КО́ПЛІ ((Copley) Джон Сінглтан) (3.7.1738, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 9.9.1815),
амерыканскі жывапісец і мініяцюрыст. Чл. Лонданскай АМ (1779). Буйнейшы амер. партрэтыст каланіяльнага перыяду. З 1774 працаваў пераважна ў Лондане. Зазнаў уплыў англ. партрэтнага жывапісу 17—18 ст. Працаваў у рэаліст. манеры. Сярод твораў: «Сёстры Мэры і Элісбет Роял» (1755—62), «Хлопчык з вавёркай-ляцягай» (каля 1765), «Пол Рэвір» (1765), «Нікалас Бойлстан» (1767), «Дораці Уэндэл Скайнэр» (1772), «Томас Міфлін з жонкай» (1773), «Сям’я мастака» (1780) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РАНТ ((Courant) Рыхард) (8.1.1888, г. Люблінец, Польшча — 27.1.1972),
амерыканскі матэматык. Замежны чл.АНСССР (1966). Скончыў Гётынгенскі ун-т (1910), дзе і працаваў у 1920—33. З 1934 праф. Нью-Йоркскага ун-та. Навук. працы па тэорыі канформных адлюстраванняў, краявых задачах матэм. фізікі, варыяцыйным злічэнні. Аўтар многіх манаграфій і падручнікаў.
Тв.:
Рус.пер. — Курс дифференциального и интегрального исчисления. Т. 1. 4 изд. М., 1967;
Т. 2. 2 изд. М., 1970;
Методы математической физики. Т. 2. Уравнения с частными производными. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁВІ-МАНТАЛЬЧЫ́НІ ((Levi-Montalcini) Рыта) (н. 22.4.1909, г. Турын, Італія),
італа-амерыканскі біёлаг. Чл.Нац.АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў, Італьян.Нац.АН. Скончыла Турынскі ун-т (1936). З 1947 у Вашынгтонскім ун-це (у 1969—77 праф.), адначасова з 1969 у лабараторыі клетачнай біялогіі ў Італьянскім нац. даследчым савеце ў Рыме (да 1979 дырэктар). Навук. працы па вывучэнні механізмаў рэгуляцыі росту клетак і органаў. Адкрыла фактар росту нерв. тканкі. Нобелеўская прэмія 1986 (разам з С.Коэнам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ ЯН (Lee Yuan) Юань Цзелі(н. 19 11.1936, г. Сіньчжу, Кітай), амерыканскі фізікахімік. Чл.Нац.АН ЗША (1979). Скончыў Нац. Тайваньскі (1959) і Каліфарнійскі ун-ты (1965), дзе і працуе (з 1974 праф.). Навук. працы па хім. кінетыцы. Даследаваў шырокі клас рэакцый з удзелам свабодных атамаў фтору, вадароду, кіслароду, бору і інш., дынаміку элементарных працэсаў дэйтэрыравання, галагеніравання арган. злучэнняў, акіслення шматлікіх рэчываў. Развіў прынцыпова новыя ўяўленні аб механізме хім. рэакцый. Нобелеўская прэмія 1986 (разам з Д.Хершбахам і Дж.Полані).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Карлтан) (Карл) Мак-Хінлі (н. 1.7.1961, г. Бірмінгем, ЗША),
амерыканскі спартсмен (лёгкая атлетыка). Чэмпіён XXIII, XXIV і XXV Алімп. гульняў (1984, г. Лос-Анджэлес, ЗША, бег на 100 і 200 м, эстафета 4 × 100 м, скачкі ў даўж.; 1988, Сеул, бег на 100 м, скачкі ў даўж.; 1992, г. Барселона, Іспанія, эстафета 4 × 100 м, скачкі ў даўж.), сярэбраны прызёр (1988, бег на 200 м). Чэмпіён свету (1983, 1987, 1991, бег на 100 м, эстафета 4 × 100 м, скачкі ў даўж.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБІ́МІЦА КЛА́ПА,
амерыканскі сорт грушы, атрыманы з насення сорту Лясная прыгажуня свабоднага апылення. На Беларусі пашырана ў Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абл. Адзін з лепшых скараспелых сартоў.
Дрэва сярэднярослае, крона шырокапірамідальная, рэдкая. Пладаносіць на 7-ы год. Сорт малазімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да бактэрыяльнага раку і паршы. Ураджайнасць добрая. Плады 110—130 г яйцападобна выцягнутай формы, жаўтавата-зялёныя з яркім румянцам на сонечным баку. Мякаць белая. сакавітая, мяккая, масляністая, салодкая, выдатнага смаку. Спажывецкая спеласць у канцы жніўня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ТЧЭЛ ((Mitchell) Уэслі Клэр) (5.8.1874, г. Рашвіл, штат Ілінойс, ЗША — 29.10.1948),
амерыканскі эканаміст і статыстык, прадстаўнік гарвардскай школы. Скончыў Чыкагскі ун-т. Праф. Каліфарнійскага (1909—12) і Калумбійскага (1914—19, 1922—44) ун-таў. У 1920—45 узначальваў Нац. бюро эканам. даследаванняў. Навук. працы і даследаванні ў галіне аналізу эканам. цыклаў і кан’юнктуры, па стат. даследаваннях, гісторыі грашовага абарачэння і інш. Спрабаваў выкарыстоўваць статыстыку для доказу палажэнняў інстытуцыяналізму. Пасля эканам. крызісу 1929—33 адзін з тэарэтыкаў «рэгулюемага капіталізму». Асн. праца «Эканамічныя цыклы» (1913).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ТАНС ((Nathans) Даніэл) (н. 30.10.1928, г. Уілмінгтан, ЗША),
амерыканскі вірусолаг. Чл.Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Дэлавэрскі ун-т (1950). Працаваў ва ун-тах Вашынгтонскім і Дж.Хопкінса ў г. Балтымар. Навук. працы па структуры і функцыі генома віруса. Выкарыстаў ферменты рэстрыктазы для даследавання структуры (карціравання) ДНК аднаго з анкагенных вірусаў. Вывучыў працэс яго рэплікацыі і транскрыпцыі, выявіў у яго геноме «анкагенны» ўчастак, атрымаў яго т.зв. эвалюцыйныя мутанты і гібрыды з адэнавірусамі. Нобелеўская прэмія 1978 (разам з Г.Смітам і В.Арберам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РТРАП ((Northrop) Джон Хоўард) (5.7.1891, г. Іонкерс, ЗША — 27.5.1987),
амерыканскі біяхімік, адзін з заснавальнікаў прыкладной энзімалогіі. Чл.Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1949). Скончыў Калумбійскі ун-т (1912). У 1915—62 у Ракфелераўскім ін-це мед. даследаванняў. Працаваў таксама ў Гарвардскім, Калумбійскім, Іельскім, Прынстанскім, Каліфарнійскім ун-тах. Навук. працы па хіміі ферментаў. Вылучыў у крышт. форме ферменты: хіматрыпсін, пепсін і трыпсін, а таксама адзін з вірусаў і дыфтэрыйны антытаксін. Даказаў бялковую прыроду ферментаў. Нобелеўская прэмія 1946 (разам з У.М.Стэнлі і Дж.Б.Самнерам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ́КАМ, Ньюкамб (Newcomb) Сайман (Сімон; 12.3.1835, г. Уоліс, Канада — 11.7.1909), амерыканскі астраном. Чл.Нац.АН ЗША (1869), Лонданскага каралеўскага т-ва (1877). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1896). Скончыў Гарвардскі ун-т (1858). У 1861—77 праф. Марской акадэміі ў Вашынгтоне. Навук. працы па нябеснай механіцы, астраметрыі і навігацыйнай астраноміі. Даследаваў рух Месяца, планет і іх спадарожнікаў, праблемы паходжання астэроідаў. Папулярызатар астр. ведаў.
Тв.:
Рус.пер. — Астрономия для всех. Одесса, 1905.
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966. С. 400—402.