польскі краязнаўча-этнаграфічны ілюстраваны часопіс, орган польск. этналагічнага т-ва. Выдаваўся ў 1887—1905, 1916—17, 1922 у Варшаве. Рэдактары А.Грушэцкі, Я.Карловіч і інш. Друкаваў матэрыялы па этнаграфіі, краязнаўстве, фалькларыстыцы, нар. медыцыне, мастацтвазнаўстве Польшчы, у т. л. асобных сац.-этнічных і этнагр. груп. Змяшчаў рэцэнзіі на народазнаўчыя даследаванні, інструкцыі для збіральнікаў нар. творчасці, артыкулы пра этнографаў, краязнаўцаў, фалькларыстаў. Публікаваў справаздачы пра з’езды гісторыкаў, фалькларыстаў, лекараў і інш., пра разнастайныя выстаўкі. Рабіў агляды рус., чэш., балг., укр., ням. і інш.этнагр., гіст. і краязнаўчых часопісаў. Змяшчаў матэрыялы па бел. этнаграфіі і краязнаўстве, фотаздымкі бел.нар. тыпаў, людзей у нац. строях, вясковых пабудоў на Беларусі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЕНЬ»,
грамадска-літаратурная газета. Выдавалася ў 1861—65 у Маскве штотыднёва на рус. мове. Орган славянафілаў. Асвятляла, пераважна з пазіцый славянафільства, праблемы гісторыі і жыцця слав. народаў. Змяшчала інфарм. матэрыялы, гіст. і публіцыст. артыкулы, літ. творы. Асабліва вылучала бел. пытанне. Публікавала арт. Я.А.Балвановіча, А.Ф.Гільфердзінга, В.А.Ялагіна і інш. пра бел.-польскія і бел.-рус. ўзаемаадносіны. М.В.Каяловіч даў гіст., тэарэт. і ідэалагічнае абгрунтаванне канцэпцыі заходнерусізму (арт. «Люблінская унія Літвы з Польшчай у 1569 г.», «Літва і Беларусь», «Аб адносінах рускага грамадства да Заходняй Расіі» і інш.). Характар асвятлення бел. тэмы ад знешне памяркоўнага (1861—62) змяніўся на агрэсіўна шавіністычны пасля паўстання 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЯ́РАЎ-ПЛАТО́НАЎ (Мікіта Пятровіч) (4.6.1824, г. Каломна, Расія — 25.10.1887),
расійскі публіцыст, філосаф, гісторык рэлігіі. Скончыў Маскоўскую акадэмію (1848). У 1856—62 працаваў у Маскоўскім цэнзурным к-це, з 1863 кіраўнік Маскоўскай сінадальнай друкарні, з 1867 выдаваў «Современные известия» — першую маскоўскую штодзённую газету, у якой змяшчаў артыкулы па царк. і бягучых паліт. пытаннях. Навук. дзейнасць Гілярава-Платонава рознабаковая: распрацоўваў эканам. тэорыі («Асноўныя пачаткі эканоміі», 1889), вёў даследаванні ў галіне слав. мовазнаўства («Экскурсіі ў рускую граматыку», 1884). Асн. яго філас. праца прысвечана крытычнаму разгляду філасофіі Гегеля. Аўтар успамінаў «З перажытага» (1886).
Тв.:
Сборник соч. Т. 1—2. М., 1899;
Вопросы веры и церкви: Сб. статей 1868—1887 гг.Т. 1—2. М., 1905—06.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л АРТЫЛЕ́РЫІ,
адна з дыгнітарскіх (вышэйшых прыдворных) пасад у ВКЛ. Загадваў арсеналамі, збраёўнямі, парахоўнямі і людвісарнямі (майстэрнямі па вырабе гармат, званоў і інш.), займаўся навучаннем артылерыстаў, забеспячэннем войска і арсеналаў амуніцыяй і порахам. Пасада вядома з 17 ст., калі кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV надаў артылерыі вайсковую арганізацыю (т.зв. «Артыкулы», абвешчаныя ў 1634 пад Смаленскам). Генерал артылерыі прызначаўся пажыццёва і не меў права займаць інш. вайсковых пасад. Распараджаўся вял. грашовымі сродкамі, прымаў спец. прысягу не расходаваць гэтыя грошы на інш. мэты, акрамя артылерыі. Даваў справаздачы вял.гетману, з 1775 Вайсковаму дэпартаменту Усечасовай рады. Непасрэдна ў ваен. дзеяннях не ўдзельнічаў. Першым генералам артылерыі ВКЛ быў Мікалай Абрамовіч (1638).
навукова-педагагічны часопіс. Орган аддзела нар. асветы Зах. вобласці. Выдаваўся ў 1918 у Смаленску на рус. мове 1 раз у тыдзень. Друкаваў урадавыя распараджэнні, загады Нар. камісарыята асветы РСФСР і аддзела нар. асветы Зах. вобласці. Змяшчаў планы, справаздачы і агляды дзейнасці аддзела і яго падраздзяленняў: тэзісы пра дашкольнае выхаванне, прынятыя на Віцебскім губ. з’ездзе настаўнікаў (7.4.1918), справаздачу пра дзейнасць школьнага і план работы дашкольнага пададдзелаў; агляд дзейнасці ўстаноў і грамадскіх арг-цый Зах. вобласці па ахове помнікаў старажытнасці, іх даследаванні. Сярод публікацый артыкулы пра дашкольнае выхаванне і пазашкольную работу, пра рэформу пач. і сярэдняй школ. Знаёміў з новай л-рай па нар. асвеце. Выйшла 10 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗДРАВООХРАНЕ́НИЕ»,
навукова-практычны мед. часопіс Мін-ва аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Выдаецца з 1924 штомесячна ў Мінску на рус. мове. Да 1929 наз. «Беларуская медычная думка» (у 1924 выходзіў на рус., у 1925—29 на рус. і бел. мовах). У 1938—41 наз. «Медицинский журнал БССР», з 1955 — «Здравоохранение Белоруссии», з 1992 — «Здравоохранение Беларуси», з 1996 сучасная назва. Публікуе аглядныя і праблемныя артыкулы па ахове здароўя. Змяшчае інфармацыю пра новыя метады лячэння, арыгінальныя даследаванні, выпрабаванні лек. прэпаратаў, сучаснае мед. абсталяванне, пра з’езды, канферэнцыі, нарады мед. работнікаў. Мае рубрыкі: «У дапамогу ўрачу-практыку», «Абмен вопытам», «Гігіена, эпідэміялогія і арганізацыя аховы здароўя», «Лекцыі і агляды» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬЯШЭ́ВІЧ (Мікалай) (1903, г. Пружаны Брэсцкай вобл. — 2.9.1934),
бел. гісторык, географ, педагог. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1923), Пражскі ун-т (1928). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1928 на тэму «Беларусь як антрапагеаграфічная адзінка». Рэдагаваў час. «Маладое жыццё» ў Вільні. Адзін з заснавальнікаў і старшыня Бел.культ.т-ва імя Ф.Скарыны ў Празе. Змяшчаў артыкулы па гісторыі Беларусі ў энцыклапедычных выданнях Чэхаславакіі. Аўтар працы «Культурна-геаграфічны характар Беларусі» (1928), інфарм. нарыса «Беларусь і беларусы» (1930), «Кароткага нарыса псіхалогіі» (1932). З 1929 выкладаў у Віленскіх бел. гімназіі і правасл. духоўнай семінарыі. У 1930—31 рэдагаваў час. «Саха».
Тв.:
Расейская палітыка на землях былога Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панавання Кацярыны II і Паўла I (1772—1801). Вільня, 1933.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́К (Іван Юліянавіч) (26.1.1897, г. Шпола Чаркаскай вобл., Украіна — 10.10.1937),
украінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. З 1914 у эміграцыі. З 1917 на Украіне. Уваходзіў у склад першага сав. ўрада Украіны. Ў 1924—26 сав. консул у Канадзе. У 1935—37 дырэктар Палітвыда Украіны. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1918. Паэт. дэбют — зб. вершаў «Мае каламыйкі» (1921). Аўтар зб-каў востраграмадз. лірыкі «Зялёнае сэрца» (1923), «У акружэнні» (1927), «Пасталелая маладосць» (1935), празаічных твораў «Прыгоды Васіля Раленкі», «Чатырнаццатая люлька» (абодва 1932), «Запіскі консула» (1934). Пісаў публіцыстычныя, літ.-крытычныя артыкулы. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Р.Родчанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫНЬКО́Ў (Рыгор Ціханавіч) (1909, чыг. будка каля в. Старое Сяло Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 1941),
бел. паэт, перакладчык, публіцыст. Брат М.Лынькова. Працаваў заг. хаты-чытальні, у газ. «Камуніст» (Бабруйск), у 1936—41 адказны сакратар газ. «Літаратура і мастацтва». Удзельнік Вял.Айч. вайны, прапаў без вестак. Друкаваўся з 1925. Адзін з псеўд. Рыгор Суніца. Вострае адчуванне часу, багацце і разнастайнасць паэтычных форм — асн. рысы яго твораў. Пісаў артыкулы, на бел. мову пераклаў паэму У.Маякоўскага «Добра!» (з В.Віткам), асобныя яго вершы, п’есу М Святлова «Казка» (паст.Бел. т-рам юнага гледача імя Н.К.Крупскай, 1941), паасобныя творы А.Пушкіна, М.Някрасава, А.Блока, П.Тычыны, А.Міцкевіча, Э.Вайнерта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДО́Е ЖЫЦЦЁ»,
заходнебеларускі маладзёжны часопіс. Выдаваўся з лют. 1921 да студз. 1923 у Вільні на бел. мове; неперыядычна. Заклікаў моладзь да паліт. і сац. самаўсведамлення, салідарнасці з прагрэс. моладдзю інш. краін. Асаблівую ўвагу аддаваў прапагандзе духоўнай спадчыны бел. народа, выхаванню пашаны да яе. Асвятляў падзеі культ. жыцця Зах. Беларусі. Друкаваў вершы У.Жылкі, І.Дварчаніна, У.Дубоўкі, М.Запольскага, М.Парашкевічанкі, Ю.Сергіевіча, В.Сталяронка, С.Глебава, апавяданні і замалёўкі Чурылы, Я.Драздовіча (псеўд. І.Разора), М.Ільяшэвіча, літ.-крытычныя артыкулы, нарысы пра творчасць Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Коласа. Змяшчаў пераклады твораў на бел. мову А.Герцэна, І.Тургенева, Г.Лангфела. Усяго выйшла 7 нумароў.