КАМІТЭ́Т РУ́СКІХ АФІЦЭ́РАЎ У ПО́ЛЬШЧЫ,

падпольная рэв. арг-цыя ў часцях рас. арміі на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны ў 1861—63. Узнік восенню 1861 як федэрацыя афіцэрскіх гурткоў колькасцю ў некалькі соцень чал. (палякі, рускія, беларусы і інш.). Кіраўнікі: А.Л.Патабня, Я.Дамброўскі, З.Падлеўскі і інш. К-т ідэйна прымыкаў да «чырвоных», выступаў за ліквідацыю прыгонніцкіх парадкаў. Быў звязаны з рас. рэв. цэнтрам у Лондане (А.​І.​Герцэн, М.​А.​Бакунін, М.​П.​Агароў), ЦК «Зямлі і волі» ў Пецярбургу (у яе склад к-т увайшоў у канцы 1862 як аўт. арг-цыя), Цэнтр. нац. к-там у Варшаве, Літоўскім правінцыяльным камітэтам у Вільні. У 1861—62 вёў прапагандысцкую работу ў войсках, выпусціў больш за 16 пракламацый. 27.6.1862 Патабня здзейсніў замах на рас. намесніка ў Польшчы ген. А.​М.​Лідэрса. Да сярэдзіны 1863 дзейнасць к-та спынілася ў сувязі з рэпрэсіямі і змяненнем паліт. сітуацыі, многія яго члены ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.

т. 7, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЭГАРЫ́ЧНЫ ІМПЕРАТЫЎ (ад лац. imperativus загадны),

асноўны закон этыкі І.Канта. Сфармуляваны ў рабоце «Крытыка практычнага розуму» (1788). Зыходзячы з паняцця свабоды тэарэт. розуму, Кант сцвярджаў, што адзінай вызначальнай асновай свабоднай і добрай волі можа быць толькі неабходны і агульназначны маральны закон практычнага розуму — К.і. Усведамленне неабходнасці дзейнічаць у адпаведнасці з маральным законам ён называў маральным загадам або абавязкам у адрозненне ад пачуццёвай эмпірычнай схільнасці да выканання маральнага закона. Кант разумеў маральны закон як безумоўнае прадпісанне, таму лічыў, што катэгарычным імператывам павінны кіравацца ўсе людзі незалежна ад іх паходжання і становішча; у гэтым іх вышэйшы абавязак. У выпадку канфлікту паміж пачуццёвай схільнасцю і маральным законам Кант патрабаваў безумоўнага падпарадкавання маральнаму абавязку, што ўзвышае чалавека над сабой як часткай пачуццёвага свету; усякая асоба — самамэта і не павінна разглядацца як сродак здзяйснення розных задач, нават калі гэта задачы ўсеагульнага дабрабыту. К.і. неабходна адрозніваць ад гіпатэтычнага імператыву, які, паводле Канта, належыць да валявых дзеянняў чалавека, калі ён не цікавіцца маральнымі мэтамі сваіх дзеянняў.

Т.​І.​Адула.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАСКО́ (Восіп Восіпавіч) (Хлашко Юзаф; 1856, маёнтак Пераселянцы Полацкага пав. — 14.7.1934),

дзеяч народніцкага і польск. грамадска-паліт. руху, журналіст. Стрыечны брат І.А.Гласко. З 1876 вучыўся ў мед.-хірург. акадэміі ў Пецярбургу. У 1878 і 1879 за ўдзел у студэнцкіх выступленнях і паездкі да рэвалюцыянераў быў арыштаваны. Удзельнічаў у стварэнні польск. сацыяліст. гміны ў Пецярбургу, прадстаўнік яе ў «Народнай волі». Паступова адышоў ад народніцтва ў бок нац. сацыялізму. У 1881 арыштаваны і высланы на 5 гадоў у г. Енісейск. У 1888—93 у Варшаве, супрацоўнік штотыднёвіка «Glós» («Голас»), Далучыўся да нац. дэмакратаў (эндэкаў). У 1894 асуджаны па справе «Лігі Нарадовай» (арг-цыі эндэкаў), высланы на 5 гадоў у Валагодскую губ. З 1897 у Смаленску, Пераселянцах, Львове. З 1906 у Вільні рэдагаваў час. «Дзённік Віленьскі». З 1915 у Пецярбургу разам з лідэрамі эндэцыі выдаваў штотыднёвік «Sprawa polska» («Польская справа»), пазней у Маскве заснаваў штотыднёвік «Gazeta polska» («Польская газета»). З 1918 у Варшаве.

В.​М.​Чарапіца.

т. 5, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́МАН»,

рэвалюцыйная народніцкая група ў Пецярбургу ў 1880-я г. Аформілася да пач. 1884. Складалася са студэнтаў — ураджэнцаў Беларусі. Выдавала падпольны час. «Гомон». Утварылася па ініцыятыве былых членаў Віцебскага рэв. гуртка А.​І.​Марчанкі і Х.​А.​Ратнера. Належала да заснавальнікаў бел. нац. плыні ў рас. народніцкім руху, адным з ініцыятараў якой быў І.Я.Грынявіцкі. Група «Гоман» упершыню паставіла і тэарэтычна абгрунтавала бел. нац. пытанне. Ажыццяўленне сац. і нац. разнявольвання бел. народа звязвала з перамогай нар. рэвалюцыі ў Расіі, пераходам улады да Устаноўчага сходу і ўтварэннем федэрацыі свабодных раўнапраўных аўтаномных абласцей. Мела сувязі з арг-цыяй «Народнай волі» ў Паўн.-Зах. краі, з рэв. гурткамі Віцебска, Мінска, Магілёва, Гродна. Спыніла існаванне ў выніку разгрому арг-цыі «Народная воля».

Літ.:

Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии: (40-е — начало 80-х годов XIX в.). Мн., 1972;

Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг. Мн., 1983.

М.​В.​Біч.

т. 5, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАШ ГО́ЛАС»,

газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася Беларускай сялянска-работніцкай грамадой з 27.1 да 28.2.1927 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Адлюстроўвала рэпрэсіі польскага ўрада супраць бел. нац.вызв. руху, выкрывала паклёп праўрадавай прэсы на яго арыштаваных прадстаўнікоў, дэпутатаў сейма, інфармавала пра дэманстрацыі ў іх абарону (у Косаве, расстраляную паліцыяй, а таксама ў Мінску) — арт. «Буржуазная маральнасць», «У чым вінавацяць нашых паслоў». Прапагандавала новую тактычную лінію вызв. барацьбы ў перыяд наступлення рэакцыі, устаноўку на актывізацыю культ.-асв. фронту. Крытыкавала пазіцыю ўрада па пытаннях зямельнай рэформы і асветы. Востра ставіла праблему правоў чалавека ў Польшчы і праявы фашызму ў краіне (арт. «Да вызвалення чалавека», «Ці ёсць фашызм у Польшчы?»). Інфармавала пра важнейшыя культ. падзеі ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчала творы М.​Васілька, Т.​Кляшторнага, С.​Галыша, Т.​Волі і інш. Выйшла 11 нумароў, з іх 5 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАНО́ВІЧ-СА́ХАРАВА (Вольга Фёдараўна) (28.6.1884, в. Казаноўка Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.3.1943),

бел. пісьменніца. Жонка С.П.Сахарава. Скончыла Полацкую гімназію (1900). Настаўнічала ў Люцыне (цяпер г. Лудза, Латвія), з 1907 у г. Юр’еў (Тарту, Эстонія). З 1917 зноў у Люцыне. Удзельнічала ў працы культ.-асветнага т-ва беларусаў Латгаліі «Бацькаўшчына». У 1925—32 працавала ў Бел. гімназіі ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс, Латвія), з 1935 у мяст. Краслава. Памагала мужу збіраць бел. фальклор. Літ. дзейнасць пачала ў 1917. Паводле матываў паэмы Я.​Купалы «Сон на кургане» напісала п’есу — казачную феерыю «На Полацкім замчышчы» (паст. 1927, выд. 1928), да якой К.​М.​Галкоўскі напісаў 6 муз. ілюстрацый (хары і сольныя нумары). П’еса «Птушка на волі» (1932, пра жыццё на вёсцы) нагадвала «Паўлінку» Я.​Купалы. Яе п’есы «Маладыя пабегі», «Ліст да Прэзідэнта», «Аксюткіна ёлка» ставіліся ў Дзвінскай гімназіі. Пісала вершы (зб. «Водгукі сэрца»; рукапіс у Цэнтр. б-цы АН Літвы).

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАНО́ВІЧ (Спартак Пятровіч) (н. 20.6.1938, г. Магнітагорск, Расія),

бел. трэнер (гандбол). Майстар спорту СССР (1964). Засл. трэнер Беларусі (1967), СССР (1977), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1981). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1963). З 1964 старшы трэнер зборнай каманды школьнікаў Беларусі — чэмпіёна СССР (1967), з 1969 — Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства. З 1970 трэнер зборнай каманды юніёраў СССР — пераможцы чэмпіянату свету сярод юніёраў (1977, 1979, 1983, 1985). З 1976 гал. трэнер каманды СКА (Мінск); пад яго кіраўніцтвам каманда была ўладальніцай Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1987, 1989, 1990), Кубка ўладальнікаў кубкаў (1983, 1988), Кубка СССР (1980, 1981, 1982), чэмпіёнам СССР (1981, 1984, 1985, 1986, 1988, 1990), чэмпіёнам Беларусі (1993—99). З 1986 трэнер зборных каманд СССР — пераможцы XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул, Рэспубліка Карэя) і СНД — пераможцы XXV Алімп. гульняў (1992, Барселона, Іспанія), пераможцы Гульняў добрай волі (1986, Масква; 1990, г. Сіэтл, ЗША). У 1991—97 член выканкома Нац. алімп. к-та Беларусі.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДО́ЎЦАЎ, Мардовец,

Данііл Лукіч (19.12.1830, г.п. Данілаўка Валгаградскай вобл., Расія — 23.6.1905), рускі і ўкраінскі пісьменнік, гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1854). У 1850—70-я г. супрацоўнічаў у часопісах «Русское слово», «Отечественные записки», «Дело». Першы маст. твор — рамант. паэма «Казакі і мора» (1854, выд. 1859). Аўтар гіст. раманаў «Новыя рускія людзі» (1868), «Адзнака часу» (1869), «Дванаццаты год» (1879), «Салавецкае сядзенне», «Цар і гетман» (абодва 1880), «Пан Вялікі Ноўгарад», «Сагайдачны» (абодва 1882), «Цар Пётр і правіцельніца Соф’я» (1885), «За чые грахі?» (1890), «Замураваная царыца» (1891), «Пагібель Іерусаліма» (1897); публіцыстычных і навук. прац па гісторыі «Самазванцы і панізовая вольніца» (1867), «Гайдамачына» (т. 1—2, 1870), «Напярэдадні волі» (1872, выд. 1889), «Рускія жанчыны новага часу» (ч. 1—3, 1874) і інш. Пісаў нарысы, фельетоны, успаміны («З мінуўшчыны і перажытага», 1902).

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1991.

Літ.:

Момот В.С. Д.​Л.​Мордовцев: Очерк жизни и творчества. Ростов н/Д, 1978.

т. 10, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (7.7.1854, в. Барок Някоўзскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 30.7.1946),

дзеяч рас. рэв. руху, вучоны. Ганаровы акад. АН СССР (1932). З 1874 у маскоўскім гуртку чайкоўцаў, удзельнічаў у «хаджэнні ў народ». У 1875 арыштаваны і асуджаны па «працэсе 193-х». У 1878 уступіў у арг-цыю «Зямля і воля», з 1879 — чл. Выканкома «Народнай волі». У 1881 зноў арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае зняволенне. Пасля вызвалення ў 1905 займаўся навук.-пед. дзейнасцю. У 1918—46 дырэктар Прыродазнаўча-навук. ін-та імя Лесгафта. Працы па хіміі (прадказаў існаванне інертных элементаў, выказаў пацверджаныя пазней меркаванні аб складанай будове атама і магчымасці атрымання атамнай энергіі), матэматыцы, астраноміі, метэаралогіі, гісторыі рэлігіі і культуры. Аўтар успамінаў і вершаў.

Тв.:

[Вершы] // Муза в храме науки: Сб. стихотворений. 2 изд. М., 1988.

Літ.:

Н.​А.​Морозов ученый-энциклопедист. М., 1982;

Озеров В.С. Н.​А.​Морозов. Л., 1966;

Твардовская В.А. Н.​А.​Морозов в русском освободительном движении. М., 1983.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНІЦТВА,

1) спецыфічная фаза гісторыі сац.-рэв. руху ў Расіі паміж «хаджэннем у народ» (1872—74) і тэрарызмам (1878—81).

2) Сац. дактрына 2-й пал. 19 ст., заснаваная на ўпэўненасці ў тым, што Расія можа мінуць капіталіст. стадыю развіцця і праз арцель і абшчыну адразу перайсці да сацыялізму (некат. даследчыкі лічаць пачынальнікамі гэтай дактрыны А.​І.​Герцэна і М.​Г.​Чарнышэўскага і адносяць нараджэнне т. зв. «аграрнага сацыялізму» да 1840—60-х г.).

2) Шырокі спектр ідэй і падыходаў, звязаных з цікавасцю інтэлігенцыі да «народа», пераважна сялян і рабочых, іх мыслення, звычаяў, нораваў і г.д. Характэрная рыса Н. як ідэалогіі — перапляценне ідэй рэв. дэмакратыі з сял. утапічным сацыялізмам. Н. падзялялася на рэв. і ліберальную плыні. Рэв. Н. звязвала дасягненне сацыялізму з усерас. сял. паўстаннем; ліберальнае разлічвала на мірны, рэфармісцкі шлях. Філас.-метадалагічную аснову поглядаў Н. складалі пазітывізм (М.К.Міхайлоўскі, П.Л.Лаўроў) і матэрыялізм (П.​М.​Ткачоў); іх аб’ядноўвала мэта тэарэтычна абгрунтаваць права асобы на сац. актыўнасць, зацвердзіць вядучую ролю сац. ідэала ў пабудове вучэння аб грамадскім развіцці («тэорыя прагрэсу», суб’ектыўны метад у сацыялогіі). Адлюстраваннем прынцыпаў суб’ектыўнай сацыялогіі ў эканам. навуцы з’явіўся «эканамічны рамантызм» (В.П.Варанцоў, М.Ф.Даніэльсон), прадстаўнікі якога імкнуліся пацвердзіць ідэю некапіталіст. развіцця ў Расіі.

У 1860-я — сярэдзіне 1880-х г. у рас. Н. пануючай была рэв. плынь, прадстаўленая шматлікімі тайнымі арг-цыямі і гурткамі, большасць якіх з 1870-х г. знаходзілася пад уплывам «бунтарскіх» ідэй М.А.Бакуніна. Спробай рэалізаваць ва ўсерас. маштабе рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна і Чарнышэўскага стала першая арг-цыя «Зямля і воля» (1861—64). Члены т-ва «ішуцінцаў» (1863—66, лідэры М.​А.​Ішуцін і І.​А.​Худзякоў) для прапаганды рэв. ідэй меркавалі стварыць вытв. арцелі і камуны. Адзін з іх, Дз.У.Каракозаў, у крас. 1866 ажыццявіў няўдалы замах на імператара Аляксандра II. Уцалелыя пасля арыштаў «ішуцінцы» ўвайшлі ў тайную змоўшчыцкую арг-цыю «Народная расправа» (1869), лідэр якой С.Г.Нячаеў лічыў магчымым для перамогі «мужыцкай рэвалюцыі» выкарыстоўваць любыя сродкі, у т. л. падман, шантаж, забойствы. «Вялікае таварыства прапаганды», або чайкоўцы (1869—74), лічыла неабходным пашырэнне прапаганды ідэй Н. сярод інтэлігенцыі, а потым у народзе з мэтай падрыхтоўкі рэвалюцыі. У 1872—73 у Пецярбургу і Маскве дзейнічаў гурток далгушынцаў (заснавальнік А.​В.​Далгушын), члены якога падзялялі бунтарскія ідэі Бакуніна. Вясной 1873 пачалося і дасягнула найб. размаху ў 1874 падрыхтаванае далгушынцамі, чайкоўцамі і інш. рэв. гурткамі масавае «хаджэнне ў народ» рэв. інтэлігенцыі з мэтай узняць сялян на сацыяліст. рэвалюцыю. Гал. формай работы. сярод сялян была «лятучая прапаганда». Аднак «хаджэнне ў народ» не прывяло і не магло прывесці да сял. рэвалюцыі, амаль усе яго ўдзельнікі (каля 4 тыс.) былі арыштаваны, найб. актыўныя асуджаны па «працэсе 193-х» (1877—78). У 1874 узнікла «Усерасійская сацыяльна-рэвалюцыйная арганізацыя», або группа «масквічоў» (1874—75); яе члены лічылі, што для дзейснай прапаганды на сяле трэба рыхтаваць пасрэднікаў паміж сялянамі і інтэлігенцыяй з ліку рабочых. Другая «Зямля і воля» (1876—79), зыходзячы з вопыту папярэднікаў, імкнулася стварыць цэнтралізаваную рэв. арг-цыю, з мэтай пастаяннай прапаганды рэв. ідэй стварала паселішчы народнікаў у сельскай мясцовасці, але і гэтая дзейнасць не мела поспеху. У 1879 «Зямля і воля» раскалолася на «Народную волю» (1879—86) і «Чорны перадзел» (1879—81). Пад уплывам ідэй Ткачова (рэв. змоўніцтва) «Народная воля» перайшла да паліт. барацьбы з мэтай захопу ўлады. Аднак гэтая барацьба звялася да індывід. тэрору з мэтай дэзарганізацыі ўлады і абуджэння народу. Забойства імператара Аляксандра II 13.3.1881 (ажыццявіў І.Я.Грынявіцкі) паказала безвыніковасць і згубнасць такой тактыкі. Да канца 1884 «Народная воля» разгромлена ўрадам. «Чорны перадзел», які адмаўляў непасрэдную паліт. барацьбу і рабіў упор на прапаганду сярод рабочых, да канца 1881 распаўся на асобныя гурткі. Яго б. лідэры Г.В.Пляханаў, Л.​Р.​Дэйч, В.І.Засуліч і інш. ў эміграцыі перайшлі на паз шыі марксізму і заснавалі ў 1883 у Жэневе с.-д. арг-цыю «Вызваленне працы».

На Беларусі ідэі Н. падзялялі К.С.Каліноўскі, В.Урублеўскі, З.І.Серакоўскі і інш. кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання 1863—64. У канцы 1862 у склад «Зямлі і волі» 1860-х г. увайшоў ваенна-рэв. Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы, 40% членаў якога былі ўраджэнцамі бел.-літ. губерняў. У 1874—84 існавалі нелегальныя групы бел. студэнтаў у ВНУ Пецярбурга і інш. гарадоў краіны. У стварэнні адной з першых бел. груп «Народнай волі» ў Пецярбургу ўдзельнічаў Грынявіцкі. Пазней са студэнтаў-беларусаў Пецярбургскага ун-та створана бел. рэв. група «Гоман», якая наладзіла сувязі з Віцебскам, Мінскам і інш. бел. гарадамі, імкнулася стаць цэнтрам арг-цыі «Народнай волі» на Беларусі, у 1884 выдала 2 нумары час. «Гомон». У студз. 1882 створана Паўночна-Заходняя арганізацыя «Народнай волі», якая аб’яднала гурткі Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай губ. У 1881—83 у Вільні, Мінску, Пінску, Віцебску, Гродне, Бабруйску, Оршы, Магілёве ўзніклі нарадавольцаў-афіцэраў гурткі, што падпарадкоўваліся непасрэдна ваенна-рэв. цэнтру «Народнай волі». Існавалі на Беларусі і народніцкія гурткі вучнёўскай моладзі. Групы бел. рэв. народнікаў нелегальна выдавалі адозвы, у т. л. «Да беларускай інтэлігенцыі» (1883), «Пасланне да землякоў-беларусаў Шчырага беларуса» (1.1.1884), ліберальныя народнікі — «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае Данілы Баравіка» (16.12.1882). У выданнях бел. народнікаў былі абгрунтаваны ідэі нац.-дзярж. адраджэння Беларусі. Некаторыя ідэі ліберальнага Н. прапагандавала газ. «Минский листок». З дзейнасцю рэв. народнікаў звязаны пачатак распаўсюджвання на Беларусі асобных твораў К.​Маркса і Ф.​Энгельса, узнікненне першых рабочых гурткоў.

На фоне ідэйнага краху рэв. Н. з сярэдзіны 1880-х г. пануючай плынню ў народніцкім руху стала ліберальнае Н. (ідэолаг Міхайлоўскі), якое выступала за павелічэнне сял. надзелаў, аднаўленне сялян у грамадз. правах і інш. рэформы пры захаванні асноў дзярж. і грамадскага ладу. Пераемнікамі Н. сталі сацыялісты-рэвалюцыянеры, што аформіліся ў партыю ў 1902 у выніку аб’яднання народніцкіх груп і гурткоў.

Літ.:

Ткаченко П.С. О спорных проблемах истории народничества // История СССР. 1963. №6;

Троицкий Н.А. Большое общество пропаганды 1871—1874 гг. (т.н. «чайковцы»), Саратов, 1963;

Антонов В.Ф. Революционное народничество. М., 1965;

Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии (70-е — начало 80-х гг. XIX в.). Мн., 1972;

Пантин И.К. Социалистическая мысль в России: переход от утопии к науке. М., 1973;

Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг. Мн., 1983.

В.​В.​Сяргеенкава, М.​В.​Біч.

т. 11, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)