ГОМАГАМЕ́ТНАСЦЬ (ад гома... + гаметы),
характарыстыка арганізма (або групы арганізмаў), які мае ў храмасомным наборы пару або некалькі пар гамалагічных палавых храмасом і ўтварае аднолькавыя па наборы храмасом гаметы. Пол, прадстаўлены такімі асобінамі, наз. гомагаметным. У млекакормячых, рыб і некат. відаў раслін (каноплі, хмель, шчаўе) гомагаметнасць характэрна для жан. полу, у птушак, матылькоў і некат. відаў суніц — для мужчынскага.
т. 5, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТАДЖЭ́Н (ад лац. kontego укрываць),
1) хаатычная канцэнтрацыя ці групоўка арганізмаў, што склалася ў выніку стыхійнага працэсу паводле масавага высялення жывёл у неўласцівыя для іх мясцовасці (напр., пры высяленнях у час стыхійных бедстваў або пад уплывам антрапагенных фактараў).
2) Метад вывучэння распаўсюджанасці віду, заснаваны на атрыманні проб па квадратах і складанні рада градацый шчыльнасці відавога насельніцтва.
т. 7, с. 602
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯВЫ́ ЭФЕ́КТ у біялогіі,
тэндэнцыя да павелічэння колькасці, разнастайнасці і шчыльнасці арганізмаў у экатонах — пераходных зонах паміж рознымі ландшафтамі (напр., лесам і стэпам, вадой і сушай). Назіраецца на ўскраінах 2 суседніх біягеацэнозаў і ў пераходных паясах паміж імі; эфект узлеску. Адзначаецца пры чаргаванні розных ландшафтаў і ў месцах змены іх структурных падраздзяленняў (напр., на межах розных раслінных згуртаванняў).
т. 8, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЗАСО́МЫ (ад лізіс + sōma цела),
структуры цытаплазмы клетак жывёльных і раслінных арганізмаў, якія здольны расшчапляць бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды, ліпіды. Дыяметр Л. 0,2—0,4 мкм: маюць у сабе больш за 50 гідралітычных ферментаў. Адкрыты К.Дэ Дзювам. Вылучаюць 2 асн. класы Л. — першасныя і другасныя. Парушэнне функцыі Л. вядзе да лізасомных хвароб намнажэння.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТМА́СА (ад лац. mortalis смертны, мёртвы + маса),
колькасныя адносіны масы мёртвых арганізмаў, адмерлых органаў, тканак раслін і жывёл да адзінкі паверхні або аб’ёму. У біяцэнозах знаходзіцца ў выглядзе адпаду (сухастой, амярцвелыя органы раслін), ападу (раслін, што ўпалі на паверхню глебы, трупы жывёл), торфу, подсцілу і дэтрыту (у водных экасістэмах). Разам з біямасай і гумусам складае арган. рэчыва біяцэнозу.
т. 10, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫКУЛЬТУ́РА, марская аквакультура,
вытворчасць і выкарыстанне (культываванне) карысных для чалавека раслін і жывёл у марскіх водах. Вядзецца пераважна ў прыбярэжнай зоне. Стварае ўмовы для рацыянальнай і беражлівай эксплуатацыі і ўзнаўлення прыродных рэсурсаў марскіх арганізмаў (водарасці, губкі, малюскі, ігласкурыя, ракападобныя, рыбы), атрымання значных (прамысловых) аб’ёмаў харч. прадукцыі, тэхн. і лек. сыравіны. Агульны сусветны прадукт М. каля 9 млн. т (1996).
т. 10, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́КЕЛЬ ((Meckel) Іаган Фрыдрых Малодшы) (17.10.1781, г. Гале, Германія — 31.10.1833),
нямецкі біёлаг. Вучыўся ў гарадах Гале, Гётынген, Вюрцбург і Вена. З 1808 праф. у Гале. Навук. працы па параўнальнай марфалогіі пазваночных. Адзін са стваральнікаў т.зв. тэорыі паралелізму, паводле якой сучасныя вышэйшыя жывёлы праходзяць у сваім індывід. развіцці стадыі ніжэйшых арганізмаў. Апісаў шэраг марфал. утварэнняў, названых яго імем.
т. 10, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРА́ЦЫЯ (лац. migratio ад migro пераходжу, перасяляюся),
1) перамяшчэнне насельніцтва, звязанае з пераменай месца жыхарства (гл. Міграцыя насельніцтва).
2) Перамяшчэнне жывых арганізмаў, выкліканае зменамі ўмоў існавання або ў сувязі з праходжаннем цыкла развіцця (гл. Міграцыі жывёл).
3) Перамяшчэнне, пераразмеркаванне хім. элементаў у зямной кары і на яе паверхні (гл. Міграцыя элементаў).
4) М. капіталу, гл. Вываз капіталу.
т. 10, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОСТАДАПТА́ЦЫЯ (ад пост... + адаптацыя),
эвалюцыйнае змяненне арганізмаў (або органаў), якое ўдасканальвае іх адаптацыю да ўжо асвоенага асяроддзя пражывання. П. проціпастаўляюць прэадаптацыі, якая развіваецца на падставе П. да папярэдняга асяроддзя пражывання (або да папярэдняй адаптыўнай ролі органа). Прэадаптацыя і П. фарміруюцца ў працэсе эвалюцыі, якая накіроўваецца натуральным адборам, але П. — яго непасрэдны вынік, а прэадаптацыя — ускосны выпадковы вынік.
т. 12, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАДЫТЭЛІ́Я (ад грэч. bradys павольны + telos ажыццяўленне),
адносна павольны тэмп эвалюцыі. Тэрмін «брадытэлія» ўвёў амер. палеантолаг Дж.Г.Сімпсан (1944). Характэрна для філагенетычнага развіцця некаторых арганізмаў, напр. для асобных родаў пласціністашчэлепных малюскаў, якія спазналі за апошнія 400 млн. гадоў настолькі нязначныя змены, што сучасныя і выкапнёвыя формы могуць быць аднесены да адных і тых жа родаў. Брадытэлія забяспечваецца стабілізавальнай формай натуральнага адбору.
т. 3, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)