МІЖНАРО́ДНЫ ЗБОР СІГНА́ЛАЎ,

зборнік сігналаў для сувязі паміж марскімі суднамі, а таксама паміж суднамі і берагавымі сігнальнымі станцыямі розных краін. Сігналы выкарыстоўваюцца ў выпадках, звязаных з бяспекай плавання, выратаваннем і аховай жыцця чалавека на моры пры наяўнасці цяжкасцей моўных зносін. М.з.с. універсальны і дазваляе весці перагаворы з дапамогай сцяжкоў, семафора, пражэктара, тэлегр. і тэлеф. радыёсувязі і інш.

Першы М.з.с., складзены ў 1885 у Вялікабрытаніі, меў каля 70 тыс. сігналаў (выкарыстоўвалася 18 сцяжкоў). У далейшым неаднаразова пераглядаўся, удакладняўся і ўхваляўся на спец. міжнар. канферэнцыях (1889, 1927, 1932, 1942, 1959, 1961). М.з.с., прыняты ў 1965, набыў сілу ў 1969, уключае каля 2 тыс. сігналаў, кожны з якіх мае пэўнае сэнсавае значэнне, што дазволіла значна спрасціць і скараціць аб’ём збору.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАХО́Д, паравое судна,

марское або рачное самаходнае судна, якое прыводзіцца ў рух паравой машынай ці паравой турбінай.

П. з паравой машынай Дж.​Уата пабудаваны ў 1802 у Вялікабрытаніі. У 1807 у ЗША Р.​Фултан пабудаваў колавы рачны П. У Расіі першае судна з паравой машынай (землечарпалка) створана ў 1810; марскі П. («Елізавета», для зносін паміж Пецярбургам і Кранштатам) — у 1815. Напачатку П. былі колавыя, з 1840-х г. — з грабным вінтом. З сярэдзіны 20 ст. П. выцясняюцца больш эканамічнымі цеплаходамі (з рухавіком унутр. згарання). У СССР з 1958 буд-ва П. спынена. Сучасныя П. з паравой (або газавай) турбінай наз. турбаходамі, турбаэлектраходамі (гл. Электраход).

Параходы: 1 — буксір з грабным колам (1801; Шатландыя); 2 — рачны пасажырскі (19 ст., ЗША).

т. 12, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ДЖЫН (ад скажонага англ. business справа),

лексічна і граматычна спрошчаная мова, што ўзнікае з неабходнасці зносін паміж 2 народамі, калі адсутнічае інш. агульны сродак моўнай камунікацыі. Тэрмін з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст. для абазначэння гібрыднай мовы, што склалася і ўжывалася ў зносінах паміж кітайцамі і еўрапейцамі. П. узнікае ў выпадках, дзе назіраецца працяглае ўзаемадзеянне паміж прадстаўнікамі разнамоўных супольнасцей, і з’яўляецца адным з вынікаў моўных кантактаў. Выкарыстоўваецца ў сацыяльна абмежаваных сферах камунікацыі (гандаль, найманне рабочай сілы і інш.). Пашыраны пераважна ў Паўд.-Усх. Азіі, Акіяніі і Афрыцы. Мовы на аснове П., якія сталі роднымі для пэўнага калектыву іх носьбітаў, наз. крэольскімі.

Літ.:

Holm J. Pidgins and Creoles. Vol. 1—2. New Jork, 1988—89.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕ́ЎСКІ (Pniewski) Богдан (26.7.1897, Варшава — 5.9.1965),

польскі архітэктар, адзін са стваральнікаў польскай арх. школы 20 ст. Ганаровы чл. франц. Акадэміі архітэктуры (з 1952). Скончыў політэхн. ін-т у Варшаве (1923). З 1932 праф. Акадэміі выяўл. мастацтваў, з 1945 — політэхн. ін-та. Для творчасці П. характэрна спалучэнне рыс неакласіцызму і функцыяналізму. Яго пабудовы адметныя рацыянальнай прастатой форм, манументальнасцю аб’ёмаў, фактурнай выразнасцю: жылыя дамы на вул. Мадалінскага (1925—26), віла на вул. Клёнавай (1935—37), будынкі Польскага радыё (1939), Мін-ва шляхоў зносін (1946—47), Дом селяніна (1957—61, з М.​Гандзялевіч), перабудова комплексу будынкаў Сейма (1948—51), Вял. т-ра (1954—65, у сааўт.; усе ў Варшаве); віла «Патрыя» ў г. Крыніца (1934). Дзярж. прэмія Польшчы 1952.

Б.Пнеўскі. Віла «Патрыя» ў г. Крыніца. 1934.

т. 12, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫЦКО́ Пётр Аляксандравіч (21.6.1921, с. Белаярск Амурскай вобл., Расія — 22.7.1990),

бел. вучоны ў галіне эксплуатацыі чыг. сістэм. Канд. тэхн. н. (1966), праф. (1972). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1978). Скончыў Новасібірскі ін-т ваен. інжынераў чыг. транспарту (1943), Акадэмію чыг. транспарту Мін-ва шляхоў зносін СССР (1956). У 1943—54 на Калінінскай чыгунцы. З 1956 нач. Аршанскага, з 1959 Гомельскага аддз. Бел. чыгункі. З 1961 у Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту (у 1961—86 рэктар). Навук. працы па арганізацыі мясц. вагонапатокаў, графіка руху паяздоў, павышэнні прапускной і правазной здольнасці чыгунак. Аўтар шэрагу перадавых метадаў працы і тэхналогій, укаранёных на чыгунках б. СССР.

Тв.:

Организация движения поездов на железнодорожном транспорте. 3 изд. Мн., 1979 (у сааўт.).

т. 18, кн. 1, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛО́ГІЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

навука, якая вывучае зносіны, паводзіны і дзейнасць асобы, уключанай у сац. супольнасці, а таксама псіхалагічныя характарыстыкі гэтых супольнасцей. Гал. паняцці П.с. — асоба і зносіны. Адрозніваюць данавук. перыяд развіцця П.с., звязаны з кіраваннем і ўздзеяннем на людзей (правадыры плямён, прамоўцы, дзярж. дзеячы і інш.). Абагульненні гэтага эмпірычнага вопыту ажыццёўлены ў працах філосафаў і паліт. дзеячаў (у эпоху антычнасці Платон, Арыстоцель, у наступныя эпохі Т.​Гобс, П.​Гасендзі, Б.​Спіноза, Дж.​Лок, Ж.​Ж.​Русо, К.​Гельвецый, у філасофіі 19 ст. Л.​Феербах, Г.​Гегель і інш.). Сучасны этап развіцця П.с. пачаўся ў 2-й пал. 19 ст. (М.​Лацарус, Г.​Штайнталь). Вылучаны 3 асн. кірункі П.с.: псіхалогія народаў(В.​Вунт), псіхалогія мас (Г.​Тард, Г.​Лебон), псіхалогія інстынктаў. Пасля 1-й сусв. вайны цэнтр развіцця П.с. перамясціўся ў ЗША, дзе яна развівалася ў рамках эксперым. традыцыі. Найб. значныя вынікі атрыманы ў галіне вывучэння структуры і дынамікі малых груп, уздзеяння групы на асобу, фарміравання сац. установак і іх уздзеяння на паводзіны людзей, псіхалогіі кіравання, рэкламы, гандлю і інш. У шэрагу навук. дысцыплін П.с. найб. распрацавана групавая псіхалогія (даследаванні малых груп людзей, якія разглядаюцца як цэласныя структурна-дынамічныя ўтварэнні). Адрозніваюць нефармальныя групы, што стыхійна ўзнікаюць на аснове асабістых адносін, і фармальныя групы, якія ствараюцца для выканання пэўных грамадскіх функцый; даследуюцца розныя аспекты міжасобасных узаемаадносін унутры групы, праблема лідэрства. Вывучэнне зместу, дынамікі і структуры міжасобасных адносін і зносін у групах дзіцячага сада, школьных класах, групах ПТВ, студэнцкіх групах і вытв. калектывах, а таксама даследаванні ўплыву дарослых і кіраўнікоў на гэтыя працэсы прывялі да стварэння адносна самастойных галін П.с. — узроставай (генетычнай) і педагагічнай П.с. Асн. праблемы ўзроставай П.с. — вывучэнне ўзроставых заканамернасцей развіцця зносін асобы; кантактных (малых) груп і калектываў; паэтапнае развіццё кантактнай групы як універсальнай сістэмы непасрэдных зносін у працэсе сумеснай дзейнасці; узроставыя заканамернасці ўзаемадзеяння асобы з шырокім сац. асяроддзем. Пед. П.с. вывучае ўплыў педагогаў на гэтыя працэсы.

На Беларусі развіваюцца практычна ўсе асн. галіны П.с. Яе станаўленне ажыццяўлялася пад уплывам адраджэння гэтай галіны псіхалогіі ў СССР у канцы 1950 — пач. 1960-х г. Першыя публікацыі бел. псіхолагаў у галіне П.с. з’явіліся ў 1962. Псіхолагі Беларусі першымі пачалі эксперым. вывучэнне міжасобасных адносін у дзіцячых і вучэбных групах, калектывах; разам з псіхолагамі Ленінграда яны ўпершыню выкарысталі мадыфікаваныя і сацыяметрычныя метады. Актуальныя і фундаментальныя праблемы П.с. распрацоўваюцца ў Ін-це сацыялогіі Нац. АН Беларусі (Я.М.Бабосаў, В.А.Секун), Бел. пед. ун-це (Я.Л.Каламінскі, Н.​А.​Цыркун, Л.​А.​Панько), Нац. ін-це адукацыі (І.​А.​Фурманаў, В.​Я.​Каламінская, М.А.Крэмень, Л.​А.​Пергаменшчык), БДУ (Г.М.Кучынскі, У.​А.​Палікарпаў), Гродзенскім дзярж. ун-це (С.В.Кандрацьева), Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (У.​А.​Янчук).

Літ.:

Генетические проблемы социальной психологии: Сб. ст. Мн., 1985;

Петровский А.В. Личность. Деятельность. Коллектив. Мн., 1982;

Западная социальная психология в поисках новой парадигмы. М., 1993;

Одайник В. Психология политики: Полит. и социал. идеи К.​Г.​Юнга: Пер. с англ. СПб., 1996;

Реан А.А., Коломинский Я.Л. Социальная педагогическая психология. СПб., 1999;

Коломинский Я.Л. Психология взаимоотношений в малых группах (общие и возрастные особенности). 2 изд. Мн., 2000.

Я.​Л.​Каламінскі.

т. 13, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ФЦІО Генрых Восіпавіч (26.12.1869, г. Даўгаўпілс, Латвія — 30.4.1949),

расійскі вучоны і інжынер-энергетык. Акад. АН СССР (1932). Скончыў Новарасійскі (у Адэсе) ун-т (1892) і Пецярб. ін-т інжынераў шляхоў зносін (1896). Удзельнічаў у праектаванні і буд-ве чыгунак, трамвая ў Пецярбургу, склаў праекты электрыфікацыі чыгунак Крыма і Закаўказзя, ГЭС на р. Вуоксе, Волхаве і інш. З 1907 выкладаў у Пецярб. электратэхн. ін-це (з 1921 праф.). Удзельнічаў у складанні плана ГОЭЛРО. У 1921—27 гал. інжынер буд-ва Волхаўскай ГЭС, потым узначальваў буд-ва Ніжнясвірскай ГЭС (прысвоена імя Графціо). У 1938—45 гал. інспектар па буд-ве ГЭС. Навук. даследаванні ў галіне гідраэнергетыкі.

Літ.:

Шевцов В.Н., Смирнов И.С. Генрих Осипович Графтио. М.; Л., 1955;

Шевцов В.Н. Генрих Осипович Графтио, 1869—1949 // Люди русской науки. М., 1965.

Г.В.Графціо.

т. 5, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГАНО́ВІЧ Лазар Майсеевіч (4.12.1893, в. Кабаны Кіеўскай губ. — 6.8.1991),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1943). Чл. КПСС у 1911—61 (выключаны). З вер. 1917 старшыня Палескага к-та РСДРП, кіраваў устанаўленнем сав. улады ў Гомелі.

Чл. ЦК (1924—57), Палітбюро (Прэзідыума, 1930—57) і сакратар ЦК (1928—39) КПСС, кіраўнік парт. арг-цыі Масквы і вобл. (1930—35). У 1925—28 і ў 1947 1-ы сакратар ЦК КП(б) Украіны. У 1935—44 нарком шляхоў зносін, з 1938 нам. старшыні СНК СССР. У Вял. Айч. вайну чл. Дзярж. к-та абароны (з 1942) і ваен. саветаў шэрагу франтоў. Нам. старшыні СНК (1944—46) і СМ СССР (1946—57). Нясе асабістую адказнасць за масавыя рэпрэсіі 1930 — пач. 1950-х г.

Тв.:

Памятные записки. М., 1996.

М.​С.​Даўгяла.

т. 7, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ВА-ПАСРЭ́ДНІЦА,

1) мова міжнацыянальных (міжэтнічных) і міждзяржаўных зносін (гл. Міжнародныя мовы).

2) У больш вузкім значэнні — мова, праз якую адбылося запазычанне (гл. Запазычанні ў мове) асобных слоў або канструкцый іншамоўнага паходжання. У сучаснай бел. мове вылучаецца значная колькасць лексічных адзінак, у розны час запазычаных з інш. моў. Запазычанне большасці слоў адбывалася праз пасрэдніцтва ў першую чаргу польск. і рус. моў. Напр., праз рус. мову з замежных моў (асабліва з грэч. і лац.) у лексіку бел. мовы прыйшлі словы «аўдыторыя», «варыянт», «ідэя», «кампанент», «мелодыя», «орган», «параграф», «піраміда», «сейф», «трамвай», «утопія» і інш., праз польск. — лац. «колер», ням. «дах», венг. «палаш», італьян. «палац», франц. «пісталет» і інш. У сваю чаргу бел. мова была пасрэдніцай пры запазычанні ў рус. мову слоў з польск. і ням. моў.

т. 10, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТА́ПАЎ Макар Васілевіч (28.2.1887, г. Калязін Цвярской вобл., Расія — 9.5.1949),

бел. вучоны ў галіне гідратэхнікі. Чл.-кар. Нац. А.​Н.​Беларусі (1940), д-р тэхн. н. (1942), праф. (1936). Скончыў Петраградскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1915). У 1925—28 у Дзяржплане СССР. З 1930 у Маскоўскім ін-це інжынераў воднай гаспадаркі, у 1938—39 у БПІ. У 1940—41 і 1944—46 кіраўнік водна-гасп. сектара Аддзялення тэхн. навук АН Беларусі. Распрацаваў тэорыю падоўжна-вінтавога цячэння патоку, метад штучнай папярочнай цыркуляцыі ў вадзяных патоках, прапанаваў сістэмы для перабудовы структуры патоку. Прымаў удзел у распрацоўцы праектаў рэканструкцыі воднага рэжыму і асваення Палескай нізіны. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Тв.:

Соч. Т. 1—3. М., 1950—51.

М.В.Патапаў.

Літ.:

Биографический словарь деятелей естествознания и техники. Т. 2. М., 1959.

т. 12, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)