КАМЕ́ННЫ ВЕК,

найбольш ранні перыяд у гісторыі чалавецтва, калі прылады рабілі з каменю, дрэва, косці і рогу. Пачаўся 3—2,5 млн. г. назад у Афрыцы і закончыўся ў Еўропе 2,5—1,8 тыс. г. да н.э. Адрозніваюць старажытны К.в. — палеаліт, сярэдні — мезаліт і новы — неаліт. Палеаліт працягваўся больш за 2 млн. гадоў. Традыц. перыядызацыя палеаліту на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) у апошнія дзесяцігоддзі значна змянілася. У раннім палеаліце вылучаюць алдувайскую (2,6 млн. — 700 тыс. г. назад) і ашэльскую (гл. Ашэль, 700 тыс. — 100 тыс. г. назад) эпохі. Ашэльскую ў сваю чаргу падзяляюць на стараж., сярэднюю і познюю. У ніжнім палеаліце найстаражытнейшыя людзі — архантрапы (пітэкантрапы, сінантрапы, гейдэльбергскі чалавек і інш.) карысталіся грубааббітымі галечнымі прыладамі (чоперамі і чопінгамі), займаліся збіральніцтвам і паляваннем. Да сярэдняга палеаліту адносіцца эпоха мусцье (70—35 тыс. г. назад), якая з’яўляецца заключным этапам фарміравання чалавекапалеаантрапа (стараж. чалавек), неандэртальца. Гэтыя людзі ўжо ўмелі будаваць прымітыўнае жыллё, здабываць агонь, вырабляць да 60 тыпаў прылад працы, займаліся паляваннем, выкарыстоўвалі скуры жывёл, каб засцерагчыся ад холаду. Позні палеаліт пачаўся 40—35 тыс. г. назад. Да яго пачатку сфарміраваўся чалавек сучаснага віду — краманьёнец. У гэты час паступова ўдасканальвалася апрацоўка крэменю, значна пашырыўся асартымент прылад працы (да 100 тыпаў), пачалі шырока ўжывацца вырабы з косці, удасканалілася паляўнічая зброя, адбыліся змены ў фарміраванні радавога ладу, значна павялічылася колькасць насельніцтва, акрамя вял. калектыўных з’явіліся жытлы малых памераў для парных сем’яў. Узніклі прымітыўныя рэлігійныя ўяўленні, рытуал пахавання, развівалася першабытнае мастацтва. Заключная фаза палеаліту прыпадае на канец ледавіковай эпохі (14—11 тыс. г. назад), т.зв. фінальны палеаліт. У гэты час у Еўропе ад Ютландыі да вярхоўяў Дняпра распаўсюдзіліся супольнасці паляўнічых, асновай існавання якіх было паляванне пераважна на паўн. аленя. Пераходны перыяд ад палеаліту да неаліту — мезаліт — у залежнасці ад кліматычных зон працягваўся з 11 тыс. г. да 7 тыс. г. назад. Крамянёвая індустрыя мезаліту адметная наяўнасцю мікралітаў і прылад працы на пласцінах, з’яўляюцца і масіўныя прылады — макраліты. Людзі сталі асвойваць паўн. прасторы, што вызваляліся ад ледавіка. Значную ролю ў жыцці чалавека пачало адыгрываць рыбалоўства, павялічылася колькасць стаянак на берагах рэк. У мезаліце шырока выкарыстоўваліся лук і стрэлы, быў прыручаны сабака, склалася племянная арганізацыя. З 8-га тыс. да н.э. пачынаецца неаліт, спачатку на Блізкім Усходзе, потым у Індакітаі, а з 6-га тыс. да н.э. — у Еўропе. Людзі пачалі займацца земляробствам, вырабляць ляпны посуд, прыручаць буйную рагатую жывёлу, свіней і інш., карыстацца драўлянымі чаўнамі, удасканалілі вытворчасць каменных прылад. У гэты час узніклі прадзенне і ткацтва, больш разнастайнымі сталі вопратка чалавека і ўпрыгожанні, развіваліся шмат якія галіны першабытнага мастацтва (арнаментаванне, аздабленне, гравіроўка на косці, рогу і абпаленай гліне, аб’ёмная скульптура), з’явіліся музычныя інструменты. Пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі і аселасці. Мацярынска-радавы лад дасягнуў свайго апагею.

На Беларусі стаянкі чалавека ўпершыню з’явіліся ў познім палеаліце (Бердыж і Юравічы). Мезаліт тут пачаўся ў 9-м тыс. да н.э. У гэты час у асноўным заселена ўся тэр. сучаснай Беларусі. Фарміраваліся грэнская культура (Грэнск, Дальняе Ляда), днепра-дзяснінская культура (Берагавая Слабада, Краснаўка, Міхайлаўка), сожская культура (Журавель, Горкі Чэрыкаўскага р-на), свідэрская культура (Бабровічы, Опаль, Нобель, Заазер’е), Кунда культура (Замошша, Крумплева), яніславіцкая культура (Беліца-2, Нясілавічы-1), кудлаеўская культура (Азярное-1), помнікі нарачанскага тыпу (Стугалапы, Кусеўшчына). У неаліце (5—2-е тыс. да н.э.) тэр. Беларусі засялялі плямёны днепраданецкай культуры (Юравічы-3—6, Пхоў, Слабодка), верхнедняпроўскай культуры (Лоша-1,2, Цітаў Бугор), нарвенскай культуры (Асавец-2,4; Зацэнне, Сосенка), нёманскай культуры (Добры Бор, Лысая Гара, Русакова-2, Камень-2), тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культуры (Скема-1,2), шарападобных амфар культуры (Краснасельскі, Малыя Ёдкавічы), культуры помнікаў тыпу Бабінавічаў (Бабінавічы-2, Лаўкі, Мяжа-1).

Літ.:

Борисковский П.И. Древнейшее прошлое человечества. 2 изд. Л., 1979;

Елинек Я. Большой иллюстрированный атлас первобытного человека. Прага, 1983;

Палеолит СССР. М., 1984;

Мезолит СССР. М., 1989;

Археалогія Беларусі. Т. 1. Мн., 1997.

І.​М.​Язэпенка.

Каменны век. Востраканечнік і скрэблападобная прылада працы. Знаходкі каля в. Абідавічы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобл.

т. 7, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАМПІ́РЫ (Vampyrum),

род кажаноў сям. амер. лістаносаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы вампір несапраўдны, або вялікі (V. spectrum). Жыве ў дуплах дрэў па 5—6 асобін.

Даўж. цела вампіра вялікага 12,5—13,5 см, размах крылаў 70—75 см, маса 150—200 г. Спіна рыжавата-бурая, бруха святлейшае. Поўсць мяккая. Корміцца пладамі, насякомымі, дробнымі пазваночнымі. Сапраўдныя крывасмокі — кажаны родаў вампіры звычайныя (Desmodus), вампіры белакрылыя (Diaemus) і вампіры махнаногія (Diphylla) сям. вампіравых. Жывуць у пячорах, дуплах дрэў, шахтах, будынках. Жывяцца крывёй птушак і млекакормячых жывёл, радзей чалавека. Вострымі зубамі пракусваюць самую тоўстую скуру і злізваюць кроў з раны. У сліне вампіраў ёсць анестэзійнае і антыкаагуляцыйнае рэчыва, таму раны ад укусаў не баляць і кроў не згусае. Адна асобіна за год выпівае да 7 л крыві. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шаленства.

Вампір вялікі.

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРЫНА́РНАЯ САНІТАРЫ́Я,

галіна ветэрынарыі, якая вывучае і распрацоўвае мерапрыемствы па прадухіленні і ліквідацыі хвароб жывёл і ахове людзей ад узбуджальнікаў інфекцый і інвазій, агульных для чалавека і жывёл. Санітарныя мерапрыемствы па ахове здароўя людзей прадугледжваюць арганізацыю і правядзенне ветэрынарна-санітарнага нагляду ў кансервавай, малочнай, гарбарнай і інш. галінах прам-сці па перапрацоўцы прадукцыі жывёлагадоўлі, а таксама ў месцах захоўвання і продажу гэтых прадуктаў. Санітарныя меры па ахове здароўя жывёл маюць на мэце падтрыманне пэўнага рэжыму ў памяшканнях для жывёл, пры захоўванні і апрацоўцы кармоў, прыбіранні і захоўванні гною, а таксама дэзінфекцыю, прыбіранне трупаў, ахову глебы, вады ад забруджвання. Распрацоўваюцца вет.-сан. мерапрыемствы па прадухіленні антрапазаанозаў, хвароб жывёл у жывёлагадоўчых комплексах, барацьбе з пераносчыкамі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб — членістаногімі, павышэнні сан. якасці прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання.

т. 4, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРСІ́Т (ад лац. bursa сумка + ...іт),

запаленне слізістых сумак суставаў. Найчасцей бывае ў вобласці локцевага, плечавога, каленнага і галёнкаступнёвага суставаў. У чалавека прычыны бурсіту — траўмы, інфекцыі, дыятэз. Пры вострым бурсіце ў вобласці слізістай сумкі з’яўляюцца прыпухласць, ацёчнасць, у сумцы — серозны або гнойны выпат, іншы раз (пры траўматычным бурсіце) кроў. Функцыя сустава пры гэтым абмежаваная, можа павышацца т-ра цела і пагаршацца агульны стан хворага. Пашырэнне запаленчага працэсу на сустаў выклікае артрыт. Хранічны бурсіт найчасцей бывае ў людзей, прафесія якіх звязана з працяглым пастаянным мех. раздражненнем сустаўнай сумкі (у горнарабочых, палацёраў, паркетчыкаў і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычные, у некат. выпадках — хірургічнае. У жывёл (хварэюць найчасцей коні і буйн. раг. жывёла) прычыны ўзнікнення бурсіту — працяглыя мех. раздражненні (ляжанне на цвёрдай падлозе, дрэнна падагнаная збруя і інш.).

т. 3, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДАРЧУ́К (Сяргей Фёдаравіч) (25.9.1920, с. Белазёрка Херсонскай вобл., Украіна — 20.10.1994),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1952). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1948). Яго акцёрскае майстэрства спалучала цэльнасць і выразнасць з тонкай псіхал. прапрацоўкай вобраза, мяккасцю артыстычнай манеры: Тарас Шаўчэнка (аднайм. фільм, Дзярж. прэмія СССР 1952), доктар Дымаў («Скакуха»), Атэла (аднайм. фільм), Карасцялёў («Сярожа») і інш. Як рэжысёр Бандарчук вызначаўся выразнасцю і дакладнасцю канцэпцыі, зладжаным акцёрскім ансамблем. Майстар масавых сцэн. Сярод фільмаў: «Лёс чалавека» (1959, Ленінская прэмія 1960 за рэжысуру і выкананне ролі Андрэя Сакалова), «Вайна і мір» (4 серыі, 1966—67, «Оскар» 1969, роля П’ера Бязухава), «Ватэрлоо» (1970, сав.-італьян.), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975, Дзярж. прэмія Расіі 1977, роля Звягінцава), «Чырвоныя званы» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984), тэлевіз. фільм «Ціхі Дон» (10 серый).

С.Ф.Бандарчук.

т. 2, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГЕ́НЫ [ад анты... + ген(ы)],

складаныя арган. рэчывы, якія пры паступленні ў арганізм чалавека і цеплакроўных жывёл выклікаюць спецыфічную імунную рэакцыю — утварэнне антыцелаў. Уласцівасцямі антыгенаў валодаюць чужародныя для дадзенага арганізма бялкі і поліцукрыды, асабліва высокамалекулярныя. Як антыгены яны могуць быць агульныя для ўсіх асобін пэўнага віду арганізмаў (відавыя антыгены) або толькі для іх часткі (групавыя антыгены). Ступень імунагеннасці антыгенаў, форма і вынік імуннага адказу, які яны выклікаюць (утварэнне антыцелаў, клетачны імунітэт, алергія, талерантнасць), залежаць ад ступені іх чужароднасці (філагенетычнай аддаленасці), хім. прыроды і малекулярнай будовы, дозы і формы ўвядзення ў арганізм і інш. фактараў. Імунная сістэма млекакормячых здольная распазнаваць да 10​6 антыгенаў. Вызначэнне відавой і групавой прыналежнасці антыгенаў выкарыстоўваецца пры ўстанаўленні ступені роднасці арганізмаў, распрацоўцы вакцын і сываратак, пераліванні крыві, перасадках тканак, дыягностыцы хвароб, у суд. медыцыне і інш.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫПЕДАГО́ГІКА,

плынь у педагогіцы, якая грунтуецца на адмаўленні выхавання як мэтанакіраванага працэсу фарміравання асобы. Узнікла ў 1970-я г. ў ЗША і краінах Зах. Еўропы. Яе тэарэтыкі [К.​Берэйтэр (ЗША), М.​Манані (Францыя), А.​Мілер (Швейцарыя), Р.​Шэрэр, Э. фон Браўнмюль, К.​Рутчкі (ФРГ) і інш.] зыходзяць з культ.-антрапал. уяўленняў пра глыбокую раз’яднанасць пакаленняў як непазбежны вынік развіцця сучаснай цывілізацыі, паколькі дарослыя з прычыны хуткіх сац.-культ. змен не могуць перадаць дзецям той тып культуры, які стаў для моладзі рэальнай апорай у жыцці. Прадстаўнікі антыпедагогікі лічаць выхаванне сістэмай траўміруючага кантролю (а то і прамога гвалтавання) над асобай, яно выклікае патагенныя для самасвядомасці асобы працэсы, разбурае псіхічнае здароўе маладога пакалення, якому патрабаванні цывілізацыі не пад сілу. На іх думку, толькі спантаннае фарміраванне чалавека вядзе да гуманізацыі грамадства.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕТЫ́Т (ад лац. appetitus жаданне),

эмацыянальнае выяўленне і адчуванне патрэбы чалавека ў ежы ўвогуле або ў асобных яе відах. У адрозненне ад пачуцця голаду звязаны з прыемнымі эмоцыямі і ўяўленнямі. Адбітак на яго (стымулявальны ўплыў або прыгнечанне) могуць накладваць нац. традыцыі, індывід. прывычкі і прыхільнасці, выгляд, пах, кампаненты, смакавыя якасці і спосабы падачы ежы. Фізіял. аснову апетыту складае ўмеранае ўзбуджэнне пэўных аддзелаў ц. н. с., што суправаджаецца слінацячэннем, выдзяленнем «запаляльнага» стрававальнага соку, узмацненнем перыстальтыкі стрававальна-кішачнага тракту. У аснове расстройстваў апетыту могуць ляжаць парушэнні рэжыму і ўмоў харчавання, рэзкія змены яго звыклага рацыёну, а таксама ўкладу жыцця, фіз. і нерв. ператамленне, захворванні і інш. фактары. У асобных выпадках яны могуць выклікаць поўную адсутнасць апетыту (анарэксія) ці неадольнае жаданне есці (булімія), што сведчыць пра неабходнасць мед. абследавання.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯМА́СА (ад бія... + маса),

агульная маса асобін віду, іх папуляцый, груп ці згуртаванняў (раслін, мікраарганізмаў, жывёл), якая прыпадае на адзінку паверхні або аб’ёму месцапражывання; адзін з важнейшых экалагічных тэрмінаў. Біямасы часцей за ўсё выражаюць у масе сырога або сухога рэчыва (г/м², кг/га, г/м³, кг/м³ і інш.). Біямаса раслін наз. фітамасай, жывёл — заамасай, бактэрый — бактэрыямасай.

Сумарная біямаса сухога арган. рэчыва біясферы складае 85—100∙10​9 т, з якіх фітамасе належыць 97—99%, заамасе — 1—3% (90—95% складаюць беспазваночныя). Для Беларусі агульная біямаса сухога рэчыва жывых арганізмаў складае 2—3∙10​9 т. На паказчыках біямасы грунтуюцца ўсе разлікі характару і інтэнсіўнасці біялагічнага кругавароту рэчываў. Вызначэнне біямасы выкарыстоўваюць для вывучэння біялагічнай прадукцыйнасці груп арганізмаў, асобных біяцэнозаў і біясферы ў цэлым, пры прагназаванні гасп. дзейнасці чалавека.

т. 3, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕ́ДНАЯ ПАГА́НКА (Amanita phalloides),

мухамор зялёны, белы мухамор, шапкавы базідыяльны грыб сям. мухаморавых. Пашырана ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку пераважна ў зах. і паўд. раёнах. Расце ў свежых і вільготных шыракалістых і мяшаных лясах, у сфагнавых хвойніках з дамешкай бярозы.

Шапка дыям. 5—10 см, званочкавая, пазней пуката-распасцёртая, бледна- або аліўкава-зялёная, радзей белаватая, слізкаватая, укрытая рэдкімі шматкамі. Пласцінкі белыя або ледзь зеленаватыя. Ножка белая, з кольцам у верхняй ч., каля асновы расшыраная накшталт клубня, з адкрытай вольвай (похвай). Утварае мікарызу з лісцевымі дрэвамі. Смяротна ядавіты грыб; мае таксічныя поліпептыды: фалаідзін (смяротная доза для чалавека 0,02—0,03 г), фалаін, α- і β-аманіціны і інш. Нярэдкія выпадкі атручэння з-за памылак пры вызначэнні віду ў час збору грыбоў.

Бледная паганка.

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)