помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1900 у в. Кемелішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. на месцы драўлянага касцёла, узведзенага ў 1781. Спалучае рысы стыляў мадэрн, неакласіцызму і несапраўднай готыкі. Храм крыжовы ў плане, 6-слуповы, зальнага тыпу з 5-граннай алтарнай апсідай, да якой з Пн прымыкае сакрысція. Гал. фасад завершаны дзвюма 2-яруснымі вежамі (васьмярык на чацверыку), накрытымі спічастымі шатрамі (кожны мае 4 дэкар. франтончыкі са шпілем). Гал. ўваход вылучаны 4-слуповым ганкам. Франтоны тарцоў трансепта завершаны невял. чацверыковымі шатровымі вежачкамі. Побач з касцёлам 3-ярусная чацверыковая званіца з шатровым дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОЗ, Лоас (Loos) Адольф (10.12.1870, г. Брно, Чэхія — 22.8.1933), аўстрыйскі архітэктар. Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Дрэздэне (Германія, 1893). Працаваў пераважна ў Вене (у 1920—22 гал. архітэктар), а таксама ў ЗША (1893—96), Парыжы (1923—28). Зазнаў уплыў Л.Салівена. З канца 1890-х г. выступаў супраць стылю мадэрн. У пабудовах (інтэр’ер бара Кернтнера, 1907; дом Штайнера, 1910; праект квартала Хойберг, 1922, усе ў Вене) рысы рацыяналізму, аскетызм форм, выяўленне спецыфікі буд. матэрыялаў. З сярэдзіны 1920-х г. у яго работах з’явіліся тэндэнцыі класіцызму, уплыў кубізму, элементы традыц.нар.дойлідства (дамы Трыстана Тцара ў Парыжы, 1926; Кунера ў Паербаху, Аўстрыя, 1930).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАЎ Ігар Вячаслававіч (н. 18.5. 1954, Мінск),
бел. архітэктар, педагог. Сын В.М.Марозава. Д-р культуралогіі (1998). Скончыў БПІ (1976). Працаваў у ін-це «Белдзіпрадор», з 1987 выкладае ў БПА. Працуе ў галіне манум. мастацтва: помнікі Рагнедзе і Ізяславу ў г. Заслаўе Мінскага р-на (1993, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1998), М.Танку ў в. Пількаўшчына Мядзельскага р-на Мінскай вобл. (1997). Аўтар прац у галіне тэорыі і філасофіі дойлідства: «Планета дарог» (1992), «Таямнічым шляхам Гермеса» (1994). Прэміі міжнар.арх. конкурсаў у Францыі (1984), Балгарыі (1985), Югаславіі (1987).
Тв.:
Ты откуда и куда? Мн., 1998 (разам з В.М.Марозавым);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ВЕ́ЖА,
помнік архітэктуры 2-й пал. 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Уваходзіць у комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў. Першапачаткова складалася з нізкай шатровай брамы (злучала горад з замкам; не захавалася) і высокай абарончай вежы. Вежа — квадратнае ў плане збудаванне, завершанае шатровым дахам. Глухі ніжні ярус з контрфорсамі вырашаны як масіўны цокаль. 2-і ярус аформлены прамавугольнымі, круглымі і квадратнымі аконнымі праёмамі, 3-і і 4-ы — арачнымі. Белыя атынкаваныя абрамленні праёмаў і між’ярусныя паяскі кантрастуюць з чырв. цаглянай муроўкай сцен, што стварае дэкар. 2-колерную гаму фасадаў. У архітэктуры вежы алюстраваны рысы бел. абарончага дойлідства, стыляў готыкі і рэнесансу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМЯРА́НЦАЎ Аляксандр Ніканоравіч (11.1.1849, Масква — 27.10.1918),
расійскі архітэктар. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1893). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1874), вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1874—78), з 1888 выкладаў у ёй (з 1892 праф., у 1899—1900 рэктар). У пабудовах П. новыя для 2-й пал. 19 ст. прасторавыя вырашэнні гандл., выставачных і грамадскіх будынкаў і вялікапралётныя метал. канструкцыі перакрыццяў спалучаюцца з арх. формамі і дэкорам у неарускім стылі: Верхнія гандл. рады на Краснай плошчы ў Маскве (цяпер ГУМ, 1889—93, інж. У.Шухаў). Аўтар храма-помніка Аляксандра Неўскага ў Сафіі (1904—12).
А.Памяранцаў. Верхнія гандлёвыя рады (ГУМ) на Краснай плошчы ў Маскве. 1890—93.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАНЕ́ЗІ (Piranesi) Джавані Батыста (4.10.1720, г. Мальяна-Венета, Італія — 9.11.1778),
італьянскі гравёр. Працаваў у Рыме, Венецыі і Неапалі. Зазнаў уплывы ант.дойлідства, венецыянскага барочнага тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва. У творчай манеры спалучаў афорт з разцовай гравюрай. Ствараў «архітэктурныя фантазіі», якія вызначаліся грандыёзнасцю прасторавых вырашэнняў, вострадрам. святлоценявымі кантрастамі (цыклы «Фантазіі на тэму турмаў», каля 1745—50, 1760—61) і відавыя гравюры, у якія прыўносіў элементы рамант. вымыслу, што надавалі арх. помнікам манументальнасць і жывапіснасць (цыклы «Віды Рыма», з 1748; «Рымскія старажытнасці», 1756). Гравюры П. паўплывалі на станаўленне стылю ампір. Працаваў таксама як архітэктар.
Літ.:
Лаврова О.И. Избранные офорты Дж.Б.Пиранези. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РТА (Porta) Джакама дэла (каля 1540, Рым — 1602),
італьянскі архітэктар. Вучань Мікеланджэла, зазнаў уплыў Дж.Віньёлы. Будаваў пераважна ў Рыме. Пераасэнсоўваў прынцыпы італьян.дойлідства эпохі Адраджэння, імкнуўся да напружаных прасторавых вырашэнняў і ўнутр. дынамізму ў духу ранняга барока. Кіраваў буд-вам сабора св. Пятра (з 1573), узвёў гал. купал, якому надаў эліпсападобную форму (1586—93). Закончыў паводле праекта Віньёлы царкву Іль Джэзу і стварыў яе барочны фасад (1575). Удзельнік буд-ва ансамбля пл. Капітолія (1563—90-я г.). Пабудаваў ун-т у Рыме («Сапіенца»; каля 1575) і вілу Альдабрандзіні ў Фраскаці (1598—1600, дабудавана К.Фантанам).
Дж. дэла Порта. Віла Альдабрандзіні ў Фраскаці. 1598—1600.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАМАНЯ́Н Аляксандр Іванавіч (16.3.1878, г. Краснадар, Расія — 20.2.1936),
армянскі архітэктар. Нар. архітэктар Арменіі (1924). Скончыў Пецярбургскую АМ (1904). У ранніх творах распрацоўваў прынцыпы класіцызму. Стварыў першы генплан рэканструкцыі Ерэвана (1924), праекты планіроўкі гарадоў Гюмры (1925), Эчміядзін (1927—28) і інш. У многіх работах 1920-х г. у Ерэване выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы класіцызму: будынкі фізіятэрапеўтычнага, зоаветэрынарнага, політэхн. ін-таў, абсерваторыя і анатомікум медыцынскага ін-та. Звяртаўся да творчай перапрацоўкі традыцый арм. сярэдневяковага дойлідства, выкарыстоўваў пароды мясц. каменю: Т-р оперы і балета (1926—53), Дом урада (1926—41) і інш. у Ерэване. Дзярж. прэмія СССР 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРЭ́ЦКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры псеўдарус. стылю ў в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1888 з бутавага каменю і цэглы на месцы драўлянага храма 1747. Шматпланавая аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма складаецца з папярочнага прытвора-званіцы, прамавугольнай трапезнай, асн. 3-нефавага аб’ёму ў выглядзе крыжа, апсіды. У архітэктуры выкарыстаны элементы і формы стараж.-рус.дойлідства: вісячыя падвойныя аркі на парталах уваходаў, ліштвы акон, 3-лопасцевыя какошнікі на фасадах, 5-купальная кампазіцыя асн. аб’ёму і інш. Спалучэнне прыроднага каменю і атынкаваных белых дэталей дэкору ўзбагачае арх.-маст. якасці помніка. Ў інтэр’еры пазалочаны іканастас канца 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства канца 18 ст. Пабудавана ў гіст. раёне Гомеля на беразе р. Сож. Раней тут быў храм старавераў пад назвай Спасаў. Пасля на яго месцы пабудавана драўляная Ільінская царква, у 1794 перабудавана. Побач з ёй існаваў мужчынскі і жан. скіт старавераў. У 1850 скіт і царква закрыты; абразы і рэдкія кнігі перададзены ў Гомельскую Петрапаўлаўскую царкву. З 1852 царква зноў дзейнічае, у 1853 пры ёй засн. аднаверскі прыход. Будынак царквы складаецца з трох зрубаў, пастаўленых адзін за адным па падоўжнай восі. Зрубы нефа і бабінца прамавугольныя ў плане, алтарнай апсіды — 5-гранны. Над бабінцам надбудавана шмат’ярусная вежа-званіца (васьмярык на чацверыку).