СКАФА́НДР [франц. scaphandre ад грэч. skaphē лодка + anēr (andros) чалавек],

індывідуальны герметычны рыштунак, які забяспечвае жыццядзейнасць і працаздольнасць чалавека ў неспрыяльных умовах. Адрозніваюць С. вентыляцыйныя (дыхальная сумесь паступае ад балонаў або кампрэсараў) і рэгенерацыйныя (выдыхальная сумесь ачышчаецца ад вуглякіслага газу, абагачаецца кіслародам і зноў паступае ў С.); касмічныя (аварыйна-выратавальныя і для выхаду ў адкрыты космас або на паверхню нябесных цел), вышынна-выратавальныя і вадалазныя.

Касм. С. (мяккі, паўжорсткі, жорсткі) прызначаны для работы па-за кабінай касм карабля і на паверхні нябесных цел (напр., на Месяцы). Складаюцца з верхняга адзення, сілавой і герметычнай абалонкі, герметычнага шлема, вентылюючага і проціметэорнага касцюма, сістэмы ахаладжэння. Вышынна-выратавальны С. выкарыстоўваюць пры парушэнні герметычнасці кабіны лятальнага апарата, катапультаванні на вял. вышыні і значнай скорасці палёту, у выпадку прываднення. Мае верхняе адзенне, шлем (з маскай або без яе), сістэму вентыляцыі (разамкнутую, замкнутую, рэгенерацыйную), цеплаахоўны касцюм, здымныя рукавіцы і абутак. Вадалазныя С. бываюць жорсткія (з металу), мяккія (метал. шлем і касцюм з прагумаванай тканіны) і лёгкія (гумавы шлем-маска і касцюм з тонкай прагумаванай тканіны). Гл. таксама Гідракамбінезон.

У.​С.​Ларыёнаў, У.​М.​Сацута.

Паўжорсткі скафандр касманаўта арбітальнай станцыі «Салют-6» (без знешняй цеплаахоўнай абалонкі); 1 — мяккія часткі скафандра; 2 — карабін страховачнага фала; 3 — раздым пнеўма- і гідракамунікацый; 4 — клапан уключэння рэзервовага кіслароду; 5 — ссоўны святлафільтр; 6 — жорсткі корпус; 7 — пульт кіравання і кантролю; 8 — рэгулятар рэжымаў ціску ў скафандры; 9 — індыкатар ціску ў скафандры.

т. 14, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАВО́Е КІНО́,

вытворчасць і паказ кінафільмаў з гукавым суправаджэннем, зафіксаваным на фанаграме; від кінематаграфіі. Фанаграма бывае аптычная і магн., адна- і шматканальная. З дапамогай кінапраекцыйнага апарата відарыс праецыруюць на экран з адначасовым (сінхронным) узнаўленнем фанаграмы праз гучнагаварыцелі, размешчаныя за экранам (звычайнае і шырокаэкраннае кіно) або за экранам, на сцэнах і столі (шырокафарматнае, стэрэаскапічнае, панарамнае кіно, кругавая кінапанарама).

Практычныя сістэмы гукавога кіно створаны ў канцы 1920-х г. амаль адначасова ў СССР (фанаграма пераменнай аптычнай шчыльнасці, П.​Р.​Тагер у 1926; фанаграма пераменнай шырыні, А.​Ф.​Шорын у 1927), ЗША і Германіі. Пры стварэнні фільмаў звычайна гук і відарыс запісваюць паасобку з дапамогай гуказапісвальных (гл. Гуказапіс) і кіназдымачных апаратаў; часам мову, музыку, шумы і інш. запісваюць паасобку, потым аб’ядноўваюць у адну фанаграму. Выкарыстоўваюць таксама дубліраванне фільмаў, спец. гуказапіс са стварэннем гукавых эфектаў і інш.

З’яўленне гуку мела вял. значэнне ў эстэтыцы кіно, узбагаціла яго маст. палітру, выявіла новыя магчымасці драматургіі фільма і акцёрскага мастацтва. Першы сав. поўнаметражны маст. фільм з запісам гуку па сістэме Тагера — «Пуцёўка ў жыццё» (1931, рэж. М.​Эк).

У 1929 на кінастудыі Белдзяржкіно ў Ленінградзе створана гукавая лабараторыя пад кіраўніцтвам В.​Ахотнікава і А.​Машковіча. Па іх сістэме запісана бел. эксперым. гукавая праграма «Пераварот» (1930, рэж. Ю.​Тарыч), якая дэманстравалася ў першым гукавым кінатэатры рэспублікі «Чырвоная зорка» ў Мінску. У далейшым запіс гуку пры здымцы бел. стужак рабіўся па сістэмах Тагера і Шорына. Першыя бел. гукавыя маст. фільмы — «Адбітак часу» і «Баям насустрач» (абодва 1932, рэж. адпаведна Г.​Кроль і Э.​Аршанскі).

т. 5, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАШУ́Т (франц. parachute ад parer папярэджваць + chute падзенне),

апарат для запавольвання скорасці падзення ў паветры чалавека ці грузаў. Выкарыстоўваецца ў авіяцыі, касманаўтыцы, парашутным спорце і інш.

Ідэю П. падаў і навук. абгрунтаваў Леанарда да Вінчы (1495). У 1617 першы спуск на П. з высокай вежы здзейсніў венецыянскі інж.-механік Ф.​Веранцыо. У 1783 француз С.​Ленарман стварыў і выпрабаваў П. з жорсткім каркасам (у выглядзе вял. парасона), на якім франц. паветраплавальнік А.​Ж.​Гарнерэн у 1797 спусціўся з паветр. шара. Ранцавы П. створаны ў Расіі Г.​Я.​Кацельнікавым (1911). У СССР першы скачок з П. здзейсніў у 1927 М.​М.​Громаў; вучэбна-трэніровачныя П. з’явіліся ў 1930.

Складаецца з купала са стропамі, падвясной падвеснай сістэмы, выцяжнога П., ранца, чахла, выцяжных фала, кальца і аварыйнага кальца. Адрозніваюць П. па форме купала (напр., круглы, прамавугольны, па плошчы 0,1—1000 м² і больш) і асаблівасцях канструкцый (напр., са шчылінамі і клапанамі, якія дапамагаюць кіраваць П.). Ёсць П., купал якіх у час спуску набывае форму крыла лятальнага апарата. Паводле прызначэння П. падзяляюць на людскія, грузавыя і спецыяльныя. Людскія бываюць выратавальныя, трэніровачныя, спарт., дэсантныя. Для спуску цяжкіх грузаў ужываюць шматкупальныя сістэмы (3 і больш). Спец. П. служаць для тармажэння самалёта (пры пасадцы), гоначнага аўтамабіля, спуску на зямлю касм. спускальных апаратаў, радыёзондаў і інш., а таксама спуску касм. апаратаў на тыя планеты, якія маюць атмасферу і інш.

Схема раскрыцця парашута: 1 — выкід выцяжнога парашута з парашутнага кантэйнера; 2 — выцягванне купала са стропаў асноўнага парашута раскрытым выцяжным парашутам; 3, 4, 5 — напаўненне купала паветрам.

т. 12, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К,

рухавік унутранага згарання, які стварае рэактыўную цягу ў выніку выцякання з яго струменя рабочага цела. Кінетычная энергія струменя ствараецца выкідам праз сапло распаленых газаў у выніку гарэння рабочага цела (рэактыўнага і ракетнага паліва). У энергію рэактыўнага струменя можа пераўтварацца таксама ядз., эл. і сонечная энергія. Р.р. спалучае ў сабе ўласна рухавік і рухач, г зн. з’яўляецца рухавіком прамой рэакцыі: сіла цягі прыкладзена непасрэдна да корпуса і забяспечвае перамяшчэнне яго ў бок, процілеглы напрамку выцякання струменя. Адрозніваюць рэактыўныя ракетныя рухавікі (сілкуюцца толькі палівам і акісляльнікам, што знаходзіцца на лятальным апараце) і паветрана-рэактыўныя рухавікі (выкарыстоўваюць таксама кампаненты навакольнага асяроддзя — кісларод атм. паветра). Бываюць і камбінаваныя Р.р. — ракетна-праматочныя, ракетна-турбінныя і інш.

Прынцып рэактыўнага руху вынайдзены Геронам Александрыйскім (1 ст. н.э.), першыя цвердапаліўныя Р.р. (парахавыя ракеты) з’явіліся ў Кітаі (каля 10 ст.). Ідэю шматступеньчатай ракеты, ракетных батарэй, тэхналогію вырабу порахаў і інш. пытанні рэактыўнай артылерыі абгрунтаваў бел. інжынер і вучоны К.Семяновіч (17 ст.). Схему лятальнага апарата з парахавым Р.р. склаў М І.Кібальчыч (1881), Р.р. на вадкім паліве прапанаваў К.Э.Цыялкоўскі (1903). Стварэнню Р.р. спрыялі навук, працы М.Я.Жукоўскага, І.У.Мяшчэрскага, Б.С.Сцечкіна, франц. вучонага Р.​Эно-Пельтры і інш. Р.р. розных канструкцый распрацавалі Ф.А.Цандэр, А.М.Люлька, С.П.Каралёў, В.П.Глушко, Г.Оберт, Р.Годард, Ф.​Уітл (Вялікабрытанія) і інш.

Рэактыўны рухавік: а — паравы шар Герона Александрыйскага (1 — трубкі для падводу пары, 2 — выхлапныя трубкі, З — полы шар, які круціцца ад рэактыўных струменяў); б — парахавы рухавік на кітайскай вогненнай страле (1 — порах, 2 — папяровая гільза, З — запальны састаў), в — прынцыповая схема турбарэактыўнага рухавіка (у параўнанні з 4-тактавым поршневым рухавіком).

т. 13, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ХА,

орган слыху і раўнавагі ў чалавека і пазваночных жывёл; частка слыхавога апарата. У чалавека і большасці сучасных відаў пазваночных падзяляецца на вонкавае, сярэдняе і ўнутранае вуха (у кітападобных, ластаногіх, у рыючых жывёл, якія жывуць у тоўшчы глебы, у дарослых птушак, некаторых земнаводных і рэптылій адзначаецца рэдукцыя вонкавага, а ў шэрагу відаў і сярэдняга вуха). Вонкавае вуха (вушная ракавіна і вонкавы слыхавы праход) перадае ваганні паветра на барабанную перапонку.

Зачаткі яго ёсць у кракадзілаў, найб. складаную форму яно набыло ў млекакормячых. Сярэдняе вуха знаходзіцца ў скроневай косці за барабаннай перапонкай, уключае барабанную поласць, комплекс слыхавых костачак (малаточак, кавадлачка, стрэмечка ў млекакормячых, слупок — у амфібій, рэптылій і птушак), злучана з вонкавым асяроддзем (праз глотку) еўстахіевай трубой. Перадае гукавыя ваганні з барабаннай перапонкі на авальнае акенца ўнутранага вуха і ахоўвае яго ад перагрузак, узмацняе гукавыя частоты на аснове з’яў рэзанансу. Унутранае вуха размешчана ў тоўшчы скроневай косці, складаецца з перапончатага (сістэма злучаных паміж сабой і запоўненых эндалімфай танкасценных поласцей — мяшочкаў і праток) і касцявога (пераддзвер’е, паўкружныя каналы, улітка, запоўненыя перылімфай) лабірынтаў. Унутранае вуха ўключае т.зв. кортыеў орган, да слыхавых клетак якога падыходзяць канцы слыхавых нерваў, слыхавую частку (улітка) і вестыбулярны апарат. Вушная ракавіна, вонкавы слыхавы праход, барабанная перапонка, слыхавыя костачкі і лабірынтавая вадкасць складаюць гукаправодны апарат вуха, кортыеў орган, слыхавыя клеткі і нервы — гукаўспрымальную частку, вестыбулярны апарат — орган раўнавагі. Аналіз інфармацыі, якую атрымала вуха, адбываецца ў нерв. цэнтрах стваловай і коркавай частак мозга.

А.​С.​Леанцюк.

Вуха чалавека: 1 — барабанная перапонка; 2 — скроневая косць; 3 — барабанная поласць; 4 — паўкружны канал; 5 — улітка; 6 — слыхавая (еўстахіева) труба; 7 — слыхавыя костачкі; 8 — вонкавы слыхавы праход; 9 — вушная ракавіна.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ ПА БАРАЦЬБЕ́ З КОНТРРЭВАЛЮ́ЦЫЯЙ, СПЕКУЛЯ́ЦЫЯЙ І СЛУЖБО́ВЫМІ ЗЛАЧЫ́НСТВАМІ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР (ЧК БССР),

дзяржаўны орган, які ў сваёй дзейнасці спалучаў функцыі спецслужбы і праваахоўнага органа. Утворана 18.2.1919 паводле рашэння Вял. Прэзідыума выканкома БССР як Мінская губ. надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам (губчэка); уваходзіла ў склад НКУС БССР. Пад яе кіраўніцтвам працавалі Бабруйская, Ігуменская і Мазырская павятовыя надзвычайныя камісіі, якія выбіраліся павятовымі выканкомамі і зацвярджаліся губчэка. Пасля ўтварэння Літбел Мінская губчэка ў маі 1919 перайменавана ў Надзвычайную камісію Літ.-Бел. ССР (ЧК Літбела). У сувязі з акупацыяй тэр. Літ.-Бел. ССР польскімі інтэрвентамі ў жн. 1919 дзейнасць ЧК Літбела спынена, а яе супрацоўнікі накіраваны на фронт і ў тыл акупантаў на падп. работу. Пасля вызвалення Беларусі 21.7.1920 адноўлена як Мінская губ. надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй, спекуляцыяй і службовымі злачынствамі, пазней перайменавана ў Надзвычайную камісію БССР (ЧК БССР). Працавала пад кіраўніцтвам ВЧК, фактычна на правах губ. органа. З 1919 асн. кірункамі дзейнасці Мінскай губчэка, потым ЧК Літбела былі выяўленне і ліквідацыя контррэв. арг-цый, барацьба з сабатажам і спекуляцыяй, карупцыяй служачых сав. дзярж. апарата. Пасля разгрому арганізаваных сіл унутр. і знешняй контррэвалюцыі ў 1921—22 асн. намаганні надзвычайнай камісіі былі скіраваны на барацьбу з бандытызмам і шпіянажам, контррэв. дзейнасцю розных партый і арг-цый. Паводле рашэння Прэзідыума ЦВК БССР ад 1.3.1922 ЧК БССР скасавана і на яе базе ўтворана Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР. ЧК БССР (Мінскую губчэка, ЧК Літбела) узначальвалі: В.​А.​Багуцкі (крас.—май 1919), І.​В.​Тарашкевіч (май—жн. 1919), А.​І.​Ротэнберг (1920—21), Я.​К.​Ольскі (Кулікоўскі; 1921—22).

А.​А.​Тозік.

т. 11, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

1) галіна права, якая рэгулюе грамадскія адносіны ў сферы дзярж. кіравання. Нормы адміністрацыйнага права вызначаюць парадак арганізацыі і дзейнасці кіраўнічага апарата, правы і абавязкі службовых асоб і грамадзян. Сістэма адміністрацыйнага права Рэспублікі Беларусь складаецца з агульнай і асаблівай частак. Агульная ўключае нормы, якія маюць рэгуляцыйнае значэнне для ўсіх галін і сфераў дзярж. кіравання: сістэма і крыніцы, суб’екты адміністрацыйнага права, прынцыпы дзярж. кіравання, сістэма яго органаў, формы і метады кіраўнічай дзейнасці і інш. Нормы асаблівай часткі рэгулююць адносіны ў асобных сферах кіравання: планаванні, уліку, фінансаванні і матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, прам-сці, сельскай гаспадарцы, транспарце, капітальным будаўніцтве, нар. адукацыі, навуцы, культуры, ахове здароўя, сац. абароне, пытаннях адм.-паліт. кіравання (абарона, дзярж. бяспека, грамадскі парадак, юстыцыя) і інш. Гал. крыніцы адміністрацыйнага права: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы Прэзідыума Вярх. Савета і Кабінета Міністраў, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь і інш., загады, пастановы і інструкцыі нарматыўнага зместу (вылаюцца мін-вамі, дзярж. к-тамі і ведамствамі Рэспублікі Беларусь). Выкананне выкладзеных у гэтых актах правілаў з’яўляецца абавязковым і забяспечваецца выхаваўчымі, арганізацыйнымі і прымусовымі мерамі. У ходзе рэалізацыі нормаў адміністрацыйнага права ўзнікаюць адм. праваадносіны, суб’ектам якіх, з аднаго боку, з’яўляюцца дзярж. орган або службовая асоба, з другога — дзярж. органы, іх службовыя асобы, асобныя грамадзяне, грамадскія арг-цыі і інш. Аб’ектам адм.-прававых адносін у большасці выпадкаў з’яўляецца дзейнасць людзей, іх паводзіны, а таксама пэўная маёмасць.

2) Навука, якая вывучае прававое рэгуляванне дзярж. кіравання, развіццё тэарэт. поглядаў на сутнасць, змест і сістэму прававых нормаў і прававых ін-таў. Навука актыўна садзейнічае ўдасканаленню сістэмы і ўнутр. структуры, удакладненню правоў і абавязкаў органаў дзярж. кіравання і асобных грамадзян. Праблемы адміністрацыйнага права на Беларусі вывучаюць А.​М.​Абрамовіч, В.​І.​Семянкоў, В.​І.​Шабайлаў і інш.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫ́ЗМ, нацыянал-сацыялізм,

германская разнавіднасць фашызму, паліт. рух, ідэалогія і дзярж. рэжым Германіі ў 1933—45. Узнік пасля 1-й сусв. вайны ва ўмовах усебаковага крызісу Веймарскай рэспублікі на базе фаш. руху, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі дробнай буржуазіі, былыя вайскоўцы, беспрацоўныя, частка моладзі і інтэлігенцыі. Узначальвалі рух А.Гітлер і Нацыянал-сацыялісцкая партыя. Праграма руху створана ў 1920 Г.​Федэрам, выкладзена Гітлерам у кн. «Мая барацьба» (1925) і А.​Розенбергам у кн. «Міфы 20 стагоддзя» (1930). Пасля прыходу фашыстаў да ўлады у 1933 пашырыўся створаны на прускі ўзор бюракратычны дзярж. апарат за кошт тэрарыстычна-паліцэйскіх фарміраванняў, органаў кіравання эканомікай і арміяй, структур для вядзення нацысцкай прапаганды, уздзеяння на культуру і асвету ў адпаведнасці з догмамі нацысцкай ідэалогіі. Прыхільнікі нацыянал-сацыялізму, якія на словах апелявалі да гіст. вопыту, нац.-культ. традыцый германскага народа, абвясцілі культ грубай фіз. сілы, падпарадкавання, паслушэнства. У аснову адносін з народамі свету была пакладзена расавая тэорыя (гл. Расізм), паводле якой некаторыя народы (яўрэі, цыганы, б.ч. славян) падлягалі фіз. знішчэнню, што, на думку гітлераўцаў, з’яўлялася перадумовай стварэння «ідэальнай Германіі». Пад уплывам сваіх ідэалаг. догмаў Н. развязаў 2-ю сусв. вайну. Унутры Германіі псеўданац. фразеалогія нацыянал-сацыялістаў прыкрывала ўсталяванне сістэмы жорсткага дзярж.-манапалістычнага рэгулявання эканомікай і ўсім грамадскім жыццём, палітыкай мілітарызацыі краіны, падрыхтоўкай і вядзеннем захопніцкіх войнаў. Былі скасаваны аўтаномныя правы суб’ектаў герм. федэрацыі — зямель, а Германія ператворана ва унітарную дзяржаву; караліся любыя праяўленні апазіцыі нацысцкаму рэжыму. Пасля ўстанаўлення нацысцкай дыктатуры былі забаронены паліт. партыі і дэмакр. аб’яднанні, у т. л. прафсаюзы; створана сетка канцэнтрацыйных лагераў. З канца 1930-х г. фаш. агрэсія прывяла да распаўсюджвання нацысцкіх парадкаў і дзейнасці рэпрэсіўнага апарата на акупіраваныя краіны. Паражэнне фаш. Германіі ў 2-й сусв. вайне (1945) паклала канец панаванню Н. Былі пакараны гал. гітлераўскія злачынцы, прынята рашэнне пра ажыццяўленне дэнацыфікацыі. Праява адраджэння крайне нацыяналістычных рухаў, ідэалагічна звязаных з Н., атрымала назву неанацызм.

В.​І.​Боўт.

т. 11, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ АДДЗЕ́ЛЫ, палітаддзелы,

кіруючыя парт.-паліт. органы КПСС—КПБ. Існавалі ў 1918—91 ва ўзбр. сілах для ўзмацнення парт. кіраўніцтва і паліт. работы, у 1933—56 — у гасп. арг-цыях з мэтай паліт. ўплыву на прац. масы. Нярэдка выконвалі функцыі гасп. і карных органаў. Як надзвычайныя органы ствараліся на пэўны час на найб. адказных участках для аператыўнага вырашэння паліт. і сац.-эканам. пытанняў. Асн. задачы П.а.: аб’яднанне парт. і камсам. актыву ўнутры калектываў, узмацненне барацьбы з «самацёкам», шкодніцтвам і раскраданнем сацыяліст. уласнасці, завяршэнне чысткі працоўных калектываў ад рэшткаў «класава варожых элементаў», садзейнічанне своечасоваму выкананню дзярж. вытв. задач. Палажэнне пра П.а. было ўключана ў Статут ВКП(б), прыняты XVII з’ездам партыі (1934). У сістэме нар. гаспадаркі СССР, у т. л. БССР, П.а. функцыянавалі ў машынна-трактарных станцыях (МТС; 1933—34, 1941—43, 1950—53), саўгасах (1933—40, 1941—43), на чыг. і водным транспарце (1933—56). За 1933—34 у СССР створана на чале з накіраванымі ў вёску кадравымі партработнікамі 3368 П.а. МТС і 2021 П.а. саўгасаў; у БССР — адпаведна 72 і 51. У 1934 сеткамі П.а. абслугоўваліся каля 40% калгасаў і 20% саўгасаў рэспублікі. З лют. 1950 да студз. 1954 паводле рашэння ЦК ВКП(б) (студз. 1950) у зах. абласцях СССР, у т. л. Беларусі, Прыбалт. рэспубліках, былі арганізаваны і дзейнічалі П.а. МТС для актывізацыі націску ў ажыццяўленні суцэльнай калектывізацыі ў сціслыя тэрміны. З пашырэннем унутрыпарт. дэмакратыі і ўзмацненнем ролі звычайных, пастаянных органаў партыі ЦК КПСС у 1957 скасаваў П.а.

ва ўсіх ведамствах, акрамя ўзбр. сіл. П.а., як адно з рашаючых звёнаў цэнтралізаванай сістэмы кіравання, былі дзейсным інструментам сав. улады. Іх стварэнне ў структуры апарата партыі было спробай умацавання адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання.

А.​М.​Сарокін.

т. 12, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЕ ФІЗІ́ЧНАЕ,

адзін з двух (нараўне з рэчывам) відаў матэрыі. Паводле прынцыпу блізкадзеяння з дапамогай П.ф. (як сілавога поля) ажыццяўляецца ўздзеянне (на адлегласці) аднаго цела на другое, што апісваецца ў межах поля тэорыі. Прыклады П.ф.: эл.-магн. і гравітацыйнае ў класічнай фізіцы, квантава-рэлятывісцкія палі ў фізіцы элементарных часціц і іх узаемадзеяннях.

Паняцце сілавога поля (эл. і магн.) у 1830-я г. ўведзена М.Фарадэем. Дж.К.Максвел у 1860-я г. развіў далей ідэі аб эл.-магн. полі і сфармуляваў яго законы (гл. Максвела ўраўненні), прадказаў электрамагнітныя хвалі. Пасля адкрыцця Дж.​Дж.Томсанам электрона (1897) электрычна зараджаныя элементарныя часціцы сталі разглядацца як першасныя крыніцы эл.-магн. поля і эл.-магн. узаемадзеянняў. У 1900 М.Планк прадказаў, што энергія эл.-магн. поля выпрамяняецца і паглынаецца дыскрэтнымі порцыямі (квантамі). У канцы 1920-х г. паказана, што квантуецца і само эл.-магн. поле. Кванты гэтага поля — фатоны з’яўляюцца элементарнымі часціцамі і пераносчыкамі эл.-магн. узаемадзеянняў. У 1928 П.А.М.Дзірак увёў квантава-рэлятывісцкае (хвалевае) поле і для адзінак будовы рэчыва, квантамі якога з’яўляюцца элементарныя часціцы — электрон і пазітрон. У межах квантава-рэлятывісцкай тэорыі ў адпаведнасці з карпускулярна-хвалевым дуалізмам знікаюць бар’еры паміж рэчывамі і сілавымі палямі як рознымі відамі матэрыі. У абодвух выпадках апісанне П.ф. ажыццяўляецца з дапамогай агульнага матэм. апарата і выкарыстоўваюцца аднолькавыя фіз. характарыстыкі П.ф. і квантаў гэтых палёў (элементарных часціц): маса, энергія, імпульс, момант імпульсу, спін, зарад і інш. Пры ўзаемадзеяннях кванты П.ф. аднаго тыпу могуць пераўтварацца ў кванты П.ф. другога тыпу, напр., электроны і пазітроны ў фатоны і наадварот — фатоны ў электрон-пазітронныя пары; кваркі і антыкваркі ў глюоны, а глюоны ў кварк-антыкваркавыя пары. Элементарныя часціцы розных тыпаў (сілавога поля і рэчыва), калі яны маюць адпаведныя сілавыя зарады, могуць быць пераносчыкамі і крыніцамі ўзаемадзеянняў.

А.​А.​Богуш.

т. 12, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)