныя планы забудовы Віцебска распрацоўваліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. Планіровачна горад падзяляўся на 3 часткі: Узгорскую (паміж Зах. Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на правым беразе Зах. Дзвіны). Сфарміраваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з Саборнай і Рыначнай плошчаў. У ансамбль Саборнай пл. ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, Віцебскага акруговага суда будынак. Рыначную пл. фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і Віцебскі кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Зах. Дзвіны пабудаваны Віцебскі палац губернатара, у розных частках горада — Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян, Віцебскі Варварынскі касцёл, Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра, Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку, Мікалаеўская, Казанская цэрквы. Сярод грамадскіх будынкаў канца 19 — пач. 20 ст. вылучаліся: мужчынская гімназія, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Віцебскага духоўнага вучылішча будынак. З пач. 1930-х г. вялося комплекснае буд-ва — ствараліся жылыя пасёлкі каля буйных прамысл. прадпрыемстваў, на гал. магістралях горада будаваліся 4-павярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, Віцебскі жылы дом спецыялістаў, Віцебскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў. У першыя пасляваен. дзесяцігоддзі праводзілася рэканструкцыя гар. цэнтра, пабудаваны чыг. вакзал, гасцініца «Дзвіна» (арх. В.​Ладыгіна, Я.​Заслаўскі), будынак Бел. драм. т-ра імя Я.​Коласа (арх. А.​Максімаў, Т.​Рыскіна) і інш. У 1970—90-я г. развіццё горада ажыццяўляецца па генпланах 1975 і 1982. Завершаны ансамбль Перамогі плошчы, аформлена пл. Тысячагоддзя Віцебска (б. Тэатральная). Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы мед. (арх. В.​Данілаў), пед. (арх. У.​Зубкоў, З.​Конаш), вет. (арх. А.​Грачышнікаў) ін-таў, 12-павярховая гасцініца «Віцебск» (арх. Данілаў, З.​Даўгяла), Палац культуры прафсаюзаў (арх. В.​Кірылаў, А.​Бельскі), кінатэатр «Брыганціна» і летні амфітэатр (арх. В.​Бабашкін) і інш. У цэнтр. частцы горада захавалася гіст. планіроўка 16—17 ст., мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і архітэктуры 18 — пач. 20 ст. У Віцебску дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза архітэктараў (з 1974). Помнікі героям Айч. вайны 1812, П.​М.​Машэраву, В.​З.​Харужай. Брацкія магілы і вайск. могілкі сав. воінаў. Батанічны сад.

Мастацкае жыццё Віцебска канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася актыўнасцю. У крас. 1871 тут працавала маст.-археал. выстаўка, дзе экспанаваліся жывапісныя і графічныя творы, фотаздымкі бел. гарадоў, этнагр. прадметы, археал. знаходкі з прыватных збораў. У 1893 1897 адкрыты Віцебскі царкоўнаархеал. музей. У 1898 пачала працаваць Віцебская школа-майстэрня Ю.​Пэна. З Віцебшчынай звязана творчасць мастакоў Н.Орды, І.Трутнева, Дз.Струкава, К.Стаброўскага, І.Аскназія, М.Дабужынскага, Я.Мініна і інш., якія зрабілі шматлікія замалёўкі помнікаў стараж. архітэктуры, пейзажаў Віцебска і краю. У 1892—98 у маёнтку Здраўнева пад Віцебскам жыў і працаваў І.​Я.​Рэпін. У 1919—23 працавала створаная па ініцыятыве М.Шагала нар. маст. школа «новага рэвалюцыйнага ўзору», у якой выкладалі Дабужынскі, Пэн, К.Малевіч, Р.Фальк, А.Бразер, С.Юдовін і інш. У 1919—21 пры школе існаваў музей сучаснага мастацтва, створаны па ініцыятыве Шагала. Фонд складаўся з 120 твораў авангардысцкага характару. У 1925 частка работ перададзена ў Віцебскі абл. краязнаўчы музей. У хуткім часе школа ператварылася ў вышэйшыя маст.-практычныя майстэрні, пазней — у маст. практычны ін-т (існаваў да 1922). У 1919 адбываліся выстаўкі твораў мастакоў-авангардыстаў, дзе акрамя работ віцебскіх жывапісцаў і графікаў экспанаваліся карціны з музеяў Масквы і Петраграда. У 1920—23 дзейнічала арг-цыя «Сцвярджальнікі новага мастацтва», якая мела на мэце замяніць выяўл. мастацтва абстрактнымі формамі вытв.-маст. канструявання. У 1920 выйшлі кнігі Малевіча «Бог не скінуты», «Мастацтва, царква, фабрыка», «Супрэматызм» (у апошняй аўтар выклаў тэорыю новага авангардысцкага кірунку). Выдаваліся часопісы «Искусство» (1921—22) і «Журнал ВИТРОСТА» (Віцебскага аддзялення РОСТА, 1921), плакаты Віцебскія «Окна РОСТА» (1919—22) і інш. На іх старонках публікаваліся матэрыялы пра маст. жыццё горада. У 1923 адкрылася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, пры якім у 1927 створана аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (кіраўнік П.Гаўрыленка). Аб’яднанне ў 1928—30 наладжвала ў горадзе маст. выстаўкі. У 1920-я г. пачало дзейнічаць Віцебскае акр. т-ва краязнаўства (кіраўнік М.​Каспяровіч), куды ўваходзілі А.Шлюбскі, І.Фурман, З.​Гарбавец, І.​Гаўрыс, Мінін, М.Эндэ. Члены маст. секцыі т-ва пры маст. вучылішчы збіралі ўзоры нар. мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і г.д. Т-вам выдадзены брашуры «Крашаніна» (1925) і «Віцебск у гравюрах С.​Юдовіна» (1926) Фурмана, «Беларуская архітэктура» Каспяровіча (1925). Артыкулы Каспяровіча, М.Шчакаціхіна, Гаўрыса, Мініна, Я.​Васілевіча па праблемах мастацтва змяшчаліся ў зборніку «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). У цэлым 1920-я г. вызначаліся вострай барацьбой паміж прыхільнікамі авангардызму і рэаліст. мастацтва. 12.7.1939 у Віцебску адкрыта маст. галерэя Пэна (экспанавалася каля 100 яго работ). Усяго ў фондах галерэі было каля 800 твораў (асн. частка перададзена ў Нац. маст. музей Беларусі, асобныя творы — у Віцебскі абл. краязнаўчы музей). У 1941 адбыліся 1-я выстаўка выяўл. мастацтва Віцебска і перасоўная выстаўка графікі. Другая абл. выстаўка твораў мастакоў Віцебска і вобласці наладжана ў 1949. Пасля стварэння ў 1952 Віцебскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі маст. жыццё горада актывізавалася. Выстаўкі мастакоў адбыліся ў 1953, 1955, 1957; з 1960 штогод наладжваюцца справаздачныя абл. выстаўкі, а таксама маладзёжныя, групавыя, тэматычныя, персанальныя і інш. У 1970—80-я г. адбыліся тэматычныя маст. выстаўкі: прысвечаныя 1000-годдзю Віцебска, 35-годдзю Перамогі ў Вял. Айч. вайне, 800-годдзю стварэння «Слова пра паход Ігаравы», «Зямля і людзі», «Подзвігу народа жыць у вяках», «У краі блакітных азёр», «Пейзаж нашай Радзімы», «Маладосць Віцебшчыны», «Мастак і экалогія», акварэлі; персанальныя Ф.​Гумена, Я.​Красоўская, І.​Сталярова, У.​Вітко, В.​Лук’янава, М.​Міхайлава, А.​Ільінова, В.​Ральцэвіча, Л.​Анцімонава, В.​Някрасава, В.​Ціханенкі, П.​Явіча, А.​Салаўёва, А.​Скавародка, А.​Толкача, А.​Кузьмічова. Творы мастакоў Віцебска экспанаваліся ў Маскве, Мінску, Пскове, Каўнасе, Ленінградзе, Смаленску, Зялёнай Гуры, у Віцебску — мастакоў з Мінска, Латвіі, Зялёнай Гуры, Франкфурта-на-Одэры, «Сучаснае мастацтва Ноўгарада» і інш.

Сярод экспазіцый 1990-х г. выстаўкі, прысвечаныя 75-годдзю Віцебскай маст. школы, «Пленэр-90», групы УБІКУС, «Віцебскі габелен», «Віцебская акварэль: гісторыя і сучаснасць», творы польскіх графікаў, «Барока на Беларусі», «І.​Рэпін. Малюнкі», твораў М.​Шагала, фінскага мастака А.Ахола-Вало, «Лепшы твор года», серыя выставак «Інфармэйшэн», «Новыя імёны»; групавыя і персанальныя выстаўкі Г.​Шутава, Толкача, А.​Мемуса, А.​Каржанеўскага, У.​Кухарава, А.​Кавалёва, Гумена, У.​Вольнава, Т.​Беразоўскай, А.​Някрасава, А.​Кастагрыза, А.​Ізаіткі, І.​Сталярова, У.​Напрэенкі, М.​Дудзіна, М.​Ляўковіча, Л.​Мядзведскага, А.​Карпана, А.​Слепава, І.​Шкуратава, В.​Ляховіч, А.​Ільінова, М.​Драненкі і інш. Выстаўкі віцебскіх майстроў выяўл. мастацтва адбыліся ў Маскве, Пецярбургу, Мінску, Гданьску, Жэневе, Брэмене, Нінбургу, Варшаве, Шчэціне, Катавіцах, Берліне, Таронта, Іерусаліме, і адпаведныя выстаўкі гэтых гарадоў у Віцебску. Праведзены 1-ы міжнар. пленэр памяці М.​Шагала (1994), 1-ы і 2-і міжнар. пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» (1994, 1996). Перыядычна адбываюцца выстаўкі твораў самадзейных мастакоў і майстроў нар. мастацтва. Створаны незалежныя творчыя аб’яднанні «Квадрат» (1987), «УБІКУС» (1992), «Віцебская акварэль» (1995). Дзейнічаюць маст. музей, Артцэнтр імя М.​Шагала, прыватная галерэя А.​Пушкіна.

Літаратурнае жыццё. З Віцебскам звязана дзейнасць многіх бел., рус. і польскіх дзеячаў культуры і мастацтва. У паэзіі Сімяона Полацкага з Віцебскам асацыіруецца паняцце радзімы. У 17 ст. віцебскі ваявода Я.​Храпавіцкі склаў «Дыярыуш», «дыялогам» з якога пачаў сваю дзейнасць віцебскі школьны тэатр. У 1768 С.Аверка склаў Віцебскі летапіс, дзе шмат арыгінальных звестак па гісторыі горада. У Віцебску нарадзіліся бел. і польск. паэты Ф.Д.Князьнін, А.Рыпінскі, рус. гісторык і філолаг-славіст А.​Л.​Пагодзін, вучыўся паэт-рамантык Т.​Лада-Заблоцкі, творчасць якога прасякнута любоўю да Беларусі (паэма «Ваколіцы Віцебска» і інш.), жыў А.Дэльвіг. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—54 быў рус. пісьменнік І.​Лажэчнікаў. У сярэдзіне 19 ст. літаратары Віцебска групаваліся вакол «наддзвінскага дудара» А.Вярыгі-Дарэўскага. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску і на Віцебшчыне жылі і працавалі бел. этнографы і фалькларысты Е.Раманаў, М.Нікіфароўскі, В.Астаповіч, краязнаўцы А.Сапуноў, У.​Стукаліч, пісьменнік А.​Пшчолка. У літ. жыцці Віцебска ўдзельнічалі рус. пісьменнікі. У горадзе бывалі Г.Дзяржавін (1799, 1800), які ў сваіх «Запісках» (1859) адзначаў нац. самабытнасць бел. народа, А.Пушкін (1820, 1824), М.​Гогаль (1828), Т.Шаўчэнка (1843, 1847), І.Бунін (1889), збіраў матэрыялы для нарысаў Г.Успенскі (1890).

У 1924—28 у Віцебску дзейнічала акруговае аддзяленне літ. аб’яднання «Маладняк». Частымі гасцямі Віцебска былі Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, іх п’есы ставіліся на сцэне Віцебскага т-ра. У 1958 выйшаў літ.-маст. Альманах «Дзвіна». Дзейнічаюць абласныя аддзяленні Бел. саюза журналістаў (з 1970), Саюза бел. пісьменнікаў (з 1980). Пры Віцебскім пед. ін-це (з 1993 ун-т) створаны літ. музей; экспануюцца рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў-землякоў. У горадзе жывуць і працуюць пісьменнікі В.Беляжэнка, П.Ламан, У.Папковіч, А.Салтук, Д.Сімановіч.

У 1797—1917 працавала Віцебская губернская друкарня, якая надрукавала больш за 250 назваў кніг і больш за 400 друкаваных выданняў, у т. л. «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885) і інш. У 1883—88 А.​Сапуновым апублікаваны зб. дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст. «Віцебская даўніна». Грамадска-палітычны перыяд. друк канца 19 — пач. 20 ст. прадстаўлялі газ. «Витебский листок» (1898—99) і «Витебская жизнь» (1906). Правасл. царква выдавала «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1916). Афіц. органам Віцебскага губ. праўлення былі «Витебские губернские ведомости» (1838—1918), якія складаліся з афіц. і неафіц. аддзелаў. Неафіц. аддзел меў значэнне самаст. выдання і з 1901 выдаваўся асобна (у 1906—07 замест яго выходзіла прыватная газета «Витебский голос», у 1912—17 — газ. «Витебский вестник»). У 1916—17 выдаваўся штотыднёвы грамадска-паліт. і літ. час. ліберальнага кірунку «Витебский край», у 1916—19 прыватная газ. «Витебский листок». Кніжныя выданні гэтага перыяду — у асн. адбіткі з «Витебских губернских ведомостей». У 1917 выходзіла газ. «Известия военно-революционного комитета города Витебска», якая ў далейшым шмат разоў мяняла назву (у 1924—29 называлася «Заря Запада», у 1929—38 — «Віцебскі пралетарый»), з крас. 1937 «Віцебскі рабочы» (цяпер абл., незалежная). У грамадз. вайну ў Віцебску створана новая газ. «Голос бедняка» (1918). У 1919—1920-я г. выдаваліся час. «Коммунистический труд» [1919—23, выд. губкома РКП(б) і губпрафсаюза], «Голос труда» (1920—21, прафсаюзны), «Віцебская сялянская газета» (1924—27). У гады Вял. Айч. вайны на акупіраванай тэрыторыі з 1942 і ў прыфрантавой паласе распаўсюджвалася газ. «Віцебскі рабочы».

Выходзяць газеты: «Народнае слова» (абл., з 1990), «Жыццё Прыдзвіння» (раённая, з 1938, да 1991 «Ленінская праўда»), «Витебский курьер М>» (гар., з 1990), «Віцьбічы» (гар., з 1991), «Выбар» (гар., з 1991) і інш. Віцебскае абл. радыё працуе з 1927, абл. студыя тэлебачання з 1960.

Тэатральнае жыццё. У сярэднявеччы на Каляды ў Віцебску наладжваліся тэатралізаваныя гульні-паказы. З канца 17 ст. і да 1870-х г. адбываліся нар. лялечныя паказы жлоба, паказы нар. драмы «Цар Максімілян»; дзейнічаў Віцебскі школьны тэатр. У 1805, 1806 горад наведвалі польск. трупы М.​Кажынскага, паміж 1808 і 1812 — А.​Руткоўскага. У 1840-я г. ў Віцебску існаваў хатні т-р ген.-губернатара А.​М.​Галіцына, у якім выступаў і балетны ансамбль пад кіраўніцтвам М.​Піёна. 23.12.1845 тут адкрыўся гар. т-р. У ім працавалі Віцебскі балет Піёна, драм. трупа Я.​Чаховіча (1847—49); гастраліравалі рус., укр., польск. трупы, акцёры М.​Іваноў-Казельскі, У.​Давыдаў, М.​Дальскі, К.​Гарын, В.​Далматаў, П.​Арленеў і інш. У 1850—60-я г. наладжваліся аматарскія спектаклі і канцэрты. У 1900-я г. дзейнічалі мясц. трупы пад кіраўніцтвам П.​Папова-Волхаўскага, Е.​Кавалеўскага, К.​Вітарскага, А.​Вяхірава. Іх рэпертуар быў вельмі разнастайны: побач з т.зв. касавымі спектаклямі, развесяляльнымі п’есамі, вадэвілямі, камедыямі, меладрамамі ставіліся і класічныя творы. Прыкметную ролю ў культ. жыцці Віцебска адыгрывалі аматары: з пач. 1900-х г. арганізоўваліся беларускія вечарынкі, у 1906—14 існаваў Віцебскі музычна-драматычны гурток. З пач. 1920-х г. сталі пашыранымі агітац. віды мастацтва: для рабочых і чырвонаармейцаў наладжваліся канцэрты-мітынгі, ствараліся тэатр. гурткі, працавалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Віцебскі губернскі паказальны тэатр, агітацыйна-маст. калектыў «Сіняй блузы», Піянерскі т-р, на базе якога створаны т-р рабочай моладзі (1931—34). З ліст. 1926 у Віцебску дзейнічае прафес. драм. т-р, які і цяпер з’яўляецца цэнтрам тэатр. жыцця горада (гл. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Працуе Беларускі тэатр «Лялька», дзейнічаюць шматлікія самадзейныя калектывы, прыязджаюць з гастролямі т-ры Беларусі і б. рэспублік СССР. Віцебск — месца правядзення тэатр. фестываляў: Першага бел. тэатр. (1986), Тэатр. марафона (1993), прысвечанага дню т-ра, і інш.

Музычнае жыццё Віцебска да пач. 19 ст. развівалася пераважна ў формах хатняга музіцыравання, канцэртаў мясц. аматараў і гастралёраў. У 1-й пал. 19 ст. яно канцэнтравалася вакол навуч. устаноў, пераважна жаночых пансіёнаў, дзе выхаванкі навучаліся ігры на фп. і спевам, выступалі з канцэртамі. У 1845—47 працаваў Віцебскі балет Піёна. З канца 19 ст. пры т-ры дзейнічаў прафес. сімф. аркестр. Пры муз. т-рах існавалі класы спеваў, ігры на фп. і скрыпцы; выкладалася тэорыя музыкі. Віцебскі музычна-драматычны гурток і Т-ва прыгожых мастацтваў (пач. 20 ст.) штотыднёва наладжвалі канцэрты аматараў і прафесіяналаў. У 1915 у Віцебску арганізавана аддзяленне Рус. муз. т-ва і муз. класы пры ім. У горадзе гастралявалі Л.​Аўэр, І.​Гофман, С.​Кусявіцкі, С.​Рахманінаў і Т.​Туа, Р.​Піньё, П.​Сарасатэ, Л.​Собінаў, Я.​Хейфец. У 1919 праведзены 1-ы з’езд настаўнікаў спеваў і муз. дзеячаў Віцебскай губ. Асяродкам развіцця муз. культуры стаў сімф. аркестр (120 музыкантаў; дырыжор Б.​Сухадрэў). У 1918 адкрылася нар. кансерваторыя, яе і сімф. аркестр узначаліў дырыжор М.Малько. Працаваў хор нар. кансерваторыі на чале з М.Анцавым. У 1922 кансерваторыя рэарганізавана ў муз. тэхнікум (з 1935 муз. вучылішча). Сіламі яго навучэнцаў у 1920-я г. пастаўлены оперы «Фауст» Ш.​Гуно і «Русалка» А.​Даргамыжскага. У наш час муз. цэнтр Віцебска — Віцебская абласная філармонія і муз. вучылішча. Працуюць 5 муз. школ, школа і вучылішча мастацтваў, абл. аддзяленне Бел. саюза муз. дзеячаў, шматлікія самадз. муз. і харэаграфічныя калектывы (каля 30 маюць званне народных і ўзорных). Праводзяцца шматлікія фестывалі і конкурсы, у т. л. міжнар. фестывалі «Славянскі кірмаш», імя І.​І.​Салярцінскага, сучаснай харэаграфіі, бальных і спарт. танцаў «Веснавыя россыпы», «Парад надзей», «Віцебская сняжынка», конкурсы гітарнай музыкі «Віцебскі лістапад», «Менестрэль» і інш.

Літ.:

Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980;

Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст. Мн., 1990.

М.​І.​Ліс (асвета), Т.​І.​Чарняўская (архітэктура), Дз.​У.​Стэльмах (тэатр. жыццё), В.​П.​Пракапцова (муз. жыццё), Л.​Дз.​Налівайка, М.​Л.​Цыбульскі (маст. жыццё).

Герб Віцебска 1597.
Да арт. Віцебск. «Чарцёж» Віцебска 1664.
Да арт. Віцебск. Від на горад. З акварэлі Ю.​Пешкі. 1-я пал. 19 ст.
Віцебск. Від з Успенскай гары. 1894.
Да арт. Віцебск. Гасцініца «Віцебск».
Від на Віцебск з боку Заходняй Дзвіны.
Да арт. Віцебск. Кіраўскі мост цераз Заходнюю Дзвіну.

т. 4, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕРБАЙДЖА́Н, Азербайджанская Рэспубліка. Размешчана ў паўд.-ўсх. ч. Закаўказзя, мяжуе на Пн з Расіяй, на ПнЗ з Грузіяй, на ПдЗ з Арменіяй і Турцыяй, на Пд з Іранам. Пл. 86,6 тыс. км² (разам з а-вамі Каспійскага м.). Нас. 7,3 млн. Чал. (1992). Дзярж. мова азербайджанская. Пануючая рэлігія — іслам. Сталіца — г. Баку. У склад Азербайджана па канстытуцыі ўваходзяць Нахічэванская аўт. рэспубліка і тэр. Нагорнага Карабаха. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (28 мая).

Дзяржаўны лад. Азербайджан — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1978 з больш познімі дадаткамі і папраўкамі. Канстытуцыйным актам 18.10.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць краіны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Дзейнасць Вярх. Савета часова прыпынена, дэпутацкія паўнамоцтвы і статус усіх парламентарыяў захаваны на тэрмін іх выбрання. Вышэйшы орган заканад. улады з 18.5.1992 — Мілі меджліс — пастаяннадзеючы парламент з 50 дэпутатаў на чале са Старшынёй. Вышэйшы орган выканаўчай улады — Кабінет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Амаль палова тэр. Азербайджана — горы: Вялікі Каўказ — хрыбты Галоўны (г. Базардзюзю, 4466 м — найвышэйшы пункт Азербайджана) і Бакавы (г. Шахдаг, 4243 м); Курынская ўпадзіна — вял. міжгорны прагін, які займае Кура-Араксінская нізіна (28 м ніжэй за ўзр. м.); Малы Каўказ — сістэма складкавых хрыбтоў паміж рэкамі Кура і Аракс (г. Гямыш, 3724 м); Талышскія горы — займаюць паўд.-ўсх. ч. рэспублікі (г. Кюмюркёй, 2477 м). Уздоўж Каспійскага м. цягнецца вузкая паласа Ленкаранскай, на Пн — Самур-Дывічынскай нізін. Узбярэжжа (працягласць 800 км) парэзана слаба. Найб. паўастравы — Апшэронскі, Курынская каса, Сара. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Апшэронскі п-аў, Кура-Араксінская нізіна, акваторыя Каспійскага м. каля в-ва Арцёма, Нафтавыя Камяні і інш.), алуніты (Заглік), жал. руда (Дашкесан), серны калчадан (Чырагідзорскае і Таганалінскае радовішчы), барыт (Чаўдарскае радовішча), поліметалічныя, хромавыя і кобальтавыя руды (М.​Каўказ), руды мыш’яку, свінцова-цынкавыя і малібдэнавыя (Нахічэвань) і інш. Шмат мінер. і тэрмальных крыніц, ёсць радовішчы лекавай нафты (Нафталан), буд. і абліцовачнага каменю, мармуру, гіпсу, мелу, сыравіна для вытв-сці шкла і цэменту. Клімат Азербайджана сухі субтрапічны на Кура-Араксінскай і Самур-Дывічынскай нізінах (сярэдняя т-ра студз. 1—3 °C, ліп. 26—27 °C, гадавая колькасць ападкаў 200—300 мм); вільготны субтрапічны на Ленкаранскай нізіне (сярэдняя т-ра студз. 3—4 °C, ліп. 26—28 °C, ападкаў за год 1900 мм — найб. колькасць у Азербайджане). У гарах высакагорны клімат падпарадкаваны вышыннай занальнасці (сярэдняя т-ра студз. на выш. больш за 2000 м -10 °C, ліп. да 5 °C, 600—800 мм ападкаў за год, 1400 мм на паўд. схілах В.​Каўказа). Каля 1250 рэк, з іх 24 даўж. больш за 100 км. Гал. рэкі Кура і Аракс (крыніцы арашэння), значныя — Самур, Тэртэр, Арпа. Больш за 250 азёраў, найб. Гаджыкабул і Беюкшор; высакагорнае воз. Гёйгёль. На р. Кура створана Мінгечаурскае вадасх. (525 км²), ад яго пачынаюцца Верхнекарабахскі і Верхнешырванскі арашальныя каналы. Глебы на нізінах (да выш. 200 м) шэразёмныя і бурыя паўпустынныя з саланцаватымі і саланчаковымі ўчасткамі, паўпустыннай расліннасцю (палын, салянкі, эфемеры), у перадгор’ях (300—500 м) — каштанавыя і карычневыя, на схілах гор — карычневыя і бурыя горна-лясныя глебы, на якіх растуць шыракалістыя лясы (бук, граб, дуб, каштан). Вышэй за 2000 м пояс горна-лугавых і дзярновых глебаў; разнатраўныя субальпійскія і альпійскія лугі — летнія пашы. У Талышскіх гарах захаваліся рэлікты трапічнай флоры: дэмірагач (жалезнае дрэва), самшыт, дзельква, гледычыя і інш. Жывёльны свет налічвае больш за 12 тыс. відаў: джэйран, дзік, дагестанскі тур, марал, дзікабраз, барсук, чаротавы кот; з птушак — турач, кеклік, фазан і інш. Каспій і Кура багатыя каштоўнай рыбай (ласось, асетр, сяўруга і інш.). Буйнейшыя запаведнікі: Закатальскі, Кызылагаджскі, Турыянчайскі, Шырванскі, Эльдарскі.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — азербайджанцы (больш за 82%); жывуць таксама рускія, армяне, лезгіны, аварцы, татары, цахуры, туркі, курды і інш. Сярэдняя шчыльнасць 85,8 чал. на 1 км² (1992), найб. шчыльна заселены Апшэронскі п-аў і прыгарадная зона Баку (150—300 чал. на 1 км²), некаторыя раўнінныя і перадгорныя часткі. Гар. насельніцтва складае 54%. Буйн. гарады (1990): Баку (1149 тыс. ж.), Гянджа (281 тыс. ж.), Сумгаіт (235 тыс. ж.), Мінгечаур, Шэкі.

Гісторыя. Першыя пасяленні чалавека на тэр. Азербайджана адносяцца да эпохі палеаліту. З часоў неаліту тут вядома земляробства і жывёлагадоўля. Паселішчы таго часу знойдзены ў Кюльтэпэ, Ханлары, Мінгечауры. З 2-га тыс. да н. э. на тэр. Азербайджана вядома металургія бронзы, з пач. 1-га тыс. да н. э. — жалеза. Паселішчы бронзавага веку выяўлены ў раёнах Хаджалы, Кедабека, Дашкесана, Гянджы і інш. У 9 ст. да н. э. Пд Азербайджана ўваходзіў у рабаўладальніцкую дзяржаву Мана, у 7 ст. да н. э. — Мідыю, якая да сярэдзіны 6 ст. да н. э. захоплена персідскай дзяржавай Ахеменідаў. У 4 ст. да н. э. на Пд Азербайджана ўзнікла дзяржава Атрапатэна, якая пазней атрымала назву Азербайджан («Краіна хавальніка агню»); на Пд Азербайджана ўтварылася Албанія Каўказская. Феад. адносіны ў Азербайджане склаліся ў 3—5 ст. н. э. Сяляне за карыстанне зямлёй плацілі феадалам рэнту і неслі павіннасці, аднак фармальна не лічыліся прыгоннымі. Гандлёва-рамесніцкімі цэнтрамі сталі Барда, Кабала, Нахічэвань, Байлакан і інш. Сярэдневяковы Азербайджан неаднойчы заваёўвалі іншаземцы. У пач. 3 — сярэдзіне 7 ст. тут царавала дынастыя Сасанідаў, у 7 — сярэдзіне 9 ст. ўладарылі арабы. У канцы 5 — пач. 6 ст. ў Азербайджане і Іране разгарнуўся маздакіцкі рух; у 1-й пал. 9 ст. адбылося вял. сялянскае паўстанне (гл. Бабека паўстанне 816—37) супраць араб. і мясц. феадалаў, якое падарвала ўладу Арабскага халіфата. У 2-й пал. 9 ст. на тэр. Азербайджана ўтварыўся шэраг дзяржаў. Цэнтрамі эканомікі і культуры сталі гарады Тэбрыз, Нахічэвань, Баку, Шэмаха, Барда, Кабала, Гянджа і інш., якія вялі гандаль, у т. л. і з Кіеўскай Руссю. У сярэдзіне 11 ст. Азербайджан захапілі сельджукі, якія прычынілі значныя страты гаспадарцы і культуры краіны. У 13 ст. ў выніку манг. нашэсця Азербайджан увайшоў у Хулагуідаў дзяржаву. Вял. наплыў цюркскіх плямёнаў у Азербайджане ў 11—13 ст. прывёў да выцяснення стараж. мясц. моў і ўсталявання новай — азербайджанскай мовы. З гэтага часу фарміруецца і азерб. народнасць. Да сярэдзіны 14 ст. манг. панаванне ў Азербайджане падарвана супраціўленнем нар. мас, што выкарысталі мясц. феад. дынастыі. У канцы 14 — пач. 15 ст. На тэр. Азербайджана вылучылася самастойная дзяржава Шырван. Станоўчую ролю ў гісторыі Азербайджана адыграла Сефевідаў дзяржава, заснаваная ў пач. 16 ст. шахам Ісмаілам I. З канца 16 ст. ў ёй узмацніўся іранскі ўплыў; Азербайджан ператварыўся ў адну з ускраін Іранскай дзяржавы. У 16—18 ст. Азербайджан — арэна разбуральных войнаў паміж Іранам і Турцыяй. Азерб. народ вёў гераічную барацьбу супраць іншаземных і мясц. прыгнятальнікаў, што знайшло адлюстраванне ў эпасе пра нар. героя Кёр-аглы. У 1723—35 прыкаспійскія вобласці Азербайджана трапілі пад уладу Расіі, пазней зноў захоплены Іранам. У 2-й пал. 18 ст. ў Азербайджане ўзнікла каля 15 невял. ханстваў. Паводле руска-іранскіх пагадненняў (Гюлістанскі мірны дагавор 1813, Туркманчайскі дагавор 1828) Паўн. Азербайджан далучаны да Рас. імперыі, Паўд. Азербайджан застаўся пад уладай Ірана. На пач. 19 ст. буйным цэнтрам прам-сці стаў Баку, які ў 1901 даваў каля паловы сусв. здабычы нафты. У 1903 бакінскія рабочыя выступілі ініцыятарамі стачак на Пд Расіі, у 1904 дамагліся заключэння першага ў Расіі калектыўнага дагавору. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 утварылася двоеўладдзе: у Баку існавалі Выканаўчы к-т грамадскіх арг-цый (мясц. орган Часовага ўрада) і Савет рабочых дэпутатаў, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных партый і паліт. груповак: мусаватысты (гл. «Мусават»), дашнакі, эсэры, бальшавікі, меншавікі і інш. 9.11.1917 на пашыраным пасяджэнні Савета бальшавіцкая рэзалюцыя аб узяцці ўлады ў свае рукі адхілена. Аднак 13 ліст. пад націскам рабочых і салдат абвешчана сав. ўлада, выбраны новы выканком Савета. Барацьба за ўладу набыла ўзбр. характар. У сак. 1918 у Баку і інш. месцах адбылося паўстанне мусаватыстаў, якое было задушана. 25.4.1918 утвораны Бакінскі СНК на чале з С.Г.Шаўмянам (гл. Бакінская камуна). У маі ў Тыфлісе мусаватысты стварылі свой урад, які пазней пераехаў у Гянджу. 28.5.1918 абвешчана Азерб. дэмакр. рэспубліка. Ва ўмовах актывізацыі ваен. дзеянняў у Закаўказзі з боку Турцыі і няўдач Чырв. Арміі Бакінскі Савет 25 ліп. запрасіў у Баку англ. атрад. 31 ліп. Бакінскі СНК склаў свае паўнамоцтвы. 1 жн. з апазіцыйных Бакінскай камуне прадстаўнікоў Цэнтракаспія і выканкома Бакінскага Савета створаны новы ўрад — Дыктатура Цэнтракаспія і Прэзідыума выканкома Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Бакінскі Савет быў распушчаны, бакінскія камісары арыштаваны і 20 вер. расстраляны. 4 жн. Баку акупіравалі англ. войскі, якія праз 10 дзён былі выцеснены тур. часцямі. Разам з англічанамі Баку пакінулі прадстаўнікі толькі што створанага ўрада. У вер. 1918 да ўлады прыйшлі мусаватысты. Паводле ўмоў Мудраскага перамір’я паміж Антантай і Турцыяй апошняя вывела восенню 1918 свае войскі з Баку. На змену ім зноў прыбылі англ. войскі (выведзены восенню 1919). У выніку паўстання ў Баку 28.4.1920 адноўлена сав. ўлада, створаны СНК на чале з Н.​Нарыманавым, Азербайджан абвешчаны сав. сацыяліст. рэспублікай. 30 крас. ў Баку прыбылі перадавыя атрады Чырв. Арміі. Сав. ўлада была ўстаноўлена і на астатняй тэр. Азербайджана. Потым Азербайджан быў выкарыстаны як плацдарм для дзеянняў Чырв. Арміі супраць урадаў, што існавалі на той час у Арменіі і Грузіі. 19.5.1921 прынята 1-я Канстытуцыя Азерб. ССР. З 12.3.1922 да 5.12.1936 Азербайджан уваходзіў у Закаўказскую федэрацыю (ЗСФСР) і ў складзе яе з 30.12.1922 — у СССР. У складзе Азербайджана былі ўтвораны Нагорна-Карабахская аўт. вобл. (1923, гл. Нагорны Карабах) і Нахічэванская АССР (1924, гл. Нахічэванская рэспубліка). Пасля скасавання ў 1936 ЗСФСР Азербайджан — саюзная рэспубліка ў складзе СССР. У 1988 з-за прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Азербайджанам і Арменіяй узнік канфлікт, які пазней прыняў узбр. характар. Ускладнілася і ўнутрыпаліт. сітуацыя. Крывавыя падзеі на нац. глебе ў Сумгаіце ў 1989, сутыкненні насельніцтва з войскамі ў Баку на пач. 1990 разам з нагорна-карабахскім крызісам вымусілі ўвесці ў Азербайджане ў студз. 1990 надзвычайнае становішча. Пасля змен у канстытуцыі ў маі 1990 прэзідэнтам Азербайджана стаў камуністычны лідэр А.​Муталібаў. У ліп. 1990 з апазіцыйных уладам грамадска-паліт. груп і аб’яднанняў створаны Дэмакр. форум Азербайджана. 30.8.1991 Вярх. Савет Азербайджана прыняў дэкларацыю пра аднаўленне дзярж. незалежнасці на аснове Акта ад 1918. 18.10.1991 прыняты Канстытуцыйны акт «Аб дзяржаўнай незалежнасці Азербайджанскай рэспублікі». У канцы 1991 Азербайджан увайшоў у СНД. Рашэнне Вярх. Савета Азербайджана ад 26.11.1991 пра скасаванне статуса Нагорна-Карабахскай аўт. вобл., а з другога боку абвяшчэнне Нагорным Карабахам незалежнасці і прызнанне гэтага акта Арменіяй прывялі да эскалацыі азерб.-арм. канфлікту, фактычна пачалася неаб’яўленая вайна. Сац.-эканам. і паліт. крызіс у Азербайджане, ускладненне карабахскай праблемы вымусілі прэзідэнта Муталібава да адстаўкі. На прэзідэнцкіх выбарах 7.6.1992 перамог А.​Эльчыбей — лідэр Нар. фронту Азербайджана. Краіна прыпыніла членства ў СНД. 24.6.1993 Нац. меджліс перадаў паўнамоцтвы прэзідэнта Азербайджана старшыні Вярх. Савета Г.Аліеву, які 3.10.1993 абраны прэзідэнтам краіны. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, АБСЕ, дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.

З 1992 Азербайджан, — член ААН, АБСЕ, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 11.6.1993.

Палітычныя партыі. Нар. фронт Азербайджана, Партыя нац. незалежнасці, «Мусават», Азерб. нар. партыя, Азерб. сял. партыя, «Новы Азербайджан», Азерб. сац.-дэмакр. партыя і інш.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці нафтаздабыўная (11,7 млн. т; 1991), газаздабыўная (8,3 млрд. м³; 1991), нафтаперапр. (вытв-сць шматлікіх відаў паліва, тэхн. маслаў і інш.). Электраэнергетыка, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 23,5 млрд. кВт∙гадз (1991); выпрацоўваюць ЦЭС (91%), каскад ГЭС на Куры (у т. л. самая буйная Мінгечаурская), Араксінская, Шамхорская і інш. Гарнарудная прам-сць: здабыча жал. руды (1,6 млн. т), алунітаў у раёне Дашкесана. Металургічная прам-сць (вытв-сць сталі, стальных трубаў, алюмінію, пракат каляровых металаў) у Сумгаіце, Гянджы. У машынабудаванні вылучаецца вытв-сць абсталявання для нафтавай прам-сці (Баку). Развіты электратэхн., радыёэлектронная прам-сць, прыладабудаванне (асн. цэнтр Баку). Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці выпускаюць мінер. ўгнаенні, серную кіслату, сінтэтычны каўчук, аўтапакрышкі, шкловалакно, мыйныя сродкі, лакі, фарбы і інш. (Сумгаіт, Мінгечаур, Гянджа, Нефтэчала, Сальяны). Галіны лёгкай прам-сці: баваўняная (Баку, Гянджа), шаўковая (Шэкі), шарсцяная, трыкатажная, вытв-сці дываноў (Баку, Гянджа, Мінгечаур, Шэкі), гарбарна-абутковая (Баку, Гянджа). Развіты харч. (кансервавая, тытунёвая, чайная, рыбная, вінаробная, масласыраробная, мукамольна-крупяная і інш.) прам-сць і вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, азбестацэментавыя вырабы, буд. фаянс, камень, зборныя жалезабетонныя канструкцыі і інш.). С.-г. ўгоддзі займаюць каля 4 млн. га, з іх больш за 1,6 млн. пад ворнымі землямі, 2,1 млн. га пад летняй і зімовай пашай. Пл. зямель, якія арашаюцца, — 1,3 млн. га (1986). Найб. пасяўныя плошчы пад збожжавымі культурамі (пшаніца, рыс, азімы ячмень). Гал. тэхн. культуры — бавоўна і тытунь. Развіты пладаводства, вінаградарства. Азербайджан — база ранняга агародніцтва, буйны раён вырошчвання субтрапічных культур (гранат, інжыр, міндаль, масліны, шафран, цытрусавыя і інш.) і чаяводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (буйн. раг. жывёла) і мяса-воўнавага (авечкагадоўля) кірунку. Вытв-сць мяса — 8,1 тыс. т, малака — 84,8 тыс. т (1991). Птушкагадоўля, шаўкаводства.

Транспарт. Асн. від — чыгуначны. Праз Азербайджан праходзіць чыг. магістраль у Іран (на Тэбрыз). Паводле аб’ёму перавозак на 2-м месцы марскі транспарт; гал. порт Баку, звязаны чыг. паромам з Краснаводскам. Па Куры — суднаходства. Нафтаправод Баку—Тбілісі—Батумі, газаправоды Карадаг—Гянджа—Акстафа з адгалінаваннем на Ерэван і Тбілісі, Карадаг—Баку і інш. Ажыццяўляюцца грузапасаж. авіярэйсы Мінск—Баку—Мінск. Экспарт Азербайджана складае 1,46 млрд. інвалютных руб. (1992). У знешнім гандлі Азербайджана вядучае месца належыць Расіі (60% тавараабароту). Экспартуе энерганосьбіты і энергаматэрыялы, імпартуе прадукты харчавання. Грашовая адзінка — манат.

Узброеныя сілы Азербайджана складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У 1993 налічвалі 41,6 тыс. чал. (560 тыс. рэзервістаў). Сухапутныя войскі (38,9 тыс. чал.) маюць 2 карпусныя групы, 1 танк. брыгаду, 9 механізаваных брыгад, 1 механізаваны полк, 2 артыл. брыгады, 2 артыл. палкі; на ўзбраенні 286 танкаў, 362 баявыя машыны пяхоты, 480 бронетранспарцёраў, ракеты класа «зямля—паветра», артылерыя, ракетныя пускавыя ўстаноўкі, 130 мінамётаў. У ВПС (1,6 тыс. чал.) на ўзбраенні 47 баявых самалётаў, 52 вучэбна-трэніровачныя самалёты. ВМС (2,1 тыс. чал.) атрымалі ч. Каспійскай ваен. флатыліі б. СССР, у т. л. 1 фрэгат, 6 вартавых караблёў. Ваенна-марская база ў Баку.

Ахова здароўя. На пач. 1992 было 749 бальнічных устаноў на 71,9 тыс. ложкаў (99,4 ложка на 10 тыс. ж.), 1726 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 28,1 тыс. урачоў (38,9 урача на 10 тыс. ж.). Сярэдняя працягласць жыцця 69 гадоў. Дзіцячая смяротнасць склала 45 дзяцей на 1 тыс. народжаных.

Асвета, навуковыя ўстановы. У Азербайджане ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Азербайджане было 2168 дашкольных дзіцячых устаноў (173 тыс. дзяцей), 4332 агульнаадук. школы (1375 тыс. вучняў, 139 тыс. настаўнікаў), 77 сярэдніх спец. навуч. устаноў (60,1 тыс. навучэнцаў), 18 ВНУ (108 тыс. студэнтаў). Найбольшыя ВНУ: Азербайджанскі ун-т, ін-ты с.-г., політэхн., мед., пед., пед. замежных моў, мастацтваў, нафты і хіміі, буд. інжынераў, кансерваторыя і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў 131 навук. установе (разам з ВНУ) і ў н.-д. ін-тах АН Азербайджана (у яе складзе 61 акадэмік, 74 чл.-карэспандэнты, 364 д-ры навук і 2441 канд. навук; 1990). На 1.1.1991 у Азербайджане было 4,8 тыс. масавых б-к з фондам 45,9 млн. адзінак захавання, самыя вялікія: Рэсп. б-ка імя Ахундава, Фундаментальная б-ка АН. У Азербайджане 122 музеі (разам з філіяламі), буйнейшыя з іх: Музей мастацтваў імя Мустафаева, Музей азерб. л-ры імя Нізамі, Музей гісторыі Азербайджана; 38 тыс. клубных устаноў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1992 у Азербайджане 575 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Азербайджан», «Азадлыг» («Свабода»), «Бакинский рабочий», «Вышка», «Мухаліфат» («Апазіцыя»). Працуюць дзярж. (Азерінфарм) і прыватныя (Аса-Ірада, Туран і Хабар-сервіс) тэлегр. агенцтвы. Тэлецэнтры Бакінскі і Нахічэванскі. Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на азерб., арм. і рус. мовах. У Баку рэтрансліруецца праграма тур. тэлебачання.

Літаратура. Азерб. л-ра бярэ пачатак у фальклоры. Самыя стараж. помнікі нар.-паэт. творчасці — т.зв. мідыйскія легенды, нар. паданні (7—6 ст. да н. э.). Рэліг.-філас. погляды стараж. азербайджанцаў адлюстраваны ў помніку «Авеста». Гераічны эпас прадстаўлены паэмамі-дастанамі, сярод якіх самы значны «Кёр-аглы». Рамантычныя сюжэты складаюць аснову дастанаў «Аслі і Керэм», «Ашуг-Гарыб» і інш. Стваральнікамі, выканаўцамі і зберагальнікамі нар. творчасці былі спевакі-ашугі. Стараж. пісьмовыя помнікі не захаваліся, але ёсць звесткі, што яшчэ ў 5 ст. ў Албаніі Каўказскай існаваў алфавіт, былі напісаны арыгінальныя і перакладныя кнігі. У 7—9 ст. узмацніўся араба-ісламскі, у 11 ст. — іранскі ўплыў на азерб. культуру. Арабская і персідская мовы сталі афіцыйнымі, на іх стваралі свае творы паэты і вучоныя Хатыб Тэбрызі, Гатран Тэбрызі. Адначасова развівалася і азерб. мова. У 10—11 ст. фарміраваўся эпас «Кітабі Дэдэ Коркуд». У 11—12 ст. побач з творамі прыдворных паэтаў з’яўляліся творы пра жыццё народа. Узоры лірыкі стваралі Хагані Шырвані, Абу-ль-Ала Ганджэві, Фелекі Шырвані, паэтэса Мехсеты Ганджэві і інш. Вяршыня азерб. паэзіі 12 ст. — творчасць Нізамі Ганджэві, які зрабіў вял. ўплыў і на азерб. л-ру, і на л-ры іншых народаў Усходу. У 13—14 ст. тварылі паэты Ізедын Гасанаглы, Зульфігар Шырвані, Аўхеды Марагаі, Махмуд Шабустары. Значны след у паэзіі пакінулі Насімі, Хабібі, Кішверы і інш. Пад псеўданімам Хатаі пісаў вершы заснавальнік дынастыі Сефевідаў шах Ісмаіл I. Газелі Мухамеда Фізулі — узор высокай лірыкі на ўсім Б. і Сярэднім Усходзе. З яго імем звязана канчатковае фарміраванне літ. азерб. мовы. У творах прадаўжальнікаў традыцый Фізулі (Саіба Тэбрызі, Каўсі Тэбрызі, Месіхі) паэзія набывала больш простую і арганічную форму. Гэта заўважна і ў творах лепшых паэтаў 18 ст. Мала Велі Відадзі і Мала Панах Вагіфа. Валодаючы ўсімі формамі класічнай паэзіі, яны сцвердзілі ў л-ры ашугскую форму гошма, найб. блізкую да нар. творчасці. Л-ра 19—пач. 20 ст., прадаўжаючы класічныя традыцыі, зазнала новыя павевы, ішла ад асветніцкага рэалізму А.-К.Бакіханава і Вазеха да рэалізму крытычнага. Важнае значэнне для развіцця рэаліст. л-ры мела творчасць М.Ф.Ахундава, талент якога найб. поўна раскрыўся ў драматургіі. У 2-й пал. 19 ст. тварылі паэт-асветнік Сеід Азім Шырвані, паэты-лірыкі Сеід Набаты, Бахар Шырвані, паэтэса Хуршудбану Натаван. У 1875 засн. першая газета на азерб. мове «Экінчы» («Араты»), На пач. 20 ст. з’явіліся раманы С.​М.​Ганізадэ, М.С.Ардубады, Н.​Нарыманава, рамант. лінію ў паэзіі развівалі Абас Сіхат, Хады Мухамед і інш. У 1932 створаны Саюз пісьменнікаў Азербайджна. Значны ўклад у азерб. паэзію С.Вургуна, С.Рустама, Р.Рзы, М.Рагіма, Мюшфіка і інш. Выдадзены раманы, аповесці і апавяданні Сеіда Гусейна, С.Рагімава, Абульгасана, Гусейна Мехты, М.​Ібрагімава, А.​Веліева, Мір Джалала, Г.​Мусаева і інш. У пасляваен. гады плённа працавалі празаікі І.​Гусейнаў, Б.​Байрамаў, Г.​Сеідбейлі, І.Шыхлы, Г.​Абасзадэ, С.​Веліеў, С.​Даглы, Анар, А.Айліслі, паэты Б.​Азераглу, Б.Вагабзадэ, Н.Хазры, З.Джабарзадэ, І.Сафарлі, Г.​Гусейнзадэ, А.​Керым і інш. У 1960-я г. з’явіліся псіхал. апавяданні і лірыка-псіхал. аповесці Айліслі, І.​Гусейнава, М.​Ібрагімбекава, Анара і інш. Раман 1960—70-х г. у асноўным арыентаваўся на паказ жыцця вяскоўцаў ці рабочых («Вузлы» С.​Веліева, «Магамед, Мамед, Маміш...» Ч.​Гусейнава). У 1980-я г. выдадзены раманы «Меч і пяро» Ардубады, «Калыска на жалезным дрэве» Ф.​Керымзадэ, «Камяністы ключ» С.​Веліева, кн. аповесцяў і апавяданняў «Залаты конь і зямля» Дж.​Алібекава, «Птушынае гняздо» Дж.​Рафіева, «Маніфест маладога чалавека» Мір Джалала, «Кліч» А.​Мамедава, «Людзі і хвалі» Г.​Гусейнаглы, зб. паэзіі «Будзь сведкам, сонца» Н.​Гасанзадэ, «Снежныя кветкі» М.Дыльбазі, «Памяць крыві» Сабіра, «Размова з самім сабой» Вагабзадэ і інш. Развіваецца дзіцячая л-ра (М.​Сеідзадэ, М.​Рзакулізадэ, Мусаеў, Х.​Алібейлі і інш.), крытыка і літаратуразнаўства (Г.​Араслі, Арыф, Ф.​Касімзадэ, М.​Рафілі, А.​Султанлі і інш.).

На бел. мову перакладзены раман Ібрагімава «Настане дзень» (1953), аповесць Абульгасана «Унукі старой Тамашы» (1962), кн. аповесцяў С.​Веліева «Вусаты Ага. Кулік» (1985), кн. апавяданняў «Ключ жыцця» (1978), зб. твораў дзіцячых пісьменнікаў і фальклору «Вышкі над морам» (1989), зб. вершаў і паэм М.​Тофіка «Сонечны цягнік» (1986) і інш. На азерб. мову перакладзены творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Танка, П.​Броўкі, А.​Куляшова і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі энеаліту і ранняй бронзы на тэр. Азербайджана захаваліся дальмены, менгіры, кромлехі, з 1-га тыс. да н.э. — цыклапічныя збудаванні (Кедабекскі р-н, перадгор’і М.​Каўказа, Нахічэвань). Найб. стараж. помнікі выяўл. мастацтва (2—1-е тыс. да н.э.) — наскальныя гравіраваныя малюнкі ў Кабустане, кераміка Мінгечаура, упрыгожанні з бронзы, дробная пластыка. У 9—6 ст. да н. э. будаваліся гарады, абарончыя збудаванні, жыллё т.зв. антавага тыпу, алтары агню (Мана, Мідыя). Помнікі раннесярэдневяковага дойлідства — храм у Лекіце, базіліка ў с. Кум (5—6 ст.), мячэці ў Бардзе, Гянджы, Шэмасе (7—9 ст.). З 10 ст. ствараюцца арх. школы: нахічэванская (пабудовы 12 ст. архітэктара Аджэмі), шырвана-апшэронская (Шырваншахаў палац у Баку), тэбрызская (Блакітная мячэць, 15 ст.). Найб. вядомыя помнікі 12—13 ст. — маўзалеі ў Нахічэвані і Джузе, Дзявочая вежа ў Баку. У 16—17 ст. пабудаваны культавыя комплексы шэйха Сефі (Ардэбіль), Гёй-Імам, цэнтр. плошча з мячэццю Джума (Гянджа) і інш. У сярэднявеччы развівалася скульптура (бронзавыя грыфоны, каменныя фігуркі), высокага ўзроўню дасягнулі вытв-сць глазураванай керамікі, разьба па камені, каліграфія. На 16 ст. прыпадае росквіт тэбрызскай школы мініяцюры (мастакі Султан Мухамед, Мір Сеід Алі, Бехзад і інш.). У час феад. раздробленасці (18 ст.) манум. будаўніцтва занепадае; арх.-буд. традыцыі захаваліся ў нар. дойлідстве (жылыя дамы, невял. мячэці). У 18 ст. актуалізаваўся насценны жывапіс (палац ханаў у Шэкі, жылыя дамы ў Ардубадзе, Шушы). У 19 ст. традыцыі мініяцюрнага жывапісу прадаўжаліся ў насценных размалёўках і партрэце (майстры У.​Г.​Карабагі, М.​К.​Эрывані, М.​М.​Наваб). Прыёмы планіроўкі і кампазіцыі, нац. арх. формы і матывы дэкору нярэдка спалучаліся з элементамі рас. і зах.-еўрап. класіцызму (Шэмаха, Баку). Заснавальнікамі рэаліст. жывапісу ў пач. 20 ст. былі А.​Азімзадэ і Б.Кенгерлі. У 1920 у Баку адкрыта маст. школа. У 1920 — пач. 30-х г. працавалі жывапісцы А.​Рзакуліеў, С.​Саламзадэ, Ш.​Мангасараў, графікі Э.​Гаджыеў, Г.​Халыкаў, І.​Ахундаў, скульптары П.Сабсай, І.​Гуліеў, Ф.​Абдурахманаў, Дж.​Карагды, тэатр. мастакі Р.​Мустафаеў, Н.​Фатулаеў. З канца 1920-х г. будуюцца першыя рабочыя пасёлкі (пас. Мамедзьярава — адзін з першых прыкладаў комплекснай забудовы жылога раёна). У выхаванні нац. кадраў у Азербайджана прымалі ўдзел рус. архітэктары (браты Весніны, А.​Шчусеў і інш.). З 1930-х г. працуюць выпускнікі арх.-буд. ф-та (засн. ў 1920) Азербайджанскага політэхн. ін-та (С.Дадашаў, Э.Касімзадэ, М.Усейнаў і інш.). Для 1920-х г. характэрна стылізатарства пад феад. дойлідства мусульм. Усходу. У пач. 1930-х г. з’явіліся канструктывісцкія будынкі (гасцініца «Інтурыст» у Баку), у 2-й пал. 1930—50-х г. асвойвалася класічная, у т. л. нац. арх. спадчына (Музей азерб. л-ры імя Нізамі ў Баку). З канца 1950 праектуюцца і забудоўваюцца новыя гарады — Сумгаіт, Дашкесан, Мінгечаур, вядзецца рэканструкцыя Баку. Эстэтыка сучаснага этапу дойлідства Азербайджана выявілася ў архітэктуры Баку (комплекс будынкаў АН, гасцініц «Азербайджан» і «Масква», усе арх. Усейнаў; станцыі метрапалітэна, арх. Усейнаў, К.​Сянчыхін, Т.​Ханлараў, Ш.​Зейналава, Касімзадэ і інш.; палац «Гюлістан», арх. А.​Амірханаў, Н.​Гаджыбекаў) і інш. гарадоў. У выяўл. мастацтве з канца 1950-х г. паглыбляецца працэс асэнсавання нац. маст. традыцый, развіваецца самабытная школа жывапісу. У 1960—80-я г. мастакі Н.​Абдурахманаў, М.Абдулаеў, Саламзадэ, Э.Рзакуліеў, Т.Салахаў, Б.​Мірзазадэ і інш. працуюць у гіст. і быт. жанрах, пішуць партрэты, пейзажы. Сярод сучасных мастакоў — жывапісцы Т.​Нарыманбекаў, А.​Джафараў, Н.​Касумаў; графікі Р.​Бабаеў, Ю.​Гусейнаў, Э.​Шамілаў, К.​Алекпераў. У 1936 засн. Саюз архітэктараў, у 1940 — Саюз мастакоў Азербайджана.

Музыка. На працягу многіх стагоддзяў на тэр. Азербайджана існавалі фалькл. музыка (сялянская і гарадская) і творчасць нар.-прафес. музыкантаў вуснай традыцыі, у т. л. ашугаў. Вак.-інстр. фальклор мае элементы шматгалосся. Самабытнасць гукавога строю азерб. музыкі вызначаюць 7 асн. ладоў-мугамаў (найб. пашыраны раст, шур, сегях). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковы кеманча, струнна-шчыпковыя тар, саз, уд; духавыя тугак, балабан, зурна; ударныя дэф (бубен), нагара, гоша-нагара. Нар. песенная творчасць разнастайная ў жанравых адносінах, з багатай метрарытмікай. Пераважае сольнае, радзей хар. (унісоннае) выканальніцтва. Мастацтва паэтаў-спевакоў ашугаў засн. на класічных мелодыях (больш за 80), кожная з якіх мае шмат імправізацыйных варыянтаў. У 11—16 ст. найб. пашырана было гар. мастацтва мугамаў — вял. цыклічных вак.-інстр. п’ес, пабудаваных у розных ладах. З канца 19 ст. ў Азербайджан пранікае еўрап. муз. культура. Асновы сучаснай азерб. прафес. муз. культуры заклаў У.Гаджыбекаў, які распрацаваў тэорыю азерб. ладоў, стварыў першую мугамную оперу «Лейлі і Меджнун» (1908) і муз. камедыю «Аршын мал алан» (1913). Новы стыль азерб. музыкі фарміруецца ў 1920—30-я г. найперш у оперным жанры. Пастаноўка оперы Р.​Гліэра «Шахсенем» (1927) выявіла імкненне да сінтэзу еўрап. і нац. формаў, «Нэргіз» (1938) А.М.Магамаева — першы азерб. твор, засн. на класічных формах, опера «Кёр-аглы» (1937) У.​Гаджыбекава стала нац. класікай. У 1940 паст. першы нац. балет «Дзявочая вежа» А.​Бадалбейлі. Этапнымі былі балеты «Сем прыгажунь» (1952) і «Сцежкаю грому» (1958) К.Караева, «Легенда аб каханні» (1961) А.Мелікава. Муз. камедыі і аперэты стваралі С.​Рустамаў, Ф.Аміраў, С.​Алескераў, Караеў, Р.​Гаджыеў. Сімф. жанр у Азербайджане ўзнік у 1920—30-я г. У ім працавалі Караеў, у творчасці якога аб’яднаны рысы нац. і сучаснай музыкі, Ніязі, працуюць Аміраў, С.Гаджыбекаў, Дж.​Гаджыеў, Мелікаў, М.​Мірзоеў, А.​Рзаеў, А.​Алізадэ, М.​Куліеў, І.​Гаджыбекаў, А.​Дадашаў і інш.; у вак.-сімф. жанры — Рустамаў, Р.​Мустафаеў, Р.​Гаджыеў, Алізадэ, Н.​Мамедаў, Мірзоеў і інш. Першыя ўзоры нац. раманса належаць А.​Зейналы (1920-я г.). У камерна-інстр. жанрах працаваў Караеў, працуюць Аміраў, Дж.​Гаджыеў, Т.​Бакіханаў, С.​Гаджыбекаў, Куліеў, Х.​Мірзазадэ, А.​Азізаў і інш. Развіваецца дзіцячая музыка, музыка для т-ра і кіно. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Ніязі, Р.​Абдулаеў; спевакі Р.Бейбутаў, Бюль-Бюль, М.Магамаеў, Ш.Мамедава, Ф.Ахмедава, Л.Іманаў, З.Ханларава, Р.​Атакішыеў; піяністы Ф.​Бадалбейлі, Т.​Махмудава. У Азербайджане працуюць (1994): у Баку — Азерб. т-р оперы і балета (з 1920), Т-р музкамедыі (1938); філармонія (1936), у складзе якой Сімф. аркестр імя У.​Гаджыбекава, Ансамбль песні і танца Азербайджана, камерны аркестр, хар. капэла, ансамбль танца, Дзярж. эстрадны аркестр; Сімф. аркестр імя Ніязі, эстрадна-сімф. аркестр, аркестр нар. інструментаў, хор пры Азерб. радыё і тэлебачанні; «Тэатр песні»; у Гянджы — філармонія. Працуюць таксама кансерваторыя (з 1921), муз. вучылішчы, муз. школы. У 1934 засн. Саюз кампазітараў Азербайджана.

Тэатр. Вытокі азерб. тэатр. мастацтва — у нар. творчасці. У стараж. Азербайджане існаваў лялечны т-р «Кілімарасы», у сярэднявеччы — рэліг.-містэрыяльны тэатр. У 1873 у Баку ўпершыню на азерб. мове паказаны камедыі М.​Ахундава «Везір Ленкаранскага ханства» і «Гаджы-Кара». У 1897 арганізаваны першы прафесійны калектыў «Мусульманская драм. трупа», у пач. 20 ст. створаны тэатр. трупы пры асв. т-вах «Ніджат» і «Сафа». Значны ўклад у развіццё нац. драм. мастацтва зрабілі Дж.​Зейналаў, Г.Араблінскі, У.​Гаджыбекаў, Дж.​Джабарлы, А.​Шарыфзадэ, У.​Раджаб і інш. У 1920 у Баку створаны аб’яднаны дзярж. т-р (азерб., рус., арм. драм. і оперныя трупы). У 1922 азерб. драм. трупа пераўтворана ў Азерб. дзярж. т-р (Азерб. акад. т-р імя Азізбекава). У рэпертуары т-ра, які прадаўжае лепшыя нац. традыцыі, п’есы нац. драматургаў, класічныя і сучасныя творы. У 1944 засн. Азерб. тэатр. т-ва. У 1994 у Азербайджане 10 драм. т-раў.

Кіно. Кінавытворчасць у Азербайджане пачалася з 1916, калі акц. т-ва «Фільма» выпусціла карціны «У царстве нафты і мільёнаў» і «Аршын мал алан» (1917). У 1923 у Баку створана Азерб. фотакінаўпраўленне (з 1960 кінастудыя «Азербайджанфільм» імя Дж.​Джабарлы); першы маст. фільм «Легенда пра Дзявочую вежу» (1924). У 1929 арганізавана студыя для падрыхтоўкі нац. творчых кадраў. У фільмах 1920-х г. пераважалі тэмы рэвалюцыі і грамадз. вайны («Гаджы Кара», «26 камісараў»). З 1936 здымаюцца гукавыя фільмы: «Алмас», «Бакінцы», «Сын Радзімы», «Бахтыяр», «Адна сям’я». У 1960—80-я г. пашырылася тэматыка, абнавілася паэтыка фільмаў, зняты маст. фільмы: «Не тая, дык гэтая», «Чаму ты маўчыш?», «Святло згаслых вогнішчаў», «Перад зачыненымі дзвярыма»; дакумент.-хранік.: «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» (Ленінская прэмія 1960), «Пакарыцелі мора» (сярэбраны медаль Маскоўскага міжнар. кінафестывалю 1959). У 1969 пачата вытворчасць мультыплікацыйных фільмаў. У 1965 створаны Саюз кінематаграфістаў Азербайджана. Сярод дзеячаў кіно: І.​Касумаў, Т.​Тагізадэ, Т.​Ахундаў, М. і Р.​Ібрагімбекавы, Анара (А.​Рзаева), А.​Бабаеў, Г.​Мамедаў, Г.​Турабаў, Ш.​Мамедава.

Літ.:

Гаджи-заде А.М. Азербайджанский промышленный комплекс. Баку, 1975;

Географический справочник: Новые цифры, факты, названия. М., 1993;

Кавказ. М., 1966;

История Азербайджана. Т. 1—3. Баку, 1958—63;

История Азербайджана по документам и публикациям: Сб. Баку, 1990;

Рахман-заде Ф. Дар судьбы. Баку, 1990;

Касим-заде Ф. Очерки по истории азербайджанской литературы XIX в. Баку, 1962;

Бретаницкий Л.С., Веймарн Б.В. Искусство Азербайджана IV—XVIII веков. М., 1976;

Эфандиев Р. Декоративно-прикладное искусство Азербайджана. Баку, 1976;

Гаджибеков У. Основы азербайджанской народной музыки. 3 изд. Баку, 1985;

История музыки народов СССР. Т. 1. М., 1966;

История советского драматического театра. Т. 1—4. М., 1966—68;

Information please: Almanac, 1995. Boston; New York, 1995.

В.​К.​Міхеева (прырода, гаспадарка), А.​Н.​Гуліеў, Г.​К.​Кісялёў, І.​Ф.​Раманоўскі (гістарычны нарыс), Г.​В.​Ратнікаў (кіно).

Герб і сцяг Азербайджана.
Азербайджан. Горад Баку.
Да арт. Азербайджан. Здабыча нафты на Каспійскім моры.
Да арт. Азербайджан. Аджэмі ібн Абу Бекр. Маўзалей Мамінэ-хатун у Нахічэвані. 1186.
Да арт. Азербайджан. Дэталь партала палаца Шырваншахаў у Баку. Канец 15 ст.
Да арт. Азербайджан. Маўзалей шэйха Сефі ў Ардэбілі. 16 ст.
Да арт. Азербайджан. Мір Сеід Алі. Мініяцюра з рукапісу «Хамсе» Нізамі. 1539—43.
Да арт. Азербайджан. Помнік Нізамі ў Баку. Скульпт. Ф.​Абдурахманаў, арх. С.​Дадашаў, М.​Усейнаў. 1949.
Да арт. Азербайджан. Помнік паэту Фізулі ў Баку. Скульпт. Т.​Мамедаў, О.​Эльцараў, арх. Г.​Мухтараў. 1962.
Да арт. Азербайджан. Т.​Салахаў. Жанчыны Апшэрона. 1967.

т. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНО

Першыя сеансы кінематографа на Беларусі адбыліся ў Віцебску ў 1898. Да 1925 уласнай кінавытворчасці не было. У 1910—12 адкрыты кінатэатры ў Віцебску, Мінску, Гомелі, Гродне, Баранавічах, Бабруйску. У 1914 на Беларусі мелася 56 стацыянарных кінаўстановак. Кіназдымкі на тэр. Беларусі праводзілі пераважна кінааператары-хранікёры Масквы і Петраграда. У ліку першых створаны хранікальныя стужкі ў Брэсце (перагаворы ў лістападзе—снежні 1917 паміж сав. дэлегацыяй і германскім камандаваннем), Оршы (вяртанне бежанцаў у горад, вітанне ням. салдат у сувязі з рэв. падзеямі ў Германіі), Мінску (сав.-польскія перагаворы), Віцебску (аднаўленчыя работы на чыгунцы). Кінакадры, знятыя на Беларусі, увайшлі ў агітфільм Л.​Куляшова «На чырвоным фронце» (1920). У 1922 заснавана Упраўленне па справах кінематаграфіі Кінорэсбел (Кіно рэспублікі Беларусі), у 1924 — арганізацыя «Беларускае пралеткіно», якія займаліся кінапракатам. Паводле пастановы Саўнаркома БССР ад 17.12.1924 створана Дзярж. ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі (Белдзяржкіно), якое ажыццяўляла камерцыйна-гандлёвую і паліт.-асветную дзейнасць і атрымала правы на манаполію кінапракату на Беларусі. Уласная кінавытворчасць пачалася ў 1925 з кінахронікі: зняты першамайскія святочныя ўрачыстасці. З гэтага часу ствараліся хранікальныя кінавыпускі, якія адлюстроўвалі грамадска-паліт. жыццё рэспублікі (аператары М.​Лявонцьеў, Я.​Глас). Першыя фільмы Белдзяржкіно (кінанарысы «Меліярацыя БССР», «У здаровым целе — здаровы дух», абодва 1925) — т. зв. культурфільмы. Сярод першых дакумент. стужак — «Такая наша Беларусь» (1927), «Беларуская вёска», «Гомельшчына» (абодва 1929), «Уздымайся, Беларусь!» (1930) і інш. У мультыплікацыйнай майстэрні пры Белдзяржкіно пастаўлены фільмы «Кастрычнік і буржуазны свет» (1927), «Жывыя дамы» (1928, рэж. абодвух А.​Найдзіч), «Бунт зубоў» (1928, рэж. В.​Астроўскі). Анімацыя выкарыстана ў маст. фільме «Прастытутка» (1926, рэж. А.​Фрэліх) і рэкламнай стужцы «Спажывецкая кааперацыя БССР» (1930). У 1926 рэж. Ю.​Тарыч зняў першы маст. фільм «Лясная быль» паводле аповесці М.​Чарота «Свінапас». Значнае месца ў бел. кінамастацтве занялі фільмы гіст.-рэвалюцыйнай тэматыкі, заснаваныя на рэальных фактах: «Кастусь Каліноўскі» (рэж. У.​Гардзін), «Яго яснавяльможнасць» (рэж. Р.​Рашаль; абодва 1927), «Хвоі гамоняць» (рэж. Л.​Малчанаў), «Атэль «Савой» (рэж. А.​Файнцымер), «У агні народжаная» (рэж. У.​Корш-Саблін; усе 1929). У 1920—30-я г. створаны фільмы «Прастытутка», «У вялікім горадзе» (рэж. М.​Авербах і М.​Данской), «Песня вясны» паводле аповесці Я.​Коласа «На прасторах жыцця» (рэж. У.​Гардзін), «Саша» (рэж. А.​Хахлова), «Сапраўднае жыццё» (рэж. А.​Гаўронскі і В.​Уліцкая), «Суд павінен працягвацца» (рэж. Я.​Дзіган), дзіцячы фільм «Кульгаўка» (рэж. Ю.​Вінакураў) і інш., у якіх узнімаліся праблемы маралі, сцвярджаўся сацыяліст. быт. Надзённая тэма падзелу Беларусі знайшла адлюстраванне ў сатыр. камедыі «Джэнтльмен і певень» (1928, рэж. У.​Балюзек), фільме «Да заўтра» (1929, рэж. Ю.​Тарыч). Фільм-памфлет «Нянавісць» (1930, рэж. Ю.​Тарыч) паклаў пачатак звароту бел. кінематаграфіі да замежнай тэматыкі. На замежным матэрыяле створаны фільмы «Чатырыста мільёнаў» (1928, рэж. У.​Гардзін), «Рубікон» (1930, рэж. У.​Вайншток), «Слава свету» (1932, рэж. У.​Вайншток), «Першае каханне» (1933, рэж. Б.​Шрэйбер). У 1928 у Ленінградзе створана кінастудыя маст. фільмаў «Савецкая Беларусь» (з 1939 у Мінску). З 1931 дзейнічаў сектар кінахронікі (у 1935 ён пераўтвораны ў Мінскую студыю кінахронікі).

Сярод найб. значных дакумент. фільмаў 1-й пал. 1930-х г. «Знойдзеная зямля» (рэж. У.​Вайншток), «На ўздыме» (рэж. Л.​Эпельбаўм). У 1930 выйшла першая гукавая кінапраграма «Пераварот» (рэж. Ю.​Тарыч), паказаная ў дзень адкрыцця ў Мінску першага ў БССР гукавога кінатэатра «Чырвоная зорка». Значнае месца ў пач. 1930-х г. занялі т. зв. агітпрапфільмы — ігравыя кінаілюстрацыі агітацыйна-прапагандысцкага характару «Хто лепш?», «Гонар», «Ураган». Карціна пра калектывізацыю на вёсцы — «Сонечны паход» (1931, рэж. У.​Корш-Саблін). Цікавай спробай разгледзець жаночы лёс ва ўмовах сацыяліст. пераўтварэнняў на вёсцы быў фільм «Жанчына» (1932, рэж. Я.​Дзіган). На «агітпрапаўскім» фоне вылучаліся гіст.-рэвалюцыйны фільм «Першы ўзвод» (1932, рэж. У.​Корш-Саблін) і кінатвор пра сучаснасць «Двойчы народжаны» (1933, рэж. Э.​Аршанскі, муз. да абодвух напісаў І.​Дунаеўскі), стваральнікі якіх імкнуліся адысці ад вобразаў-тэзісаў і лозунгавага мыслення. У гэтых фільмах упершыню гук выкарыстоўваўся як паўнацэнны сродак маст. вырашэння. У значнай ступені эксперым. была сатыр. камедыя «Паручнік Кіжэ» (1933, рэж. А.​Файнцымер, сцэн. Ю.​Тынянава, муз. С.​Пракоф’ева). Сярод лепшых фільмаў для дзяцей — экранізацыя аповесці Я.​Маўра «Палескія рабінзоны» (1934, рэж. І.​Бахар і Л.​Малчанаў). Фільмы «Шлях карабля» (1935, рэж. Ю.​Тарыч), «Шукальнікі шчасця» (1936, рэж. У.​Корш-Саблін) прысвечаны фарміраванню чалавека ва ўмовах сацыяліст. рэчаіснасці (муз. І.​Дунаеўскага дадавала ім папулярнасці). На гіст.-рэвалюцыйныя тэмы пастаўлены фільмы: «Балтыйцы» (1937, рэж. А.​Файнцымер), «Адзінаццатага ліпеня» (1938, рэж. Ю.​Тарыч), «Вогненныя гады» (1939, рэж. У.​Корш-Саблін). Сярод фільмаў 1930-х г. значнае месца належала экранізацыям літаратурных твораў: «Салавей» паводле аднайм. аповесці З.​Бядулі (рэж. Э.​Аршанскі), «Маска», «Мянтуз» (рэж. абодвух С.​Сплашноў), «Мядзведзь», «Чалавек у футарале» (рэж. абодвух І.​Анненскі) паводле твораў А.​Чэхава. Самы папулярны кінатвор таго часу — кінакамедыя «Маё каханне» (1940, рэж. У.​Корш-Саблін, муз. І.​Дунаеўскага).

У Вял. Айч. вайну бел. дакументалісты М.​Бераў, І.​Вейняровіч, У.​Цяслюк здымалі хроніку на фронце і ў партыз. атрадах. З 1942 у Маскве на Цэнтр. студыі дакумент. фільмаў выпускаліся кіначасопісы «Савецкая Беларусь», у якія ўваходзілі сюжэты пра беларусаў-франтавікоў, працу эвакуіраваных прадпрыемстваў, творчасць майстроў нац. мастацтва. У 1942 на Цэнтр. аб’яднанай кінастудыі ў Алма-Аце Ю.​Тарыч і У.​Корш-Саблін стварылі кіназборнік «Беларускія навелы», прысвечаны барацьбе з ням.-фаш. акупантамі на бел. зямлі. У 1944 выйшлі фільм-канцэрт «Жыві, родная Беларусь!» (аўтары — У.​Корш-Саблін і М.​Садковіч), поўнаметражны дакумент. фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» (рэж. У.​Корш-Саблін, М.​Садковіч, аператары 1-га, 2-га і 3-га Бел. франтоў).

У першыя пасляваен. гады кінематограф асвойваў 3 асноўныя тэматычныя пласты: падзеі мінулай вайны, адраджэнне жыцця ў разбураных вайной вёсках і гарадах, культ. спадчына. З 1945 здымаліся кінанарысы, выйшла 12 нумароў кіначасопісаў. У кастр. 1946 кінастудыя «Савецкая Беларусь» перайменавана ў кінастудыю маст. і дакумент. фільмаў «Беларусьфільм». Аднавіўся выпуск маст. («Новы дом», 1947, рэж. У.​Корш-Саблін) і дакумент. («Наваселле», 1947, рэж. І.​Вейняровіч; «Савецкая Беларусь», 1948, рэж. Л.​Голуб; 1951, рэж. У.​Корш-Саблін, М.​Краўчуноўскі і інш.) фільмаў. Найбольш значны фільм пасляваенных гадоў — «Канстанцін Заслонаў» (1949, рэж. У.​Корш-Саблін і А.​Файнцымер). Тэма Вял. Айч. вайны атрымала працяг у фільме пра Мінскае падполле «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958, рэж. М.​Фігуроўскі). Экранізаваны п’есы бел. драматургаў: «Паўлінка» Я.​Купалы (1952, рэж. А.​Зархі), «Пяюць жаваранкі» (1953) і «Хто смяецца апошнім» (1954, рэж. абодвух У.​Корш-Саблін) К.​Крапівы, «Несцерка» В.​Вольскага (1955, рэж. А.​Зархі). У 1950-я г. выйшлі фільмы пра сучаснасць: «Зялёныя агні» (1955, рэж. С.​Сплашноў і І.​Шульман), «Пасеялі дзяўчаты лён» (1956, рэж. У.​Корш-Саблін), «Нашы суседзі» (1957), «Каханнем трэба даражыць» (1959, рэж. абодвух С.​Сплашноў), «Шчасце трэба берагчы» (1958, рэж. І.​Шульман). Л.​Голуб зняў дзіцячыя фільмы «Дзеці партызана» (1954, з М.​Фігуроўскім), «Міколка-паравоз» (1956), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959). Рэв. падзеям у Зах. Беларусі прысвечаны фільм «Чырвонае лісце» (1958, рэж. У.​Корш-Саблін). З пабудовай у 1960 новага памяшкання студыі значна выраслі яе вытворчыя магчымасці. Створаны 3 творчыя аб’яднанні: маст., дакумент. і тэлевізійных (з 1968) фільмаў. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў Беларусі. Творчы калектыў кінастудыі папоўніўся маладымі кінематаграфістамі: рэжысёры У.​Бычкоў, В.​Вінаградаў, І.​Дабралюбаў, Б.​Сцяпанаў, В.​Тураў, аператары А.​Аўдзееў, А.​Забалоцкі, Ю.​Марухін, І.​Рамішэўскі, мастакі У.​Дзяменцьеў, Я.​Ігнацьеў. Дзейнічала маладзёжнае творчае аб’яднанне пад кіраўніцтвам С.​Скварцова. У пач. 1960-х г. пачалі стварацца кінаальманахі «Апавяданні пра юнацтва», «Маленькія летуценнікі». Пастаўлены фільмы: «Дзень, калі мінае 30 год» (1961, рэж. В.​Вінаградаў), «Апошні хлеб» (1963, рэж. Б.​Сцяпанаў), «Увага! У горадзе чараўнік!» (1963, рэж. У.​Бычкоў). Вырашаныя ў. героіка-рамант. плане эпапея «Першыя выпрабаванні» паводле трылогіі Я.​Коласа «На ростанях» (1960—61), фільмы пра падзеі Кастр. рэвалюцыі «Запомнім гэты дзень» (1967), «Крушэнне імперыі» (1970, рэж. усіх У.​Корш-Саблін) не пазбаўлены стандартных рашэнняў. На рэальных гіст. фактах першых крокаў сав. дыпламатыі на міжнар. арэне заснавана карціна «Масква — Генуя» (1964, рэж. А.​Спешнеў пры ўдзеле У.​Корш-Сабліна і П.​Арманда). Найб. значныя творы бел. кінамастацтва 1960-х г. прысвечаны Вял. Айч. вайне: экранізацыі аповесцей В.​Быкава «Трэцяя ракета» (1963, рэж. Р.​Віктараў), «Альпійская балада» (1965, рэж. Б.​Сцяпанаў); фільмы рэжысёраў В.​Турава «Праз могілкі» (1964), «Я родам з дзяцінства» (1966), «Вайна пад стрэхамі» (1967), «Сыны ідуць у бой» (1969); В.​Вінаградава «Лісты да жывых» (1964), «Усходні калідор» (1966), «Чакай мяне, Ганна!» (1969); І.​Шульмана «Чалавек не здаецца» (1960); І.​Дабралюбава «Іван Макаравіч» (1968); Л.​Голуба «Вуліца малодшага сына» (1962). З’явай у кінематографе стаў фільм-казка У.​Бычкова «Горад майстроў» (1965).

У 1961 арганізавана Мінская студыя навукова-папулярных і хранікальна-дакумент. фільмаў, пераўтвораная ў 1968 у аб’яднанне дакумент. фільмаў «Летапіс» «Беларусьфільма», дзе больш выразна пачалі выяўляцца новыя прынцыпы аўтарскага падыходу да жыццёвага матэрыялу. Сярод маладых яе рэжысёраў і аператараў П.​Аліфярэнка, В.​Дашук, С.​Прошын, У.​Скітовіч, В.​Сукманаў, М.​Хубаў, В.​Шаталаў і інш. Значны ўклад у творчыя пошукі зрабіў паэт і сцэнарыст А.​Вялюгін. Рэгулярна пачалі выходзіць на экраны кіначасопісы «Мастацтва», «Спартыўныя навіны». Створаны фільмы пра людзей яркіх біяграфій — «Дарога без прывалу» (1965, рэж. І.​Вейняровіч), «Арліная крыніца» (1966, рэж. В.​Сукманаў), пра падлетка-падпольшчыка Валодзю Шчарбацэвіча — «Пакараны смерцю ў 41-м» (1967, рэж. В.​Чацверыкоў), аб асноўных этапах партыз. руху на Беларусі — «Генерал Пушча» (1967, рэж. І.​Вейняровіч), галоўных этапах гісторыі рэспублікі — «Штрыхі да партрэта» (1968, рэж. І.​Пікман, У.​Цяслюк і Р.​Ясінскі). Пры звароце да сучаснасці выкарыстоўваўся метад працяглага назірання: «Урок даўжынёю ў год» (1963, рэж. С.​Фрыд і Р.​Ясінскі), «Першыя ноты» (1967, рэж. В.​Шаталаў). Зняты стужкі праблемнага характару — «Шчырая размова» (1966), «Гродзенскі кашалёк» (1967, рэж. абодвух М.​Хубаў). У 1965 пачаўся выпуск тэлевізійных фільмаў у творчым аб’яднанні «Тэлефільм» Бел. тэлебачання («Матухны благаславенне», 1958, рэж. У.​Кухта; «Снежны конь», 1962, рэж. Ю.​Дубровін; «Зімовы дуб», 1963, рэж. М.​Кожын; «Камлючок», 1968, рэж. М.​Калінін). У 1960—70-я г. ў тэлекіно працавалі рэжысёры А.​Гутковіч, Ю.​Дубровін, І.​Калоўскі, В.​Карпілаў, У.​Станкевіч, Ю.​Сцяпанаў, Я.​Шабан. Пазней ставілі фільмы С.​Агеенка, У.​Арлоў, В.​Басаў, У.​Бокун, А.​Войніч, Н.​Гаркунова, Л.​Гедравічус, В.​Жыгалка, А.​Кашэўнікаў, У.​Траццякоў, В.​Шавялевіч, А.​Шклярэўскі. З 1966 здымаліся тэлефільмы ў тэлевізійным аб’яднанні «Беларусьфільм». Ствараліся тэленавелы, экранныя мініяцюры: «Крокі па зямлі» (1968, рэж. І.​Дабралюбаў), «Страказіныя крылы» (1968, рэж. К.​Красніцкі), «Бераг прынцэсы Люські» (1969, рэж. В.​Нікіфараў), «Вясковыя канікулы» (1969, рэж. В.​Жарыкаў і В.​Рыбараў), «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (1969, рэж. В.​Рубінчык), «Сачыненне» (1970, рэж. І.​Калоўскі). Сярод першых тэлесерыялаў: «Белая зямля» (1970, рэж. А.​Карпаў-старэйшы), «Вашынгтонскі карэспандэнт» (1972, рэж. Ю.​Дубровін), «Тыя, што ідуць за гарызонт» (1972, рэж. М.​Калінін), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.​Шульман); у т. л. для дзяцей — «Корцік» (1973), «Бронзавая птушка» (1974, рэж. абодвух М.​Калінін), «Апошняе лета дзяцінства» (1974, рэж. В.​Рубінчык). Найб. значны тэлефільм — «Руіны страляюць...» (1971—72, рэж. В.​Чацверыкоў) — пра Мінскае антыфаш. падполле.

У 1970—80-я г. пастаўлены кінафільмы пра сучаснасць: «Неспадзяванае каханне» (1970, рэж. І.​Шульман), «Міравы хлопец» (1971, рэж. Ю.​Дубровін), «Залаты ганак» (1972, рэж. І.​Шышоў), «Вуліца без канца» (1972), «Расклад на паслязаўтра» (1978), «Белыя Росы» (1983, рэж. усіх І.​Дабралюбаў), «Час яе сыноў» (1974), «Нядзельная ноч» (1976, рэж. абодвух В.​Тураў), «Сын старшыні» (1976), «Узбочына» (1978, рэж. абодвух В.​Нікіфараў), «Паводка» (1980, рэж. В.​Чацверыкоў). Маладыя кінематаграфісты М.​Лук’янаў, С.​Сычоў і А.​Яфрэмаў у 1977 зрабілі кінаальманах паводле апавяданняў В.​Шукшына «У профіль і анфас». Рэж. Л.​Нячаеў паставіў дзіцячыя тэлефільмы-казкі ў жанры мюзікла «Прыгоды Бураціна» (1975), «Пра Чырвоную Шапачку» (1977), «Прададзены смех» (1981), «Казка пра Зорнага Хлопчыка» (1983), «Рыжы, сумленны, закаханы...» (1984), «Пітэр Пэн» (1987). Кінематаграфісты звярталіся і да гіст. мінулага. Пра жыццё і дзейнасць бел. асветніка зняты фільм «Я, Францыск Скарына...» (1969, рэж. Б.​Сцяпанаў); В.​Рубінчык стварыў карціны «Магіла льва» (1971), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979). Рэв. падзеям на Беларусі прысвечаны фільмы «Рудабельская рэспубліка» (1971, рэж. М.​Калінін), «Хлеб пахне порахам» (1973, рэж. В.​Нікіфараў). Эпізоды гісторыі пагранічнай службы адлюстраваны ў шматсерыйным тэлефільме «Дзяржаўная граніца» (1980—88, рэж. В.​Нікіфараў і Б.​Сцяпанаў). Тэма Вял. Айч. вайны мела працяг у фільмах пра бел. партызан М.​Шмырова — «Бацька» (1971, рэж. Б.​Сцяпанаў), пра В.​Каржа «Трэцяга не дадзена» (1980, рэж. І.​Дабралюбаў), славака Яна Налепку «Заўтра будзе позна...» (1972, рэж. А.​Карпаў і М.​Цяпак). Біяграфія легендарнага К.​Арлоўскага адлюстравана ў дакумент. фільме «У агні жыцця» (1970, рэж. І.​Вейняровіч). Падзеі партыз. руху на Беларусі абагульнены В.​Чацверыковым у фільме-эпапеі «Полымя» (1974), яго фільм «Чорная бяроза» (1977) пра ваенныя лёсы будучых будаўнікоў Мінскага аўтазавода. Вял. Айч. вайне прысвечаны фільмы для дзяцей «Пяцёрка адважных» (1970, рэж. Л.​Мартынюк), «Паланэз Агінскага» (1971), «Маленькі сяржант» (1975, рэж. абодвух Л.​Голуб), «Зімародак» (1972, рэж. В.​Нікіфараў). У жанры кінапаэмы вырашаны фільм «Вянок санетаў» (1976, рэж. В.​Рубінчык). У дакумент. кіно падзеі Вял. Айч. вайны адлюстраваны ў фільмах «Бронзавы салдат» (1970, рэж. Б.​Сарахатунаў), «Балада пра мужнасць і любоў» (1972, рэж. І.​Вейняровіч), «Абпаленая памяць» (1974, рэж. А.​Канеўскі), «Навальнічная далеч памяці» (1983, рэж. В.​Сукманаў, Р.​Ясінскі). З’явай ва ўсёй сав. кінадакументалістыцы сталі 2 цыклы фільмаў В.​Дашука: пра зверствы гітлераўцаў на бел. зямлі — «Жанчына з забітай вёскі», «Жменя пяску», «Немы крык» (усе 1975), «Суд памяці» (1976); пра дзяўчат, удзельніц вайны — «Гэта была не я» (1981), «Страляць хацела», «Раніца туманная, раніца сівая...», «Я вас сустрэў...» (усе 1982), «Калі народзіцца дзяўчынка» (1983), «Тады я не плакала», «Міласэрнасць» (абодва 1984). Экранізаваліся творы бел. і рускай літаратуры. Да твораў Я.​Купалы звярнуліся ў маст. кіно Б.​Луцэнка («Раскіданае гняздо», 1981), у тэлекіно — В.​Раеўскі («Па шчасце, па сонца», 1971, з В.​Акімушкіным), Б.​Бахціяраў («Гусляр», 1982, паводле паэмы «Курган»), Н.​Арцімовіч («На Куццю», 1982), у кінадакументалістыцы — В.​Дашук («А зязюля кукавала...», 1972). Вобразы твораў Я.​Коласа ўвасоблены ў маст. тэлефільмах «І смех, і бяда» (1973, рэж. Я.​Шабан), «Сымон-музыка» (1977) і «Новая зямля» (1982, рэж. абодвух У.​Траццякоў). Паводле трылогіі І.​Мележа «Палеская хроніка» рэж. А.​Гутковіч зняў тэлефільм «Людзі на балоце» (1965), рэж. В.​Тураў стварыў кінаэпапею з 2 стужак «Людзі на балоце» (1981), «Подых навальніцы» (1982) і 8-серыйны тэлефільм «Людзі на балоце» (1984). Аповесць І.​Шамякіна «Вазьму твой боль» (1980) і раман У.​Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» (1983) экранізаваў М.​Пташук. Паводле твораў В.​Быкава пастаўлены маст. фільм «Воўчая зграя» (1975, рэж. Б.​Сцяпанаў), тэлефільмы «Доўгія вёрсты вайны» (1975, А.​Карпаў), «Фруза» (1981, рэж. В.​Нікіфараў). Фільмы рэж. В.​Рыбарава «Чужая Бацькаўшчына» (1982) паводле рамана В.​Адамчыка, «Сведка» (1985) паводле аповесці В.​Казько «Суд у Слабадзе», Э.​Клімава «Ідзі і глядзі» (з «Масфільмам», 1985) паводле «Хатынскай аповесці» і «Карнікаў» А.​Адамовіча сведчылі аб новым этапе асэнсавання гіст. мінулага. Пастаўлены тэлефільмы паводле твораў І.​Тургенева «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» (1971, рэж. В.​Тураў), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (1975, рэж. В.​Рубінчык), «Зацішша» (1981, рэж. В.​Чацверыкоў), «Бацькі і дзеці» (1984, рэж. В.​Нікіфараў).

Перыяд на мяжы 20—21 ст. у бел. маст. кіно — час змяншэння выпуску фільмаў, зніжэння крытэрыяў і арыенціраў. Дамінуе развіццё дакументалістыкі і анімацыі. З 1989 працуе «Белвідэацэнтр», у якім ствараюцца відэафільмы, прысвечаныя культурна-гіст. падзеям. Пастаўлены маст. фільмы пра сучасныя праблемы: у жанры меладрамы — «Гульня ўяўлення» (1995, рэж. М.​Пташук), «Батанічны сад» (1997, рэж. У.​Гасцюхін), «Павадыр» (2001, рэж. А.​Яфрэмаў); у жанры дэтэктыва — «Гладыятар па найме» (1993), «Паміж жыццём і смерцю» (2002, рэж. абодвух Дз.​Зайцаў), «Сын за бацьку» (1995, рэж. М.​Яроменка-малодшы), «Уцёкі ад смерці» (1996, рэж. В.​Дзяругін), «Забіць прытворшчыка» (1997, рэж. В.​Марчанкова); у жанры фантастыкі — «Анамалія» (1993, рэж. Ю.​Ялхоў), «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1994, рэж. В.​Тураў); у жанры камедыі — «Тры жанчыны і мужчына» (1998, рэж. В.​Дудзін), «Армія Выратавання» (1999, рэж. Я.​Краўцоў), «Свежына з салютам» (2001, рэж. І.​Паўлаў). Спробы больш паглыблена акрэсліць персанажы стужак адчуваюцца ў псіхалагічных драмах «Мяне завуць Арлекіна» (1988), «Прыкаваны» (2002, рэж. абодвух В.​Рыбараў), «Восеньскія сны» (1987, рэж. І.​Дабралюбаў), «Кветкі правінцыі» (1994, рэж. Дз.​Зайцаў). Экранізаваліся творы А.​Пушкіна (2-серыйны кінафільм і 4-серыйны тэлефільм «Высакародны разбойнік Дуброўскі», 1988, рэж. В.​Нікіфараў), М.​Гогаля (дакумент.-маст. тэлефільм «Несыграная роля», 1999, рэж. Н.​Гаркунова), І.​Буніна («Няспешная вясна», 1990, рэж. У.​Талкачыкаў), Ф.​Дастаеўскага («Вечны муж», 1991, рэж. Я.​Маркоўскі), М.​Булгакава («Нататкі маладога доктара», 1991, рэж. М.​Якжэн), Э.​Ажэшкі (тэлефільм «Хам», 1990, рэж. Дз.​Зайцаў і С.​Шульга). Тэма рэпрэсій і падзеі вайны адлюстраваны ў фільмах М.​Пташука «Знак бяды» (1986) — экранізацыя аповесці В.​Быкава, «Наш бронецягнік» (1988), «Кааператыў «Палітбюро», ці Будзе доўгім развітанне» (1992). Пасля пэўнага перапынку бел. кінематаграфісты зноў звярнуліся да тэмы Вял. Айч. вайны. Экранізавана ваенная проза В.​Быкава: «Яго батальён» (1988, рэж. А.​Карпаў-старэйшы), «Круглянскі мост» (1989, рэж. А.​Мароз). Зняты эпічныя тэлесерыялы: маст. фільм «Плач перапёлкі» паводле твораў І.​Чыгрынава (1991, рэж. І.​Дабралюбаў), дакумент. фільм «Пасля Перамогі» (1994—95, рэж. В.​Жыгалка і С.​Шчаглоў). Дакументалісты расказваюць пра духоўна-маральны вопыт ваеннага пакалення праз успаміны, дзённікі, дакументы ўдзельнікаў вайны («Мы марылі пра мір», 1995, рэж. С.​Жыткевіч; «Зямля, зямлянкі, землякі», 1996, рэж. В.​Жыгалка, С.​Шчаглоў; «Адзін з многіх», 2000, рэж. Т.​Вашчанка; «Ад зор чэрвеньскіх...», 2000, рэж. У.​Цяслюк; «Апошнія сведкі», 2001, рэж. Ф.​Кучар; «Салдаты Італіі», 2002, рэж. А.​Алай). Вострадраматычныя падзеі канца вайны адлюстраваны ў фільме пра вызваленне Польшчы («З пекла ў пекла», 1996, рэж. Дз.​Астрахан). Пра дзейнасць разведчыкаў у час вайны дакумент. фільмы «Эцьен. Вяртанне» (1998), «Кент, ці Вялікая гульня «маленькага шэфа» (2000, рэж. абодвух С.​Агеенка), «Апошні з групы «Джэк» (2000, рэж. В.​Жыгалка). У дынамічна-экспрэсіўным маст. фільме «У жніўні 44-га...» (2000, рэж. М.​Пташук) у эпічна-манум. плане паказана карціна вызвалення Зах. Беларусі ад ням.-фашысцкіх захопнікаў. Абагульнены вобраз ваеннага пакалення створаны ў дакумент. тэлефільмах «Курган» (1995, рэж. В.​Басаў), «Святыні беларускай зямлі. Брэст» і «Святыні беларускай зямлі. Хатынь» (2000, рэж. абодвух В.​Купрыянаў). Узрасла цікавасць да шматвяковай гісторыі Беларусі, па-новаму асэнсоўваюцца падзеі мінулых дзесяцігоддзяў. Створаны дакумент.-маст. тэлецыкл В.​Шавялевіча: «Да вас, сучаснікі мае» (1989—90), «Прыйдзі і віждзь» (1992), «Пастка для зубра» (1994), «Беларусь на крыжы стагоддзяў» (2000—2002) пра гісторыю Беларусі 9—16 ст. У маст. тэлекіно пастаўлены гіст. меладрамы «Раман імператара» (1994, рэж. Дз.​Ніжнікоўская), тэлесерыял «Пракляты ўтульны дом» (1998, рэж. У.​Арлоў). У жанры легенды вырашаны гіст.-прыгодніцкі фільм «Анастасія Слуцкая» (2003, рэж. Ю.​Ялхоў) пра абарону Слуцка ад татарскага набегу ў пач. 16 ст.

Зняты дакумент. фільмы пра гіст.-культ. помнікі: «Чорная дама» (1992), «Брэст» (1993), «Куток Радзімы — Іўе» (1994) і «Нясвіжскі фарны» (1997, рэж. усіх Л.​Гедравічус), «Мсціслаў. Жнівеньскія нататкі» (1994), «Гальшаны на мове вады» (1995) і «Заслаўе. Фрагменты стагоддзяў і жыццяў» (1997, рэж. усіх Т.​Кіракозава), «Крэва» (рэж. М.​Жданоўскі), «Каложская царква» (рэж.

Ю.​Ківалаў-Станкевіч, абодва 1996), «Бярэсце» (1997, рэж. В.​Сюмакоў), «Замкі Беларусі» (1998, рэж. В.​Шышоў), «Крэва» (1997), «Навагрудак» (1998), «Сцены старажытнага Гродна» (1999) і «Гродна. Фарны касцёл» (1999, рэж. усіх С.​Пятроўскі). Тэма хрысц. каштоўнасцей увасоблена ў дакумент. тэлефільмах В.​Шавялевіча «Па дарогах «Слова аб паходзе Ігаравым» (1986), «Уладыка» (1993), «Пад крыламі Ефрасінні» (1997), «Крыжу твайму» (1998), «Пісьмы пра добрае і прыгожае» (1998—99), В.​Моракавай «Ефрасіння Полацкая» (1989), С.​Гайдука «Запавет Ефрасінні» (1997). Рэліг. дзеячам, асветнікам прысвечаны дакумент. фільмы «Сімяон Полацкі» (1995, рэж. С.​Гайдук), «Зорка Афанасія» (1997, рэж. М.​Князеў) пра А.​Філіповіча, «Слова да вас, Георгій Каніскі» (1998, рэж. Б.​Калякін, В.​Купрыянаў), «...3 забыцця і праху...» Іаан Грыгаровіч» (2000, рэж. М.​Якжэн). Дзеячам гісторыі і культуры прысвечаны фільмы «Паланэз для касінераў» (1994) пра Т.​Касцюшку, «І засталася музыка» (1998) пра М.​К.​Агінскага (рэж. абодвух Р.​Ясінскі), «Ніколі я не паміраў» (1992), «Імша па Купале» (1993, рэж. абодвух У.​Бокун) пра Я.​Купалу, «Максім Багдановіч» (1992, рэж. В.​Каралёў), «Максім Гарэцкі» (1993, рэж. Ю.​Цвяткоў і В.​Купрыянаў), «Што ў Пімене табе маім?» (1997, рэж. Г.​Адамовіч) пра П.​Панчанку, «За Кушлянамі снег» (1996, рэж. М.​Жданоўскі) пра Ф.​Багушэвіча, «Навагрудак. Чытаючы А.​Міцкевіча» (1980, рэж. А.​Рудэрман), «Балада пра Свіцязь» (1997, рэж. С.​Шчаглоў) і «Два стагоддзі Адама Міцкевіча» (1998, рэж. М.​Жданоўскі) пра А.​Міцкевіча. Абуджэнне цікавасці да стараж. гісторыі праявілася ў экранізацыі п’есы У.​Караткевіча «Маці ўрагану» (1990, рэж. Ю.​Марухін). Факты біяграфіі пісьменніцы Л.​Геніюш пакладзены ў аснову маст. фільма «Птушкі без гнёздаў» (1996, рэж. В.​Дудзін). Дакумент. фільмы «Напалеон Орда» (1990, рэж. Л.​Гедравічус), «Беларусь Напалеона Орды» (1994, рэж. М.​Жданоўскі), «Летуценні Драздовіча» (1997, рэж. С.​Агеенка) пра славутых мастакоў Беларусі. Вобразы бел. пейзажыста В.​Бялыніцкага-Бірулі ў маст. тэлефільме «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1992, рэж. В.​Басаў), у дакумент. карцінах «Пасля пленэру. Час цішыні» (1996, рэж. Б.​Берзнер), «Вяртанне ў вырай» (1999, рэж. В.​Шышоў). Пра маст. школу Віцебска створаны фільмы «Калі Віцебск быў Парыжам» (1992, рэж. У.​Бокун), «Дом Шагала» (1994, рэж. М.​Дзінаў), «Засталася душа яго тут» (1997, рэж. Ю.​Гарулёў), «Мой пачатак» (1998), «Зорнае неба Віцебска» (2000, рэж. абодвух Н.​Гаркунова), «Малако без бутэлькі» (1999, рэж. М.​Князеў).

Пастаўлены фільмы пра сучасных мастакоў: «Апаленая памяць» (1974, рэж. А.​Канеўскі), «Доўг памяці» (1982, рэж. Б.​Гарошка), «Міхаіл Савіцкі» (1992, рэж. С.​Жыткевіч), «Крыж надзеі» (1997, рэж. В.​Шавялевіч) пра М.​Савіцкага, «Аляксандр Кішчанка. Гульні генія» (1995, рэж. Я.​Росцікаў), «Мастак Леанід Шчамялёў» (1998, рэж. Ю.​Марухін), «Іван Ахрэмчык у часе» (1998, рэж. С.​Агеенка), «Маё Палессе» (1981, рэж. Ю.​Марухін), «Адлучэнне. Смутак» (1993, рэж. С.​Лук’янчыкаў), «Мастак Гаўрыіл Вашчанка» (2002, рэж. А.​Суханава) пра Г.​Вашчанку, «Пад знакам любові» (1997, рэж. В.​Шавялевіч) пра А.​Кузьміча, «Мара» (1992, рэж. У.​Арлоў) пра А.​Марачкіна, «На зямлі і ў нябёсах. Павел Масленікаў» (2000, рэж. С.​Агеенка), «Дагараючы вечар чалавечага жыцця» (2001, рэж. У.​Траццякоў) пра Я.​Чамадурава, «Дрэва за акном. Мастак Яўген Ігнацьеў» (1999, рэж. М.​Якжэн), «Фауст Арлена» (1996, рэж. Г.​Адамовіч) пра А.​Кашкурэвіча і яго сына І.​Кашкурэвіча, «Запрашэнне ў Мадрас» (1978, рэж. В.​Шаталаў), «Як цяжка паўтарыць жывую прыгажосць» (1979, рэж. А.​Чакмянёў), «Наталля і Георгій» (2001, рэж. В.​Скварцова) пра Г. і Н. Паплаўскіх. Бел. скульптарам прысвечаны фільмы «З надзеяй і любоўю» пра З.​Азгура (1995, рэж. Ф.​Кучар), «Партрэт у рост» пра С.​Гарбунову (1999, рэж. Л.​Гедравічус), «Анатоль Аляксандравіч Анікейчык» (2000, рэж. Ю.​Войніч), «Дотык да вечнасці» пра В.​Занковіча (2000, рэж. А.​Кашэўнікаў).

Шматколернае прафес. і нар. мастацтва адлюстравана ў карцінах «Жывая дрэва душа» (1985, рэж. Л.​Гедравічус), «Агонь мігатлівы ў сасудзе» (рэж. Дз.​Міхлееў), «Іосіф і яго брат Пётр» (рэж. С.​Лук’янчыкаў), «Каб квітнела любоў» (рэж. М.​Князеў), «Неглюбскі лістапад» (рэж. С.​Гайдук, усе 1994), «Мастацтва зямлі і агню» (1995), «Падвор’е» (1996, рэж. абодвух А.​Суханава), «Сямейны блюз пад гукі акарыны» (1996, рэж. Р.​Грыцкова), «Штукар Ямеля з Хальча» (1996), «Ці застанецца спадчына?» (1999, рэж. абодвух В.​Каралёў), «Нёманская вясёлка» (1998, рэж. С.​Пятроўскі). Зняты дакумент. фільмы пра музеі Беларусі: «Імгненні музейнай цішыні» (1986, рэж. У.​Бокун), «Дырэктар музея» (1998, рэж. І.​Волах), «Ронда» (1998, рэж. С.​Галавецкі), «Дом на былой Сялянскай» (1981, рэж. У.​Бокун), «Дабрахожыя» (1991, рэж. В.​Урагаў), «Веткаўская Атлантыда» (1994, рэж. С.​Галавецкі), «Свой голас» (2000, рэж. С.​Смірноў). Створаны дакумент. фільмы пра бел. акцёраў тэатра і кіно: «У юбілей — выхадны дзень» (1990, рэж. Б.​Берзнер), «Прызнанне ў каханні» (1994, рэж. В.​Моракава) пра акцёраў Нац. акад. драм. т-ра імя М.​Горкага; «Маналог з адступленнямі» (1987, рэж. Л.​Гедравічус) пра Р.​Янкоўскага; «Гасцюхін» (1995, рэж. М.​Князеў); «Брава, Браварская» (1997, рэж. С.​Гайдук); «Фёдар Шмакаў. Фрагменты» (1998, рэж. В.​Аслюк); «Маналогі за кадрам» (1991, рэж. У.​Цяслюк) пра Г.​Гарбука; «Артыст Генадзь Аўсяннікаў» (1990, рэж. Б.​Берзнер); «У палоне сваіх роляў» (2002, рэж. А.​Бугор) пра Г.​Давыдзьку; «Такі вось лёс» (1994, рэж. А.​Канеўскі) пра Т.​Мархель; «Святлана» (1997, рэж. А.​Трафіменка) пра С.​Акружную; «Нясумны сад Фамы Варанецкага» (2001, рэж. С.​Кацьер); «Нерастрачаны час» (1996, рэж. М.​Князеў) і «Мікалай Яроменка-старэйшы. Пасляслоўе» (2001, рэж. В.​Дудзін).

Значныя набыткі бел. дакументалістыкі звязаны з т. зв. візуальнай антрапалогіяй. Створаны унікальны цыкл этнамузыкалагічных фільмаў паводле сцэнарыяў музыказнаўцы З.​Мажэйкі: «Палескія калядкі» (1972), «Галасы вякоў» (1979), «Памяць стагоддзяў» (1982, рэж. усіх Н.​Сава), «Палескія вяселлі» (1986), «Крывыя вечары» (1993, рэж. абодвух Ю.​Лысятаў), «Пранясі, Божа, хмару» (1990, рэж. А.​Шклярэўскі), «Рух зямлі» (1999, рэж. С.​Гайдук). У фільмах цыкла ў вобразнай форме зафіксаваны гукаідэал народа, яго інтанацыйны эталон як праява нац. менталітэту. Значэнне нар. муз. культуры вобразна раскрыта ў 1970—90-я г. ў фільмах дакументалістаў Р.​Грыцковай («Хутка летца мінецца», «Валянціна Каралёва — вясёлая ўдава»), І.​Волах («Калядныя цары», «Хрэсьбіны»), С.​Гайдука («Мужчынскі рой»), А.​Шклярэўскага («Карагод»), У.​Міхарскага («Іграюць вяселле гармонікі»), У.​Арлова («Суботы з дзядзькам Монічам», «Тры тысячы песень», «Як пайду я дарогай»), Л.​Гедравічуса («Сцісні ў жмені», «Песня на ўсё жыццё»), В.​Скварцовай («Мая 80-я восень»), М.​Жданоўскага («У хвіліны музыкі»). Муз. спадчына беларусаў адлюстравана ў фільме «Полацкі сшытак» (1988, рэж. Л.​Гедравічус) — экраннай рэканструкцыі вобразаў свецкай музыкі бел. барока 17 ст. У 1970—90-я г. зняты фільмы-канцэрты з удзелам вядучых муз. калектываў рэспублікі, фільмы-спектаклі. Створаны фільмы-партрэты кампазітараў: «І песня ўзлятае сама» (1972, рэж. У.​Арлоў) пра У.​Алоўнікава, навела «Эцюд» у фільме «Тварам да вас» (1976, рэж. В.​Шавялевіч) пра Л.​Шлег, «Ты мне вясною прыснілася» (1980, рэж. Ю.​Сцяпанаў) пра Ю.​Семяняку, «Фантазіі на тэму» (1981), «Урыўкі з ненапісанага. Яўген Глебаў» (1999, рэж. абодвух У.​Арлоў), «Яўген Глебаў. Васемнаццаць гадоў пазней» (1995, рэж. С.​Лук’янчыкаў) і «Майстар» (2000, рэж. М.​Жданоўскі) пра Я.​Глебава, «Картэс» (1997, рэж. Я.​Росцікаў) пра С.​Картэса. З 1999 г. на «Белвідэацэнтры» ствараецца цыкл экалагічных фільмаў: «Жывыя сведкі ледавікоў», «Лясныя хованкі», «Жывая вада», «Жабы на дарогах», «У царстве бакланаў і чапляў», «Чаму ў бабра падрапаны нос», «Апошнія арлы» (рэж. усіх І.​Бышнёў). У кіно 1990-х г. увасабляецца тэма Чарнобыля і яго наступстваў: маст. фільмы — «Чорны бусел» (1993, рэж. В.​Тураў), «Душа мая, Марыя» (1993), «Рэйнджэр з атамнай зоны» (1999, рэж. абодвух В.​Нікіфараў), «Эпілог» (1994, рэж. І.​Дабралюбаў); дакумент. — «Жылі-былі людзі» (1991, рэж. В.​Жыгалка), «Бяда» (1992, рэж. У.​Цяслюк), «Імгненні радасці» (1993, рэж. В.​Басаў), «Зона адчужэння» (1994, рэж. С.​Бондараў), «Чарнобыль. Попел» (рэж. С.​Лук’янчыкаў), «Чарнобыльская восень» (рэж. А.​Франскевіч, абодва 1996), «Жыццё пасля Чарнобыля» (1999, рэж. У.​Цяслюк), «Жылі-былі...» (рэж. Г.​Адамовіч), «Хойніцкія хронікі» (рэж. М.​Князеў, абодва 2001). Створаны маст. фільмы для дзяцей у жанры кінафантастыкі («Вогненны стралок», 1994, рэж. М.​Князеў; «Падзенне ўверх», 1998, рэж. А.​Трафіменка), жорсткай сац. драмы («Шэльма», 1996, рэж. А.​Ганчаронак, І.​Чацверыкоў; «Маленькі баец», 1998, «Зорка Венера», 2000, рэж. абодвух М.​Касымава), камедыі («Аб тым, як Колька і Пецька ляталі ў Бразілію», 1998, рэж. Р.​Грыцкова), лірычнай аповесці з элементамі кінаказкі («Бальная сукенка», 2003, рэж. М.​Касымава, І.​Волах).

З 1970-х г. развіваецца анімацыя (маляваная, лялечная, перакладная і ў галіне змешанай тэхнікі). Пастаўлены фільмы-казкі рэжысёрамі Л.​Шукалюковым («Аленчына кураня», 1974; «Касар-волат», 1976), Ю.​Бутырыным («Мілавіца», 1977; «Светлячок і Расінка», 1978), К.​Красніцкім («Лістападнічак», 1977; «Ціхае балота», 1979; «Пінчэр Боб і сем званочкаў», 1984; «Як дзед за дажджом хадзіў», 1986; «Хлопчык і праменьчык», 1987; «Мая маці — чараўніца», 1989), М.​Лубянікавай («Цімка і Дзімка», 1975), Н.​Лось («Гліняная Аўдотка», 1984), В.​Доўнарам («Як Васіль гаспадарыў», 1983), Т.​Жыткоўскай («Кацяня Філя і...», 1981; «Дыназаўрык», 1982; «Фантазіі Сідарава», 1991; «Гора горкае», 1997; «Фантазёрка», 1999), Я.​Ларчанкам («Дудка-весялушка», 1978; «Дзед і Жораў», 1983; «Кацігарошак», 1990; «Шэры конік», 1992), І.​Волчакам («Як ліса ваўка судзіла», 1989), У.​Пяткевічам («Ёрш і Верабей», 1999), А.​Туравай («Пра рыцара, які нічога не баяўся», 1991; «Балада пра тры апельсіны», 1995; «Казка пра Сінюю Світку», 1996; «Музыкант-чарадзей», 2000; А.​Ленкіным («Зімоўе звяроў», 1999; «Яма, танцы, чатыры струны», 2000). Дарослым адрасаваны фільмы-прытчы, элегіі, экранныя медытацыі, якія насычаны паэт. метафарамі, сімваламі, прасякнуты аўтарскім роздумам пра чалавека ў сусвеце: «Лафертаўская макаўніца» (1986), «Жыло-было дрэва...» (1996), «Казкі лесу» (1996), «Сава» (1998, аўтары ўсіх У. і А. Пяткевічы), «Капрычыо» (1986), «Канчэрта гроса» (1988), «Скерца» (1994), «Пастараль» (1998; рэж. усіх І.​Волчак), «Песня пра зубра» (1982, рэж. А.​Белавусаў), «Меч» (1998, рэж. В.​Доўнар). А.​Ленкін звярнуўся да анімацыйных камед. серыялаў («Рэактыўны парсючок-1», 1994—2004). Распрацоўка жанравай палітры анімацыі, пошукі сінтэзу розных навейшых тэхнік адчуваюцца ў кінаальманахах, што аб’ядноўваюць асобныя навелы: «Крокі» (1998, рэж. В.​Альковіч, В.​Бакуновіч, М.​Тумеля), «Лабірынт-1» (1990, рэж. М.​Берэнштэйн, Н.​Касцючэнка, Л.​Крэсікаў, А.​Ленкін), «Лабірынт-2» (1992, рэж. І.​Волчак, В.​Доўнар, А.​Суслава). У жанры філас. прытчы на тэмы хрысц. каштоўнасцей вырашаны фільмы І.​Кадзюковай («Прытча пра Гасана», 1987; «Калядныя апавяданні», 1994; «Дзяўчынка з запалкамі», 1996; «Дзіўная вячэра на Куццю», 1999; «Прытча пра Каляды», 2000; «Сястра і брат», 2002; «Легенда пра лэдзі Гадзіву», 2004). Бел. анімацыйныя фільмы адзначаны прызамі на міжнар. кінафестывалях у Расіі, Германіі, Францыі, Партугаліі, Канадзе, Японіі і інш. краінах. У бел. маст. кіно выразныя, яскравыя вобразы ў розныя гады стварылі акцёры: В.​Арланава, Г.​Аўсяннікаў, У. і З.​Белахвосцік, З.​Браварская, Г.​Гарбук, У.​Гасцюхін, Г.​Глебаў, С.​Зелянкоўская, М.​Кірычэнка, А.​Клімава, А.​Кот, У.​Крыловіч, Г.​Макарава, В.​Манаеў, Б.​Платонаў, Л.​Ржэцкая, С.​Станюта, С.​Сухавей, В.​Тарасаў, Р.​Янкоўскі, М.​Яроменка. Плеяду майстроў экраннай пластыкі склалі аператары бел. кіно: Б.​Аліфер, А.​Аўдзееў, А.​Забалоцкі, Ф.​Кучар, Т.​Логінава, Ю.​Марухін, І.​Рамішэўскі, У.​Спарышкоў, А.​Суханава, Ю.​Ялхоў. Візуальны вобраз фільмаў бел. кіно ўзбагацілі мастакі: Я.​Ганкін, У.​Дзяменцьеў, Я.​Ігнацьеў, В.​Назараў, А.​Чартовіч. Плённа працавалі ў кіно як драматургі бел. пісьменнікі: В.​Быкаў, А.​Адамовіч, А.​Дудараў, У.​Караткевіч, А.​Макаёнак, Г.​Марчук. Гуказрокавы вобраз карцін узбагацілі сваёй музыкай кампазітары Я.​Глебаў, В.​Капыцько, І.​Лучанок, А.​Янчанка. Кадры для бел. кіно рыхтуюцца ў Бел. АМ. Сярод іх: Г.​Адамовіч, В.​Аслюк, І.​Волах, Р.​Грыцкова, А.​Кудзіненка, А.​Трафіменка, І.​Чацверыкоў. Кінадраматургаў рыхтуе Бел. універсітэт культуры. Пытанні бел. кіно і тэлебачання асвятляюцца ў часопісах «Мастацтва», «На экранах» і «Роднае слова». Навукова-даследчая работа праводзіцца ў аддзеле кіна- і тэлемастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі.

Літ.:

История белорусского кино. Кн. 1—2. Мн., 1969—1970;

Кино Советской Белоруссии. М., 1975;

Современное белорусское кино. Мн., 1985;

Экран и культура: Бел. кино и телевидение в системе худож. культуры. Мн., 1988;

Гісторыя кінамастацгва Беларусі: У 4 т. Т. 1—3. Мн., 2001—04;

Белорусское кино: Молодые режиссёры. Мн., 1999;

Экран и культура (Белорусское документальное кино и культура Беларуси): К 75-летию бел. кино: Сб. материалов научно-практ. конф. Бел. союза кинематографистов, Мин-ва культуры Респ. Беларусь, НАН Беларуси, Минск, 27—30 сент. 1999. Мн., 1999;

Белорусское игровое кино на пороге XXI века: Реальность и перспектива. Мн., 2000;

Концепция развития белорусского кино. Мн., 2001;

Все белорусские фильмы: Кат.-справ. Т. 1—2. Мн., 1996—2000;

Белорусская культура и кино: Тематич. кат. бел. документ. фильмов. Мн., 2002.

А.​В.​Красінскі, В.​Ф.​Нячай.

Кадр з фільма «Лясная быль». 1926.
Кадр з фільма «Рыжы, сумленны, закаханы...». 1984.
Экранізацыя «Палескай хронікі» І.​Мележа. 1981—82.
Кадр з тэлефільма «Бацькі і дзеці». 1984.
Кадр з фільма «Павадыр». 2001.
Кадр з фільма «Паміж жыццём і смерцю». 2002.
Кадр з тэлефільма «Хам». 1990.
Кадр з фільма «Анастасія Слуцкая». 2003.
Кадр з фільма «Знак бяды». 1986.

т. 18, кн. 2, с. 685

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́ХІЯ (Ćechy), Чэшская Рэспубліка (Česká Republica),

дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на Пн з Польшчай, на Пн і З з Германіяй, на Пд з Аўстрыяй, на У са Славакіяй. Пл. 78,7 тыс. км². Hac. 10 257 тыс. чал. (2002). Дзярж. мова — чэшская. Сталіца — г. Прага. Падзяляецца на 73 раёны і 4 муніцыпалітэты. Нац. свята — Дзень утварэння Чэхаславакіі (28 кастр.).

Дзяржаўны лад. Ч. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая Нац. Саветам у снеж. 1992 (з папраўкай 1997). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, які складаецца з 2 палат — палаты дэпутатаў і сената. Палата дэпутатаў (200 чал.) выбіраецца на 4 гады, а сенат (81 сенатар) — на 6 гадоў, пры гэтым ​1/3 яго складу абнаўляецца кожныя 2 гады. Вышэйшы выканаўчы орган — урад.

Прырода. Тэр. Ч. ўмоўна падзяляюць на 2 рэгіёны — Багемію (на З) і Маравію (на У). Зах. ч. займае Чэшскі масіў, які складаецца з раўнін, узгоркаў і плато. Яго акружаюць на ПнУ Судэты (хр. Крконашы, г. Снежка, 1602 м), на ПнЗ Рудныя горы, на ПдЗ Чэшскі Лес і Шумава, на ПдУ — Чэшска-Мараўскае ўзв. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, каалін, графіт, мергель, вапнякі, поліметалы, рэдкія металы, вырабныя камяні, нафта і газ, крыніцы мінер. вод (Карлавы Вары, Марыянске-Лазне). Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэднія т-ры студз. ад -2 да -4 °C на раўнінах і ад -7 да -8 °C у гарах, ліп. адпаведна ад 19—21 °C да 9—14 °C. Ападкаў ад 450—600 мм на раўнінах да 1200—1600 мм у гарах. Гал. рака Лаба з прытокам Влтава. На раўнінах пашыраны чарназёмы. на ўзгорыстых мясцовасцях — бурыя лясныя глебы, вышэй — падзолістыя і горна-лугавыя глебы. Пад лесам 34% тэр., пераважаюць хвойныя (елка, хвоя) і лісцевыя (дуб, бук) лясы. У складзе фауны буры мядзведзь, ліс, дзік, воўк, сарна; з птушак — фазан, курапатка, цецярук і інш. Крконашскі нац. парк.

Насельніцтва. 94,4% насельніцтва складаюць чэхі. Жывуць таксама славакі (3%), палякі (0,6%), немцы (0,5%), цыганы (0,3%), венгры (0,2%) і інш. Вернікі католікі (39,2%), пратэстанты (4,6%), праваслаўныя (3%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 130 чал. на 1 км², найб. шчыльна заселены паўн. прамысл. раёны. У гарадах жыве 75% насельніцтва, каля палавіны — у малых гарадах (да 20 тыс. ж.). Найб. гарады (тыс. ж.): Прага — 1202 (2002), Брно — 390, Острава — 326, Пльзень — 172 (1995). У прам-сці і буд-ве занята 40% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 5%, у сферы паслуг і кіраванні — 55%.

Гісторыя. Тэр. Ч. заселена ў палеаліце. У 4—2 ст. да н.э. сюды прыйшлі кельцкія плямёны бояў (ад іх стараж. назва краіны Багемія), якіх у пач. 1-га тыс. н.э. выцеснілі герм. плямёны маркаманаў. У сярэдзіне 1-га тыс. яны перасяліліся ў Баварыю, а землі Ч. каланізавалі славяне (дзечаны, літамержыцы, пшаване, лемузы, злічаны, дулебы). Паводле падання, іх узначальваў правадыр Чэх (гл. Лех, Чэх, Рус) — легендарны заснавальнік Чэш. дзяржавы і будучага чэш. народа. З 7 ст. чэш. землі ў складзе паліт. аб’яднання кн. Сама, у 9 ст. — Вялікамараўскай дзяржавы. У Вял. Маравіі славяне ўпершыню былі далучаны да хрысціянства; тут прапаведавалі браты Кірыла і Мяфодзій, узнікла богаслужэнне на стараслав. мове, развівалася глагалічная пісьменнасць У канцы 9 ст. візант. царк. абрад быў выцеснены рымскім (пазней каталіцкі), богаслужэнне і пісьменства вяліся на лацінскай мове, што на доўгі час затрымала развіццё слав. (чэш.) культуры. У 895 ад Вялікамараўскай дзяржавы аддзяліліся чэш. землі, на якіх у 10 ст. ўтварылася стараж.-чэш. дзяржава (княства, з 1158 каралеўства) на чале з дынастыяй Пржэмыславічаў (правілі да 1306). У канцы 13—1-й пал. 14 ст. ў Ч. склалася феад.-саслоўная манархія. У пач. 14 ст. дзяржава Пржэмыславічаў, акрамя Ч. і Маравіі, аб’ядноўвала Аўстрыю, Карынтыю, Крайну, ч. Польшчы. У 1310—1437 чэш. землі ўваходзілі ў склад уладанняў дынастыі Люксембургаў, якія адначасова былі імператарамі «Свяшчэннай Рым. імперыі», герм. і чэш. каралямі. Росквіт сярэдневяковай Ч. звязаны з праўленнем Карала I [1346—78, гл. Карл IV]. Пры ім яна заняла пануючае становішча ў імперыі, Прага стала яе сталіцай. Залатая була 1356 замацавала за чэш. каралямі правы курфюрстаў, што рабіла іх незалежнымі ад імперыі. Пры Карле IV засн. Пражскае архіепіскапства (1344) і Пражскі універсітэт (1348). У 2-й пал. 14 ст. эканоміка Ч. інтэнсіўна развівалася, хутка багацелі гарады Прага, Пльзень, Градзец, Усці і інш., у вёсцы знікла абшчына і сяляне пераводзіліся з паншчыны на аброк. Вял. ролю ў гасп. развіцці Ч. адыгрывала горназаводская прам-сць з цэнтрам у г. Кутна-Гора. Абвастрэнне сац. і нац. супярэчнасцей выклікала ў Ч. ў 1-й пал. 15 ст. нац.-вызв. антыкаталіцкі рух (гл. Гус Я., Гусіцкія войны). З 1526 Ч. ў складзе ўладанняў Габсбургаў, чыя палітыка цэнтралізацыі ўлады і германізацыі пазбаўляла яе паліт. і нац. суверэнітэту. У 1609 ва ўмовах пашырэння ў Ч. лютэранства дазволена свабода веравызнання, але ў 1620-я г. яна адменена, а каталіцкая царква адноўлена як пануючая. З 1627 Ч. кіравала з Вены спец. «Чэшская палата». У 1547, 1618—20, 1680, 1775 у Ч. адбыліся антыгабсбургскія паўстанні. Эканам. разарэнне Ч. ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48 выклікала т.зв. «другое выданне прыгонніцтва» (асабістая залежнасць сялян скасавана толькі ў 1781, феад. павіннасці — у 1848). У канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў Ч. разгарнуўся рух «будзіцеляў» (І.Добраўскі, Ф.Палацкі, Ф.​Прохаска, І.​Юнгман і інш.), якія змагаліся супраць ням. засілля, за захаванне і развіццё чэш. мовы і культуры. У час рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі ў Ч. адбыліся выступленні супраць аўстр. абсалютызму (гл. Пражскае паўстанне 1848); пачалося фарміраванне нац. грамадскіх плыней і паліт. партый. З 1867 Ч. ў складзе аўстр. часткі Аўстра-Венгрыі, была найб. эканам. развітой вобласцю з высокім узроўнем адукацыі насельніцтва (у пач. 20 ст. дасягнута ўсеагульная пісьменнасць). У 1905 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. У 1-ю сусв. вайну, нягледзячы на ваен.-паліцэйскі рэжым, масавы характар набылі антыўрадавыя выступленні ў Ч., здача ў палон чэш. салдат і афіцэраў на фронце (з такіх палонных быў створаны чэхаславацкі корпус у рас. арміі).

Сумесная нац.-вызв. барацьба чэхаў і славакаў, у т. л. намаганні дзеячаў чэш. і славацкай эміграцыі, якія арыентаваліся на краіны Антанты (Т.Г.Масарык, М.​Штэфанік і інш.), зрабіла магчымым абвяшчэнне 28.10.1918 незалежнай Чэхаславацкай Рэспублікі (гл. Чэхаславакія). У яе складзе Ч. эканамічна і палітычна дамінавала над Славакіяй, якую пераўзыходзіла па тэр., насельніцтве (7 млн. чэхаў, 2 млн. славакаў), па прамысл. вытв-сці, бо сканцэнтравала ў сябе 70% прам-сці б. Аўстра-Венгрыі. У 1930-я г. ў Славакіі з’явіліся паліт. сілы, якія выступалі за яе аддзяленне ад Ч. У самой Ч. выспяваў нац. канфлікт паміж чэш. і ням. (3 млн. чал.) насельніцтвам, які ў 1938 скарыстала Германія для захопу чэш. зямель. Паводле Мюнхенскага пагаднення 1938 Германія ў кастр. 1938 акупіравала Судэцкую вобл. і інш. землі Ч., пераважна населеныя немцамі. У сак. 1939 Германія справакавала абвяшчэнне Славакіяй «незалежнасці» і акупіравала астатнюю тэр. Ч., дзе быў створаны нібыта аўт. «Пратэктарат Багемія і Маравія» на чале з імперскім пратэктарам К. фон Нейратам, якому падпарадкоўваліся калабарацыянісцкі «аўтаномны ўрад» і «дзярж. прэзідэнт» Э.​Гаха (б. прэзідэнт Чэхаславакіі). У Ч. разгарнуўся рух Супраціўлення, які актывізаваўся з пач. 2-й сусв. вайны, набываючы форму забастовак, сабатажу, маніфестацый пратэсту, пазней і партыз. барацьбы. Гітлераўцы жорстка распраўляліся з удзельнікамі Супраціўлення. У 1942 яны знішчылі разам з усім мужчынскім насельніцтвам шахцёрскі пасёлак Лідзіцы, жыхароў якога абвінавацілі ў дапамозе патрыётам, што забілі 2-га пратэктара «Багеміі і Маравіі» Р.Гайдрыха. У крас.—маі 1945 Ч. вызвалена сав. і амер. войскамі. Напярэдадні ўступлення Чырв. Арміі ў чэш. сталіцу адбылося Пражскае паўстанне 1945. З мая 1945 Ч. ў складзе адноўленай Чэхаславакіі, дзе ў лют. 1948 да ўлады прыйшла Камуніст. партыя Чэхаславакіі (КПЧ) і адбывалася будаўніцтва сацыялізму. Да канца 1980-х г., нягледзячы на заганы адміністрацыйна-каманднай сістэмы, у Ч. значна вырас прамысл. патэнцыял, створана высокаэфектыўная калектыўная сельская гаспадарка (сяляне ў кааператывах захавалі свае «паі»). Паводле закона Чэхаславакіі ад 27.10.1968 Ч. і Славакія абвешчаны раўнапраўнымі і суверэннымі сацыяліст. рэспублікамі ў складзе чэхаславацкай федэрацыі. Вышэйшым органам дзярж. улады ў Ч. стаў Чэш. нац. савет (парламент), які выбіраўся насельніцтвам на 5 гадоў. Яго Прэзідыум прызначаў рэсп. ўрад. У выніку «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 улада ад камуністаў перайшла да прыхільнікаў дэмакратыі і рыначных рэформ на чале з лідэрам Грамадзянскага форуму В.Гавелам. Старыя і новыя эканам. і паліт. супярэчнасці паміж Чэхіяй і Славакіяй прывялі Чэхаславакію да распаду, у выніку якога 1.1.1993 утварылася незалежная Чэш.

Рэспубліка. Яе прэзідэнтам у 1993 — пач. 2003 быў Гавел. У 1993—98 краінай кіравалі ўрады партый правацэнтрысцкай кааліцыі (прэм’ер-міністры В.Клаўс, І.​Ташаўскі), з 1998 — левацэнтрысцкай кааліцыі (прэм’ер-міністры М.​Земан і з 2002 — У.​Шпідла). У сак. 2003 прэзідэнтам Ч. выбраны В.​Клаўс. У 1990-я г. ў Ч. паслядоўна праводзілася палітыка эканам. рэформ, найперш па прыватызацыі і дэнацыяналізацыі дзярж. маёмасці і стварэнні канкурэнтнага асяроддзя. У знешняй палітыцы Ч. арыентуецца на краіны Зах. Еўропы і ЗША. Ч. — чл. ААН (з 1993), Савета Еўропы (з 1993), НАТО (з 1999), інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.1.1993.

Палітычныя партыі і прафсаюзы: Чэш. с.-д. партыя, Грамадз. дэмакр. партыя, Камуніст. партыя Чэхіі і Маравіі, Хрысц.-дэмакр. унія — Чэхаславацкая нар. партыя, Саюз свабоды. Асн. прафс. аб’яднанне — Чэшска-мараўская канфедэрацыя прафсаюзаў.

Гаспадарка. Ч. — індустр.-агр. краіна. З 1990 ажыццяўляюцца пераўтварэнні з мэтай выхаду на параметры рыначнай эканомікі: спынены спад вытв-сці, праведзены рэформы цэн і гандлю, практычна завершана прыватызацыя, адбылася структурная перабудова і інш. Станоўчыя зрухі ў эканоміцы пачаліся з 1994 з ростам прамысл. вытв-сці, буд-ва, турызму і інш. сектараў сферы паслуг, у т. л. банкаўскага і фінансавага. Паліт. стабільнасць і паслядоўная эканам. палітыка стварылі добры інвестыцыйны клімат для замежнага бізнесу. За 1989—2000 аб’ём прамых інвестыцый склаў 21,4 млрд. долараў. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2000 132,4 млрд. дол., каля 12,9 тыс. дол. на чалавека. У прам-сці ствараецца 41,7% ВУП, у сельскай гаспадарцы — 4,6%, у сферы паслуг — 53,7%. Прамысловасць — важная частка гасп. комплексу. Чэшскія прамысл. вырабы традыцыйна адметныя высокай якасцю, што звязана са шматвяковымі звычкамі і наяўнасцю кваліфікаваных кадраў. У эканоміцы вылучаюцца буйны індустр. вузел — раён гарадоў Прага, Пльзень і Астраўска-Карвінскі кам.-вуг. бас. — з цяжкай прам-сцю і паласа паміж гарадамі Градзец-Кралаве і Ліберац з перавагай тэкст. і шкляной прам-сці. Паліўнаэнергет. комплекс краіны грунтуецца на мясц. вугалі (на 90%), імпартуемых з Расіі і часткова здабываемых (каля г. Годанін) нафце і газе. Штогадовая здабыча вугалю 117—120 млн. т. Буры вугаль (​3/4 здабычы) распрацоўваецца адкрытым спосабам (Масцецкі і Сокалаўскі бас.), каменны і каксоўны — у Астраўска-Карвінскім бас. Вытв-сць электраэнергіі 69,6 млрд. кВт∙гадз (1999) на ЦЭС (75,5%; размешчаны ў раёнах здабычы бурага вугалю), ГЭС (2,6%; каскады на р. Влтава), АЭС (20,4%; на Пд Маравіі) і інш. Чорная металургія забяспечана мясц. каксоўным вугалем, невял. колькасцю жал. руды (здабыча ў раёне гарадоў Прага—Пльзень). Асн. частка жал. руды паступае з Расіі і Украіны. Буйныя металург. прадпрыемствы ў Кунчыцах і Віткавіцах (каля Остравы), Тршынец, Кладна, Пльзень, Хомутаў. Штогод выплаўляецца больш за 7 млн. т сталі і 5 млн. т чыгуну (60% у Астраўскім р-не). Здабыча свінцова-цынкавых (Кутна-Гора), уранавых (Паўн. Багемія) руд, золата, волава, графіту, кааліну. Гал. галіна прам-сці — машынабудаванне. Развіта цяжкае (вытв-сць комплекснага абсталявання для энергет., металургічнай і хім. прам-сці), трансп. (аўтамабілі, электравозы, трамваі) і электроннае машынабудаванне. Ваен.-прамысл. комплекс спецыялізуецца на вытв-сці камп’ютэраў, радыё і тэлеф. сістэм, крыпталагічнага абсталявання, радараў і інш. Гал. маш.-буд. цэнтры: Прага, Брно, Пльзень, Ліберац, Млада-Болеслаў, Копршыўніцы. Хуткімі тэмпамі развіваецца хім. прам-сць. За 1992—96 аб’ём інвестыцый у яе склаў 2 млрд. дол. (у машынабудаванне — 1,3 млрд. дол.). Вытв-сць валокнаў, пластмас, сінт. смалы і каўчуку ў гарадах Кралупі-над-Влтаваў, Усці, Острава, Мост і інш. Галіна пастаўляе на сусв. рынак мінер. ўгнаенні, пестыцыды, сыравіну для фармацэўтычнай прам-сці.

Лёгкая прам-сць — адна з галін міжнар. спецыялізацыі Ч. Вытв-сць баваўняных і шаўковых (Нахад, Трутнаў), шарсцяных (Брно), ільняных (Ліберац) тканін, абутку (32 млн. пар, Злін), швейных вырабаў. Вял. значэнне для краіны маюць шкларобная (Паўн. Ч.) і фарфоравая (Карлавы Вары, Цепліцы) прам-сць, якія працуюць на мясц. шкловых пясках і кааліне. У г. Ябланец вырабляюць вядомую чэшскую біжутэрыю — ювелірныя вырабы са шкла і паўкаштоўных камянёў. Традыц. галіна харч. прам-сці — піваварная (Пльзень, Прага, Брно, Чэске-Будзеёвіцы) і цукр. (Маравія, Палаб’е). Вытв-сць піва каля 1800 млн. л, цукру — 560 тыс. т штогод. Развіта лясная, цэлюлозна-папяровая і мэблевая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка Ч. забяспечвае большую ч. патрэбы краіны ў харч. прадуктах, частка с.-г. прадукцыі экспартуецца. У выніку рэформ праведзена рэстытуцыя (аднаўленне) правоў на зямлю. Больш за ​3/4 с.-г. кааператываў пераўтвораны ў кааператывы зямельных уласнікаў, на 50% скарацілася колькасць занятых. С.-г. ўгоддзі займаюць 4250 тыс. га, у т. л. ворныя землі 3227 тыс. га, сенажаці 157 тыс. га, паша 866 тыс. га. Каля палавіны пасяўной пл. — пад збожжавымі культурамі, пераважна пшаніцай (штогадовы збор каля 4 млн. т). Вырошчваюць таксама ячмень, жыта, авёс, кукурузу, цукр. буракі, лён, каноплі, хмель, люцэрну, канюшыну. Бульбаводства і агародніцтва. Садоўніцтва і вінаградарства. Развіта жывёлагадоўля (72 валавой і ​2/3 таварнай прадукцыі). Пагалоўе (млн. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлы — 1,58, свіней — 3,59, авечак — 0,09, коз — 0,03, птушак — 14,69. Рыбалоўства. Улоў рыбы ў 1999 склаў 20,9 тыс. т. Даўж. чыгунак 9435 км, аўтадарог 127 693 км (усе з цвёрдым пакрыццём), у т. л. першакласных аўтамагістралей (хайвэі) — 498 км. У краіне 4,41 млн. легкавых і 0,5 млн. грузавых аўтамашын. Суднаходства па р. Лаба. Рачныя парты — Прага, Усці, Дэчын. 43 аэрапорты, у т. л. міжнар. аэрапорт Рузіне (Прага). У 2000 экспарт склаў 28,3 млрд. дол., імпарт 31,4 млрд. дол. У экспарце пераважаюць машыны і абсталяванне, хімікаты, кокс, пракат, тэкстыль, абутак, шкляныя і фарфоравыя вырабы, цукар, піва, солад, хмель і інш., у імпарце — мінер. сыравіна, паліва, паўфабрыкаты для цяжкай індустрыі і інш. Асн. гандл. партнёры: Германія (43% экспарту і 37% імпарту), Славакія (8,4% і 6,7%), Аўстрыя, Францыя, Расія. Гандлёвы абарот Беларусі з Ч. ў 2001 склаў 92,6 млн. дол., у т. л. экспарт 35,4 млн. дол., імпарт 57,2 млн. дол. Ч. — краіна развітога турызму. Штогод краіну наведвае больш за 10 млн. турыстаў, даход ад турызму ў 2000 склаў 3,04 млрд. дол. Грашовая адзінка — чэшская крона.

Узброеныя сілы (2002). Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (49,45 тыс. чал.), ваенізаваныя фарміраванні (5,6 тыс. чал., у т. л. 4 тыс. чал. у пагран. войсках і 1,6 тыс. чал. — сілы ўнутр. бяспекі). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА. У сухап. войсках 36,37 тыс. чал., 622 танкі, 879 баявых машын пяхоты, 923 бронетранспарцёры, 182 браніраваныя разведвальна-дазорныя машыны, 298 самаходных гармат, 109 рэактыўных сістэм залпавага агню, каля 140 зенітных ракетных комплексаў і інш. У ВПС і ППА 11,3 тыс. чал., 75 баявых самалётаў, 34 баявыя верталёты і інш.

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя ўключае мед. страхаванне, таксама развіта прыватная медыцына (прыватызавана 76% аптэк, 95% паліклінік, 1996). Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 71,5, жанчын 78,7 гадоў (2002). Узровень нараджальнасці — 9,1 на 1 тыс. чал., смяротнасць 10,8 на 1 тыс. чалавек. Натуральны прырост адмоўны: -0,17%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 146 чал., урачамі — 1 на 259 чал. (1997). Дзіцячая смяротнасць 5,5 на 1 тыс. нованароджаных. Курорты: Карлавы Вары, Марыянске-Лазне, Францішкаві-Лазне.

Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—6 гадоў), агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. На ўсіх узроўнях адукацыі існуюць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. Дзеці 6—10 гадоў вучацца ў пачатковай асн. школе. Далей адукацыю працягваюць у гімназіях (да 19 гадоў) ці сярэдніх школах (да 16 гадоў). Большасць выпускнікоў сярэдніх школ працягвае адукацыю ў каледжах ці сярэдніх прафес. школах, дзе набывае спецыяльнасць. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, ін-ты і акадэміі. У адпаведнасці з Законам аб вышэйшай адукацыі ад 1.1.1999 ун-тамі маюць права называцца ВНУ, якія рыхтуюць кандыдатаў і дактароў навук, акадэміямі — ВНУ, якія даюць вышэйшую адукацыю ў галіне л-ры, культуры і мастацтва. Навучанне ў дзярж. ВНУ бясплатнае. З 1.1.1999 замежныя грамадзяне таксама могуць бясплатна атрымліваць адукацыю ў Ч., калі яны валодаюць чэш. мовай. Дзярж. ВНУ рыхтуюць бакалаўраў (3 гады навучання) і магістраў (5 гадоў навучання). Усе камерцыйныя ВНУ (створаны ў 1990-я — пач. 2000-х г.) рыхтуюць студэнтаў толькі да ўзроўню бакалаўраў. Гэтыя ВНУ праходзяць у Мін-ве адукацыі Ч. абавязковую атэстацыю на якасць навучання. Сістэма адукацыі ў Ч. адпавядае патрабаванням еўрап. і міжнар. стандартаў адукацыі. У Ч. 37 ВНУ. Найбуйнейшыя з іх: Пражскі універсітэт (з 1348, каля 37 тыс. студэнтаў), ун-ты Масарыка ў Брно (з 1919, 17 тыс.), імя Ф.​Палацкага ў Оламаўцы (з 1566, 11 тыс.), тэхнічныя ў Празе, Остраве і Брно, эканамічны ў Празе, земляробчы ў Брно і інш. Найбуйнейшыя б-кі: Нацыянальная Ч., АН, Дзярж. тэхнічная, Дзярж. медыцынская ў Празе, Дзярж. павук. ў г. Чэске-Будзеёвіцы і інш. Музеі: Нац. галерэя, Нац., Пражскі гарадскі, зброі, этнагр., гісторыка-археал., маст. рамёстваў, тэхнічны і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў Чэшскай АН, н.-д. ін-тах, ва ун-тах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 2002 у Ч. выдавалася больш за 60 штодзённых газет і інш. перыяд. выданняў. Найб. тыражныя газеты: «Mladá fronta dnes» («Маладзёжны фронт сёння», з 1945), «Právo» («Права», з 1991), «Lidove noviny» («Народная газета», з 1893), «Hospodářské noviny» («Эканамічная газета», з 1957), «Zemédělské noviny» («Сельскагаспадарчая газета», з 1945), «Práce» («Праца», з 1945), «Sport» («Спорт», з 1953). Інфарм. агенцтва — Чэш. тэлегр. агенцтва (ЧТК, з 1992). Радыёвяшчанне з 1923. Вяшчаюць 3 агульнанац. і 82 рэгіянальныя і мясц. радыёстанцыі. Грамадская радыёстанцыя «Чэшскае радыё» мае 4 агульнанац. і 1 рэгіянальную праграмы. Тэлебачанне з 1953. Вяшчанне вядуць 3 тэлекампаніі — грамадская «Чэшскае тэлебачанне» (2 праграмы), прыватныя «Нова ТВ» і «Прыма ТВ». Дзейнічаюць 37 рэгіянальных і мясц. тэлекампаній. Ліцэнзаванне і нагляд за дзейнасцю радыёстанцый і тэлекампаній ажыццяўляе Чэш. савет па радыёвяшчанні і тэлевізійным вяшчанні (з 1992).

Літаратура. Развіваецца на чэшскай мове. З’яўленню першых твораў чэш. пісьменнасці (духоўныя песні, жыціі, паданні на стараслав. мове) спрыяла асветніцкая дзейнасць Кірылы і Мяфодзія (9—10 ст.). З 11 ст. пісьмовай мовай стала латынь;, найб. значны твор — «Чэшская хроніка» Казьмы Пражскага (1125). У канцы 13 ст. ўзніклі вершаваныя творы на чэш. мове («Александраіда», «Далімілава хроніка»). Росквіту чэш. л-ры спрыялі ідэі Адраджэння, адкрыццё Пражскага ун-та (1348). Развіваліся свецкія жанры — рыцарскі раман, нар. драма, любоўная лірыка, ваганцкія сатыр. песні. Першы вядомы чэш. пісьменнік — Т.​Шцітны. У 15 ст. развіццё л-ры звязана з гусіцкім рухам (публіцыст. і філас. творы Я.Гуса, Я.Жыжкі, П.​Хельчыцкага). У 1468 у Ч. пачалося кнігадрукаванне: Мікулаш Конач з Годзішкава, Даніэль Адам з Велеславіна. У л-ры канца 15—16 ст. выявіліся гуманіст. тэндэнцыі (творы В.​Корнеля з Ушэграда, В.​Гаека з Лібачан). Страта Ч. незалежнасці пасля бітвы каля Белай Гары (1620) і засілле ням.-каталіцкай рэакцыі адмоўна адбіліся на развіцці чэш. л-ры ў 17—18 ст. У эміграцыі працаваў педагог-гуманіст Я.А.Каменскі. Эпоха нац. адраджэння (канец 18—1-я пал. 19 ст.) характарызавалася ўздымам вызв. руху, фарміраваннем нацыі і нац. культуры, асветніцкай дзейнасцю дэмакр. інтэлігенцыі (вучоныя П.І.Шафарык, І.Добраўскі, Ф.​Палацкі, І.​Юнгман, паэты Я.Колар, А.​Пухмаер, Ф.​Л.​Чэлакаўскі і інш.). У 1830-я г. ўзнік рамантызм (К.Г.Маха, К.​Я.​Эрбен), развівалася драматургія (І.​К.​Тыл). У 2-й пал. 19 ст. ў чэш. л-ры ўсталяваліся рэаліст. тэндэнцыі (публіцыстыка К.Сабіны, паэзія Я.Врхліцкага, С.Чэха, І.​В.​Сладака, проза Б.Немцавай, сатыр. творы К.​Гаўлічка-Бораўскага). Серыю гіст. раманаў стварыў А.Ірасек, з літ.-крытычнымі артыкуламі выступіў Я.Неруда. Рэалістычна адлюстроўвалі жыццё Я.​Арбес, В.​Галек, В.​Мрштык, А.​Сташак. На мяжы 19—20 ст. у л-ры пашырыліся мадэрнісцкія і дэкадэнцкія тэндэнцыі (І.С.Махар, С.К.Нейман, О.​Бржэзіна, А.​Сова, Ф.​Шрамек). Пратэстам супраць тагачаснага ладу прасякнута паэзія Ф.​Гельнера, К.​Томана. Праблемы 1-й сусв. вайны адлюстроўвала т.зв. легіянерская проза (Р.​Медак). У літ. крытыцы выступілі О.​Госцінскі, Т.Г.Масарык, Ф.​К.​Шальда і інш. З утварэннем Чэхаславацкай рэспублікі ўзнікла т-ва маладых мастакоў і паэтаў «Дзеветсіл», зарадзілася пралет. паэзія (І.Гора, В.Незвал, Я.Сейферт, К.​Бібл, І.​Волькер, Нейман). Развівалася проза — сац. І.Ольбрахта, М.Пуйманавай, У.​Ванчуры, М.​Маеравай, сатыр. Я.Гашака, філас. Л.​Клімы, фантаст. К.Чапека, псіхал. Э.​Гостаўскага. Сусв. вядомасць набылі структуралісцкія працы Я.Мукаржаўскага. У 2-ю сусв. вайну ў фаш. засценках загінулі Ю.Фучык, Ванчура і інш. У пасляваен. гады дэбютавалі В.Гавел, П.Когаўт, М.Кундзера, Б.​Грабал. Развівалася паэзія І.Коларжа, У.​Голана, М.​Голуба, Ф.​Грубіна, Я.​Заграднічка, проза Я.​Вейла, Я.​Дрды, М.​Кратахвіла, А.​Лусціга, Л.​Фукса і інш. 2-я пал. 20 ст. адметная росквітам гіст. рамана (В.​Капліцкі, У.​Неф, Б.​Ржыга, І.​Томан і інш.). Узніклі т.зв. праблемная, або канфрантацыйная, проза (Б.​Бржэзаўскі, А.​Клімент), метафарычны, эксперым. раман (У.​Клевіс, В.​Лінгартава, Э.​Мандлер, В.​Сладкава). Узмацненне сувязі з еўрап. л-рамі прадвызначыла развіццё рамана сац. (Я.​Отчанашак, В.​Ржэзач), філас. рамана-міфа (Чапек), неарамана (А.​Востра, І.​Фрыед), экзістэнцыяльнага (У.​Кёрнер), постмадэрнісцкага (М.​Вівег, Грабал), навук.-фантаст. (Я.​Вейс, І.​Несвадба, Л.​Соўчак), гумарыст. (М.​Горнічак, М.​Капек), «пра вайну» (К.​І.​Бенеш, Э.​Ф.​Бурыян, Гашак, Дрда, Чапек, І.​Шкворацкі) і інш. У 1990-я г. чэш. л-ру прадстаўлялі празаікі І.​Груша, Я.​Топаль, М.​Тршэшцік, О.​Філіп, паэты М.​Айваз, І.​Рульф, І.​Шыман, драматургі К.​Стэйгервальд, Д.​Фішэр.

На бел. мове выдадзены «Чэшскія і славацкія апавяданні» (1958), зб. чэш. нар. казак «Кубачак, вары!» (1977), анталогія сучаснай чэш. паэзіі «Высокае неба» (1980), творы Гашака («Цвёрдая скура», 1931; «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну», ч. 1—3, 1931—32; «Госць у хату», 1984), Гашака і К.​Ванака («Прыгоды ўдалага ваякі Швейка», ч. 4, 1932), Ванака («Прыгоды ўдалага ваякі Швейка», ч. 5—6, 1931—32), Ольбрахта («Ганна-пралетарка», 1932), Фучыка («Слова перад пакараннем смерцю», 1953), Дрды («Нямая барыкада», 1955), І.​Марака («Маладыя змагары», 1958), П.​Бояра і В.​Бояравай («Закаханыя», 1960), Ржыгі («Паездка Гонзіка ў вёску», 1961), І.​Кубічка («Люцынка», 1965), Чапека («Казкі і вясёлыя гісторыі», 1966, 1997), Ірасека («Скалакі», 1974), Б.​Ногейла («Паводка»), В.​Стыблавай («Мой брацік», абодва 1977), Я.​Козака («Гняздо бусла», 1979), М.​Стынгла («Украдзены татэм», 1981), І.​Герцыкавай («Цень сну», 1985), Незвала («Васількі і гарады», 1986), Гавела («Свята ў садзе», 1995; «Аўдыенцыя», 1997), І.​Скалы («Вітаю вас, вокны!», 1995), С.​Рудольфа («Маё дзіўнае вужаня»), Э.​Баса («Клапзубава каманда», абодва 1998). Сярод перакладчыкаў на бел. мову Л.​Баршчэўскі, Я.​Васілёнак, У.​Дамашэвіч, Х.​Жычка, М.​Кенька, В.​Крайко, А.​Мажэйка, П.​Макаль, П.​Марціновіч, С.​Міхальчук, М.​Татур, І.​Шаблоўская, Г.​Шчарбатаў і інш.

Архітэктура. Рэшткі ўмацаваных паселішчаў 9 ст. выяўлены ў Празе і ў Паўд. Маравіі; найб. значнае з іх «На валах» у с. Мікульчыцы — з драўлянымі і каменнымі ўмацаваннямі і дамамі, храмамі ў познаант., візант. і познакаралінгскіх традыцыях (храм-ратонда св. Віта ў Празе, каля 935). У 11—13 ст. склаўся раманскі стыль: базілікі св. Віта і св. Іржы ў Пражскім Градзе, рэшткі крэпасці Пржэмыславічаў у Оламаўцы; кляштары і замкі (Пражскі Град, Кршываклат, Чэскі-Крумлаў і інш.), каля якіх узнікалі гар. паселішчы з каменнымі дамамі, умацаваннямі, мастамі. Росквіт сярэдневяковай архітэктуры звязаны з готыкай 13—15 ст. Для пабудоў характэрны велічнасць форм, стрыманасць урачыстага канструктыўна выразнага дэкору: усх. ч. сабора св. Віта [арх. Мацвей з Араса і П.​Парлерж (гл. Парлер)], ратуша ў Старым горадзе, Карлаў мост (усе ў Празе). У гатычным стылі перабудоўваліся старыя і будаваліся новыя гарады з рэгулярнай планіроўкай (Новы горад у Празе) і цэнтр. прамавугольнай плошчай (Чэске-Будзеёвіцы, Чэскі-Крумлаў). Замкі 13—16 ст. складаліся з «града» і «перадграддзя», звычайна мелі данжон, капліцу, унутр. двары з гатычнымі аркаднымі галерэямі, парадныя памяшканні з сеткавымі скляпеннямі (Кршываклат, Звікаў, Чэскі-Крумлаў, Карлштэйн). У 2-й пал. 15 — пач. 16 ст. ўзрос дэкор, ускладніліся ўзоры скляпенняў (Уладзіслаўская зала каралеўскага палаца ў Пражскім Градзе, сабор св. Барбары ў Кутна-Горы). Базілікальныя храмы змяняліся на зальныя. Падзеленыя на нефы залы набылі некат. ратушы (у Табары). З 1530-х г. пашырыўся стыль рэнесанс (палацы летні каралеўскі Бельведэр з «пяючым» фантанам, Шварцэнбергскі ў Празе). У перабудаваных замках з’явіліся аркадныя ўнутр. двары, лоджыі, садовыя павільёны, парадныя залы з размалёўкамі і лепкай (Літамішль, Йіндржыхуў-Градзец). Дамы і ратушы аздаблялі дэкар. атыкамі, узорыстымі франтонамі, арачнымі галерэямі, эркерамі, размалёўкамі сграфіта (у Табары, Тэльчы, Кутна-Горы). У 17—18 ст. дынамічна развіваўся стыль барока рэгіянальнага тыпу, адметны экспрэсіўным дэкорам, манументальнасцю, арган. сувяззю з горным ландшафтам. Вылучаліся 1-нефавыя ці цэнтрычныя з велічным купалам і вежамі сабор Ушэсця Маці Божай у Кутна-Горы, касцёл св. Ігнація ў Новым горадзе, палацы Чэрнінскі, Вальдштэйнскі, Кінскіх, маляўнічыя палацава-паркавыя комплексы Міхнаўскі, Лобкавіцкі ў раёне Мала-Страна (усе ў Празе). У сярэдзіне 19 ст. сцвердзіўся кірунак т.зв. рамантыкі з уласцівымі яму тэндэнцыямі эклектыкі. Параднай манументальнасцю і багаццем убрання вылучаліся пабудовы ў духу неарэнесансу і неабарока ў Празе (Нац. т-р, музей). У канцы 19 — пач. 20 ст. пашырыўся стыль мадэрн з характэрнымі яму пошукамі нац. своеасаблівасці і тэндэнцыямі рацыяналізму (пабудовы Я.Коцеры ў Градзец-Кралаве і Просцеёве). Пераходам да архітэктуры функцыяналізму ў 1910-я г. адзначаны пабудовы І.Гочара і інш. (т. зв. чэш. кубізм). У 1930-я г. сфарміравалася нац. школа функцыяналізму (арх. Гочар, К.​Гонзік, І.​Гаўлічак, І.​Крога). У Празе (1929) завершана зах. ч. сабора св. Віта (на аснове чарцяжоў і праектаў Парлержа), узведзены Нац. помнік Вызвалення на гары Віткаў (1929—32). У пасляваен. гады пабудаваны новыя жылыя раёны ў Празе, у гарадах Злін, Горні-Літвінаў, Оламаўц і інш., выраслі новыя гарады (Млада-Болеслаў). У 1934 у Празе пабудаваны адкрыты стадыён (Страгаўскі) на 240 тыс. гледачоў (самы буйны ў свеце). Пабудовы 2-й пал. 20 ст. адметныя функцыян. выразнасцю, рацыянальнай прастатой форм, выкарыстаннем сучасных матэрыялаў (шкло, бетон, алюміній, пластыкі). Пры ўзвядзенні спарт. і прамысл. збудаванняў выкарыстоўваюцца арыгінальныя зборныя канструкцыі (водны стадыён у р-не Падолі ў Празе, тэлевежа на гары Ештэд каля г. Ліберац). Узмацняюцца пошукі пластычнай выразнасці і індывід. аблічча будынкаў (Федэральны сход, «Дом, які танцуе», абодва ў Празе), вядзецца рэканструкцыя гіст. цэнтраў гарадоў, у т. л. Вацлаўскай пл. ў Празе). У аздабленні грамадскіх будынкаў (Чэш. тэлебачанне, 1980; Палац культуры, 1982, у Празе; універмаг «Дон» у Градзец-Кралаве, 1983) шырока выкарыстоўваюцца мясц. матэрыялы: шкло, фарфор, кераміка, дэкар. тканіны і інш.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ранняе сярэдневяковае мастацтва бярэ пачатак ад эпохі росквіту Вялікамараўскай дзяржавы і ўзвышэння Чэш. княства. У мастацтве 11—13 ст. уплывы Германіі і Візантыі: мініяцюры «Вышаградскага кодэкса» (1085), размалёўкі ратонды св. Катаржыны ў Знойме (1134), рэльефы моста Юдзіфі ў Празе (1170) і інш. У 1-й пал. 14 ст. строгі кананізм вобразаў змяніўся лірычнымі і вытанчанымі выявамі (статуі т.зв. Майстра Міхельскай Мадонны). У 2-й пал. 14 ст. пашырылася готыка: скульпт. партрэты на трыфорыях сабора св. Віта ў Празе (скульпт. П.​Парлерж з памочнікамі), жывапісныя выявы святых для капліцы замка Карлштэйн (майстар Тэадорык). Протарэнесансавыя тэндэнцыі выявіліся ў мініяцюры (малітоўнік Яна са Стршэды, каля 1364). З канца 14 ст. ў скульптуры і жывапісе пашырыўся т.зв. мяккі стыль (цыкл алтарных кампазіцый для сабора св. Ільі ў Тршэбані, жывапісец т.зв. Майстар Тршэбанскага алтара), узмацніўся свецкі і дэкар. пачатак. У мініяцюры і жывапісе пач. 15 ст. дэмакр. і антыклерыкальныя тэндэнцыі (творы т.зв. Майстра Райградскага алтара, мініяцюры «Гётынгенскага кодэкса». У познагатычную эпоху вылучалася скульптура т.зв. Майстра «Аплаквання» з Жэбрака. У 14—15 ст. дасягнула росквіту дэкар.-прыкладное мастацтва: маст. шкло, ювелірныя вырабы, кафля, мазаіка, вітраж. Рэнесанс у жывапісе найб. ярка выявіўся ў творчасці т.зв. Майстра Літамержыцкага алтара (алтар касцёла ў г. Літамержыц, размалёўкі ў капэле св. Вацлава ў саборы св. Віта ў Празе, абодва пач. 16 ст.), а таксама ў мініяцюры («Чэшскі канцыянал», «Іенскі кодэкс»). Развіваліся дэкар. ўбранне са стука, размалёўкі сграфіта, надмагіллі з партрэтнымі выявамі, медальернае мастацтва. На мяжы 16—17 ст. Прага стала адным з цэнтраў еўрап. маньерызму. Пры каралеўскім двары працавалі італьян., нідэрл., ням. майстры (Х. фон Ахен, А. дэ Врыс, Б.​Спрангер і інш.). У эпоху барока (17—18 ст.) пачала фарміравацца нац. школа: партрэты і алтарныя кампазіцыі К.Шкрэты, П.​Брандля, пейзажы і насценныя размалёўкі В.​В.​Рэйнера, партрэты Я.Купецкага, гравюры В.​Голара, нацюрморты Я.​Р.​Біса. У скульптуры вылучаліся дэкар. статуі і групы Ф.​М.​Брокафа і М.​Б.​Браўна, у якіх уплыў Л.Берніні. У сярэдзіне 18 ст. будынкі аздаблялі ў стылях ракако і класіцызму (скульптура І.​Ф.​Платцэра, жывапіс Н.​Грунда).У 17—18 ст. на высокім узроўні маст. шкло (гл. Чэшскае шкло), ювелірнае мастацтва, разьба па камені, апрацоўка металу, ткацтва. На развіццё мастацтва паўплывала заснаванне ў Празе «Патрыятычнага т-ва сяброў мастацтва» (1796) і Акадэміі мастацтва (1799). У 19 ст. пашыраны класіцызм і рамантызм: творы А.Косарака, А. і І. Манесаў (гл. ў арт. Манес), І.Навраціла, К.Пуркіне, Я.​Чэрмака. У канцы 19 ст. вял. значэнне мела т.зв. пакаленне Нац. т-ра на чале з жывапісцам М.Алешам. Пленэрныя, рэаліст. пошукі характэрны для пейзажнага жывапісу (Ю.​Маржак, А.​Хітусі). Асновы чэш. скульпт. школы заклаў І.В.Мысльбек. У пач. 20 ст. нац. рэаліст. традыцыі спалучаліся з прыёмамі імпрэсіянізму і постімпрэсіянізму [А.​Славічак (гл. ў арт. Славічак), А.Гудачак, Л.Куба], з’явілася абстрактнае мастацтва (Ф.Купка). Рысы сімвалізму ўласцівы работам Б.Кафкі, Я.Прэйслера, М.Швабінскага. Высокага ўзроўню дасягнула графіка, што развівалася ў рэчышчы мадэрну: плакаты А.Мухі, А.​Хофбаўэра, кніжнае афармленне І.Лады, А.​Кашпара, гравюры В.​Прэйсіга. У стылі неакласіцызму работы Я.Штурсы, С.​Сухарды і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве працавалі Ф.​Білек, Муха, Сухарда. Да пач. 20 ст. адносіцца першая спроба сінтэзу мастацтваў (творчая садружнасць арх. Я.​Коцеры з Прэйслерам, Сухардам, Штурсам). Зварот да еўрап. авангардызму (жывапіс Э.Філы, Б.​Кубішты, В.​Новака) спалучаўся са спробамі яго нац. пераасэнсавання (Я.​Зрзаві, Р.​Крэмлічка, В.​Шпала, І.​Чапек). У 1920—30-я г. склалася т.зв. сац. мастацтва (О.Гутфройнд, К.Покарні, жывапісцы К.​Голан, М.​Голі, П.​Коцік. графік В.​Сілаўскі, скульпт. К.​Котрба, Я.​Лаўда) з уласцівымі яму драматызмам, зваротам да прыёмаў экспрэсіянізму і прымітывізму. У работах Ф.Музікі, К.​Тэйге, І.​Шымы тэндэнцыі канструктывізму. У пасляваен. гады пашырана манум.-дэкар. мастацтва (мазаікі У.​Сіхры, Швабінскага, сграфіта А.​Забранскага, фрэскі В.​Ціцельбаха), высокага ўзроўню дасягнулі кніжная графіка і плакат (Ц.​Боўда, Музіка, К.​Сволінскі, А.​Стрнадэль, В.​Фіяла), творчасць жывапісцаў І.​Брожа, Я.​Груса, Я.​Славічака, Я.​Сметаны, К.​Соўчака. Для дэкар.-прыкладнога мастацтва характэрны пошукі выразных форм, выкарыстанне прыродных матэрыялаў (шкло Я.​Брыхты, Л.​Смрчковай, габелены і тканіны А.​Кібаля, А.​Фішарака, кераміка О.​Экерта, В.​Цікаля). Развівалася тэатр.-дэкарацыйнае мастацтва (І.​Свобада, Ф.​Трэстэр). Сярод мастакоў 2-й пал. 20 ст.: скульптары М.​Аксман, Б.​Добравольні, І.​Маляёўскі, жывапісцы і графікі Брож, Забранскі, Соўчак, фотамастак К.​Пліцкі. У традыц. нар. мастацтве захоўваецца вытв-сць набіўных тканін, кераміка, кавальства, жывапіс на шкле, драўляная скульптура. У 1948 засн. Саюз чэш. мастакоў.

Музыка. Для чэш. нар. музыкі характэрна цесная ўзаемасувязь паміж песняй і танцам, аднагалосы склад мелодыкі. Разнастайныя танцы зводзяцца да 3 асн. тыпаў: жвавыя 2-дольныя (сярод іх полька), умерана хуткія плаўныя 3-дольныя і танцы з пераменным рытмам. Чэш. прафес. царк. і свецкая музыка складвалася ў 9—14 ст. Сярод першых чэш. кампазітараў і выканаўцаў 12 ст. Добржата, Коята. У 13 ст. песенная творчасць развівалася пад уплывам ням. мінезінгераў. З 15 ст. ўзмацнілася сац.-этычная роля музыкі (гусіцкія песні), пашырыліся шматгалосыя спевы (Я.​Т.​Турноўскі, К.​Гарант з Полжыц і інш.). У 16 — пач. 17 ст. Прага — адзін з буйных муз. цэнтраў Еўропы. У 17 — сярэдзіне 18 ст. фарміравалася поліфанічная школа (Б.​Чарнагорскі, Я.​Зах, Ф.​І.​Тума, І.​Н.​Сегер, Ф.​К.​Брыксі і інш.). Чэш. музыканты зрабілі вял. ўклад у развіццё еўрап. сімфанізму, оперы, меладрамы, «камерных жанраў» (Ф. і І. Бенды, Я.​Дусік, Я.​Зеленка, І.​Мыслівечак, Ф.​К.​Рыхтэр, А.​Рэйха, К. і А. Стаміцы, А.​Фільц). Нац.-вызв. рух 1-й пал. 19 ст. садзейнічаў актывізацыі муз. жыцця: у Празе адкрыліся кансерваторыя (1811), арганная школа (1831), Нац. т-р (1881), філармонія (1894); пачалося збіранне нар. музыкі, фалькл. элементы ўвайшлі ў творы Я.​Воржышака, В.Я.Томашака, Ф.​Шкроўпа (аўтар першай оперы на чэш. тэкст «Дротар», 1826). Пачатак чэш. муз. класіцы паклалі оперы і сімф. творы Б.Сметаны і А.Дворжака. Розныя жанры нац. музыкі ўзбагаціў З.Фібіх. Традыцыі нац. класікі на мяжы 19—20 ст. працягвалі кампазітары О.​Ераміяш, В.Новак, О.​Острчыл, І.Сук, І.Б.Фёрстэр, Л.Яначак; еўрап. вядомасць набылі спевакі І.​Леў, І.​Палечак, М.​Сітава, К.​Чэх; скрыпачы Я.Кубелік, Ф.​Лаўб, І.​Славік, О.​Шэўчык; віяланчэліст Г.Віган. На агульнаеўрап. класічныя і нац. традыцыі абапіраліся кампазітары 1920—30-х г. Ф.​Барташ, П.​Боржкавец, Я.​Ежак, І.​Крэйчы, Б.Марціну; кірунак, які знаходзіўся пад уплывам экспрэсіянізму, узначальваў А.​Хаба. Павялічылася цікавасць да масавай песні, а таксама антыфаш. характару. Значны ўклад у муз. мастацтва 2-й пал. 20 ст. зрабілі кампазітары Я.​Гануш, В.Добіяш, Г.​Дусік, М.К.Кабелач, Д.Кардаш, Я.​Сейдль, У.​Сомер. У Ч. працуюць: оперныя т-ры, сімф. аркестры, камерна-інстр. ансамблі розных складаў [у т. л. Чэш. нанет (1923), Квартэт імя Б.​Сметаны (1945), ансамбль песні і танца «Слук»], акадэміі прыгожых мастацтваў, кансерваторыі ў Празе і Брно. Праводзяцца штогоднія Міжнар. фестывалі «Пражская вясна» (у яго межах міжнар. конкурсы піяністаў, скрыпачоў, віяланчэлістаў, смыковых квартэтаў і інш.), джазавы фестываль у Празе.

Тэатр. Тэатральнае мастацтва ў Ч. развіваецца з 12 ст. У 16—17 ст. пашыраны школьны тэатр, якому процістаяў нар. аматарскі т-р. Першая школьная драма, напісаная і пастаўленая на чэш. мове, — «Чэшская камедыя пра багача Лазара» П.​Кірмезера (выд. 1566). У 1737 у Празе пабудаваны «Тэатр у Котцу», дзе ставілі оперныя і драм. спектаклі. У 1783 адкрыўся Носціцкі т-р для спектакляў на ням. мове (з 1797 Саслоўны т-р), з 1785 у ім ставіліся спектаклі і на чэш. мове. У 1786—89 у т-ры «Боўда» 4 разы на тыдзень ішлі спектаклі на чэш. мове. У 1806 паказы на чэш. мове забаронены. З 1824 чэш. спектаклі ставіліся ў Саслоўным т-ры (рэж. Я.​Штэпанек, акцёры Б.​Альрамава, І.​Грабінгер). У 1834 паказы на чэш. мове зноў спынены. Драматург І.​К.​Тыл аб’яднаў акцёраў у трупу, якая выступала як аматарскі калектыў «Тэатр у Каэтана» (да 1837). З 1846 спектаклі ў Саслоўным т-ры аднавіліся (кіраўнік Тыл). Да гэтага часу сцэн. мастацтва набыло рысы прафесіяналізму, пашырылася нац. драматургія. Рамант. кірунак у тэатр. мастацтве прадстаўляў акцёр, драматург і тэатр. дзеяч І.​Колар. З 1845 Т-ва стварэння нац. чэш. т-ра на працягу многіх гадоў збірала сродкі на буд-ва тэатр. будынка. У 1862—83 у Празе працаваў Часовы т-р з опернай і драм. трупамі (рэжысёры І.​Колар, Э.​Хвалаўскі, акцёры Й.Мошна, Ф.​Колар, О.​Скленаржава-Мала, К.​Шыманаўскі і інш.). У 1883 у Празе пабудаваны Нац. т-р, у які ўвайшлі драм. оперная і балетная трупы. Узніклі т-ры ў Пльзені (1865), Брно (1884), т-р на Каралеўскіх Вінаградах у Празе (1907) і інш. У 1919 арганізаваны Бродскі т-р у Брно, у 1920 — Гар. т-р у Оламаўцы. У Нац. т-ры пастаўлены п’есы «З жыцця насякомых» (1922, 1926, 1932), «Белая хвароба» (1937), «Маці» (1938) К.​Чапека, «Дзіця» Ф.​Шальды (1923) і інш. У «Вызваленым т-ры» (засн. ў 1925) рэж. І.​Гонзль ставіў п’есы, якія папярэднічалі драматургіі абсурду. У 1933 Э.Бурыян стварыў т-р «Д-34». Для акцёраў характэрны імкненне да псіхал. раскрыцця сцэн. вобраза, увага да пластыкі, знешняга малюнка ролі (В.Выдра, Л.Досталава, Я.Пруха, З.​Балдава, З.​Штэпанек, О.​Шэйнпфлугава і інш.). У 1940—50-я г. створаны Рэаліст. т-р (пазней імя З.​Неедлы), «Т-р імя 5 мая», «Т-р сатыры» ў Празе. У канцы 1950 — пач. 60-х г. у Празе і Брно створаны невял. т-ры («малыя сцэны») «Ракако», «На Забрадлі», «Семафор» («Сем малых форм»), «За Бранай» і інш., дзе ставіліся п’есы маладых драматургаў В.​Гавела, П.​Когаўта. Сярод рэжысёраў: З.​Калача, Я.​Качар, З.​Міка, К.​Палаўш, П.​Шэрхаўфер, акцёраў — Г.​Врвнова, Б.​Забарскі, І.​Петравіцка, В.​Ружак, І.​Шворцава, В.​Шмераль. Чэшскі Нац. т-р мае 4 сцэны: гіст. будынак т-ра (опера і балет), Саслоўны т-р (драматургічныя пастаноўкі), Колаўрацкі т-р (драматург. і оперныя пастаноўкі), т-р «Латэрна Магіка» (эксперым.). Сярод драм. т-раў: «На Вінаградах», «На Забрадлі», «На Фідлавачцы», «Без Забрадлі», «Пад Пальмаўкай», «Дэйвіцкі тэатр» і інш. Найб. вядомыя «т-ры малых форм» — «Семафор» і «Жыжкаўскі тэатр Яры Цымрмана» ў Празе. Працуе таксама Нар. т-р марыянетак, «т-ры ценяў» і інш. У 1957 створаны Саюз творчых работнікаў т-ра.

Кіно. У 1898 архітэктар і фатограф Я.​Кршыжанецкі зняў дакумент. фільмы «Пажарныя», «Закладка падмурка пад помнік Палацкаму», а таксама ігравыя сцэнкі (сцэнарыст, рэж. і выканаўца комік І.​Шваб-Маластранскі). У 1911 створана фірма «Кінафа», на якой здымалі пераважна хроніку і дакумент. фільмы, у 1912 — «Ілюзіён-фільм» і «Асум». У 1913 «Ілюзіён-фільм» экранізаваў п’есу Л.​Строўпежніцкага «Благая кроў» (рэж. Э.​Візнер), фірма «Асум» сістэматычна выпускала маст. фільмы рэж. М.​Урбана («Канец кахання», «Прададзеная нявеста») і інш. Найб. значны фільм гэтага перыяду «Залатое сэрцайка» (паводле камедыі Шваба-Маластранскага, 1916, рэж. А.​Фенцл). У канцы 1910 — пач. 1920-х г. рэжысёры Я.​С.​Колар, К.​Ламач, В.​Маер, М.​Новы, П.​Пражскі пад уплывам амер. кіно ставілі салонныя меладрамы, прыгодніцкія і дэтэктыўныя фільмы, пад уплывам ням. экспрэсіянізму — містычныя і фантаст. драмы. Спробы стварыць нац. кіно звязаны з гіст. жанрам: «Чэшскае неба» (1918, рэж. Я.​А.​Палаўш), «Праз церніі да славы» (1919, рэж. Р.​Ф.​Бранальд) і экранізацыяй твораў нац. л-ры. У 1931 засн. кінастудыя «Барандаўфільм». У пач. 1930-х г. здымаліся фільмы т.зв. малога рэалізму пра псіхалогію «маленькага чалавека»: «Імператарска-каралеўскі фельдмаршал» (1930, рэж. Ламач), «Мужчыны ў афсайце» (паводле К.​Полачака, 1931, рэж. С.​Інеман), «Антон Шпелец—снайпер» (1932, рэж. М.​Фрыч) і інш.; гратэскна-фантаст. камедыі. Пошукам новых выразных сродкаў вылучаюцца фільмы У.​Ванчуры: «Біржа працы» (1933), «Каханне і людзі» (1937), «Нашы чэшскія танцы» (1938, з В.​Кубасекам). У 1939—45 экранізаваліся творы нац. л-ры, ставіліся забаўляльныя камедыі, у якіх здымаліся тэатр. акцёры Л.​Пешак, Т.​Піштак, Ф.​Смолік і інш., а таксама патрыят. фільмы «Гэта быў чэшскі музыкант» (1940, рэж. В.​Славінскі), «Гарадок на далоні» (паводле Я.​Дрды, 1942, рэж. В.​І.​Бінавец). Адна з асн. тэм у 1940—50-я г. — 2-я сусв. вайна: «Людзі без крылаў» (рэж. Ф.​Чап), «Героі не маўчаць» (рэж. М.​Цыкан; абодва 1946), «Пастка» (1950, рэж. Фрыч), «У той раз на Каляды» (1958, рэж. К.​Кахіня), «Рэпартаж з пятлёй на шыі» (1962, рэж. Я.​Балік), эпічная трылогія О.Ваўры «Дні здрады» (1973), «Сакалова» (1974), «Вызваленне Прагі» (1976). Здымаліся камедыі: «Пекар імператара», «Імператар пекара» (абодва 1951, рэж. Фрыч), «Адпачынак з анёлам» (1953, рэж. Б.​Земан, у сав. пракаце «Анёл у адпачынку»); гіст. фільмы, у т. л. гусіцкая трылогія Ваўры «Ян Гус» (1955), «Ян Жыжка» (1956), «Супраць усіх» (1958). Цікавасць да маральных праблем і даследавання характару сучасніка ў фільмах Кахіні («Кароль Шумавы», 1959), Ф.​Влачыла («Белая галубка», 1960), У.​Чэха («Дзе аднаго алібі мала», 1961). Тэматычнае і маст. абнаўленне чэш. кінематографа звязана з творчасцю прадстаўнікоў «новай чэхаславацкай кінахвалі»; В.​Хіцілавай («Мех блох», «Пра нешта іншае», абодва 1964), М.​Формана («Чорны Пётр», 1964; «Баль пажарнікаў», 1967), Э.​Шорма («Вяртанне блуднага сына», 1966; «Дзень сёмы, восьмая ноч», 1969). З 1970-х г. кінематаграфісты імкнуцца адлюстраваць аб’ектыўную праўду жыцця і гіст. падзей, складаныя ўзаемаадносіны паміж людзьмі і грамадствам: «Ключ» (1976, рэж. Чэх), «Пра мараўскую зямлю» (1977, рэж. А.​Кахлік), «Дзяўчынка з ракавінкамі» (1980, рэж. І.​Свобада), «Звар’яцелы канкан» (рэж. Балік), «Вандраванні Яна Амаса» (абодва 1983, рэж. Ваўра). Сярод вядучых рэжысёраў: Д.​Віганава, Кахіня, Д.​Кляйн, І.​Менцэль, Я.​Немец, Я.​Сверак, З.​Трошка, Хіцілава, Я.​Шваркмаер, Я.​Шміт; акцёраў: З.​Адамаўска, З.​Быджаўска, М.​Ванчурава, О.​Візнер, Р.​Грушынскі, М.​Дзейдар, Я.​Краўс, П.​Кршыж, К.​Родан, П.​Форман, П.​Чэпек і інш. Значнага ўзроўню дасягнула дакумент. кіно, мультыплікацыя (рэж. І.Трнка, Г.​Тырлава, К.Земан і інш.). У 1992 засн. Дзярж. фонд Чэш. рэспублікі па развіцці кінематаграфіі. Побач з дзярж. кінастудыямі маст. фільмы здымаюць прыватныя фірмы. Праводзяцца міжнар. кінафестывалі ў Карлавых Варах (з 1946), «Залаты голем» у Празе (з 1995), тэлевізійных фільмаў «Злата Прага» і інш.

Беларусы ў Чэхіі. Бел. прысутнасць у Ч. вядома з часоў сярэдневякоўя. Гал. асяродкам беларусаў здаўна з’яўляецца яе сталіца, а ў 20 ст. стала адным з гал. цэнтраў бел. эміграцыі (гл. раздзел пра беларусаў у арт. Прага). У 1920—30-я г. ў Празе, Подзебрадзі, Пшыбраме, Брно і інш. чэш. гарадах дзякуючы матэр. падтрымцы чэхаславацкага ўрада і грамадскага Чэшска-ўкр. к-та дапамогі ўкр. і бел. студэнтам вучыліся каля 300 студэнтаў з Зах. Беларусі, у т. л. В.Вальтар, Я.Мамонька, С.​Бусел, Я.​Геніюш, Л.​Красоўская, Л.​Рыдлеўскі, М.​Чарнецкі. Пры Укр. гасп. акадэміі ў Подзебрадзі у 1925—27 дзейнічаў Бел. студэнцкі гурток.

Літ.:

Краткая история Чехословакии. М., 1988;

Кузнецова Р. История чешской литературы. М., 1987;

История литератур западных и южных славян. Т. 1—2. М., 1997;

Маца И.Л. Архитектура Чехословакии. М., 1959;

Поп И.И. Искусство Чехии и Моравии IX — начала XVI в. М., 1978;

Гавлик Л. Искусство Чехословакии: Пер. с чеш. Прага, 1985;

Современное чешское и словацкое искусство. Л. 1989;

Ваницкий Я., Йиранек Я., Карасек Б. О чешской музыке: Пер. с чеш. М., 1965;

Ёсць на карце месца...: Грамад.-культ. чыннасць бел. і рас. эміграцыі ў Чэхаславакіі, 1921—1938: Каталог. Мн., 2002.

Н.​А.​Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Л.​В.​Міхайлоўская і Н.​А.​Царук (гісторыя), Л.​У.​Языковіч (асвета, навуковыя ўстановы), Л.​А.​Фядотаў (друк, радыё, тэлебачанне), А.​У.​Вострыкава (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.​У.​Шур (кіно), У.​Я.​Калаткоў (беларусы ў Чэхіі).

Герб і сцяг Чэхіі.
Да арт. Чэхія. Карлавы Вары зімой.
Да арт. Чэхія. Чэшска-Мараўскае ўзвышша.
Да арт. Чэхія. Панарама Прагі.
Да арт. Чэхія. Удзельнікі антыфашысцкага паўстання ў Празе. Май 1945.
Да арт. Чэхія. Бітва паміж гусітамі (злева) і нямецкімі крыжакамі ў час гусіцкіх войнаў 1419—34.
Да арт. Чэхія. Будучы прэзідэнт Чэхаславакіі і Чэхіі В.​Гавел на мітынгу апазіцыі ў час «аксамітнай рэвалюцыі» 1989.
Да арт. Чэхія. Сабор святой Барбары ў г. Кутна-Гора.
Да арт. Чэхія. Замак Карлштэйн.
Да арт. Чэхія. «Дом, які танцуе» ў Новым горадзе Прагі.
Да арт. Чэхія. Тройскі замак з французскім садам у Празе.
Да арт. Чэхія. Жывапісец т. зв. Майстар Тршэбанскага алтара. Уваскрэсенне. Каля 1380.
Да арт. Чэхія. Цэнтральная плошча ў г. Тэльч.
Да арт. Чэхія. М.​Швабінскі. Бедны край. 1900.
Да арт. Чэхія. І.​Чапек. Агонь. 1939.
Да арт. Чэхія. Я.​Зрзаві. Прыяцелькі. 1923.
Да арт. Чэхія. А.​Стрнадэль. Ілюстрацыя да кнігі І.​Стрнадэля «Я выгнаў авечак на гару Яварнічак». 1963.
Да арт. Чэхія. Сцэна са спектакля «Кароль Лір» У.​Шэкспіра. Нацыянальны тэатр у Празе.
Да арт. Чэхія. Сцэна са спектакля «Аіда» Дж.​Вердзі. Пражская дзяржаўная опера.
Да арт. Чэхія. Канцэрт «Пражская вясна» ў Сметана Холе.

т. 17, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ

Тэрытарыяльна-адміністрацыйныя і палітычныя змены. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 да Рас. імперыі далучаны паўн.-ўсх. землі Беларусі, што раней уваходзілі ў склад Полацкага, Віцебскага і Мсціслаўскага ваяв. Гэта тэр. Беларусі ўвайшла ў склад Пскоўскай і Магілёўскай губ., якія былі аб’яднаны ў Беларускае ген.-губернатарства. У жн. 1776 замест Пскоўскай заснавана Полацкая губ. (з аддзяленнем яе ад велікарускіх правінцый). Вясной 1777 Магілёўская і Полацкая губ. падзелены на паветы, з 1778 губерні перайменаваны ў намесніцтвы. У 1783—85 праведзена Ген. межаванне, якое скасавала папярэднія правы на валоданне зямлёй і дакументальна аформіла правы новай улады на далучаныя землі.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 да Расіі, акрамя ўкраінскіх, адышлі бел. землі: рэшткі Полацкага ваяв. (на левым беразе Зах. Дзвіны); Віцебскага і Аршанскага пав. Віцебскага ваяв.; Мінскі, Мазырскі пав. Мінскага ваяв.; частка Рэчыцкага пав. (па правым беразе Дняпра); усх. часткі Навагрудскага і Слонімскага ваяв.; Сініцкі пав. Слуцкага княства; усх. часткі Браслаўскага і Ашмянскага пав. Віленскага і Пінскі пав. Брэсцкага ваяводстваў. Указам ад 13.4.1793 рэшткі Полацкага ваяв. далучаны да Полацкага намесніцтва, а ўсе землі ад яго мяжы да р. Бярэзіна — да Магілёўскага; Мазырскі пав. далучаны да Чарнігаўскай губ., а на астатняй тэр. ўтворана Мінская губ. Указам Сената ад 3.5.1793 заснавана Мінскае намесніцтва.

У сувязі з падаўленнем паўстання 1794 і канчатковым падзелам Рэчы Паспалітай Кацярына II загадала ліфляндскаму, эстляндскаму і літоўскаму ген.-губернатару кн. М.​В.​Рапніну падзяліць рэшткі Вял. княства Літоўскага на З часткі з цэнтрамі ў Вільні, Гродне і Коўне. У чэрв. 1795 у Гродне заснаваны часовы орган кіравання тэр. Літвы і Зах. Беларусі — Вярх. праўленне Літвы. 25.12.1795 новадалучаныя землі падзелены на Віленскую і Слонімскую губ. У жн. 1796 губерні перайменаваны ў намесніцтвы: Віленскае ў складзе 11 і Слонімскае — 8 паветаў. Такі падзел праіснаваў да канца 1796, калі Павел I правёў новую адм.-тэр. рэформу. Указам ад 12.12.1796 на гэр. Беларусі і Літвы створаны губерні: Беларуская (аб’яднала Магілёўскае і Полацкае намесніцтвы), Мінская (з далучаным да яе Рэчыцкім пав.) і Літоўская (увайшлі Слонімскае і Віленскае намесніцтвы). У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай да Расіі адышлі 468 тыс. км² тэр. з насельніцтвам больш чым 6 млн. чал.

У 1801—02 Аляксандр I увёў новы адм.-тэр. падзел. Беларуская губерня была падзелена на Магілёўскую і Віцебскую (абедзве губерні ўвайшлі ў Беларускае ген.-губернатарства); Літоўская — на Віленскую і Гродзенскую губ. (увайшлі ў склад Літоўскага ваен. губернатарства).

На новадалучаных землях царскі ўрад пачаў распаўсюджваць сваю сістэму мясц. дзярж. кіравання. Гал. асобай у губернях быў ген.-губернатар, які лічыўся намеснікам цара і ўзначальваў мясц. адміністрацыю падпарадкаваных яму тэрыторый. Фактычна ген.-губернатар быў надзелены неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Яму былі падпарадкаваны ваен. і грамадз. губернатары (або правіцелі). У абавязак грамадз. губернатара, які камандаваў мясц. гарнізонам, уваходзіў нагляд за зборамі падаткаў, рэкрутаў, ходам следстваў, заключэннем казённых падрадаў і паставак, падтрыманнем грамадскага парадку і інш. Персанальны склад вышэйшай адміністрацыі набіраўся з рус. саноўнікаў і чыноўнікаў. Паколькі канчатковае рашэнне прымаў ген.-губернатар, то ўлада грамадз. губернатараў у канцы 18—1-й пал. 19 ст. была абмежаванай. Да таго ж адбываліся іх частыя персанальныя змены. У кожнай губерні дзейнічала губ. праўленне ў складзе «общего присутствия» і канцылярыі. Гасп. і фін. справамі кіравала казённая палата, якую ўзначальваў віцэ-губернатар. Яна займалася раскладам і зборам падаткаў, кіраваннем і наглядам за казённай маёмасцю і інш. У губернях дзейнічалі і інш. органы кіравання: рэкруцкія ўправы, прыказ грамадскай апекі, межавая кантора і інш. Гал. органам пав. улады лічыўся ніжні земскі суд, які адначасова выконваў адм.-паліцэйскія і судовыя функцыі. Узначальваў яго земскі спраўнік. У адрозненне ад цэнтр. рас. губерняў ён не выбіраўся, а прызначаўся Сенатам.

У сувязі з недахопам рус. чыноўнікаў Кацярына II дазволіла прызначаць на адм. пасады ў новаўтвораных губернях мясц. жыхароў. Мясц. шляхта атрымала правы выбіраць сваіх прадстаўнікоў у органы мясц. кіравання і суда, аналагічныя з правамі рас. дваранства. На бел.-літ. губерні была таксама распаўсюджана расійская (уведзеная яшчэ Пятром 1) 14-класная сістэма чыноў і рангаў.

У якасці судовага заканадаўства на далучанай тэрыторыі працягваў дзейнічаць Статут ВКЛ 1588, які ў 1780 быў перакладзены на рус. мову. Для найвышэйшай апеляцыі ў 1774 пры Юстыцкалегіі ліфляндскіх, эстляндскіх і фінляндскіх спраў Сената створаны Беларускі дэпартамент, які праіснаваў да 1780. Да гэтага часу вышэйшай апеляцыйнай установай у ВКЛ быў Гал. Літоўскі трыбунал, які знаходзіўся ў Вільні. З далучэннем Вільні трыбунал скасаваны, але ад часоў ВКЛ заставалася яшчэ шмат незакончаных спраў. Таму ў канцы 1796 для іх завяршэння створаны Грамадз. дэпартамент старых літоўскіх спраў. У лют. 1797 заснаваны Гал. літоўскі суд, які распаўсюджваў сваю дзейнасць на Літоўскую губ. Ён ажыццяўляў кантроль за дзейнасцю грамадз. і крымінальнага судаводства ніжэйшых судоў і таксама з’яўляўся апеляцыйнай інстанцыяй для магістратаў і ратуш. Пасля губ. рэформы 1801 у кожнай губерні былі створаны гал. суды ў складзе крымінальнага і грамадз. дэпартаментаў.

Паводле «Устанаўлення» 1775 на новадалучаных землях уводзіліся пав. суды са шляхецкай апекай, у губернях — верхнія земскія суды для шляхты; ніжэйшыя і верхнія расправы для вольных сялян; гарадавыя і губ. магістраты. Акрамя таго, у губ. гарадах існавалі крымінальная і грамадз. палата і губ. пракурор, які кантраляваў іх дзейнасць. Рас. ўрад адмяніў смяротнае пакаранне і не дазваляў судам разглядаць справы асоб, якія не мелі ў паветах нерухомай маёмасці. Замест земскіх судоў спачатку ва ўсх. Беларусі, а потым у інш. губернях былі створаны губ. і правінцыяльныя земскія суды, якія з 1773 называліся павятовымі. У далейшым ім перададзены і функцыі скасаваных гродскіх судоў. Падкаморскія суды, скасаваныя ва ўсх. Беларусі ў 1772, а на астатніх тэрыторыях — у 1795, былі ў 1797 адноўлены Паўлам I і праіснавалі да 1832. Спалучэнне бюракратычнага і саслоўнага элементаў у мясц. кіраванні найб. яскрава выявілася ў судовай сістэме. Урад прызначаў на пасады ў губ. і пав. судовых установах толькі саветнікаў і канцылярскіх чыноўнікаў. Усе астатнія пасады замяшчаліся па выбары дваранства, пры гэтым урад пільна сачыў, каб на пасады суддзяў, спраўнікаў, засядацеляў выбіраліся асобы, верныя рас. уладзе.

У канцы 18—1-й трэці 19 ст. ў бел.-літ. губернях сістэма судаводства захоўвала пэўныя адрозненні ад расійскай. У грамадз. судаводстве дзейнічалі нормы Статута ВКЛ, сеймавых канстытуцый, а справаводства вялося на польскай мове. Крымінальнае ж судаводства ажыццяўлялася паводле агульнаімперскіх законаў і на рус. мове.

З далучэннем да Рас. імперыі ўводзілася абавязковае пацвярджэнне вышэйшым саслоўям новадалучаных зямель сваіх правоў на прывілеі. Пачынаючы з 1772 шляхта была абавязана прадставіць у губ. гарады дакументы аб сваім паходжанні. Асобы, якія пацвердзілі сваё паходжанне, былі запісаны ў дваранскія родавыя кнігі.

Царскі ўрад, абвяшчаючы дваранства «пяршынствуючым» рас. саслоўем, юрыдычна замацаваў яго пануючыя пазіцыі ў сістэме абсалютысцкай дзяржавы. Сац., юрыд. і паліт. статус дваранскага саслоўя Рас. імперыі ўпершыню ў найб. поўным выглядзе быў зафіксаваны Кацярынай II у «Даравальнай грамаце дваранству» (1785). Асновай паліт. і эканам. магутнасці дваранства было валоданне не толькі зямлёй, але і прыгоннымі, на што не мелі правоў інш. саслоўі. Дваранства вызвалялася ад усялякіх падаткаў, цялесных пакаранняў і магло быць асуджана толькі роўнымі сабе. У новаўтвораных губернях і паветах дваранству дазвалялася кожныя 3—4 гады збіраць сходы (сеймікі). У іх функцыі ўваходзіла выбранне губ. і пав. прадвадзіцеляў дваранства (маршалкаў), а таксама прадстаўнікоў у саслоўныя суды і ўстановы, раскладка земскіх павіннасцей, вырашэнне гасп. і грамадскіх спраў мясц. жыцця.

У 1773 Сенат дапусціў да выбараў у дваранскія сходы асоб, якія валодалі не менш чым 10 рэвізскімі душамі. Права голасу і выбрання на пасаду мелі ўладальнікі 20 і больш сялян. У 1805 права голасу атрымалі дваране, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, валодалі ў губернях маёнткамі не менш за 8 дамоў і атрымлівалі 150 руб. прыбытку за год. З 1817 у Гродзенскай губ. тэрмінам на 3 гады дазволілі ўдзельнічаць у выбарах дваранам, якія страцілі свае дакументы ў час вайны 1812 і не былі да гэтага часу запісаны ў дваранскія кнігі.

Гал. ролю сярод абраных асоб адыгрывалі дваранскія маршалкі. На пасадах іх зацвярджаў імператар з ліку 2 выбраных кандыдатаў. Асн. іх абавязкам было кіраванне справамі дваранскай карпарацыі. Пасады маршалкаў не аплачваліся, таму іх звычайна выбіралі з заможных памешчыкаў. Для прадстаўнікоў дробнай шляхты выбранне ў нізавыя выканаўчыя органы, суды і паліцыю з’яўлялася сродкам паправіць матэрыяльнае становішча, таму яны імкнуліся заняць адпаведныя пасады. Татарскай шляхце таксама было дазволена прымаць удзел у выбарах.

У выніку рэвізіі 1811 выявілася, што да шляхецкага саслоўя прыпісалася каля 200 тыс. чал., сярод якіх былі мяшчане, дваравыя, людзі невядомых саслоўяў з бел.-літ. губерняў. Адначасова ў гэтых жа губернях заставаліся людзі, якія пацвердзілі дваранскае паходжанне, але працягвалі плаціць падаткі ў казну. Таму пры правядзенні новай рэвізіі, згодна з указам Сената ад 20.1.1816, у дваранстве пакідаліся толькі тыя, хто быў запісаны да саслоўя ў 1795. Усім астатнім неабходна было пацвярджаць сваё паходжанне дакументальна. Паводле ўказа ад 23.8.1817 дробная шляхта, якая магла валодаць зямлёю, але без прыгонных або знаходзілася на службовых і чыншавых землях, трапіла ў спісы падатковага насельніцтва.

Беларусь у вайне 1812. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, а ў ноч на 24 чэрв. Паўн. групоўка «Вялікай арміі» пад камандаваннем Напалеона I (каля 213 тыс. чал.) пачала пераход расійскай граніцы пераправай цераз Нёман у раёне Коўна. Цэнтр. групоўка (каля 77 тыс. чал.) на чале з Э.​Багарнэ 29 чэрв.—2 ліп. перайшла Нёман у раёне Пілонаў. 27 чэрв. ў ваен. дзеянні ўключылася паўд. групоўка Ж.​Банапарта (каля 82 тыс. чал.), авангард якой праз дзень заняў Гродна. З ліп. каля в. Магільніцы цераз Зах. Буг пераправіліся гал. сілы дапаможнага аўстрыйскага корпуса К.​Ф.​Шварцэнберга. Пачынаючы вайну з Расіяй, Напалеон намагаўся прымусіць рас. камандаванне прыняць ген. бітву на тэр. Літвы, разбіць гал. сілы рас. армій паасобку ў памежных баях і пасля бліскучай перамогі вымусіць цара Аляксандра I заключыць мір на выгадных для Францыі ўмовах.

Адарваныя і расцягнутыя рас. арміі адыходзілі з ар’ергарднымі баямі ўглыб краіны для аб’яднання ў зручным месцы: 1-я Зах. армія М.​Б.​Барклая дэ Толі (каля 120 тыс. чал.) у напрамку на Дрысенскі лагер, потым, пакінуўшы корпус П.​Х.​Вітгенштэйна для прыкрыцця Пецярбургскага напрамку, да Полацка, Віцебска, Смаленска; 2-я Зах. армія П.​І.​Баграціёна (каля 49,5 тыс. чал.) — ад Ваўкавыска праз Слонім, Навагрудак, Нясвіж, Слуцк, Бабруйск да Магілёва, а пасля бітвы каля Салтанаўкі 21—23 ліп. — да Новага Быхава, Мсціслава і Смаленска. У час адыходу рас. войск адбыліся сутычкі і баі рознай напружанасці: каля Гродна, Ашмян, Друі, пад Віцебскам, пры Дзісне, в. Чарнова, Кукавячына, мяст. Казяны, Браславе і Леамполі, Астроўне, Карэлічах, Міры, Раманаве і інш.

Адносна незалежны характар мелі баявыя дзеянні на стратэгічных флангах. Пасля Клясціцкіх баёў (30 ліп. — 1 жніўня) паміж войскамі Вітгенштэйна і Н.​Ш.​Удзіно напалеонаўскія войскі адышлі да Полацка, куды падышоў баварскі корпус Л.​Гуўён Сен-Сіра. Узмоцненыя напалеонаўскія войскі перайшлі ў наступленне, 11 жніўня адбыўся бой на р. Свольна паміж авангардамі карпусоў Вітгенштэйна і Н.​Ш.​Удзіно. У выніку 1-й Полацкай бітвы (17—18 жніўня) войскі Вітгенштэйна адышлі да р. Дрыса.

У ліпені пачалі баявыя дзеянні войскі 3-й Рэзервовай абсервацыйнай арміі А.​П.​Тармасава. Пасля Кобрынскага бою 27 ліп. аб’яднаныя войскі К.​Ф.​Шварцэнберга і Ж.Л.​Э.​Рэнье ў выніку Гарадзечанскай бітвы (12 жніўня) вымусілі войскі А.​П.​Тармасава адступіць да Луцка. Паміж гэтымі буйнымі баямі адбыліся сутыкненні каля г. Пінск, Пружаны, мяст. Сялец, Сігневічы, в. Равяцічы і інш.

Абарону Бабруйскай крэпасці забяспечваў гарнізон і войскі корпуса Ф.​Ф.​Эртэля, размешчаныя каля Мазыра, якія ў ліп. — жніўні мелі сутычкі і баі з напалеонаўскімі войскамі паміж в. Брэжы і мяст. Парычы, пад Пінскам, Слуцкам, мяст. Лафа, Жлобінам, Казіміравам, с. Каменка і інш. 14 вер. авангардныя часці корпуса занялі Глуск, на наступны дзень у выніку ўпартага бою — в. Гарбацэвічы, а атрад А.​В.​Запольскага 16 вер. — Пінск. Аднак Эртэль не адважыўся развіваць поспех наступлення і 22 вер. вярнуўся ў Мазыр.

Напалеонаўскія войскі 28 чэрв. занялі Вільню, 8 ліп. — Мінск, 20 ліп. — Магілёў, 28 ліп. — Віцебск. Да пачатку жніўня асн. сілы «Вялікай арміі» выйшлі на лінію Дняпра і Зах. Дзвіны. Амаль уся Беларусь і Літва, акрамя Веліжскага, Люцынскага, Невельскага, Рэжыцкага, Себежскага пав. Віцебскай губ., Мазырскага, Рэчыцкага, часткі Бабруйскага пав. Мінскай губ., а таксама Беліцкага пав. Магілёўскай губ., была занята ці кантралявалася напалеонаўскімі войскамі, якія вымушаны былі перайсці на самаўтрыманне і забяспечваць свае патрэбы гал. чынам рэквізіцыйным шляхам за кошт мясц. харчова-фуражных рэсурсаў.

Паліт. арганізацыя і адм.-тэр. ўладкаванне занятых тэрыторый адпавядала дзярж. ўладкаванню напалеонаўскай імперыі. 1.7.1812 у Вільні створана Камісія Часовага кіравання (урада) Літвы (ВКЛ) — каардынацыйна-калегіяльны орган вышэйшай грамадз. улады для адм. кіравання тэр. Беластоцкай вобл., Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губ., пазней перайменаваных у дэпартаменты. Камісіі падпарадкоўваліся цэнтр., рэгіянальныя і мясц. органы цывільнай адміністрацыі 4 дэпартаментаў. У кожным з іх, а пазней у Віцебскім і Магілёўскім дэпартаментах (не падпарадкаваных камісіі) арганізоўвалася адм. камісія з 3 членаў, прызначаных ці зацверджаных асабіста Напалеонам, пад старшынствам франц. інтэнданта, які выбіраўся з аўдытараў Дзярж. савета напалеонаўскай імперыі і падпарадкоўваўся імператарскаму камісару пры Камісіі Часовага ўрада. У адм. адносінах дэпартаменты падзяляліся на дыстрыкты на чале з падпрэфектамі. Па прыкладу Вільні арганізоўвалася структура муніцыпальнага (гарадскога) самакіравання ў дэпартаменцкіх цэнтрах і дыстрыктах. Адначасова была створана сістэма ваенна-адм. кіравання краем. У цэлым уладныя паўнамоцтвы камісіі пашыраліся на 4 дэпартаменты з плошчай 3787 міль​2 і насельніцтвам 2,5—3,5 млн. чал., падзеленыя на 32 дыстрыкты. Аднак рэальна пад уладаю было толькі каля 17 дыстрыктаў, бо астатнія кантраляваліся пэўны час рас. войскамі. Органы напалеонаўскай адміністрацыі пераважна займаліся арганізацыяй узброеных фарміраванняў, забеспячэннем войск, зборам грашовых сродкаў.

Ва ўмовах нестабільнага ваенна-паліт. становішча, кіруючыся палітыка-стратэгічнымі меркаваннямі, Напалеон адклаў пытанне аб аднаўленні ВКЛ да канца вайны з Расіяй. Захаваўшы ў непарушнасці прыгоннае права, ён спадзяваўся абаперціся на шляхту — гал. чынніка яго палітыкі, у свядомасці якой яшчэ не згасла ідэя ранейшай дзяржаўнасці.

Восенню 1812 у наступленне перайшлі рас. войскі, размешчаныя на флангах. Аб’яднаныя войскі 3-й і Дунайскай армій пад кіраўніцтвам П.​В.​Чычагова 12 кастр. занялі Брэст, атрад Я.​Чапліца 20 кастр. разбіў пад Слонімам полк Я.​Канопкі. Аднак толькі 30 кастр. часці Дунайскай арміі рушылі на Мінск. Пакінутая для аховы тылу вайсковая групоўка Ф.​В.​Остэн-Сакена пасля Ваўкавыскага бою 16 ліст. і паражэння пад Брэстам 25 ліст. адступіла на Валынь. Гэта дазволіла войскам К.​Ф.​Шварцэнберга заняць Слонім. Войскі Чычагова 13 ліст. пераправіліся цераз Нёман і пасля Койданаўскага бою 15 ліст. занялі Мінск, 21 ліст. — Барысаў. 24 ліст. атрад А.​П.​Ажароўскага заняў Магілёў.

Умацаваны корпус Вітгенштэйна пасля 2-й Полацкай бітвы (18—20 кастр.) вымусіў напалеонаўскія войскі адступіць да Лепеля. Корпус Ф.​Ф.​Штэйнгеля, дасланы з-пад Рыгі на дапамогу Вітгенштэйну, вёў баі з напалеонаўскімі войскамі на р. Ушача, пад Рудняй, 25 кастр. ў Кублічах. 7 ліст. атрад В.​І.​Гарпе ўвайшоў у Віцебск. Аб’яднаныя карпусы Н.​Ш.​Удзіно і К.​П.​Віктора 31 кастр. далі бой пад Чашнікамі войскам Вітгенштэйна, пасля чаго адышлі да Чарэі.

26—28 ліст. адбыліся баі па абодвух берагах ракі Бярэзіна. У ходзе Бярэзінскай аперацыі баяздольныя часці напалеонаўскай арміі (у т. л. гвардыя і значная частка афіцэрскага корпуса) здолелі каля в. Студзёнка пераправіцца цераз Бярэзіну. Аднак адчувальныя страты прадвызначылі немагчымасць працягваць актыўныя баявыя дзеянні. Гал. сілы «Вялікай арміі» адступалі на Вільню, ведучы ар’ергардныя баі: пры Зембіне і Плешчаніцах (30 ліст.), пры Даўгінаве і Латыгалі (2 снеж.), пад Маладзечнам (4—5 снеж.), пад Ашмянамі, Меднікамі. 5 снеж., даручыўшы кіраўніцтва арміяй І.​Мюрату, Напалеон з Смаргоні выехаў у Парыж. Войскі К.​Ф.​Шварцэнберга арганізавана адступалі ад Слоніма да Беластока. 10 снеж. авангард Я.​І.​Чапліца заняў Вільню, 20 снеж. атрад Дз.​В.​Давыдава — Гродна.

Бел. землі вынеслі асноўны цяжар ваен. дзеянняў. Найб. моцна пацярпелі мясціны, якія сталі арэнай шматлікіх баёў, прылеглыя да маршрутаў руху і раёнаў працяглай дыслакацыі вял. кантынгенту напалеонаўскіх і рас. войск. Амаль цалкам былі разбураны і знішчаны гарады Полацк, Відзы, Кобрын, Ваўкавыск. Голад, холад, хваробы і эпідэміі прадвызначылі гібель значнай часткі бел. насельніцтва. Колькасць рэвізскага насельніцтва, асабліва гарадскога, зменшылася на 12%. Вайна 1812 падарвала прадукцыйныя сілы сельскай гаспадаркі краю: рэзка зменшылася пагалоўе рабочай і прадукцыйнай жывёлы, амаль напалову скараціліся пасяўныя плошчы, разбурана ці знішчана шмат будынкаў.

Ва ўмовах панавання прыгонніцкай сістэмы працэс аднаўлення разбураных вайной памешчыцкіх і сял. гаспадарак расцягнуўся на доўгі час. Сац.-эканам. вынікі напалеонаўскіх войнаў на землях Беларусі абвастрылі і паскорылі крызіс прыгонніцкай сістэмы.

Сельская гаспадарка. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі царскі ўрад праводзіў тут палітыку насаджэння рус. памеснага землеўладання. Былыя дзярж. і духоўныя ўладанні, канфіскаваныя маёнткі мясц. памешчыкаў, якія адмовіліся прысягнуць на вернасць новай уладзе, а таксама ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31 і рэв. руху раздаваліся рас. вяльможам, ваен. і грамадз. чыноўнікам. У 1772—1801 у 5 бел.-літ. губернях ім падаравалі 250,4 тыс. рэвізскіх (мужчынскіх) душ сялян. Да часу адмены прыгону ўдзельная вага панскай зямельнай уласнасці заставалася вельмі высокай. У 1859 у маёнтках сярэдне- і буйнапамесных уласнікаў (больш за 100 рэвізскіх душ прыгонных) 5 губерняў было 16 071,1 тыс. дзесяцін прыдатнай зямлі, або 66,8% усёй яе плошчы. Па адносных памерах панскай зямельнай уласнасці Беларусь у канцы 1860-х г. займала 1-е месца ў Еўрап. Расіі. Сярод панскай зямельнай уласнасці пераважала буйная, латыфундыяльная феад. ўласнасць (маёнткі, дзе было больш за 500 душ прыгонных). У апошняй чвэрці 18 ст. на яе долю ва ўсх. паветах прыпадала 74,6% прыватнаўласніцкай зямлі, у зах. і цэнтр. — у сярэднім 68,5%. У далейшым у сувязі з драбленнем і канфіскацыяй часткі латыфундыяльных уладанняў царскімі ўладамі памеры буйнапамеснай зямельнай уласнасці прыкметна зменшыліся. Рост таварнай прадукцыі ў панскай гаспадарцы, асабліва вытворчасці збожжа на продаж, патрабаваў пашырэння плошчы фальварковай ворнай зямлі, што абумовіла значнае ўзмацненне феад. прыгнёту сялянства, павелічэнне адпрацовачных павіннасцей. Колькасць ворнай зямлі павялічвалася не толькі за кошт асваення новых зямель, але і ў выніку захопу сял. угоддзяў.

Гал. прадукцыйнай сілай панскай гаспадаркі былі прыгонныя сяляне. У 5 бел.-літ. губернях у 1795 яны складалі 84,8% усяго сялянства, або 75,1% народанасельніцтва, у 1858 — адпаведна 70,9 і 57,6%. Змяншэнне ўдзельнай вагі іх тлумачыцца крызісам феад.-прыгонніцкай сістэмы і частымі неўраджаямі. Асновай гаспадаркі памешчыкаў было ворнае земляробства, пануючай сістэмай — папарнае трохполле. З пашырэннем пасеваў бульбы ў многіх маёнтках яно замянялася чатырохполлем. З развіццём танкаруннай авечкагадоўлі, гал. чынам на захадзе Беларусі, у некат. панскіх гаспадарках з’явілася шматполле з травасеяннем.

У абсалютнай большасці гаспадарак памешчыкаў апрацоўка зямлі і ўборка ўраджаю вяліся цяглавай сілай, прымітыўнымі прыладамі (саха, драўляная барана, серп, каса) і працай прыгонных сялян. Удасканаленыя прылады (плугі, жалезныя бароны), сеялкі, жняяркі, сенакасілкі сустракаліся рэдка. У 1840—50-я г. ў панскіх фальварках вял. пашырэнне атрымалі толькі малацілкі і веялкі. У канцы 18 ст. ў магнацкай сельскай гаспадарцы зах. Беларусі наёмная рабочая сіла складала 17,2%, усходняй — 7,4% усёй рабочай сілы. Выкарыстанне машын і наёмнай працы ў панскай сельскай гаспадарцы сведчыла пра фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, спробе перабудовы перадавых маёнткаў у бурж. кірунку. Аднак у эпоху позняга феадалізму наёмная праца не была яшчэ альтэрнатывай паншчыне, а толькі спадарожнічала ёй. Вынікам панавання папарнага трохполля і слабай тэхн. узброенасці земляробства былі пераважна збожжавы характар паляводства, невысокая ўраджайнасць.

Земляробства ўсё больш падпарадкоўвалася попыту ўнутр. і знешняга рынкаў, набывала таварны характар. Да канца 18 ст. з магнацкіх латыфундый зах. і цэнтр. паветаў на рынкі паступала больш за ​3/4 вытв-сці жыта. Самай таварнай галіной магнацкага прадпрымальніцтва было вінакурства. З магнацкіх маёнткаў усх. Беларусі вывозілі гал. чынам лён, пяньку, а таксама лес і прадукты перапрацоўкі драўніны.

2-й па значнасці галіной панскай гаспадаркі была жывёлагадоўля. Разводзілі пераважна прадукцыйную жывёлу (кароў, свіней, авечак). З ростам суконнай вытв-сці ў 1830—40-я г. ў зах. паветах значнае развіццё атрымала мерыносавая авечкагадоўля. Пашыралася і таварная мяса-малочная жывёлагадоўля. З развіццём рыначных, таварна-грашовых адносін на Беларусі паступова складвалася раённая спецыялізацыя сельскай гаспадаркі (лён у паўн., каноплі ва ўсх., бульба ў зах. і цэнтр. паветах, жывёлагадоўля на захадзе і Палессі).

Развівалася вотчыннае прадпрымальніцтва. У канцы 1820-х г. узніклі першыя панскія фабрыкі і заводы. На прамысл. прадпрыемствах выкарыстоўвалася як паншчынная праца прыгонных, так і наёмная праца (сваіх сялян і пабочных асоб).

Дзярж. зямельная ўласнасць на Беларусі значна саступала панскай. У апошняй чвэрці 18 ст. на яе долю прыпадала каля 18% усёй зямельнай уласнасці. З раздачай дзярж. зямель колькасць казённых сялян на Беларусі ў апошняй трэці 18 ст. зменшылася прыкладна ў 3 разы і склала 76,4 тыс. рэвізскіх душ, або 5,5% народанасельніцтва. У далейшым з пашырэннем дзярж. зямельнай уласнасці і натуральным прыростам насельніцтва колькасць іх тут вырасла. У 1866 яна дасягнула 266 тыс. душ мужчынскага полу, што складала 21,1% сялянскага, або 15,5% усяго насельніцтва. Амаль усе дзярж. маёнткі здаваліся з публічных таргоў у доўгатэрміновую арэнду (на 24 гады і больш) чыноўнікам, дробнай шляхце. Фальварковая гаспадарка вялася працай казённых сялян. Земляробства, жывёлагадоўля, уся гаспадарка дзярж. маёнткаў да 1840-х г. знаходзіліся на той жа ступені развіцця, што і ў панскіх фальварках.

Сяляне атрымлівалі ў карыстанне ад феадала зямельны надзел, за які абавязаны былі адбываць паншчыну або плаціць грашовы аброк. З развіццём фальваркова-паншчыннай гаспадаркі ішоў працэс абеззямельвання сялянства. У 1790-я г. ў зах. і цэнтр. Беларусі налічвалася 17,8 тыс., або 7% сялян (агароднікаў і халупнікаў), якія не мелі палявога надзелу. Напярэдадні рэформы 1861 у маёнтках сярэдне- і буйнапамесных уласнікаў 5 зах. губерняў землі, што знаходзіліся ў сял. карыстанні, складалі толькі 26,6% панскай зямлі. З развіццём таварна-грашовых адносін, абеззямельваннем часткі сял. двароў, пры розным забеспячэнні іх рабочай і прадукцыйнай жывёлай паглыблялася маёмасная дыферэнцыяцыя сялянства. У 2-й пал. 1850-х г. у маёнтках сярэдне- і буйнапамесных уласнікаў і дзярж. уладаннях Беларусі было больш за 100 тыс. беззямельных сялян-бабылёў абодвух полаў і прыкладна столькі ж малазямельных сялян-агароднікаў. Асн. крыніцай іх існавання з’яўлялася наёмная праца. З другога боку, вылучалася праслойка заможнага сялянства, якое мела вял. надзелы і значную колькасць жывёлы. Сац. расслаенне сялянства Беларусі пачалося ў 2-й пал. 18 ст. і да сярэдзіны 19 ст. дасягнула значнай велічыні.

З пашырэннем плошчы фальварковай ворнай зямлі адбываўся перавод сялян з аброчных у паншчынныя. З канца 18 да сярэдзіны 19 ст. ўдзельная вага паншчыннага сялянства ў маёнтках Беларусі павялічылася з 77 да 97%. Казённыя сяляне да 1840-х г. таксама адбывалі паншчыну. Гэта тармазіла разлажэнне феад.-прыгонніцкіх і развіццё капіталіст. адносін як у фальварковай, так і ў сял. гаспадарцы, але не магло спыніць іх. На працягу 1-й пал. 19 ст. памер паншчыны, што прыпадала на сял. гаспадарку, вырас у сярэднім у 1,5—2 разы. У 1830—40-я г. ў большасці маёнткаў найб. пашырана была паншчына 6 дзён на тыдзень з сял. гаспадаркі. Захоўваліся шматлікія павіннасці па абслугоўванні панскага двара і натуральны аброк (даніна).

Апрача павіннасцей за карыстанне зямлёй сяляне неслі дзярж. грашовыя (падушны падатак, земскі збор) і натуральныя (дарожная, кватэрная і інш.) павіннасці. Новым для Беларусі відам цяжкай павіннасці стала рэкруцкая павіннасць.

Сяляне, як і раней, займаліся рознымі промысламі. Шырокае распаўсюджанне атрымалі адыходныя промыслы — работы на будаўніцтве дарог, крэпасцей і асабліва сплаў лесу, возніцтва. Промыслы, асабліва адыходныя, садзейнічалі пранікненню таварных адносін у сял. гаспадарку.

У снеж. 1839 пачалася перабудова адм.-гасп. кіравання дзярж. вёскай зах. губерняў. Праводзілася люстрацыя, г.зн. падрабязнае апісанне маёнткаў і вызначэнне памераў сял. землекарыстання і павіннасцей. Уводзіўся падушны надзел, роўны 3 дзес. ворнай зямлі і 1 дзес. сенажацей. На аснове маёмаснай няроўнасці на дзярж. вёсцы сяляне былі падзелены на цяглых, паўцяглых, агароднікаў і бабылёў. Рэформа палепшыла становішча дзярж. сялян. У выніку праведзенай люстрацыі павіннасці казённых сялян Віцебскай і Магілёўскай губ. зменшыліся на 62—65%, Гродзенскай і Мінскай на 30—35%, а зямельныя надзелы ў апошніх губернях павялічыліся на 32—36 %, у Магілёўскай — на 15%. З 1844 у дзярж. уладаннях Беларусі фальваркі ліквідаваны, а сяляне пераведзены на грашовы аброк. Пазней адменены даніна і дадатковыя адпрацовачныя павіннасці, спынена і здача дзярж. маёнткаў у арэнду. У 1844 паводле палажэння Мікалая I ва ўсіх зах. губернях створаны губ. дваранскія к-ты для складання абавязковых інвентароў панскіх маёнткаў. Павіннасці сялян у іх вызначаліся адпаведна колькасці і якасці надзельнай зямлі, але не маглі перавышаць ​1/3 валавога даходу з пазямельных участкаў. Памешчыкам забаронена самавольна вызначаць згонныя дні і абкладаць сялян натуральнымі паборамі. У панскіх уладаннях зах. і цэнтр. Беларусі абавязковыя інвентары ўведзены ў 2-й пал. 1840-х г. Ва ўсх. паветах яны былі ўведзены ў частцы маёнткаў, некалькі разоў пераглядаліся і выпраўляліся. У цэлым інвентарная рэформа засталася незавершанай і не аблегчыла становішча панскіх сялян.

19.2.1861 Аляксандр II падпісаў Маніфест і зацвердзіў праекты «Палажэнняў» аб адмене прыгону ў Расіі. З адменай прыгону панскія сяляне сталі асабіста свабоднымі. Яны атрымалі шэраг грамадз. правоў: заключаць дагаворы, узбуджаць іскі, несці асабістую адказнасць перад судом і г.д. Аднак памешчыкі засталіся ўласнікамі ўсёй зямлі маёнткаў. Сяляне на працягу 9 гадоў па-ранейшаму былі прымацаваны да надзелаў. Да заключэння выкупных здзелак яны знаходзіліся на становішчы «часоваабавязаных», але і пасля заканчэння азначанага тэрміну селянін толькі з дазволу памешчыка меў права выкупу палявой зямлі. Памеры надзелаў вызначаліся канчаткова, сяляне пазбаўляліся права прырэзкі зямлі ў будучым.

Мясц. «Палажэнні» вызначалі парадак надзялення сялян зямлёй і выканання павіннасцей за карыстанне ёю. На Беларусі рэфармаваннем былі ахоплены 1860,3 тыс. (78%) душ абодвух полаў прыватнаўласніцкіх сялян. На Магілёўскую і Віцебскую (акрамя Дрысенскага і латгальскіх паветаў) губ. распаўсюджвалася мясц. «Палажэнне» для губерняў «вялікарасійскіх, новарасійскіх і беларускіх». У Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай губ., Дрысенскім і латгальскіх пав. Віцебскай губ. дзейнічала асобнае мясц. «Палажэнне».

Паводле мясц. «Палажэння» для рускіх, паўд.-ўкр. і ўсх.-бел. губерняў, у Віцебскай (8 паветаў) і Магілёўскай губ. быў устаноўлены душавы зямельны надзел. Для кожнай мясцовасці ўведзены вышэйшая і ніжэйшая яго нормы. Памеры вышэйшага душавога надзелу па асобных паветах вагаліся ад 4 да 5,5 дзес., ніжэйшага — ад 1,3 да 1,8 дзес. Калі дарэформенны надзел перавышаў вышэйшую норму, то памешчык меў права адрэзаць лішак зямлі на сваю карысць. У выпадку, калі ў памешчыка заставалася менш за ​1/3 агульнай плошчы ўгоддзяў маёнтка, ён мог утрымаць за сабой да трэці ўсіх прыдатных зямель. Са згоды сялян землеўласнік атрымаў права памяншаць надзел да чацвяртнога (​1/4 вышэйшага), што даваўся бязвыплатна («дармовы», або «жабрацкі», надзел). Скарачэнне памераў надзелаў, абеззямельванне сялянства пры ўвядзенні «Палажэнняў» ва ўсх. Беларусі практыкавалася ў значных памерах. Паводле мясц. «Палажэння» для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай і часткі Віцебскай губ. за сял. грамадой замацоўваліся надзельныя землі, якія знаходзіліся ў пастаянным карыстанні сялян на 19.2.1861. Але калі памер надзелу быў вышэйшы за інвентарны ці ў памешчыка заставалася менш чым ​1/3 угоддзяў маёнтка, праводзілася адпаведная адрэзка сял. зямлі. Надзелы, дадзеныя сялянам паводле мясц. «Палажэння», у мностве панскіх уладанняў былі ўрэзаны. Памешчыкі імкнуліся пазбавіць сялян карыстання сервітутамі, у якіх сял. гаспадарка мела вял. патрэбу. У 1860-я г. зямельнымі сервітутамі і агульнымі пашамі карысталіся 56% двароў панскіх сялян цэнтр. і зах. Беларусі.

Мясц. «Палажэнне» для рус., паўд.-ўкр. і ўсх.-бел. губерняў вызначала памеры павіннасцей адпаведна велічыні душавога надзелу. Паводле яго сяляне павінны былі абкладацца аброкам да тых памераў, якія ён меў на час адмены прыгону. Паводле мясц. «Палажэння» для зах.-бел. і літ. губерняў у аснову вызначэння памераў аброку і паншчыны была пакладзена агульная вартасць павіннасцей з надзельнага ўчастка, азначаных у інвентары маёнтка. Гранічная велічыня сял. плацяжоў у параўнанні з інвентарнай некалькі зніжалася.

У зах. і цэнтр. Беларусі з адменай прыгону сяляне да зацвярджэння ўстаўных грамат павінны былі адбываць паншчыну ў памерах, устаноўленых інвентарамі панскіх маёнткаў.

Надзельную зямлю сяляне набывалі на аснове агульнага для ўсёй Рас. імперыі «Палажэння аб выкупе». Вартасць надзелу па выкупе вылічвалі шляхам капіталізацыі аброку з 6% гадавых. Выкупную аперацыю праводзіла дзяржава, якая выдавала сялянам выкупную пазыку. Пры згодзе сялян на выкуп, калі яны атрымлівалі поўны надзел, гэта пазыка складала 80% выкупной сумы, пры паменшаным надзеле — 75%. Астатнюю частку выкупной сумы (20—25%) сяляне павінны былі выплаціць памешчыку наяўнымі пры заключэнні выкупнога пагаднення. Выкупную пазыку сяляне абавязаны былі пагашаць на працягу 49 гадоў штогоднімі выкупнымі плацяжамі ў памеры 6% выкупнога доўгу. Фактычна выкуплялася не зямля, а феад. паншчынная і аброчная павіннасці сялян на карысць памешчыка.

Указам ад 1.3.1863 у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Ковенскай губ., Дрысенскім і латгальскіх паветах Віцебскай губ. абавязковыя адносіны паміж сялянамі і памешчыкамі спыняліся з 1.5.1863. Уводзіўся абавязковы выкуп са зніжэннем аброчных і выкупных плацяжоў. Сялян, што адбывалі паншчыну, пераводзілі на аброк з памяншэннем яго на 20% супраць аброчных плацяжоў, вызначаных устаўнымі граматамі. 2.11.1863 выдадзены ўказ аб спыненні з 1.1.1864 часоваабавязаных адносін у Магілёўскай, бел. і рускіх паветах Віцебскай губ. Асн. маса панскіх сялян Беларусі перайшла з аброку на выкуп ужо ў пач. 1870-х г.

З мэтай адцягнення абеззямеленых сялян ад удзелу ў паўстанні, паводле цыркуляра віленскага ген.-губернатара М.​М.​Мураўёва ад 18.10.1863, у зах. і цэнтр. Беларусі, а таксама Літве ім павінны былі вярнуць землі, захопленыя памешчыкамі пасля 1857 (калі яны не паступілі ў надзел інш. прыгонным або не знаходзіліся ў арэндзе). Сяляне, пазбаўленыя зямлі ў 1846—56, атрымлівалі 3-дзесяцінны сямейны надзел. У зах. і цэнтр. паветах Беларусі зямлёй былі надзелены 19,2 тыс. двароў (каля 12,5% двароў панскіх сялян).

У выніку адзначаных мерапрыемстваў умовы рэформы на Беларусі сталі больш спрыяльнымі для сялян. Аднак яна па-ранейшаму мела грабежніцкі характар. Нягледзячы на значнае зніжэнне памераў выкупу, сялянства намнога пераплаціла за яго ў сувязі са спагнаннем высокіх працэнтаў па выкупной пазыцы. За 46 парэформенных гадоў дзяржава, праводзячы выкупную аперацыю, у 5 зах. губернях атрымала каля 100 млн. руб. прыбытку. Масавы сял. рух 1905 у Рас. імперыі прымусіў царскія ўлады з 1907 скасаваць выкупныя плацяжы.

16.5.1867 прыняты закон аб рэформе дзярж. вёскі Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны. Дзярж. сялян перавялі на абавязковы выкуп і прылічылі да т.зв. сялян-уласнікаў. За сялянамі замацоўваліся надзелы, якімі яны пастаянна карысталіся да часу рэформы 1867, дапускаліся прырэзка да сял. надзелаў з запасных і інш. свабодных дзярж. зямель і абмен сял. надзелаў на казённыя зямельныя ўчасткі. Але, як і панскія, дзярж. сяляне не мелі права павялічваць памеры надзелаў пасля рэформы.

У адрозненне ад панскіх сялян дзярж. сяляне не атрымлівалі ніякай пазыкі ад казны, што ўскладняла выкуп.

Пасля рэформы 1861 вызначальным фактарам эвалюцыі с.-г. вытв-сці стала развіццё таварна-грашовых, капіталіст. адносін. Рыначныя сувязі сельскай гаспадаркі раслі. Панская гаспадарка ўсё цясней звязвалася з рынкам, станавілася прадпрымальніцкай. Сял. гаспадарка таксама набывала бурж. характар. Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы выяўлялася найперш у пашырэнні вытв-сці, асабліва таварнай прадукцыі, у інтэнсіфікацыі і паглыбленні спецыялізацыі земляробства, узмацненні выкарыстання машын і ўдасканаленых прылад працы, паляпшэнні агракультуры, пашырэнні выкарыстання вольнанаёмнай рабочай сілы, выцясненні напаўпрыгонніцкіх форм гаспадарання капіталістычнымі, у сац.-класавай палярызацыі сялянства.

У канцы 19 ст. Беларусь, як і інш. рэгіёны Рас. імперыі, ахапіў агр. крызіс. Назіралася рэзкае паніжэнне цэн на збожжа, абумоўленае прытокам на еўрап. рынкі танных збожжавых тавараў з ЗША, Канады, Аргенціны, Аўстраліі. У гэтых умовах памешчыкі і сял. буржуазія пачалі перабудоўваць сваю гаспадарку на жывёлагадоўлю, найперш малочную, што прыносіла большы прыбытак. У выніку ў канцы 19 ст. вытв-сць збожжа на продаж у сельскай гаспадарцы Беларусі страціла пяршынствуючае значэнне. Ва ўмовах зніжэння цэн на збожжа, пры павелічэнні попыту на малочныя прадукты і павышэнні цэн на іх малочная жывёлагадоўля стала вядучай таварнай спецыялізаванай галіной сельскай гаспадаркі Беларусі. Развіццё малочна-мясной жывёлагадоўлі ўплывала на структуру пасяўных плошчаў, садзейнічала пашырэнню травасеяння, павелічэнню вытв-сці тэхн. і кармавых культур, сярод якіх першае месца займала бульба. Пашырэнне пасяўной плошчы пад бульбай вяло да паляпшэння тэхн. аснашчанасці с.-г. вытв-сці і павышэння ўзроўню агратэхнікі — замены архаічнага трохполля чатырохпольнымі севазваротамі. Рост гандл. бульбаводства быў абумоўлены ў першую чаргу развіццём вінакурнай вытворчасці (у 1881—94 у сярэднім штогод на вытворчасць спірту паступала 10,2 млн. пудоў бульбы, альбо ​1/3 яе валавога збору на гэтых землях). Рост вінакурства і інш. галін с.-г. прадпрымальніцтва (мукамольнага, масларобчага, сыраварнага, алейнага, суконнага і г.д.) адыгрываў важную ролю ва ўсталяванні капіталіст. адносін у сельскай гаспадарцы. Гандлёва-капіталіст. характар мела і льнаводства. У парэформенны перыяд у паўн. паветах Беларусі яно было адным з асн. кірункаў таварнай спецыялізацыі с.-г. вытв-сці.

Выключна важную ролю ва ўсталяванні капіталіст. адносін на вёсцы адыграла выкарыстанне машын і палепшаных прылад працы. У большасці маёнткаў меліся малатарні, веялкі. Часцей сталі выкарыстоўвацца сеялкі, жняяркі, сенакасілкі; глебу апрацоўвалі гал. чынам жалезнымі плугамі і баронамі. Разам з тым асн. частка бел. сялян карысталася старымі, прымітыўнымі земляробчымі прыладамі працы.

Адным з найб. істотных паказчыкаў усталявання капіталіст. адносін на вёсцы стала шырокае выкарыстанне памешчыкамі і сял. буржуазіяй наёмнай працы. У 1897 у 5 зах. губернях налічвалася 182,2 тыс. пастаянных наёмных с.-г. рабочых-парабкаў, з іх каля 130 тыс. чал. былі заняты ў с.-г. вытв-сці. Колькасць парабкаў тут была прыкладна роўная колькасці рабочых фабр.-заводскай, мануфактурнай і дробнакапіталіст. прам-сці.

Разам з тым ва ўсіх панскіх і вял. колькасці заможных сял. гаспадарак наёмная праца ў разнастайных формах цесна спалучалася з адпрацоўкамі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва класавай дыферэнцыяцыі сялянства адпрацоўкі паступова выцясняліся вольнанаёмнай працай, але шырока практыкаваліся на Беларусі да канца 19 ст.

Найбуйнейшым перажыткам прыгонніцтва ў паслярэформеннай вёсцы была панская зямельная ўласнасць. Паводле афіц. даных, у 1877 на Беларусі памешчыкам належала 8760,5 тыс. дзес. (50,5%) прыдатнай зямлі. Вял. зямельныя масівы — 1650,7 тыс. дзес. (9,9%) — захавала за сабой феад. дзяржава. Бел. сяляне валодалі 5535,7 тыс. дзес. надзельнай прыдатнай зямлі, ці 33,4% усёй зямельнай плошчы. На кожнага памешчыка ў сярэднім прыпадала 1097 дзес., на сял. двор — 14,6 дзес. Анахранізмам феад. эпохі ў былой панскай вёсцы Беларусі былі зямельныя сервітуты і агульныя пашы, а таксама цераспалосіца, якая спалучалася з дробнапалоснасцю сял. угоддзяў, далёказямеллем. Саслоўны, паўпрыгонніцкі характар насіла пераважная большасць сял. падаткаў, плацяжоў і павіннасцей. Прамыя падаткі і павіннасці сялян падзяляліся на казённыя, земскія, грамадскія. Найбуйнейшым грашовым зборам з сялянства парэформеннай вёскі былі выкупныя плацяжы. Вял. цяжарам на плечы сялян клаўся таксама падушны падатак, які ў канцы 1860—1-й пал. 1880-х г. штогод складаў тут у сярэднім 2,8 млн. руб., ці больш за ​1/3 усіх сял. дзярж. падаткаў. Земскія павіннасці сялянства складаліся з земскіх грашовых збораў і натур. павіннасцей — дарожнай, падводнай (фурманачнай), паліцэйскай. Грамадскія павіннасці адбываліся сялянамі ў грашовай і натуральнай формах. Да іх належалі зборы на ўтрыманне валаснога праўлення і суда, сельскіх адм. асоб (ураднікаў, сельскіх стараст, ветэрынараў), рамонт сельскіх запасных магазінаў і інш. Розныя зборы з сялян паглыналі львіную долю сял. бюджэту, у канцы 19 ст. не меней за ​3/4 чыстага даходу з яе. У той жа час памешчыкі плацілі падатку ў сярэднім у 11,8 раза менш, чым сялянства.

Апрача прамых падаткаў сяляне плацілі вял. ўскосныя падаткі, што спаганяліся дзяржавай і прамыслоўцамі ў выглядзе дадатковай платы за тавары шырокага ўжытку (соль, тытунь, запалкі, гарэлка, цукар і інш.). Яны асабліва адбіваліся на немаёмных і маламаёмных пластах насельніцтва. Вял. цяжарам на плечы сялян клалася рэкруцкая, а з 1874 — усеаг. воінская павіннасць.

На сялян распаўсюджваліся асобыя законы, грамадз. правы іх былі абмежаваныя. Кожны селянін абавязкова прыпісваўся да сельскай ці валасной грамады, усе члены якой былі звязаны кругавой парукай пры выплаце падаткаў і адбыванні павіннасцей. Царскі ўрад таксама праводзіў палітыку абмежавання сял. перасяленняў. Сяляне падпарадкоўваліся саслоўнаму валасному праўленню, знаходзіліся пад асобай адм.-паліцэйскай апекай міравых пасрэднікаў.

З развіццём капіталіст. адносін на вёсцы, павелічэннем колькасці сельскага насельніцтва яго прадукцыйныя сілы раслі. Паляпшалася тэхн. аснашчанасць с.-г. вытворчасці. У 1910 памешчыкам належала 41,2 тыс. земляробчых машын (малатарань, веялак, сеялак, жняярак, конных грабель), сялянам (гал. чынам кулакам і заможным) — 32,5 тыс., амаль выключна малатарань і веялак. Кабальныя адпрацоўкі сялян паступова выцясняліся наёмнай рабочай сілай. Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў параўнанні з 1897 колькасць парабкаў у маёнтках і гаспадарках сял. буржуазіі Бел. рэгіёна вырасла са 130 тыс. да 200 тыс. (53,8%).

За кошт «вымывання» серадняцкіх слаёў вёскі ў пач. 20 ст. назіралася далейшае паглыбленне класавай дыферэнцыяцыі сялянства на сял. буржуазію, гал. чынам дробную, і сельскі пралетарыят, пераважна з надзелам. З канца 19 ст. да 1-й сусв. вайны ўдзельная вага сял. серадняцкіх двароў зменшылася прыкладна з 30 да 20%, а бядняцкіх узнялася з 60 да 70%, сял. буржуазіі — з 8 да 11%. Класавая дыферэнцыяцыя сялянства была новай з’явай у сац. развіцці капіталіст. вёскі.

Рэвалюцыя 1905—07 прымусіла царызм зрабіць круты паварот у агр. палітыцы, стаць на шлях паскарэння капіталіст. развіцця вёскі. Рэформа П.​А.​Сталыпіна была адказам царскага самадзяржаўя на рэвалюцыю. Мэтай яе было, з аднаго боку, утварэнне класа кансерватыўнай сял. буржуазіі, якая стала б апорай царскага самадзяржаўя і саюзнікам памешчыка на вёсцы, з другога — ператварэнне асн. масы сялян у парабкаў і прамысл. рабочых. Акрамя таго, ставілася задача паскорыць рост прадукц. сіл земляробства, развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы пры захаванні панскіх латыфундый. Такім спосабам урад імкнуўся прадухіліць агр.-сял. рэвалюцыю і ўзмацніць эканоміку краіны. Умовай правядзення рэформы з’яўлялася разбурэнне сельскай пазямельнай абшчыны. Паводле ўказа ад 9.11.1906, пры абшчынным землеўладанні кожны гаспадар дома, які меў у сваім карыстанні надзельную зямлю, атрымаў права выхаду з абшчыны і замацавання зямельнага надзелу ў асабістую ўласнасць. Пры выхадзе з абшчыны за сялянамі захоўвалася права карыстання надзельнымі землямі, што заставаліся ў агульным уладанні, — выганамі, пусткамі, ляснымі і інш. ўгоддзямі. Указ прадугледжваў таксама адвядзенне ім хутароў і адрубоў па магчымасці ў адным месцы, пераход цэлай грамады з абшчынным або падворным землеўладаннем да карыстання адрубамі пры згодзе ​2/3 членаў сельскага сходу. У кастр. 1908 гэты ўказ унесены на разгляд 3-й Дзярж. думы, якая зацвердзіла яго з некат. зменамі і папраўкамі. Затым ён быў ухвалены Дзярж. саветам, зацверджаны Мікалаем II і стаў называцца законам 14.6.1910 (дата зацвярджэння). Гэты закон паскорыў разбурэнне пазямельнай абшчыны і ўсталяванне сял. прыватнай уласнасці на зямлю. Калі ўказ ад 9.11.1906 дазваляў добраахвотны выхад з абшчыны, то закон ад 14.6.1910 рабіў яго абавязковым для бесперадзельных сельскіх абшчын.

Непасрэднае ажыццяўленне рэформы было ўскладзена на губ. і пав. землеўпарадкавальныя камісіі, створаныя ўрадам яшчэ ў сак. 1906. Імкнучыся фарсіраваць ліквідацыю пазямельнай абшчыны, урад выдаў 29.5.1911 новы закон, паводле якога землеўпарадкаванне магло праводзіцца незалежна ад таго, замацавана зямля ва ўласнасць ці не. Значна пашыраліся правы і функцыі землеўпарадкавальных камісій. Яны маглі прымусова рассяляць сялян на хутары і адрубы. На хутары і адрубы ішлі гал. чынам крайнія групы сялянства — сял. буржуазія і бедната. Агр. рэформа П.​А.​Сталыпіна садзейнічала абеззямельванню найбяднейшай часткі вёскі і канцэнтрацыі зямлі ў руках сял. буржуазіі. Сяляне-беднякі, часцей за ўсё хутаране, не маючы магчымасці весці гаспадарку, прадавалі свае надзелы. У 1907—14 па 5 зах. губернях прадалі зямлю, атрыманую ва ўласнасць, 40,8 тыс. гаспадароў дамоў, або 35,8% усіх хутарскіх і адрубных двароў. Рэформа паскорыла рост бурж. і скарачэнне панска-паўфеадальнага землеўладання. За названы перыяд у 5 губернях дваранскае землеўладанне зменшылася на 1099,1 тыс. дзес. (12,7%), а сял. прыватнае землеўладанне павялічылася на 1105,8 тыс. дзес. (56,1%).

Важная роля ў ажыццяўленні агр. палітыкі адводзілася Сял. пазямельнаму банку, на які была ўскладзена задача продажу сялянам дваранскіх зямель, нарэзаных хутарамі, на выгадных для іх уладальнікаў умовах. Банк садзейнічаў выпампоўванню грашовых сродкаў з вёскі на карысць памешчыкаў, дапамагаў апошнім у перабудове іх гаспадаркі на капіталіст. пачатках, насаджаў сял. хутарское землекарыстанне. Пазыковая палітыка банка была падпарадкавана хутарызацыі. У выніку дзейнасці Сял. пазямельнага банка, з аднаго боку, расла зямельная ўласнасць, умацоўвалася хутарская гаспадарка заможных вярхоў сялянства, з другога — узмацняліся згаленне большасці сялян, кабала і ліхвярства на вёсцы. Землеўпарадкавальныя камісіі і земскія ўстановы аказвалі фін.-эканам. падтрымку рэформе, асігноўвалі сродкі на стварэнне паказальных хутароў, агранамічную дапамогу сялянам, стваралі с.-г. склады, забяспечвалі сялян новай земляробчай тэхнікай, палепшаным насеннем і інш., што ўплывала на павышэнне культуры сял. земляробства, хоць для сельскай беднаты мела нязначныя вынікі.

Састаўной часткай рэформы з’яўлялася перасяленне сялян на ўскраіны краіны, найперш у Сібір. Такім шляхам меркавалася зняць вастрыню малазямелля ў цэнтры. У 1907—14 з 5 зах. губерняў у Сібір і на Д. Усход перасялілася 335,4 тыс. чалавек, што складала 11,6% перасяленцаў па Еўрап. Расіі. Асн. катэгорыю перасяленцаў складала вясковая бедната. Эканам. становішча перасяленцаў было не лепшае, чым на радзіме. Цяжкае матэрыяльнае становішча ўзмацнялася суровым, нязвыклым кліматам усх. рэгіёнаў, адсутнасцю ўрачэбнай дапамогі, масавымі хваробамі і ў выніку высокай смяротнасцю сярод перасяленцаў. Нацярпеўшыся нягод, значная частка іх вярталася ў родныя мясціны. У 1907—14 у 5 зах. губерняў з Сібіры і Д. Усходу вярнулася 36,5 тыс. (10,9%) перасяленцаў.

Сталыпінская агр. рэформа пацярпела няўдачу, бо праводзілася пры захаванні ўлады памешчыкаў, асноў панскай зямельнай уласнасці, за кошт згалення сял. мас. Яна не прывяла да карэнных змен у грамадскім ладзе Рас. імперыі. Ломка першабытнага абшчыннага землеўладання была эканамічна прагрэсіўная, але яна праводзілася ў рэакцыйных мэтах — захавання землеўладання памешчыкаў, іх даходаў, паліт. улады.

Прамысловасць. Гандаль. Гарады і мястэчкі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай эканоміка Беларусі апынулася ў новых паліт. і гасп. умовах. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў фін.-грашовай сістэме Рас. імперыі склалася цяжкая сітуацыя. Увядзенне ў 1769 папяровых грашовых знакаў — асігнацый — прывяло да нарастання інфляцыйных працэсаў. На бел. губерні вольнае абарачэнне банкаўскіх асігнацый было распаўсюджана ўказам ад 8.2.1795. Курс асігнацый у адносінах да сярэбранай манеты падаў з кожным годам. У 1814—15 ён знізіўся да 20 кап. серабром. Інфляцыя стрымлівала развіццё капіталіст. адносін, гандлю і крэдыту. Грашовая рэформа 1839—43 усталявала сістэму сярэбранага монаметалізму з абарачэннем устойлівых папяровых грашовых знакаў. Яна амаль на 10 гадоў стабілізавала грашовае абарачэнне і стала імпульсам хуткага развіцця таварна-грашовых адносін.

Уніфікацыі бел. і рас. рынкаў садзейнічала ўвядзенне адзіных мер і вагаў. Хаця атрыманне ўзорных мер і вагаў зацягнулася аж да пач. 1830-х г., агульнарас. адзіныя меры вымярэння паступова ўвайшлі ў побыт бел. губерняў. Афіц. палітыка абароны правоў вытворцаў шляхам дзярж. зацвярджэння прамысл. клеймаў была накіравана супраць пранікнення на рынак падробак і няякаснай прадукцыі. З 1830 па 1860 права на клеймаванне сваёй прадукцыі атрымаў 51 бел. прадпрымальнік. Увядзенне адзіных мер вымярэння, разам з абаронай правоў вытворцаў, паклала пачатак стандартызацыі — неад’емнай рысы індустр. грамадства.

У прам-сці Беларусі канца 18—1-й пал. 19 ст. найб. эканам. поспехі былі дасягнуты ў сферы дваранскага прадпрымальніцтва. У апошняй чвэрці 18—1-й чвэрці 19 ст. новыя прадпрыемствы адчынялі буйныя землеўласнікі, гал. чынам рас. паходжання. Графу Р.​Пацёмкіну ў Крычаўскім графстве належала суднаверф, канатная і парусінавая мануфактуры, у Дубровенскім старостве — адна з першых у Рас. імперыі гадзіннікавая мануфактура, суконная мануфактура і мануфактура па вытворчасці пазументаў. Граф С.​Зорыч заснаваў у Шклоўскім маёнтку гарбарную, канатную, парусінавую, суконную і шаўкаткацкую мануфактуры. Правадз. тайны саветнік М.​Навасільцаў трымаў у Слоніме суконную і дывановую мануфактуры. Дзярж. канцлер, граф М.​Румянцаў меў у Гомельскай эканоміі 2 вінакурныя з-ды, 3 гуты, 3 ткацкія фабрыкі, 2 піваварні, медны, ліцейны, свечачны, гарбарны, ільнотрапальны, цагельны, вапнавы і кафляны з-ды, сыраварню, шматлікія млыны, кузні і лесапільні. 2-і перыяд дваранскага прадпрымальніцтва пачаўся ў 1820-я г. У ім актыўна ўдзельнічалі сярэднія і дробныя землеўладальнікі, шляхта мясц. паходжання. Гэты перыяд характарызаваўся спецыялізацыяй вытв-сці, узнікненнем новых галін прам-сці, укараненнем удасканаленага абсталявання і паравых машын, спалучэннем мануфактуры і фабрычных форм арганізацыі вытв-сці, цеснай сувяззю са знешнім і ўнутр. гандлем. Дваранскія прадпрыемствы такога тыпу былі падрыхтаваны да дзейнасці ва ўмовах капіталіст. грамадства.

Другарадную ролю ў агульным развіцці прам-сці адыгрывалі эканам. намаганні купцоў і мяшчан. Ім належалі дробныя і сярэднія прадпрыемствы; адзінкавымі выключэннямі былі Альбрэхтаўскі стэарынава-свечачны і млынавы з-ды, пінскі паравы млын, слонімская медзеапрацоўчая ф-ка.

Дробныя прадпрыемствы на Беларусі ў 1796 складалі прыкладна 99%, у 1860—96% усіх прадпрыемстваў. У 1860 налічвалася 7,8 тыс. дробных капіталіст. прадпрыемстваў з 23,4 тыс. рабочых і сумай вытв-сці 14,1 млн. руб. Рамеснікі працавалі ў асн. на заказ. Прадукцыя дробнатаварнай вытв-сці паступала на мясц. гар., местачковыя і сельскія таргі і базары. Паступова ішоў працэс накаплення купецка-мяшчанскага капіталу.

Далейшае пашырэнне вытв-сці патрабавала новай энергетыкі, а ўдасканаленне тэхналогіі — непарыўнасці вытв. працэсу. На Беларусь прыйшоў час прамысл. перавароту. Яго сутнасць заключалася ў выцясненні ручной працы сістэмай машын і механізмаў. 1-ы паравы рухавік з’явіўся на Хомскай ф-цы (Кобрынскі пав.) памешчыка В.​Пуслоўскага. У 1818 граф М.​Румянцаў пачаў буд-ва паравой лесапільні і парахода. Да сярэдзіны 1850-х г. паравыя машыны меліся ва ўсіх галінах бел. прам-сці. У 1860 дзейнічала 76 прадпрыемстваў з паравымі рухавікамі і паравымі катламі і сумай вытв-сці 1926 тыс. руб. Хаця на ф-ках працавала ў 2 разы менш рабочых, чым на мануфактурах, фабр. прадукцыя па кошце амаль на 20% пераўзыходзіла мануфактурную. У адрозненне ад цэнтр. губерняў Рас. імперыі, дзе прамысл. пераварот пачаўся ў баваўнянай прам-сці, на Беларусі лідэрам тэхн. прагрэсу ў 1-й пал. 19 ст. былі асобныя прадпрыемствы суконнай і харч. прам-сці.

Прам-сць Беларусі ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў асноўным абапіралася на мясц. сыравінную базу, што вызначыла развіццё яе вядучых галін — харчасмакавай і тэкстыльнай. Гал. галіной прам-сці дарэформеннай Беларусі было вінакурства. Новай і выключна дваранскай галіной харчовай прам-сці стала вытв-сць цукру. У мукамольнай прам-сці былі прадстаўлены ўладальнікі прадпрыемстваў з усіх саслоўяў і ўсе формы арганізацыі вытв-сці: дробнатаварная, мануфактурная і фабрычная. У 1796 дзейнічалі 1184 мукамольныя прадпрыемствы з 1400 рабочымі і гадавым перамолам 843 тыс. пудоў збожжа. Да 1860 іх колькасць вырасла да 1834, а гадавы перамол — да 2956 тыс. пудоў. У 1841 пачаў працу 1 -ы на Беларусі паравы млын (Магілёў). Пазней такія млыны з’явіліся ў Пінску і Віцебску. Тытунёвыя прадпрыемствы належалі купцам і мяшчанам і размяшчаліся толькі ў гарадах. Хутка развіваліся свечачныя і мылаварныя прадпрыемствы. Па памерах вытв-сці і дасканаласці тэхн. абсталявання вылучаліся Альбрэхтаўскі стэарынава-свечачны і мылаварны (каля Пінска) з-ды варшаўскага купца Р.​Ботэ. У тэкстыльнай прам-сці ў канцы 18 — пач. 19 ст. панавала вытв-сць палатняных, з 1820-х г. — ваўняных тканін. Да лепшых прадпрыемстваў Беларусі належалі Альбярцінская суконная ф-ка В.​Пуслоўскага (Слонімскі пав.) і Парэцкая суконная ф-ка А.​Скірмунта (Пінскі пав.).

Попыт на метал. вырабы разам з высокімі коштамі на прывазное жалеза прывёў да кароткачасовага ўздыму бел. чорнай металургіі. З 1828 па 1860 колькасць выплаўленага і пераробленага на Беларусі жалеза вырасла з 5,3 да 245 тыс. пудоў, а сума вытв-сці з 10,8 да 569,1 тыс. руб. Найб. стабільна працавалі металургічныя і металаапрацоўчыя прадпрыемствы Храптовіча ў Вішневе (Ашмянскі пав.), Барысаўшчынскі металургічны завод (Барысаўскі пав.), Старынкаўскі чыгунаплавільны і машынабуд. з-ды памешчыка Бенкендорфа (Чэрыкаўскі пав.).

На перапрацоўцы лясных багаццяў Беларусі базіраваліся шматлікія галіны лясной прам-сці: лесапілаванне, вытв-сць буд. гонту, суднабудаўніцтва, экіпажнае майстэрства, паташныя, дзягцярныя, смалакурныя і шкіпінарныя прадпрыемствы.

Бел. губерні, у параўнанні з інш. рэгіёнамі Рас. імперыі, мелі больш развітую сістэму шляхоў зносін, што з’явілася вынікам інтэнсіўнага буд-ва водных і сухапутных шляхоў. Да 1860-х г. праз Беларусь прайшлі важныя сухапутныя шляхі: шаша Брэст—Варшава, Масква—Брэст, Віцебск—Смаленск, Магілёў—Бабруйск. Шаша з Пецярбурга ў Кіеў атрымала афіц. назву Бел. тракту.

У 1799 пачаліся работы па паляпшэнні Агінскага канала. Быў рэканструяваны і Каралеўскі канал, які паводле ўказа ад 9.12.1846 наз. Дняпроўска-Бугскім. У 1797 імператар Павел I зацвердзіў праект буд-ва Бярэзінскай сістэмы, якая злучыла басейны Дняпра і Зах. Дзвіны. У 1824—39 пабудавана Аўгустоўская водная сістэма на стыку бел. і польскіх губерняў, якая злучыла басейны Нёмана і Віслы. У выніку ў 1-й пал. 19 ст. амаль што ўсе буйныя рэкі Беларусі былі злучаны штучнымі воднымі шляхамі. Да пач. 1860-х г. даўжыня суднаходных шляхоў па 5 бел. губернях складала каля 4 тыс. км, а сплаўных — прыкладна ўдвая больш. Будаваліся і новыя сродкі зносін — параходы. У дарэформенны перыяд па бел. рэках плавала 20 паравых суднаў.

Гандл. адносіны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. характарызаваліся нарастаннем крызісу сярэдневяковых форм гандлю, адначасова яго спецыялізацыяй і з’яўленнем новага тыпу ўдзельнікаў рынку, больш цесна звязаных з вытв-сцю. Гэта сведчыла пра заняпад натур. феад. гаспадаркі і развіццё капіталіст. рынку. У 1-й пал. 19 ст. гандаль ажыццяўляўся ў асн. па водных шляхах. У 1844 па рэках Беларусі было перавезена грузаў на 8,8 млн. руб., у 1860 — на 18 млн. руб. Асабліва павялічыўся сплаў лесу — асн. экспартнага тавару Беларусі. Па колькасці кірмашоў вылучаліся Магілёўская, Мінская і Гродзенская губ. Віцебская губ. саступала ім па колькасці кірмашоў, але па суме прададзеных тавараў стаяла нароўні з інш. губернямі. Буйнейшымі на ўсходзе былі Бешанковіцкі і Гомельскі, у цэнтры — Мінскі, на захадзе — Прыбараўскі, Зэльвенскі і Свіслацкі кірмашы.

Важнай мерай, якая падтрымлівала развіццё гандлю і ўсёй эканомікі, была дзярж. мытная палітыка. Пратэкцыянісцкі курс, якога Рас. імперыя прытрымлівалася ў 1822—50, павінен быў садзейнічаць станаўленню капіталіст. тэндэнцый у развіцці гаспадаркі і ўмацаваць уплыў яе знешнегандлёвых сувязей на сусв. рынку. У той жа час паміж Царствам Польскім і асн. часткай Рас. імперыі існавала мытная мяжа. Менавіта яе адмена ў 1850 прывяла да значнага памяншэння абаротаў самых буйных кірмашоў на захадзе Беларусі ўздоўж мытнай мяжы.

Развіццё капіталіст. адносін на Беларусі мела свае характэрныя рысы і нац. асаблівасці. Зыходнай базай для эвалюцыі эканомікі з’яўляліся сельская гаспадарка і вёска. Менавіта там былі сканцэнтраваны эканам. ініцыятыва, асноўныя фін., сыравінныя і прац. рэсурсы. У сельскай мясцовасці разгортвалася і атрыманая ў спадчыну ад феадалізму гандл. дзейнасць у форме перыяд. кірмашовага гандлю. Гарады і гар. эканоміка ў працэсе зараджэння капіталізму ў Беларусі адыгрывалі дапаможную ролю. Бел. «мадэль» генезісу капіталізму рэалізавалася ва ўмовах адсутнасці ўласнай нац. дзяржавы і, адпаведна, уласнай дзярж. эканам. ініцыятывы.

Асн. зрухі ў жыцці бел. гарадоў у канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. звязаны са зменай іх адм. статусу. Паводле законаў Рас. імперыі яе гарады падзяляліся на губ., пав. і т.зв. заштатныя. Шматлікія змены ў адм. падзеле бел. зямель вялі да істотных перамен у становішчы бел. гарадоў. Брэст, Мсціслаў і Навагрудак атрымалі статус пав. гарадоў. Стараж. Полацк і Слонім, першапачаткова выдзеленыя як губернскія, у хуткім часе таксама апынуліся ў ліку павятовых. Нясвіж, нядоўга прабыўшы пав. горадам, перайшоў у разрад заштатных. Захавалася значэнне Вільні як агульнага цэнтра Беларусі і Літвы, чаму садзейнічаў статус Віленскага ген.-губернатарства і канцэнтрацыя ў ім адм. улады і культ. жыцця.

Разам з гарадамі істотную ролю ў эканам. жыцці Беларусі адыгрывалі мястэчкі. Ад вёсак іх адрознівала права на вядзенне гандлю, рамёстваў і кірмашовую дзейнасць, ад гарадоў — адсутнасць сістэмы гар. самакіравання і гар. правоў для местачковага насельніцтва. У параўнанні з гарадамі мястэчкі наогул не адыгрывалі адм. ролі, значна саступалі ім па развіцці прам-сці. Аднак местачковае рамяство ў агульным выглядзе можна параўнаць з гарадскім, а гандл. значэнне шэрагу з іх іншы раз перавышала памеры гар. гандлю (Бешанковічы, Зэльва, Прыбарава, Свіслач, Стоўбцы, Целяханы).

У адносінах да юрыд. становішча гарадоў і гараджан новыя рас. ўлады праводзілі даволі непаслядоўную палітыку, у канчатковым выніку накіраваную на уніфікацыю бел. гар. самакіравання з агульнарасійскім. У 1858 у гарадах Беларусі налічвалася 15,6 тыс. рамеснікаў. З улікам местачковых рамеснікаў іх агульная колькасць складала прыкладна 32—33 тыс., пераважна яўрэяў (да ​2/3 ад агульнай колькасці). Асн. частка рамеснікаў гарадоў і мястэчак працавала на заказ. У астатніх галінах эканомікі гар. прам-сць не адыгрывала значнай ролі і не вытрымлівала канкурэнцыі з прам-сцю, якая базіравалася ў сельскай мясцовасці, развівалася за кошт эканам. ініцыятывы дваран і была набліжана да танных сыравінных і прац. рэсурсаў. Разам з ліквідацыяй прыватнаўласніцкіх гарадоў і паслабленнем паліт. і эканам. магутнасці магнацкіх родаў у поўны заняпад прыйшлі і тыя бакі гар. жыцця, якія былі разлічаны на абслугоўванне патрэб феад. двара (ювелірнае майстэрства, вытв-сць зброі і прадметаў раскошы).

У канцы 18—1-й пал. 19 ст. адбывалася карэнная рэканструкцыя гарадоў. У лют. 1778 Кацярына II зацвердзіла планы 22 гарадоў Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў. На гарады Беларусі паступова распаўсюджвалася рэгулярная арх.-планіровачная арганізацыя на ўзор гарадоў Рас. імперыі. Дзеля гэтага былі зруйнаваны крапасныя валы ў Мінску, Магілёве, Пінску і інш. гарадах, што садзейнічала стварэнню выразнай вулічнай сеткі. Спецыфікай бел. горадабудаўніцтва канца 18—1-й пал. 19 ст. з’яўляецца праектаванне і буд-ва Бабруйскай і Брэсцкай крэпасцей і комплексная забудова шэрагу бел. гарадоў як гарадоў-рэзідэнцый. Новыя ўладальнікі бел. маёнткаў стваралі палацава-сядзібныя ансамблі, выразна змяніўшы аблічча стараж. бел. гарадоў. У канцы 18 ст. такія комплексы пабудавалі С.​Зорыч у Шклове, Р.​Пацёмкін у Крычаве, З.​Чарнышоў у Чачэрску, Румянцавы і Паскевічы ў Гомелі.

Дробнатаварная, мануфактурная і фабрычная вытв-сць, што склалася ў дарэформеннай Беларусі, пасля адмены прыгоннага права і рэформ 1860—70-х г. захавалася і атрымала далейшае развіццё. Пры гэтым значна пабольшала роля фабр.-заводскай прам-сці, якая ўпэўнена стала дамінуючай у прамысл. сектары бел. эканомікі. Яна з’яўлялася лідэрам тэхн. прагрэсу, выключна на ёй базіраваліся новыя для Беларусі вытв-сці прамысл. тавараў. Мануфактурная і дробнатаварная вытв-сць, хаця і саступала фабр.-заводскай па тэхн. узбраенні і ступені канцэнтрацыі прадукцыйных сіл, у агульным памеры вытв-сці займала значнае месца. Паралельнае існаванне, а не замена рамяства мануфактурай і мануфактуры фабрыкай, не сведчыла аб адсталасці бел. прам-сці. Тэхн. ўзровень не дазваляў весці машынную перапрацоўку ўсіх сыравінных рэсурсаў, а наяўнасць значнага лішку танных прац. рук стрымлівала тэхн. прагрэс, што тлумачыла трываласць у эканоміцы Беларусі дробнатаварнай вытв-сці і мануфактуры. У дробнатаварнай і мануфактурнай прам-сці назіраліся і некат. рысы канцэнтрацыі вытв-сці. Так, мяст. Смаргонь Віленскай губ. стала цэнтрам гарбарнай прам-сці, мяст. Дуброўна Магілёўскай губ. спецыялізавалася на вытворчасці талесаў (яўрэйскіх малітоўных шаляў), Копысь Магілёўскай губ. — кафлі.

Асабліва бурна развіваліся ф-кі і з-ды Беларусі ў канцы 19 ст. Гэты перыяд можна лічыць пачаткам індустрыялізацыі. На працягу 1880—90-х г. на Беларусі пабудавана ў 4 разы больш прадпрыемстваў, чым за 2 папярэднія дзесяцігоддзі. Важкім паказчыкам індустрыялізацыі быў рост энергет. узброенасці прам-сці. У пач. 1890-х г. на Беларусі дзейнічалі 294, у 1900—527 паравых рухавікоў. У 1889 пры Добрушскай папяровай ф-цы пачала працаваць 1-я на Беларусі электрастанцыя. За 40 парэформенных гадоў сума фабр.-заводскай вытв-сці на Беларусі вырасла з 1,9 да 72,1 млн. руб. (у 38 разоў), мануфактурнай — у 14 разоў, дробнатаварнай — у 3,1 раза, колькасць фабрык і з-даў у 15 разоў (з 76 да 1137), мануфактур — у 5,4 раза, дробных прадпрыемстваў — у 1,2 раза. У 1900 на бел. ф-ках і з-дах выраблена больш як 46% прамысл. прадукцыі, на мануфактурах — 15%.

Пры захаванні традыц. галіновай структуры бел. прам-сці ў ёй адбыліся колькасныя змены і якаснае паляпшэнне. Вядучае месца засталося за рознымі галінамі харчасмакавай прам-сці. Другараднае значэнне мелі тэкстыльная, гарбарная, шкляная, сілікатна-будаўнічая і інш. прамысл. галіны. Якасныя змены адбываліся ў лясной прам-сці. Побач з вывазам сырога лесу, які павялічваўся з кожным годам, на Беларусі ўзніклі прадпрыемствы па глыбокай перапрацоўцы драўніны. Лідэрам у гэтай галіне стала Добрушская папяровая ф-ка, якая мела першакласнае тэхн. абсталяванне, увяла новыя тэхналогіі і да 1900 давала штогод да 317,5 т паперы на суму 1601 тыс. руб. Даволі вял. папяровыя ф-кі дзейнічалі каля Чашнікаў у Лепельскім пав. («Скіна», засн. ў 1885) і Шклове (засн. ў 1890). Буйныя запалкавыя ф-кі дзейнічалі ў Барысаве, Койданаве, Мазыры, Пінску, Навабеліцы. Шматлікія прадпрыемствы лясной прам-сці Беларусі выраблялі дошкі, гонту, паркет, шпалы, запалкавую саломку, драўняную масу, кардон. Відавочным сведчаннем канцэнтрацыі вытв-сці ў лесахімічнай прам-сці былі буйныя з-ды сухой перагонкі драўніны ў Аршанскім, Рагачоўскім і Сенненскім пав. Гарбарная, шкляная і сілікатна-буд. галіны прам-сці паступова павялічвалі памеры вытв-сці, аднак тэхн. прагрэс пакуль што слаба закрануў іх.

Новай з’явай у эканоміцы Беларусі 2-й пал. 19 ст. было буд-ва асобных прадпрыемстваў, якія займалі часта манапольнае становішча ў адпаведнай вытв-сці: алоўкавая ф-ка ў Гродне, 1-я ў Рас. імперыі ф-ка акуляраў і аптычных прылад у Віцебску, суднабудаўнічы завод у Пінску.

Вял. значэнне для развіцця эканомікі Беларусі мела інтэнсіўнае чыг. буд-ва, якое разгарнулася з 1860-х г. Праз Гродна ў 1862 прайшла чыгунка Пецярбург—Варшава. У 1866—68 Віцебск і Полацк сталі станцыямі Рыга-Арлоўскай чыгункі. У 1871 з усходу на захад Беларусь перасекла чыгунка Масква—Брэст. Праз 2 гады пачаўся рух на бел. участку (Смаргонь—Маладзечна—Мінск—Асіповічы—Бабруйск—Жлобін—Гомель) Лібава-Роменскай чыгункі; праз Брэст прайшла чыгунка з Украіны да мяжы з Прусіяй. Такім чынам, бел. губерні атрымалі надзейны сродак зносін з Пецярбургам і Масквой, Украінай, партовымі гарадамі Рыгай і Лібавай, Варшавай і Зах. Еўропай. 8.8.1887 на станцыі Гомель урачыста адзначалася завяршэнне буд-ва сеткі казённых Палескіх чыгунак. Іх агульная даўжыня складала больш за 1400 вёрст. Кожны рэгіён Беларусі, праз які праходзіла чыгунка, атрымліваў моцны стымул для эканам. росту. За першыя 25 гадоў эксплуатацыі Палескіх чыгунак іх грузаабарот вырас у 50 разоў. Калі ў 1885 на Палессі было ўсяго 6 лесапільных з-даў з агульнай вытв-сцю 150 тыс. руб. за год, то ў 1909—48 з агульнай вытв-сцю больш за 2 млн. руб. Колькасць гарбарных з-даў вырасла з 24 да 100, іх гадавая вытв-сць павялічылася да 500 тыс. руб. Агульная колькасць усіх фабрык і з-даў у раёне Палескіх чыгунак вырасла з 674 да 4000 з гадавой вытв-сцю каля 60 млн. руб.

Індустрыялізацыя ахапіла і водны транспарт. За 1860—1900 колькасць паравых суднаў па рэках Беларусі вырасла з 20 да 164, а агульны грузаабарот чыг. і воднага транспарту краю — амаль у 18 разоў.

У 1881—85 ва ўсіх бел. губ. гарадах арганізаваны аддз. Дзярж. банка Рас. імперыі. Па колькасці ўлічаных вэксаляў Мінскае аддз. Дзяржбанка на мяжы стагоддзяў займала 5-е месца ў Рас. імперыі. У якасці саслоўных крэдытных устаноў дзейнічалі іпатэчныя дзярж. банкі — Сял. пазямельны банк (з 1883), Дваранскі зямельны банк (з 1885) і прыватныя акцыянерныя зямельныя банкі — Віленскі, Маскоўскі і Пецярбургска-Тульскі, якія мелі на Беларусі свае філіялы. Новы дзярж. курс у галіне фін.-крэдытных адносін выявіўся ў дазволе на дзейнасць прыватных банкаў. 8.1.1870 падпісаны сенацкі ўказ аб усталяванні ў Гомелі грамадскага банка. Больш дробныя гар. банкі дзейнічалі ў Полацку (з 1874), Віцебску (з 1882), Барысаве (з 1900), Ігумене (з 1904) і Магілёве (з 1908). У 1873 пачаў сваю дзейнасць Мінскі камерцыйны банк — буйнейшы прыватны банк Беларусі. У перыяд прамысл. ўздыму 1890-х г. банк адкрыў 11 філіялаў, у т. л. 9 за межамі бел. губерняў. Дробнае і кароткачасовае крэдытаванне ажыццяўлялі банкірскія і банкаўскія канторы. У канцы 19 ст. 37 такіх крэдытных устаноў існавалі ў 16 нас. пунктах Беларусі, у т. л. ў Ваўкавыску, Кобрыне, Ляхавічах, Нясвіжы, Пружанах, Слоніме. У 1874 з’явіліся першыя т-вы ўзаемнага крэдыту — Мінскае і Магілёўскае. Актыўна дзейнічалі на тэр. Беларусі агульнарас. і рэгіянальныя прыватныя камерц. банкі: Пецярбургска-Азоўскі, Арлоўскі, Варшаўскі, Рыжскі, Адэскі, Віленскі, Беластоцкі і інш.

У гандлі імкліва меншала значэнне кірмашоў. У 1868 на іх прададзена тавараў удвая менш, чым у 1860. Заняпад кірмашовага гандлю непасрэдна звязаны з развіццём чыг. транспарту, сродкаў сувязі і выхадам на рынак вял. колькасці прамысл. прадукцыі. Гэта дазваляла весці гандаль больш раўнамерна на працягу года і не прыстасоўвацца да прыродных умоў. Кірмашы, якія захаваліся, набывалі рысы гандл. біржаў, дзе ішоў не столькі непасрэдны гандаль таварамі, колькі адбываліся гандл. аперацыі, заключаліся здзелкі. Рост урбанізацыі Беларусі прывёў да значнага пашырэння рознічнага гандлю. У канцы 19 ст. гандаль у крамах сканцэнтраваў 95% усяго гар. ўнутр. гандлёвага абароту. У 1900 гандл. абарот больш за 1 млн. руб. мелі 14 бел. гарадоў. Тавараабарот у сельскай мясцовасці быў нізкі і значна адставаў ад гарадскога. Па паказчыках на душу насельніцтва ў 1900 ён быў меншы за тавараабарот у гарадах у 7 разоў.

Хаця пераважная колькасць прадпрыемстваў Беларусі размяшчалася ў сельскай мясцовасці, эканам. роля гарадоў павялічылася. Цэнтрамі фабр.-заводскай прам-сці сталі ўсе губ. гарады, а таксама Пінск, Гомель, Брэст, Барысаў, Бабруйск. Значныя змены адбыліся ў гар. камунальнай гаспадарцы. У 1898 пачаўся трамвайны рух у Віцебску. Гар. эканоміку дапоўнілі гар. электрастанцыі (1-я пачала працаваць у Мінску ў 1895) і бойні.

Да пач. 20 ст. на Беларусі быў завершаны прамысл.-тэхн. пераварот і ў асн. галінах прам-сці і транспарту канчаткова зацвердзілася перавага машыннай індустрыі. З 1900 па 1913 колькасць прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці вырасла з 799 да 1280. Як і раней, працавалі шматлікія мануфактуры, дробныя прадпрыемствы, майстэрні, якія ў асн. арыентаваліся на мясц. спажыўца. Амаль у кожнай прамысл. галіне адбываліся перамены, ішла тэхнал. перабудова, расла энергаўзброенасць праз укараненне не толькі паравых рухавікоў, але і рухавікоў унутр. згарання і электрарухавікоў. Гэты працэс ахапіў і буйныя, і параўнальна невял. прадпрыемствы, напр., друкарні і тыпалітаграфіі.

Поруч з лесам лён пачаў выступаць на рынку не толькі як першапачатковая сыравіна. Выраб ачэсанай суравой і беленай ільняной пражы ў 1900 пачала льнопрадзільная ф-ка «Дзвіна» ў Віцебску, у 1902 — у сяле Высачаны Аршанскага пав. Адкрыццё ў 1901 ткацкай ф-кі ў мяст. Дуброўна па вырабе баваўняных, шаўковых і джутавых тканін прывяло да структурных змен у тэкстыльнай прам-сці — доля суконных прадпрыемстваў скарацілася. Працягвалі дзейнічаць Альбярцінская (Слонімскі пав.) і Лахазвянская (Навагрудскі пав.) шоўкакруцільныя ф-кі. У шкляной прам-сці разгарнулася вытв-сць хрусталёвага і лямпавага шкла, шкляных электраізалятараў. На з-дзе ў Альбярціне ў 1913 пачаўся выраб электралямпачак. У харчасмакавай прам-сці буйнейшым прадпрыемствам заставалася Гродзенская тытунёвая ф-ка Шарашэўскага. Аднак у гэтай галіне быў самы нізкі ўзровень канцэнтрацыі вытв-сці. Крыху паменшылася колькасць вінакурных з-даў, але іх вытв-сць павялічылася за кошт узбуйнення прадпрыемстваў і паляпшэння тэхналогіі. Напярэдадні 1-й сусв. вайны Мінская губ. выйшла на 1-е месца ў Рас. імперыі па вытв-сці спірту.

Прыкметнай эканам. з’явай на мяжы стагоддзяў сталі акц. кампаніі. Акцыянерна-паявыя прадпрыемствы існавалі ва ўсіх галінах бел. эканомікі, асабліва дзе ўзнікала патрэба хуткай мабілізацыі фін. сродкаў. Гэта маглі быць і сярэднія прадпрыемствы, і буйныя ф-кі і з-ды, прадпрыемствы трансп. і камунальнай сферы. Да першых адносіліся завод у мяст. Прапойск Быхаўскага пав. (засн. ў 1906, належаў т-ву Паўн.-Зах. канатна-драцяной вытв-сці), Акцыянернае т-ва ф-кі канторскіх кніг, пераплётных вырабаў і тыпалітаграфіі «Браты І. і М. Харыны», што дзейнічала з 1902 у Гродне. У форме акц. капіталу ў эканоміку Беларусі ішлі найб. буйныя замежныя інвестыцыі: бельгійскія акц. т-вы з’яўляліся ўладальнікамі віцебскага трамвая і льнопрадзільнай ф-кі «Дзвіна», франц. капіталу належалі 2 шоўкакруцільныя ф-кі і ф-ка грабянёў у Мінску.

Сведчаннем канцэнтрацыі і манапалізацыі вытв-сці стала з’яўленне сіндыкатаў і манапалістычных аб’яднанняў. У 1905 створаны сіндыкат кафельных заводчыкаў у Копысі, у 1906 — сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўн.-Зах. краю ў Оршы, у 1911 — сіндыкат «Прадакон», куды ўвайшлі ўладальнікі канвертавых ф-к Брэста, Вільні і Адэсы (праўленне размяшчалася ў Мінску). У 1905 у Мінску пры аддз. Паўн. банка створаны «Камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю», у 1908 бел. запалкавыя ф-кі ўвайшлі ў склад новаўтворанага «Рускага таварыства запалкавага гандлю». Бел. прадпрымальнікі часам выступалі ініцыятарамі агульнарас. манапольных аб’яднанняў.

Пасля некат. перапынку на Беларусі зноў пачалося інтэнсіўнае чыг. буд-ва, якое вялося з улікам паліт. і стратэгічных інтарэсаў Рас. імперыі. Але ў мірны час чыгункі працавалі на бел. эканоміку і былі яе сістэмаўтваральнай часткай. У 1902 пабудавана чыг. лінія Віцебск—Жлобін (праз Магілёў), у 1907 — Полацк—Сядлец (590 вёрст, прайшла праз Вілейку, Маладзечна, Ліду, Масты, Ваўкавыск, Свіслач). Для абслугоўвання мясц. патрэб будаваліся чыг. адгалінаванні ад асн. магістралей (Асіповічы—Старыя Дарогі—Урэчча, Вярэйцы—Градзянка, Васілевічы—Хойнікі). Не спыняліся і мясц. ініцыятывы па буд-ве чыгунак. У 1909—10 праводзіліся дэталёвыя пошукі трасы Бранск—Магілёў, Рослаўль—Магілёў, Магілёў—Мінск—Гродна; праект атрымаў назву Беларуская чыгунка. У 1901—13 здадзена ў эксплуатацыю амаль трэцяя частка чыг. палатна, якое мелася на Беларусі напярэдадні 1-й сусв. вайны. У 1913 насычанасць Беларусі чыгункамі была ў 1,8 раза вышэйшая, чым па еўрап. частцы Рас. імперыі.

Развіваліся водныя шляхі зносін. Быў дэталёва распрацаваны праект Чарнаморска-Балт. воднага шляху (Херсон—Рыга), часткай якога павінна была стаць рэканструяваная Бярэзінская водная сістэма. Новым сродкам транспарту стаў аўтамабіль. У 1909—14 некат. бел. гарады і населеныя пункты звязвалі рэгулярныя аўтамаб. маршруты.

Гандаль у пач. 20 ст. адлюстроўваў пашырэнне рэгіянальнага, унутрыбел. рынку, яго цесную сувязь з агульнарас. і замежнымі рынкамі. Мясц. прам-сць паспяхова забяспечвала насельніцтва таварамі. Калі заможныя слаі грамадства часткова выкарыстоўвалі прывазныя тавары, то бел. селянін аддаваў перавагу танным рамесна-саматужным мясц. вырабам, што стварала эканам. падмурак для досыць трывалага захавання традыцыі рамеснай вытв-сці. У такіх умовах гандаль і мясц. прам-сць выбіралі для сябе аптымальныя варыянты развіцця, што рабіла рыначныя адносіны больш трывалымі.

У цэлым Беларусь мела экспартнаарыентаваную эканоміку. Пераважаў вываз с.-г. прадукцыі і лесаматэрыялаў. Адбыліся змены і ў структуры экспарту. Устойлівым попытам на знешнім рынку сталі карыстацца не толькі бел. сыравіна (лён, мяса і жывёла, птушка, яйкі, шчацінне, сыры лес), але і вырабы с.-г. прам-сці (масла, сыр, крухмал), а таксама фабр.-заводскай вытв-сці (папера, запалкі, дыхта, ільняная пража, апрацаваныя скуры). Як і раней, Беларусь заставалася раёнам развітога вінакурства, чыя прадукцыя перавышала патрэбу мясц. рынку і ў значнай колькасці ішла за межы бел. губерняў. У пач. 20 ст. Беларусь ператварылася ў раён увозу збожжавых грузаў. Вываз збожжа за мяжу быў нязначны. Асн. маса бел. збожжа ішла на ўнутр. рынак для спажывання мясц. насельніцтвам і на патрэбы вінакурнай і піваварнай прам-сці. У 1901—13 на Беларусь прыпадала 10,4% усерас. вывазу льновалакна. Штогод вывозілася каля 1530 тыс. пудоў ільнянога семя. Вываз малочных прадуктаў (у сярэднім за год) у 1911—13 у параўнанні з 1901—05 павялічыўся больш чым у 2 разы (з 261 тыс. пудоў да 538,5 тыс. пудоў). У 1901—13 з Беларусі штогод адпраўлялася прыкладна 40—50 тыс. галоў жывёлы.

Новай з’явай у арганізацыі гандлю стала ўзнікненне біржаў. У 1904 зацверджаны статут Мінскай лясной біржы. У 1906 пачала дзейнічаць Гродзенска-Лібаўская гандл.-прамысл. біржавая арцель, з 1912 — Віцебская гандл. біржа. Буйныя прадпрыемствы мелі свае гандл. аддзяленні ў розных гарадах.

У 1914 на Беларусі было 45 гарадоў, у іх ліку 4 губернскія (Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск), 31 павятовы (Ашмяны, Бабруйск, Барысаў, Брэст, Вілейка, Ваўкавыск, Гомель, Гарадок, Горкі, Дзісна, Дрыса, Ігумен, Клімавічы, Кобрын, Лепель, Ліда, Мазыр, Мсціслаў, Навагрудак, Орша, Пінск, Полацк, Пружаны, Рэчыца, Рагачоў, Слонім, Слуцк, Стары Быхаў, Сянно, Чавусы, Чэрыкаў) і 10 заштатных (Адэльск, Бабінавічы, Відзы, Докшыцы, Друя, Копысь, Нясвіж, Радашковічы, Смаргонь, Сураж). Гарадавое палажэнне 1892 распаўсюджвалася ў поўным аб’ёме на 15 гарадоў (Бабруйск, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Мінск, Магілёў, Мсціслаў, Орша, Пінск, Полацк, Рагачоў, Слонім, Чавусы, Чэрыкаў). Астатнія 30 гарадоў з-за недастатковасці сродкаў і іх гандл.-прамысл. развіцця атрымалі згаданае палажэнне ў спрошчаным выглядзе (без абрання гар. дум, а толькі ўпраў). Развіццё шляхоў зносін, прам-сці, гандлю набліжалі некат. мястэчкі і чыг. станцыі да ўзроўню гарадоў, але ўлады гэта не ўлічвалі. Толькі Смаргонь у 1904 атрымала статус горада. Астатнія просьбы жыхароў шэрагу населеных пунктаў Беларусі аб наданні ім гар. правоў засталіся безвыніковымі. Па колькасці, складу і занятках насельніцтва, ролі ў прам-сці, гандлі і трансп. зносінах, на афіцыйны гар. статус і, адпаведна, гар. самакіраванне, маглі прэтэндаваць такія населеныя пункты, як Баранавічы, Глыбокае, Дуброўна, Жлобін, Маладзечна, Шклоў.

У цэлым урбанізацыя на Беларусі выявіла тэндэнцыю да павелічэння ролі буйных гарадоў у жыцці грамадства, вакол іх складваліся урбанізаваныя зоны. Аднак гэты паказчык не быў выключнай і лакальнай з’явай, а толькі завяршаў урбанізацыйную піраміду Беларусі, аснову якой складалі дробныя гарады і буйныя мястэчкі. У іх канцэнтравалася больш за палову гараджан.

Грамадскі і палітычны рух у 19 ст. Паўстанні 1830—31 і 1863—64. Пач. 19 ст. стаў часам нараджэння практыкі публічнасці і фарміравання першых добраахвотных грамадскіх аб’яднанняў. Працэс самаарганізацыі грамадскіх сіл ішоў пераважна ў асяроддзі дваранства, а грамадская самадзейнасць развівалася пераважна ў сферы дабрачыннасці і навук. дзейнасці. Былі заснаваны дабрачынныя т-вы ў Брэсце, Гродне, Вільні, Мінску, Навагрудку і інш. гарадах. Актывізацыя грамадскага жыцця суправаджалася адыходам ад чыста навуковай ці літ. дзейнасці і ўзмацненнем цікавасці да «грамадскіх пытанняў». Развіццё незалежнай камерцыйнай прэсы, пашырэнне «практыкі чытання» фарміравалі ўмовы для ідэалаг. дыскусій, асн. зместам якіх было супрацьстаянне рацыяналіст. і клерыкальнага светапоглядаў, у выніку чаго пачаўся працэс афармлення ліберальных і кансерватыўных пазіцый.

Вынікі Венскага кангрэса 1815, прадастаўленне аўтаноміі і канстытуцыі Царству Польскаму выклікалі ў адукаваных колах Літвы і Беларусі спадзяванні на далучэнне бел.-літ. зямель да Царства Польскага. Гэтыя надзеі падмацавала стварэнне ў 1817 асобнага Літоўскага корпуса з ураджэнцаў бел.-літ. і ўкр. губерняў. У канцы 1817 сярод студэнтаў Віленскага ун-та ўзнікла тайнае патрыят. т-ва філаматаў, у якое ўвайшлі І.​Дамейка, Т.​Зан, А.​Міцкевіч, Я.​Чачот, Ю.​Яжоўскі і інш. Яны стварылі шэраг легальных і паўлегальных аб’яднанняў з мэтай уплыву на моладзь («Саюз сяброў», «Саюз прамяністых», «Саюз філарэтаў», «Саюз літаратараў», «Саюз натуралістаў» і інш.). Мэтай т-ва была падрыхтоўка і аб’яднанне сіл для аднаўлення Рэчы Паспалітай. У 1819 створаны 2 т-вы вучнямі Свіслацкай гімназіі, у пач. 1820-х г. у піярскім вучылішчы Полацка заснавана «Таварыства філарэтаў». У 1823 т-ва філаматаў раскрыта афіц. ўладамі, арыштавана каля 100 чал., з іх 20 чал. паводле прысуду 1824 высланы ў інш. губерні Расіі, найб. актыўныя ўдзельнікі зняволены. У 1823 па ініцыятыве былога філамата М.​Рукевіча ў Беластоцкім пав. ўтворана тайнае т-ва «Ваенныя сябры», якое аб’яднала афіцэраў Літ. корпуса, мясц. шляхту і вучнёўскую моладзь. Кіраўнікі «Ваенных сяброў» раней належалі да навагрудскай масонскай ложы «Вузел адзінства». У 1819 у Царстве Польскім заснавана тайная арг-цыя «Нацыянальнае масонства», якая ставіла за мэту падрыхтоўку да аднаўлення незалежнасці Польшчы і правядзення ў ёй рэформ. Арг-цыя аб’ядноўвала да 200 чал. і стварыла правінцыяльныя ложы. У 1821 на яе аснове ўзнікла «Патрыятычнае таварыства». На базе віленскага «Нацыянальнага масонства» таксама створана «Патрыятычнае таварыства».

У пач. 1820-х г. многіх дзекабрыстаў лёс звязаў з бел. землямі, частка іх праходзіла тут вайск. службу. Кіраўнік Паўн. т-ва М.​М.​Мураўёў напісаў у Мінску варыянт праекта канстытуцыі. Членамі дзекабрысцкіх арг-цый быў шэраг афіцэраў Бабруйскай крэпасці. У рус. дзекабрысцкіх арг-цыях «польскае пытанне» выклікала вострую дыскусію. Тэр. пытанне ставілася і пры перагаворах паміж дзекабрыстамі і польскім «Патрыятычным таварыствам». Аднак і тыя, і другія адмаўлялі Беларусі ў самаст. існаванні.

У снеж. 1825 Літоўскі піянерны батальён па ініцыятыве кіраўнікоў «Ваенных сяброў» К.​Ігельстрома і А.​Вягеліна адмовіўся прысягаць імператару Мікалаю I. За гэта дзярж. злачынства і за ўдзел у тайных т-вах К.​Ігельстром, А.​Вягелін, М.​Рукевіч, М.​Вільканец і інш. былі засуджаны да смяротнай кары, пазней замененай на розныя тэрміны катаргі ці службы на Каўказе.

Разгром дзекабрыстаў у Расіі прывёў да росту апазіц. руху ў Царстве Польскім. У 1827 у Вільні створана тайнае т-ва «Сармацкае племя», або «Прыхільнікі Айчыны». Яго заснавальнікі студэнты А.​Тшаскоўскі, Грантоўскі, Ф.​Лісоўскі, К.​Зах ставілі за мэту аднаўленне Рэчы Паспалітай. У 1828 т-ва раскрыта ўладамі, яго члены пакараны цялесна і аддадзены ў салдаты на Каўказ.

Рэвалюцыя ў Францыі, нац.-вызв. рухі ў Бельгіі, Італіі паскорылі паўстанне ў Царстве Польскім. У ноч на 29.11.1830 пачалося паўстанне ў Варшаве, падрыхтаванае тайнымі арг-цыямі, у т. л. «Патрыятычным таварыствам» і Т-вам падхарунжых. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у які ўвайшлі А.​Чартарыйскі, І.​Лялевель, Ю.​Нямцэвіч і інш. Урад аб’явіў аб скліканні сейма і ўстанаўленні дыктатуры галоўнакамандуючага польскіх войск Ю.​Хлапіцкага. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты паўстання і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. Калі Ю.​Хлапіцкі зняў з сябе паўнамоцтвы дыктатара, 29 студз. створаны Нац. ўрад на чале з А.​Чартарыйскім, а галоўнакамандуючым польскага войска прызначаны М.​Радзівіл. Царскі ўрад прыняў меры, каб абмежаваць пашырэнне паўстання ў зах. губернях. 13.12.1830 уведзена ваен. становішча ў зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне, павялічана колькасць войска.

Для падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і Літве ў студз.-лют. 1831 утвораны Віленскі цэнтр. паўстанцкі камітэт, у які ўвайшлі С.​Шумскі, А.​Гарэцкі, М.​Балінскі, В.​Пяткевіч, М.​Замбжыцкі, Э.​Ромер, Ю.​Храбніцкі. Паўстанне ў Літве і зах. Беларусі пачалося ў канцы сак. 1831. Віленскі к-т не змог кантраляваць яго ход. У кожным павеце быў створаны свой пав. ўрад, якія ўзначальвалі мясц. памешчыкі. У крас. паўстанне ахапіла ўсю Віленскую губ. і пачало пашырацца на Мінскую губ. Збіралі зброю і стваралі атрады памешчыкі Барысаўскага пав., да сярэдзіны мая паўстанне ахапіла Мазырскі і Рэчыцкі пав. У канцы мая на тэр. бел.-літ. губерняў уступіў атрад ген. Д.​Хлапоўскага (820 чал.), да якога далучылася частка паўстанцкіх атрадаў, пасля чаго ў атрадзе было каля 5 тыс. чалавек. Неўзабаве з Польшчы прыйшоў і 12-тысячны корпус ген. А.​Гелгуда і Г.​Дэмбінскага, які пачаў наступленне на Вільню, куды накіроўваўся і атрад Д.​Хлапоўскага. Камандаваў аб’яднанымі войскамі А.​Гелгуд. 11.6.1831 ён сфарміраваў Часовы паўстанцкі ўрад (старшыня Т.​Пінкевіч). 19.6.1831 пачаўся штурм Вільні. Рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі, у сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю.

У маі-жніўні 1831 у Гродзенскай губ. паўстанцкім рухам былі ахоплены Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Кобрынскі і Слонімскі пав. Атрады паўстанцаў Я.​Кашыца, Г.​Дэмбінскага, Ю.​Незабытоўскага і інш. злучыліся ў раёне Белавежскай пушчы, дзе ўжо дзейнічалі атрады К.​Нямцэвіча, Я.​Дылінскага і інш.

Туды ж у сярэдзіне ліп. прыбыў атрад Д.​Хлапоўскага. Супраць іх былі накіраваны ўзмоцненыя сілы рас. войска. Не маючы надзеі на поспех, аб’яднаныя сілы паўстанцаў 19 ліп. рушылі ў Польшчу. Некалькі атрадаў (М.​Гедройца, М.​Шыманскага, С.​Панкоўскага) яшчэ дзейнічалі ў Налібоцкай пушчы. Але вестка аб узяцці рас. войскамі 8 вер. Варшавы, 9 кастр. — Модліна, а 21 кастр. Замосця вымусілі паўстанцаў, якія яшчэ заставаліся ў лясах, разысціся.

Рэпрэсіўныя меры супраць асоб, якія прымалі ўдзел у ваен. дзеяннях на баку паўстанцаў, пачаліся яшчэ да падаўлення паўстання. Згодна з указам Мікалая I ад 22.3.1831 шляхту, якая прымала ўдзел у паўстанні са зброяй, належала судзіць ваен. судом і прыгавор выконваць на месцы, маёнткі браць у казну, а дзяцей асуджаных аддаваць у ваен. кантаністы. Прадстаўнікоў падатных саслоўяў адпраўлялі на вайск. службу ў Сібір. Сялянам, якія пасля выхаду ўказа вярталіся да свайго памешчыка, давалася дараванне. Указам 6.5.1831 падзялялі «злачынцаў» на 3 разрады: кіраўнікі, удзельнікі баявых дзеянняў, усе іншыя. Маёнткі абвінавачаных секвестраваліся. Да следства за ўдзел у паўстанні ў бел.-літ. губернях было прыцягнута 2878 чал.

Паўстанне 1830—31 выклікала рэзкую перамену паліт. курсу царскага ўрада ў Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне. У вер. 1831 створаны Зах. к-т для выпрацоўкі палітыкі ўрада ў 9 зах. губернях у галіне кіравання, суда, асветы, культуры, шляхецкага саслоўя і інш. Было забаронена выкарыстанне польскай мовы ў справаводстве і яе выкладанне. У 1832 зачынены Віленскі ун-т, у 1840 адменена дзеянне Статута ВКЛ ва ўсіх галінах гасп. і паліт. жыцця.

Разам з тым паўстанне 1830—31 і «вясна народаў» стымулявалі крышталізацыю грамадскай думкі. Адбылося размежаванне кансерватыўна (Г.​Ржавускі, К.​Буйніцкі) і ліберальна (Р.​Падбярэзскі, Э.​Жалігоўскі) настроеных публіцыстаў. У ліберальным асяроддзі акрэсліліся радыкальны (Ф.​Савіч, Ю.​Бакшанскі, А.​Незабытоўскі) і памяркоўны (Ф.​Далеўскі, У.​Спасовіч) кірункі. Кансерватыўныя колы падзяліліся на «эвалюцыяністаў» (А.​Замойскі, В.​Старжынскі) і «непрымірымых» традыцыяналістаў (Г.​Ржавускі, А.​Дамейка). У перыяд т.зв. мікалаеўскай рэакцыі асветніцкія традыцыі Віленскага ун-та працягвалі Віленскае мед. т-ва і гімназічныя вучнёўскія гурткі. У 1830—40-я г. створаны дэмакр. т-ва студэнтаў Віленскай мед.-хірургічнай акадэміі, Братні саюз літоўскай моладзі, Саюз літоўскай моладзі ў Мінску, Саюз літоўскай моладзі ў Пецярбургскім ун-це і інш.

З сярэдзіны 1850-х г. на Беларусі, як і ва ўсёй Рас. імперыі, назіралася ажыўленне грамадскай дзейнасці, звязанае з абмеркаваннем праектаў адмены прыгоннага права, вяртаннем са ссылкі ўдзельнікаў паўстання 1830—31 і членаў нелегальных маладзёжных гурткоў і інш. У пач. 1860-х г. на Беларусі ствараліся публічныя б-кі і нядзельныя школы, шырокай падтрымкай бел. грамадскасці карысталіся т-вы цвярозасці, ажыццёўлены шэраг выдавецкіх праектаў, фарміраваліся цэнтры аб’яднання прыхільнікаў розных кірункаў грамадскай думкі. Вакол «Камітэта», ці «Арганізацыі грамадзян» (Я.​Гейштар, Ф.​Далеўскі, Ю.​Карповіч, Я.​Пянкоўскі) групаваліся памяркоўныя лібералы. У выніку дзейнасці к-та створана паўлегальная сетка дэпутатаў-памешчыкаў, якія ўзначальвалі рэфарматарскую эканам. і асветніцкую дзейнасць у краі. Супраціўнікі самастойнай дзейнасці грамадскасці, кансерватары А.​Чапскі, М.​Агінскі, А.​Дамейка, А.​Плятэр выступалі супраць «Арганізацыі грамадзян» і лічылі, што яна імкнецца падмяніць сабой органы царскай адміністрацыі. Радыкальна настроеная частка грамадства Беларусі і Літвы аб’ядналася вакол «Камітэта руху» (пазней Літоўскі правінцыяльны к-т, ЛПК), у які ўваходзілі Л.​Звяждоўскі (старшыня), К.​Каліноўскі, З.​Чаховіч, Э.​Вярыга і інш. Хоць яны і былі сац. радыкаламі, але далей ліберальнай праграмы (звяржэнне самаўладдзя, скасаванне прыгону) іх патрабаванні не ішлі. Разам з тым прыхільнікі «Камітэта руху» падкрэслівалі неабходнасць «кулачнай рэвалюцыі», а не рэфарматарскай дзейнасці. Сувязі з дэмакр. эміграцыяй і рус. рэв. рухам спрыялі выяўленню сацыяліст. тэндэнцый у светапоглядзе асобных прадстаўнікоў радыкалізму.

Восенню 1861 члены «Камітэта руху» пачалі падрыхтоўку паўстання. У кастр. 1862 старшынёй ЛПК абраны К.​Каліноўскі. Неафіц. органам ЛПК была газ. «Мужыцкая праўда», якая выдавалася К.​Каліноўскім, В.​Урублеўскім і Ф.​Ражанскім з лета 1862 да лета 1863 (выйшла 7 нумароў). Нечаканае абнародаванне 22.1.1863 Часовым нац. урадам (да гэтага Цэнтр. нац. к-т у Варшаве) Маніфеста і агр. дэкрэтаў і абвяшчэнне паўстання без узгаднення з ЛПК стварыла крытычную сітуацыю. ЛПК даволі доўга вагаўся, як рэагаваць на дзеянні Варшавы. 1.2.1863 Віленскі к-т выдаў свой маніфест, у якім абвясціў правы і свабоды, вызначаныя польскім нац. урадам, яго агр. праграму і заклікаў падтрымаць паўстанне ў Польшчы. Гэта азначала, што левыя ў ЛПК на чале з Каліноўскім для адзінства дзеянняў фактычна поўнасцю падпарадкоўваліся польскаму нац. ўраду. У лют. 1863 Н.​Дзюлёран, выключаны раней з ЛПК, дамовіўся з лідэрамі віленскіх «белых» А.​Аскеркам і Я.​Гейштарам аб захопе ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Літвы — Беларусі і атрымаў згоду на гэта ад варшаўскага ўрада. 11.3.1863 яны адхілілі ад улады Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з К.​Каліноўскім і замянілі яго Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, які ўзначаліў Я.​Гейштар. З прычыны слабасці рэв.-дэмакр. сіл К.​Каліноўскі вымушаны быў супрацоўнічаць з шляхецкімі рэвалюцыянерамі, а фактычна — падпарадкавацца іх цэнтрам.

Першыя паўстанцкія атрады з’явіліся на Беларусі з Польшчы ў студз.—лют. 1863. Буйнейшы з іх атрад Р.​Рагінскага, які з баямі прайшоў праз Пружанскі пав. да Пінскага, дзе каля в. Боркі ў лют. быў разбіты. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.—крас. 1863. Але ў адзінаборстве з магутнай рас. арміяй паўстанцы былі асуджаны на паражэнне. З прычыны несуразмернасці сіл баявыя дзеянні паўстанцаў, узброеных у большасці косамі, пікамі і паляўнічымі стрэльбамі, з самага пачатку мелі характар партыз. барацьбы: атрады пазбягалі сутычак з больш моцнымі сіламі. На тэр. Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. З іх ​2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Разгром многіх паўстанцкіх атрадаў, шматлікія страты ў выніку баявых дзеянняў, пасіўнасць «белых» у падп. структурах прымусілі Н.​Дзюлёрана зноў запрасіць у Вільню К.​Каліноўскага. Разам з ім у пач. чэрв. 1863 у склад віленскага паўстанцкага цэнтра, які стаў наз. Выканаўчым аддзелам Літвы, увайшлі У.​Малахоўскі і Ю.​Каліноўскі. Дзякуючы ім дзейнасць Аддзела прыкметна актывізавалася і радыкалізавалася. З 31 ліп. К.​Каліноўскаму перададзены паўнамоцтвы старшыні Выканаўчага аддзела Літвы, а з 22 жн. — і паўнамоцтвы камісара варшаўскага ў Вільні. Да канца лета 1863 у яго руках сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі на тэр. Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў барацьбе ён не здолеў: да пач. вер. 1863 паўстанне ў Літве і Беларусі практычна было падаўлена.

З пачаткам паўстання ў Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губ. уведзена ваен. становішча. У маі 1863 Віленскім ген.-губернатарам прызначаны ген. М.​Мураўёў, якому падпарадкоўваліся ваен. губернатары і начальнікі паветаў, узбр. сілы, жандармерыя і паліцыя, следчыя камісіі і ваен.-палявыя суды. Прыгаворы апошніх пасля зацвярджэння ваен. губернатарамі і ген.-губернатарам выконваліся неадкладна, смяротныя пакаранні — публічна, на плошчах гарадоў. Усяго ў краі 128 чал. пакарана смерцю, павешаны ці расстраляны, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, у арыштанцкія роты і г.д. К.​Каліноўскага ваен.-палявы суд прыгаварыў да расстрэлу, але М.​Мураўёў выказаўся за павешанне. Маёнткі памешчыкаў, што ўдзельнічалі ў паўстанні, падлягалі секвестру і канфіскацыі ў казну, усе астатнія мясц. памешчыкі былі абкладзены кантрыбуцыяй. У Беларусі і Літве быў устаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рус. ўплыву.

Указ аб спыненні паліт. спраў, якія тычыліся «польскага паўстання», і палажэнне аб абмежаванні падсуднасці асоб грамадз. ведамства ваен. суду ў Паўн.-Зах. краі (май 1867) сведчылі пра памякчэнне рэжыму выключных законаў. З 1870 да 1901 на Беларусі створана 19 т-ваў сельскай гаспадаркі, 5 мед., 11 культ.-асв., 8 спарт. аб’яднанняў. Амаль у кожным губ. горадзе існавалі аддзяленні агульнарас. т-ваў: абароны жанчын, Чырв. Крыжа і інш. У канцы 19 ст. ствараліся касы і т-вы ўзаемнай дапамогі рамеснікаў і рабочых, якія з цягам часу апынуліся пад уплывам рэв. элементаў і сталі тым асяроддзем, адкуль рабочыя траплялі ў нелегальныя гурткі.

У 1870—90-х г. грамадскія арг-цыі сталі гал. месцам дзейнасці лібералаў. С.-г. т-вы аб’ядноўвалі памешчыкаў і служачых, якія імкнуліся спрыяць прагрэсіўным зменам у сельскай гаспадарцы. На Беларусі, дзе не было земстваў, гэтыя т-вы, асабліва Мінскае і Магілёўскае, часам выконвалі іх грамадскія функцыі. Пашырэнню ліберальных ідэй садзейнічалі шматлікія культ.-асв., навук. і гуманітарныя арг-цыі (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў). Ліберальныя ідэі абмяркоўваліся ў т.зв. хатніх гуртках. Кансерватыўныя колы Беларусі не лічылі грамадскую дзейнасць асн. сродкам дасягнення сваіх мэт. Яны лічылі, што свае ўяўленні аб дзярж. парадку, стане саслоўяў, адносінах да ўласнасці трэба даводзіць да ведама ўрада, які сам паклапоціцца аб прыняцці неабходных мер. Такія адносіны да рэальнай дзейнасці і адсутнасць на Беларусі дваранскіх сходаў сталі прычынамі таго, што паліт. кансерватызм тут не набыў акрэсленай формы.

З 1870-х г. расла цікавасць да сацыяліст. ідэй, што было звязана з ростам грамадз. актыўнасці, развіццём рабочага руху і з аслабленнем рэпрэсіўнай палітыкі царызму на Беларусі. У 1-й пал. 1880-х г. актыўную дзейнасць на Беларусі разгарнулі «Чорны перадзел», потым паўн.-зах. арг-цыя «Народнай волі» і польская партыя «Пралетарыят», што не дало магчымасці групе «Гоман» аб’яднаць гурткі Беларусі на аснове агульнай тэарэт. праграмы.

У канцы 19 ст. марксісцкае ўяўленне аб сацыялізме прынята ў якасці асноўнага для сацыяліст. рухаў Еўропы, таму значная частка сацыялістычна арыентаваных груп і гурткоў Беларусі перайшла на с.-д. пазіцыі. У рамках с.-д. аб’яднанняў ствараліся дапаможныя структуры: асв.-культ., узаемадапамогі і інш., усталёўваліся кантакты з прафсаюзамі, у выніку чаго фарміраваўся новы тып арг-цый — паліт. партыі. Першымі з іх на Беларусі былі партыі сацыяліст. кірунку. У 1897 у Вільні створаны Агульнаяўрэйскі рабочы саюз Літвы і Польшчы (Бунд). Менавіта ён у 1898 быў тэхн. арганізатарам I з’езда РСДРП у Мінску. У 1903 у Гомелі створаны Палескі, у 1904 у Вільні — Паўн.-Зах. к-ты РСДРП. У 1900 у Мінску на з’ездзе прадстаўнікоў Рабочага саюза Літвы і Сацыял-дэмакратаў Польшчы створана Сацыял-дэмакр. партыя Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), у 1901 у Мінску — Яўр. незалежная рабочая партыя. У 1902 ідэйна і арганізацыйна аформіліся ППС у Літве і Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). ППС у Літве выставіла лозунгі барацьбы за незалежнасць Літвы і Беларусі і ўсталяванне сацыяліст. ладу; найб. значныя яе арг-цыі існавалі ў Вільні, Гродне і Брэсце. ПСР выступала за знішчэнне самадзяржаўя і памешчыцкага землеўладання, за ўстанаўленне ў Расіі федэратыўнай дэмакр. рэспублікі, сацыялізацыю зямлі. Выключнае значэнне ў барацьбе з царызмам партыя надавала індывідуальнаму тэрору. У 1904 эсэраўскія арг-цыі Мінска, Віцебска, Гомеля, Вільні і інш. аб’ядналіся ў Паўн.-Зах. абл. арг-цыю ПСР. У 1902—03 створана Бел. рэв. грамада (пазней Бел. сацыяліст. грамада). У яе праграме, прынятай на 1-м з’ездзе (1903), партыя характарызавалася як сац.-паліт. арг-цыя бел. працоўнага народа. Сваёй канчатковай мэтай яна абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці і камунікацый.

Рэвалюцыя 1905—07. Іскрай, што выклікала рэв. выбух у Рас. імперыі, стаў расстрэл 9.1.1905 у Пецярбургу масавых мірных шэсцяў рабочых, якія накіраваліся да Зімняга палаца з петыцыяй аб паляпшэнні становішча народа. Выступленні пратэсту пракаціліся па ўсёй імперыі, у т. л. на Беларусі, дзе студзеньскія паліт. стачкі ахапілі 25, а з улікам дэманстрацый і масовак — 30 гарадоў і мястэчак. Большасцю выступленняў кіравалі мясц. арг-цыі РСДРП і Бунда, якія, як правіла, дамаўляліся аб правядзенні агульных выступленняў, найперш стачак. Для гэтага на кааліцыйнай аснове ствараліся часовыя стачачныя камісіі. Агульнымі стачкамі з удзелам практычна ўсіх мясц. рабочых былі ахоплены Смаргонь, Гродна, Брэст, Мазыр, Полацк, Ашмяны, Слонім, Ветка, Дуброўна, Талачын, Парычы, Шчадрын. Аднак у Мінску, Гомелі, Пінску, Віцебску да іх не ўдалося далучыць найбуйнейшыя прадпрыемствы. Выступленнямі ў Гродне і Брэсце кіравалі мясц. к-ты Бунда і ППС у Літве. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Гомель, Горкі) паліцыя і салдаты выкарыстоўвалі супраць удзельнікаў дэманстрацый і маніфестацый агнястрэльную зброю. Пахавальная працэсія ў Гомелі з удзелам 8 тыс. чалавек ператварылася ў антыўрадавую дэманстрацыю.

У лют.—сак. хваля паліт. выступленняў рэзка знізілася, але разгарнулася барацьба рабочых з прадпрымальнікамі за паляпшэнне свайго эканам. становішча. Некат. буйныя эканам. стачкі суправаджаліся антыўрадавымі маніфестацыямі. Агульная колькасць эканам. стачачнікаў у лютым 1905 дасягала 5,4, а ў сакавіку — 5,8 тыс., што значна перавышала сумарны паказчык за ўвесь 1904. Высокі ўзровень актыўнасці рабочых у эканам. барацьбе захоўваўся і ў наступныя месяцы. Нярэдка выступленні ахоплівалі ўсе прадпрыемствы пэўнай галіны вытв-сці ў маштабах горада. Як правіла, выступленні заканчваліся ўступкамі прадпрымальнікаў — поўнымі ці частковымі. У некат. выпадках рабочыя дамагліся ўстанаўлення 8-гадзіннага прац. дня.

Рэзкі ўздым паліт. барацьбы рабочых пачаўся ў сярэдзіне красавіка (па старым стылі) у сувязі са святкаваннем 1 Мая. У красавіцкіх паліт. стачках удзельнічала каля 51 тыс. чалавек, паліт. выступленнямі рабочых былі ахоплены 47 гарадоў і мястэчак. У чэрв.—ліп. 1905 шырокі размах на Беларусі набылі выступленні пратэсту супраць крывавых рэпрэсій царызму ў Лодзі, Варшаве, Адэсе, Іванаве-Вазнясенску. У пач. ліпеня яны спалучаліся з выступленнямі, на якіх ушаноўвалася памяць ахвяр «крывавай нядзелі» ў Пецярбургу і паўгадавіны рэвалюцыі. У Мінску, Бабруйску, Віцебску адбыліся ўзбр. сутычкі з паліцыяй і казакамі, мелі месца чалавечыя ахвяры. Сотні людзей былі арыштаваны.

Пад уздзеяннем рабочага руху актывізаваўся рух сялянства супраць памешчыкаў і мясц. адміністрацыі. У студз.—сак. адбыліся 53 сял. выступленні. Пераважную большасць іх складалі высечкі панскіх лясоў. У крас.—чэрв. сумарны паказчык сял. выступленняў дасягнуў 237, з іх 175 прыпала на чэрвень. Пад уплывам агітацыі мясц. арг-цый РСДРП, ПСР, а таксама Бунда, ППС у Літве і БСГ у сял. руху ў вяснова-летні перыяд 1905 хутка пашырыліся новыя для яго формы — забастоўкі, паліт. сходы і мітынгі. Іх удзельная вага ў параўнанні з традыц. формамі ўзнялася да 35,5%.

Першым найб. значным і арганізаваным выступленнем новага для вёскі тыпу з’явілася агульная забастоўка сялян-падзёншчыкаў і парабкаў, якая ў пач. чэрв. 1905 ахапіла амаль усе маёнткі Навагрудскага, а ў канцы чэрв. — Ваўкавыскага і Гродзенскага пав. Шырокі размах набылі с.-г. забастоўкі ў Мінскім, Бабруйскім, Рэчыцкім, Слуцкім, Брэсцкім, Горацкім, Аршанскім, Гомельскім і Рагачоўскім пав. Гал. мэтай сял. руху па-ранейшаму заставалася ліквідацыя панскага землеўладання. З традыц. форм сял. барацьбы самымі распаўсюджанымі былі патравы памешчыцкіх угоддзяў (18,2%) і высечка лесу (9%). 10% складалі сутычкі сялян з паліцыяй і войскамі. Імі звычайна завяршаліся найб. вострыя выступленні. Разгромаў і падпалаў панскіх двароў у Беларусі было няшмат (адпаведна 0,4 і 2,5% выступленняў). Пад уплывам рабочага і сял. руху хваляванні ахапілі і армію. У ліп. 1905 у Мінску салдаты Баранавіцкага чыг. батальёна выказалі пратэст супраць адпраўкі іх на Д. Усход. С.-д. агітацыя вялася ў гарнізонах Бабруйска, Гродна, Брэста і інш. гарадоў.

Пасля падзей 9 студз. ў Пецярбургу паліт. апазіцыя царызму ўзнікла і ў асяроддзі ліберальнай буржуазіі. У зале Мінскай думы 12 студз. абвешчана рэзалюцыя з патрабаваннем паліт. свабоды. У чэрв. 1905 Мінская гар. дума прыняла пастанову, у якой хадайнічала аб хутчэйшым скліканні нар. прадстаўнікоў. Прыкметную паліт. актыўнасць праяўляла і ліберальная інтэлігенцыя Мінска, што групавалася вакол Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. Каб аслабіць рэв. націск і знайсці падтрымку ў ліберальных колах грамадства, Мікалай II 6.8.1905 зацвердзіў законапраект аб выбарах у Дзярж. думу. Паводле яго выбарчая сістэма грунтавалася на саслоўным прынцыпе. Ад удзелу ў выбарах адхіляліся ўсе наёмныя рабочыя, якія не адпавядалі ўстаноўленым цэнзам па маёмасці і аселасці. Статус Думы вызначаўся як законадарадчы. Ніякіх рэальных правоў і паўнамоцтваў яна не атрымлівала.

Такі царскі «падарунак» не супакоіў ахопленую рэвалюцыяй краіну. Усе левыя, с.-д. і народніцкія, агульнарас. і нац. партыі разгарнулі шырокую агітацыю за байкот выбараў, за далейшае разгортванне масавай рэв. барацьбы за звяржэнне самадзяржаўя шляхам узбр. нар. паўстання і ўсталявання дэмакр. рэспублікі праз скліканне выбранага дэмакр. шляхам Устаноўчага сходу. Лозунг байкоту новай Думы падтрымала частка ліберальных прафесійна-паліт. саюзаў інтэлігенцыі. Аднак хваля рэв. выступленняў рабочых і сялян Беларусі ў жн. — вер. рэзка знізілася.

Новы ўсерас. ўздым рабочага руху пачаўся ў Маскве, дзе ў канцы вер. 1905 асобныя стачкі рабочых перараслі ў агульнагар. паліт. забастоўку, якая суправаджалася вулічнымі маніфестацыямі і сутыкненнямі рабочых з паліцыяй і войскам. У развіцці падзей выключную ролю адыграў Усерас. чыг. саюз, створаны ў крас. 1905. Цэнтр. бюро саюза 7 кастр. па тэлеграфе заклікала рабочых і служачых усіх чыг. майстэрняў далучыцца да ўсеаг. забастоўкі. На працягу наступнага тыдня чыг. рух у імперыі быў спынены. Адначасова па закліку рэв. партый у гарадах забаставалі прамысл. прадпрыемствы, гандл., навуч., банкаўскія і інш. ўстановы.

У ходзе Кастр. паліт. стачкі ў Пецярбургу, Маскве і інш. гарадах Расіі сфарміраваліся Саветы рабочых дэпутатаў ці выбарныя агульнагар. стачачныя к-ты. Абапіраючыся на ўзбр. баявыя дружыны рабочых, яны дзейнічалі ў пэўнай меры як органы ўлады. На Беларусі агульнагар. стачкамі кіравалі кааліцыйныя саветы, к-ты, камісіі, у якія на аснове пагаднення ўваходзілі прадстаўнікі РСДРП, Бунда, ПСР. Вядучую ролю ў Кастр. паліт. стачцы адыгралі чыгуначнікі. На важнейшых чыг. станцыях (Орша, Мінск, Баранавічы, Гомель, Пінск і інш.) рух цягнікоў быў спынены 10—12 кастр. Чыгуначнікаў падтрымалі рабочыя фабрык і з-даў, друкарняў, рамесных майстэрняў, работнікі гандлю, служачыя многіх устаноў, вучнёўская моладзь. Штодзённа праводзіліся масавыя мітынгі, маніфестацыі і дэманстрацыі, якія нярэдка заканчваліся сутычкамі з паліцыяй і войскам.

Агульнарас. стачка прымусіла царызм пайсці на прынцыповыя паліт. ўступкі. 17 кастр. Мікалай II падпісаў Маніфест, паводле якога ў краіне ўводзіліся «непарушныя асновы грамадзянскай свабоды на прынцыпах сапраўднай недатыкальнасці асобы, свабоды сумлення, слова, сходаў і саюзаў», значна пашырыўся кантынгент тых, хто атрымаў права ўдзелу ў выбарах Дзярж. думы, а сама Дума атрымала заканадаўчыя паўнамоцтвы. Прадстаўнікі рэв. арг-цый заклікалі не верыць Маніфесту і працягваць барацьбу за звяржэнне самадзяржаўя і скліканне Устаноўчага сходу. На гэта ўрад адказаў новымі рэпрэсіямі. 18.10.1905 расстраляны мітынгі ў Віцебску і Мінску; сутычкі з паліцыяй адбыліся ў Полацку і Смаргоні, яўр. пагромы — у Гомелі, Рэчыцы, Оршы.

Кастр. паліт. стачка ахапіла 32 населеныя пункты Беларусі, а з улікам дэманстрацый, мітынгаў і маніфестацый — 53 гарады і мястэчкі. Агульная колькасць стачачнікаў толькі ў прам-сці дасягала 66 тыс. На вёсцы глыбокі спад у вер. (18 выступленняў) змяніўся ажыўленнем у кастр. (54), ліст. (154) і снежні (286 выступленняў). Павялічылася ўдзельная вага разгромаў і падпалаў панскіх двароў, сутыкненняў з паліцыяй і войскам, паліт. сходаў, мітынгаў і дэманстрацый. Значна ўзмацніліся хваляванні ў войску. Выступленні салдат адбыліся ў Гродне, Бабруйску, Брэсце.

У выніку Кастр. паліт. стачкі ў Расіі склалася адносная раўнавага сіл рэвалюцыі і контррэвалюцыі. Рэв.-дэмакр. сілы не змаглі звергнуць самадзяржаўе, але прымусілі яго пайсці на істотныя паліт. ўступкі і фактычна заваявалі свабоду слова, сходаў, друку, саюзаў. Адкрыта дзейнічалі Саветы рабочых дэпутатаў, нізавыя структуры рэв. партый, прафесійна-паліт. саюзы (чыгуначнікаў, паштова-тэлеграфных служачых, настаўнікаў, сялян і інш.), прафес. саюзы рабочых прамысл. прадпрыемстваў і інш. Выдаваліся газеты розных ідэйна-паліт. кірункаў.

Кастр. стачка прымусіла мабілізавацца ўсе кансерватыўныя сілы з мэтай захавання самадзяржаўя, памешчыцкага землеўладання. У выніку ўзнік шэраг крайне правых груповак («Саюз рускага народа», «Савет аб’яднанага дваранства», «Айчынны саюз» і інш.), якія па сутнасці не прызнавалі «Маніфест 17 кастрычніка». Найб. актыўны ў барацьбе з рэвалюцыяй быў «Саюз рускага народа». Члены гэтых груповак былі вядомы як «чорная сотня». У дні Кастр. стачкі чарнасоценцы наладжвалі вулічныя шэсці з іконамі, царкоўнымі харугвамі і партрэтамі цара, арганізоўвалі забойствы рэвалюцыянераў і яўр. пагромы (Орша, Полацк, Рэчыца).

У кастр. 1905 утварыўся праваліберальны «Саюз 17 кастрычніка», які цалкам салідарызаваўся з царскім маніфестам і імкнуўся супрацоўнічаць з урадам. Да лют. 1906 арг-цыі акцябрыстаў аформіліся і дзейнічалі ў Вільні, Гродне, Вілейцы, Свянцянах, Дзвінску, Віцебску, Мінску, Бабруйску, Гомелі. Ініцыятыва стварэння іх, як і чарнасоценных арг-цый, зыходзіла ад чыноўнікаў і правасл. духавенства.

У час Усерас. паліт. стачкі створана леваліберальная Канстытуцыйна-дэмакр. партыя (кадэты). Яе праграма прадугледжвала роўнасць усіх рас. грамадзян перад законам; свабоду сумлення, слова, друку, сходаў і саюзаў; недатыкальнасць асобы і жылля, незалежнасць і публічнасць суда; выбранне ўсерас. заканадаўчага нар. прадстаўніцтва і мясц. органаў самакіравання ўсеаг., роўным, простым і тайным галасаваннем; адказнасць міністраў перад сходам нар. прадстаўнікоў; прадастаўленне права кожнай народнасці на культ.-нац. аўтаномію. Сялянам кадэты абяцалі павелічэнне плошчы землекарыстання, рабочым — права на стачкі, 8-гадзінны працоўны дзень і інш. Да мая 1906 групы гэтай партыі, у якую ў асн. уваходзілі прадстаўнікі ліберальнай інтэлігенцыі, сфарміраваліся ў Вільні, Магілёве і Пінску. Нягледзячы на нешматлікасць, папулярнасць кадэтаў у краі была вялікая. Яе праграму цалкам падтрымлівалі ўсе плыні сіянізму, каталіцкі касцёл і часткова (за выключэннем вырашэння агр. пытання) — польска-бел. землеўласнікі. Саюзніцай кадэтаў стала Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, створаная ў канцы 1905 — пач. 1906 па ініцыятыве віленскага каталіцкага біскупа барона Э.​Ропа. Асн. рэгіёнам яе дзейнасці сталі Віленшчына і частка Гродзеншчыны, дзе пераважала каталіцкае насельніцтва.

У пачатку снеж. 1905 царскі ўрад паспрабаваў авалодаць становішчам у краіне. Былі закрыты ўсе дэмакр. газеты, арыштаваны члены выканкома і дэпутаты Пецярбургскага Савета, забаронены чыг. саюзы. У адказ 7.12.1905 ад імя Савета рабочых дэпутатаў, РСДРП, ПСР і Бунда была выдадзена адозва «Да ўсяго народа», якая фактычна заклікала да ўзбр. паўстання. У Маскве ў той жа дзень пачалася ўсеаг. паліт. стачка, усерас. чыг. стачку аб’явілі прадстаўнікі 29 чыгунак і Цэнтр. бюро Усерас. чыг. саюза. Пралетарыят Масквы ў ноч на 10 снеж. ўзняўся на ўзбр. паўстанне.

На Беларусі снежаньскую стачку, як і раней, пачалі чыгуначнікі, якія ўжо 8—9 снеж. затрымлівалі цягнікі. У тыя ж дні Мінскі кааліцыйны савет, Гомельскі рэв., Пінскі, Мазырскі і інш. стачачныя к-ты заклікалі працоўных да ўсеаг. паліт. забастоўкі. Стачка ахапіла на Беларусі 17 гарадоў і мястэчак, яе падтрымалі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутыкненнямі з паліцыяй і войскам яшчэ ў 11 населеных пунктах. У ёй удзельнічала каля 44 тыс. рабочых прамысл. прадпрыемстваў і рамеснікаў. Па напале і напружанасці барацьбы сітуацыя ў асобных гарадах была блізкая да ўзбр. паўстання.

2.12.1905 цар выдаў указ аб адмене крымінальнай адказнасці за ўдзел у эканам. мірных стачках, а 11 снеж. — новы закон аб выбарах у Дзярж. думу. У той час як бурж.-ліберальныя партыі падтрымалі гэтыя рашэнні і заклікалі спыніць рэв. выступленні, партыі рэв.-дэмакр. кірунку выступалі за працяг барацьбы. У студз. 1906 рабочыя 13 гарадоў стачкамі адзначылі гадавіну рэвалюцыі, сял. рух выліўся ў 135 выступленняў. З мэтай аслаблення рэв. націску царскія ўлады склікалі Дзярж. думу. Большасць месц у 1-й Дзярж. думе заваявалі кадэты.

Пачатак дзейнасці Думы ў крас. 1906 супаў з новым уздымам рэв. руху. У сувязі з днём 1 Мая забастоўкі адбыліся ў 40 нас. пунктах Беларусі. У арганізацыі эканам. барацьбы рабочых усё больш прыкметную ролю адыгрывалі прафсаюзы. Веснавыя выступленні рабочых актыўна падтрымалі сяляне. Летам 1906 удзельная вага паліт. выступленняў бел. сялян перавысіла паказчыкі 1905. Асабліва вылучаліся Навагрудскі і Пружанскі пав.

Пасля роспуску 1-й Дзярж. думы 9.7.1906 прадпрымальнікі ўзмацнілі наступ на рабочых, арганізоўвалі лакауты. Услед за спадам рабочага руху знізілася і колькасць сял. выступленняў.

Ва ўмовах спаду рэвалюцыі ўсе партыі левага, дэмакр. лагера вырашылі выкарыстаць думскую трыбуну для актывізацыі барацьбы. Яны прынялі актыўны ўдзел у выбарах у 2-ю Дзярж. думу. Апошняя насуперак спадзяванням урада была больш левай за 1 -ю Думу і выходзіла з-пад яго кантролю. З.6.1907 2-я Дзярж. дума разагнана; арыштавана с.-д. фракцыя. Выбарчы закон, прыняты ў адпаведнасці з Маніфестам 17 кастр., быў зменены.

Грамадскі і палітычны рух пасля паражэння рэвалюцыі. У выніку паражэння рэвалюцыі ў Расіі ўсталяваўся т.зв. трэцечэрвеньскі рэжым, які ў сваёй палітыцы абапіраўся на дзве большасці ў 3-й Дзярж. думе — чарнасоценна-акцябрысцкую і акцябрысцка-кадэцкую і лавіраваў паміж імі. Паводле выбарчага закона ад 3.6.1907 у Беларусі да ранейшага саслоўна-класавага падзелу насельніцтва, дапушчанага да выбараў, уводзіліся нац. курыі — «руская», «польская» і «яўрэйская» з асобнымі квотамі прадстаўніцтва. Існаванне бел. этнасу цалкам ігнаравалася. У 5 зах. губернях на выбарах у 3-ю Дзярж. думу чарнасоценцы і акцябрысты заваявалі 29 месц з 36, бел.-польскія аўтанамісты («краёўцы») атрымалі 6 месц. З падобнымі вынікамі прайшлі выбары і ў 4-ю Дзярж. думу.

У ходзе наступлення контррэвалюцыі і рэакцыі многія арг-цыі левых партый былі ліквідаваны ці вельмі аслаблены. Назіраўся масавы адток з іх інтэлігенцыі. Спробы аднаўлення парт. арг-цый, як правіла, заканчваліся беспаспяхова. Усяго некалькі месяцаў пратрымалася адноўленая ў лют. 1908 Мінская група РСДРП, у сярэдзіне таго ж года ліквідаваны Браслаўская, Капыльская, Старадарожская і Хоцімская групы РСДРП. Не быў адноўлены Паўн.-Зах. саюз РСДРП, рэзка скарацілася колькасць прафес. саюзаў. Сярод меншавікоў і бундаўцаў пашырылася ліквідатарская плынь, якая дамагалася легалізацыі РСДРП шляхам адмовы ад падп. дзейнасці. На такія пазіцыі стала і БСГ, якая згарнула свае падп. структуры і як партыя часова перастала існаваць. Кіраўнікі БСГ засяродзіліся на легальнай дзейнасці ў газ. «Наша ніва». Бальшавікі-ленінцы выступалі за спалучэнне падп. і легальнай дзейнасці. Маштабы і характар рабочага руху істотна змяняліся. Практычна немагчымымі сталі адкрытыя антыўрадавыя выступленні — дэманстрацыі, мітынгі, маніфестацыі. Рэзка скарацілася колькасць стачак. Прыкметы ажыўлення ў рабочым руху Беларусі з’явіліся ў 1911—12, а адносны ўздым заўважыўся ў 1913, калі ў забастоўках прынялі ўдзел 8,8 тыс. чал. (у 4 разы больш, чым у 1910). Скарацілася колькасць сял. выступленняў (1907—161, 1908—132, 1909—92).

Вельмі аслаблены быў і ліберальна-апазіцыйны цэнтр, вядучай сілай якога заставаліся кадэты. Іх Магілёўская і Пінская арг-цыі распаліся, скарацілася колькасць друкаваных органаў. У гэты перыяд ішло «размыванне» ліберальнай традыцыі: паколькі яе фундамент. прынцып — жыццёва неабходны мінімум правоў асобы, у розных паліт. плынях фарміраваліся розныя праграмы з патрабаваннем эканам., сац., рэліг. і інш. правоў. Ліберальныя патрабаванні ставілі і Саюз дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі, і Польскі саюз краёўцаў, і Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Аднак да 1917 моцная ліберальная апазіцыя на Беларусі так і не склалася.

Культура. Адукацыя. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай на Магілёўшчыне і Віцебшчыне працягвала існаваць традыц. сістэма адукацыі. У Віцебску, Полацку, Магілёве, Мсціславе, Оршы дзейнічалі езуіцкія калегіумы; у Сянне і Сакольніках — францысканскія, у Віцебску — піярская, Талачыне — базыльянская, Забелах — дамініканская школы. Выкладанне вялося на лац. і польскай мовах.

У канцы 1780 — пач. 1790-х г. стала пашырацца рас. сістэма адукацыі. Гал. нар. вучылішчы адкрыты ў Магілёве і Віцебску, малыя — у Полацку, Оршы, Чавусах, Мсціславе, Копысі, Чэрыкаве, дзе выкладанне вялося на рус. мове.

Пасля 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай стракатую сетку навуч. устаноў дапоўнілі акад. акруговыя школы (створаныя яшчэ Адукацыйнай камісіяй Рэчы Паспалітай), якія знаходзіліся ў Гродне, Мінску, Брэсце і Навагрудку і акад. павятовыя — у Нясвіжы, Слуцку, Бабруйску, Пінску, Мазыры, Слоніме, Вішневе, Ваўкавыску, Халопенічах, Драгічыне, Паставах. Акрамя таго, навучанне ішло ў прыкляштарных вучылішчах і ў пратэстанцкіх школах у Кейданах і Слуцку. Да сярэдніх навуч. устаноў адносіліся невялікія прыватныя пансіёны, а таксама яўр. рэліг. школы (хедэры і ешывы).

У 1803 Гал. Літ. школа атрымала статус імператарскага Віленскага ун-та, які ўзначаліў новаўтвораную Віленскую навуч. акругу. У яе ўвайшлі навуч. ўстановы Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай, Кіеўскай (пазней вылучаны з акругі), Валынскай, Падольскай губ. і з 1810 Беластоцкай вобл. Куратарам акругі прызначаны князь А.​Чартарыйскі. Віленская навуч. акруга кіравалася ўласным статутам, польская мова засталася асн. мовай навучання. Па колькасці школ і навучэнцаў яна была лідэрам сярод навуч. акруг Расіі. У пач. 1820-х г. у яе ўстановах набывала веды 30,2% усёй вучнёўскай моладзі рас. дзяржавы.

Вышэйшую духоўную адукацыю можна было атрымаць у Гал. каталіцкай семінарыі пры Віленскім ун-це і Полацкай езуіцкай акадэміі (закрыта ў 1820).

Пасля паўстання 1830—31 сістэма адукацыі ў Віленскай акрузе была радыкальна зменена. У 1832 Віленскі ун-т закрыты, а замест яго ў Вільні створаны мед.-хірургічная і духоўная рымска-каталіцкая акадэміі. У пач. 1840-х г. яны пераведзены адпаведна ў Кіеў і Пецярбург. Школы і вучылішчы Магілёўскай і Віцебскай губ. перададзены ў падпарадкаванне Пецярбургскай навуч. акрузе і пераведзены на рус. мову. У хуткім часе яны вылучаны ў асобную Беларускую навуч. акругу, якая праіснавала да 1850, калі навуч. ўстановы Беларусі зноў былі падзелены паміж Віленскай і Пецярбургскай навуч. акругамі. Новы школьны статут 1828 зафіксаваў існаванне 3-ступеннай сістэмы сярэдняй адукацыі, але больш жорстка замацаваў саслоўны прынцып адукацыі. Гімназіі прызначаліся толькі для дваранства і чыноўніцтва, пав. вучылішчы — для мяшчан, купцоў і рамеснікаў, прыходскія — для ніжэйшых саслоўяў. Рэпрэсіўныя дзеянні ў сістэме адукацыі выявіліся ў скасаванні прыкляштарных вучылішчаў, а яўр. рэліг. навуч. ўстановы замяняліся дзярж. з напаўсвецкімі праграмамі навучання. Абавязковым патрабаваннем да ўладальнікаў усіх свецкіх прыватных жаночых пансіёнаў стала веданне рус. мовы і добранадзейнасць. Падтрымку мелі толькі нешматлікія на Беларусі прыватныя жан. ўстановы рус. арыентацыі (напр., дзявочы пансіён у Прапойску). З канца 1830-х г. на Беларусі ствараліся дзярж. і паўдзярж. («узорныя») жаночыя пансіёны ў Мінску, Гродне, Магілёве, Віцебску, Полацку. У 1841 у Беластоку пачаў дзейнічаць дзярж. ін-т шляхетных дзяўчат на ўзор Смольнага ін-та.

У пачатку царавання Аляксандра II на Беларусі адкрыты новыя гімназіі, пашырылася пач. адукацыя, у т. л. для сялян. Пры гімназіях адкрываліся агранамічныя, землямерныя, каморніцка-таксатарскія класы. У 1835 адкрыты Полацкі кадэцкі корпус — сярэдняя навуч. ваен. ўстанова закрытага тыпу, у 1840 — Горы-Горацкая земляробчая школа (з 1848 — інстытут).

У 1860—90-я г. пануючае месца ў сістэме адукацыі Беларусі займала пач. школа, якая ўключала нар. вучылішчы, царк.-прыходскія школы і школы граматы, у гарадах прыходскія пав. і гар. вучылішчы. Ва ўсіх губ. цэнтрах, а таксама ў Брэсце, Гомелі і Слуцку дзейнічалі мужч. гімназіі, у Бабруйску, Мазыры — прагімназіі. Рэальныя вучылішчы меліся ў Мінску, Магілёве, Пінску. Пад уплывам сац. змен у 2-й пал. 19 ст. пашырылася сетка жан. навуч. устаноў, у большасці прыватных. Да канца стагоддзя яны з’явіліся ў Брэсце, Бабруйску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Мазыры, Слоніме, Слуцку. Дзяўчынак сталі прымаць у нар. вучылішчы нароўні з хлопчыкамі, у Гомелі адкрылася жан. гімназія.

Настаўнікаў для пач. школ рыхтавалі ў настаўніцкіх семінарыях: Маладзечанскай (1-я ў Расіі, засн. ў 1864), Полацкай (1872), Нясвіжскай (1875) і Свіслацкай (1876).

У 1905 на Беларусі было 10 мужч. і 12 жан. гімназій, камерцыйнае, 5 рэальных вучылішчаў, прагімназія (мужчынская), 16 мужч. і 47 жан. прыватных навуч. устаноў. З 1905 па 1914 колькасць пач. (народных) вучылішчаў значна павялічылася.

Развіццё капіталіст. адносін запатрабавала ўдасканалення прафес.-тэхн. адукацыі. Да пач. 20 ст. сетка сярэдняй і ніжэйшай спец. і прафес.-тэхн. адукацыі складалася з сярэдніх і ніжэйшых вучылішчаў, рамесных вучылішчаў і школ, настаўніцкіх і духоўных семінарый. Асобнае месца ў сістэме прафес.тэхн. адукацыі займалі сярэднія спец. навуч. ўстановы — фельчарскія школы, настаўніцкія семінарыі і ін-ты. Пры адсутнасці на тэр. Беларусі ВНУ яны з’яўляліся мясц. цэнтрамі падрыхтоўкі кадраў спецыялістаў.

Навука. Далучэнне бел. зямель да Рас. імперыі дало імпульс развіццю гуманіт. навук. Пачалося комплекснае даследаванне гісторыі, мовы, матэр. і духоўнай культуры бел. этнасу, абумоўленае паліт. і эканам. інтарэсамі рас. улад. У канцы 18 і пач. 19 ст. з’явіліся першыя навук. публікацыі пра Беларусь рас. акадэмікаў І.​І.​Ляпёхіна і В.​М.​Севергіна, апублікаваны вынікі дзейнасці дзярж. устаноў, якія ажыццяўлялі Ген. межаванне зямельнага фонду Беларусі. Працы ў галіне беларусазнаўства выдалі польск. даследчыкі (Л.​Галамбёўскі, А.​Глінскі), рас. навукоўцы (І.​Снегіроў, А.​Афанасьеў, І.​Кірэеўскі), еўрап. славісты (П.​Шафарык).

Пачалі руплівую працу па збіранні і сістэматызацыі гіст.-этнагр., філал., фалькл. матэрыялу і прадстаўнікі самой Беларусі. Вынікам сталі гіст. даследаванні праф. Віленскага ун-та І.​Даніловіча, І.​Анацэвіча, М.​Баброўскага. У 1-й трэці 19 ст. ў віленскім і пецярбургскім перыяд. друку з’явіліся публікацыі бел. даследчыкаў М.​Чарноўскай, І.​Шыдлоўскага, К.​Фалютынскага і інш. У 1840—50-я г. выйшлі ў свет грунтоўныя працы А.​Рыпінскага, Я.​Чачота, Р.​Зянькевіча, Я.​Тышкевіча, П.​Шпілеўскага, Л.​Паўлоўскай, І.​Насовіча. У 2-й пал. 19 ст. з узнікненнем Паўн.-Зах. аддзялення Рус. геагр. т-ва вывучэнне Беларусі набыло дадатковы імпульс. У 1880—90-я г. ў айч. этнаграфіі з’явіўся шэраг фундаментальных работ, выкананых на высокім навук. і метадычным узроўні: І.​Насовіча, Е.​Раманава, М.​Нікіфароўскага, М.​Доўнар-Запольскага, М.​Янчука, А.​Багдановіча.

Навук. асяродкі і калектывы ў 1-й трэці 19 ст. канцэнтраваліся ў Віленскім ун-це. Тут у розныя часы выкладалі такія вядомыя вучоныя, як астраном Я.​Снядэцкі і яго брат, натураліст А.​Снядэцкі, медыкі І.​Франк і Г.​Балнус, гісторыкі І.​Анацэвіч, І.​Лялевель, багаслоў М.​Баброўскі, гісторык права І.​Даніловіч і інш. Пры ун-це працавалі мед., ветэрынарная, агранамічная школы, абсерваторыя, навуковы калектыў аднаго з багацейшых у Еўропе батанічнага саду, заалагічны музей, багатая б-ка, клінікі і аптэка.

Літаратура. Асновай духоўнага нац.-культ. развіцця беларусаў з’яўляўся найбагацейшы фальклор і гісторыя краю, а маст. апрацоўка вуснай нар. творчасці садзейнічала зараджэнню новай бел. літ. мовы і станаўленню нац. л-ры. Ля вытокаў бел. л-ры стаялі А.​Міцкевіч, Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, А.​Рыпінскі, А.​Вярыга-Дарэўскі, У.​Сыракомля, В.​Дунін-Марцінкевіч, Р.​Падбярэскі, Т.​Лада-Заблоцкі. Выдатную ролю ў гэтым працэсе адыгралі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас па Парнасе». У 2-й пал. 19 ст. пачала развівацца грамадз. і публіцыст. лірыка (Ф.​Багушэвіч, А.​Гурыновіч), паглыблялася асваенне сатыр. жанраў (А.​Абуховіч, Ф.​Тапчэўскі). Важную ролю ў развіцці лірычна-філас. кірунку ў паэзіі адыграў Я.​Лучына. Закладзены асновы нац. школы перакладу (А.​Гурыновіч, Я.​Лучына, З.​Трашчкоўская). Гал. тэмамі бел. л-ры пач. 20 ст. былі сац. і нац. вызваленне, барацьба супраць самадзяржаўя, адраджэнне Бацькаўшчыны і роднай мовы, сцвярджэнне чалавечай годнасці, правоў народа на вольнае гіст. развіццё. У гэты бурны час бліскуча раскрыўся талент Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі (А.​Пашкевіч), М.​Багдановіча, А.​Гаруна, Ц.​Гартнага, З.​Бядулі, К.​Буйло, Я.​Журбы, С.​Палуяна і інш.

Вял. ролю ў развіцці бел. культуры і асабліва л-ры адыграла з’яўленне газет і часопісаў на бел. мове. У 1906 у Вільні выдаваліся газ. «Наша доля», у 1906—15 — «Наша ніва», у 1912—14 — часопісы «Маладая Беларусь», «Крапіва», «Лучынка»; у Петраградзе — «Раніца», «Думкі беларускай студэнцкай моладзі». Дзякуючы рэвалюцыі 1905—07 атрымала права на легальнае існаванне і кнігадрукаванне на бел. мове. У Вільні рэдакцыяй газ. «Наша ніва» заснавана выд-ва «Наша хата», у 1906—14 дзейнічалі выд-вы «Мінчук», «Палачанін», «Саха», «Вясёлка». Найб. ўклад у развіццё бел. кнігадрукавання зрабіла суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», заснаванае ў 1906 у Пецярбургу.

Музычнае і сцэнічнае мастацтва ў 19 ст. было неад’емнай часткай свецкага жыцця і гар. культуры. Папулярнымі былі публічныя відовішчы на патрэбы дабрачыннасці. У канцы 18 і 1-й трэці 19 ст. прафес. тэатр на Беларусі прадстаўлялі оперныя і драм. трупы, капэлы, аркестры, якія ўтрымлівалі магнаты і высокапастаўленыя царскія чыноўнікі. Еўрап. вядомасць мелі прыватныя тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку, Агінскага ў Слоніме, Тышкевічаў у Свіслачы і Плешчаніцах, Зорыча ў Шклове, Чарнышова ў Магілёве і Чачэрску. Пры тэатрах існавалі балетныя і інш. школы. Да сярэдзіны 19 ст. тэатры такога тыпу на Беларусі зніклі, пачасціліся гастролі рус., польскіх і ўкр. калектываў, пад уплывам якіх у 1840—50-я г. нараджаўся бел. нац. тэатр. Ініцыятыва яго стварэння зыходзіла ад В.​Дуніна-Марцінкевіча і гуртка блізкай да яго бел. і польскай інтэлігенцыі. У 1852 у мінскім гар. тэатры пастаўлена камічная опера «Сялянка» С.​Манюшкі і К.​Кжыжаноўскага на лібрэта В.​Дуніна-Марцінкевіча. У гэты перыяд здзейснены пастаноўкі твораў гэтых жа кампазітараў «Каспер Хаўзер», «Латарэя», «Канторшчыкі», «Рэкруцкі набор».

Рэпрэсіі пасля паўстання 1863—64 цяжка адбіліся на тэатр. мастацтве. Былі забаронены сцэнічныя пастаноўкі на польскай мове. У такіх абставінах новае развіццё атрымала аматарскае тэатр. мастацтва, якое мела выразна дэмакр. кірунак.

Уздым вызв. руху ў пач. 20 ст. актывізаваў і культ. жыццё. Пачалі дзейнічаць нар. тэатры ў Мінску, Гродне, Полацку, Слуцку, Капылі, Дзісне, Давыд-Гарадку, Радашковічах, Карэлічах і г.д. Інтэлігенцыя ў гарадах і мястэчках наладжвала «беларускія вечарынкі», на якіх выконваліся бел. нар. песні і танцы, дэкламаваліся вершы Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі, ставіліся п’есы бел., укр. і рус. аўтараў. У гэты час узнік маст. калектыў пад кіраўніцтвам І.​Буйніцкага. Ён згуртаваў вакол сябе таленавітых спевакоў, танцораў, музыкантаў, дэкламатараў і ў 1907 стварыў у Палевічах (Дзісенскі пав.) аматарскі тэатр.

У развіцці бел. выяўленчага мастацтва ў 1-й пал. 19 ст. вял. ролю адыграла Віленская школа жывапісу, якая за 25 гадоў сваёй дзейнасці падрыхтавала больш за 250 мастакоў, гравёраў і скульптараў. Для выяўл. мастацтва гэтага перыяду характэрна хуткае развіццё партрэтнага жанру, звязанае з імёнамі мастакоў В.​Ваньковіча, К.​Рыпінскага, І.​Хруцкага і інш. Адным з найб. вядомых партрэтыстаў быў І.​Аляшкевіч. Значнай фігурай у жывапісе быў Я.​Дамель, які ў сваіх палотнах імкнуўся адлюстраваць кульмінацыйныя моманты гіст. развіцця краіны. На яго творах выхоўваліся бел. мастакі: Я.​Сухадольскі, А.​Шэмеш, К.​Рыпінскі, Ю.​Карчэўскі. У пейзажным жанры найб. ярка раскрыўся талент В.​Дмахоўскага.

Закрыццё Віленскага ун-та адмоўна адбілася на маст. жыцці Беларусі, пачаўся адток таленавітых мастакоў у Пецярбург, Маскву і за мяжу. Толькі ў 1886 заснавана Віленская рысавальная школа, якая давала першапачатковую маст. адукацыю і рыхтавала выкладчыкаў для мясц. гімназій.

У 1870-я г. бел. жывапісец К.​Альхімовіч стварыў шэраг палотнаў на гіст. тэмы. Да гіст. сюжэтаў, асабліва гісторыі ВКЛ, звяртаўся і Ф.​Дмахоўскі. У 2-й пал. 19 ст. атрымалі развіццё пейзаж (А.​Гараўскі), партрэтны жывапіс (Н.​Сілівановіч). Пачаў развівацца графічны жанр (Р.​Гаўрылаў, С.​Кудраўцаў, П.​Баркоўскі). Бел. мастакі-графікі ў сваёй большасці былі выхадцамі з сялян і бедных пластоў гар. насельніцтва, што адбілася ў асн. сюжэтах. Прыкметны след у бел. выяўл. мастацтве пакінуў Дз.​Струкаў. Жыццё бел. народа, краявіды гарадоў, помнікі архітэктуры знайшлі адлюстраванне ў творах Э.​Паўловіча і М.​Кулеша.

Фарміраванню маст. культуры ў гэты перыяд спрыяла збіральніцкая дзейнасць бел. мецэнатаў, якія не толькі падтрымлівалі мастакоў, але і фарміравалі маст. калекцыі. У маёнтках Пуслоўскіх у Слоніме, графа Храптовіча ў Шчорсах, графа Тышкевіча ў Лагойску, Слізеня ў Бортніках (каля Навагрудка) былі вял. зборы жывапісу, скульптуры і графікі.

У 1890-я г. ўзніклі прыватныя маст. школы — Ю.​Пэна ў Віцебску, Я.​Кацэнбогена ў Мінску, наладжваліся маст. выстаўкі ў Віцебску (1890), Мінску (1891). Пачало дзейнасць новае пакаленне мастакоў — Ю.​Пэн, Я.​Кругер, Ф.​Рушчыц, У.​Бялыніцкі-Біруля і інш.

Канфесіянальная палітыка. У канцы 18 ст. на землях ВКЛ, якія адышлі да Рас. імперыі, пражывала каля 39% уніятаў, 38% рыма-католікаў, 10% іудзеяў, 6,5% праваслаўных, 4% старавераў, 2,5% пратэстантаў, мусульман і караімаў. На далучаных землях царскі ўрад дазволіў дзейнасць усіх канфесій. Але замест панаваўшага каталіцтва ён імкнуўся зацвердзіць пануючае ў Рас. імперыі праваслаўе. Палітыка Рас. імперыі, скіраваная на ўмяшанне свецкай улады ў справы царквы з мэтай ператварэння царк. структуры ў разнавіднасць дзярж. апарату, стала распаўсюджвацца і на тэр. бел.-літ. губерняў. Адбывалася гэта шляхам стварэння сеткі прыходаў, набліжэння межаў епархій да межаў губерняў, падпарадкавання царк. структур духоўным праўленням і кансісторыям. Праваслаўныя і стараверы былі падпарадкаваны Свяцейшаму Урадаваму Сіноду, а ўсе астатнія (у канчатковым выніку) — Дэпартаменту духоўных спраў замежных веравызнанняў Мін-ва ўнутр. спраў.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай на тэр. ўсх. Беларусі працягвалі сваю дзейнасць Полацкае уніяцкае архіепіскапства і Магілёўская (Бел.) правасл. епархія. Паколькі рымска-каталіцкія парафіі гэтай тэрыторыі ўваходзілі ў склад Віленскага каталіцкага біскупства (цэнтр якога заставаўся па-за межамі імперыі), то для іх у 1773 утворана Бел. рымска-каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве, а ў 1782 — Магілёўскае архібіскупства.

З далучэннем у 1793 новых тэрыторый заснавана Мінская правасл. епархія, а пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 — Інфлянцкая (на месцы Віленскай) і Пінская каталіцкія епархіі. У 1798 замест іх на тэр. Міншчыны, Віленшчыны і Гродзеншчыны ўтвораны новыя Мінская і Віленская каталіцкія епархіі. У тым жа годзе на тэр. Мінскай і Літоўскай губ. створана Брэсцкае уніяцкае епіскапства. У 1810 тэр. структура уніяцкай царквы набыла наступны выгляд: мітрапаліцкая з цэнтрам у Вільні, архіепіскапская — у Полацку і епіскапская — у Брэсце.

Адносіны паміж найбольшымі хрысціянскімі канфесіямі (правасл., уніяцкай, рыма-каталіцкай) на бел. землях былі складаныя. У 1780-я г. ўлады дазволілі правасл. святарам займаць месцы ва уніяцкіх прыходах, што было скарыстана для схілення уніятаў у праваслаўе, асабліва ў прыходах, дзе ўладальнікамі сталі рускія памешчыкі. 22.4.1794 Кацярына II выдала ўказ аб ліквідацыі перашкод да вяртання уніятаў у правасл. веру. У 1795 у Магілёўскай правасл. епархіі да праваслаўя далучана 105 уніяцкіх цэркваў з 34 святарамі і амаль 120 тыс. прыхаджан, у 1795—96 у Мінскай епархіі праваслаўнымі сталі 124 уніяцкія царквы, 39 капліц, 15 святароў і каля 85 тыс. прыхаджан.

Духоўная ўлада над уніяцкай царквой практычна была перададзена ў рукі рымска-каталіцкага мітрапаліта С.​Богуша-Сестранцэвіча, што прывяло да масавых пераходаў уніятаў у каталіцтва. Гэтаму садзейнічалі і памешчыкі-католікі. У 1803 у Полацкай уніяцкай епархіі перайшло ў каталіцтва каля 100 тыс. (па іншых звестках, каля 200 тыс.) уніятаў, у Дзісенскім і Вілейскім пав. Мінскай губ. — каля 20 тыс. і г.д. Рэскрыптам ад 4.7.1803 Аляксандр I забараніў пераходы ў каталіцтва. Шматлікія паўторы гэтых забарон сведчылі пра невялікую іх эфектыўнасць. 8.8.1810 выдадзены ўказ аб тэрміне даўнасці для тых, хто пакінуў уніяцтва.

Рэлігійная спецыфіка ў бел.-літ. губернях заключалася ў тым, што ўсё каталіцкае, мусульманскае, кальвінісцкае, частка уніяцкага і правасл. духавенства належала да дваранскага саслоўя і карысталася яго правамі. Сярод вышэйшага каталіцкага і уніяцкага духавенства былі прадстаўнікі магнатаў і буйной шляхты (І.​Масальскі, Ю.​Касакоўскі, І.​Булгак). Астатняя частка прыходскага уніяцкага, правасл. і лютэранскага духавенства належала да духоўнага саслоўя, якое ў гэты перыяд канчаткова сфарміравалася як прывілеяванае і даволі закрытае. Апошняе найперш тычылася правасл. і уніяцкіх святароў, бо свае прыходы яны атрымлівалі ў спадчыну ад бацькі да сына або дзякуючы шлюбу з дачкой свяшчэнніка.

Міжканфесіянальныя адносіны выяўляліся ў распаўсюджанасці на тэр. Беларусі змешаных шлюбаў і цесна звязаных з імі пераходаў з аднаго веравызнання ў іншае. З 1777 рус. чыноўнікам, якія прыязджалі на службу ў новыя губерні, дазвалялася браць змешаныя шлюбы толькі з дазволу Св. Сінода, паводле якога дзеці ад такіх шлюбаў павінны былі выхоўвацца выключна ў правасл. веры. «Спакушэнне» ў нехрысціянскае веравызнанне каралася пазбаўленнем усіх правоў, маёмасці і катаржнымі работамі тэрмінам ад 8 да 10 гадоў. Толькі пануючай канфесіі дазвалялася права агітаваць да пераходу.

У канцы 1827—пач. 1828 з’явіўся праект скасавання уніяцкай царквы. Асн. яго ідэямі былі: адрыў уніятаў ад уплыву каталіцтва шляхам скасавання часткі базыльянскіх кляштараў, стварэнне асобнай грэка-уніяцкай духоўнай калегіі, адкрыццё новых навуч. устаноў для падрыхтоўкі юнакоў у правасл. традыцыях. Указам ад 28.4.1828 заснавана асобная ад каталіцкай грэка-уніяцкая духоўная калегія. Адначасова замест 4 уніяцкіх епархій ствараліся 2 — Бел. і Літоўская. Забаранялася накіроўваць юнакоў-уніятаў на вучобу ў Рым і Гал. каталіцкую семінарыю ў Вільні; тыя, хто там ужо вучыліся, былі адкліканы.

За ўдзел базыльянскіх манахаў у паўстанні 1830—31 ​2/3 іх кляштараў былі ліквідаваны, адначасова скасоўвалася ўлада правінцыялаў ордэна. Урад дазволіў манахам скасаваных кляштараў, якія раней былі католікамі, вярнуцца ў каталіцызм. Да 1836 з ордэна адышло каля 200 базыльян.

Наступным крокам было стварэнне ў 1836 Сакрэтнага к-та па уніяцкіх справах. Пасля смерці ў 1838 уніяцкага мітрапаліта І.​Булгака, які быў апошняй перашкодай у справе скасавання уніі, грэка-уніяцкую калегію ўзначаліў літоўскі епіскап І.​Сямашка, які сумесна з епіскапамі В.​Лужынскім і А.​Зубко падтрымалі ідэю ліквідацыі уніяцтва. 12.2.1839 у Полацку ў прысутнасці вышэйшага уніяцкага духавенства падпісаны Саборны акт з просьбай аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. Пастанова Св. Сінода была зацверджана Мікалаем I. У выніку канфесіянальнай палітыкі канца 18—1-й пал. 19 ст. большая частка насельніцтва Беларусі стала праваслаўнай. У пач. 1860-х г. у 5 бел. губернях пражывала 2645,7 тыс. праваслаўных (разам са стараверамі), 1333,8 тыс. католікаў, 10,8 тыс. пратэстантаў, 463,2 тыс. іудзеяў, 3,7 тыс. мусульман.

У мэтах замацавання правасл. веры было вырашана адрадзіць брацкі рух. У 1864 зацверджаны асн. правілы для заснавання правасл. царкоўных брацтваў, найб. вядомыя з іх брацтвы ў Полацку, Магілёве, Віцебску. Правасл. манастыры садзейнічалі аднаўленню брацтваў, стварэнню брацкіх школ, вялі выдавецкую дзейнасць, адчынялі прытулкі і багадзельні.

Для ўзмацнення пазіцый правасл. царквы ў бел.-літ. губернях хуткімі тэмпамі будаваліся і рамантаваліся правасл. храмы, пераводзіліся з унутр. губерняў святары. Для правасл. цэркваў прыстасоўвалі зачыненыя пасля паўстання 1863—64 касцёлы. За некалькі гадоў пасля паўстання ў Літоўскай епархіі (ахоплівала Віленскую, Гродзенскую і Ковенскую губ.) праваслаўнымі сталі 30 тыс. католікаў, у Мінскай епархіі — адпаведна 37 тыс. Паводле перапісу 1897 колькасць правасл. і аднаверцаў складала 60% ад агульнай колькасці насельніцтва 5 губерняў (па 35 бел. паветах — 70,8%).

Каталіцкая царква ў адрозненне ад правасл. страчвала свой уплыў на Беларусі. У час паўстання 1863—64 большасць каталіцкага духавенства апынулася на баку паўстанцаў. За гэта ўрад павёў на Беларусі мэтанакіраваную і жорсткую лінію ў адносінах да каталіцкай царквы. За ўдзел у паўстанні на Літве і Беларусі 8 каталіцкіх святароў былі пакараны смерцю, прычым кожны другі — толькі за чытанне рэв. маніфеста. Дзесяткі ксяндзоў сасланы ў Сібір або ва ўнутр. губерні Расіі, пазбаўлены сану, панеслі інш. пакаранні. Закрываліся касцёлы і кляштары. За 1864—67 у Віленскай і Гродзенскай губ. іх скасавана 140. З мэтай паслаблення ўплыву каталіцкіх святароў на бел. народ быў распрацаваны план «распалячвання касцёла», сутнасць якога зводзілася да ўжывання ў каталіцкіх касцёлах бел. губерняў рус. мовы замест польскай.

У 1860—70-я г. ўрад дазволіў прыхільнікам т.зв. «менш шкодных» сектаў, у т. л. стараверам (стараабраднікам) ствараць школы граматы, пасылаць дзяцей у агульныя навуч. ўстановы без абавязковага вывучэння Закона Божага, чыніць грамадскую малітву, выконваць адправы і набажэнствы па сваіх абрадах. Відаць, гэтым пераменам садзейнічалі не толькі агульныя абставіны правядзення бурж. рэформ, але і адносіны старавераў да паўстання 1863, якія выявіліся ў падтрымцы царскага ўрада. Паводле ўказа ад 3.5.1863 члены ўсіх «стараверскіх» сектаў, акрамя скапцоў, атрымлівалі пашпарты і маглі перамяшчацца ўнутры Рас. імперыі на агульных умовах. Ім дазвалялася займацца гандлем і промысламі, займаць службовыя пасады і г.д.

У пач. 1860-х г. у 5 губернях пражывала 19 951 чал. пратэстанцкага веравызнання. Найб. іх колькасць (гал. чынам лютэран) знаходзілася ў Віцебскай губ. У 1860—90-я г. колькасць пратэстантаў на Беларусі павялічылася, узнікла некалькі іх новых плыней. У 1870-я г. ў Гомельскім пав. выяўлены штундысты, у 1880-я г. яны з’явіліся ў Рагачоўскім пав., Віцебскай губ. і інш. У 1894 штундызм аб’яўлены ў Рас. імперыі па-за законам, ён пайшоў на спад і з цягам часу зліўся з баптызмам. Баптысцкія абшчыны былі заснаваны на Гомельшчыне, у Слуцкім і Пінскім пав., пазней — у Мінску, Віцебскай губ. Крыху пазней на Беларусі з’явілася евангелічнае хрысціянства. У пач. 20 ст. на Беларусі пачало распаўсюджвацца адвентысцкае веравучэнне.

Даволі значную групу ў колькасных адносінах складалі іудзеі. У пач. 1860-х г. у 5 бел. губернях пражывала 463 217, паводле перапісу 1897—1 209 815 іудзеяў. Палітыка царызму ў бел. краі наклала адбітак і на яўр. насельніцтва. Ім забаранялася насіць яўр. адзенне, у яўр. навуч. установах уводзілася абавязковае вывучэнне рус. мовы. Нягледзячы на насцярожаныя адносіны да гэтага з боку меламедаў і трымальнікаў хедэраў, цяга яўр. насельніцтва да ўспрыняцця рус. мовы і культуры была вялікая. Яўр. абшчыны стваралі школы рус. граматы, арганізоўвалі прыватнае вывучэнне рус. мовы для дзяцей, час ад часу рус. мова гучала і ў сінагогах. Яўр. адукацыя набывала ўсё больш свецкі характар, моладзь імкнулася вучыцца ў гімназіях, ун-тах, адыходзіла ад рэлігіі сваіх продкаў. Яўр. пагромы, якія пракаціліся па імперыі ў пач. 1880-х г., вымусілі многіх змяніць свае погляды. Нават тыя, хто раней выступаў за брацтва народаў, пачалі пісаць і гаварыць аб тым, што «трэба заставацца яўрэямі».

У пач. 1860-х г. у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. пражывала 6196 татараў-мусульман, у 1897—13 877 чал. Адносіны ўлад да іх былі лаяльныя. Паводле заканадаўства Рас. імперыі духоўныя асобы мусульман і мячэці ўтрымліваліся на сродкі саміх прыхаджан. Сярод татараў-мусульман пэўны час захоўвалася тэндэнцыя выкарыстання польскай мовы як больш «сацыяльна прэстыжнай». З сярэдзіны 19 ст. яна пачала выцясняцца рускай.

17(29).4.1905 у Рас. імперыі прыняты ўказ, паводле якога праваслаўным дазвалялася пераходзіць у інш. хрысціянскія веравызнанні, што і было скарыстана многімі вернікамі. Паводле звестак Дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў, у 1905—09 з праваслаўя ў каталіцтва ў Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай, Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Люблінскай, Сядлецкай і Сувалкаўскай губ. перайшлі 211 566 чал. (30 862 сям’і). 18.8.1905 Мін-ва ўнутр. спраў выдала часовыя правілы пераходу з правасл. веравызнання ў інш. хрысціянскае і вяртання з праваслаўя ў нехрысціянскую веру. Дазволіўшы свабодны пераход з аднаго веравызнання ў іншае (і гал. — з праваслаўя), гэты ўказ толькі ўскосна аслабляў дзейнасць старых юрыд. норм, дзярж. законы, як і раней, лічылі правасл. веру «первенствующей и господствующей».

Нацыятворчыя працэсы. Першую фазу працэсу фарміравання бел. нацыі можна аднесці на пач. 19 ст., калі абуджалася цікавасць да гіст. культуры мясц. этналінгвістычных супольнасцей. У той час, калі Варшава страчвала моц дзярж. ўплыву на Беларусь, а Пецярбург такую моц у адносінах да яе яшчэ толькі набіраў, у асяроддзі шляхты ўмацоўваліся настроі і пачуцці «мясцовага» патрыятызму.

Праявай такога патрыятызму стала захапленне фальклорам, мовай, звычаямі і традыцыямі простага народа. З часам многія прыхільнікі і шукальнікі нар. песень пераходзілі да самаст. творчасці, выкарыстоўваючы нар. сюжэты, стыль і мову. Імкненне да сур’ёзнага іх вывучэння было асновай дзейнасці і творчасці пісьменнікаў, этнографаў, фалькларыстаў Я.​Баршчэўскага, В.​Рэута, В.​Дуніна-Марцінкевіча, У.​Сыракомлі, Я.​Чачота, А.​Кіркора, П.​Шпілеўскага і інш. Зварот да фалькл. спадчыны быў важным крокам на шляху сцвярджэння нац. самасвядомасці, усведамлення свайго гіст. аблічча, месца ў свеце.

На гэтай фазе «культурнага накаплення», «залатога часу» лексікографаў, граматыкаў, філолагаў і літаратараў бел. мова стала гал. элементам нац. ідэнтычнасці, а нац. ідэя найперш грунтавалася на сцверджаннях пра старажытнасць, спрадвечнасць этнічнай культуры, на імкненні спраецыраваць існаваўшыя этнакультурныя межы як мага глыбей у мінулае, ідэнтыфікаваць продкаў са славутымі народамі, вядомымі па старажытных пісьмовых і фалькл. крыніцах.

Моўны крытэрый быў пакладзены і ў аснову вызначэння этнічных межаў рассялення беларусаў. Першая спроба ў гэтым належыць чэшскаму славісту П.​Шафарыку. Выкарыстаўшы матэрыялы П.​Кепена, А.​Бадзянскага, З.​Даленгі-Хадакоўскага, а таксама свае асабістыя веды, ён склаў карту рассялення слав. народаў. У тэрыторыю кампактнага пражывання беларусаў ён уключаў Мінскую і Магілёўскую губ. (цалкам), большую частку Віцебскай і Гродзенскай, часткова Віленскую губ. Усяго на гэтых абшарах на той час пражывала 2726 тыс. беларусаў, з якіх 2376 тыс. (87,2%) былі праваслаўнымі і каля 350 тыс. (12,8%) католікамі. На поўначы мяжа рассялення беларусаў даходзіла да г. Люцын, уключаючы Невельскі, Веліжскі, Себежскі пав.; на захадзе — за Беласток, да г. Бельск. Недахоп звестак не дазволіў Шафарыку вызначыць дакладную мяжу бел. этнасу на ўсходзе, поўдні і паўн. захадзе, таму на гэтых напрамках яна была праведзена па былых граніцах ВКЛ.

У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пачалі складвацца эканам. перадумовы фарміравання бел. нацыі: працэсы урбанізацыі, фарміраванне рынку і сеткі дарог. У 2-й пал. 19 ст. нацыятворчыя працэсы развіваліся ў яшчэ больш цеснай сувязі з сур’ёзнымі трансфармацыямі эканам. жыцця. Стварэнне чыг. сеткі, рост гандлю, пашырэнне рыначных адносін, узмацненне сац. мабільнасці, развіццё сродкаў камунікацыі актывізавалі працэсы этнакультурнай кансалідацыі. Калі канец 18—1-я пал. 19 ст. толькі стваралі эканам. ўмовы фарміравання бел. нацыі, то 2-я пал. 19 ст. забяспечыла эканам. глебу для яе станаўлення, а пач. 20 ст. выканаў ролю эканам. складаючай нац. дзяржаўнасці.

Рынак не толькі аб’ядноўваў эканам. намаганні асобных індывідаў, ён ставіў іх перад неабходнасцю засваення «высокай» (пісьмовай) культуры на агульнанац. мове. Але ў часы, калі «высокая» беларускамоўная культура толькі нараджалася, ролю моўнага інтэгратара мясц. соцыуму ў значнай ступені бралі на сябе рус. альбо польская мовы. Гэта сур’ёзна дэфармавала працэс кансалідацыі бел. этнасу ў нацыю, было прычынай асіміляцыйных тэндэнцый. Важныя сац. наступствы мела нараджэнне фабр.-заводскай прам-сці і чыг. сістэмы, фарміраванне пралетарыяту і буржуазіі, у т. л. і яго эліты — прадпрымальнікаў. Пры гэтым на Беларусі названыя сац. пласты рэкрутаваліся пераважна з небел. паводле этнічнай ідэнтыфікацыі асяроддзя і з’яўляліся хутчэй апанентамі, чым удзельнікамі працэсу фарміравання бел. нацыі. Адсутнасць дзярж., мытных і нават адм. межаў паміж бел. этнічнай тэрыторыяй і суседнімі рэгіёнамі мела вынікам тое, што інтэграцыя соцыуму рынкам адбывалася ў больш шырокіх межах, яна хутчэй размывала, чым выяўляла тэр. і сацыякультурныя характарыстыкі бел. нацыі.

Усе гэтыя працэсы прывялі да актывізацыі нац. руху. Разам з тым ён набываў больш папулісцкі характар, што было выклікана рэакцыяй ніжэйшых пластоў насельніцтва на рэаліі мадэрнізацыі развіцця капіталіст. адносін. Бел. нац. рух набываў форму лідэрства інтэлектуалаў, якія імкнуліся ўзрушыць сілы народа і скіраваць іх на падтрымку нац. ідэі.

У 2-й пал. 1850-х г., у час грамадскага абуджэння ў Рас. імперыі, назіралася далейшае развіццё бел. нац.-культ. руху сярод інтэлігенцыі Вільні, Мінска, Віцебска (гурткі А.​Кіркора, В.​Дуніна-Марцінкевіча, А.​Вярыгі-Дарэўскага). Захапленне элітай бел. народнай культурай і мовай атрымала саркастычную назву «хлапаманія». Бел. нац. пытанне — у сувязі с польскім, літоўскім, украінскім — ставілася на сходках зямляцтваў і гурткоў рэв. моладзі. Падаўленне паўстання 1863—64 і масавыя рэпрэсіі ў адносінах да яго ўдзельнікаў, жорсткі рэжым выключных законаў надоўга затрымалі развіццё нац. руху. На мяжы 1870—80-х г. у вышэйшых установах Пецярбурга і інш. гарадоў утварыліся гурткі студэнтаў-беларусаў рэв.-дэмакр. і ліберальнага кірункаў (напр., асветніцкая арг-цыя «Крывіцкі вязок»). Яны падпольна выдалі шэраг публіцыст. твораў, дзе абвяшчалі існаванне беларусаў як «асобнай галіны славянскага племені».

У 1891 Ф.​Багушэвіч у прадмове да зб. «Дудка беларуская» сфармуляваў бел. нац. ідэю, якая грунтавалася на гіст. традыцыі ВКЛ і асэнсаванні бел. мовы як вызначальнага індыкатара бел. нацыі. У канцы 1890-х г. сярод навучэнцаў Мінска па ініцыятыве А. і І. Луцкевічаў утварыўся гурток з мэтай вывучэння Беларусі і распрацоўкі бел. нац. пытання. У 1902 В.​Іваноўскі і браты Луцкевічы заснавалі «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» ў Пецярбургу. Зімой 1902—03 на аснове нац.-культ. гурткоў бел. моладзі Мінска, Вільні, Пецярбурга ўтворана Бел. сацыяліст. грамада (І. і А. Луцкевічы, А.​Пашкевіч, К.​Кастравіцкі, А.​Бурбіс, В.​Іваноўскі, Ф.​Умястоўскі). Легальным органам БСГ стала газ. «Наша доля», якая пачала друкавацца ў Вільні з вер. 1906 кірыліцай і лацінкай (адно выданне прызначалася для беларусаў праваслаўных, другое — для католікаў), але яна была забаронена ўладамі ў студз. 1907. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць газ. «Наша ніва», якая амаль дзесяцігоддзе з’яўлялася паліт. і культ. цэнтрам нацыятворчага працэсу. Важную ролю ў развіцці бел. нац.-культ. руху адыграла дзейнасць кнігавыдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», заснаванай у маі 1906 у Пецярбургу па ініцыятыве Б.​І.​Эпімах-Шыпілы.

Менавіта вакол БСГ, «Нашай нівы» і бел. выдавецтваў гуртаваліся нац. свядомыя бел. сілы. Ідэя дзяржаўнасці Беларусі як гарантыі вольнага развіцця народа, яго культуры стымулявала творчасць вядучых культ. дзеячаў Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Я.​Лёсіка, А.​Гаруна, В.​Ластоўскага. Важны ўклад у вывучэнне нар. культуры і мовы зрабілі Е.​Раманаў, Я.​Карскі, М.​Нікіфароўскі, М.​Доўнар-Запольскі. Паступова і мэтанакіравана намаганнямі бел. інтэлігенцыі стваралася навук. беларусазнаўства.

Бел. нац. ідэя вызначала і культ.-асветніцкую дзейнасць інтэлігенцыі, якая актывізавалася пасля рэвалюцыі 1905—07. Дзякуючы яе намаганням з’явіўся бел. тэатр і друк. У 1908—14 дзейнічала 6 бел. выд-ваў, выйшлі ў свет 77 бел. кніжак агульным тыражом 600. У пач. 20 ст. з’явілася значная колькасць тэкстаў, якія ствараюць канон нац. культуры, і было пабудавана ўласнае бачанне гісторыі народа.

Такім чынам, на мяжы 19 — пач. 20 ст. практычна склаўся ўвесь «будаўнічы набор» бел. нацыі. Але некат. яго элементы пакуль толькі пазначылі сваю прысутнасць і існавалі хутчэй як патэнцыял, не выяўляючы ў поўнай меры ні свае магчымасці, ні рэальную сілу. Сваю ролю тут адыгралі палітызацыя канфесіянальных падзелаў (праваслаўя і каталіцтва), канфлікт буйных паліт. сіл — польскага і рас. нацыяналізму. Прычым за апошнім стаяла моц Рас. імперыі, для якой фарміраванне бел. (як і ўкр.) нацыі было крайне непажаданым, бо ставіла пад пагрозу адзінства яе этнакульт. ядра. Да таго ж этнічныя і культ. характарыстыкі беларусаў нярэдка станавіліся аб’ектам дыскусій нац. актывістаў. Усё гэта ўскладняла працэс ідэнтыфікацыі лакальнай супольнасці.

На мяжы 19—20 ст. бел. нац. ідэя канкурыравала з канцэпцыямі «заходнерусізму» і «краёвасці», кожная з якіх стварыла сваю іерархію ідэнтычнасцей і каштоўнасцей. Сутнасць заходнерусізму вызначаецца словамі М.​Каяловіча: «Расійскі народ складаецца з трох пляменьняў: вялікарусаў, маларосаў і беларусаў. Гэта — факт расійскага жыцця; даўно ён існуе, і, безумоўна, будзе існаваць далей, пакуль у Расіі будзе просты народ... Бязглузда было б нам дзяліцца на племянныя групы. А тым больш праводзіць гэты падзел у народ». Сутнасным элементам гэтай канцэпцыі з’яўлялася таксама ўпэўненасць у тым, што паліт. незалежнасць Беларусі — гэта шкодная утопія.

Асн. пастулатам краёвай ідэалогіі было сцвярджэнне, што ўсе карэнныя народы «Беларуска-літоўскага краю» ўтвараюць адзіную нацыю, да якой належыць кожны, хто адчувае сябе грамадзянінам краю незалежна ад сац. паходжання і культ. арыентацыі. З прапагандай краёвых поглядаў выступілі Р.​Скірмунт, К.​Скірмунт, М.​Ромер і інш. Кіраўнікі бел. руху браты Луцкевічы і Ластоўскі прынялі гэтую ідэю і актыўна яе прапагандавалі. А.​Луцкевіч спадзяваўся, што папулярызацыя ідэі паліт. нацыі на польскай і рус. мовах паспрыяе далучэнню да бел. руху як русіфікаваных, так і паланізаваных беларусаў.

Адным з актаў краёўцаў было ўтварэнне ў канцы 1915 у акупіраванай немцамі Вільні Часовай рады Канфедэрацыі Вял. княства Літоўскага. Гэтая арг-цыя аб’ядноўвала дзеячаў розных нац.-культ. рухаў, а ініцыятыва яе стварэння належала беларусам. Аднак выпрабавання часам яна не вытрымала. Абвастрэнне міжэтнічных адносін (асабліва польска-літоўскіх) і радыкалізацыя бел. руху, якая адбылася пасля Лют. рэвалюцыі 1917, знішчылі падмурак канфедэрацыі. БСГ, якая адрадзілася ў 1917, успрымала бел. этнас як сял.-рабочы, прадстаўнікам іншых колаў амаль немагчыма было заваяваць давер сацыялістаў. Аднак ідэя дзяржаўнасці гіст. Літвы яшчэ ў 1917 дамінавала ў бел. руху на захад ад лініі фронту. Такім чынам, на пач. 20 ст. ідэя паліт. нацыі не стала падмуркам бел. руху, хаця вельмі актыўна выкарыстоўвалася беларусамі.

Суіснаванне канфліктуючых уяўленняў аб гіст. лёсе бел. нацыі вызначала ў гэты перыяд логіку і тэмпы фарміравання нац. свядомасці, шырэй — нац. кансалідацыі. Паміж момантам, калі нацыя была «ўяўлена» прадстаўнікамі эліты, і момантам, калі адпаведная гэтаму нац. ідэнтычнасць зацвердзілася сярод супольнасці і атрымала паліт. афармленне, прайшоў пэўны час, што спарадзіла меркаванні асобных даследчыкаў аб «замаруджаным» развіцці бел. нацыі. Трэба адзначыць, што ў 2-й пал. 19 ст. бел. нацыяналізм толькі ўсталёўваўся як мабілізацыйны рэсурс паліт. дзеяння ў барацьбе са старымі (рэліг. і дынастычны) і новымі (класавая барацьба) формамі паліт. дыскурсу. Толькі з часу падзей 1917 праблемы Беларусі як асобнай этнатэр. адзінкі («беларускае пытанне») выносяцца ў фокус грамадскай барацьбы. Менавіта гэты час стаў лёсавызначальным для нац.культ. ідэнтыфікацыі бел. этнасу і яго паліт.-дзярж. самавызначэння.

Літ.:

Бутурлин Д.П. История нашествия императора Наполеона на Россию в 1812 году. Ч. 1—2. СПб., 1823—24;

Богданович М.И. История Отечественной войны 1812 года по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;

Тройницкий А.П. Крепостное население России по X народной переписи. СПб., 1861;

Ратч В. Сведения о польском мятеже 1863 года в Северо-Западной России. Вильно, 1867;

Gillez A. Historia Powstania Narodu Polskiego w 1861—1864 r. T. 1. Paryż, 1867;

Яблочков М. История дворянского сословия в России. СПб., 1876;

Вержбовский Ф. К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодежи в 1819—1823. Варшава, 1898;

Краснянский В.Г. Минский департамент Великого княжества Литовского. СПб., 1902;

Корф С.А. Дворянство и его сословное управление за столетие 1762—1855 годов. СПб., 1906;

Довнар-Запольский М.В. Народное хозяйство Белоруссии 1861—1914 гг. Мн., 1926;

Лушчыцкі І. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі Беларусі ў другой палове XIX ст. Мн., 1958;

Корнейчик Е. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г. Мн., 1962;

Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—07 гг. Мн., 1962;

Улащик Н.Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии. М., 1965;

Чепко В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX века. Мн., 1966;

Яе ж. Города Белоруссии в первой половине XIX века: (Экон. развитие). Мн., 1981;

Кацер М.С. Изобразительное искусство Белоруссии дооктябрьского периода. Мн., 1969;

Абезгауз З.Е. Развитие промышленности и формирование пролетариата Белоруссии во второй половине XIX века. Мн., 1971;

Мохнач Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е годы XIX века. Мн., 1971;

Бич М. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии 1883—1903. Мн., 1973;

Яго ж. Рабочее движение Белоруссии 1861—1904. Мн., 1983;

Дробов Л.М. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Болбас М.Ф. Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;

Корелин А.П. Дворянство в пореформенной России, 1861—1904 гг. М., 1979;

Самбук С.М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX века. Мн., 1980;

Kumor B. Ustrój i organizacja kościola polskiego w okresie niewoli narodowej, 1772—1918. Kraków, 1980;

Лосинский Н. Революционно-народническое движение в Белоруссии (1870—1884). Мн., 1983;

История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1. Мн., 1984;

Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло: XIX — пачатак XX ст. Мн., 1984;

Gach P.P. Kasaty zakonów na ziemiach dawniej Rzeczypospolitej i Sląśka, 1773—1914. Lublin, 1984;

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985;

Зайончковский П.А. Правительственный аппарат самодержавной России в XIX в. М., 1987;

Философская и общественно-политическая мысль Беларуси и Литвы: (Дооктябрьский период). Мн., 1987;

Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987;

Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1987;

Калиновский К. Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990;

Яго ж. Наемный труд в сельском хозяйстве Беларуси 1861—1914 гг. Мн., 1996;

Sikorska-Kulesza J. Drobna szlachta w zachodniej Białorusi na Litwie w XIX w. Warszawa, 1990;

Думін С.У., Канапацкі І.Б. Беларускія татары: Мінулае і сучаснасць. Мн., 1993;

Крук У.П. Сялянскі рух на Беларусі, 1864—1900 гг. Мн., 1993;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;

Очерки истории науки и культуры Беларуси. Мн., 1996;

Litak S. Kościół laciński w Rzeczypospolitej około 1772 roku. Lublin, 1996;

Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны II. Мн., 1996;

Яго ж. Генеральнае межаванне на Беларусі. Мн., 1996;

Яго ж. Черта оседлости. Мн., 1998;

Яго ж. Інкарпарацыя. Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай. Мн., 2003;

Луговцова С.Л. Политика российского самодержавия по отношению к дворянству Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX века. Мн., 1997;

Шыбека З.В. Гарады Беларусі: (60-я гг. XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1997;

Канфесіі на Беларусі: (Канец XVIII — XX ст.). Мн., 1998;

Снапкоўская С.В. Адукацыйная палітыка і школа на Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX стст. Мн., 1998;

Гарбацкі А.А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX ст. Брэст, 1999;

Горизонтов Л.Е. Парадоксы имперской политики: поляки в России и русские в Польше. М., 1999;

Забаўскі М.М. Расійская Дзяржаўная дума ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі (1906—1917 гг.). Мн., 1999;

Капилов А.Л., Ахвердова Е.И. Музыкальная культура Беларуси XIX — нач. XX веков. Мн., 2000;

Куль-Сяльверстава С. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур. Мн., 2000;

Сосна У.А. Фарміраванне саслоўна-групавога складу сялянства Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. Мн., 2000;

Бейлькин Х.Ю. Аграрный кризис конца XIX века и структурная реконструкция сельского хозяйства Беларуси. Мн., 2001;

Гарбачова В.В. Паўстанне 1830—1831 гг. на Беларусі. Мн., 2001;

Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй: Пол. рух на бел. і літ. землях, 1864—1917. Гродна, 2001;

Швед В.В. Паміж Польшчай і Расіяй: грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772—1863 гг.). Гродна, 2001;

Гісторыя сялянства Беларусі: Са стараж. часоў да нашых дзён. Т. 2. Мн., 2002;

Киштымов А.Л. Экономические достижения Беларуси в XIX — начале XX в. // Гісторыя Беларусі ў еўрапейскім кантэксце. Мн., 2002;

Марозава С. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596—1839). Гродна, 2002;

Соколова М. Общественные объединения и движения в Беларуси в конце 18 — начале 20 века: проблемы становления гражданского общества. Мн., 2002;

Філатава А.М. Саслоўная палітыка царскага ўраду ў Беларусі, 1772—1860 гг. // Гіст. альманах. Гародня, 2002. Т. 6;

Яноўская В.В. Хрысціянская царква ў Беларусі ў 1863—1914 гг. Мн., 2002;

Жытко А.П. Дваранства Беларусі перыяду капіталізму: 1861—1914 гг. Мн., 2003;

Люты А.М. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове XVIII — першай палове XIX стагоддзя. Мн., 2004.

Н.​В.​Анофранка, А.​У.​Ерашэвіч, А.​Л.​Кіштымаў, М.​А.​Сакалова, В.​П.​Панюціч, А.​М.​Філатава., Г.​Філякоў, В.​В.​Яноўская.

Бітва пры Клясціцах каля Полацка. Ліпень 1812. Мастак П.​Гес.
Каля Бярэзіны. Лістапад 1812 г. Гравюра 1-й чвэрці 19 ст.
Беларуская вёска 19 — пач. 20 ст. Бел. дзярж. музей нар. архітэктуры і побыту.
Гомель. З гравюры 19 ст.
Вадзяны млын на р. Лясная каля в. Клейнікі Брэсцкага раёна. Пач. 20 ст.
Пінскі рачны порт. Гравюра 19 ст.
Мінск. З малюнка 19 ст.
Новагародак. Малюнак Н.​Орды. 1878.
Будынак упраўлення Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску. Пач. 20 ст.
Прыбыццё цягніка на вакзал у Брэсце. Канец 19 ст.
Будынак чыгуначнага вакзала ў Гомелі. Пач. 20 ст.
Лепель. Паштоўка з выявай шлюза Бярэзінскай воднай сістэмы. Пач. 20 ст.
Мястэчка Глыбокае Пач. 20 ст.
Адкрыццё аўтамабільнага руху ў Слуцку. Паштоўка. Пач. 20 ст.
Т.​Зан. Гравюра Р.​Жукоўскага.
А.​Міцкевіч. Літаграфія. 1827.
Спражка паўстанцаў 1830—31.
Паўстанец 1831 з-над Нёмана. Тагачасная гравюра.
Кастусь Каліноўскі. З карціны А.​Гугеля і Р.​Кудрэвіч 1958
Э.​Плятэр.
Газета «Мужыцкая праўда». №1. 1862.
«Ліст з-пад шыбеніцы» К.​Каліноўскага. Аўтограф. 1864.
Вокладка час. «Гоман». 1884.
Выхад паўстанцаў з Гродна на зборны пункт. З карціны невядомага мастака. 1863.
Маніфестацыя каля дома губернатара на Саборнай плошчы ў Мінску 18.10.1905.
Вызваленне палітычных вязняў з мінскай турмы 18.10.1905.
Выступленне рабочых і салдат у Баранавічах у снежні 1905. Малюнак С.​Раманава 1955.
А.​І.​Каменскі. Мітынг. З серыі «Дух рэвалюцыянера».
Навучанне ў царкоўнапрыходскай школе ў Мсціслаўскім павеце Канец 19 ст.
І.​Лялевель.
Медаль «Перамога праваслаўя», прысвечаны скасаванню уніяцкай царквы. Аверс і рэверс. Медзь. 1839.
Віленская інтэлігенцыя каля рэдакцыі газ. «Наша ніва».

т. 18, кн. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Храналогія найважнейшых падзей гісторыі Беларусі

100—40 тыс. гадоў назад Паяўленне чалавека на тэр. Беларусі.
26 тыс. гадоў назад Верхнепалеалітычная стаянка каля в. Юравічы Калінкавіцкага р-на.
24—23 тыс. гадоў назад Верхнепалеалітычная стаянка каля в. Бердыж Чачэрскага р-на.
11—7 тыс. гадоў назад Эпоха мезаліту на тэр. Беларусі.
Канец 5-га—3-е тысячагоддзі да н.э. Эпоха неаліту на тэр. Беларусі.
Канец 3-га—2-е тысячагоддзі да н.э. — 8—7 ст. да н.э. Бронзавы век на тэр. Беларусі.
8—7 ст. да н.э. — 8 ст. н.э. Жалезны век на тэр. Беларусі.
8—3 ст. да н.э. Мілаградская культура на тэр. Беларусі
7 ст. да н.э. — 4 ст. н.э. Днепра-дзвінская культура на тэр. Беларусі.
7—6 ст. да н.э. — 4—5 ст. н.э. Культура штрыхаванай керамікі на тэр. Беларусі.
6—5 ст. да н.э. У басейне Прыпяці, вярхоўяў Днястра і Буга жылі плямёны неўраў (наўраў).
4—2 ст. да н.э. Паморская (усходнепаморская) культура на тэр. Беларусі.
3 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. Зарубінецкая культура на тэр. Беларусі.
6—8 ст. Банцараўская культура на цэнтр. і паўн. тэр. Беларусі.
862 Першыя летапісныя звесткі пра Полацк.
885 Паход кіеўскага кн. Алега на радзімічаў.
9 ст. 2-я пал. Утварэнне старажытнарускай дзяржавы — Кіеўскай Русі.
907 Удзел крывічоў і радзімічаў у паходзе Алега на Царград.
960—980-я гады Княжанне ў Полацку Рагвалода, заснавальніка дынастыі Рагвалодавічаў.
974 Першыя звесткі пра Віцебск.
980 Першыя летапісныя звесткі пра Тураў.
981—984 Паходы кіеўскага кн. Уладзіміра Святаславіча на яцвягаў, вяцічаў, радзімічаў.
988—989 Прыняцце хрысціянства ў Кіеўскай Русі.
каля 988 Першыя летапісныя звесткі пра Заслаўе (Ізяслаўль).
988—1001 Княжанне Ізяслава Уладзіміравіча ў Полацку.
991—992 Утварэнне ў Полацку першай хрысціянскай епархіі (епіскапіі).
10 ст. Заснаваны Навагрудскі замак.
1001 У Друцку пабудаваны адзін з першых хрысціянскіх храмаў (сабор).
1003—1044 Княжанне Брачыслава Ізяславіча ў Полацку.
1005 У Тураве заснавана хрысціянская епархія.
1017, 1019 Першыя летапісныя звесткі пра Брэст.
1044—1066 Будаўніцтва Сафійскага сабора ў Полацку.
1044—1101 Княжанне Усяслава Брачыславіча ў Полацку.
1059 Першыя летапісныя звесткі пра Копысь.
1065, 1068 Першыя летапісныя звесткі пра Браслаў (Брачыслаўль).
1067 Бітва на р. Няміга паміж войскамі полацкага кн. Усяслава Брачыславіча і Яраславічаў. Першыя летапісныя звесткі пра Мінск (Менск) і Оршу (Рша).
1068—1069 Народнае паўстанне ў Кіеве. Княжанне полацкага кн. Усяслава Брачыславіча ў Кіеве.
Паміж 1069 і 1073 У Мінску вялося будаўніцтва каменнай царквы (не скончана).
1097 Першыя летапісныя звесткі пра Пінск. З’езд князёў у Любечы. Пачатак феадальнай раздробленасці Русі.
11 ст. Заснаваны парубежныя крэпасці Полацкага княства Дзісна, Мядзел (на востраве возера Мядзел), Вільня (Крывіч-горад). Пабудаваны Мінскі замак. Створаны Тураўскае евангелле, Суражскі рукапіс і інш.
Канец 11 — пач. 12 ст. Вылучэнне Друцкага, Ізяслаўскага, Лагожскага (Лагойскага), Лукомскага, Мінскага, Віцебскага і інш. удзельных княстваў з Полацкага княства; Клецкага, Дубровіцкага, Пінскага — з Тураўскага княства. Утварэнне Гродзенскага княства. На тэр. Беларусі вядома больш за 30 гарадоў.
1101—1119 Княжанне ў Мінску Глеба Усяславіча.
Каля 1101—29.5.1167 Жыццё і дзейнасць Ефрасінні Полацкай — бел. асветніцы, ігуменні Полацкага манастыра св. Спаса.
1102 Заснаванне Барысава.
Каля 1113 — каля 1182 Жыццё і дзейнасць Кірылы Тураўскага — бел. пісьменніка і прапаведніка.
1116 Першыя летапісныя звесткі пра Слуцк.
1127 Першыя летапісныя звесткі пра Гродна, Клецк.
1127—1141 Княжанне ў Гродне Усяслава Давыдавіча (Усеваладка).
Канец 1120-х гадоў Узнікненне манументальных помнікаў эпіграфікі Беларусі — Барысавых камянёў.
1136 Першыя пісьмовыя звесткі пра Мсціслаў, Крычаў, Прапойск, Лучын і інш.
1130-я гады У Віцебску пабудавана Дабравешчанская царква.
1142 Першыя летапісныя звесткі пра Гомель, Рагачоў, Брагін.
Сярэдзіна 12 ст. У рэзідэнцыі полацкіх князёў Бельчыцы заснаваны Барысаглебскі манастыр (архітэктар Іаан). У Навагрудку пабудаваны храм (цяпер Барысаглебская царква). У Гродне пабудаваны храм, т.зв. Ніжняя царква.
1152—1162 У Полацку пабудаваны Спаса-Ефрасіннеўскі саборны храм (архітэктар Іаан).
1155 Першыя летапісныя звесткі пра Мазыр.
1159 Першыя летапісныя звесткі пра Чачэрск.
1161 Полацкі майстар ювелір Богша (у хрышчэнні Лазар) стварыў т. зв. Ефрасіннеўскі крыж — святыню Полацкай зямлі
1171 Створаны манументальны помнік эпіграфікі — Рагвалодаў камень.
1180-я гады У Гродне ўзведзены храм Барыса і Глеба(цяпер Каложская царква).
1203, 1206, 1216, 1222 Паходы полацкіх дружын на чале з кн. Уладзімірам (Вальдамарам) на крыжакоў, якія захапілі землі ў ніжнім Падзвінні, што належалі Полацкаму княству.
1210 Дагавор полацкага кн. Уладзіміра з рыжскім біскупам Альбертам пра выплату лівамі даніны Полацку.
1213 ці 1214 Першыя летапісныя звесткі пра Рэчыцу.
1229 Заключаны мірны дагавор Смаленска і Полацка з Рыгаю. Заключаны гандлёвы дагавор Смаленскага, Віцебскага і Полацкага княстваў з Рыгаю і Готландам.
1236—1242 Нашэсце мангола-татарскіх полчышчаў Батыя на Русь.
Сярэдзіна 1230-х гадоў Утварэнне Вялікага княства Літоўскага.
Сярэдзіна 1230-х гадоў — 1263 Княжанне Міндоўга ў Вял. кн. Літоўскім (сталіца г. Навагрудак).
15 ліпеня 1240 Перамога войск наўгародскага кн. Аляксандра Яраславіча (Неўскага) над шведскім войскам на Няве. Удзел у гэтай бітве полацкіх дружын.
1246, 1249, 1257, 1258, 1259, 1275, 1287, 1315, 1338 Набегі татараў на землі Беларусі і Літвы.
1250—1263 Княжанне ў Полацку Таўцівіла.
6 ліпеня 1253 Вялікі князь ВКЛ Міндоўг прыняў тытул караля; каранаваны ў Навагрудку.
13 ліпеня 1260 Перамога літоўскіх і заходнярускіх войск над крыжакамі каля воз. Дурбе.
1262 Заключаны дагавор паміж Міндоўгам і Аляксандрам Неўскім аб сумеснай барацьбе супраць Лівонскага ордэна.
1262—1264 Княжанне ў Віцебску Канстанціна (сын Таўцівіла).
22 снежня 1264 Падпісаны гандлёвы дагавор Полацка (князь Гердзень) з Рыгаю і Лівонскім ордэнам.
1264—1267 У ВКЛ княжыў Войшалк (сын Міндоўга), які аб’яднаў Навагрудскую, Пінскую, Полацкую, Віцебскую і інш. землі.
1267 Першыя летапісныя звесткі пра Магілёў.
1271—1288 Пабудавана Камянецкая вежа (г. Камянец).
1270-я гады Знак «Пагоня» зафіксаваны як герб кн. Нарымонта і г. Навагрудка; з 1293 — герб ВКЛ.
1284 Войскі кн. Рынгольда разграмілі татара-мангольскія войскі каля в. Магільна (Уздзенскі раён).
1293—1316 Княжанне ў ВКЛ Віценя.
1298, 1300, 1330, 1338 Падпісаны гандлёвыя дагаворы ВКЛ з Рыгай і Лівонскім ордэнам.
13 — пач. 14 ст. На тэр. Беларусі вядомы евангеллі: Полацкае, Друцкае, Лаўрышаўскае, Мсціжскае, Мсціслаўскае.
1307 У адпаведнасці з дагаворам («рядом») Полацкае княства ўвайшло ў склад ВКЛ на правах аўтаноміі.
1314 Перамога войск ВКЛ пад камандаваннем гродзенскага старосты Давыда над крыжакамі пад Новагародкам (Новагрудкам).
1316 Навагрудак стаў цэнтрам Кіеўскай (Літоўска-Навагрудскай) мітраполіі.
1316—1341 Княжанне Гедзіміна ў Вял. кн. Літоўскім.
1322, 1323 Разгром дружынамі гродзенскага старосты Давыда нямецкіх і дацкіх рыцараў пад Псковам.
1330-я гады Завершана будаўніцтва Крэўскага і Лідскага замкаў, якія ўвайшлі ў лінію крапасных умацаванняў Навагрудак—Крэва—Меднікі—Трокі—Вільня.
1345—1377 Княжанне Альгерда ў Вял. кн. Літоўскім.
2 лютага 1348 Перамога войск ВКЛ над крыжакамі на р. Стрэва (прыток Нёмана).
1362 Войскі ВКЛ на чале з Альгердам разграмілі аб’яднаныя сілы Залатой Арды на р. Сінія Воды.
1368, 1370, 1372 Паходы войск ВКЛ на чале з Альгердам на Маскву.
1377—1392 Княжанне Ягайлы ў Вял. кн. Літоўскім.
8 верасня 1380 Кулікоўская бітва.
1384, 1392, 1394 Асады крыжакамі Лідскага і Ашмянскага замкаў.
14 жніўня 1385 Заключана Крэўская унія паміж Вял. кн. Літоўскім і Польскім каралеўствам.
1386 Выступленне полацкага кн. Андрэя Альгердавіча супраць Крэўскай уніі.
20 лютага 1387 Выданне граматы караля Ягайлы аб прывілеях феадалам, якія прынялі каталіцкую веру.
1390 Гораду Брэст дадзена права на самакіраванне паводле магдэбургскага права.
1391 Гораду Гродна дадзена права на самакіраванне паводле магдэбургскага права.
5 жніўня 1392 Востраўскае пагадненне паміж польскім каралём і вял. літоўскім князем Вітаўтам.
1392—1430 Княжанне Вітаўта ў Вял. кн. Літоўскім.
12 жніўня 1399 Паражэнне войск Вітаўта ў бітве з татарамі на р. Ворскла.
14 ст. Упершыню ўжыты тэрмін «Белая Русь» у дачыненні да тэр. Беларусі.
18 студзеня, 11 сакавіка 1401 Падпісана Віленска-Радамская унія, у выніку якой ВКЛ заставалася самастойнай дзяржавай у саюзе з Польшчай.
1405, 1406, 1407 Заключаны гандлёвыя дагаворы паміж Полацкам і Рыгай.
15 ліпеня 1410 Грунвальдская бітва. Разгром Тэўтонскага ордэна аб’яднанымі арміямі Польскага каралеўства і Вял. кн. Літоўскага.
2 кастрычніка 1413 Гарадзельская унія паміж ВКЛ і Польскім каралеўствам.
1420-я гады Напісаны «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» — выдатны помнік бел. летапісання.
1432 і 1435 Князь ВКЛ Жыгімонт Кейстутавіч выдаў прывілеі пра ўраўнаванне персанальных і маёмасных правоў католікаў і праваслаўных.
1431, 1440, 1447 Заключаны гандлёвыя дагаворы паміж Вял. кн. Літоўскім і Ноўгарадам.
1446 Гораду Слуцк дадзена права на самакіраванне паводле магдэбургскага права.
2 мая 1447 Грамата караля Казіміра IV феадалам Вял. кн. Літоўскага, якая ўраўнавала іх у правах і прывілеях з феадаламі Польскага каралеўства.
29 лютага 1468 Выдадзены Судзебнік караля Казіміра IV — першы збор законаў Вял. кн. Літоўскага.
1470(?)—1533 Жыццё і дзейнасць Міколы Гусоўскага — паэта-гуманіста, аўтара паэмы «Песня пра зубра».
1480 Канчатковае вызваленне рус. зямель ад мангола-татарскага панавання.
1481 Змова праваслаўных князёў Вял. кн. Літоўскага з мэтай скінуць караля Казіміра IV, узвесці замест яго Міхала Алелькавіча і далучыць частку беларускіх зямель да Рускай дзяржавы.
Каля 1490 — каля 1551 Жыццё і дзейнасць Ф.​Скарыны — бел. асветніка, заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукавання.
1492 Прыняты Аляксандраў прывілей, які абмежаваў уладу вялікага князя і павялічыў ролю паноў-рады.
1492—1494 Вайна Маскоўскага княства з ВКЛ за вярхоўскія княствы.
1494 Горад Высокае атрымаў магдэбургскае права.
1497 Крымскія татары захапілі і спалілі г. Мазыр.
1498 Горад Полацк атрымаў магдэбургскае права.
14 сакавіка 1499 Горад Мінск атрымаў магдэбургскае права.
1500 Горад Браслаў атрымаў магдэбургскае права.
1500—1503 Вайна Маскоўскага княства з ВКЛ за смаленскія і інш. землі.
22 кастрычніка 1501 Вялікі князь Аляксандр падпісаў т.зв. Мельніцкі прывілей, якім пашыраны правы шляхты ВКЛ.
1502 Крымскія татары захапілі гарады Тураў, Койданава, асадзілі Брэст, Бабруйск, Слуцк.
1503 Горад Ваўкавыск атрымаў магдэбургскае права.
1504 Утворана Полацкае ваяводства.
5 жніўня 1506 Войскі ВКЛ на чале з М.​Глінскім разбілі войскі крымскіх татараў.
1506 Утворана Віцебскае ваяводства.
1506—1510 Пабудаваны Мірскі замак.
1507 Утворана Навагрудскае ваяводства.
1505—1507 Вайна Маскоўскага княства з ВКЛ.
1508 Выступленне бел. феадалаў на чале з М.​Глінскім супраць велікакняжацкай улады.
1511 Горад Навагрудак атрымаў магдэбургскае права.
1512—1522 Вайна Маскоўскага княства з ВКЛ.
8 верасня 1514 Аршанская бітва.
1517 Пачатак выдавецкай дзейнасці Ф.​Скарыны ў Празе.
1522 Ф.​Скарына арганізаваў друкарню ў Вільні.
1529 Сойм ВКЛ прыняў першы Статут Вял. кн. Літоўскага.
1530—13 студзеня 1593 Жыццё і дзейнасць С.​Буднага — дзеяча Рэфармацыі на Беларусі.
1541 Заснаваны першы на Беларусі паляўнічы заказнік Белавежская пушча. У г. Гродна заснаваны першы аркестравы калектыў «Літоўская капэла».
1553 У г. Брэст заснавана друкарня — першая на тэр. сучаснай Беларусі
1 красавіка 1557 Кароль Жыгімонт II Аўгуст падпісаў «Уставу на валокі», паводле якой пачалося правядзенне зямельнай рэформы ў Вял. кн. Літоўскім.
1558—1583 Лівонская вайна.
7 ліпеня 1563 Кароль Жыгімонт II Аўгуст падпісаў новы прывілей, які ўраўнаваў правы праваслаўных феадалаў і феадалаў-католікаў.
11 сакавіка 1566 Сойм ВКЛ прыняў другі Статут Вял. кн. Літоўскага.
1566 Утварэнне павятовых сеймікаў у Вял. кн. Літоўскім.
1 ліпеня 1569 Люблінская унія. Аб’яднанне польскага каралеўства і Вял. кн. Літоўскага ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую.
1569 Пачатак выдавецкай дзейнасці І.​Фёдарава і П.​Мсціслаўца на Беларусі.
1572—1630 Жыццё і дзейнасць Мялеція Сматрыцкага.
1573 Выдадзены закон, паводле якога феадалам Рэчы Паспалітай дазвалялася судзіць і караць сялян у сваіх маёнтках.
1577 Гарады Магілёў і Мазыр атрымалі магдэбургскае права.
1 сакавіка 1581 Утвораны вышэйшы судовы апеляцыйны орган Вял. кн. Літоўскага — Галоўны літоўскі трыбунал.
28 студзеня 1588 Сойм ВКЛ прыняў трэці Статут Вял. кн. Літоўскага. Юрыдычнае афармленне запрыгоньвання сялян.
1590—1592 Праваслаўныя брацтвы і брацкія школы заснаваны ў Магілёве, Брэсце, Гродне і інш.
1594—1596 Антыфеадальнае паўстанне ўкраінскіх казакоў і бел. сялян пад кіраўніцтвам С.​Налівайкі.
6—9 кастрычніка 1596 Брэсцкая царкоўная унія.
1597 Горад Віцебск атрымаў магдэбургскае права.
Каля 1597—1648 Жыццё і дзейнасць Афанасія Філіповіча — змагара супраць каталіцызму і царкоўнай уніі.
1609—1618 Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй.
Верасень 1610 Войскі Рэчы Паспалітай занялі Маскву.
1610—1612 Барацьба рус. народа супраць інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай.
1617 У Слуцку заснавана гімназія.
1 снежня 1618 Дэулінскае перамір’е паміж Рускай дзяржавай і Рэччу Паспалітай.
1620 Горад Орша атрымаў магдэбургскае права.
12 лістапада 1623 Паўстанне гараджан Віцебска супраць Брэсцкай царкоўнай уніі.
1629—25 жніўня 1680 Жыццё і дзейнасць Сімяона Полацкага, беларускага і рускага грамадскага дзеяча, педагога, пісьменніка і публіцыста.
1630—1654 Дзейнасць Куцеінскай друкарні (каля Оршы).
1632—1634 Вайна паміж Рускай дзяржавай і Рэччу Паспалітай, скончылася Палянаўскім мірам.
4 сакавіка 1634—30 сакавіка 1689 Жыццё і дзейнасць Казіміра Лышчынскага — бел. асветніка-атэіста і матэрыяліста.
1648 Барацьба казацкіх атрадаў А.​Нябабы, Крывашапкі, Гаркушы, Мікуліцкага і інш. на тэр. Беларусі.
1648—1654 Вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў; антыфеадальныя паўстанні ў Тураве, Мазыры, Бабруйску, Рэчыцы і інш.
1-я палавіна 17 ст. Створаны помнік беларускай літаратуры «Прамова Мялешкі».
1654—1667 Вайна паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай за Беларусь і Украіну.
1655 Цыпрыян Камуняка напісаў «Ліст да Абуховіча» — помнік бел. літаратуры.
1656 Віленскае перамір’е паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай.
28 чэрвеня 1660 Войскі ВКЛ і Польшчы разбілі армію І.​Хаванскага (каля в. Палонка на Слонімшчыне).
1664 У Брэсце заснаваны манетны двор.
30 студзеня 1667 Андросаўскае перамір’е паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай.
16 мая 1686 Заключаны мірны дагавор («Вечны мір») паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай.
1693 Створана Магілёўская хроніка — апошні бел. летапісны звод.
26 жніўня 1696 Канфедэратыўны сойм Рэчы Паспалітай забараніў пісаць дзяржаўныя дакументы на беларускай мове.
1700—1721 Паўночная вайна.
Вясна 1703 У ВКЛ утворана Генеральная канфедэрацыя, якая патрабавала абвясціць саюз з Расіяй.
1704 Утворана Сандамірская канфедэрацыя, якая заключыла саюз з Расіяй у барацьбе супраць шведаў.
1706 Асада Гродна, узяцце Нясвіжа, Полацка і Слуцка шведскімі войскамі.
3 ліпеня 1708 Бой паміж шведскімі і рускімі войскамі каля мяст. Галоўчын Мсціслаўскага ваяводства.
28 верасня 1708 Разгром рускімі войскамі шведскага корпуса ген. Левенгаўпта каля в. Лясная Мсціслаўскага ваяводства.
1708 Шведскія войскі занялі г. Магілёў.
8 ліпеня 1709 Палтаўская бітва, разгром шведскіх інтэрвентаў.
1720-я гады Заснавана Налібоцкая гута.
1743—1744 Антыфеадальнае выступленне сялян Крычаўскага староства пад кіраўніцтвам В.​Вашчылы, І.​Карпача і інш.
Сярэдзіна 18 ст. Заснаваны каралеўскія вотчынныя мануфактуры ў Гродне (21 мануфактура) і ва ўладаннях магнатаў — Слуцку, Урэччы, Ільі, Нясвіжы, Вішневе, Быхаве, Маларыце і інш.
1762—1785 Дзейнасць балетнага вучылішча ў Гродне.
1765—1775 Будаўніцтва Агінскага канала, які злучыў басейны Нёмана і Дняпра.
1766 Пастанова сойма аб увядзенні ў Вял. кн. Літоўскім адзінай сістэмы мер і вагі.
20 сакавіка 1767 Створана канфедэрацыя праваслаўнай шляхты ў Слуцку.
1768 Пастанова сойма Рэчы Паспалітай аб ураўнаванні ў правах праваслаўных і пратэстантаў з католікамі.
Каля 1770—1790-я гады Дзейнасць прыгоннага тэатра ў Слоніме, створанага Міхалам Казімірам Агінскім.
1772 Першы падзел Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй, Аўстрыяй і Расіяй. Уключэнне ўсходняй часткі Беларусі ў склад Рас. імперыі. На тэр. Беларусі, што ўвайшла ў склад Рас. імперыі, створаны Пскоўская і Магілёўская губерні; створана Беларускае генерал-губернатарства.
1773 У Рэчы Паспалітай створана Адукацыйная камісія; яе намаганнямі ў зах. і цэнтр. Беларусі адкрыта 20 акруговых школ.
1775—1781 Дзейнасць у Гродне Вышэйшай медыцынскай акадэміі; у Гродне заснаваны батанічны сад.
1776 У Гродне пачала выдавацца газета «Газэта Гродзеньска». Утворана Полацкая губерня. Адкрыта суднабудаўнічая верф у Крычаве.
7 кастрычніка 1788—6 жніўня 1877 Жыццё і дзейнасць І.​І.​Насовіча — бел. філолага, этнографа і фалькларыста, стваральніка «Слоўніка беларускай мовы».
3 мая 1791 Сойм Рэчы Паспалітай прыняў канстытуцыю.
Верасень 1792 Адмена канстытуцыі 3 мая 1791.
3 красавіка 1793 Утворана Мінская губерня.
1793 Другі падзел Рэчы Паспалітай. Уключэнне цэнтр. часткі Беларусі ў склад Рас. імперыі.
1794 Паўстанне ў Польшчы, на Беларусі і ў Літве пад кіраўніцтвам А.​Т.​Касцюшкі.
Кастрычнік 1795 Трэці падзел Рэчы Паспалітай. Уключэнне зах. часткі Беларусі ў склад Рас. імперыі.
1797—1805 Будаўніцтва Бярэзінскага канала, які злучыў басейны Дняпра і Заходняй Дзвіны.
1802 Утвораны Гродзенская і Віцебская губерні.
1803 Створана Віленская навучальная акруга, у якую ўвайшлі і беларускія губерні.
1807—1884 Жыццё і дзейнасць В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча.
1808 Пачата будаўніцтва Бабруйскай крэпасці.
12 студзеня 1812 Заснавана Полацкая езуіцкая акадэмія з правамі універсітэта; са студзеня 1818 там выдаваўся часопіс «Полацкі штогоднік».
12 чэрвеня 1812 Пачатак Айчыннай вайны народаў Расіі супраць арміі Напалеона I.
26 жніўня 1812 Барадзінская бітва.
14—16 лістапада 1812 Разгром французскіх войск на р. Бярэзіна ў час іх пераправы каля в. Студзёнка (на Пн ад Барысава).
Пасля 1812 Напісана паэма «Энеіда навыварат». Першыя датаваныя спісы — 1837, першая публікацыя — 1845.
1813 Антыфеадальныя хваляванні сялян у Віцебскай, Віленскай і Мінскай губ.
1819—1872 Жыццё і дзейнасць польскага і бел. кампазітара Станіслава Манюшкі.
1822 У Гродне заснавана тытунёвая фабрыка.
1824 Пачата будаўніцтва Аўгустоўскага канала, які злучыў басейны Нёмана і Віслы.
1825 Дзейнасць таварыства «Ваенныя сябры» ў Літоўскім асобным корпусе на тэр. Беларусі.
1826—1841 Дзейнасць Беларускага вольнага эканамічнага таварыства ў Віцебску.
1829—1850 Дзейнасць Беларускай навучальнай акругі.
1830—1831 Паўстанне ў Польшчы, на Беларусі і ў Літве.
1831 Забаронена выкарыстанне Статута Вял. кн. Літоўскага 1588 у Віцебскай і Магілёўскай губ. Закрыты Віленскі універсітэт.
1833 Пачата будаўніцтва Брэсцкай крэпасці.
1838—1864 Жыццё і дзейнасць К.​С.​Каліноўскага.
12 лютага 1839 Полацкі царкоўны сабор. Ліквідацыя уніяцкай царквы на Беларусі.
1830-я гады На тэр. Беларусі дзейнічала 35 мануфактур.
15 жніўня 1840 Адкрыццё Горы-Горацкай земляробчай школы; закладзены батанічны сад.
1840 Забаронена выкарыстанне Статута Вял. кн. Літоўскага 1588 у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ.
1840—1900 Жыццё і дзейнасць Ф.​К.​Багушэвіча.
1846—1849 Дзейнасць на Беларусі падпольнай арганізацыі «Саюз свабодных братоў».
1848 Адкрыццё Горы-Горацкага земляробчага інстытута.
9 лютага 1852 Пастаноўка ў Мінску трупай В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча першай беларускай оперы «Сельская ідылія».
1859 Пачала дзейнічаць тэлеграфная лінія Мінск—Бабруйск.
19 лютага 1861 Адмена прыгоннага права ў Расіі.
Чэрвень 1862 — ліпень 1863 Выданне К.​С.​Каліноўскім газ. «Мужыцкая праўда».
1862 Па тэр. Беларусі прайшла чыг. лінія Пецярбург—Варшава. У Мінску заснавана таварыства урачоў — адно з першых у Рас. імперыі.
22 мая 1863 Бітва паміж паўстанцамі і царскімі войскамі каля в. Мілавіды Слонімскага пав.
1863—1864 Паўстанне ў Польшчы, на Беларусі і ў Літве.
1871 Завершана будаўніцтва чыгункі Смаленск—Мінск—Брэст.
1872 Увядзенне на Беларусі міравых судоў.
1873 Заснаванне камерцыйнага банка ў Мінску.
Пачатак 1876 У Мінску створаны першы народніцкі гурток.
1876—1916 Жыццё і дзейнасць Цёткі (А.​С.​Пашкевіч).
1882—1942 Жыццё і дзейнасць Янкі Купалы.
1882—1956 Жыццё і дзейнасць Якуба Коласа.
1883 Заснавана ф-ка хрусталю «Нёман» у Лідскім пав.
1884 Выданне ў Пецярбургу нелегальнага беларускага народніцкага час. «Гомон».
1886—1902 Выданне газ. «Минский листок».
1886—1941 Жыццё і дзейнасць Змітрака Бядулі.
1887—1920 Жыццё і дзейнасць Алеся Гаруна.
1887—1937 Жыццё і дзейнасць Цішкі Гартнага.
1889 Першая публікацыя беларускай паэмы «Тарас на Парнасе».
1880—90-я гады Марксісцкія гурткі ўзніклі ў Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі, Навагрудку, Смаргоні, Лідзе і інш.
1891—1917 Жыццё і дзейнасць Максіма Багдановіча.
1892 Пуск трамвая-конкі ў Мінску.
1893—1938 Жыццё і дзейнасць Максіма Гарэцкага.
18 красавіка 1895 Першае святкаванне 1-га Мая рабочымі Мінска.
1—3 сакавіка 1898 I з’езд РСДРП у Мінску.
1898 Пуск трамвая ў Віцебску. У Мінску створана Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў.
1899—1901 Першыя дэманстрацыі рабочых у гарадах Беларусі.
Студзень 1900 У Мінску адбыўся I з’езд СДКПіЛ.
1900 У Мінску адкрыта публічная б-ка імя А.​С.​Пушкіна. Заснаванне льнопрадзільнай ф-кі «Дзвіна» ў Віцебску.
1900—1944 Жыццё і дзейнасць Кузьмы Чорнага.
1902 Стварэнне Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ).
1902—1905 Выданне газ. «Северо-Западный край».
1903—1904 Стварэнне арг-цый РСДРП у Мінску, Віцебску, Магілёве, Гомелі, Гродне, Мазыры, Полацку, Лідзе, Смаргоні, Слуцку, Шклове, Лоеве, Рэчыцы, Оршы, Бабруйску, Копысі, Ашмянах, Барысаве, Чачэрску.
Студзень 1904 Створаны Палескі камітэт РСДРП.
Сакавік 1904 Створаны Паўночна-Заходні камітэт РСДРП.
9 студзеня 1905 «Крывавая нядзеля» ў Пецярбургу; пачатак рэвалюцыі ў Расіі.
Студзень 1905 Палітычныя стачкі і дэманстрацыі ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Гродне і інш.
18 красавіка (1 мая) 1905 Першамайскія забастоўкі, дэманстрацыі і маніфестацыі ў гарадах Беларусі.
Красавік 1905 Сялянскія хваляванні ў 32 паветах Беларусі.
15 мая 1905 Першае выступленне ў друку Я.​Купалы (верш «Мужык») у газ. «Северо-Западный край».
17 чэрвеня 1905 Расстрэл сялян царскімі войскамі ў в. Кішчыцы Чавускага павета Магілёўскай губ.
Чэрвень—ліпень 1905 Палітычныя стачкі і дэманстрацыі рабочых у Мінску, Віцебску, Гомелі, Копысі, Мазыры, Магілёве, Рэчыцы, Смаргоні і інш.
Кастрычнік 1905 Усерасійская палітычная стачка. У Мінску набыла ўсеагульны характар 12 кастрычніка.
18 кастрычніка 1905 Курлоўскі расстрэл у Мінску. Разгон царскімі войскамі дэманстрацый і мітынгаў у Віцебску, Полацку і Смаргоні.
22—25 лістапада 1905 Паўстанне салдат у Бабруйску.
8—16 снежня 1905 Рэвалюцыйнае выступленне рабочых і салдат на ст. Баранавічы, гарнізона Брэсцкай крэпасці.
Снежань 1905 Узброеныя выступленні сялян у Кобрынскім павеце.
1905 Стварэнне прафсаюзных арганізацый — першых прафсаюзаў на Беларусі.
1905—1969 Жыццё і дзейнасць П.​Ф.​Глебкі.
1905—1980 Жыццё і дзейнасць П.​У.​Броўкі.
Студзень 1906 II з’езд Беларускай сацыялістычнай грамады.
18 мая 1906 Заснавана легальнае бел. выдавецкае таварыства «Загляне сонца і ў наша аконца».
28 мая—пач. чэрвеня 1906 Утварэнне Абласнога саюза РСДРП Літвы і Беларусі.
Кастрычнік 1906 I канферэнцыя Абласнога саюза РСДРП Літвы і Беларусі ў Віцебску.
1906 Выданне беларускай газ. «Наша доля».
1906—1915 Выданне беларускай газ. «Наша ніва».
Люты—сакавік 1907 II канферэнцыя Абласнога саюза РСДРП Літвы і Беларусі.
1907 На з’ездзе народных настаўнікаў Беларусі (у Вільні) утвораны Беларускі настаўніцкі саюз. Створана Першая беларуская трупа І.​Буйніцкага.
1908 Выйшаў 1-ы зборнік вершаў Я.​Купалы «Жалейка». Адбыўся 1-ы з’езд урачоў Мінскай губерні.
1910 Выйшаў 1-ы зборнік вершаў Я.​Коласа «Песні-жальбы». У Віцебску заснаваны настаўніцкі інстытут.
14 сакавіка 1911 Увядзенне земстваў у Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай губ.
9 лістапада 1911 У Віцебску адкрыта аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута.
Красавік—май 1912 Стачкі пратэсту на Беларусі супраць Ленскага расстрэлу рабочых.
Май 1912 У Мінску адкрыты гарадскі музей.
13 студзеня 1913 Выйшаў 1-ы нумар бел. газеты «Беларус».
27 студзеня 1913 Першая пастаноўка камедыі Я.​Купалы «Паўлінка» ў Вільні.
1913 У Магілёве адкрыты настаўніцкі інстытут. У Ваўкавыску пабудаваны цэментны завод. Выйшаў зборнік вершаў М.​Багдановіча «Вянок».
1914—1918 Першая сусветная вайна.
Жнівень—кастрычнік 1915 Акупацыя войскамі Германіі тэр. Беларусі да лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск.
22—26 кастрычніка 1916 Паўстанне салдат у Гомелі.
27 лютага (12 сакавіка) 1917 Лютаўская рэвалюцыя ў Расіі.
4(17) сакавіка 1917 Утварэнне Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Стварэнне ў Мінску міліцыі на чале з М.​В.​Фрунзе.
17—23 сакавіка 1917 Створаны беларускія арганізацыі: у Гомелі — Саюз беларускай дэмакратыі; у Віцебску — Беларускі народны саюз; у Магілёве — Беларускі народны камітэт.
Сакавік 1917 Утварэнне саветаў рабочых дэпутатаў у Гомелі, Віцебску, Оршы, Магілёве, Бабруйску, Мазыры, Рагачове, Барысаве, Полацку, Рэчыцы, Слуцку і інш.
7 і 9 красавіка 1917 З’езд беларускіх нацыянальных арганізацый (у Мінску).
7(20)—17(30) красавіка 1917 I з’езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту ў Мінску.
20—23 красавіка (3—6 мая) 1917 I з’езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ.
24 красавіка (7 мая) 1917 Адкрыццё ў Мінску Першага таварыства беларускай драмы і камедыі.
17—19 чэрвеня 1917 II канферэнцыя Беларускай сацыялістычнай грамады.
27 ліпеня (9 жніўня) 1917 Выйшаў 1-ы нумар газ. «Звезда» — органа Мінскага к-та РСДРП(б).
25—30 жніўня 1917 Карнілаўскі мяцеж.
28 жніўня 1917 Утвораны Часовы рэвалюцыйны к-т Заходняга фронту для барацьбы з карнілаўшчынай.
15—18 верасня (28 верасня—1 кастрычніка) 1917 I Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РСДРП(б) у Мінску.
24—25 кастрычніка (6—7 лістапада) 1917 Перамога ўзброенага паўстання рабочых і салдат у Петраградзе. Абвяшчэнне савецкай улады і ўтварэнне сав. ўрада — Савета Народных Камісараў.
25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 Загад №1 выканкома Мінскага Савета аб пераходзе ўлады да Саветаў.
28 кастрычніка—6 лістапада 1917 Цэнтральная беларуская рада пераўтворана ў Вялікую беларускую раду.
26 лістапада (9 снежня) 1917 Утвораны Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобл. і фронту і СНК Заходняй вобл. і фронту (Аблвыкамзах).
Лістапад 1917 Саветы пад кіраўніцтвам бальшавікоў устанавілі сваю ўладу на ўсёй неакупіраванай тэр. Беларусі.
18 снежня 1917 Пачаў работу I Усебеларускі з’езд (у Мінску), які прыняў рэзалюцыю аб праве бел. народа на самавызначэнне і ўстанаўленне дэмакратычных форм праўлення.
31 студзеня (13 лютага) 1918 Дэкрэт СНК РСФСР аб стварэнні пры Наркамнацы Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома).
20 лютага 1918 У Мінск уступілі войскі корпуса Доўбар-Мусніцкага.
21 лютага 1918 У Мінск уступілі германскія войскі; да 5 сакавіка яны акупіравалі тэр. Беларусі па лініі Полацк—Орша—Магілёў—Гомель.
1 сакавіка 1918 Выйшаў 1-ы нумар газ. «Дзянніца» — веснік Белнацкома.
3 сакавіка 1918 У Брэст-Літоўску падпісаны мірны дагавор паміж Савецкай Расіяй і дзяржавамі германскага блоку (Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Турцыяй, Балгарыяй).
9 сакавіка 1918 Выканком Рады Усебеларускага з’езда прыняў 2-ю Устаўную грамату, у якой абвясціў утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).
25 сакавіка 1918 Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла 3-ю Устаўную грамату, у якой абвясціла стварэнне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі і аддзяленне Беларусі ад Сав. Расіі.
22 красавіка 1918 У Мінску адкрыта Вышэйшая музычная школа (1 чэрвеня 1918 ператворана ў кансерваторыю).
Сярэдзіна 1918 Створаны краявы камітэт камуністычных арганізацый Беларусі і Літвы, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, аб’яднанні бел. інтэлігенцыі «Бацькаўшчына» і «Прасвета».
17—21 ліпеня 1918 Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі ў Маскве.
8—11 жніўня 1918 I канферэнцыя камуністычных арг-цый акупіраваных абласцей Беларусі і Літвы ў Смаленску.
1—3 кастрычніка 1918 I (устаноўчы) з’езд Камуністычнай партыі Літвы і Заходняй Беларусі (нелегальны) у Вільні.
Кастрычнік 1918 Адноўлена дзейнасць Віцебскага і Мінскага педагагічнага інстытутаў; заснаваны Магілёўскі пед. інстытут.
13 лістапада 1918 Дэкрэт ВЦВК аб ануляванні Брэсцкага мірнага дагавора.
10 снежня Германскія войскі пакінулі Мінск.
21—23 снежня 1918 На канферэнцыі беларускіх секцый РКП(б) у Маскве прынята пастанова аб утварэнні Беларускага сав. ўрада.
30—31 снежня 1918 VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б) у Смаленску абвясціла сябе I з’ездам КП(б) Беларусі. Прынята пастанова пра ўтварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (30 снежня).
1 студзеня 1919 Абвяшчэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Створаны Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад: 16 камісараў, старшыня Дз.​Ф.​Жылуновіч.
14 студзеня 1919 Германскія войскі пакінулі Гомель.
31 студзеня 1919 Пастанова Прэзідыума ВЦВК «Аб прызнанні незалежнасці Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі».
2—3 лютага 1919 I Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Прыняцце першай Канстытуцыі БССР.
25 лютага 1919 Пастанова Прэзідыума ЦВК БССР аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
27 лютага 1919 Сумеснае пасяджэнне ЦВК Літоўскай ССР і ЦВК Беларускай ССР. Выбранне ЦВК і СНК Літоўска-Беларускай ССР.
Люты 1919 Польскія войскі занялі Ваўкавыск, Бярозу, Брэст. Створаны Заходні фронт для барацьбы з польскімі войскамі.
4—6 сакавіка 1919 Аб’яднаўчы з’езд Кампартыі Літвы і Зах. Беларусі і Кампартыі Беларусі ў Вільні. Утварэнне КП(б) Літвы і Беларусі.
24—26 сакавіка 1919 Антысавецкі мяцеж у Гомелі на чале з эсэрам М.​Стракапытавым.
7 красавіка 1919 Адноўлена дзейнасць Горы-Горацкага земляробчага інстытута.
19 красавіка 1919 Створаны Савет абароны Літоўска-Беларускай ССР.
1 чэрвеня 1919 Дэкрэт ВЦВК «Аб аб’яднанні Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік: Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам».
17 ліпеня 1919 Спыніў дзейнасць урад Літоўска-Беларускай ССР. Улада на неакупіраванай тэр. Беларусі перададзена Мінскаму губ. ВРК.
8 жніўня 1919 Войскі Польшчы захапілі Мінск.
Жнівень 1919 Войскі Польшчы акупіравалі тэр. Беларусі да рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Бярэзіна.
2 студзеня 1920 Створана Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У.​Ігнатоўскім.
25 красавіка 1920 Пачалася савецка-польская вайна.
11 ліпеня 1920 Ад польскіх войск вызвалены Мінск.
19 ліпеня 1920 Ад польскіх войск вызвалена Гродна.
31 ліпеня 1920 Прынята «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі».
1 жніўня 1920 Ад польскіх войск вызвалены Брэст.
15 жніўня 1920 Адкрыты Беларускі вандроўны тэатр (трупа У.​Галубка).
5 верасня 1920 Пастанова ЦК КП(б) Літвы і Беларусі аб падзеле Кампартыі на КП(б) Літвы і КП(б) Беларусі.
14 верасня 1920 Адкрыты Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр у Мінску (з 1926 БДТ-1, з 1944 імя Я.​Купалы).
24—27 верасня 1920 I з’езд камсамола Беларусі.
Верасень 1920 Польскія войскі паўторна акупіравалі тэр. зах. Беларусі.
15—18 кастрычніка 1920 Польскія войскі паўторна захапілі Мінск.
Кастрычнік—лістапад 1920 Армія ген. С.​Булак-Балаховіча ў выніку наступлення ўздоўж р. Прыпяць захапіла Пінск, Мазыр, Петрыкаў і інш.
14 лістапада 1920 Пачаліся антысавецкія выступленні ў Слуцкім павеце (доўжыліся да 28 снежня 1920).
Снежань 1920 Створаны Беларускі політэхнічны інстытут.
14 студзеня 1921 Заснавана Беларускае бюро Расійскага тэлеграфнага агенцтва, з 1931 тэлеграфнае агенцтва БССР (БЕЛТА).
16 студзеня 1921 Падпісаны дагавор аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж РСФСР і БССР.
18 сакавіка 1921 Падпісаны Рыжскі мірны дагавор паміж РСФСР (і па ўпаўнаважанні ўрада БССР) і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога, паводле якога Заходняя Беларусь адышла да Польшчы.
18 красавіка 1921 Пастанова Прэзідыума ЦВК БССР аб адкрыцці Беларускага дзяржаўнага універсітэта (адкрыты 30 кастрычніка 1921). 7—13 мая 1921 I Усебеларускі з’езд прафсаюзаў
Чэрвень 1921 Заснавана Фундаментальная бібліятэка БДУ.
Лістапад 1921 У Маскве арганізавана Беларуская драматычная студыя.
3 снежня 1921 У Мінску створана Беларуская рэспубліканская кантора Дзяржбанка РСФСР.
11 студзеня 1922 Прыняты дэкрэт СНК БССР аб аддзяленні царквы ад дзяржавы.
30 студзеня 1922 Адкрыты Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт) у Мінску.
16—20 красавіка 1922 II Усебеларускі з’езд прафсаюзаў.
Май 1922 Выйшаў 1-ы нумар час. «Вперед» (з сак. 1927 «Бальшавік Беларусі», з ліст. 1952 «Камуніст Беларусі»).
4 жніўня 1922 Створаны Цэнтральны архіў Беларусі.
15 верасня 1922 Заснавана Дзярж. бібліятэка БССР.
14—18 снежня 1922 IV Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Прыняцце Дэкларацыі аб неабходнасці ўтварэння Саюза ССР.
30 снежня 1922 I з’езд Саветаў СССР. Утварэнне Саюза ССР.
Снежань 1922 Выйшаў 1-ы нумар час «Полымя».
Сакавік 1923 Адкрыццё ў Мінску Дома-музея 1 з’езда РСДРП.
Май 1923 Стварэнне Дзяржаўнай планавай камісіі БССР (Дзяржплан БССР) пры СНК БССР.
26 чэрвеня — 1 ліпеня 1923 III Усебеларускі з’езд прафсаюзаў.
Жнівень 1923 У Віцебску заснаваны мастацкі тэхнікум.
Кастрычнік 1923 У Зах. Беларусі створана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ).
28 лістапада 1923 Створана бел. літаратурнае аб’яднанне «Маладняк».
Снежань 1923 У Мінску адкрыта Генеральнае консульства Польшчы.
1923—32 Выданне часопіса «Маладняк».
30 студзеня 1924 Заснаваны Бярэзінскі дзяржаўны запаведнік.
4 лютага 1924 Пастанова Палітбюро ЦК РКП(б) аб стварэнні Часовага Беларускага Бюро ЦК РКП(б).
7 сакавіка 1924 Пастанова Прэзідыума ЦВК СССР «Аб аб’яднанні ў складзе БССР усіх тэрыторый Савецкага Саюза з большасцю беларускага насельніцтва».
8 красавіка 1924 Створана Беларуская ваенная акруга (БВА).
25 чэрвеня 1924 Я.​Купалу прысвоена званне народнага паэта Беларусі.
17 ліпеня 1924 У БССР уведзены новы адм.-тэрытарыяльны падзел на акругі, раёны і сельсаветы.
10 кастрычніка 1924 Устаноўлена вышэйшая ўзнагарода рэспублікі — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга Беларускай ССР.
Лістапад 1924 Заснаваны Віцебскі ветэрынарны інстытут.
17 снежня 1924 Пастанова СНК БССР аб стварэнні Дзярж. ўпраўлення па справах кінематаграфіі і фатаграфіі (Белдзяржкіно).
Снежань 1924 Выйшлі першыя нумары часопісаў «Беларускі піянер», «Беларуская работніца і сялянка», «Бальшавік».
4—10 студзеня 1925 I Усебеларускі з’езд настаўнікаў.
16 лютага 1925 Заснавана Фундаментальная бібліятэка АН Беларусі.
5 ліпеня 1926 СНК БССР зацвердзіў спіс помнікаў культуры, што ўзяты пад ахову дзяржавы.
Жнівень 1925 У Горках адноўлена дзейнасць Беларускай с.-г. акадэміі.
14 кастрычніка 1925 Адкрыццё Камуністычнага універсітэта Беларусі імя У.​І.​Леніна ў Мінску.
15 лістапада 1925 Пачатак перадач беларускай шырокавяшчальнай радыёстанцыі імя Саўнаркома БССР.
25—27 лістапада 1925 I Усебеларускі з’езд паэтаў і пісьменнікаў аб’яднання «Маладняк».
6 снежня Адкрыццё 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі.
7 красавіка 1926 Пастанова ЦВК і СНК БССР аб увядзенні на Беларусі абавязковай пачатковай адукацыі.
11 красавіка 1926 Створана Таварыства культурнай сувязі БССР з заграніцай.
26 мая 1926 Створана літаратурнае аб’яднанне «Узвышша».
18 кастрычніка 1926 Я.​Коласу прысвоена званне народнага паэта Беларусі.
21 лістапада 1926 У Віцебску адкрыты Беларускі дзяржаўны драм. тэатр.
6 снежня 1926 Пастанова Прэзідыума ВЦВК аб перадачы Рэчыцкага і Гомельскага паветаў у склад БССР.
17 снежня 1926 Усесаюзны перапіс насельніцтва: у Беларускай ССР 4983 тыс. чалавек.
26 снежня 1926 На экраны выйшаў першы беларускі мастацкі фільм «Лясная быль», рэжысёр Ю.​Тарыч.
Студзень 1927 Адкрыццё Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі.
Сакавік 1927 У Мінску выйшаў 1-ы нумар час. «Узвышша».
11 красавіка 1927 Прыняцце другой Канстытуцыі БССР.
Чэрвень 1927 I Усебеларускі з’езд калгасаў.
Чэрвень 1927 Пачата будаўніцтва Асінаўскай электрастанцыі пад Оршай (БелДРЭС).
29 ліпеня 1927 Выйшаў 1-ы нумар газ. «Рабочий» (з 30.9.1937 газ. «Советская Белоруссия»).
7 лістапада 1927 Уведзены ў дзеянне гарбарны завод «Бальшавік». У Мінску пачата будаўніцтва Універсітэцкага гарадка.
Снежань 1927 Створана літаратурнае аб’яднанне «Полымя».
1927 Створана Усебеларускае аб’яднанне пісьменнікаў, мастакоў і скульптараў. Створаны адзін з першых самадзейных калектываў — ансамбль танца пры Мінскім клубе камсамола пад кіраўніцтвам К.​А.​Алексютовіча.
Ліпень 1928 Створана кінастудыя «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе.
13 кастрычніка 1928 Пастанова ЦВК і СНК БССР аб рэарганізацыі Інбелкульта ў Акадэмію навук Беларусі.
Лістапад 1928 Рэарганізацыя «Маладняка» ў Бел. асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў і паэтаў.
1 студзеня 1929 Адкрыццё Акадэміі навук Беларусі.
8—15 мая 1929 IX Усебеларускі з’езд Саветаў прыняў 1-ы пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР.
Ліпень 1929 У дзеянне ўведзена швейная фабрыка «Кастрычнік» у Мінску.
1929 Пачаў выпуск прадукцыі Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат. Адкрыты Бел. дзярж. цэнтральны тэатр рабочай моладзі ў Мінску. У БССР пачалася масавая калектывізацыя сялян.
21 мая 1930 Медыцынскі факультэт БДУ рэарганізаваны ў Мінскі медыцынскі інстытут.
10 жніўня 1930 У Мінску адкрыта 1-я Усебеларуская с.-г. і прамысловая выстаўка.
1 кастрычніка 1930 У Мінску створана Бел. студыя оперы і балета.
Кастрычнік 1930 Адкрыты Гомельскі аграпедагагічны інстытут (з 1933 педагагічны інстытут).
Лістапад 1930 Уведзены ў дзеянне фабрыка штучнага шоўку ў Магілёве, фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску, 1-я чарга Асінаўскай электрастанцыі (БелДРЭС).
1930 Створана Койданаўская МТС — першая ў БССР. Адкрыты Бел. лесатэхнічны інстытут у Гомелі (з 1945 у Мінску; у 1961 пераўтвораны ў Бел. тэхналагічны інстытут). Уведзены ў дзеянне «Гомсельмаш».
3—9 студзеня 1931 «Тыдзень Савецкай Беларусі» ў Маскве. Красавік 1931 У Мінску заснаваны тэатр юнага гледача, у Віцебску і Гомелі — тэатры рабочай моладзі.
2 мая 1931 Пачала дзейнічаць кандытарская фабрыка «Камунарка» ў Мінску
25—29 лістапада 1931 1 з’езд жанчын-калгасніц БССР.
1931 Заснаваны Беларускі дзяржаўны вышэйшы педагагічны інстытут (з 1935 Мінскі педагагічны інстытут).
26 лютага 1932 Выйшаў 1-ы нумар газ. «Літаратура і мастацтва».
15 сакавіка 1932 У Гомелі адкрыты Беларускі трэці дзярж. драматычны тэатр пад кіраўніцтвам У.​Галубка.
27 мая 1932 Пастанова ЦК КП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР».
Верасень 1932 Адкрыты Камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску.
Кастрычнік 1932 Адкрыта Вышэйшая камуністычная с.-г. школа Беларусі імя У.​І.​Леніна.
15 лістапада 1932 Адкрыта Беларуская дзяржаўная кансерваторыя.
Люты 1933 Дэкада беларускай навукі ў Маскве.
21—23 сакавіка 1933 I Усебеларускі з’езд калгаснікаў-ударнікаў.
20 мая 1933 Пастанова СНК БССР аб арганізацыі ў Мінску інстытута народнай гаспадаркі.
25 мая 1933 Адкрыты Бел. дзярж. тэатр оперы і балета.
7 лістапада 1933 Адкрыты Дом урада ў Мінску, Мінскі аэрапорт.
10 лістапада У дзеянне ўведзены Гомельскі шклозавод.
8—14 чэрвеня 1934 1 з’езд савецкіх пісьменнікаў БССР.
Ліпень 1934 У Віцебску адкрыта бальніца-медінстытут (з 1938 Віцебскі медыцынскі інстытут).
22 снежня 1934 Створаны Саюз архітэктараў БССР.
15 сакавіка 1935 Пастанова ЦВК СССР аб узнагароджанні БССР ордэнам Леніна.
1935 У Барысаве заснавана фабрыка піяніна.
1936 У БССР адменена картачная сістэма забеспячэння насельніцтва прадуктамі харчавання.
15—19 лютага 1937 II Усебеларускі з’езд Саветаў (надзвычайны) прыняў новую Канстытуцыю БССР.
Люты 1937 Створаны Рэспубліканскі дом народнай творчасці ў Мінску.
25 красавіка 1937 Адкрыта Беларуская дзяржаўная філармонія.
22 ліпеня 1937 У Мінску заснаваны Бел. інстытут фізічнай культуры.
1937 Пабудавана 1-я чарга Аршанскага льнокамбіната. Масавыя рэпрэсіі ў БССР.
15 студзеня 1938 У БССР утвораны першыя вобласці: Віцебская, Гомельская, Мінская, Магілёўская, Палеская.
26 чэрвеня 1938 Выбары ў Вярхоўны Савет БССР 1-га склікання
15 ліпеня 1938 Адкрыты Дзяржаўны тэатр лялек БССР у Гомелі (з 1950 у Мінску).
25—28 ліпеня 1938 На 1-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР 1-га склікання ўтвораны СНК БССР.
6—9 снежня 1938 На I з’ездзе савецкіх мастакоў БССР створаны Саюз мастакоў Беларусі.
1938 Створаны Саюз савецкіх кампазітараў Беларусі. Створаны Ансамбль песні і танца БВА.
10 сакавіка 1939 Урачыстае адкрыццё Вялікага дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Прэм’ера першай сав. бел. оперы «Міхась Падгорны» Я.​К.​Цікоцкага.
Чэрвень 1939 Пастанова пленума ЦК КП(б)Б аб ссяленні хутароў у вёскі і калгасныя пасёлкі.
1 верасня 1939 Налад фаш. Германіі на Польшчу — пачатак 2-й сусветнай вайны.
17 верасня 1939 Паход Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь з мэтай аховы жыцця і маёмасці насельніцтва Зах. Украіны і Зах. Беларусі.
10 кастрычніка 1939 Літве перададзены г. Вільня, большая частка Віленскага ваяводства.
22 кастрычніка 1939 Выбары ў Народны сход Зах. Беларусі.
28—30 кастрычніка 1939 Народны сход Зах. Беларусі ў Беластоку.
2 лістапада 1939 Нечарговая 5-я сесія Вярх. Савета СССР прыняла Закон аб уключэнні Зах. Беларусі ў склад СССР і аб уз’яднанні яе з БССР.
8 лістапада 1939 Адкрыццё Дзярж. карціннай галерэі БССР у Мінску.
12 лістапада 1939 3-я нечарговая сесія Вярх. Савета БССР 1-га склікання прыняла пастанову аб уз’яднанні Зах. Беларусі з БССР.
Лістапад 1939 У Беластоку заснаваны Беларускі ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.​Шырмы.
4 снежня 1939 На тэр. Зах. Беларусі ўтвораны вобласці: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская, падзеленыя на 101 раён.
24 снежня 1939 Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных БССР паводле новай Канстытуцыі БССР.
13 сакавіка 1940 У Гродне заснаваны Дзяржаўны польскі тэатр Беларускай ССР.
24 сакавіка 1940 Выбары дэпутатаў у Вярх. Саветы СССР і БССР у Зах. Беларусі.
5—15 чэрвеня 1940 Дэкада бел. мастацтва ў Маскве.
20 ліпеня 1940 Народнай артыстцы Беларусі Л.​П.​Александроўскай першай на Беларусі прысвоена званне народнай артысткі СССР.
Жнівень 1940 Увод у эксплуатацыю рэканструяванага Дняпроўска-Бугскага канала.
Верасень 1940 Арганізацыя Беластоцкага педагагічнага, Баранавіцкага, Гродзенскага і Пінскага настаўніцкіх інстытутаў.
6 лістапада 1940 У Мінску заснаваны радыёзавод.
15 снежня 1940 Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных у Зах. Беларусі.
1940 На тэр. Зах. Беларусі створана 1115 калгасаў, 28 саўгасаў, 11 МТС.
22 чэрвеня 1941 Напад фаш. Германіі на СССР — пачатак Вялікай Айчыннай вайны.
22 чэрвеня — ліпень 1941 Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці.
24 чэрвеня 1941 Пачалося фарміраванне аднаго з першых на Беларусі Пінскага партызанскага атрада пад камандаваннем В.​З.​Каржа.
25 чэрвеня 1941 Подзвіг экіпажа М.​Ф.​Гастэлы, які накіраваў свой падбіты самалёт на скопішча тэхнікі на дарозе Маладзечна—Радашковічы. Урад Беларусі пераехаў з Мінска ў Магілёў.
28 чэрвеня 1941 Захоп ням.-фаш. войскамі Мінска.
29 чэрвеня 1941 Дырэктыва СНК СССР і ЦК ВКП(б) парт. і сав. арганізацыям прыфрантавых абласцей аб мабілізацыі ўсіх сіл на барацьбу з германскім фашызмам.
30 чэрвеня 1941 Дырэктыва ЦК КП(б)Б № 1 «Аб пераходзе на падпольную работу партыйных арганізацый раёнаў, занятых ворагам».
Канец чэрвеня 1941 У Мінску пачало фарміравацца патрыятычнае падполле (дзейнічала на працягу ўсёй акупацыі горада, аб’ядноўвала каля 90 падпольных груп і арганізацый, больш за 6 тыс. падпольшчыкаў).
1 ліпеня 1941 Дырэктыва ЦК КП(б)Б №2 «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага».
2 ліпеня 1941 На рубяжы Зах. Дзвіна—Дняпро ўтвораны 2-і эшалон сав. войск у складзе трох армій.
3—26 ліпеня 1941 Абарона Магілёва.
5—11 ліпеня 1941 Абарона Віцебска.
6 ліпеня 1941 Дырэктыва СНК БССР і ЦК КП(б)Б аб арганізацыі атрадаў народнага апалчэння.
10 ліпеня — 10 верасня 1941 Смаленская бітва.
14 ліпеня 1941 Першы залп ракетных (рэактыўных) установак «Кацюша» па скопішчы варожых войск на станцыі Орша.
Ліпень 1941 Створаны Мінскі і Пінскі падпольныя абкомы КП(б)Б.
12—19 жніўня 1941 Абарона Гомеля.
Жнівень 1941 Створаны Гомельскі падпольны абком КП(б)Б.
30 верасня 1941—8 студзеня 1942 Маскоўская бітва.
Лістапад—снежань 1941 Створаны Мінскі падпольны гарком КП(б)Б.
Люты — 28 верасня 1942 Час дзеяння Суражскіх (Віцебскіх) «варот» на сав.-германскім фронце.
20 сакавіка — верасень 1942 Дзейнасць Паўн.-Зах. аператыўнай групы ЦК КП(б)Б і СНК БССР.
Сакавік 1942 Створаны Віцебскі падпольны абком КП(б)Б.
12 мая 1942 ЦК КП(б)Б і Прэзідыум Вярх. Савета БССР зацвердзілі тэкст прысягі бел. партызана.
18 мая 1942 Выйшаў 1-ы нумар газ. «Звязда» — органа Мінскага падпольнага гарадскога камітэта КП(б)Б.
30 мая 1942 Створаны Цэнтр. штаб партызанскага руху.
17 ліпеня 1942—2 лютага 1943 Сталінградская бітва.
9 верасня 1942 Створаны Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР).
2 лютага 1943 Заснаваны медаль «Партызану Айчыннай вайны» 1-й і 2-й ступеней.
Люты 1943 Створаны Палескі падпольны абком КП(б)Б.
Сакавік 1943 Створаны Баранавіцкі падпольны абком КП(б)Б.
Красавік 1943 Створаны Брэсцкі і Магілёўскі падпольныя абкомы КП(б)Б.
28 мая 1943 Створаны Вілейскі падпольны абком КП(б)Б.
Ліпень 1943 Створаны Беластоцкі падпольны абком КП(б)Б. Створаны Брэсцкі абласны антыфашысцкі камітэт.
5 ліпеня — 23 жніўня 1943 Курская бітва
3 жніўня — верасень 1943 «Рэйкавая вайна» партызан Беларусі на чыг. камунікацыях ворага (першы этап).
19 верасня 1943 Пачата аперацыя «Канцэрт» на Беларусі (другі этап «рэйкавай вайны»).
23 верасня 1943 Войскі 13-й арміі Цэнтральнага фронту вызвалілі першы раённы цэнтр Беларусі — гар. пасёлак Камарын.
Да 2 кастрычніка 1943 Войскі Бранскага і Цэнтральнага франтоў вызвалілі 6 раёнаў Беларусі: Клімавіцкі, Красналольскі, Крычаўскі, Хоцімскі, Чэрыкаўскі, Камарынскі.
20 кастрычніка 1943 Цэнтральны фронт пераўтвораны ў Беларускі фронт (камандуючы К.​К.​Ракасоўскі).
10—30 лістапада Гомельска-Рэчыцкая аперацыя.
26 лістапада 1943 Войскі Беларускага фронту вызвалілі першы абласны цэнтр Беларусі — Гомель.
13—31 снежня 1943 Гарадоцкая аперацыя. Вызвалены Гарадок Віцебскай вобл.
8—20 студзеня 1944 Мазырска-Калінкавіцкая аперацыя; вызвалены Мазыр і Калінкавічы.
1 лютага 1944 Беларускі штаб партызанскага руху перабазіраваны з Масквы ў пас. Чонкі Гомельскай вобл.
21—24 лютага 1944 Рагачоўская аперацыя; вызвалены Рагачоў.
Люты 1944 У выніку асенне-зімовага наступлення савецкіх войск вызвалены 36 раёнаў Беларусі.
21—24 сакавіка 1944 VI сесія Вярх. Савета БССР 1-га склікання ў Гомелі. Стварэнне Наркамата замежных спраў БССР.
19 чэрвеня 1944 Беларускія партызаны пачалі 3-і этап «рэйкавай вайны» на камунікацыях ворага.
23 чэрвеня — жнівень 1944 Беларуская аперацыя.
23—27 чэрвеня 1944 Віцебска-Аршанская аперацыя; вызвалены Віцебск і Орша; акружэнне і разгром віцебскай групоўкі ворага.
23—24 чэрвеня 1944 Магілёўская аперацыя; вызвалены Магілёў.
24—29 чэрвеня 1944 Бабруйская аперацыя; вызвалены Бабруйск; акружэнне і разгром бабруйскай групоўкі ворага.
29 чэрвеня — 4 ліпеня 1944 Мінская і Полацкая аперацыі.
3 ліпеня 1944 Вызвалена сталіца Беларусі — г. Мінск.
3—11 ліпеня 1944 Акружэнне і разгром на ўсход ад Мінска групоўкі ням.-фаш. войск.
5—16 ліпеня 1944 Баранавіцка-Слонімская аперацыя; вызвалены Баранавічы і Слонім.
5—27 ліпеня 1944 Беластоцкая аперацыя.
16 ліпеня 1944 Мітынг працоўных Мінска і партызан з прадстаўнікамі Чырв. Арміі, парад партызан, прысвечаныя вызваленню ад ням.-фаш. захопнікаў.
17 ліпеня 1944 Войскі 3-га Беларускага фронту фарсіравалі р. Нёман.
18 ліпеня 1944 Люблінска-Брэсцкая аперацыя; вызвалены Брэст. Поўнае вызваленне тэр. Беларусі.
9 жніўня 1944 У Мінску арганізаваны аўтазборачны завод (заснаванне Мінскага аўтамабільнага завода).
Жнівень 1944 Пачалі выпуск прадукцыі: Мінскі станкабудаўнічы завод, Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат, шклозавод «Нёман». Да канца года на тэр. Беларусі адноўлены і пачалі даваць прадукцыю 3400 прамысловых прадпрыемстваў.
20 верасня 1944 На Беларусі ўтвораны новыя вобласці Бабруйская і Полацкая; Беластоцкая вобл. пераўтворана ў Гродзенскую, Вілейская — у Маладзечанскую.
7 лістапада Адкрыты Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Лістапад—снежань 1944 Аднавілі выпуск прадукцыі: завод «Гомсельмаш», ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску.
1944 Адкрыты Гродзенскі педінстытут, Мазырскі настаўніцкі інстытут.
25 красавіка — 25 чэрвеня 1945 Канферэнцыя Аб’яднаных Нацый (у Сан-Францыска), у якой удзельнічалі СССР, УССР і БССР.
2 мая 1945 Сав. войскі ўзялі сталіцу Германіі — г. Берлін.
8 мая 1945 Падпісанне Акта аб безагаворачнай капітуляцыі германскіх узброеных сіл.
9 мая 1945 Дзень Перамогі над фаш. Германіяй.
3 чэрвеня Парад Перамогі
9 жніўня — 2 верасня 1945 Савецка-японская вайна. Разгром Квантунскай арміі Японіі ў Маньчжурыі і капітуляцыя Японіі.
16 жніўня 1945 Паводле савецка-польскага дагавора, 17 раёнаў Беластоцкай вобл. і 3 раёны Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы.
22 верасня 1945 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні ЛКСМБ ордэнам Чырвонага Сцяга.
6 лістапада 1945 Пачата будаўніцтва Мінскага велазавода.
Лістапад 1945 Аднавілі выпуск прадукцыі станкабудаўнічы завод імя Кірава ў Гомелі, цэлюлозна-папяровы камбінат «Герой працы» ў Добрушы.
22 снежня 1945 Заснаваны Бел. тэатральны інстытут у Мінску (з 1953 — тэатральна-мастацкі інстытут).
7 чэрвеня 1946 Пастанова СМ БССР аб арганізацыі Бел. тэатральнага аб’яднання.
Верасень 1946 VIII сесія Вярх. Савета Беларусі 1-га склікання прыняла Закон аб 5-гадовым плане аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі Беларусі на 1946—1950.
1946 Пачата будаўніцтва Мінскага трактарнага завода.
Ліпень 1947 Уведзена ў дзеянне 1-я чарга Мінскага тонкасуконнага камбіната.
Кастрычнік 1947 На Мінскім аўтазаводзе выпушчаны першы беларускі аўтамабіль-самазвал МАЗ-205.
Лістапад 1947 У эксплуатацыю здадзена 1-я чарга дыванова-плюшавага камбіната ў Віцебску, тонкасуконнага камбіната ў Гродне.
14 снежня 1947 Пастанова СМ СССР і ЦК ВКП(б) аб правядзенні грашовай рэформы і адмене картачнай сістэмы.
Красавік 1948 У дзеянне ўведзены Мінскі гіпсавы завод.
Май 1948 Пуск адноўленых фабрык штучнага шоўку ў Магілёве, панчошна-трыкатажнай у Віцебску.
5 чэрвеня 1948 Прысваенне ганаровага звання народнага артыста СССР Г.​П.​Глебаву.
1 кастрычніка 1948 Адкрыццё Мінскага педагагічнага інстытута замежных моў.
1—2 лістапада 1948 1-я Беларуская рэспубліканская канферэнцыя прафсаюзаў; выбранне Беларускага рэспубліканскага савета прафесійных саюзаў (Белсаўпрофа).
30 снежня 1948 Прысваенне ганаровага звання народных артыстаў СССР Б.​В.​Платонаву, П.​С.​Малчанаву.
25 студзеня — 3 лютага 1949 Дэкада бел. літаратуры ў Маскве.
20—24 чэрвеня 1949 II з’езд пісьменнікаў Беларусі.
17 верасня 1950 Адкрыта рэспубліканская прамысловая выстаўка ў Мінску.
14 кастрычніка 1950 Заснаваны Брэсцкі педагагічны інстытут.
1950 Выпуск першага беларускага трактара (гусенічнага КД-35) на Мінскім трактарным заводзе.
Канец 1950 Гаспадарка Беларусі дасягнула даваеннага ўзроўню.
1 сакавіка 1951 У дзеянне ўведзены першы на Беларусі цукровы завод у Скідзелі.
Кастрычнік 1951 Адкрыты Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут.
Жнівень 1951 Выпуск першай прадукцыі Мінскім падшыпнікавым заводам.
19 верасня 1952 Пуск першай тралейбуснай лініі ў Мінску. Верасень 1952 Адкрыццё Мазырскага і Полацкага педагагічных інстытутаў.
1952 Беларускі дзяржаўны народны хор Беларусі пераведзены ў Мінск.
9 мая 1953 Выйшаў 1-ы нумар часопіса «Маладосць».
19 ліпеня 1953 У дзеянне ўведзена гідраэлектрастанцыя «Дружба народаў» на воз. Дрысвяты.
Верасень 1953 Адкрыццё Бел. ін-та інжынераў чыг. транспарту ў Гомелі, Мінскага сувораўскага вучылішча.
15 кастрычніка 1953 Выпуск першага колавага трактара «Беларусь» Мінскім трактарным заводам.
21 снежня 1953 Прысваенне ганаровага звання народнага артыста СССР А.​К.​Ільінскаму.
Сакавік 1954 Першая група моладзі з Беларусі накіравана ў Казахстан на асваенне цалінных зямель.
4 ліпеня 1954 У Мінску адкрыты манумент Перамогі
6 верасня 1954 Адкрыты Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі.
11—21 лютага 1955 Дэкада беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве.
25 лютага 1955 Прысваенне ганаровага звання народных артыстаў СССР Л.​І.​Ржэцкай, У.​І.​Уладамірскаму, Я.​К.​Цікоцкаму, Р.​Р.​Шырме.
24 верасня 1955 Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР зацверджаны Дзярж. гімн БССР.
30 верасня — 10 кастрычніка 1955 Дэкада беларускай культуры ў Польшчы.
Верасень 1955 У дзеянне ўведзена 1-я чарга Мінскага камвольнага камбіната.
16 лістапада 1955 У дзеянне ўведзена 1-я чарга Мінскага гадзіннікавага завода.
1 студзеня 1956 Першая перадача тэлевізійнага цэнтра ў Мінску.
17 студзеня 1956 Прысваенне ганаровага звання народнага артыста СССР М.​Дз.​Ворвулеву.
27 сакавіка 1956 Прысваенне ганаровага звання народнага пісьменніка БССР К.​К.​Крапіве.
9 красавіка 1956 У Мінску адкрыты Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача.
28 ліпеня 1956 Першым сакратаром ЦК КПБ выбраны К.​Т.​Мазураў (на гэтай пасадзе да 1965).
Жнівень 1956 У дзеянне ўведзена 1-я чарга паліграфічнага камбіната ў Мінску.
8 лістапада 1956 Адкрыццё ў Брэсце Музея абароны Брэсцкай крэпасці.
30 чэрвеня — 2 ліпеня 1957 1-ы Усебеларускі фестываль моладзі.
Верасень 1957 Выпуск першага беларускага пракату на Магілёўскім металургічным заводзе.
4 кастрычніка 1957 Запуск у СССР першага ў свеце штучнага спадарожніка Зямлі.
5 лістапада 1957 Адкрыццё ў Мінску Дзярж. мастацкага музея БССР.
8 лістапада 1957 У дзеянне ўведзены Мінскі завод аўтаматычных ліній.
9 жніўня 1958 Заснаваны Гродзенскі медыцынскі інстытут.
5 лістапада Выпуск першых аўтасамазвалаў на Беларускім аўтазаводзе ў Жодзіне.
22 снежня Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні БССР ордэнам Леніна.
Снежань 1958 — студзень 1959 Дэкада беларускага мастацтва, прысвечаная 40-годдзю БССР і КПБ.
1958 У дзеянне ўведзена Васілевіцкая ДРЭС. Створана Гомельская абласная студыя тэлебачання.
15 студзеня 1959 Усесаюзны перапіс насельніцтва: на Беларусі 8 054 648 чалавек.
5—6 сакавіка I з’езд журналістаў Беларусі.
1959 У Мінску заснаваны заводы: халадзільнікаў, эндакрынных прэпаратаў, матэматычных машын і інш.
30 кастрычніка 1960 Завершана будаўніцтва газаправода Дашава—Мінск.
1960 Выпуск першых ЭВМ «Мінск-1» на Мінскім заводзе электронных вылічальных машын. Створана Віцебская абласная студыя тэлебачання.
11 студзеня 1961 На Салігорскім калійным камбінаце пачата здабыча калійнай солі.
12 красавіка 1961 Першы ў свеце арбітальны касмічны палёт вакол Зямлі лётчыка-касманаўта СССР Ю.​А.​Гагарына.
1 верасня 1961 Адкрыты Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут.
20—21 снежня 1961 Прыняцце Вярх. Саветам БССР закона «Аб ахове прыроды ў Беларускай ССР».
1961 Пуск першага энергаблока Бярозаўскай ДРЭС. Створана Брэсцкая абласная студыя тэлебачання.
20 красавіка 1962 Прысваенне ганаровых званняў народнага паэта Беларусі П.​У.​Броўку, народнага пісьменніка Беларусі М.​Ц.​Лынькову.
22 мая 1962 Пуск Беларускага атамнага рэактара.
6 чэрвеня 1962 Заснавана Беларускае таварыства аховы прыроды.
18 жніўня 1962 Святкаванне 1100-годдзя Полацка.
15 лістапада 1962 I з’езд работнікаў кіно БССР — стварэнне Саюза кінематаграфістаў Беларусі.
Май 1963 У дзеянне ўведзены Мінскі маторны завод.
25 чэрвеня 1963 Пуск першай тэхналагічнай лініі Полацкага нафтаперапрацоўчага завода.
Снежань 1963 Уведзены ў дзеянне: 1-я чарга 1-га Салігорскага камбіната (з 1971 Беларускі калійны камбінат «Беларуськалій»), Баранавіцкі баваўняны камбінат, Гродзенскі азотна-тукавы завод.
27 лютага 1964 У Мінску адкрыты радыётэхнічны інстытут.
Жнівень 1964 Атрыманы першы прамысловы прыток нафты на Рэчыцкім радовішчы.
9—18 студзеня 1965 Дэкада рускага мастацтва на Беларусі.
13 студзеня 1965 У Барысаве пачала выпуск прадукцыі фармацэўтычная фабрыка.
Сакавік 1965 Першым сакратаром ЦК КПБ выбраны П.​М.​Машэраў.
8 мая 1965 Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні Брэсцкай крэпасці звання «Крэпасць-герой».
24 чэрвеня 1965 У Віцебску адкрыты тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці.
1965 Выпуск першай прадукцыі на Светлагорскім заводзе штучнага валакна.
14 студзеня 1966 Пуск 1-й чаргі Гомельскага суперфасфатнага завода
25 сакавіка 1966 Пастанова СМ БССР аб адкрыцці ў г. Брэст інжынерна-будаўнічага інстытута.
17—26 красавіка 1966 Дэкада беларускай літаратуры і мастацтва ў Узбекістане.
3 снежня 1966 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні Мінска ордэнам Леніна.
7 снежня 1966 На 1-м (устаноўчым) з’ездзе Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры заснавана Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
1966 Выпуск першай прадукцыі на Брэсцкім электралямпавым заводзе Пачаўся рух электрапаяздоў на ўчастку Бел. чыгункі Мінск — Маладзечна.
1 лютага 1967 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні Мінскай вобл. ордэнам Леніна.
8 лютага 196 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні Віцебскай і Гомельскай абл. ордэнам Леніна.
25—26 мая 1967 Святкаванне 900-годдзя горада Мінска.
Чэрвень 1967 У дзеянне ўведзена Гродзенская бавоўнапрадзільная фабрыка.
1 ліпеня 1967 Святкаванне 900-годдзя горада Орша.
8 ліпеня 1967 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні Магілёўскай вобл. ордэнам Леніна.
16 жніўня 1967 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні Гродзенскай вобл. ордэнам Леніна.
19 верасня 1968 Прысваенне ганаровага звання народных артыстаў СССР І.​І.​Жыновічу, З.​Ф.​Стоме, Г.І Цітовічу.
31 кастрычніка 1968 Прысваенне ганаровых званняў народнага паэта Беларусі А.​А.​Куляшову і М.​Танку.
18—24 снежня 1968 Дні бел. літаратуры і мастацтва ў Маскве. Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні Беларускай ССР ордэнам Кастр. Рэвалюцыі. Адкрыта Выстаўка дасягненняў нар. гаспадаркі Беларусі.
1968 Атрыманы першы поліэтылен на Полацкім хім. камбінаце і першы лаўсан на Магілёўскім камбінаце сінтэтычнага валакна.
1968 У дзеянне ўведзена трыкатажная фабрыка на Пінскім камбінаце верхняга трыкатажу. Створана Гродзенская абл. студыя тэлебачання.
14 сакавіка 1969 Адкрыццё Гомельскага дзяржаўнага універсітэта.
5 ліпеня 1969 Адкрыццё мемарыяльнага комплексу Хатынь. Адкрыццё Кургана Славы пад Мінскам.
Снежань 1969 Пуск 1-га энергаблока Лукомскай ДРЭС.
23 верасня 1970 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні ЛКСМБ ордэнам Леніна.
4 снежня 1970 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні Гомеля ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
15 студзеня 1970 Усесаюзны перапіс насельніцтва на Беларусі: 9 002 300 чалавек.
23 снежня 1970 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні Мінскай вобл. ордэнам Леніна.
1970 Пачата шматтомнае выданне бел. фальклору (да 2000 выдадзена 50 тамоў; адзначана Дзярж. прэміяй Беларусі).
17 студзеня 1971 У Мінску адкрыты Дзярж. тэатр муз. камедыі Беларусі.
3 сакавіка 1971 Прысваенне ганаровага звання народнага артыста СССР У.​І.​Дзядзюшку.
25 студзеня 1972 Мінск — 11-ы горад СССР з насельніцтвам больш за 1 млн. чал.
7 ліпеня 1972 Адкрыццё помніка Я.​Купалу ў Мінску.
19 ліпеня 1972 Прысваенне ганаровых званняў народнага пісьменніка Беларусі І.​П.​Шамякіну і І.​П.​Мележу.
Ліпень 1972 Міжнародная сустрэча прыхільнікаў міру ў Мінску пад дэвізам «Няхай ніколі не паўторыцца трагедыя Хатыні, Лідзіц, Арадура, Хірасімы, Сангмі». Пачата серыйная вытворчасць электронных вылічальных машын «ЕС-1020» на Брэсцкім электрамеханічным заводзе.
3 лістапада 1972 Адкрыццё помніка Я.​Коласу ў Мінску.
5 лістапада 1972 Выпушчаны мільённы трактар на Мінскім трактарным заводзе.
29 снежня 1972 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні БССР ордэнам Дружбы Народаў.
1 студзеня 1973 Адкрыты Магілёўскі тэхналагічны інстытут
Студзень 1973 Уведзена ў дзеянне 1-я чарга Беларускага шыннага камбіната.
Сакавік 1973 1-я рэспубліканская дэкада тэатральнага мастацтва Беларусі.
14 мая 1973 Прысваенне ганаровага звання народнага паэта Беларусі П.​Е.​Панчанку.
1 студзеня 1974 Адкрыты Наваполацкі політэхнічны інстытут (з 1993 Полацкі універсітэт).
26 чэрвеня 1974 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб прысваенні Мінску ганаровага звання «Горад-герой».
30 чэрвеня 1974 Адкрыццё мемарыяльнага комплексу «Прарыў» непадалёку ад г.п. Ушачы Віцебскай вобл.
11 жніўня 1974 Адкрыццё помніка Ф.​Скарыну ў Полацку.
28 жніўня 1974 Указ Прэзідыума Вярх. Савета СССР аб узнагароджанні г. Віцебска ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
29—31 жніўня 1974 Святкаванне 1000-годдзя горада Віцебск.
Верасень 1974 Завершана будаўніцтва Лукомскай ДРЭС і газаправода Таржок — Мінск.
27 снежня 1974 Здадзена ў эксплуатацыю 1-я чарга Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.
1974 Адкрыты рэспубліканскі спартыўны комплекс «Раўбічы». Заснаваны Беларускі фальклорна-харэаграфічны ансамбль «Харошкі».
Студзень 1975 Увод у дзеянне першых вытворчых магутнасцей на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе.
8 мая 1975 На Мінскім аўтазаводзе выпушчаны 500-тысячны аўтамабіль. 5 мая 1975 Заснаваны Мінскі інстытут культуры (адкрыты 1.9.1975, з 1993 Беларускі універсітэт культуры).
24 мая 1975 Лётчыку-касманаўту Герою Сав. Саюза П.​І.​Клімуку прысвоена званне двойчы Героя Савецкага Саюза.
26 чэрвеня 1975 Завершана выданне 12-томнай Беларускай савецкай энцыклапедыі (10 яе актыўным стваральнікам у 1976 прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі).
Лістапад 1975 Адбылося музычнае свята-фестываль «Беларуская музычная восень» (з гэтага часу праводзіцца штогод).
30 снежня 1975 Завершана электрыфікацыя ўчастка Бел. чыгункі Мінск—Стоўбцы.
Снежань 1975 Мінскі завод халадзільнікаў выпусціў 3-мільённы халадзільнік. У в. Жупраны (Ашмянскі раён) адкрыты Дом-музей і помнік Францішку Багушэвічу.
21 студзеня 1976 Уведзены ў дзеянне Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній.
23 лютага 1976 Беларускі аўтазавод (г. Жодзіна) выпусціў 75-тонны самазвал.
3 мая 1976 Уведзены ў дзеянне Лунінецкі завод электрарухавікоў.
26 мая 1976 У Мінску ўстаноўлены мемарыяльны знак у гонар Т.​Шаўчэнкі.
3 мая 1977 У Мінску пачата будаўніцтва метрапалітэна.
Кастрычнік 1977 У в. Ляўкі (Аршанскі р-н) адкрыты філіял музея Я.​Купалы (з 1978 Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі»).
1 лістапада 1977 Драматургу А.​Макаёнку прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі.
22 лістапада 1977 Пры БДУ заснаваны НДІ фізіка-хімічных праблем.
30 снежня 1977 Мінскае вытворчае аб’яднанне «Гарызонт» выпусціла 10-мільённы каляровы тэлевізар.
Студзень 1978 Уведзена ў дзеянне Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка.
24 лютага 1978 Народнаму мастаку Беларусі М.​А.​Савіцкаму прысвоена званне народнага мастака СССР; народнаму артысту Беларусі Р.​І.​Янкоўскаму — народнага артыста СССР.
14 красавіка 1978 Прынята новая Канстытуцыя Беларускай ССР (дзейнічала да 1994).
Красавік 1978 Уведзены ў дзеянне Мінскі завод шампанскіх він.
1 мая 1978 На базе Гродзенскага педінстытута створаны Гродзенскі універсітэт імя Я.​Купалы.
14 ліпеня 1978 Вярхоўны Савет Беларускай ССР прыняў закон аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры.
12 снежня 1978 У дзеянне ўведзены Добрушскі фарфоравы завод.
30 снежня 1978 Уведзена ў дзеянне 1-я чарга Жлобінскага завода штучнага футра.
1978 У г. Наваполацк заснаваны завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў. Віцебскі тэлевізійны завод асвоіў вытворчасць каляровых тэлевізараў «Віцязь».
17 студзеня 1979 Усесаюзны перапіс насельніцтва: на Беларусі 9 560 000 чалавек.
21 красавіка 1979 У Мінску закладзены дэндралагічны парк (з 1992 парк «Дружбы»).
28 чэрвеня 1979 Заснавана Чырвоная кніга Беларусі — спіс рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін (кніга выдадзена ў 1981 выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя», перавыдадзена ў 1993).
12 снежня 1979 У пас. Раўбічы адкрыты Музей беларускага нар. мастацтва.
27 снежня 1979 Завершана электрыфікацыя чыгуначнага ўчастка Орша — Вязьма.
28 студзеня 1980 У АН Беларусі створаны Інстытут прыкладной фізікі.
Студзень 1980 У Гомелі адкрыты кааператыўны інстытут.
2 ліпеня 1980 Завершана будаўніцтва адгалінавання газаправода Орша — Віцебск.
10 ліпеня 1980 У Мінску заснаваны літаратурны музей Петруся Броўкі.
19 ліпеня — 3 жніўня 1980 На XXII Алімпійскіх гульнях у Маскве бел. спартсмены заваявалі 34 медалі, у т. л. 15 залатых.
20—27 ліпеня 1980 У Мінску адбыўся групавы адборачны футбольны турнір XXII Алімпійскіх гульняў.
19 верасня 1980 Васілю Быкаву прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі,
Кастрычнік 1980 У сувязі з трагічнай смерцю П.​М.​Машэрава 1-м сакратаром ЦК КПБ выбраны Ц.​Я.​Кісялёў (на гэтай пасадзе да 11.1.1983).
26 мая 1981 Герою Сав. Саюза У.​В.​Кавалёнку прысвоена званне двойчы Героя Савецкага Саюза.
13 красавіка 1981 Янку Брылю прысвоена званне народнага пісьменніка Беларусі.
18 красавіка 1981 У Брэсце пушчана 1-я тралейбусная лінія.
Жнівень 1981 Брэсцкі завод газавай апаратуры выпусціў мільённую газавую пліту.
11 верасня 1981 У Гомелі адкрыты політэхнічны інстытут (з 1995 імя П.​В.​Сухога).
9 снежня 1981 У Мінску адкрыты помнік М.​Багдановічу.
7 студзеня 1982 Завершана будаўніцтва газаправода Орша—Магілёў.
13 студзеня 1982 Мінскі падшыпнікавы завод выпусціў мільярдны падшыпнік.
2 сакавіка 1982 У Брэсце адкрыты археалагічны музей «Бярэсце».
11 сакавіка 1982 Завершана будаўніцтва Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода.
2—4 ліпеня 1982 Святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы.
2 снежня 1982 У Мазыры пачаў дзейнічаць завод кухоннай солі.
1983 У Магілёве пачаў выдаваць прадукцыю завод сельскагаспадарчага машынабудавання.
27 сакавіка 1984 Мінскі трактарны завод выпусціў 2-мільённы трактар.
30 чэрвеня 1984 Здадзена ў эксплуатацыю 1-я чарга Мінскага метрапалітэна (ад станцыі «Інстытут культуры» да станцыі «Маскоўская»),
1 ліпеня 1984 За прапаганду ідэй аховы прыроды выдавецтву «Беларуская энцыклапедыя» ўручаны Вялікі сярэбраны медаль Праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП).
1984 Уведзены ў дзеянне Беларускі металургічны завод (г. Жлобін), Маладзечанскі завод парашковай металургіі.
24 жніўня 1985 У гар. пасёлку Радашковічы ўведзена ў дзеянне 1-я чарга керамічнага завода.
Кастрычнік 1985 У Мінску заснаваны заапарк.
26 красавіка 1986 Аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, у выніку якой многія раёны Гомельскай, Магілёўскай, часткова Брэсцкай і Мінскай абласцей забруджаны радыенуклідамі.
1986 У г. Баранавічы ўведзены ў дзеянне станкабудаўнічы завод.
3 красавіка 1987 Музычны фестываль «Мінская вясна» (з таго часу праводзіцца штогод).
27 мая 1987 Народнаму артысту Беларусі кампазітару І.​М.​Лучанку прысвоена званне народнага артыста СССР.
Ліпень 1987 Заснаваны Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі (кіраўнік М.​Фінберг).
1987 У дзеянне ўведзены: Мінскі і Барысаўскі заводы буйнапанэльнага домабудавання, Полацкі і Браслаўскі малочныя заводы.
Студзень 1988 Выйшлі першыя нумары часопісаў «Роднае слова», «Крыніца», «Беларуская мова і літаратура ў школе».
Ліпень 1988 У Віцебску пабудаваны летні амфітэатр з самай вялікай у краіне сцэнай і залай на 5400 месцаў.
Жнівень 1988 У Мазыры пачаўся рэгулярны трамвайны рух.
1988 Завершана выданне Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ў 8 тамах (адзначана Дзярж. прэміяй Беларусі 1990).
12 студзеня 1989 Усесаюзны перапіс насельніцтва: на Беларусі 10 200 200 чалавек.
28 сакавіка 1989 Міжнародны аэрапорт «Мінск-2» прыняў першых пасажыраў.
17 красавіка 1989 Мінскі аўтазавод выпусціў мільённы аўтамабіль.
1—2 ліпеня 1989 1-ы з’езд Беларускага экалагічнага саюза (Мінск).
Люты 1990 1-ы з’езд сялянскага саюза Беларусі (са студзеня 1993 Беларускі саюз фермераў).
5 красавіка 1990 Вярхоўны Савет БССР абвясціў дзень 26 красавіка Днём Чарнобыльскай трагедыі.
24—27 мая 1990 У Мінску адбылося Усесаюзнае свята славянскага пісьменства і славянскіх культур.
27 ліпеня 1990 Вярхоўны Савет Беларусі прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР (25 жніўня 1991 гэтай дэкларацыі нададзены статус канстытуцыйнага закона).
Жнівень 1990 У Гомелі адкрыты медыцынскі інстытут.
1—9 верасня 1990 Урачыстасці, прысвечаныя 500-годдзю з дня нараджэння Францыска Скарыны.
19 лістапада 1990 У Магілёве адкрыты мастацкі музей (з 1996 імя П.​В.​Масленікава).
30 снежня 1990 Здадзена ў эксплуатацыю 2-я лінія Мінскага метрапалітэна (ад станцыі «Трактарны завод» да станцыі «Пушкінская»).
Студзень 1991 Падпісаны дагаворы аб узаемаадносінах паміж Беларуссю, Украінай і Казахстанам.
25—27 мая 1991 1-ы Міжнародны кангрэс беларусістаў (Мінск).
25 жніўня 1991 Вярхоўны Савет Беларусі прыняў пакет рашэнняў: аб палітычнай незалежнасці і эканамічнай самастойнасці Беларусі, аб Дэпартызацыі органаў дзярж. улады і кіраўніцтва Беларусі, аб уласнасці КПБ; дзейнасць КПБ—КПСС на тэр. Беларусі прыпынена, памяшканні ЦК КПБ, абкомаў, райкомаў і інш. партыйных устаноў апячатаны, іх уласнасць нацыяналізавана.
19 верасня 1991 Вярхоўны Савет Беларусі прыняў рашэнне аб змене назвы Беларускай ССР на Рэспубліку Беларусь.
20 верасня 1991 Органы ваеннага кіраўніцтва ў Беларусі падпарадкаваны СМ Рэспублікі Беларусь.
Кастрычнік 1991 Падпісаны дэкларацыі аб добрасуседскіх адносінах паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча (у Варшаве), паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай (у Мінску).
Лістапад—снежань 1991 Падпісаны пагадненні аб прынцыпах гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Малдова, Рэспублікай Кыргызстан, Азербайджанскай Рэспублікай (усе ў Мінску), Расійскай Федэрацыяй (у Маскве), Латвійскай Рэспублікай (у Рызе).
3 снежня 1991 Кіраўнікі дзяржаў Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі і Украіны падпісалі пагадненне аб дэнансацыі дагавора пра стварэнне Саюза ССР ад 1922 і аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД; падпісана ў рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы). Цэнтрам СНД выбраны г. Мінск. (Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў гэтае пагадненне 10.12.1991).
21 снежня 1991 Незалежныя дзяржавы Азербайджан, Арменія, Рэспубліка Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расійская Федэрацыя, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, Украіна падпісалі Дэкларацыю аб утварэнні на роўных правах Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), якая не з’яўляецца ні дзяржавай, ні наддзяржаўнай структурай.
1991 Рэспубліку Беларусь прызналі 59 дзяржаў (у 1992 — яшчэ 48 дзяржаў).
30 студзеня 1992 Рэспубліка Беларусь прынята ў члены Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве.
27 лютага 1992 Рэспубліка Беларусь падпісала Хельсінкскі заключны акт.
10 красавіка 1992 Рэспубліка Беларусь падпісала Парыжскую хартыю новай Еўропы.
Верасень 1992 У Мінску адкрыта прадстаўніцтва ААН.
19 студзеня 1993 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў закон «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці».
4 лютага 1993 Рэспубліка Беларусь далучылася да Міжнароднага дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі.
28 красавіка 1993 На нарадзе кіраўнікоў СНД (у Мінску) створаны каардынацыйна-кансультатыўны камітэт як пастаянны орган СНД.
8—10 ліпеня 1993 1-ы з’езд беларусаў свету (у Мінску).
26 ліпеня 1993 На тэр. Беларусі зняты з абароту савецкія грашовыя знакі і ўведзены новыя.
13 лістапада 1993 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў закон «Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны» (на ўліку і пад ахову ўзята 16,3 тыс. помнікаў гісторыі і культуры).
2 сакавіка 1994 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прагаласаваў за прэзідэнцкую форму праўлення на Беларусі.
15 сакавіка 1994 Прынята Канстытуцыя незалежнай Рэспублікі Беларусь.
Сакавік 1994 3 тэр. Рэспублікі Беларусь пачалі выводзіць стратэгічныя ядзерныя сілы; вывад завершаны ў лістападзе 1996.
26 красавіка 1994 Выбраны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.
20 мая 1994 У гар. пасёлку Тураў устаноўлены помнік Кірылу Тураўскаму.
25 мая 1994 Устаноўлена святкаванне Дня беларускага пісьменства і друку (з гэтага часу штогод праводзіцца ў першую нядзелю верасня).
Чэрвень 1994 Рэспубліку Беларусь прызналі 123 дзяржавы, з 97 з іх устаноўлены дыпламатычныя адносіны.
23 ліпеня 1994 Выбары першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
10 ліпеня 1994 На 2-м туры галасавання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь выбраны А.​Р.​Лукашэнка (20.7.1994 Прэзідэнт прыняў прысягу).
4—5 кастрычніка 1994 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў законы «Аб палітычных партыях» і «Аб грамадскіх арганізацыях».
Лістапад 1994 Рэспубліка Беларусь далучылася да праграмы НАТО «Партнёрства дзеля міру».
21 лютага 1995 Паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй падпісаны пагадненні: аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі і навукі; у галіне турызму; аб адзінстве кіравання мытнымі службамі; аб сумесных намаганнях у галіне аховы дзярж. граніцы (у Мінску).
12 красавіка 1995 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў Закон «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь», у т. л. аб устанаўленні вышэйшага звання Герой Беларусі.
14 мая 1995 Выбары ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь і рэферэндум па пытаннях мовы, новай сімволікі, эканамічнага збліжэння з Рас. Федэрацыяй і права Прэзідэнта распускаць Вярхоўны Савет (усе вынесеныя на рэферэндум пытанні ўхвалены большасцю галасоў).
10 жніўня 1995 Рашэннем Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь створаны нацыянальны парк Браслаўскія азёры.
20 лістапада 1995 У Оршы ўстаноўлены помнік У.​Караткевічу.
1 студзеня 1996 ААН абвясціла 1996 годам Чарнобыльскай трагедыі.
29 сакавіка 1996 Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, Казахстана, Кыргызстана і Расійскай Федэрацыі падпісалі пагадненне аб больш цесным эканамічным супрацоўніцтве.
28 красавіка 1996 Выйшаў 1-ы том 18-томнай Беларускай энцыклапедыі.
24 лістапада 1996 Завершаны рэферэндум па пытаннях, унесеных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь (аб новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994 са зменамі і дапаўненнямі, аб пераносе Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь на 3 ліпеня, аб куплі і продажы зямлі, аб смяротным пакаранні) і прапанаваных Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь (аб Канстытуцыі 1994, аб фінансаванні ўсіх органаў улады з дзярж. бюджэту і галосна, аб прамых выбарах кіраўніцтва мясцовых выканаўчых органаў). Большасць насельніцтва падтрымала прапановы Прэзідэнта.
29 лістапада 1986 Спынены паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь; створаны Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь: Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі.
2 красавіка 1997 Падпісаны дагавор аб саюзе Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй (у Маскве).
Чэрвень 1997 У Пружанах устаноўлены помнік Р.​Р.​Шырме.
4—5 ліпеня 1987 Урачыстасці, прысвечаныя 930-годдзю Мінска.
26—27 ліпеня 1997 2-і з’езд беларусаў свету (у Мінску).
31 жніўня 1997 У г. Іванава ўстаноўлены помнік мастаку Н.​Орду, у г. Рэчыца — гісторыку М.​В.​Доўнар-Запольскаму.
Снежань 1997 У Віцебску ўстаноўлены помнік мастаку М.​Шагалу.
7 верасня 1998 Падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь і ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (у Мінску).
10 снежня 1998 У двары-скверы Белдзяржуніверсітэта ўстаноўлены помнікі Францыску Скарыне і Міколу Гусоўскаму; пазней — Сымону Буднаму і Васілю Цяпінскаму.
25 снежня 1998 Прэзідэнты Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь падпісалі дагавор аб роўных правах грамадзян, аб роўных падыходах да суб’ектаў гаспадарання.
16—23 лютага 1999 Перапіс насельніцтва Рэспублікі Беларусь: на Беларусі 10,2 мільёна чалавек.
10 ліпеня 1999 У Мінску ўстаноўлены помнік А.​С.​Пушкіну.
21 верасня 1999 Завершана пракладка 1-й чаргі газаправода Ямал—Зах. Еўропа; на тэр. Беларусі пракладзена траса ў 506 км
13 лістапада 1999 У Віцебску адкрыты лядовы палац.
8 снежня 1999 Прэзідэнты Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь падпісалі дагавор аб стварэнні саюзнай дзяржавы.
Чэрвень 2000 Мінскі аўтамабільны завод выпусціў 1000-ы гарадскі аўтобус.
10 ліпеня 2000 Помнік-мемарыял ахвярам халакоста ўстаноўлены ў Мінску — на т.зв. мемарыяле «Яма», дзе ням. фашысты знішчалі вязняў Мінскага гета.
Верасень 2000 На XXII Алімпійскіх гульнях (Аўстралія) спартсмены Беларусі заваявалі 17 медалёў, у т. л. 3 залатыя.
Кастрычнік 2000 У Полацку ўстаноўлены помнік Ефрасінні Полацкай.
Снежань 2000 ЮНЕСКА у спіс помнікаў сусветнай спадчыны ўключыла Мірскі замак. У Слуцку ўстаноўлены помнік княгіні Соф’і Слуцкай.
31 мая — 1 ліпеня 2001 Кіраўнікі пяці дзяржаў (Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан) на саміце ў Мінску прынялі ўстаноўчыя дакументы па стварэнні міжнароднай Еўразійскай эканамічнай супольнасці.
Чэрвень 2001 Беларускі аўтамабільны завод (г. Жодзіна) пачаў выпускаць 200-тонныя самазвалы.
30—31 жніўня 2001 Святкаванне 1000-годдзя з часу заснавання старажытнага горада Друцка (Талачынскі р-н) і першага хрысціянскага храма на беларускай зямлі.
1 верасня 2001 У Маладзечне ўстаноўлены помнік кампазітару М.​К.​Агінскаму.
9 верасня 2001 Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь выбраны А.​Р.​Лукашэнка.

т. 18, кн. 2, с. 743


Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)