ІНФЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. inflatio уздуцце),
працэс абясцэнення грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні, зніжэнне іх пакупной здольнасці; наяўнасць у сферы абарачэння лішку грошай, не забяспечаных ростам таварнай масы. Адбываецца ў выніку празмернай эмісіі грошай, празмернага попыту на розныя тавары (І. попыту), апярэджванне росту зарплаты і цэн на рэсурсы (І. выдаткаў), нізкага курса нац. валюты, дэфіцыту бюджэту і інш. Прыводзіць да зніжэння рэальных даходаў насельніцтва, пагаршае жыццёвыя ўмовы служачых, пенсіянераў і інш. катэгорый грамадзян, чые даходы фарміруюцца з бюджэту, абясцэньвае зберажэнні; у вытворцаў знікае зацікаўленасць у стварэнні якасных тавараў і г.д. Калі І. складае каля 2—3% за год, яе лічаць «мяккай», яна не патрабуе прыняцця значных мер. Высокія тэмпы яе росту сведчаць пра гіперінфляцыю і крызіс у эканоміцы. Так, у Рэспубліцы Беларусь цэны ў 1994 выраслі ў 23,2 раза, у 1995 — у 8,1 раза. І., балючая для крэдытораў, можа быць спрыяльнай для бізнесу, бо прыносіць прадаўцу дадатковы прыбытак: за час паміж заказам тавараў і іх фактычным продажам цэны вырастаюць. Нейтралізаваць І. можна рэгуляваннем цэн і аплаты працы, аздараўленнем фін. сістэмы, стрымліваннем крэдытнай экспансіі, узмацненнем жорсткасці эмісіі грошай, індэксацыяй даходаў, удасканаленнем гасп. механізму і інш. Адзін з паказчыкаў І. — індэкс цэн.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЯСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,
князь полацкі, віцебскі і друцкі ў 2-й пал. 12 ст. Сын полацкага кн. Васількі Святаславіча. У летапісах згадваецца з 1161. На думку В.Я.Данілевіча, да 1162 У.В. княжыў у Віцебску. У гэты год палачане абралі яго на княжацкі сталец у Полацку замест Рагвалода Барысавіча, які мусіў пакінуць сталіцу і пайсці княжыць у Друцк. Пад 1175 летапісы паведамляюць пра У.В. як пра князя віцебскага, з яго дачкой узяў шлюб уладзіміра-суздальскі кн. Яраполк Расціславіч. Пад 1178 і 1180 У.В. зноў згадваецца як князь полацкі. Пад 1186 паведамляецца, што ён зноў княжыць у Друцку. У.В. нейкім чынам быў звязаны са смаленскім кн. Давыдам Расціславічам, бо ў 1168—67 уступіў яму Віцебск. У 1167 У.В. знайшоў часовы прытулак у Віцебску, ратуючыся ад нечаканага нападу на Полацк гарадзецкага кн. Валадара Глебавіча. У барацьбе за суздальскі сталец У.В. падтрымаў свайго зяця Яраполка Расціславіча, у выніку чаго быў парушаны саюз са Смаленскам, які трымаў бок праціўніка Яраполка.
Літ.:
Данилевич В.Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия. Киев, 1896;
Рапов О.М. Княжеские владения ва Руси в X — первой половине XIII в. М., 1977.
Л.У.Калядзінскі.
т. 16, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКО́Е ПРА́ВА,
прававыя нормы, якія дзейнічалі ў гарадах сярэдневяковай Еўропы. Пачало складвацца ў 11 — 12 ст. з развіццём рамёстваў і гандлю, росквіту дасягнула ў 14 ст. Нормы гарадскога права ўключаліся ў статуты гарадоў ці цэхаў, гар. судоў, граматы. Рэгулявалі гандл. і грамадз. адносіны, крымін. судаводства. Гарадское права, пашыранае ў Венецыі, Генуі (Італія), Гамбургу, Магдэбургу (Германія), значна ўплывала на фарміраванне гарадскога права інш. еўрап. гарадоў (права на самакіраванне са сваёй суд. і адм. арганізацыяй, правы цэхавых арганізацый з іх статутамі, павіннасці і падатковая сістэма). Магдэбургскае права дзейнічала з пэўнымі зменамі ў Венгрыі, Чэхіі, Польшчы.
На Беларусі нормы гарадскога права замацоўваліся ў гандл. дагаворах Полацка, Віцебска з Ноўгарадам, Рыгай, Смаленскам (13—15 ст.). Многія гарады і мястэчкі карысталіся магдэбургскім правам. У гарадах Беларусі дзейнічалі таксама нормы ўласна беларускага гарадскога права (Аршанскае права, Віцебскае права, Полацкае права). У 17 ст. дзейнічаў шэраг прававых нормаў Статутаў ВКЛ. У бел. гарадах, якія ў канцы 18 ст. былі далучаны да Рас. імперыі, нормы гарадскога права, узятыя (з пэўнымі зменамі, дастасаванымі да Беларусі) з магдэбургскага права і Статутаў ВКЛ, перасталі дзейнічаць, бо набыло сілу гар. ўлажэнне, пазней уключанае ў Поўны збор законаў Рас. імперыі.
Літ.:
Владимирский-Буданов М.Ф. Немецкое право в Польше и Литве. СПб., 1868.
З.Ю.Капыскі.
т. 5, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАЛАГІ́ЧНЫЯ ТЫ́ПЫ,
у расавай класіфікацыі — групы людзей з комплексам пэўных марфал. прыкмет (будова цела, шкілета, чэрапа, колер скуры, вачэй, валасоў і інш.); дробныя адзінкі адной расы. Антрапалагічныя тыпы фарміруюцца як спадчынныя асаблівасці, што склаліся пад уздзеяннем прыродных і сац. фактараў за многія пакаленні. Арэалы пашырэння антрапалагічных тыпаў звычайна не супадаюць з этнічнымі ці дзярж. межамі, бо не супадаюць час і заканамернасці фарміравання гэтых супольнасцяў. Да аднаго антрапалагічнага тыпу могуць належаць некалькі розных народаў (гэта сведчыць пра іх фарміраванне на генетычна роднаснай аснове) або адзін народ можа складацца з некалькіх антрапалагічных тыпаў з прычыны неаднароднасці яго паходжання. Адносная стабільнасць антрапалагічных тыпаў у часе і прасторы ўлічваецца пры вызначэнні генетычнай роднасці пэўных этнатэрытарыяльных груп або выяўленні напрамку і ступені іншароднай прымесі ў выніку гіст. перамяшчэнняў і скрыжаванняў розных плямёнаў і народаў. На тэр. Беларусі вылучаюць верхнедняпроўскі (паўн.) і палескі (паўд.) антрапалагічныя тыпы. Сярод першага тыпу часцей сустракаюцца людзі са светлымі адценнямі вачэй і валасоў, увагнутай спінкай носа, з больш высокім ростам. Акрамя таго, з ПдЗ на ПнУ Беларусі ў насельніцтва назіраецца невялікае паслабленне еўрапеоідных рыс: больш нізкая і шырокая пераносіца, змешаныя адценні колеру вачэй, менш густая барада. Асаблівасці будовы твару, цела, звязаныя з тэр. размеркаваннем, і інш. прыкметы дазваляюць аднесці беларусаў да ўсходнееўрап. варыянта (балтыйскага тыпу) еўрапеоіднай расы.
І.І.Салівон.
т. 1, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ПЫТ,
уся сукупнасць практычных узаемаадносін паміж чалавекам і аб’ектыўным светам; элемент пазнавальнай дзейнасці, спалучэнне пачуццёвага і абстрактна-лагічнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці на аснове і ў працэсе практычнага ўздзеяння чалавека на навакольны свет.
У гісторыі філасофіі, паводле поглядаў эмпірызму і сенсуалізму, вопыт трактаваўся як адзіная крыніца ведаў. Прадстаўнікі ідэаліст. эмпірызму (Дж.Берклі, Д.Юм), абмяжоўвалі вопыт сукупнасцю пачуццяў і адчуванняў і адмаўлялі, што ў аснове яго ляжыць аб’ектыўная рэальнасць. Матэрыяліст. эмпірызм (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок, Д.Дзідро, К.Гельвецый) крыніцай вопыту лічыў матэрыяльны свет. Прадстаўнікі рацыяналізму (Р.Дэкарт, Б.Спіноза, Г.Лейбніц) меркавалі, што лагічнае мысленне не можа грунтавацца на вопыце, бо розум быццам бы здольны спасцігаць ісціну непасрэдна, без пачуццёва-эмпірычнага пазнання. І.Кант крытыкаваў рацыяналізм і сенсуалізм, Г.Гегель лічыў пазнанне працэсам, што развіваецца на шматлікіх узроўнях.
Сучасная філасофія разглядае вопыт як нешта вытворнае ад аб’ектыўнай рэальнасці, як пераўтваральнае ўздзеянне чалавека на знешні свет і як вынік гэтага ўздзеяння ў выглядзе ведаў і навыкаў, як працэс узаемадзеяння суб’екта з аб’ектам. Вопыт адлюстроўвае ўзровень авалодання законамі прыроды, грамадства і мыслення, што дасягнуты людзьмі на дадзеным этапе іх гіст. развіцця.
Літ.:
Швырев В.С. Научное познание как деятельность. М., 1984;
Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992.
В.В.Краснова.
т. 4, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШЦЯКУ́ЧАСЦЬ,
сукупнасць фіз. з’яў, звязаных з працяканнем без трэння вадкага гелію праз капіляры і вузкія шчыліны пры тэмпературах, блізкіх да абсалютнага нуля. Адкрыта эксперыментальна П.Л.Капіцам (1938), тэорыя створана Л.Д.Ландау (1941).
Пры т-ры 2,17 К (λ-пункт) у вадкім геліі (ізатоп 1He) адбываецца фазавы пераход 2-га роду: з нармальнага стану (гелій I) ён пераходзіць у звышцякучы стан (гелій II). З. суправаджаецца вельмі вял. цеплаправоднасцю і наяўнасцю рознасці тэмператур у двух сасудах са звышцякучым геліем, злучаных капілярам, што вядзе да значнай рознасці ціску ў іх (тэрмамех. эфект). У звышцякучым геліі разам са звычайным гукам (ваганні ціску) існуе другі гук (ваганні т-ры). Тэорыя З. заснавана на квантавых уяўленнях аб квазічасціцах — фанонах. У вадкім геліі змена энергіі суправаджаецца вылучэннем або паглынаннем фанона, які мае такую ж залежнасць паміж частатой і энергіяй, як і квант святла, але распаўсюджваецца са скорасцю гуку. Калі гелій II працякае праз капіляр са скорасцю, меншай за скорасць гуку, яго кінетычная энергія не пераходзіць у цеплавую, бо фаноны не могуць узнікнуць (трэнне адсутнічае). Калі скорасць руху перавышае скорасць гуку, узнікае трэнне і З. знікае.
Літ.:
Капица П.Л. Вязкость жидкого гелия при температурах ниже точки λ // Докл. АН СССР. 1938. Т. 18, № 1;
Ландау Л.Д. Собр. тр. Т. 1. М., 1969;
Халатников И.М. Теория сверхтекучести. М., 1971.
Л.І.Камароў.
т. 7, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РБЕРЫ, Херберт Чэрберы (Herbert Cherbury) Эдвард (3.3.1583, Эйтан-он-Северн, графства Шропшыр, Вялікабрытанія — 20.8.1648), англійскі філосаф, гісторык, паэт, грамадскі дзеяч; заснавальнік англ. дэізму. Ірл. (1624) і англ. (1629) пэр. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. У 1618—22 пасол у Францыі. У час грамадз. вайны 1642—46 у Англіі выступаў на баку раялістаў, але ў 1644 быў вымушаны капітуляваць. У гал. філас. працы «Пра ісціну» (1624) сцвярджаў, што вечная і універсальная ісціна даступная пазнанню, бо кожны чалавек надзелены Богам прыроджанымі псіхічнымі здольнасцямі, правільнае развіццё якіх прыводзіць да спасціжэння «агульных ідэй». Распрацаваў вучэнне пра «натуральную рэлігію розуму», у аснове якой ляжаць 5 «агульных ідэй»: існуе вышэйшае быццё; яго трэба шанаваць; дабрадзейнае жыццё — гал. форма шанавання; чалавек атрымлівае збаўленне праз раскаянне; пасля смерці кожнага чакае ўзнагарода ці пакаранне. На яго думку, ісціна («агульныя ідэі») была ўласціва раннім формам рэлігіі да часу спекуляцый на рэліг. ідэях з боку духавенства («Пра рэлігію язычнікаў», апубл. 1663). Аўтар «Аўтабіяграфіі» (1624, апубл. 1764), гіст. працы «Жыццё і цараванне караля Генрыха VIII» (1649), паэт. кн. «Выпадковыя вершы» (апубл. 1665) і інш. Рэліг.-філас. ідэі Ч. разглядалі П.Гасендзі, Р.Дэкарт; яго вучэнне паўплывала на станаўленне кембрыджскай школы платанізму і шатландскай школы ў філасофіі.
Н.Г.Кісялёва.
т. 17, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСХАТАЛО́ГІЯ (ад грэч. eschatos апошні, канцавы + ...логія),
у рэлігійных светапоглядных сістэмах вучэнне аб канчатковым лёсе свету, чалавецтва і чалавека. Адрозніваюць індывідуальную Э. — вучэнне аб пасмяротным лёсе адзінкавай чалавечай душы і універсальную, сусветную Э. — вучэнне аб мэце і прызначэнні касм. і чалавечай гісторыі, аб канцы і аб тым, што пасля гэтага будзе. Асаблівая роля ў распрацоўцы традыцыі індывід. Э. належыць стараж. Егіпту (трактоўка замагільнага жыцця як станоўчага быцця), а ў станаўленні сусв. Э. — стараж. Ізраілю, потым іудаізму (асэнсаванне ўсяленскай гісторыі як разумнага працэсу, які накіроўваецца воляй асабістага Бога). Э. фарміруецца толькі там, дзе адбываецца абгрунтаванне магчымасці пазітыўнага рашэння асабістых і ўсяленскіх лёсаў у нейкай абсалютнай перспектыве, дзе рух з мінулага ў будучыню разглядаецца як набліжэнне да канчатковай мэты светабудовы, да сканчэння часу і зліцця яго з вечнасцю. Вучэнні, якія зыходзілі з цыклічнай канцэпцыі сусв. працэсаў (напр., брахманісцкія і піфагарэйска-стаічныя дактрыны вечнага вяртання і сусв. года), не маглі стварыць Э. ў сапраўдным яе значэнні. Сама ідэя кругавароту выключае нешта канечнае: бо ў светабудовы няма ні мэты, ні абсалютнага канца. Эсхаталагічныя матывы можна выявіць у шэрагу свецкіх ідэалагічных праектыўных пабудоў новага і найноўшага часу: амер. пурытанізму, утапічнага і марксісцкага камунізму, нацысцкай міфалагемы «тысячагадовага рэйха» і да т.п.
А.Б.Савеня.
т. 18, кн. 1, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́РЫЙ ЯРАСЛА́ВІЧ (?—11627),
князь тураўскі і пінскі. Сын Яраслава Святаполчыча, унук кіеўскага і тураўскага кн. Святаполка Ізяславіча. У летапісах упамінаецца з 1149, калі быў даверанай асобай і служылым князем у Юрыя Уладзіміравіча Далгарукага; па яго загадзе ў 1155 беспаспяхова намагаўся захапіць г. Луцк у кн. Мсціслава Ізяславіча. Відаць, у 1157 авалодаў Туравам і Пінскам як сваёй родавай спадчынай. Вывядзенне Ю.Я. гэтых зямель з-пад улады кіеўскіх князёў азначала аднаўленне незалежнасці Тураўскага княства і панавання там дынастыі Ізяславічаў. У 1158 вял. кіеўскі кн. Ізяслаў Давыдавіч арганізаваў супраць Ю.Я. вял. паход, у якім прынялі ўдзел галіцкія войскі, у т. л. луцкі кн. Яраслаў Ізяславіч, Яраполк Андрэевіч, Рурык Расціславіч са смаленскімі атрадамі, Уладзімір Мсціславіч, полацкія войскі і качэўнікі-берандзеі. У 1160 Ю.Я. ажыццявіў паход на сваіх паліт. праціўнікаў, намагаўся захапіць г. Выр у Пераяслаўскім княстве і г. Зарыты ў Чарнігаўскім княстве. У тым жа годзе вытрымаў у Тураве 3-тыднёвую аблогу валынскіх князёў Мсціслава і Яраслава Ізяславічаў, Яраполка і Уладзіміра Андрэевічаў. Толькі ў 1162 вял. кіеўскі кн. Расціслаў Мсціславіч заключыў мір з Ю.Я. Відаць, у хуткім часе пасля гэтага Юрый памёр, бо ў 1162 тураўскім князем названы яго сын Святаполк Юр’евіч. Летапісныя паведамленні малююць Ю.Я. як вопытнага дыпламата, умелага і ўдачлівага военачальніка.
т. 18, кн. 1, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ Адбылася 12—16.10.1925 у Берліне як нарада бел. паліт. дзеячаў у эміграцыі. Склікана А.Цвікевічам. З’явілася вынікам расколу ў бел. эмігранцкім асяроддзі, а таксама перамен, што адбыліся ў 1921—25 у БССР і Зах. Беларусі пасля Першай Усебеларускай канферэнцыі (Прага, 1921). На Д.У.к. прыехалі З.Жылуновіч і нам. паўнамоцнага Прадстаўніка СССР у Польшчы А.Ульянаў. Перад канферэнцыяй урад Беларускай Народнай Рэспублікі прыняў 2 пастановы. Паводле 1-й, супраць якой галасаваў В.Захарка, Рада Міністраў БНР спыняла сваю дзейнасць і прызнавала Мінск «адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі». Паводле 2-й, прынятай аднагалосна, Урад БНР абвяшчаўся зліквідаваным. Пасля гэтага Д.У.к. большасцю галасоў прызнала Мінск цэнтрам бел. адраджэння. Пастановы Рады Міністраў не мелі сілы, бо яна не магла засядаць асобна ад Прэзідыума Рады БНР. Старшыня Рады БНР П.Крачэўскі і яго нам. Захарка не прызналі рашэнні Д.У.к., а член Прэзідыума Рады БНР Я.Мамонька склаў пратэст на імя старшыні канферэнцыі К.Езавітава. Дзярж. пячатка засталася ў Крачэўскага. Потым яна перадавалася наступным старшыням Рады БНР. У л-ры за 1-й і 2-й канферэнцыямі замацаваліся назвы Усебел. паліт. канферэнцый або Нац.-паліт. нарад.
Літ.:
Цьвікевіч А. Берлінская канферэнцыя // Полымя. 1926. № 4;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы... Лёндан, 1960;
Крэчэўскі П. Мандаты БНР // Спадчына. 1993. № 1;
Сідарэвіч А. Берлінская канферэнцыя 1925 г.: паліт. варункі, рашэнні, вынікі // Культура. 1993. 3 жн.
А.М.Сідарэвіч.
т. 6, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)