БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГЛУХІ́Х,

грамадская арг-цыя. Засн. Ў 1931. Цэнтр. праўленне ў Мінску. Прымае асоб з парушэннямі слыху ва ўзросце ад 16 гадоў. У складзе т-ва 6 абл., 10 міжраённых, больш за 240 пярвічных арг-цый (1995). Мае 10 навуч.-вытв. прадпрыемстваў (у Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мінску, Оршы), Палац культуры ў Мінску, спарт. комплекс (у Гомелі), санаторый-прафілакторый «Азёрны» (на беразе Заслаўскага вадасховішча), клубы, б-кі, дамы культуры (у Віцебску, Гомелі, Гродне).

На Беларусі створаны дашкольныя ўстановы для дзяцей глухіх і са слабым слыхам (у Мінску, Бабруйску, Гомелі, Мазыры), спецшколы-інтэрнаты для дзяцей са слабым слыхам (Бабруйск, Віцебск, Гарадзея, Кобрын, Мінск, Поразава, Рэчыца), спецшколы-інтэрнаты для глухіх дзяцей (Ашмяны, Верхнядзвінск, Ждановічы, Мінск, Мсціслаў, Пінск, Рэчыца), аддзяленні па навучанні глухіх пры Гомельскім машынабуд. тэхнікуме і Мінскім медвучылішчы № 2 (рыхтуе зубных тэхнікаў); дзейнічаюць каля 30 спец. класаў пры агульнаадук. школах, 3 вячэрнія (пазменныя) школы для дарослых глухіх (у Віцебску, Гомелі, Мінску). Т-ва — член Сусв. федэрацыі глухіх.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ГУМАНІТА́РНЫ АДУКАЦЫ́ЙНА-КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БГАКЦ) Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь, установа, мэтай якой з’яўляюцца навучанне, выхаванне і перадпрафесійная падрыхтоўка будучых дзеячаў бел. культуры і навукі. Засн. 28.11.1990 па ініцыятыве Мін-ва адукацыі і Таварыства беларускай мовы імя Ф.​Скарыны. У структуры цэнтра гуманітарны ліцэй (з 1991), метадычны, выдавецкі, кінатэлевізійны і вытворчы аддзелы.

Ліцэй мае дзённае, нядзельнае (школьнікі) і вячэрняе (дарослыя) аддзяленні. На дзённае аддзяленне прымаюцца школьнікі пасля 7 класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 4 гады. На 1-м і 2-м курсах вучні атрымліваюць базавую адукацыю, на 3-м і 4-м — сярэднюю. Пашырана вывучаюцца гісторыя Беларусі, бел. мова, яе гісторыя і культура, геаграфія Беларусі і краязнаўства, замежная мова, агульная геаграфія, а таксама бел. этнаграфія, фальклор, гісторыя бел. дойлідства, выяўл. мастацтва, муз. культуры, асновы рэлігіязнаўства, права, паліталогіі, традыц. логіка, лац. мова, культура вуснай мовы.

Цэнтр рыхтуе і выдае навуч. і метадычныя дапаможнікі, здымае навуч. фільмы. У 1992 адчынены філіялы цэнтра ў Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, Светлагорску.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДАБРАЧЫ́ННЫ ФОНД «ДЗЕ́ЦЯМ ЧАРНО́БЫЛЯ»,

незалежнае няўрадавае аб’яднанне. Створаны ў 1989 пры аргкамітэце БНФ, з 1990 самаст. арг-цыя. Ажыццяўляе доўгатэрміновыя праграмы і праекты сац.-гуманіт. кірунку (больш за 40). Пад яго апекай знаходзяцца многія мед. і дзіцячыя ўстановы Беларусі. З дапамогай фонду пабудаваны «SOS — дзіцячая вёска», рэабілітацыйны цэнтр у Мінску, дамы для перасяленцаў-чарнобыльцаў, дзіцячы хоспіс, цэх экалагічна чыстага харчавання, у Мінску будуецца правасл. храм «Усіх самотных радасці». На аздараўленне ў замежныя краіны накіравана больш за 80 тыс. дзяцей-чарнобыльцаў і 540 — на лячэнне і рэабілітацыю. У клініках зах. краін прайшлі стажыроўку каля 200 медработнікаў. На Беларусь з-за мяжы пастаўлена 6,5 тыс. т гуманіт. грузаў (больш як на 140 млн. ням. марак). Аказана дапамога 240 тыс. ліквідатараў, перасяленцаў, інвалідаў, мнагадзетным і маламаёмным сем’ям. Мае аддзяленні і групы падтрымкі ў 76 раёнах і гарадах Беларусі, супрацоўнічае з 386 замежнымі арг-цыямі. Праводзіць міжнар. кангрэсы «Свет пасля Чарнобыля» (1992, 1994, 1996). Заснавальнік Міжнар. асацыяцыі гуманіт. супрацоўніцтва, час. «Demos» на рус. і ням. мовах.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІТО́РЫНГ у біялогіі,

сістэма назірання, ацэнкі стану навакольнага асяроддзя і прагнозу яго змен. Накіраваны на кантроль пераважна антрапагеннага ўздзеяння на прыроду; адначасова ажыццяўляецца назіранне за натуральнай, малазмененай прыродай для параўнання пры ацэнцы антрапагенных змен. Тэрмін з’явіўся ў 1920-я г., шырока ўжываецца з 1970-х г. Асн. элементы сістэмы М. пашыраны з пач. 1970-х г. Вылучаюць М. мясцовы, рэгіянальны, глабальны, паводле мэт — біясферны, біял. (экалагічны), геахім., геафіз. і інш. На Беларусі М. ажыццяўляецца ў ін-тах Нац. АН (аддзяленні: біял., мед.-біял., хім. і геал. навук), Бярэзінскім біясферным і Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніках, гідраметслужбе і інш.

Біясферны М. вызначае глабальна-фонавыя змены ў прыродзе (колькасць азону, вуглякіслага газу, змены надвор’я і клімату на планеце, узроўні радыяцыі, цяпла, сусв. міграцыі жывёл і інш.). Экалагічны М. вывучае змены ў складзе экалагічных сістэм, біягеацэнозаў ва ўмовах антрапагеннага ўздзеяння. Мэты геафізічнага, геахімічнага, санітарна-таксікалагічнага М. — атрыманне інфармацыі аб узроўні забруджвання навакольнага асяроддзя, інтэнсіўнасці і характары ўздзеяння забруджвання на біял. сістэмы, іх аналіз і прагнозы.

т. 10, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАМЕРЦЫ́ЙНЫ БАНК,

першы прыватны банк у дарэв. Беларусі. Засн. ў 1873 памешчыкамі і гандл. буржуазіяй Мінска і Мінскай губ. Сярод акцыянераў банка Л.​А.​Ваньковіч, кн. Е.​Э.​Друцкі-Любецкі, В.​А.​Лапо, Х.Г. і А.​Я.​Лур’е і інш. Акцыянерны капітал складаў 1,5 млн. рублёў. Банк спецыялізаваўся на выдачы пазык для забеспячэння гандлю с.-г. таварамі, на крэдытаванні вывазу лясной прадукцыі ў паўд. губерні Расіі і за мяжу. У 1880—90-я г. аддзяленні і агенцтвы М.к.б. дзейнічалі ў Гомелі, Магілёве, Лібаве, Бабровіцах, Навазыбкаве, Рамнах, Канатопе і інш. Росквіт М.к.б. прыпадае на канец 19 — пач. 20 ст. У 1895 кантрольны пакет яго акцый купіў пецярбургскі прадпрымальнік Я.​С.​Палякоў з сынамі. Пасля разарэння Паляковых на чале М.к.б. зноў сталі мясц. акцыянеры. Змены ў развіцці ляснога рынку, канкурэнцыя з боку буйных рас. банкаў, канцэнтрацыя акцый у руках вузкай групы асоб прывялі да ліквідацыі М.к.б. (1908), у 1912 ён паглынуты Азоўска-Данскім Камерцыйным банкам.

В.​М.​Сяховіч.

т. 10, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗЬКО́ Усевалад Пятровіч (н. 24.1.1937, г. Шклоў Магілёўскай вобл.),

бел. фізік. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996), д-р фіз.-матэм. н. (1985), праф. (1990). Скончыў Томскі ун-т (1962), дзе і працаваў. З 1972 у Магілёўскім аддзяленні Ін-та фізікі (з 1987 нам. дырэктара), з 1992 дырэктар Ін-та прыкладной оптыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы ў галіне інтэгральнай оптыкі, па вывучэнні фіз. асноў працэсаў фарміравання планарных аптычных хваляводаў, методыках і тэхналогіі стварэння кампазіцыйных асяроддзяў і суперструктур для оптаэлектронікі з новымі аптычнымі і фотаэл. ўласцівасцямі. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Введение в интегральную оптику. Мн., 1975 (разам з А.​М.​Ганчарэнкам);

Кинетика процесса формирования планарных волноводов в стеклах электродиффузией серебра (разам з А.​І.​Вайцянковым) // Физика и химия стекла. 1986. Т. 12, № 6;

Квантово-размерные структуры селенид кадмия/полимер, изготовленные методом вакуумного испарения (разам з А.​С.​Барбіцкім, А.​І.​Вайцянковым) // Письма в ЖТФ. 1996. Т. 22, вып. 13.

У.П.Радзько.

т. 13, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЯ АКАДЭ́МІЯ МАСТА́ЦТВАЎ (РАМ),

вышэйшая навукова-творчая арганізацыя мастакоў і архітэктараў Расіі. Створана ў Маскве ў 1992 на базе б. АМ СССР (з 1947). Размяшчаецца ў б. асабняку І.​Марозава (Марозаўскай галерэі), пабудаваным у сярэдзіне 18 ст. (у 1870—71 перабудаваны ў духу неабарока, арх. А.​Камінскі). Мае аддзяленні: жывапісу, графікі, скульптуры, дэкар. мастацтваў, архітэктуры, мастацтвазнаўства і маст. крытыкі. У сістэму РАМ уваходзяць таксама Акад. маст. ін-т імя В.​Сурыкава з Акад. маст. ліцэем імя М.​Томскага, НДІ тэорыі і гісторыі выяўл. мастацтваў (усе ў Маскве), Акад. ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна з Акад. маст. ліцэем імя Б.​Іагансона, з філіяламі (Музей-сядзіба Рэпіна «Пенаты», Музеі ў кватэра І.​Бродскага, музеі-майстэрні П.​Чысцякова, А.​Куінджы, С.​Канёнкава, Дз.​Налбандзяна), навук.-бібліягр. архіў (усе ў Пецярбургу), навук. б-ка ў Пецярбургу з філіялам у Маскве, рэгіянальнае аддзяленне «Урал, Сібір, Далёкі Усход» з цэнтрам у Краснаярску, творчыя майстэрні, лабараторыі. Праводзіць выстаўкі рас. і замежных мастакоў.

Т.​В.​Пешына.

т. 13, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНАТО́РЫЙ (новалац. sanatorium ад лац. sano лячу),

стацыянарная лячэбна-прафілактычная ўстанова для лячэння з пераважным выкарыстаннем прыродных лек. фактараў (клімат, мінер. воды, лек. гразі і інш.) у спалучэнні з дыетычным харчаваннем, лячэбнай фізкультурай, фізіятэрапеўт. працэдурамі. Падзяляюцца на адна- і шматпрофільныя; для дарослых, дзяцей, падлеткаў, бацькоў з дзецьмі. Профіль С. вызначаецца ў залежнасці ад прыродных фактараў і мед. паказчыкаў. Існуюць С. для хворых на туберкулёз, захворванні органаў дыхання нетуберкулёзнага характару, органаў кровазвароту, стрававання, апорна-рухальнага апарату, нерв. сістэмы, нырак і мачавых шляхоў і інш. У С. могуць быць аддзяленні для асоб, што перанеслі інфаркт міякарда, кровазліцці ў мозг, траўмы касцей і інш. Асн. кірункі дзейнасці С.: лячэбны, рэабілітацыйны (замацаванне вынікаў лячэння), рэкрэацыйны (аздараўленне асоб з сіндромам хранічнай стомленасці, зніжэннем разумовай і фіз. працаздольнасці). На Беларусі 71 С. (2001), дзе ў першую чаргу атрымліваюць мед. дапамогу ліквідатары катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, інваліды, пенсіянеры, хворыя на туберкулёз, хворыя, што перанеслі інфаркт міякарда, аперацыі і г.д.

Э.​А.​Вальчук.

т. 14, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНЫЯ ТАВАРЫ́СТВЫ, добраахвотныя спартыўныя таварыствы (ДСТ),

масавыя арганізацыі, якія аб’ядноўвалі грамадзян для заняткаў фізкультурай і спортам.

Ствараліся паводле тэр. і вытворча-галіновай адзнак. Пярвічнымі арг-цыямі ДСТ былі калектывы фіз. культуры і спарт. клубы прадпрыемстваў, калгасаў, саўгасаў, навуч. устаноў. У СССР дзейнічалі 7 усесаюзных С.т.: «Буравеснік», «Воднік», «Дынама», «Зеніт», «Лакаматыў», «Спартак», «Працоўныя рэзервы»; 30 рэсп. ДСТ (15 з іх аб’ядноўвалі калектывы фіз. культуры прамысл. прадпрыемстваў і інш., 15 — сельскія спарт. калектывы). У інш. краінах аналагам С.т. з’яўляюцца аматарскія і прафес. спарт. клубы.

На Беларусі да 1917 існавалі аддзяленні ўсерас. «Т-ва садзейнічання фіз. развіццю вучнёўскай моладзі», С.т. «Санітас», «Сокал», «Унітас», яўр. нац. С.т. «Макабі» і інш. З 1930-х г. дзейнічалі рэсп. арг-цыі ўсесаюзных ДСТ: «Лакаматыў» (з 1936), «Працоўныя рэзервы» (з 1944), «Дынама», «Спартак», «Буравеснік» (з 1958), «Воднік» (з 1964); рэсп. т-вы «Ураджай» (сельскае, з 1956), «Чырвоны сцяг» (прафсаюзнае, з 1958). У 1985—93 пасля рэарганізацый С.т. раз’яднаны на асобныя фізкультурна-спарт. клубы і арг-цыі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 15, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЗЕРАЎ Іван Макаравіч (5.2.1889, г. Смаленск, Расія — 21.3.1947),

расійскі і бел. мастацтвазнавец, гісторык архітэктуры. Вучыўся на аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та ў Смаленску (1916—19). Працаваў у Смаленскім дзярж. музеі (да 1941), з 1946 нач. аддзела аховы помнікаў Упраўлення па справах архітэктуры пры СМ Беларусі. Даследаваў помнікі стараж. дойлідства Полацка (Сафійскі сабор, тры Бельчыцкія царквы, 1928; зрабіў графічную рэканструкцыю Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, 1927), Віцебска (абмеры Дабравешчанскай царквы), Смаленска, фрэскавыя размалёўкі ў Полацку, Віцебску, з 1946 — Гродзенскую Барысаглебскую царкву.

Тв.:

Да пытання аб Спасаўскай царкве ў Полацку // Гіст.-археал. зб. Мн., 1927. № 1;

Полацкая архітэктура XI—XII стст. у святле новых даследаванняў // Маладосць. 1991. № 6—8, 10;

Белорусское и смоленское зодчество XI—XIII вв. Мн., 1994.

Літ.:

Воронин Н.Н. И.​М.​Хозеров // Краткие сообщения Ин-та истории материальной культуры АН СССР. М., 1948. Вып. 19: Штыхов Г.В. Древнеполоцкое каменное зодчество // Белорусские древности. Мн., 1967.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 17, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)